Н. Б. Рашэтнікава (Мінск) фарміраванне камунікатыўнай кампетэнцыі ў вучняў у працэсе ўрока-дыялога




Дата канвертавання08.03.2017
Памер80.29 Kb.
Н. Б. Рашэтнікава (Мінск)
ФАРМІРАВАННЕ КАМУНІКАТЫЎНАЙ КАМПЕТЭНЦЫІ

Ў ВУЧНЯЎ У ПРАЦЭСЕ ЎРОКА-ДЫЯЛОГА

ПА БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ
Адна з цэнтральных задач навучання беларускай літаратуры ў сярэдняй школе – фарміраванне камунікатыўнай кампетэнцыі ў вучняў. Вядома, што на ўроках літаратуры школьнікі не толькі набываюць веды, у іх фарміруюцца ўменні і навыкі, сярод якіх значнае месца належыць здольнасцям да маўленчай дзейнасці ў адпаведнасці з вырашэннем камунікатыўных задач: разумець мастацкі тэкст і інтэрпрэтаваць яго.

У методыцы выкладання літаратуры і ў практыцы навучання прадуктыўным шляхам фарміравання камунікатыўнай кампетэнцыі з’яўляюцца падрыхтоўка і правядзенне ўрока-дыялога. У аснове работы на ўроку вышэйназванай формы – вучэбны дыялог, прырода якога – "герменеўтычныя прыгоды", таму што ўспрыманне чытачом мастацкага тэксту вызначаецца і эмацыйным дыяпазонам разнастайных варыянтаў першаснага разумення твора, і, такім чынам, прадвызначаецца школьны аналіз твора.

З мэтаю раскрыцця працэсу фарміравання камунікатыўнай кампетэнцыі ў вучняў на ўроку-дыялогу разгледзім форму падобнага урока.

Урок-дыялог заўсёды варыятыўны, бо неабходнасць вырашэння вучэбных задач змушае настаўнікаў-славеснікаў звярнуцца да адпаведных метадаў і прыёмаў работы. Але яго вызначае адна і тая ж форма пабудовы, дзе ў падмурку ляжыць сістэма пытанняў і адказаў, што характэрна і для ўрока-гутаркі, урока-дыспута і інш. Аднак, у адрозненне ад іншых форм, урок-дыялог мае "герменеўтычнае кола", якое распачынаецца з этапа "здзіўленне" і завяршаецца асэнсаваннем розных сэнсавых узроўняў мастацкай рэчаіснасці на этапе інтэрпрэтацыі. Пажадана, каб на ўроку адбыўся герменеўтычны скачок, які б дазволіў педагогу перавесці вучэбны дыялог са знешняга ўзроўню на ўнутраны.

Пры падрыхтоўцы да ўрока-дыялога патрэбна ўлічваць правілы адбору мастацкага тэксту, таму што эфектыўнасць урока залежыць і ад структурна-сэнсавых асаблівасцей мастацкага твора: дыялог можа быць такім жа цікавым, як і сюжэт літаратурнага твора. Так, на ўроку літаратуры ў 5 класе па казцы Р. Р. Толкіена "Хобіт" (прапануем асэнсаванне сценаграмы ўрока-дыялога, змешчанага ў кнізе С. П. Лаўлінскага, што наглядна паказвае наша разуменне падобнай формы ўрока) [1, с. 253] сюжэт па-сапраўднаму захапіў вучняў. Урок праводзіўся па тэме "Геаграфічная прыгодніцкая аповесць-казка", на заключным этапе ўрока школьнікамі быў эксплікаваны мастацкі сэнс твора.

Падкрэслім асноўныя этапы ўрока-дыялога. На пачатку работы вучням было прапанавана пытанне: што вам больш за ўсё спадабалася ў прачытанай казцы англійскага пісьменніка? Пазней, у выніку аналітычнай гутаркі, вучні адзначылі, што самае цікавае і ёсць самае таямнічае. Акрамя вышэйназванага, былі пастаўлены іншыя пытанні: чаму казка так пабудавана: нібы ў рыфму? Чаму мы не заўсёды здагадваліся, што адбудзецца з героем у наступную хвіліну? Чаму галоўны герой Більба Бегінс такі: у ім няма нічога гераічнага, а ён усё роўна здзяйсняе подзвігі (іншых спрабуе выратаваць і амаль заўсёды ратуе)?

Пытанні-здзіўленне вызначылі мэту "падарожжа да сэнсу" і стратэгію вучэбнай дзейнасці, а таксама асноўныя загадкі "Хобіта": загадка сюжэта і загадка галоўнага героя. Звязаныя адна з другою загадкі з’яўляюцца, па сутнасці, пачаткам работы над аналізам мастацкага твора.

Наступны этап дзейнасці школьнікаў на ўроку-дыялогу – асэнсаванне тэксту казкі. "Рыфма падзей" падштурхнула педагога да думкі: даць заданне пяцікласнікам – прасачыць, наколькі часта паўтараюцца ў казцы паядынкі галоўнага героя з сіламі зла. Так школьнікі былі ўключаны ў аналіз "унутранага свету" твора. Герменеўтычны скачок у свядомасці вучняў адбыўся ўжо пасля асэнсавання школьнікамі першай сустрэчы Більба Бегінса з ворагамі. Пяцікласнікі здагадаліся, што сюжэт казкі пабудаваны такім чынам, што кожны паядынак галоўнага героя з ворагамі не проста "рыфмуецца" з папярэднімі, а ў дадатак паступова ўскладняецца.

Аналізуючы адзначаныя падзеі, пяцікласнікі набліжаліся паступова да разумення апошняга, пятага па ліку паядынка: супрацьстаяння Більба Бегінса і мага Торына. У выніку эксплікацыі законаў сюжэтнай "рыфмы" аказалася, што падобны шлях аналізу мастацкага тэксту дае магчымасць вучням лепш зразумець галоўнага героя і сэнс яго падарожжа, таму што аналіз сувязі паміж падзеямі дазваляе ўбачыць іх не толькі ў "гарызантальнай" плоскасці казачна-геаграфічнай прасторы, але і ў "вертыкальнай" плоскасці "ўнутранай" прасторы твора, дзе адбываецца працэс самавызначэння "негераічнай асобы, якая здзяйсняе гераічныя ўчынкі", як напісаў пяцікласнік.

Аналітычная дзейнасць падлеткаў на ўроку-дыялогу дастаткова складаная, што і садзейнічае ў выніку літаратурнаму развіццю школьнікаў. Так, напрыклад, аналізуючы казку "Хобіт", пяцікласнікі заўважылі, што ў творы падрабязна апісваюцца паядынкі і што падобных апісанняў няма ў фальклорных казках. Наступны этап назіранняў: параўнанне сюжэтнай пабудовы "Хобіта" з літаратурнымі казкамі, якія школьнікі вывучалі на папярэдніх уроках. Так у вучэбным дыялогу ўзнікае "сэнсавая пятля", якая скіроўвае вучня на новым этапе да мінулых кантэкстаў. Пяцікласнікі адзначаюць, напрыклад, што ў "Снежнай каралеве" Андэрсана некаторыя месцы ў казцы (Лапландыя, да прыкладу) – гэта месцы, якія ёсць на зямлі, а ў "Хобіце" геаграфічныя месцы, нібы чароўныя.

Такім чынам, школьнікі наблізіліся да разумення своеасаблівасці жанру казкі Толкіена і нават прапанавалі вызначыць жанр твора наступным чынам: геаграфічная літаратурная казка.

Наступны этап работы над тэкстам – актуалізацыя работы над цэнтральным звяном сюжэта: экстэрнарызацыя разумення падлеткамі цыклічнасці падарожжа галоўнага героя казкі ў "чужы" свет і вяртанне.

Вучні ўбачылі трансфармацыю традыцыйнай казачнай сюжэтнай схемы, параўналі казку "Хобіт" з іншымі літаратурнымі казкамі, малявалі сюжэтныя карты падарожжа героя ў прасторы Сяродзем’я і ў выніку вызначылі каштоўнасную арыентацыю галоўнага героя. Інтэрпрэтацыя асобных эпізодаў аповесці-казкі здзяйснялася ў невялікіх паведамленнях школьнікаў і асобных рэпліках, што сведчыць пра актыўную дзейнасць вучняў на ўроку. Праробленая на гэтым этапе дыялога аналітычная работа паглыбіла ўяўленні школьнікаў пра арганізацыю казачнай прасторы, пабудову сюжэта і функцыі літаратурных герояў.

Заключны этап урока – абагульняльны, на ім вызначаецца ідэя твора. У нечым на гэтым этапе дапамагае сам пісьменнік, які падкрэсліваў у сваім эсэ (яго можна франментарна зачытаць на ўроку), што патрэбна апынуцца ў прыдуманым, "паралельным свеце", паколькі там і ёсць асаблівая загадка, разгадаць якую неабходна, каб зразумець свет, што акаляе цябе. У сваіх інтэрпрэтацыях вучні апавядалі гісторыю лёсу героя паміж Домам і Дарогаю, падкрэслівалі, што мужнасць і адвага слабога Більба Бегінса тлумачыцца імкненнем героя да справядлівасці і свабоды.

Урок-дыялог, як адзначалася вышэй, варыятыўны, і яго задачы ўскладняюцца ў працэсе школьнай літаратурнай адукацыі. Як і кожная значная падзея ў навучанні, ён праводзіцца тады, калі вучням складана вызначыць аўтарскую пазіцыю, зразумець мастацкую значнасць твора. Такім творам, на наш погляд, з’яўляецца выдатная паэма Якуба Коласа "Новая зямля", якая прапануецца для вывучэння, згодна са школьнай праграмай, у ІХ класе.

На вывучэнне мастацкага шэдэўра, якім з’яўляецца паэма "Новая зямля", адводзіцца 2 гадзіны па прапанове настаўніка, таму што ў праграме вызначана тэма "Якуб Колас", на азнаямленне з якой адведзена 6 гадзін і шэсць твораў, дзе, акрамя "Новай зямлі", прапануецца аповесць "У палескай глушы" з трылогіі Якуба Коласа "На ростанях".

Такім чынам, 2 гадзіны – гэта максімальная колькасць вучэбнага часу на вывучэнне паэмы "Новая зямля". Акрамя таго, у школьнай праграме ёсць і недакладнасць: не вызначаны раздзелы з паэмы для тэкставага вывучэння. Адсюль магчымае выйсце – некаторыя раздзелы вывучаць тэкстава, а астатнія – аглядава. Гэта і ёсць выбарачна накіраваны школьны аналіз твора.

Для таго, каб работа над паэмай "Новая зямля" стала значным творчым імпульсам для далейшага азнаямлення з выдатным творам, можна звярнуцца да ўжо апісанай папярэдне формы работы – да ўрока-дыялога.

На пачатку ўрока можна прапанаваць вучням вызначыць асноўную думку першага раздзела паэмы "Леснікова пасада", таму што на ўроку-дыялогу гутарка пойдзе пра аўтарскую пазіцыю ў творы, фактычна настаўнік не мае выбару, бо трэба вызначыць асноўнае ў паэме. Ідэя твора, якая і з’яўляецца выражэннем аўтарскай пазіцыі, не ляжыць у гэтым сапраўдным паэтычным эпасе на паверхні. Таму пажадана, каб на першым уроку ўжо быў вызначаны хранатоп паэмы: шлях паміж жыццём рэальным і ўяўным.

Наступны этап дзейнасці школьнікаў – работа на ўроку-дыялогу над тэкстам паэмы "Новая зямля", у прыватнасці над раздзелам "Леснікова пасада". Раздзел прысвечаны родным мясцінам, успамінам дзяцінства, роздуму пра "законы, жыццём напісаныя":


Мой родны кут, як ты мне мілы!

Забыць цябе не маю сілы!

Не раз, утомлены дарогай,

Жыццём вясны мае убогай,

К табе я ў думках залятаю

І там душою спачываю.

О, як бы я хацеў спачатку

Дарогу жыцця па парадку

Прайсці яшчэ раз, азірнуцца,

Сабраць з дарог каменні тыя,

Што губяць сілы маладыя, –

К вясне б маёй хацеў вярнуцца [2, с. 6].


З успамінаў пра родны кут і пачынаецца глыбокая плынь перажытага, дзе карціны народнага побыту і працы мяжуюцца з марамі і спадзяваннямі беларуса. Якуб Колас у паэме "Новая зямля" здолеў зазірнуць у душу народа і адлюстраваць народнае светаўяўленне і светаадчуванне.

Энцыклапедыя з жыцця беларускага сялянства пачатку ХХ стагоддзя, як было прынята ў айчынным літаратуразнаўстве вызначаць гэтую паэму Якуба Коласа, надзвычай прывязана да фактаў з жыцця пісьменніка, больш таго, твор унікальны тым, што мастак слова не змяняе імёны бацькоў, братоў, сваякоў. Адсюль аб’ёмныя карціны побыту сям’і, апаэтызаваныя Якубам Коласам, узяць хоць бы апісанне сядзібы лесніка, дзе прайшло маленства паэта:


Вось як цяпер, перада мною

Ўстае куточак той прыгожы,

Крынічкі вузенькае ложа

І елка ў пары з хваіною,

Абняўшысь цесна над вадою,

Як маладыя ў час кахання,

У апошні вечар расставання.

І бачу лес я каля хаты,

Дзе колісь весела дзяўчаты

Спявалі песні дружным хорам,

З работ ідучы позна борам [2, с. 6–7].
Пытанні, з якімі настаўнік выходзіць да вучняў, павінны звяртаць увагу школьнікаў на неадпаведнасць паміж вызначэннем галоўнай думкі твора пісьменнікам і сапраўднай значнасці паэмы "Новая зямля", якая нашмат глыбей і шырэй уздымае праблемы "быцця і небыцця", чым гэта абазначана ў артыкуле "Ад аўтара", які таксама чытаецца і аналізуецца на ўроку-дыялогу:

"Паэма "Новая зямля" з яе асноўным мэтаімкненнем бясспрэчна гучыць дысанансам нашай эпосе, эпосе пабудовы сацыялізму, эпосе калектыўнай працы. Тэндэнцыі ўласніцтва, паложаныя ў аснову паэмы, асабліва выпінаюцца на фоне калгаснага будаўніцтва сённяшняга дня" [2, с. 332].

Пытанні-здзіўленне, несупадзенне ва ўспрыманні твора сёння і ў пачатку 20-х гадоў ХХ стагоддзя (твор завершаны Якубам Коласам і надрукаваны ў 1923 годзе) – аналітычная работа дзевяцікласнікаў, якая прыводзіць іх да эксплікацыі на тэму "Аўтар – герой – час". Час змяняе поглад на твор і адкрывае перад вучнем-чытачом ідэйна-мастацкі змест твора, які, нібы буйныя і глыбокія раны, не даецца проста спазнаць, а вымушае ўвесь час азірацца на яго як на мастацкую вяршыню.

Такім чынам, прапанаваная форма ўрока-дыялога садзейнічае як фарміраванню аналітычных чытацкіх уменняў у вучняў, так і забеспячэнню іх камунікатыўнай кампетэнцыі, што праяўляецца ў здольнасці школьнікаў да зносін, адэкватных мэтам, сферам, сітуацыям, іх падрыхтаванасці да маўленчага ўзаемадзеяння і ўзаемаразумення, што з’яўляецца адной з найвышэйшых характарыстык моўнай асобы, здольнай і да глыбокага разумення ідэйна-мастацкага зместу твора.


Літаратура:


  1. Лавлинский, С. П. Технология литературного образования. Коммуникативно-деятельный подход / С. П. Лавлинский. – М., 2003.

  2. Колас, Якуб. Збор твораў: у 20 т. / Я. Колас. – Т. 8. Паэма "Новая зямля". – Мінск, 2009.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка