Нацыянальны характар




Дата канвертавання02.01.2017
Памер91.79 Kb.
Уладзімір Навумовіч

АСАБЛІВАСЦІ НАЦЫЯНАЛЬНАГА ХАРАКТАРУ Ў АПОВЕСЦЯХ ЯНКІ БРЫЛЯ
Тэрмін “нацыянальны характар” увайшоў у навуковы ўжытак у беларускім літаратуразнаўстве параўнальна нядаўна. Дасюль часцей выкарыстоўваліся вызначэнні “душа народа”, “дух народа” (М. Багдановіч. “Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі”). Літаратура адной з першых звярнулася да псіхалагічнага аналізу. Мастацкае слова раскрывала душу народа. Адметнасці нацыянальнай псіхалогіі знайшлі адлюстраванне ў працах навукоўцаў пачатку ХХ ст. Я. Карскага, П. Шэйна, І. Канчэўскага (Абдзіраловіча), Ф. Шантыра, В. Ластоўскага, Сулімы (Ул. Самойлы),
А. Цвікевіча, паэтаў Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, Ф. Багушэвіча, Цёткі.

На рубяжы дзвюх эпох – ХХ і ХХІ стст. – праблемы беларускага нацыянальнага характару актыўна распрацоўваюцца ў працах


Э. Дубянецкага, У. Конана, С. Майхровіча, М. Ермаловіча, Л. Лыча, Б. Сачанкі, Г. Штыкава, А. Мальдзіса і інш.

Багаты фактычны матэрыял для вывучэння беларускага нацыянальнага характару даюць творы прыгожага пісьменства на Беларусі.

Навуковая распрацоўка нацыянальнага характару заснавана на двух асноўных канцэпцыях: біялагічнай і сацыяльна-гістарычнай. Першая з іх зыходзіць з таго, што многае ў самім характары чалавек атрымоўваў ад прыроды, засвойваў на генным узроўні. Гэта так званы “покліч продкаў”, традыцыйнае, прыроднае ў характары (“Яблычка ад яблынькі”, “Сава не прывядзе сакала...”, “і крошачкі падабраў...”, “вылітая”, “выліты”, “маці ці бацька няўздыханыя” і г.д.), што і абумоўлівала кансерватыўнасць мыслення, устойлівасць, “інерцыю” беларускага менталітэту. Беларусы здаўна жылі “па законах продкаў”. Маўляў, маці, бацька, дзядуля, бабуля, прашчур так жылі – і мы так жывем. Гэта ў сваю чаргу прадвызначала спецыфіку адпаведнага гістарычнага шляху. Развітая ментальнасць і трывалы нацыянальны характар разам з тым з’яўляюцца гарантыяй захавання самабытнасці і суверэнітэту, аб чым сведчыць гістарычны вопыт беларусаў. Згодна з другой канцэпцыяй, галоўнай умовай у фарміраванні нацыянальнага характару з’яўляюцца ўплывы самых разнастайных фактараў: этнакультурных (у якой сям’і нарадзіўся, у які час і эпоху жыў, у якіх умовах гадаваўся і вырас), гістарычных умоў існавання, сацыяльных, прафесійных, полаўзроствых, побытавых, псіхалагічных рыс і інш.

Нацыянальны характар мае мажлівасць змяняцца і не з’яўляецца чымсьці ўстойлівым, да канца нязменным, раз і назаўсёды дадзеным. Ён не застаецца статычным, можа трапіць пад розныя ўплывы і можа падвяргацца разнастайным дэфармацыям. Але змяняецца характар асобы, а тым больш нацыянальны характар, марудна. Спрацоўвае фактар супраціўлення. Дзеля таго, каб змяніць характар асобы, неабходна змяніць і фактары яго фарміравання – геаграфічныя, этнакультурныя, гістарычныя, сацыяльныя, побытавыя і інш. Але часта і змена ўмоў існавання не могуць паўплываць на змену характару чалавека.

У аснове характару героя мастацкай літаратуры немалое месца займаюць так званыя “архетыпы”, асабістыя і калектыўныя фактары са шматвекавой гісторыяй, па К.Г. Юнгу, або іх першавобразы – самыя раннія ўспаміны маленства, якія закладзены ў нашым мысленні, якія ў многім прадвызначаюць далейшыя лёсы людзей, уплываюць на паводзіны і адчуванні, матывуюць учынкі. З чаго пачынаецца Радзіма? З малюнка ў тваім буквары. З бярозкі пад тваім акном. Чым мы просім пачаставаць, калі пасля доўгай дарогі дадому, вяртаемся ў родную хату да маці?

- Салёны гáрбуз е? – пытаўся Рыгор Мелехаў у “Ціхім Доне” М. Шолахава, калі ён вярнуўся з франтоў імперыялістычнай і грамадзянскай войнаў дахаты.

У кінаверсіі апавядання “Лёс чалавека” М. Шолахава галоўны герой Андрэй Сакалоў, чалавек, які страціў усіх родных на фронце – дом у Варонежы разбамбілі, у апошнія дні вайны загінуў сын – капітан Сакалоў. Перажыўшы шматлікія цяжкасці вайны, прайшоўшы праз палон, але захаваўшы душу жывую, ён прытуліў бяздомнага хлопчыка-сірату. Паведаміўшы за рулём у час чарговага рэйсу Ванюшцы, што ён і ёсць ягоны бацька, вопытны шафёр, ледзь у кювет не з’ехаў ад ашчарэпістых абдымкаў і гарачых пацалункаў дзіцяці: “Татачка, татачка. Я ведаў, што ты мяне знойдзеш.” І раптам у адной з такіх паездак маленькі хлапчук паставіў у тупік бывалага салдата: “Тата, а дзе тваё чорнае скураное паліто?” Дзіцячая памяць надта ўчэпістая, яна захавала першыя ўспаміны пра бацьку, які заўсёды вяртаўся дахаты ў доўгім чорным скураным паліто. Мажліва, хлапчук з’яўляўся нашчадкам энкэвэдзіста, што магло ўваходзіць у мастацкую канцэпцыю твора і пра што глядач мог толькі здагадвацца.

Псіхалагічны вопыт, лічыў К. Г. Юнг, не знікае бясследна, а застаецца ў нашай памяці, асядае ў структурах чалавечега мозга, праяўляецца на інстынктыўным ўзроўні ў выглядзе так званых архетыпаў. Яны ў далейшым і прадвызначаюць паводзіны асобы. Такім чынам, архетыпы – гэта нейкія ўяўныя вобразы. Гэта не імёны і не дзеянні, нават не філасофскія паняцці. Як правіла, гэта часцінкі нашага жыцця, малюнкі дзяцінства і юнацтва, матрыца пазнання рэчаіснасці, вобразы, якія непарыўна звязаны з эмоцыямі і з жывымі людзьмі. Такімі “архетыпамі” напоўнены аповесці Я.Брыля “Ніжныя Байдуны”, “Золак, убачаны здалёк”. Янка Брыль ўнёс значны ўклад у распрацоўку яркага самабытнага і цэласнага народнага характару.

Менавіта дзякуючы распрацоўцы разнастайных народных тыпаў аповесці Я.Брыля набылі эстэтычную завершанасць. Яны псіхалагічна заглыблены, адметныя па жанрава-стылёвых якасцях. Вобразы вяскоўцаў каларытныя, змястоўныя, самабытныя.

У антываенным рамане “Птушкі і гнёзды” такім першавобразам-“архетыпам” у свядомасці палоннага байца польскай марской пяхоты ў час зняволення ў канцэнтрацыйным лагеры ў Германіі Алеся Руневіча стаў балючы ўспамін пра “шчодра напоены святлом, далёкі і блізкі, нібыта ў радасным сне, вялікі чарнаморскі горад, калі здарылася галоўнае – тата вярнуўся.” З гэтым – “тата вярнуўся” – звязана магчымасць наесціся ўволю “кішынёўскай каўбасы”, пах якой хлапчук, “мусіць абнюхаў”, “як кот”, ды радасць паспытаць “паласата-крамянага кавуна”, – “Алесь аберуч трымае зярніста-чырвоны кавуновы скрыль і есць яго – ажно за шыю пацякло” (ІІІ, с. 34). Успаміны дзяцінства – светлыя ўспаміны. Памяць дзіцячая надзвычай трывалая на дэталі. Я. Брыль прыгадваў: “Гэта адзін з найранейшых, здаецца, успамінаў. Вельмі просты і вельмі выразны. Да ап’янення пахам каўбасы, духмянай і салодкай свежасцю раскроенага кавуна...” (ІІІ, с. 34)

Дзеці мысляць вобразамі. “Вобразы мілыя роднага краю” (Я. Колас), далёкага-блізкага дзяцінства ў сонечнай Адэсе-маме ўсплываюць у памяці лагерніка фашысцкага палону ў першыя дні Другой сусветнай вайны. “Ну, а мора? Дзе тое мора далёкае, што адгукнулася цяпер на песенны пошум нявольніцкіх акардэонаў?..”(ІІІ, с. 23) “Роднымі” здаваліся будучаму беларускаму пісьменніку менавіта марскія прасторы, бо, як вядома, нарадзіўся Я. Брыль 4 жніўня 1917 г. у сям’і чыгуначніка ў прыморскім горадзе Адэсе. Толькі праз пяць гадоў будучы народны пісьменнік “быў перасаджаны з гарадскога на вясковы грунт.” Сям’я перабралася ў в. Маласенцы Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці ў Заходняй Беларусі, куды бацька пераехаў, мала дбаючы пра тое, што Беларусь была падзелена на дзве паловы, “лічачы граніцу справай несур’ёзнай.”

Першавобразы “пакладзены” ў аснову характараў амаль усіх герояў твораў Я. Брыля. Пісьменнік увогуле любіць маляваць маленства, першыя дзіцячыя ўражанні адкрыцця свету, векавечны вопыт, чалавека на роднай зямлі. Лёс чалавека – лёс народа – лёс краіны ляжыць у аснове рамана празаіка “Птушкі і гнёзды”, кнігі, якую сам пісьменнік вызначыў, як “не біяграфію, а біяграфію адной душы.” (ІІІ, 8) Успаміны маленства і часу сталення асабліва востра ўспрымаюцца, калі воля чалавечая абмежавана. За калючым нявольніцкім дротам у свядомасці вязня фашысцкіх шталагаў балюча ўсплывалі светлыя эпізоды не толькі вяртання бацькі дамоў пасля доўгіх чыгуначных пераездаў, але і жаданне самому выбрацца з палону: “Цяпер мая чарга прыйсці дамоў. І я прыйду...” У неспатольнае жаданне свабоды “уплятаюцца” ўспаміны пра “другую маці” – ласкавую настаўніцу, якая адкрывала герою не толькі свет ведаў, але і святло незаплямленых пачуццяў, кардыяграму чалавечых адчуванняў ад судакранання з другім, дарослым існаваннем. Усплываюць дні вучобы ў школе і гімназіі, постаці дарагіх вясковых людзей, мілыя дэталі побыту. Успамінаецца ў палоне маці і яе ўрокі для “неслуха”, калі той незнарок “разбіў паліваны слоік з вішнёвым варэннем”, а “маці нагадзілася з поля..” І “бяздогледнае маленства”, і “раскошная пяшчотнасць” “другой мамы”, і рэўнасць, калі ў школьныя вароты, пасля таго, калі там з іншымі пастаяла пані Ванда, “гвазнуўся за імі добры такі камень.” Можа таму нават у палоне Алесь Руневіч, вязень, з замілаваннем і захапленнем, з добрай доляй фантазіі, з яркім уяўленнем любуецца на фота жонкай сябра Бутрыміхай. Нездарма герой задае рытарычнае пытанне: “Сястры ў яе часам няма? Ці можа ў вас там, за вашым Нясвіжам, усе такія?” (ІІІ, с. 75) Яму сняцца “чорныя вочы яе і гарачыя губы, і поўныя, дужыя, загарэлыя рукі.” (ІІІ, с. 75) Напоўненае каштоўнасцямі маральнага і духоўнага свету, жыццё Алеся Руневіча ў палоне праходзіць у “падсветцы” мірным існаваннем. Тут і сяброўства, і захапленне “патаемнымі сходкамі” ў юнацтве “людзей, закаханых у смерць”, жаданне стаць “спліністамі”, а таксама неспатольная прага да духоўнай ежы – чытанне “запоем” твораў Л.М. Талстога, У.Г. Караленка, А.П. Чэхава, імкненне “прысмактавацца да Гогаля.” (ІІІ, с. 97) Глыбіня духоўнага свету асобы была б няпоўнай, калі б не захапленне галоўнага героя музыкай, якая “узвышае душу.” (ІІІ, с. 101) Алесь Руневіч любіў “хараство прыроды.” (ІІІ, с. 101) Героя захапляла, калі чалавек заставаўся ў любой сітуацыі “самім сабой”, застаючыся цвёрдым у сваіх перакананнях – “табе сваё, а мне сваё, я галаву схілю, а слёз маіх не пабачыш.” (ІІІ, с. 99)

Паралелі з мірным хатнім вясковым існаваннем дапамагалі глыбей і паўней пранікнуць у нараджэнне “звычайнага фашызму” яшчэ ў той час, на самым пачатку Другой сусветнай вайны, калі ў Германіі “са спакойнай грунтоўнасцю мутэр” у сям’і баўэра Карла Камрата, куды трапіў працаваць Руневіч, паведамляе яму: “Ну, а чаму вы не аддавалі наш калідор, наш Данцыг? Чаму вы не паддаліся адразу, без бою? Вас бы ўжо даўно, можа, пусцілі б дахаты. Фюрэр – гут, фюрэр не хоча вайны. А ўсе на нас. І Польшча, І Францыя ўжо за сваё атрымалі. А чаго ад нас хочуць праклятыя томі?” (ІІІ, с. 72)

Характары персанажаў такія, што і думамі, і помысламі, і ўчынкамі яны ірвуцца з палону дамоў, у родныя гоні: “Дахаты, браце, толькі дахаты...” (ІІІ, с. 77) Хоць наперадзе – невядомасць, і краіна – новая радзіма – стала “даўжэйшая”, ужо “ад Брэста” да Уладзівастока. “Ад вобраза простай жанчыны, ад матчынай яе слязы, ад смаку вясковага чэрствага хлеба – зноў ажылі яго, Алесевы, патаемныя думкі...” (ІІІ, с. 117) Роздумам пра дом, пра лёсы чалавечыя, гуманнасць, пра дабро і зло і ненавісную вайну, пра вытокі духоўнасці і прычыны бездухоўнасці, пра дабрату і чэрствасць напоўнены раман. Алесь Руневіч не дэкларатыўна прыходзіў да вялікай і значнай высновы, ісціна ўкладзена ў старадаўнюю нямецкую прымаўку, якую ўпершыню і пачуў тут, у палоне, галоўны герой:

- Увесь свет – адзін дом. (ІІІ, с. 116)

Адказнасцю героя за дом – увесь свет – за паўнату і глыбіню духоўнага ўзбагачэння напоўнены творы Я. Брыля. “ За ўсіх добрых людзей” (І, с. 379) заступаецца майстар-пячнік на Беларусі ў вёсцы, якую напаткаў лёс Хатыні, перад фашысцкім “надчалавекам” у апавяданні “Memento mori” (“Памятай аб смерці”). Пяру пісьменніка належыць глыбока і пераканаўча распрацаваны беларускі народны характар, які ўвабраў у сябе асноўныя рысы духоўнасці, працавітасці, але і сілы супраціўлення нямецка-фашысцкім заваёўнікам у апавяданні “Мой зямляк”, твор, які датаваны годам завяршэння цяжкай і кравапралітнай вайны.

У аповесцях “Золак, убачаны здалёк” і “Ніжнія Байдуны” пісьменнік Я.Брыль раскрыў каларыт і стыхію народнага жыцця. У “Ніжніх Байдунах” нацыянальны характар героя намаляваны надзвычай выразна. Гэта натуры непаўторныя, самабытныя. Дзеючыя асобы – людзі простыя, зямныя, працавітыя. Многія з персанажаў – вострыя на язычок, кемлівыя, дабразычлівыя, сумленныя. Шчырасць, гасціннасць, мяккасць, дабрыня, цярплівасць уласцівы вяскоўцам. Але некаторыя з іх застаюцца сабе на уме, не без прэтэнзій, асобы амбіцыёзныя. Такі Сідар Асмалоўскі – “самазваны маёр” на вёсцы, якому дужа падабалася падобнае воінскае званне, які і называўся так перад аднавяскоўцамі – “харошы, просты чалавек”(ІІ, с. 380). Яркія характары братоў Цівунчыкаў, Вані Бохан-Калошы, Захара Качкі, Васіля Кураўкі, Цімоха Ярмоліча, Чыркуна, Рафалка. Светлыя вобразы, духоўна багатыя, змястоўныя, зямныя.

Пісьменнік Я. Брыль не абыходзіць і негатыўных рыс у характары селяніна-вяскоўца. Спакутаваны інвалід заходзіць у самую гушчыню натоўпу ў царкве, там, часам, нібыта ненарокам, наступае увіком на драўлянай калодцы на чужую нагу. Згледзеўшы ў статку кароў сытую і гладкую цялушку суседа, распытаўшы, чыя такая спраўная, дзядзька можа пажадаць, каб цялушка неўзабаве здохла.

Але над усім у аповесцях Я. Брыля ўзвышаецца песенны, духоўна багаты, маральна чысты, сумленны і працавіты, творчы характар простага чалавека, беларуса.

Героі твораў Я. Брыля – аповесцяў і апавяданняў, рамана – асобы яркія, працавітыя, гераічныя, з глыбокім пачуццём патрыятызму, вернасці радзіме, абавязку. Людзі “чыстыя сэрцам”, якія ўмеюць “бачыць сапраўднае хараство” (ІІІ, с. 125), духоўна багатыя. Інтэлектуальна ўзбагачаныя. Узнёслыя. Асобы – чуйныя да людскога гора, эмацыянальныя. Кожны вясковец у аповесцях нясе багацейшы вопыт чалавечнасці. З твораў народнага пісьменніка паўстае чалавек, які з малых гадоў імкнецца адчуць “як жыта расце” (ІІІ, с. 125).

Сказана: мудрасцю ладзіцца дом, а розумам сцвярджаецца. Як трава расце, жывуць і развіваюцца характары асоб у вясковым асяроддзі.

Празаік Я. Брыль у сваіх аповесцях раскрыў не толькі асаблівасці нацыянальнага характару, але, па сутнасці, даў нацыянальны вобраз свету вясковага чалавека, паказаў нават не вытокі светапогляду, а даў склад мыслення, гнасеалогію духу, нацыянальную мастацкую логіку светабачання, светаразумення, светаўспрымання беларуса. Аўтар абагуліў сістэму маральна-этычных каардынат душы простаг чалавека.

У творах знайшлі адбітак лад у свеце, светабудова і іх праслаўленне ў штодзённым побыце, існаванні народ. Адметнае, уласнае, самабытнае спалучалася з агульначалавечым, асабістае суадносілася з укладам адзінага дому зямлян, што і складала нацыянальнае аблічча свету.

“Не па праву заслуг і пакут” пісьменнік Я. Брыль раскрываў глыбінныя асновы беларускага нацыянальнага характару, а “па праву любасці да Чалавека – які ён ёсць, які ён будзе, бо павінен быць.” (ІІІ, с. 8) Застаючыся вернымі роднаму дрму і нацыянальным глыбінным вытокам, героі прозы Я.Брыля адчуваюць сваю повязь са светам, шчыра і зацікашлена перажываюць за разумнае і мудрае ўсталяванне агульначалавечага дому.


Літаратура

  1. Брвль Я. Збор твораў у пяці тамах. Мн., 1979. Т.ІІІ С.34. Далей усе спасылкі на творы пісьменніка даюцца па гэтым выданні з указаннем тома і старонкі.

  2. Пяцьдзесят чатыры дарогі. Аўтабіяграфіі беларускіх пісьменнікаў. Мн., 1982.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка