Музыка вясна маёй душы




Дата канвертавання14.02.2017
Памер60.29 Kb.
ЯНІНА ЖАБКО: "МУЗЫКА -- ВЯСНА МАЁЙ ДУШЫ"

Паэт, кампазітар, педагог. Педагог па прызванні, па закліку душы і сэрца. I цудоўны чалавек. Менавіта скажа кожны, хто знаёмы з Янінай Георгіеўнай Жабко.

Трыццаць пяць гадоў аддадзена педагагічнай працы, з іх дваццаць, на пасадзе музычнага кіраўніка ясляў-сада № 279 г. Мінска.

У творчым багажы -- вершы, песні, выдадзена некалькі зборнікаў песень. Падрыхтаваны да друку зборнік вершаў, песень, танцаў, інструментальных твораў, гульняў і карагодаў "А музыка в тебе, березовый мой край", які хутка ўбачыць свет.

Яніна Георгіеўна часты госць нашай рэдакцыі. Што ні сустрэча з калектывам "Пралеска", то абавязкова на рэдакцыйным стале, а потым і ў часопісе -- новыя песні Яніны Георгіеўны. А нядаўна і я стаў яе госцем.

-- 3 якіх жа крыніц чэрпаеце натхненне на творчасць, на прыгажосць, на хараство зямное? -- з гэтага пытання і пачалася наша размова ў кватэры Яніны Георгіеўны, дзе кожны куточак жыве і свеціцца прыгожымі эцюдамі, пейзажамі, вышытымі пано, вырабамі з чаканкі... Такая магія мастацтва, такая аўра дабрыні чалавечай...

-- Гэта, відаць, з дзяцінства, ад бацькоў. Яны любілі жыццё і радаваліся яму. I гэтая радасць, жыццёвы аптымізм, давалі нам, дзецям -- а нас было шасцёра -- той асаблівы настрой, які б я назвала шчасцем.

Нарадзілася я ў сяле Вяляцічы Барысаўскага раёна. Бацька, заслужаны настаўнік БССР Георгій Сямёнавіч Шыёнак, 30 гадоў працаваў дырэктарам Вяляціцкай школы, выкладаў гісторыю. У гады Вялікай Айчыннай ён першым пайшоў ваяваць на фронт. Вярнуўся з вайны з узнагародамі. Мама, Леакадзія Баляславаўна -- таксама працавала настаўніцай. Мае бацькі любілі спяваць, умелі граць на розных музычных інструментах, хоць і не ведалі нотнай граматы. У доме былі балалайка, акардэон, гітара. Прыходзіў вольны час, і ўвесь наш дом, уся наша сям'я жылі Музыкай. Бацькі гралі, спявалі, мы падпявалі ім... Уяўляеце, якія ў нас былі музычныя вечары?! Светлыя, цудоўныя, напоўненыя яркімі фарбамі жыцця...



Зярняткі дабрыні

Чуў я пра крыніцу шчасця,

Піў з крынічанькі ваду.

Пра яшчэ адну крынічку

Я размову павяду.
А крынічка гэта побач --

Незвычайнай глыбіні.

У сэрцы роднай мне матулі

Ёсць крынічка дабрыні.


Дабрыня матулі грэе,

Нібы сонейка цяпло.

Мне з матуляю ніколі

Яшчэ сумна не было.


Побач з ёю так утульна,

3 ёй бяседу я вяду.

Кожнай раніцай з матуляй

Я ў садзік свой іду.


I калі мяне пахваляць --

Я скажу вам без хлусні:

Кінула матуля ў сэрца

Мне зярняткі дабрыні.

Пасля дзесяці класаў я паступіла ў Барысаўскае педагагічнае вучылішча. Вучылася, спявала ў хоры пры гарадскім доме культуры. Пасля заканчэння вучылішча пайшла працаваць у школу настаўніцай спеваў.

Потым выйшла замуж, мы пераехалі ў Мінск. У нас нарадзіліся дзеці -- Людміла і Аляксандр. Працавала настаўніцай у школе, выхавальнікам у дзіцячым садзе. Мяне так апанавала музыка, што я ў свае трыццаць гадоў заканчвала вячэрнюю музычную школу па класу фартэпіяна. Вы скажаце: "позна". Не, ніколі не позна авалодаць тым, аб чым марыш з самага дзяцінства... Потым паступіла ў Маскоўскі завочны універсітэт мастацтваў на дырыжорска-харавое аддзяленне.

Так, музыка стала маёй прафесіяй. 3 1972 года доўгі час я працавала музычным кіраўніком ясляў-сада № 279 Мінскай скургалантэрэйнай фабрыкі імя Куйбышава. Цяпер, пасля выхаду на пенсію, цесна супрацоўнічаю з Мінскай дзяржаўнай дзіцячай філармоніяй: пішу сцэнарыі, вершы, песні.

-- Вершы, песні, творчасць... Яны вакол вас, Яніна Георгіеўна. Што рухае вамі, калі вы складаеце вершаваныя радкі, падыходзіце да фартэпіяна, кранаецеся клавіш, здабываеце гэтыя чароўныя гукі?

-- Рухае любоў да жыцця, да дзяцей, улюбёнасць у сваю родную Беларусь, у яе працавітых людзей, у яе цудоўную прыроду.

Для мяне, здаецца, дзень пройдзе дарэмна, калі я не сустрэну ўсход сонца. Устаю ў той ранні час, калі ўзыходзіць сонца, падыходжу да акна, за якім столькі зямной прыгажосці, адчыняю яго... Узыходзіць сонейка, свежы ветрык лашчыць твар, і недзе з душы, з сэрца выплываюць вершаваныя радкі, і ўжо нешта светлае нараджаецца:



Куточак зямлі

Куточак зямлі, дзе бярозкі шумяць,

Дзе ясныя зоркі ў азёры глядзяць,

Дзе клёкат бусліны нам песняй гучыць --

Куточак зямлі, як цябе не любіць?!

Куточак зямлі, на якой мы жывём, --

Ласкава цябе Беларуссю завём.

Куточак зямлі, дзе прыгожа пяюць,

Дзе вельмі гасцінныя людзі жывуць.

У добрых вачах -- васільковая сінь,

Куточак зямлі, ты ў ліку святынь!

Мы лёсам адзіным з табою жывём,

Ласкава цябе Беларуссю завём.

Ну, а калі ўдаюцца вершы, атрымліваецца і добрая музыка. Я лічу, што вельмі многае ў песні залежыць ад паэзіі. Паэзія... Яна кранае струны душы. Так нараджаецца мелодыя, а з ёю і песня.

-- Што вы любіце яшчэ, акрамя музыкі?

-- Мне ўсё хочацца рабіць сваімі рукамі. Як бачыце, люблю маляваць, шыць, вышываць, плясці з саломкі, няблага асвоіла і чаканку на метале. Трэба любіць тое, што робіш, і тады любая праца можа ўзвысіцца да творчасці.

-- Творчасць для вас?

-- Творчасць для мяне -- гэта ўсё жыццё. Нават уявіць сябе не магу без маіх любімых спраў, без творчасці. Тым больш цяпер, калі выраслі дзеці, падраслі ўнукі. Куды ж можна дзець сябе? Гэта, відаць, нейкае добраахвотнае і прыемнае рабства, якое, -- і гэта скажу чэсна, -- забірае вельмі многа сіл, энергіі, здароўя. Ужо ў каторы раз збіраюся сказаць "стоп, хопіць", нібы хачу перакрыць кісларод да сваёй творчасці, ажно не, не атрымліваецца. Гэта патрэба душы. Я не ўяўляю сваё жыццё без творчасці. Яна дае аптымізм жыццю, напаўняе яго фарбамі радасці, прыгажосці.

-- За апошні час вы, Яніна Георгіеўна, напісалі шмат песень, сцэнарыяў, не пакідаеце паэзію, жывапіс. Адкуль бяруцца сілы і час, каб усё гэта зрабіць?

-- Не ведаю... Відаць, усё гэта, што мы і завём творчасцю, і дае мне сілы. Я вельмі ўлюбёна ў жыцццё людзей. Многае дае і прырода. Яна як бы жывіць нас сваімі чарамі, сваім хараством. Нездарма ж аднойчы так сказаў вялікі Чайкоўскі: "Восторг от созерцания, природы выше, чем от искусства".

Цяпер -- восень, самая любая мая пара... Звычайна гэты час года больш падабаецца людзям сталым пажылога ўзросту. А я люблю яе з дзяцінства: і залатую коўдру лісця, і срэбра бярозак, і чырвоныя гронкі рабін, і асаблівы, восеньскі блакіт азёр... Багацце фарбаў, засынаючая прырода так кранае душу, што я гатова пакланіцца кожнаму дрэўцу, кожнаму адгараючаму лістку. Дзякуй табе, восень! За натхненне, за настрой на творчасць.

Залатая казка

Нам гасцінна дзверы

Восень адчыняе.

У залатую казку

Ветла запрашае.

У яе садочку

Яблыкі паспелі.

Пацеркі рабінкі

Зноў зачырванелі.

Косы залацяцца

У вярбы над рэчкай,

I макушка клёна

Палымнее свечкай.

Казку шые восень

Срэбнай павуцінкай.

Мы ідзём у казку

Залатой сцяжынкай...

-- Што б вы хацелі сказаць калегам па працы, музычным кіраўнікам, педагогам?



-- Любіце дзяцей. Дарыце ім сваю фантазію, сваю ўсмешку, вучыце быць добрымі. I -- творча мысліце, творча працуйце.

Гутарку вёў Леанід КЛЫШКО


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка