Наіўныя студэнты і школьнікі думаюць, што ў падручніках закладзена ўся прамудрасць, даецца ўзорнае тлумачэнне фальклорных твораў іншага проста не можа быць




старонка1/29
Дата канвертавання31.12.2016
Памер3.56 Mb.
  1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   29

Ад аўтара

Наіўныя студэнты і школьнікі думаюць, што ў падручніках закладзена ўся прамудрасць, даецца ўзорнае тлумачэнне фальклорных твораў – іншага проста не можа быць. Больш разумныя падазраюць, што падручнік – не квінтэсенцыя навуковай думкі, а «прасунутыя» наогул схільны ігнараваць яго як дапаможнік для прыдуркаватых. Самае цікавае, што кожны з іх мае рацыю. З аднаго боку, сапраўды з кнігі ў кнігу вандруюць адны і тыя ж думкі, акамянелыя меркаванні, аднамерныя характарыстыкі фальклорных персанажаў, з другога боку, бачна, што аўтары падручніка абапіраюцца на самыя апошнія дасягненні навукі, не абмінаюць гіпотэзы, прапануюць уласныя канцэпцыі і г. д. Але падручнікі ніколі не паспяваюць за жыццём, за рухам навукі. Акрамя таго, фальклор настолькі шматмернае культурнае ўтварэнне, што дастаткова змяніць пункт погляду, ракурс яго бачання або аспект даўно вядомай тэмы, праблемы, вобраза, як высвецяцца новыя грані таго, што здавалася знаёмым, зразумелым, вырашаным.

У навуцы, тым больш у фалькларыстыцы, якая мае справу з жывым, бясконцым, творчым працэсам, вынікі якога непрадказальныя, ніколі не бывае канчатковасці, ніколі нельга паставіць кропку і, напрыклад, сказаць: усё, казкі ўжо даследаваны, больш нічога нельга дадаць. Мы, выкладчыкі ВНУ, проста не можам чакаць, калі хто-небудзь зробіць адкрыццё, з’явіцца новы падручнік, а вымушаны самі шукаць новыя падыходы да асэнсавання фальклорных з’яў, бо рыхтуем спецыялістаў для заўтрашняга дня, а не для пазаўчарашняга. Навуковы супрацоўнік можа дазволіць сабе ўсё жыццё займацца вывучэннем любімага жанру, мы – не. Нам ужо цяпер трэба разбураць у студэнтаў стэрэатыпы ўспрымання розных фальклорных жанраў, закладзеныя школай і сродкамі масавай інфармацыі, а здабыць яе можна толькі пры ўмове змяшчэння іх у нязвыклыя каардынаты.

Вось чаму нам даводзіцца займацца рознымі тэмамі, жанрамі, праблемамі, каб дадаць у лекцыі тое, чаго яшчэ няма ў падручніках. Вось чаму ў назве кнігі ўжыта слова «калейдаскоп».

Шчыра кажучы, з-за стракатасці матэрыялу мне было даволі цяжка скласці зборнік так, каб ён набыў прыстойны выгляд, пэўную структурнасць, бо некаторыя артыкулы па сваёй праблематыцы прыдатны для розных раздзелаў. Я да канца не ўпэўнена, што ўсё ўдалося, што змест раздзелаў дакладна адпавядае іх назвам, – калейдаскоп ён і ёсць калейдаскоп.

Хаця ў кожны артыкул укладзены ў нечым новыя меркаванні, не трэба думаць, што тут сказана ўсё. Будучыя тэарэтычныя і метадалагічныя адкрыцці паставяць на парадак дня новыя задачы. Навуковы калейдаскоп бясконцы. Дадзеная кніга толькі адзін з яго ўзораў, можа, не самы лепшы, не самы прыгожы, не самы мудрагелісты, але які ўжо ёсць. Спадзяюся на прыхільнае стаўленне да яе зацікаўленых чытачоў. Добра, калі ў вас з’явіцца жаданне паспрачацца са мною – магчымасцей цяпер шмат.

Я вельмі ўдзячна сваім калегам і вучням кандыдатам філалагічных навук Вользе Прыемка, Таццяне Марозавай, Таццяне Лук’янавай за бескарыслівую дапамогу ў падрыхтоўцы зборніка да выдання, слушныя парады і рэкамендацыі. Яны – мае заўсёдныя натхняльнікі, надзейныя суддзі і дарадчыкі, без іх падтрымкі я б мала на што рашылася.

Асаблівая падзяка майму ўнуку Аляксею Кавалёву – аднадумцу і памочніку, які ўзяў на сябе частку клопатаў па камп’ютэрным наборы артыкулаў, а два з іх – пра міфалогію анімалістычнай казкі і вобраз цара – яму, будучаму педыятру, нават спадабаліся.

Жадаю ўсім шчасця, радасці, добрай долі.

Р. М. Кавалёва



Раздзел 1

Слова пра Р. Р. Шырму

Постаць Р. Р. Шырмы-фалькларыста


Напачатку 2007 г. споўнілася 115 гадоў з дня нараджэння Рыгора Раманавіча Шырмы (8(20).1.1892, в. Шакуны Пружанскага раёна – 23.3.1978).

Постаць Р. Р. Шырмы прыкметна вылучаецца на фоне яго сучаснікаў. Нястомны збіральнік беларускага фальклору, удумлівы этнамузыказнаўца і фалькларыст, уважлівы ўкладальнік зборнікаў народных песень – як ва ўласных запісах і нотных расшыфроўках, так і ў апрацоўках для практычнай дзейнасці прафесійных і аматарскіх калектываў, заснавальнік шматлікіх хораў з беларускім песенным рэпертуарам, заснавальнік і кіраўнік Акадэмічнай харавой капэлы, якая цяпер носіць яго імя, педагог, публіцыст, грамадскі дзеяч… І ўсё гэта адзін чалавек – Рыгор Раманавіч Шырма, сапраўдны беларускі інтэлігент, патрыёт, усёй душою адданы Радзіме і беларускай песні, высокія эстэтычныя вартасці якой ён падкрэсліваў у сваіх артыкулах і практычна дэманстраваў праз выступленні капэлы. Яе канцэрт у Маскве ў дні другой дэкады беларускага мастацтва і літаратуры (1955) настолькі ўразіў Аляксандра Фадзеева, які слухаў па радыё выступленне гэтага цудоўнага хора, што ён з захапленнем пісаў: «Вы – вялікі і сапраўдны майстар, дарагі Рыгор Раманавіч. Канечне, калектыў, створаны Вамі, – гэта з’ява значная і незвычайная, гэта, безумоўна, адзін сярод першых, дзесьці ў першай пяцёрцы сярод харавых калектываў нашай краіны, такой багатай на хоры».

Праз песню Р. Р. Шырма здолеў паказаць душу беларускага народа, яго жывую гісторыю. У сваёй дзейнасці ён імкнуўся да таго, каб «вывучыць тыя асаблівасці творчага народнага калектыву, якія не даводзяцца разважаннямі, а заўсёды паказваюцца ў мастацкіх формах». Гэтая думка маэстра асабліва блізкая пазіцыі фалькларыстаў-філолагаў, якія зыходзяць з меркавання, што фальклор – перш за ўсё мастацтва слова, сінкрытычна спаянага з напевам у лірычных жанрах вуснай народнай творчасці.

Фалькларысты Белдзяржуніверсітэта захоўваюць удзячную памяць аб Рыгору Раманавічу Шырме, цудоўным чалавеку, які, нягледзячы на велізарную занятасць, знаходзіў час, каб сустрэцца са студэнтамі і выкладчыкамі філалагічнага факультэта. Ужо ў дзевяты раз прайшлі на факультэце рэспубліканскія навуковыя чытанні ў гонар Р. Р. Шырмы, матэрыялы якіх складаюць аснову штогадовых зборнікаў «Фалькла-рыстычныя даследаванні». Ад студэнта да доктара навук – такі дыяпазон іх аўтараў. Адначасова, 29-30 лістапада 2007 г., адбылася IV Міжнароднаая навуковая фальклорна-этналінгвістычная канферэнцыя, прысвечаная 115-годдзю з дня нараджэння Шырмы «Фальклорная спадчына Р. Шырмы і Г. Цітовіча: вопыт збіральніцкай, навуковай і папулярызатарскай дзейнасці ў кантэксце праблем адраджэння традыцыйнай культуры вёскі», у якой удзельнічалі даследчыкі фальклору з блізкага і далёкага замежжа.

Цесная сувязь Рыгора Раманавіча з БДУ выразна акрэслілася напрыканцы 60-х гг. Паводле ўспамінаў доктара філалагічных навук прафесара В. П. Рагойшы, які справядліва назваў Р. Р. Шырму ахоўнікам душы народа, ён разам з двума сябрамі-аднакурснікамі некалькі месяцаў запар дапамагаў маэстра ў падрыхтоўцы першага тома знакамітага шырмаўскага збору «Беларускія народныя песні». Студэнты сістэматызавалі, перапісвалі і вычытвалі рукапісы тэкстаў, пазней чыталі карэктурныя адбіткі, рабілі розныя паказальнікі.

Дзякуючы Р. Р. Шырме ў БДУ напрыканцы 60-х гг. акрэслілася доўгатэрміновая праграма лакальна-рэгіянальнага вывучэння беларускага фальклору. Расказваючы пра фальклор Пружаншчыны, ён натхніў універсітэцкіх фалькларыстаў на першачарговае збіранне і вывучэнне традыцыйнай палескай культуры. Ужо летам 1968 года на яго роднай Пружаншчыне працавалі тры студэнцкія групы. Зусім невыпадкова кніжная серыя «Беларускі фальклор у сучасных запісах» распачалася рэпрэзентацыяй запісаў, зробленых на тэрыторыі роднага краю Р. Р. Шырмы – Заходняга Палесся. Вялікім гонарам стала згода Рыгора Раманавіча рэдагаваць першае выданне рэгіянальнага фальклору «Беларускі фальклор у сучасных запісах. Традыцыйныя жанры. Брэсцкая вобласць» (Мінск, 1973). Рыгор Раманавіч вельмі ўважліва прачытаў зборнік, выправіў недарэчнасці ў тэкстах, унёс карэктывы ў назвы раздзелаў, структуру зборніка, напісаў да яго прадмову. Яму было ўжо пад 80 гадоў, але трэба было бачыць, з якой цікавасцю Рыгор Раманавіч ставіўся да агульнай працы, наколькі тактоўна выказваў заўвагі, даваў парады. Заварожвалі самі гукі яго голасу з мяккай акцэнтацыяй палескай гаворкі.

Р. Р. Шырма паўплываў на лёс і лад думак Васіля Ліцьвінкі, таксама палешука, родам з в. Верхні Церабяжоў, што на Століншчыне. Малады ўніверсітэцкі фалькларыст быў у захапленні ад Рыгора Раманавіча, якога ён потым усё жыццё лічыў сваім настаўнікам. З вялікай адказнасцю паставіўся Васіль Дзмітравіч да ўкладання кнігі Р. Р. Шырмы «Песня – душа народа» (Мінск, 1976; навуковае рэдагаванне Н. Гілевіча), дзе былі сабраны артыкулы і рэцэнзіі, апублікаваныя на працягу 45 гадоў, пачынаючы з 1929 г. (перавыданне – 1993 г.).

У 1984 г. В. Д. Ліцьвінка паспяхова абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Р. Р. Шырма – фалькларыст». Як і Р. Р. Шырма, ён лічыў папулярызацыю беларускага фальклору найгалоўнейшай задачай. Узначальваючы навукова-даследчую лабараторыю беларускага фальклору, Васіль Дзмітравіч не стамляўся нагадваць пра запавет настаўніка збіраць, захоўваць і, галоўнае, усімі сродкамі папулярызаваць беларускую народную песню, бо вывучаць сабранае могуць наступныя пакаленні даследчыкаў.

Свае погляды на фальклор Р. Р. Шырма выказваў не толькі прама – у артыкулах, выступленнях, дакладах, прадмовах, але і ўскосна – праз структурную канфігурацыю зборнікаў, адбор тэкстаў, іх класіфікацыю, размяшчэнне, заўвагі. Напрыклад, ён лічыў прынцыпова важным друкаваць каляндарна-абрадавыя песні, пачынаючы не з калядак, як гэта звычайна рабілася, а з вяснянак, бо ў народным святочным календары вясна трывала звязвалася з пачаткам новага года – дадатковым пацверджаннем для Р. Р. Шырмы паслужылі радкі валачобных песень, дзе веснавыя святы заўсёды, за рэдкім выключэннем, называюцца сярод гадавых першымі. Гэтай думкі прытрымліваўся і В. Дз. Ліцьвінка. Раздзел «Абрадавая паэзія» ў зборніку «Беларускі фальклор у сучасных запісах. Традыцыйныя жанры. Мінская вобласць» (Мінск, 1995), дзе ён быў адным з укладальнікаў, пачынаецца якраз з «Веснавых песень».

Вельмі шкада, што шырмаўская спадчына – цалкам ці ў асобных частках – не атрымоўвае належнай увагі. Задумаемся над фактам: на працягу апошніх пятнаццаці гадоў у часопісе «Роднае слова» не было ніводнага артыкула пра Шырму. Вядома, яго запісы выкарыстоўваліся ў зводзе «БНТ», але там яны губляліся сярод іншых. А між тым цэласны аналіз зборнікаў Р. Р. Шырмы як своеасаблівай калекцыі, «экспанаты» якой размешчаны згодна з воляй укладальніка, адкрывае новыя гарызонты для больш глыбокага вывучэння дзейнасці і поглядаў Шырмы, дазваляе лепш зразумець лад думак нашага славутага суайчынніка, які ўзбагаціў беларускую навуку дакладнымі запісамі песень у адзінстве слова і напеву. Па сутнасці, ён праклаў шлях для наступнага пакалення этнамузыказнаўцаў, сярод якіх асабліва вылучаюцца З. Я. Мажэйка, В. І. Ялатаў, Л. П. Касцюкавец, У. І. Раговіч, Т. Б. Варфаламеева, Г. В. Таўлай.

Вяртанне да надрукаванага Р. Р. Шырмам уяўляе сабой зваротны рух па вектары часу, асэнсаванне ці пераасэнсаванне зробленага ім дзякуючы асацыяцыям з сучасным станам рэпрэзентацыі фальклору – асацыяцыям рознага віду: па падабенству, па сумежнасці ці кантрасту. Неабходнасць кантэксту заключаецца ў тым, шо на яго фоне лепш відаць, наколькі ўнікальнай была постаць Шырмы, наколькі шырокай і шматграннай была яго дзейнасць, наколькі вызначальнымі для далейшага развіцця фалькларыстыкі і этнамузыказнаўства былі яго прынцыпы, інтарэсы, ідэйныя пазіцыі.

Р. Р. Шырма быў адным з нямногіх фалькларыстаў, хто свабодна выказваў думкі, якія разыходзіліся з пануючымі. Толькі цяпер у поўнай меры зразумела, наколькі заслугоўвае павагі навуковая пазіцыя Шырмы ў дачыненні да каляндарна-абрадавай паэзіі. У часы трыумфальнага шэсця т. зв. тэорыі працоўнага паходжання каляндарных свят, абрадаў і іх паэзіі, прапанаванай У. І. Чычаравым, Рыгор Раманавіч у адрозненне ад многіх фалькларыстаў не спяшаўся катэгарычна адмаўляцца ад папярэдніх навуковых думак. У ледзь не аднадушным хоры прыхільнікаў матэрыялістычнага падыходу да разумення генезісу абрадавай лірыкі яго голас не згубіўся. Р. Р. Шырма заставаўся на пазіцыі шматбаковага разгляду каляндарнай абраднасці ў сукупнасці яе жыццёвых вытокаў, псіхалагічнага напаўнення, адмысловай функцыянальнасці і міфалагічнага падмурку. На прыкладзе веснавой абраднасці ён паказаў, наколькі важна прымаць у разлік міфалагічны кампанент каляндарнай святочнай культуры: «Нашы далёкія продкі ладзілі спецыяльныя святы ў гонар вясны. Адно з такіх святаў называлася радаўніцай. Людзі ў дзень гэтага свята радаваліся, што прайшла зіма і настае вясна. Святкаванне пачыналася праводжаннем міфічнай багіні зімы і закліканнем багіні вясны. Пазней на радаўніцу паміналі памёршых».

Так пісаў Р. Р. Шырма ў прадмове да трэцяга тома «Беларускіх народных песень» (Мінск, 1962). І няхай скептыкі скажуць, што ў выказванні няма ніякага навуковага адкрыцця, што этымалогія тэрміна «радаўніца» не вытрымлівае крытыкі, але і яны мусяць пагадзіцца з узважанасцю думак аўтара, іх відавочным суладдзем. І справа тут не так у змесце працытаванага ўрыўка, а ў пазіцыі Р. Р. Шырмы. Гэта цяпер міфалагічная праблематыка стала адным з прыярытэтных фалькла-рыстычных напрамкаў, а ў 1962 г. зварот да вывучэння міфалагізму абрадавай лірыкі лічыўся нават не навуковым анахранізмам, а адхіленнем ад магістральнай лініі савецкай навукі аб народнай творчасці.

Чаму яшчэ так важна вяртацца да шырмаўскай спадчыны, аналізу яго зборнікаў, нават запісаў асобных твораў? Без гэтага немагчыма па-сапраўднаму ведаць гісторыю беларускай фалькларыстыкі. Амаль 14 старонак прысвяціў Р. Р. Шырме аўтар кнігі «Беларуская савецкая фалькларыстыка» (Мінск, 1987) А. С. Фядосік. «Нельга пераацаніць велізарны ўклад, які ўнёс у беларускую фалькларыстыку народны артыст СССР Рыгор Раманавіч Шырма», – так пачаў слова пра Шырму А. С. Фядосік, дзякуючы якому мы маем ўяўленне аб развіцці навукі аб вуснай народнай творчасці ў савецкі час. Праўда, аўтар не сказаў ні слова пра тыя праблемы, з якімі сутыкаўся Р. Р. Шырма на практыцы. Мы разумеем прычыны існавання лакун у гістарычных даследаваннях, але даўно надышоў час запоўніць іх.

На жаль, часам і Рыгор Раманавіч Шырма, найвядомейшы ў рэспубліцы чалавек, быў безабаронны перад знешнім ціскам, ідэалагічным у тым ліку, і вымушаны ісці на ўступкі, каб справа яго жыцця – чатырохтомнае выданне беларускіх песень – убачыла свет. Толькі адзін прыклад. У «Фалькларыстычных даследаваннях» (вып. 3; Мінск, 2006) прафесар БДАМ Л. П. Касцюкавец змясціла артыкул «Псальма о святом Юрии и цмоке, записанная Р. Р. Ширмой», у якім паведаміла са спасылкай на словы самаго Р. Р. Шырмы шакіруючы факт: у трэцім томе «Беларускіх народных песень» ён быў вымушаны замест запісанай і расшыфраванай псальмы «Былі людзі няверныя», дзе канфлікт адбываўся па лініі веры, змясціць пад нотным прыкладам іншую версію сюжэта – «Даўно, даўно тое было», пазбаўленую хрысціянскіх элементаў. Падчас размовы з Л. П. Касцюкавец Р. Р. Шырма дазволіў ёй перапісаць сапраўдны тэкст псальмы, і цяпер мы маем магчымасць з ім пазнаёміцца. Музыказнаўца Л. П. Касцюкавец адзначыла тое, міма чаго праходзілі фалькларысты-філолагі: відавочную неадпаведнасць рытмікі надрука-ванай псальмы нотнай расшыфроўцы, звязанай з тэкстам іншай будовы.

Разам з тым, як можна пераканацца, у зборніках Р. Р. Шырмы змешчаны сапраўды ўнікальныя тэксты і варыянты. Некаторыя ўтрымліваюць матывы, зафіксаваныя толькі ў яго запісах, што дае прастору для шэрага новых інтэрпрэтацый, больш глыбокага ўсведамлення мастацкага зместу твораў, лепшага разумення асноў міфапаэтыкі. Запісы Р. Р. Шырмы – той універсум, дзе кожны даследчык знойдзе цікавы аб’ект аналізу, іншая справа, ці гатовы мы ўбачыць яго спадчыну ў новым ракурсе, ці падрыхтаваны да таго, каб сказаць пра яе новае слова, ці здольны данесці да слыху шырокіх колаў грамадскасці, наколькі гэта важна для духоўнага здароўя нацыі – памятаць пра тых, хто паклаў жыццё, каб спыніць імгненне, зафіксаваць і тым самым захаваць для наступных пакаленняў скарбы беларускай народнай творчасці.

Кожны зборнік «Фалькларыстычных даследаванняў» – наша даніна павагі Рыгору Раманавічу Шырме за яго пачэсную працу.


  1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   29


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка