На Веніямінаўна (бду, Мінск)




Дата канвертавання14.02.2017
Памер137.07 Kb.
Сініла Галіна Веніямінаўна

(БДУ, Мінск)


БІБЛЕЙСКАЕ ПАДАННЕ ПРА ПАТОП

У АСЭНСАВАННІ МАКСІМА БАГДАНОВІЧА


Асаблівасцю беларускай культурнай парадыгмы з’яўляецца высокая ступень яе плюралістычнасці, наяўнасць у ёй нават не дыялогу, а палілогу культур. Важна таксама, што апірышчам гэтага палілогу з’яўляецца Біблія, якая стала свайго кшталту метатэкстам еўрапейскай культуры і –шырэй – іудзейска-хрысціянскай цывілізацыі. Пры гэтым асаблівасцю беларускай культурнай парадыгмы (як і наогул усходнеславянскай) – у адрозненне ад заходнееўрапейскай – з’яўляецца большая значнасць для яе менавіта біблейскага свету, біблейскага эталону слова ў параўнанні з антычным. Уласна кажучы, узлёт беларускай літататуры, пошукі ёю сваёй непаўторнай духоўнасці і ідэнтычнасці пачынаюцца з дыялогу з Бібліяй, з засваення біблейскага слова, якое прыйшло на землі Кіеўскай Русі праз пасрэдніцтва візантыйскай культуры, – са «слоў»-пропаведзяў Кірылы Тураўскага (XII ст.), з яго «Прыпавесці пра чалавечую душу і цела», з яго гімнаграфіі, з ананімнага «Жыція Еўфрасінні Полацкай» (канец XII ці 1-я палова XIII ст.), якое пачынаецца цытатай з Пяцікніжжа (Зых 3:6), што не аднойчы паўтараецца ў Евангеллях (гл. Мац 22:31–32; Марк 12:26): «Благословен Господь Бог Израилев, Бог Авраамов, Бог Исааков, Бог Иаковль, несть Бог мертвых, но живых» [1, с. 105], а таксама са спасылак на Кнігі Мудрасці Саламона і Прыпавесцяў Саламонавых. Паказальна, што нават у перакладных тэкстах, нагаданых антычнымі (грэка-рымскімі) крыніцамі, падзеі суадносяцца з біблейскай гісторыяй – як, напрыклад, у «Троі» (пераклад XV ст.), дзе падаюцца падзеі гамераўскага эпасу паводле версіі грэчаскай хронікі Канстанціна Манасіі (1369). Паказальна і тое, што, пацвярджаючы папулярнасць «Троі» ці перакладнога аповеду пра Аляксандра Македонскага – «Александрыі», Францыск Скарына ў «Прадмове да ўсёй Бібліі» акцэнтуе большую ў параўнанні з гэтымі творамі значнасць і высокія мастацкія вартасці гістарычных кніг Біблііі, якія нясуць у сабе рысы гераічнага эпасу: «Аще ли же кохание имаше ведати о военных а о богатырских делех, чти книги Судей или книги Махавеев, более и справедливее в них знайдеш, нежели во Александрии или во Тройи» [1, с. 323].

З новым асэнсаваннем хрысціянскай духоўнай спадчыны, новым адкрыццём біблейскага слова ў шчыльнай сувязі з захаваннем і актуалізацыяй фальклорных традыцый звязанае і адраджэнне беларускай культуры на мяжы ХІХ–ХХ стст. Пры гэтым асаблівую значнасць мае рэцэпцыя біблейскіх тэкстаў у творчасці Максіма Багдановіча, які ўпершыню даў глыбокі і арганічны сінтэз уласна беларускіх (кніжных і фальклорных), рускіх і заходнееўрапейскіх традыцый, што і дазволіла ўвесці беларускую паэзію ў кантэкст сусветнай. (Безумоўна, намаганні Багдановіча ішлі ў агульным рэчышчы пошукаў беларускай паэзіі, і асабліва важкім для яго і сугучным яму быў досвед Я. Купалы.) Біблейскія топіка і стылістыка ўсведамляюцца паэтам як свайго кшталту культурны код, што працінае сабою ўсю культуру і шмат у чым з’яўляецца падмуркам беларускай кніжнасці. Гэта цалкам пацвярджае, напрыклад, верш «Кніга» з цыклу «Старая Беларусь», які ўвайшоў у славуты зборнік «Вянок» (1909–1912):


Псалтыр, пакрытую няжорсткай бурай кожай,

Я ўзяў і срэбныя засцёжкі адамкнуў,

Перачытаў радкі кірыліцы прыгожай

І воску з ладанам прыемны пах пачуў.


Вось псальма сличная: «Як той алень шукае

Крыніцы чыстай, так шукаю Бога я».

Як вее свежасцю яе краса жывая!

Як радасна далей спяшыць душа мая!


І бачу я ў канцы няхітрую прыпіску,

Што «кнігу гэтую раб Божы, дзяк Гапон,

Дзеля душы спісаў у месцы Ваўкавыску

У рок сем тысяч сто васьмы з пачатку дзён». [2, с. 89]


Паэт узгадвае Псальм 42-гі (у Сінадальным перакладзе – 41-шы), прычым у сваім больш набліжаным да арыгіналу (магчыма, дзякуючы веданню лаціны і Вульгаты) перакладзе. У арыгінале (Масарэцкай Бібліі) літаральна сказана: «Як алень імкнецца да вытокаў вод, так душа мая імкнецца да Цябе, Божа» (Пс 42:2; тут і далей пераклад з арыгіналу наш. – Г. С.; пар. Сінадальны пераклад: «Как лань желает к потокам воды, так желает душа моя к Тебе, Боже» (Пс 41:2); пар. таксама вельмі дакладны пераклад Іераніма Блажэннага ў Вульгаце: «Sicut areola praeparata ad inrigationes aquarum sic anima mea praeparara east ad te Deus» (Ps 41:2). Далей у Псальме гаворыцца: «Прагне душа мая Бога, Бога Жывога» (Пс 42:3). Душа паэта таксама прагнула Бога, адчувала слова Божае як апірышча ўласнай душы, уласнай паэзіі і ўсёй роднай культуры. Праз духоўныя парадыгмы і сэнсы Святога Пісання М. Багдановіч асэнсоўваў і свой нялёгкі супярэчлівы час, і свой лёс.

У гэтым плане асабліва паказальны верш М. Багдановіча «Страцім-лебедзь» (1916), жанр якога сам паэт вызначыў як сказ, тым самым падкрэсліўшы яго сувязь з народнай творчасцю. Сапраўды, у гэтым вершы паэт абапіраецца не толькі на тэкст Бібліі (паданне пра патоп у 6–9-м раздзелах Кнігі Быцця), але і на народны сказ пра «Страціма-птушку», змешчаны ў «Беларускім зборніку» Е. Р. Раманава («Сказки космогонические и культурные»). Гэты сказ цалкам палягае ў рэчышчы фальклорных паданняў пра патоп, вытокам якіх з’яўляецца не толькі біблейскі тэкст, але і постбіблейскія агадычныя паданні. Вядома, што ў фальклоры розных народаў узніклі песні і паданні пра патоп, у тым ліку ў рускай народнай творчасці – духоўныя вершы пра патоп і пра Ноя, якія часта ўяўляюць сабою парафразы біблейскага тэксту. Напрыклад: «В страхе смертном находился, // Когда ветр с водой сразился, // Ной с семьей. // Черным враном извещался – // Вран к ковчегу возвращался: // Все земли нет...» Беларусы ж склалі сказ пра навечна страчанага Страціма-птаха, які не выратаваўся на Ноевым каўчэгу і таму не пакінуў пасля сябе нашчадкаў. Відавочна, што гэты твор уразіў Багдановіча сваёй асаблівай трагічнасцю. Ён адчуў у ім сімвалічнае прадказанне свайго ўласнага лёсу.

Для многіх паэтаў і мастакоў складаных, супярэчлівых эпох (асабліва рамантызму і дэкадансу) біблейскі сюжэт пра патоп быў сродкам асэнсавання катастрафічнасці свету, непрытульнасці і самотнасці чалавека ў ім. Праз складаную падвойную прызму – самога біблейскага падання і яго фальклорнай апрацоўкі, дапаўняючы гэта арыгінальнай уласнай міфалогіяй, выказвае сваё светаадчуванне, трывожны роздум пра страшны час сусветнай катастрофы (Першай сусветнай вайны), разуменне свайго шляху і беларускі паэт. Змітрок Бядуля, у сям’і якога зімою 1916 г. жыў ужо безнадзейна хворы Максім Багдановіч, ўзгадваў, як быў створаны “Страцім-лебедзь”: «Дактары забаранілі Максіму шмат гаварыць, позна сядзець, але ён звычайна гаварыў больш за ўсіх нас і менш усіх спаў. Калі я лёг спаць, ён прысеў да мяне і пачаў гаварыць шэптам: “Я сёння ўвесь дзень займаўся народнай творчасцю. У Пушкінскай бібліятэцы праглядаў Шэйна і Раманава. Тут я чытаў вашым сёстрам Афанасьева, слухаў, як яны спявалі мне народныя песні. Я задумаў твор на тэму біблейскага міфа. Гэтую тэму навеяла мне вайна, гібель мільёнаў і мой уласны лёс. Так апрыкрала мне гэткае жыццё. Дзень у дзень у земстве. Справаздачы, калонкі лічбаў. Яны паўзуць з-пад майго пяра, як мурашкі. Я павінен напісаць нудную справаздачную брашуру на некалькі друкаваных аркушаў. Пан Скірмунт думае надрукаваць яе. Якая для мяне пакута, кара Божая. Яна гняце больш за хваробу. Мне б цяпер у Крым, пакуль не позна, шкада будзе... Але прасіць аб гэтым пана Скірмунта не магу. Лепш загіну!”» [3, с. 75]. Такім чынам, сам паэт паведаміў, што яго «Страцім-лебедзь» быў народжаны ў аднолькавай ступені абвостраным адчуваннем бездані, да якой наблізіўся свет (ці ўжо абрынуўся ў яе), усведамленнем хуткасці ўласнага канца і канца свету, а гэтаксама прагай яго ачышчэння. Згодна з Бібліяй, патоп стаў жорсткай, вымушанай мерай пакарання і выпраўлення свету, яго ачышчэння ад грахоў. Менавіта адсюль – гэты водгук трубы Страшнага Суда, што адкрывае верш М. Багдановіча:
Не анёл у трубу ўструбіў –

3 хмары Бог старому Ною гаварыў:

«Поўна з краем чаша гневу Майго

На людскія грахі ды бясчыннасці.

Вось надойдзе часіна суворая,

Лінуць з неба залівы бязмерныя

I абмыюць ад бруду смуроднага

Ўсю зямлю яны, белы-вольны свет». [1, с. 316]


З аднаго боку, М. Багдановіч ашчадна захоўвае выразныя дэталі біблейскага тэксту, які паведамляе пра грозныя і горкія словы Бога, звернутыя да Ноя, пра Божы загад збудаваць каўчэг, з другога – ідзе следам фальклорнай гіпербалізацыі тых жа параметраў каўчэга, які вельмі дакладна апісаны ў Бібліі: «І сказаў Бог Ною: “Канец усялякай плоці надышоў перада Мною, бо зямля напоўнілася злачынствамі з-за іх. І вось, Я знішчу іх з зямлі. // Зрабі сабе каўчэг з дрэва гофэр; з аддзяленнямі зрабі каўчэг і асмалі яго знутры і звонку смалою. // І вось як зробіш яго: трыста лакцёў даўжыня каўчэга, пяцьдзесят лакцёў шырыня яго і трыццаць лакцёў вышыня яго”» (Быц 6:13–15). У Багдановіча чытаем:
Пачынаў тут Ной будаваць каўчэг

3 таго дзерава ліванскага.

Ушыркі гэтаму каўчэгу – сто лакцёў,

А ўдаўжкі – болей тысячы.

Ды ўзяў туды Ной і птах і звяроў,

Каб не звёўся ix род з зямлі.

Ды не плыў к яму з мора сіняга

Страцім-лебедзь – горды, моцны птах. [1, с. 316]


Пераўтварэнне пад пяром паэта проста птушкі народнага падання ў лебедзя невыпадковае і вельмі сэнсаноснае: безумоўна, гэта асаблівая распрацоўка тэмы лебедзя як вобраза паэта, яго гібелі – як увасаблення фізічнай смeрці і адначасова несмяротнасці паэта – тэма, што ідзе ў еўрапейскай пaэзii ад Гарацыя (у гэтым шэрагу – вершы Ф. Цютчава, Ш. Бадлера, Р. М. Рыльке і інш.). Пад пяром Багдановіча Страцім-лебедзь становіцца шматмбаковым сімвалам, пададзеным у рэчышчы неарамантызму: увасабленнем гордай і незалежнай асобы, але найперш паэта, ягонай душы, якая не падуладная бруднаму і агіднаму свету і больш за ўсё цэніць неабсяжны прастор і свабоду. Пры гэтым у апісанні Страцім-лебедзя паэт выкарыстоўвае тыповыя фальклорныя параўнанні і паралелізмы:
Яго звычаі – арліныя.

Яго ўцехі – сакаліныя;

Пер’і-пер’ечкі бялеюцца

Ды на золку агнявеюцца.

У яго ў крыле – трыста тры пяры:

Узмахне крылом – быццам бор шуміць,

Узмахне другім – што мяцель гудзіць. [1, с. 316]
Можа, дужаму і смеламу Страцім-лебедзю і ўдалося б перажыць бяду, ды «населі тут на лебедзя // Птахі дробныя ўсёй стаяю» [1, с. 317]. Гэта выразны вобраз паэта, які гіне пад ударамі гэтага свету, прыносціь сябе ў ахвяру, але не скараецца:
Крыллі ўрэшце падламаліся,

Галава ў ваду апусцілася.

I пайшоў на дно мора сіняга

Страцім-лебедзь – моцны, горды птах.

Ад усіх цяпер патомкі ёсць,

Ды няма адных – Страцімавых. [1, с. 317]


У сімвалічнай форме паэт перадаў не толькі задушлівую перадна- вальнічную атмасферу «заходу Еўропы», але і ўласную трагедыю гранічнай самоты, трагедыю неажыццяўляльнасці сваей надзеі на шчасце, каханне, сям’ю, працяг роду, працяг жыцця. Ды яшчэ – сваё парыванне да волі, не страчанае і перад тварам смерці: «Дайце вы грудзям, гэй, вальней ўздыхнуць! // Дайце вы крылам, гэй, шырэй ўзмахнуць!» [1, с. 317]. 3. Бядуля паведамляе: “Праз некалькі дзён, калі “Страцім-лебедзь” быў начыста напісаны дробным, бісерным почыркам, Максім чытаў мне гэты верш. Ён чытаў усхваляваным глухаватым голасам. Канцоўку ён прагаварыў надломаным тонам: “Ад усіх цяпер патомкі ёсць, // Ды няма адных – Максімавых”. Ён запнуўся і тут жа паправіўся: “Ды няма адных – Страцімавых”. Усхваляваны, я выйшаў на ганак пакурыць. Узварушыў маё сэрца сумны канец “Страцім-лебедзя”. Я адчуў, што Максім Багдановіч інакш напісаць не мог. Ды без трагічнасці канцоўкі прапала б ігра колераў гэтага дасканалага твора, паблекла б рамантычная героіка вобраза, пададзенага ў класічным стылі» [3, с. 78]. Прыклад Багдановіча яшчэ раз пацвярджае, якія сапраўды неабмежаваныя і шматмерныя сэнсы тояцца ў кожным невялічкім фрагменце біблейскага тэксту, асабліва калі ён пераломлены праз прызму таленавітай душы і падмацаваны традыцыямі роднага народа. Ён сведчыць, што звяртанне да вялікага прэцэдэнтнага тэксту ніколі невыпадковае: за ім хваюцца культурныя коды часу і лёсу творцы.
Літаратура

  1. Багдановіч, М. Поўны збор твораў: у 3 т. / М. Багдановіч. Мінск, 1992. Т. 1.

  2. ΐνςΰλξγ³ δΰΆνι αελΰπσρκΰι λ³ςΰπΰςσπϋ: XI – οεπψΰ οΰλξβΰ XVIII ρς. / νΰβσκ. πύδ. Β. ΐ. Χΰμπϋφκ³. Μ³νρκ, 2003.

  3. Шлях паэта: зб. успамінаў і біяграф. матэрыялаў пра М. Багдановіча / склад. Н. Б. Ватацы. Мінск, 1975.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка