Н. В. Дзенісюк (Мінск) тыпалагічныя асаблівасці беларускага постмадэрнісцкага мастацтва




Дата канвертавання31.01.2017
Памер87.72 Kb.
Н. В. Дзенісюк (Мінск)
ТЫПАЛАГІЧНЫЯ АСАБЛІВАСЦІ БЕЛАРУСКАГА ПОСТМАДЭРНІСЦКАГА МАСТАЦТВА
Кожная нацыя мае свой адметны шлях культурна-гістарычнага развіцця, які, аднак, не з’яўляецца ізаляваным, адасобленым ад агульнай скіраванасці эвалюцыянавання сусветнай культуры. Пэўную мастацка-эстэтычную з’яву варта разглядаць не толькі ў межах уласна нацыянальнай культурнай сітуацыі, але і ў кантэксце іншых культур, што засведчылі сваю гістарычную ці ідэйна-мастацкую блізкасць. Праз супастаўленне і параўнанне розных нацыянальна-культурных дыскурсаў можна акрэсліць агульныя тэндэнцыі літаратурнага працэсу і вылучыць рэгіянальныя асаблівасці той або іншай мастацка-эстэтычнай сістэмы светабачання.

Аналіз здабыткаў беларускай літаратуры апошняга дзесяцігоддзя засведчыў з’яўленне новага тыпу мастацкага мыслення, на фармаванне якога не ў малой ступені паўплываў постмадэрнізм як адметная сістэма мастацка-эстэтычных і навуковых поглядаў на свет, што выявіла сябе ў заходнееўрапейскай культуры і філасофіі ў другой палове ХХ стагоддзя. Сучасныя пісьменнікі ўсё часцей адмаўляюцца ад традыцыйных спосабаў адлюстравання рэчаіснасці і свядома альбо інтуітыўна звяртаюцца ў сваёй творчасці да літаратурных прыёмаў, вобразна-выяўленчых сродкаў, стылістычных і сінтаксічных фігур, уласцівых паэтыцы постмадэрнізму. Сярод вызначальных тыпалагічных прыкмет постмадэрнісцкага мастацтва найчасцей называюць: інтэртэкс-туальнасць, цытатнасць, іронію, пародыю, наяўнасць кампанента гульні, жанрава-стылёвы сінкрэтызм, апеляцыю да розных мастацка-гістарычных эпох, напрамкаў, тэатральнасць альбо візуальнасць уласна аўтарскай ці калектыўнай творчасці, узаемадзеянне са сродкамі масавай інфармацыі і г. д.



У беларускай літаратуры постмадэрнізм пачаў складвацца на мяжы 1980 — 1990-х гадоў і быў абумоўлены грамадска-палітычнымі падзеямі, выйсцем краіны з культурнай ізаляцыі, а таксама крызісам эстэтыкі сацыялістычнага рэалізму. Мастацтва, якое на працягу васьмідзесяці год задавальняла ідэйна-эстэтычныя патрэбы насельнікаў СССР, выявілася неадпаведным новай сацыяльна-культурнай сітуацыі, што склалася ў постсавецкіх краінах пасля знікнення адзінай цэнтралізаванай дзяржавы. Вакуум альтэрнатыўнага мастацтва запоўніў добра ўжо вядомы ў Еўропе постмадэрнізм, які найлепш перадаваў адчуванне крызіснасці папярэдняй эпохі і няпэўнасці новага часу, нестабільнасці і неўпарадкаванасці свету.

У адрозненне ад рускага постмадэрнізму, станаўленне якога адбывалася ва ўмовах “глыбокага” андэграунду, г. зн. падпольнай апазіцыі да афіцыйнага сацрэалістычнага мастацтва, беларускі постмадэрнізм не спазнаў вымушанай “партызаншчыны” на этапе свайго станаўлення і з’явіўся на змену сацрэалізму як альтэрнатыўны, а не супрацьпастаўлены спосаб мастацкага бачання свету. Калі ў Расіі постмадэрнізм складваўся даволі працяглы час і прайшоў у сваім развіцці тры стадыі: “а) канец 1960 — 1970-х (перыяд станаўлення), б) канец 1970 — 1980-х (перыяд сцвярджэння ў якасці літаратурнага напрамку), в) сярэдзіна 1980 — 1990-я гады ХХ ст. (перыяд легалізацыі)” [1, с. 71], — дык на Беларусі постмадэрнізм абвясціў пра сябе на пачатку 1990-х і выявіўся раптоўным, нечаканым для кансерватыўнай, непадрыхтаванай чытацкай аўдыторыі, выхаванай пераважна на ўзорах рускай класікі і творах сацыялістычнага рэалізму.

Заходнееўрапейскі постмадэрнізм пераасэнсоўваў ідэі мадэрнізму, часта аспрэчваючы яго эстэтыку, у той час як рускае постмадэрнісцкае мастацтва прагна ўспрымала дысідэнцкія здабыткі ўласнага мадэрнізму, наследуючы і развіваючы лепшыя яго традыцыі. У беларускай літаратуры (гэтаксама як і ва ўкраінскай) назіраецца “значная часавая “перапыненасць”, перарыўнасць з мастацтвам мадэрнізму” [2, с. 13], які своечасова не склаўся ў паўнавартасны напрамак. Таму сёння па прычыне паскоранага развіцця беларускай літаратуры адбываецца адначасовае станаўленне мадэрнісцкай і постмадэрнісцкай культурных парадыгмаў, іх узаемапранікненне і ўзаемадзеянне. Невыпадкова ў прасторы аднаго твора арганічна спалучаюцца прыкметы пост-мадэрнізму і экзістэнцыялізму, соц-арту і тэатру абсурду, шызарэалізму і сюррэалізму і г. д.

Тое, што постмадэрнізм ва ўсходнееўрапейскіх краінах прыйшоў на змену сацрэалізму, вызначыла яго адметнасць і дало магчымасць даследчыкам супрацьпаставіць постмадэрнізм заходняга і ўсходняга тыпаў. Адным з асноўных аб’ектаў дэканструкцыі ва ўсходнееўрапейскіх постмадэрністаў становіцца моўны матэрыял сацыялістычнага рэалізму і стэрэатыпы калектыўнага мыслення савецкіх людзей, а таксама класічная літаратура ХVІІІ — ХІХ стагоддзяў.

Узрошчаны на еўрапейскай традыцыі і паводле замежных тэхналогіяў, беларускі постмадэрнізм сутыкнуўся з шэрагам цяжкасцяў, звязаных са спецыфікай нацыянальнай літаратуры і парадаксальнай культурнай сітуацыяй на Беларусі. Беларуская літаратура не мае відавочна шырокага тэкставага поля, прыдатнага для постмадэрнісцкай дэканструкцыі, пераймання. Беларускія літаратары часта звяртаюцца да здабыткаў замежнага мастацтва слова ці ўзораў рускай класікі, адаптуючы іх да ўспрыняцця суайчыннікамі. Нават штампы савецкага мыслення ўзнаўляюцца пераважна ў рускай мове, а пасля абыгрываюцца па-беларуску. З другога боку, цяжкасцю для рэалізацыі тутэйшым постмадэрнізмам сваіх магчымасцяў з’яўляецца недастатковая абазнанасць беларускага чытача ў нацыянальнай літаратуры. Таму невыпадкова матэрыялам для дэканструкцыі становяцца хрэстаматыйныя творы беларускіх класікаў (да прыкладу, верш І. Сідарука “А хто там ня йдзе?”, падпісаны псеўданімам Не-Купала). Вельмі часта нараджэнне постмадэрнісцкага твора абумоўлена не гульнёй тэкстаў, а сённяшняй змрочнай рэчаіснасцю.

Беларускі постмадэрнізм мае пераканаўчыя літаратурна-мастацкія здабыткі, канкрэтныя філасофска-тэарэтычныя распрацоўкі. Відавочна постмадэрнісцкай з’яўляецца творчасць літаратараў моладзевага руху “Бум-Бам-Літ”, якія колькі год таму выйшлі з ББЛ і заснавалі новую літаратурную суполку пад назвай “Schmerzwerk” (“Завод болю”), але не адмовіліся ад прынцыпаў постмадэрнізму. Постмадэрнісцкімі рысамі вызначаецца паэзія Алеся Разанава, Алеся Аркуша, Андрэя Хадановіча, Юрыя Гуменюка, Ігара Сідарука, Ларысы Раманавай, Славаміра Адамовіча, Лявона Вольскага, Анжаліны Дабравольскай, Людкі Сільновай, Ганны Ціханавай, Міхася Баярына, Андрэя Бурсава, Міхася Башуры і інш. Беларускія постмадэрністы ствараюць свае паэтычныя творы праз гульню са словам (цытатай, вытрымкай з напісанага сусветнымі класікамі), разбураючы першапачатковае значэнне намінальнай адзінкі і надаючы ёй у пэўным кантэксце новае, часам нечаканае сэнсавае напаўненне, што найлепей адпавядае вобразнаму выяўленню мастацкага свету паэта. Постмадэрнісцкія прыёмы свядома ці інтуітыўна выкарыстаныя ў прозе В. Казько, А. Казлова, А. Глобуса, В. Мудрова, Б. Пятровіча, Л. Рублеўскай, С. Дубаўца, В. Куртаніч, А. Лукашука, І. Бабкова. У драматургіі прынцыпы постмадэрнізму рэалізуюцца С. Кавалёвым (п’есы “Звар’яцелы Альберт, альбо Прароцтва шляхціца Завальні”, “Стомлены д’ябал”, “Распуснікі ў пастцы”), а таксама М. Адамчыкам і М. Клімковічам у сумесных TV-п’есе “Прывід у Гайцюнішках”, “Vita brevis, або Нагавіцы святога Георгія”, “Чорны квадрат”. Асэнсаванню постмадэрнісцкай праблемы быў прысвечаны асобны нумар культуралагічнага часопіса “ARCHE” (№ 1 за 1999 год). В. Акудовіч, Ю. Барысевіч, С. Мінскевіч ствараюць уласныя постмадэрнісцкія канцэпцыі, пераймаючы, развіваючы ці пераасэнсоўваючы ідэі еўрапейскага постмадэрнізму і іншых філасофскіх напрамкаў і напаўняючы іх “тутэйшым” (нацыянальным, уласна беларускім) зместам, вынаходзячы нешта сваё.

Беларуская літаратура заўсёды выяўляла цесную повязь з традыцыямі народна-смехавой культуры, спрабуючы праз смех глядзець на невясёлы, недасканалы свет, няпростае жыццё чалавека, пазбаўленае часта нават маленькіх радасцяў. Невыпадкова вызначальнымі для беларускага постмадэрнізму становяцца элементы буфанады і сатыры, паэтыкі абсурду і сюррэалізму, амбівалентнасць вобразнай сістэмы, карнава-лізацыя, парадыйнасць, адвольнае абыходжанне з цытатамі, відавочная іронія і гратэск, звядзенне сюжэтнага дзеяння да анектадычнай і абсурднай сітуацыі.

Яўная і прыхаваная цытацыя, парадыйна-іранічнае сутыкненне ў постмадэрновай прасторы розначасовых падзей і персанажаў з несуадносных тэкстуальных плашчыняў, апеляцыя да літаратурнай спадчыны, спалучэнне розных мастацкіх стыляў і жанравых форм (апавяданне В. Мудрова “Нячысьцік у фраку”, раман І. Бабкова “Адам Клакоцкі і ягоныя цені”, дакументальная проза А. Лукашука “У фіялетавай ночы вугал крыла”, “Справа 7991” С. Дубаўца, п’есы М. Адамчыка і М. Клімковіча “Чорны квадрат”, Л. Вольскага “Клятва Гіпакратам” і г. д.) нараджаюць адчуванне гульні. Сапраўды, гульня – любімы занятак постмадэрністаў. Прычым гуляюць яны (В. Жыбуль, Г. Ціханава, А. Бахарэвіч, С. Мінскевіч, А. Бурсаў, С. Патаранскі, Ю. Гумянюк, І. Сідарук, А. Хадановіч, Л. Вашко, І. Бабкоў, В. Мудроў, А. Лукашук, М. Адамчык, М. Клімковіч, В. Гапеева і інш.) з усім, што можа служыць аб’ектам гульні – знакамі, гукамі (літарамі), словамі, сэнсамі, граматычнымі формамі, сінтаксічнымі канструкцыямі, тэкстамі, прычым як сваімі, так і пазычанымі ў іншых аўтараў, жанрамі, літаратурнымі стылямі і г. д., — і ўсімі, хто толькі можа быць уцягнуты ў іх гульню — чытачом, пісьменнікамі “розных часоў і народаў”, літаратурнымі персанажамі, самімі сабой. Гульнёвы прынцып вызначае займальнасць постмадэрнісцкіх тэкстаў, але гэта не выключае іх элітарнасці, філасофскага напаўнення.

Наогул спалучальнасць, на першы погляд, неспалучальнага, супярэч-лівага, разнароднага — характэрная ўласцівасць постмадэрнісцкага мастацтва. Рэалізуецца яна і ў тэхніцы калажа, заснаванай на выкарыстанні пісьменнікам гатовага матэрыялу (тэкстаў афіш, паштовак, вулічных лозунгаў, аб’яваў, інфармацыйных паведамленняў, надпісаў на сценах), а таксама сцёртых выразаў, клішэ, слоўных штампаў, банальнасцяў штодзённай мовы, нецэнзурнай лексікі і г. д. Такім чынам постмадэрнізм апелюе да масавай (постсавецкай) свядомасці, бесперашкодна пранікае ў яе і — знутры разбурае стэрэатыпы калектыўнага мыслення. Постмадэрністы іранізуюць з культурнай абмежаванасці сучаснага чалавека, палемізуюць з масавым (афіцыйным) мастацтвам, выяўляюць непрыязнае стаўленне да мас-медыя як сродку маніпуляцыі чалавечай свядомасцю, адмаўляюць дарэчнасць чалавечага існавання ў таталітарным грамадстве. Прыкладамі такога выкарыстання тэкставага калажа ў беларускай літаратуры з’яўляюцца эсэ-раман Алеся Туровіча “Інфармацыя”, дзе з’яднаныя ў адно цэлае разрозненыя ўрыўкі з разнастайных інфармацыйных паведамленняў; раман-цытата А. Лукашука “1982” і ягоная кніга дакументальнай прозы “У фіялетавай ночы вугал крыла”.

Зыходным матэрыялам для постмадэрністаў можа служыць усё што заўгодна: ад прадметаў побыту да здабыткаў сусветнага мастацтва, адмысловым чынам з’яднаных паводле задумы аўтара ў адзіную кампазіцыю. У гэтым сэнсе паказальныя работы мастака Артура Клінава (“Artur Klinow — Totengreber”). Метамарфозы, што адбываюцца са звыклымі і мілымі сэрцу мастацкімі вобразамі, уражваюць. Аблічча Моны Лізы змяшчаецца ў вядро, і карціна атрымоўвае найменне “Vedro da Vinchi”. Праект “Смачныя кавалкі сусветнай мастацкай спадчыны” складаецца з серыі работ, дзе ў прасторы патэльні выяўленыя аголеныя жаночыя вобразы з карцінаў сусветна вядомых мастакоў. Як ставіцца да такога мантажу –— справа густу і фантазіі кожнага. Прынамсі, аўтар спадзяецца, што глядач здолее прыняць прапанаваныя правілы гульні, заснаваныя на інтэлектуальнай іроніі і самаіроніі. Каб вобразы калажа, перфомансу ці інсталяцыі былі пазнавальныя, неабходна, безумоўна, валодаць належным узроўнем мастацкай культуры. Таму, нягледзячы на спробы постмадэрністаў сцерці мяжу паміж элітарнасцю і кітчам, постмадэрнісцкае мастацтва застаецца арыетаваным пераважна на дасведчаную аўдыторыю.

Такім чынам, беларускія літаратары выкарыстоўваюць у сваёй творчасці разнастайныя прыёмы і сродкі постмадэрнісцкай паэтыкі, якія паводле іх функцыянальна-комплекснага ўжывання ў творы можна ўмоўна аб’яднаць у тры групы: першая звязаная з актуалізацыяй інтэртэкстуальных магчымасцяў: цытатнае пісьмо, парадыйна-іранічнае сутыкненне ў постмадэрновай прасторы розначасовых падзей і персанажаў з несуадносных тэкстуальных плашчыняў, апеляцыя да літаратурнай спадчыны, спалучэнне розных мастацкіх стыляў і жанравых форм, прынцыпаў інтэлектуальнасці і займальнасці (А. Хадановіч, А. Казлоў, Л. Рублеўская, Ю. Гумянюк, І. Сідарук, У. Гарачка, В. Мудроў, І. Бабкоў, А. Лукашук, В. Гапеева, С. Кавалёў, М. Адамчык, М. Клімковіч і інш.); другая вызначаецца на падставе рэалізацыі ў творы прынцыпу гульні, якая часта суправаджаецца карнавалізацыяй, нечаканымі пераўвасабленнямі, зменамі масак і роляў, адвольным перамяшчэннем у геаграфічнай і часавай прасторы, вар’іраваннем колеравай гамы, зычліва-з’едлівымі насмешкамі лірычнага героя з самога сябе і рэчаіснасці (творы З. Вішнёва, С. Мінскевіча, В. Жыбуля, А. Туровіча, А. Бурсава, А. Бахарэвіча); трэцюю групу постмадэрнісцкіх прыёмаў складаюць гратэск, абсурдызацыя рэчаіснасці, мастацкая правакацыя, наўмыснае выкарыстанне элементаў антыэстэтыкі, эпатажу (З. Вішнёў, В. Жыбуль, І. Сідарук, Ю. Гумянюк, І. Сін, А. Бахарэвіч, Л. Вольскі, В. Мудроў і г. д.).

Для беларускіх постмадэрністаў тэкст не з’яўляецца адзінай рэальнасцю, паколькі мастацкая праблема ўладкавання бязладнай рэчаіснасці ва ўмовах сённяшняй культурна-грамадскай сітуацыі на Беларусі не можа быць вырашана выключна пры дапамозе сродкаў мовы. Традыцыйныя спосабы светабачання часта выяўляюцца ў дадзеным выпадку больш дзейснымі.

_________________________



  1. Скоропанова И. С. Русская постмодернистская литература: Учеб. пособие. — / И. С. Скоропанова. — М.: Флинта: Наука, 1999.

  2. Караткевіч В. І. Тэарэтычныя і гістарычныя аспекты постмадэрнізму ў беларускай літаратуры другой паловы 1980 — 1990-х гадоў ХХ ст.: Матэрыялы да спецкурса / В. І. Караткевіч. — Магілёў: МДУ, 2003.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка