На кожнай сцяжынцы іх песня і голас…




Дата канвертавання02.10.2017
Памер140.82 Kb.
Сцэнарый літаратурна-музычнай вечарыны “На кожнай сцяжынцы іх песня і голас…”, прысвечанай 135-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа
На экране партрэты Коласа і Купалы, ціха гучыць беларуская музыка, з’яўляецца надпіс: “На кожнай сцяжынцы іх песня і голас…”. Уваходзяць чытальнікі ў нацыянальных касцюмах, разыходзяцца па сцэне.

Выходзяць вядучыя, музыка сціхае.
Вядучы 1. Добры дзень, паважаныя сябры!

Вядучы 2. Добры дзень усім, хто прыйшоў на наша мерапрыемства, прысвечанае 135-гадавіне з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа, класікаў беларускай літаратуры, уладароў беларускага слова.

Зноў пачынае ціха гучаць музыка.

Вядучы 1. Ёсць людзі, якія прыходзяць на Зямлю як пасланцы нябёсаў і пакідаюць зорны след у вечнасці. Гэтыя людзі адзначаны Богам…

Вядучы 2. З’яўленне на Зямлі ў адзін, 1882, год двух паэтаў – гэта Божы дар беларускаму люду. Янка Купала і Якуб Колас – выразнікі дум беларусаў, яны – вочы, вусны, словы простага чалавека. Іх творы, як народныя, перадаваліся з вуснаў у вусны і былі настолькі зразумелыя, што кожны мог лічыць іх сваімі, расказанымі ад свайго імя.

Вядучы 1. Янка Купала. Якуб Колас… Імёны іх заўсёды гучаць побач. Яны – пачатак усіх пачаткаў у беларускай літаратуры.

І народ свята захоўвае

У сваім сэрцы памяць

Аб лепшым сваім сыне, які

Прайшоў разам з імі слаўны

Шлях барацьбы ў імя лепшых

Чалавечых ідэалаў.

Так пісаў пра Янку Купалу Якуб Колас.



Вядучы 2.

Жыві, мілы Колас,

Многа летаў, зімаў

З ясным сонцам побач

На зямлі радзімай. Гэта – Янка Купала пра Якуба Коласа.

Чытальнік.

Ад прадзедаў спакон вякоў

Мне засталася спадчына;

Паміж сваіх і чужакоў

Яна мне ласкай матчынай…

Гучыць песня “Спадчына”

Вядучы 1. Янка Купала (Іван Дамінікавіч Луцэвіч) нарадзіўся 7 ліпеня 1882 года ў сям’і дробнага арандатара ў вёсцы Вязынка Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці.

На экране з’яўляецца выява хаты ў Вязынцы.

Псеўданім яму дала прыгожая легенда аб кветцы – папараці, якая цвіце ў ноч на Івана Купалу. Каму пашчасціць знайсці яе, той зразумее, аб чым маўчаць травы і каменні, шумяць дрэвы, пяюць вятры і грыміць гром. Чароўная кветка адкрые далягляды і прывядзе да шчасця.



Вядучы 2. Гадаваўся Янка хлопчыкам дапытлівы і ўражлівым, ахвочым да навукі. Сястра Янкі Купалы, Леакадзія Дамінікаўна Раманоўская, успамінала: “Ясь не меў часу чытаць удзень, бо трэба было працаваць па гаспадарцы. Чытаў увечары і ўночы. Чытаў пры лямпе, пры лучыне, на начлезе пры вогнішчы. Кніжцы ён аддаваў кожную вольную хвіліну. Што б ні рабіў, заўсёды пры сабе меў кніжку”.

Вядучы 1. Якуб Колас (Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч) нарадзіўся 3 лістапада 1882 года ў пасёлку Акінчыцы Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці ў сям’і лесніка.

На экране з’яўляецца выява коласаўскіх мясцін..

Вядучы 2. Дзіцячыя гады Якуба Коласа прайшлі ў вандроўках. Бацьку паэта, які служыў лесніком у князя Радзівіла, часта пераводзілі з месца на месца. Непаўторныя і цудоўныя краявіды: Ласток, Нёман, засценак Акінчыцы, сядзіба Альбуць, урочышча Смольня, вёска Мікалаеўшчына. Жыццё на ўлонні прыроды зацепліла ва ўражлівым сэрцы хлопчыка паэтычны агонь. Калыскай яму былі родныя палі і дубровы, калыханкай – народныя песні аб нядолі.

Чытальнік.

У хатцы маленькай радзіўся паэт,

Дзе чадна дыміла лучына.

Раз першы адгэтуль ён глянуў на свет

Праз вокны вось гэтай хаціны.

Яна ж саламяную стрэху сваю

Схіліла, старэнькая, долу,

Не чула, не ведала – долю чыю

Гадуе пад спеў невясёлы.

А ён падрастаў, беларускі хлапчук,

З прачулай, гарачай душою,

І ўсё, што пабачыў, і ўсё, што пачуў,

У сэрца ўбіраў маладое.

Народныя песні будзілі думу –

Тужлівыя, быццам шум бору…

І сталі з дзяцінства знаёмы яму

Людскія нядолі і гора.

У сэрцы гарачым успыхнуў агонь,

Цудоўная ліра зайграла:

Аб цяжкім уціску народа свайго

Узняў гнеўны голас Купала.

Вядучы 1. Купала і Колас нарадзіліся ў адзін год. Кожны з іх прайшоў сваімі жыццёвымі цяжкасцямі, але яднала іх адзіная мэта – служэнне роднаму народу.

Вядучы 2. У далёкім 1910 годзе Максім Горкі пісаў у лісце да сябра: “У Беларусі ёсць два паэты: Якуб Колас і Янка Купала – вельмі цікавыя хлопцы! Так проста пішуць, так ласкава, сумна, шчыра. Нашым бы крышку гэтых якасцей! Вось бы добра было б!”

Чытальнік. Паэт Сяргей Грахоўскі прысвяціў Янку Купалу верш, які так і называецца “Ідзе Купала па зямлі”:

Белаю чаромхавай завеяй

Зноў пялёсткі бераг замялі,

Зноў у полі жыта палавее,

І Купала ходзіць па зямлі.

Ходзіць па снягах і па расе,

Заначуе ў полі або ў хаце, –

Ён такую спадчыну нясе,

Што не можна ні забыць, ні страціць.

Спадчына – адзіны запавет,

Спадчына – усіх асноў аснова,

І нясе цераз вякі паэт

Матчына няскоранае слова.

Вядучы 1. Лірыка Якуба Коласа – гэта сама Беларусь.

На экране з’яўляюцца выявы беларускіх пейзажаў.

У яго паэзіі, як у Нёмане, адлюстравана ўся беларуская зямля.



Чытальнік.

Высокі Бераг, родны, мілы!

Люблю я твой пясчаны скат

І хвоек нізкіх гурт пахілы,

Капцоў гранічных цэлы рад.

Люблю той лес, што над табою

Высока ўзняў свае камлі;

Яго ж карэнні над вадою

Нібы вянок табе сплялі…

Струменіць Нёман срэбраводны

Ў тваіх прыўдалых берагах,

А ў лозах ветрык вее згодны,

І ходзіць шум па чаратах.

Высокі Бераг, кут мой мілы!

Люблю я жоўць тваіх пяскоў,

Разложных хвоек гурт пахілы

І ціхі гоман лазнякоў.

Вядучы 2. Рыгор Барадулін пісаў: “Паэзія Якуба Коласа з ласкавымі прымусамі запрашае за стол беларускасці, каб і госць разам з гаспадарамі хмялеў ад беларускага слова, сэрца звесяляў спеўнымі гукамі, якія йдуць з грудзей Беларусі”.

Чытальнік.

На ўсходзе неба грае

Пераліўным блескам,

Сыпле золата над гаем

І над пералескам.

Чуць-чуць дрогне, прыліецца

Чырвань на ўсходзе –

Гэта неба ўсміхнецца

Людзям і прыродзе.

Вядучы 1. Кожны, хто хоць раз сутыкаўся з творчасцю Якуба Коласа, зведаў уздзеянне непаўторнасці і прыгажосці яго слова, адчуў напеўнасць і надзвычайную музычнасць яго вершаў.

Пачынае ціха гучаць песня “Мой родны кут”.

Вядучы 2. Вось як характарызаваў паэзію Коласа народны артыст Беларусі Рыгор Шырма: “У яго вершах такія звароты і вобразы, такія яркія праўдзівыя малюнкі беларускай прыроды, што здаецца, складаў іх сам народ. Яго паэзія шчырая, як сама народная песня”.

Чытальнік.

Прайшоў Вялікаднік свяценькі.

Бяруцца людзі за сявенькі,

За плуг, за бораны, за сохі,

Пайшлі разгульвацца патрохі.

Запахла поле зноў раллёю;

Гракі, вароны чарадою

За свежай ходзяць баразною.

Вясёлы шум і пануканне

Чутны да самага змяркання.

А над палямі ў ясным небе.

Як быццам песнямі аб хлебе.

Які даручан гэтай глебе,

Зальюцца жаваранкі хорам,

І песні моўкнуць па-над борам.

Вядучы 1. Улетку 1912 года адбылася першая сустрэча Якуба Коласа і Янкі Купалы.

На экране – выява хутара Смольня.

Яны пазнаёміліся на радзіме Коласа – на хутары Смольня, недалёка ад вёскі Мікалаеўшчына. З той пары і на ўсё жыццё паміж імі завязалася моцная дружба.



Вядучы 2. Блізкія па светапогляду, Купала і Колас з самага пачатку і да канца свайго творчага жыцця валодалі непадобнымі паэтычнымі галасамі з розным дыяпазонам і сілай пачуцця.

Паэзія Купалы убірае ў сябе не толькі сацыяльныя матывы, але і самыя інтымныя рухі чалавечай душы. Паслухайце перліну лірыкі Купалы, натхнёную яго пазнейшым каханнем да актрысы Паўліны Мядзёлкі, верш “А яна…”



Чытальнік. А яна…

Гэткім шчырым каханнем яе атуліў,

З гэткай ласкай глядзеў у яе сумныя вочы, -

Як і сонца не туліць расквечаныз ніў,

Як і зоры людзям не ўглядаюцца ўночы!

Так пясціў, так галубіў галубку, яе,

Так цяпліў сваім сэрцам сірочым ёй грудзі, -

Як і маці не песціць дзіцё – як спаўе,

Як і вогнішча ззябнутых грэці не будзе!

Столькі песень над песнямі ёй я напеў,

Столькі думак злажыў аб ёй важных, таемных, -

Як і бор гэтак з ветрам шумець не шумеў,

Як і век гэткіх дум не злажыў для патомных!

Гэткі ў сэрцы сваім збудаваў ёй пасад

І такую ўзлажыў ёй з кахання карону, -

Як і неба з зямлёю, на божы загад,

Не прыдбаюць такіх ні кароны, ні трону!

Так уславіў яе ў славу сонца і зор,

Так маліўся дзень-ноч к ёй мальбою нябёсаў, -

Як і мудрасць не ўславіць усясвету прастор,

Як і каня не моліцца ўлетку да росаў!

Утварыў з яе шчасце з-над шчасцяў сваё –

Чарадзейную княжну з аповесці дзіўнай,

І пад ногі ёй кінуў жыццё сваё ўсё…

А яна? А яна была толькі…дзяўчына!..

Вядучы 1. Песні Купалы – гэта люстэрка, у якім адбіваецца душа беларуса.

Гучыць песня “Явар і каліна”.

Песні Купалы!

Іх спявалі дзяўчаты натхнёна,

З душой,


Ім падпявалі хлопцы басіста.

Мне здавалася, што я кветку

Шчасця знайшоў

Пад напеў задушэўна-ўрачысты…



Вядучы 2. Летам 1935 года Якуб Колас адпачываў у вёсцы Загібелька пад Талькай. Гэтае лета было надзвычай плённым. Ён піша шэраг вершаў, парадкуе свае запісы аб паездцы ў Францыю. Паездка ў Парыж і наведване лепшага еўрапейскага курорта Бадэн-Бадэн яшчэ больш узмацнілі пачуцці Коласа да беларускай зямлі.

Чытальнік.

Быць можа, я крыху дзівак,

Але люблю я Загібельку:

Там кожны хвойнік мне сваяк,

Там ясным днём надрэчны гак

Мне суліць мяккую пасцельку.

Зірнеш на дол – убогі ён,

Адзін пясок, сухі, нішчымны,

Ды колькі тут наткаў красён

Чаборык, мох, зязюльчын лён

І верасок агніста-дымны!

А вось і возера-акно,

Якога мала дзе пабачыш,

Такое дзікае яно

Сярод балоцішча адно, -

Завуць яго чамусь Грымячым.

Калі агледзіш хвайнякі

І гэты кут пазнаеш бліжай,

Збіраючы баравікі, -

То вывад я раблю такі:

Мне Загібелька лепш Парыжа.

Вядучы 1. Беларусь багатая вельмі прыгожымі мясцінамі. Прырода роднага краю заставалася для Коласа на працягу ўсяго жыцця жыватворнай крыніцай творчага натхнення.

Чытальнік.

Вось старая хатка,

Садзік невялічкі.

Малады алешнік

Па краях крынічкі.

З краю лес высокі;

Тут жа, каля хаты,

Дзве старыя вербы,

Дуб каржакаваты.

Ў пералівах кветак

Ззяе луг зялёны,

Луг шырокі, пышны.

Як бы цар у кароне.

Далей, за лугамі,

Легла поле кругам,

Зрэзана сахамі.

Баранамі, плугам.

Зелянеюць межы

Вузкія, як стужкі,

Дзе-нідзе чарнеюць

Між загонаў грушкі…

Вядучы 2. Уявіце цёплы чэрвеньскі поўдзень: травы яшчэ не скошаны, пяшчотны ветрык калыша духмяныя кветкі, над лугам пах мёду…

Чытальнік.

Добра ў лузе ў час палудны!

Лёгка там дыхнуць!

Хмаркі белыя марудна

За лясы плывуць.

Ветрык краскі чуць калыша,

Травы шалясцяць,

Луг зялёны жыццем дыша –

Конікі трашчаць.

Ў лозах шчэбет не сціхае,

Шум стаіць і свіст,

Ў яркім бляску спачывае

На ракіце ліст.

Спевам-гоманам і звонам

Поўніцца ўвесь луг,

І дрыжыць над ім, зялёным,

Жыватворны дух.

Вядучы 1. Беларусь – край блакітных азёраў і векавых пушчаў. Лес заўжды шчыра служыў беларусу: хаваў ад ворагаў у ліхую гадзіну, надзяляў улетку і па восені сваімі пладамі. Выклікаў да летуценняў і адпачынку пад цяністымі волатамі-дубамі.

Чытальнік. З апавядання “Сірата Юрка”

“Маладая раслінка стаяла ў полі. Стары лес закрываў яе ад паўночных вятроў і даваў ёй цяпло і зацішак. Яна была такая маленькая, такая нязначная, што ніхто нават не пазіраў на яе і не цешыўся ёю, нягледзячы на тое, што гэтае маленькае стварэнне выяўляла сабою асобны кут жыцця, разумна і замыславата зроблены. Па праўдзе сказаць, з першага погляду трудна было пазнаць, што гэта за штука, і толькі прывычнае вока магло пазнаць, што гэтая раслінка стане з часам дрэвам, тым заўсёды зялёным дрэвам, што завецца хвояю”.



Чытальнік.

Калі бывае мне маркотна,-

А я маркочуся часцей,

Як гэта думае ахвотна

Мой дабрадзей ці ліхадзей, -

Тады іду я ў лес нядбала,

Каб не мазоліць воч людзям,

На мох валюся дзе папала,

І ўжо я з пушчай сам-насам.

Ніхто не бачыць і не чуе,

Аб чым тут гутарку вяду,

Дзе думка днюе і начуе,

Сваю хавае дзе нуду.

Вядучы 2. У сваім вершы Янка Купала марыць пра адзіноту. Ён прыходзіць у лес, каб застацца адзін на адзін са сваімі думкамі.

А Якуб Колас звяртаецца да лесу як да старэйшага таварыша, ён удзячны лесу за першыя ўрокі прыгажосці.



Чытальнік.

З маленства люблю я лясы,

Іх сцішаны голас і шум патаёмны,

І пушчы глухія, а ў іх бураломы,

Дзе ветры гудзелі пад гулкія громы

Ды слалі дажджоў абрусы.

Вучыў мяне лес пазнаваць

Прыгоства, суладнасць і чары прыроды,

Дзе птаства спраўляе штогод карагоды,

Дзе тояць крыніцы празрыстыя воды

Для рэчак, каб край умываць.

Ой, лес, беларускі наш лес!

Я песень за век свой злажыў табе многа,

У свет праз цябе мне ляжала дарога,

Ты песціў юнацкасць, і цешыць старога

Сягоння твой полаг-навес.



Вядучы 1. Лясная сцяжынка вабіць усё далей і далей. І раптам гушчар раступаецца – і, як у казцы, перад вачыма чароўная гладзь ляснога возера.

Чытальнік.

Дрэмле абсаджана лесам адвечным,

Цінай засланае возера ў лесе;

Шастае ціха асока і аер,

Нудныя казкі куст з кустам шапоча.

Сосны і вязы, дубы і асіны,

Вакол возера вартай пасталі,

Долу ківаюць паклоны нямыя,

Небу малітву таемную твораць.

Возера! Возера! Йду к табе смутны

Соннаю пушчай, амшалаю сцежкай, -

Жоўтае лісце шасціць пад нагамі,

Шчокі калючка сасновая шчыпле.

Сам з сабой насам пад дубам саджуся, -

Вочы і думкі пабеглі далёка…

Сцішна над возерам, воблачна ў небе…

Недзе запелі узвіжанне гусі.

Вядучы 2. Неўзабаве, разам з лёгкім павуціннем у лесе з’яўляецца задуменная восень з яе ранішнімі туманамі, з павольным кружэннем лісцяў, з грыбным пахам.

Чытальнік.

Не шасцяць каласы,

Звон не валіцца з касы,

Не кладуцца ў стог пласты,

Толькі сыплюцца лісты

На яловыя кусты,

На сухія верасы.

Не іскрыцца небазор,

Не цвіце трава-чабор,

Не цыгліць птушыны стан,

Толькі поўзае туман,

Вецер б’е ў нямы курган, -

Шапаціць імглісты бор.

Змога вольная снуе,

Вочы ўставіўшы свае,

То галубне, то пужне.

Сэрца б’ецца ў паўсне.

Думка сэрцу аб вясне

Здрадны голас падае.

Вядучы 1. Мабыць, кожны з нас хоць аз у жыцці бачыў у восеньскім небе жураўліны клін. Гэта незабыўнае відовішча: крыху казачнае, крыху сумнае, нібы разам з птушкамі ад нас адлятае часцінка нашага жыцця, і з намі застаюцца толькі ўспаміны.

Чытальнік.

Белыя валокны

Сцелюцца над долам.

Не спяваюць птушкі.

Сціхнуў лесу шолам.

Сцелюцца валокны,

Тчэцца павуціна –

Блізка, блізка восень,

Смутная часіна!

Зажурыцца неба,

Схованае ў хмары.

І агорнуць сэрца

Нейкі жаль і мары.

Замірае лета,

Заціхаюць далі.

Сірацее рэчка,

Халадзеюць хвалі.

Стомленасць, знямеласць…

Тояць думку боры…

Шш! Што за гукі

Чуюцца ў прасторы?

Жаласна-прыгожа

Льюцца ў небе гукі,

Слухаюць лясы іх,

Луг, балота, лукі.

У бязмежным небе

Роўненькім шнурочкам

Жураўлі на вырай

Мкнуцца над лясочкам.

Меньшыцца шнурочак,

У паднеб’і тае.

Вось ледзь-ледзь чарнее.

Міг – і прападае.

І стаіш ты, смутны,

Доўга пазіраеш,

Як бы нешта страціў,

А што – сам не знаеш.

Так у час расстання

З тым, хто сэрцу любы,

Адчуваеш смутак

Цяжкай страты-згубы.

І глядзіш маўкліва

На дарожку тую,

Што нясе ўдалечу

Душу дарагую.

Вядучы 2. Вось і канчаецца наша лірычнае падарожжа. Разам з вамі мы нагадалі любімыя з дзяцінства радкі, паслухалі цудоўныя песні.

На развітанне – некалькі радкоў Петруся Броўкі:

Зямля Беларусі, зялёныя долы!

З крыніц тваіх чыстых пад шумнай вярбой,

Зачэрпнулі думы Купала і Колас,

З тваёю журбой і уцехай тваёй;



На кожнай сцяжынцы іх песня і голас.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка