Мужчынскага роду




Дата канвертавання18.11.2017
Памер39.15 Kb.
Род назоўнікаў

Большасць назоўнікаў адносяцца да аднаго з трох родаў: мужчынскага, жаночага ці ніякага. Род вызначаецца па форме адзіночнага ліку, а таксама пры спалучэнні назоўнікаў з прыметнікамі, дзеепрыметнікамі і дзеясловамі ў прошлым часе або ва ўмоўным ладзе.

Да назоўнікаў мужчынскага роду належаць не толькі назоўнікі на зычны (сад, конь, гай), але і некаторыя назоўнікі на –а (дзядзька, хлапчына, Мікола); словы з суфіксамі суб’ектыўнай ацэнкі на (ваўчара, вятрыска, верабейка); нескланяльныя запазычанні, што абазначаюць асобаў мужчынскага полу і многіх жывёлаў (круп’е, аташэ, кенгуру, какаду), а таксама іншамоўныя нескланяльныя назвы гарадоў і штатаў (Чыкага, Кентукі).

Да назоўнікаў жаночага роду адносяць словы на –а/-я (гара, песня) і на зычны (рэч, столь); нескланяльныя запазычанні, што абазначаюць асобаў жаночага полу і жаночыя імёны (мадам, фрокен, Сюзан, Агнэс), а таксама іншамоўныя нескланяльныя назвы краін, рэк, гор, пустынь (Перу, Чылі, Місуры, Ай-Петры, Гобі).

Да назоўнікаў ніякага роду належаць словы на –о/-а, -е (акно, мора, поле), у тым ліку назвы маладых істотаў на –е (-ё) (шчаня / шчанё); словы на –мя (імя, полымя); большасць нескланяльных неадушаўлёных назоўнікаў іншамоўнага паходжання (таксі, манто, фота); нязменныя назвы азёраў (Кома, Антарыа).

Значная частка асабовых назоўнікаў маюць формы і мужчынскага, і жаночага роду (дырэктар – дырэктарка, сакратар – сакратарка, доктар – доктарка).

Існуюць таксама назоўнікі агульнага роду, то бок іх род залежыць ад полу асобы, якую яны называюць (малы няўмека і малая няўмека).

У нашай мове існуе пэўная колькасць варыянтных родавых формаў назоўнікаў: клавіш і клавіша, замша і замш, зала і зал.

У беларускай мове ў выніку інтэрферэнцыі з рускай назіраецца памылковае ўжыванне назоўнікаў у неадпаведным родзе (яблыка замест яблык, злая сабака замест злы сабака). Трэба запомніць, напрыклад, што назвы маладых істотаў у нас належаць не да мужчынскага, а да ніякага роду: кацяня / кацянё (а не кацёнак); многія назоўнікі на зычны традыцыйна адносяцца да мужчынскага, а не да жаночага роду (густы пыл, доўгі цень, а не густая пыль, доўгая цень).

Заданне

Перакладзіце на беларускую мову:

Вкусная баранка – смачны абаранак

Летний опенок – летняя апенька

Охапка дров – ахапак дроваў

Левая бровь – левае брыво

Старый ватник – старая ватоўка

Сильная гарь – моцны гар

Свежий глицерин – свежая гліцэрына

Царский жезл – царскае жазло

Высокий потолок – высокая столь

Пятнистый жираф – плямістая жырафа

Древняя иконопись – старажытны іканапіс

Дубовый комод – дубовая камода

Зелёный салат – зялёная салата і зялёны салат

Лошадиное копто – конскі капыт

Белый лотос – белая лотаць

Болезненная мозоль – балючы мазоль

Весенний паводок – веснавая паводка

Душистый пион – духмяная півоня

Неуверенная поступь – няўпэўнены поступ

Маленький птенец – малое птушаня / птушанё

Полевая ромашка – палявы рамонак

Большая прыть – вялікі спрыт

Тонкий стебель – тонкае сцябло

Молодой тополь – маладая таполя і малады топаль

Грубый шов – грубае шво

Пустое шоссе – пустая шаша

Свежий щавель – свежае шчаўе

Новая туфля – новы туфель

Рыжий бельчонок – рыжае / рудое ваверчаня / ваверчанё

Крепкий табак – крэпкая / моцная табака (тытунь)

Солдатская шинель – салдацкі шынель

Черная тушь – чорная туш

Ценная медаль – каштоўны медаль

Крошечный хорек – маленькае тхараня / тхаранё
Красная гвоздика – чырвоны гваздзік

Дзіця кабылы – жарабя/ё

Дзіця каровы – цяля/ё

Дзіця авечкі – ягня/ё

Дзіця казы – казляня/ё

Дзіця свінні – парася/ё

Дзіця сабакі – шчаня/ё

Дзіця коткі – кацяня/ё

Дзіця курыцы – кураня/ё

Дзіця гусі – гусяня/ё

Дзіця птушкі – птушаня/ё

Дзіця голуба – галубяня/ё

Дзіця страўса – страўсяня/ё

Дзіця ваўка – ваўчаня/ё

Дзіця лісы – лісяня/ё

Дзіця мядзведзя – мядзведзяня/ё

Дзіця індычкі – індычаня/ё

Дзіця вавёркі – ваверчаня/ё

Дзіця мышы – мышаня/ё

Дзіця жабы – жабяня/ё

Дзіця качкі – качаня/ё

Дзіця вожыка – важаня/ё

Дзіця труса – трусяня/ё

Дзіця льва – ільвяня/ё

Дзіця тыгра – тыграня/ё

Дзяця слана – сланяня/ё

Дзіця жырафы – жырафяня/ё

Дзіця зубра – зубраня/ё



Дзіця ластаўкі – ластаўчаня/ё


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка