Нараджэнне свету (касмагоніiя) ІI багоў (тэагоніiя)




старонка1/3
Дата канвертавання07.02.2017
Памер0.61 Mb.
  1   2   3
НАРАДЖЭННЕ

СВЕТУ (КАСМАГОНІIЯ) ІI БАГОЎ (ТЭАГОНІIЯ)

Міфалагічнае мысленне грэкаў развівалася разам з развіц-цём абшчынна-родавай фармацыі, і міфалогія іх пачыналася зусім не з тых велічных і прыгожых багоў, да якіх прызвычаілася наша свядомасць. Яна пачыналася з неспакойнага, смутнага свету, у якім не было яшчэ ні багоў, ні герояў.

Першы перыяд грэчаскай міфалогіі звязаны з матрыярхальнародавым ладам: яго карані хаваюцца ў сівой даўніне тысячагоддзяў. Гэтую найстаражытнейшую міфалогію называюць даалімпійскай, альбо дакласічнай. Нягледзячы на тое, што высачэзная гара, якая мела найменне Алімп і знаходзілася ў Фесаліі, існавала спрадвеку, яна яшчэ не была заселена сям'ёй алімпій-скіх багоў. Гэта і зразумела: яшчэ не прыйшла пара патрыярхату. Даалімпійская міфалогія — дакласічная, бо росквіт міфалогіі адбудзецца разам з фармаваннем алімпійскага пантэона.

Даалімпійскі перыяд грэчаскай міфалогіі акрэсліваецца яшчэ такімі тэрмінамі, як "хтанічны" (грэч. сhtonos — зямля). Зямля ўспрымалася агульнай маці, што ўсіх нараджала і карміла; "фетышысцкі" — абагаўляліся ідалы (прадметы з дрэва, гліны, розныя талісманы-фетышы); "тэратаморфны" (грэч. teras — пачвара, цуд; morphe — выгляд) — прырода ўспрымалася старажытным чалавекам як нешта дысгарманічнае, пачварнае, жахлівае.

Архаічны чалавек зліваўся з навакольным светам. Ён не мог супрацьпаставіць сябе прыродзе, не бачыў істотнай розніцы паміж сабой і зверам. Таму і ўласцівы даалімпійскай міфалогіі міксантрапічныя (лац. mixtus — змешаны; грэч. anthropos — чалавек) формы: гіганты, Тыфон, сірэны, гарпіі... Нашчадкі маці-Зямлі спалучалі жывёльны выгляд з рысамі чалавека. Асабліва пачварныя і мудрагелістыя былі істоты жаночага роду, што тлумачылася матрыярхальнай асновай архаічнай міфалогіі. Так, Эхідна ўяўляла сабой стракатую змяю з тварам прыгожай быстравокай дзяўчыны. Яна прынаджвала падарожнікаў і душыла іх у кольцах свайго змяінага цела. Таму і адбываюцца ў даалімпійскай міфалогіі розныя ператварэнні (ад грэч. metamorphosis): адна істота ператвараецца ў другую. Працэс пера-тварэнняў (метамафоз) будзе адыгрываць вялікую ролю ў міфалогіі перыяду класікі.

Адметная рыса даалімпійскай міфалогіі — панаванне ў свеце бязладдзя, несуразмернасці, дысгармоніі. На этапе збіраль-ніцтва і палявання прыроднае жыццё ўспрымалася чалавекам як бязладны, смутны ход падзей і з'яў. Галоўны ўнутраны сэнс старажытнай міфалогіі звязаны з працэсам ператварэння стану неўпарадкаванасці, бязладдзя (хаосу) у арганізаваны космас.


Элінам было вядома некалькі міфалагічных версій утварэння Свету, якія з'явіліся раней за навуковыя касмаганічныя тэорыі філосафаў (Фалеса, Анаксімандра, Геракліта, Дэмакрыта, Эпікура і інш.). Гэта перш за ўсё касмічны працэс, апісаны старажытна-грэчаскім паэтам-філосафам VII ст. да н. Х. Гесіёдам у яго эпічнай паэме "Тэагонія". Яшчэ адно тлумачэнне нараджэння свету належала прадстаўнікам арфічнага рэлігійнага вучэння, якія лічылі сваім заснавальнікам міфічнага фракійскага паэта Арфея. Арфічны міф аб нараджэнні Сусвету з яйка і перыядычным яго абнаўленні дайшоў да нас у фрагментах, як і пелазгійскі (даэлінскі) міф утварэння, што распавядаў пра першых уладароў Алімпа — Эўрыному і Афіёна.

ЭЎРЫНОМА І АФІЁН

Багіня ўсяго існага Эўрынома паўстала з Хаосу і адчула, што няма нічога, на што яна магла б абаперціся. Тады яна аддзяліла ад мора неба і распачала свой адзіночны танец над марскімі хвалямі. У танцы Эўрынома рухалася ў бок поўдня, а за яе спіной усчынаўся вецер. Злавіла багіня той вецер, сціснула яго ў сваіх далонях — і з'явіўся перад яе вачыма вялікі змей Афіён. Каб сагрэцца, хутчэй закружылася ў сваім шалёным танцы Эўрынома, абудзіла страснае жаданне Афіёна, і ён абвіўся вакол багіні сваім змеепадобным целам. Эўрынома ператварылася пасля гэтага ў галубку, села на хвалю і праз які час знесла Сусветнае яйка. А Афіён па яе просьбе абкруціўся сем разоў вакол гэтага яйка і выседжваў яго да таго часу, пакуль яно не раскалолася на дзве палавіны. І з'явілася з яго ўсё тое, што існуе на свеце: сонца, месяц, зоркі, планеты, зямля і яе горы, рэкі, дрэвы, травы і жывыя істоты.
Шмат у якіх міфалогіях утварэнне космасу ўяўлялася як развіццё з яйка. У егіпецкіх міфах з яго выходзіў бог сонца Ра, у вавілонскіх — "уладарка багінь" Іштар у абліччы галубкі, у арфічных міфах — Эрас (бог кахання, пра якога размова пойдзе ніжэй). Праславяне ўяўлялі зямлю ў выглядзе жаўтка, які быў акружаны з усіх бакоў вадой, як бялком. (Індаеўрапейскія народы надалі яйку міфічнае значэнне, бо яно заключае ў сабе зародак будучага жыцця). У розных міфалогіях існавала сіла, якая прыводзіла жыццё ў рух: у пелазгійскім міфе — змей Афіён, у элінскіх міфах — Эрас.

Касмаганічныя сістэмы амаль усіх міфалогій маюць падобную структуру: тры галоўныя часткі Свету — Зямля, Падзем'е, Неба. І ў прыведзеным міфе пелазгаў таксама: за тое, што Афіён абвясціў сябе творцам Свету, абураная Эўрынома скінула яго ў змрочныя падземныя пячоры.

Касмагонія Гесіёда — складаная, разгорнутая сістэма космасу, у якім няспынна і бясконца адбываюцца працэсы нараджэння, стварэння і знішчэння, пагібелі — працэсы жыцця і смерці.

ПАЧАТАК УСЯГО (ПА ГЕСІЁДУ)

Гесіёд назваў чатыры магутныя стыхіі (першапатэнцыі) — Хаос, Гею, Эрас і Тартар, якія паклалі пачатак усяму, спарадзілі Сусвет. Акрамя Геі-Зямлі, яны былі вельмі таямнічымі, цьмянымі. Гэта пазней Хаос з'явіцца сімвалам усяго бязладнага і блытанага, Эрас ператворыцца ў прыгожага юнака — сына Афрадыты, а ў Тартар, як у жахлівае месца пакарання, багі-алімпійцы будуць скідваць вялікіх грэшнікаў. Спачатку ж было інакш.

Спачатку існаваў Хаос як вечная, бязмежная, бясформенная прастора. Услед за ім з'явілася Гея-Зямля, а ў яе нетрах глыбока залягаў змрочны Тартар. Эрас, як Хаос і Тартар, не меў пэўнага аблічча: ён быў магутнай дзеючай сілай, што ўсё прыводзіла ў рух і спрыяла шлюбным саюзам.

З Хаоса, як з бездані, выйшлі Змрок — Эрэб і Ноч — Нікта. Ад іх шлюбу з'явіліся светлы Эфір і радасны Дзень (Гемера). Эліны ўраўнаважылі такім чынам царства Ночы яе ж параджэннем — светлай дачкой Гемерай. Сярод самых жахлівых дзяцей Ночы — Танат, які ўвасобіць смерць, Эрыда, што з'явіцца ўвасабленнем разладу, сваркі, Немесіда — жорсткай кары.

Шырока раскінула сваё магутнае жыватворнае цела маці-Зямля і нарадзіла роўную сабе бязмежную прастору — блакітнае неба Уран. Не быў, падобна Урану, спрадвечным і Понт, шумнае Мора: яго таксама нарадзіла адна, без усялякай дапамогі, Зямля, а яшчэ з яе нетраў выйшлі на свет Горы, пакрытыя лясамі. Яны былі жытлом для вялікай колькасці німфаў, якія ўвасаблялі розныя з'явы прыроды — крыніцы, рэчкі, дрэвы...

Уран-Неба і Гея-Зямля — бацькі першага пакалення багоў, якія зваліся тытанамі. Гэта былі дванаццаць бессмяротных, суровых істот: шасцёра братоў — Акіян, Кой, Крый, Гіперыён, Япет, Кронас (Крон) і шэсць сясцёр — Тэя, Рэя, Феміда, Мнемасіна, Феба, Тэфія. Яны бралі паміж сабой шлюб і нараджалі знакамітых нашчадкаў. Старэйшы з тытанаў Акіян — глыбокі паток, які абмываў Зямлю, — у шлюбе з Тэфіяй спарадзіў усе рэкі, а таксама даў жыццё тром тысячам Акіянід — німфаў вадзяных крыніц. Гіперыён стаў бацькам Сонца — Геліяса, Зары — Эас, Месяца — Селены. Япет уславіў сваё імя сынамі: Атлантам, якому выпала доля выконваць цяжкую працу — трымаць на сваіх магутных плячах увесь нябесны купал, і Праметэем, высакародным выратавальнікам чалавецтва. Тытаніда Мнемасіна ўвасобіла ў сабе памяць, а Феміда — справядлівасць. Пазней Мнемасіну будуць шанаваць як багіню памяці (гэта яна народзіць дзевяць цудоўных Музаў), а Феміду — як багіню права і законнага парадку, маці багінь лёсу Мойраў. Самы ж малодшы і самы моцны тытан Кронас і яго жонка Рэя нарадзілі дзяцей, якія з цягам часу набудуць вялікую ўладу і аўтарытэт ва ўсім свеце. Гэта багі-алімпійцы Пасейдон, Аід (Гадэс), Гестыя, Дэметра, Гера і Зеўс.

Дзецьмі Урана і Геі былі не толькі тытаны, а і кіклопы (цыклопы) — волаты з адным бліскучым вокам пасярод ілба. Іх было тры: Бронт — Гром, Стэроп —Бліскавіца і Арг — Пярун. Як сведчаць гэтыя імёны, кіклопы ўвасаблялі прыродныя стыхіі, што страшылі першабытных людзей. А яшчэ Гея нарадзіла ад Урана трох агромністых гекатанхейраў — старукіх Брыарэя, Кота і Гіеса, жахлівых сваёй неадольнай сілай.

Жахнуўся пачварнаму выгляду, дзікай лютасці сваіх дзяцей Уран і насуперак бацькоўскім пачуццям скінуў іх у Тартар. Тартарава бездань распасціралася так далёка пад зямлёй, што медная кавадла, якая ляцела з неба на зямлю дзевяць дзён, столькі ж часу была ў лёце ад паверхні зямлі да глыбінь Тартара, і выбрацца адтуль не было ніякай магчымасці.

Разгневалася Гея на Урана за тое, што ён так жорстка абышоўся з дзецьмі (па іншай версіі — за тое, што стамілася нара- джаць), пачала скардзіцца на яго сваім сынам-тытанам і падбухторваць іх супраць бацькі. Але на помсту Урану пагадзіўся толькі малодшы з тытанаў — дзёрзкі Кронас. Ён атрымаў ад маці чара- дзейны стальны серп, падпільнаваў бацьку Урана ўначы і скалечыў так, што той назаўсёды пазбавіўся мажлівасці мець дзяцей. З крыві Урана нарадзіліся багіні помсты — Эрыніі.

ЗВЯРЖЭННЕ КРОНАСА

Захапіўшы ўладу ў свае рукі, Кронас паводзіў сябе вельмі асцярожна і падазрона, бо разважаў: калі ён скінуў з прастола свайго бацьку, дык чаму ж не зрабіць тое ж самае яго™ дзецям — Кранідам, тым больш што Уран і Гея прадказвалі яму гэта. Каб засцерагчы сябе, вырашыў Кронас праглынуць сваіх дзяцей... і праглынуў усіх пяцёх, па парадку, як яны нараджаліся. (Народная этымалогія зблізіла імя Кронас з найменнем часу — Хронасам. Адсюль — усёпаглынаючы час).

Вельмі пакутавала маці няшчасных дзяцей тытаніда Рэя. І калі на свет з'явілася шостае дзіця — Зеўс, яна адправілася на востраў Крыт і схавала яго там у пячоры. Цяпер заставалася ашукаць мужа, і Рэя, спавіўшы замест дзіцяці камень, падсунула яго вераломнаму Кронасу. Той праглынуў, ні аб чым не здагадаўшыся.

Выратаваны маленькі Зеўс хутка рос пад наглядам пяшчотных німфаў і пад аховай служыцеляў Рэі — юнакоў курэтаў і карыбантаў, якія ўдарамі медных шчытоў і бразганнем зброі заглушалі дзіцячы плач, каб не дайшоў ён да вушэй Кронаса. Німфы выкармілі Зеўса мёдам пчаліных сотаў, крынічнай вадой і малаком казы Амалтэі. Калі аднойчы Амалтэя па неасцярожнасці зламала рог, Зеўс блаславіў яго, ператварыўшы тым самым у "рог дастатку", з якога выліваліся ежа і піццё ў невычарпальных колькасцях.


Рог як сімвал дастатку з'явіцца атрыбутам багінь Цюхэ і Эйрэны. Цюхэ (у рымскай міфалогіі Фартуна) — багіня лёсу, выпадку, шчаслівага ці няшчаснага року, бо раптоўна магла мяняць лёс. Эйрэна — багіня міру, двайніком якой у Рыме была багіня Пакс. Каза Амалтэя, аб якой заўсёды клапаціўся Зеўс, засталася карыснай для яго нават пасля сваёй смерці. Са скуры Амалтэі Гефест вырабіў для Зеўса шчыт, які не магла прабіць ніякая зброя. Гэты шчыт назвалі эгідай — ад слова "каза" (у пераносным сэнсе эгіда — абарона, апякунства). А яшчэ ў старажытнасці распавядалі, што Зеўс падняў Амалтэю на неба, ператварыўшы ў зорку Капэла.
Калі Зеўс узмужнеў і адчуў у сабе магутныя сілы, ён пачаў рыхтавацца да рашаючай барацьбы з бацькам Кронасам і тытанамі, бо з маўклівай згоды тых Кронас знішчыў яго братоў і сясцёр і захапіў уладу. Не засталося непакараным дзеянне Кронаса — набліжалася эпоха, у якой замест стыхіі запануюць парадак і маральны закон, і абаронцам іх з'явіцца адзін з Кранідаў — Зеўс-Грамавержац.

Прыслухаўся Зеўс да парады мудрай акіяніды Метыды (грэч. metis — думка) і прымусіў бацьку адрыгнуць праглынутых дзяцей. Ізноў убачылі свет маладыя і прыгожыя багі, браты і сёстры Зеўса — Аід, Пасейдон, Гера, Дэметра, Гестыя. Яны перадалі першынство Зеўсу, выбралі сваім жытлом вяршыню высачэзнай гары Алімп (таму сталі называцца алімпійцамі) і выступілі супраць улады тытанаў і Зямлі.

На бок Зеўса і багоў-алімпійцаў перайшоў старэйшы тытан Акіян, а таксама сын Япета Праметэй. Мудрэйшыя за іншых сваякоў-тытанаў, яны прадбачліва падтрымалі Зеўса, бо зразумелі: будучае за ім, за тымі багамі, якія ўдасканаляць свет, супрацьпаставіўшы грубай сіле розум і меру. Празорлівы Праметэй разам з маці Фемідай спрабаваў пераканаць тытанаў, угаворваў іх дзейнічаць хітрасцю, а не сілай:

Калі адны хацелі скінуць Крона,

Каб валадарыў Зеўс, а іншыя,

Наадварот, імкнуліся да ўлады

Яго не дапусціць — я ў гэты час

Даваў сынам Зямлі й Нябёс, тытанам Патрэбныя парады, а не змог

Пераканаць іх. Поўныя адвагі,

Яны без хітрасцей запанаваць

Хацелі сілаю адной сваёю.

Эсхіл ("Прыкуты Праметэй".

Пераклад Л. Баршчэўскага)

ТЫТАНАМАХІЯ І ГІГАНТАМАХІЯ

Дзесяць гадоў цягнулася вялікая бітва паміж багамі і тытанамі (тытанамахія). На дапамогу сабе і алімпійцам Зеўс вызваліў з Тартара кіклопаў і старукіх волатаў. Удзень і ўначы кіклопы кавалі перуны і маланкі, якія ён без перапынку кідаў у ворага. Старукія асілкі адломлівалі ад гор цэлыя скалы і скідвалі іх на галовы тытанаў. Палала зямля, гарэлі лясы, кіпела вада ў морах і рэках... Не вытрымалі такога націску тытаны і былі зрынутыя ў бездань Тартара. А ахоўваць іх, закаваных у ланцугі, было даручана старукім.

Акрамя Акіяна і Праметэя Зеўсу дапамагала акіяніда Стыкс з дзецьмі. Удзячны грамавержац з тае пары не расставаўся з яе дачкой Нікай — Перамогай, якая стала яго вечнай спадарожніцай, і зрабіў так, што самай святой для багоў клятвай была клятва водамі Стыкс, што спадалі са скалаў падземнага свету.

Як раней Уран, адышоў у небыццё і Кронас. Але багоў чакала новае выпрабаванне. Супраць іх паўсталі сыны Геі — гіганты. Гея вырасціла гігантаў у сваіх нетрах з крыві параненага Кронасам Урана. Выгляд гэтых істот быў жахлівы: вялізны рост, доўгія бароды, пакрытае касмылямі цела, а замест ног выгіналіся змеі. Ад рыку гэтых пачвараў, ахопленых разбуральнай, усё знішчаючай лютасцю, здрыгануўся Алімп. Яны кідалі ў неба дрэвы, скалы, цэлыя горы.

Не спужаліся багі-алімпійцы: трэба было ратаваць свет. Гіганты маглі пагасіць Сонца і пахаваць разам з багамі існуючае ўжо ў той час чалавецтва. А калі перамогуць багі, то яны назаўсёды забяспечаць сваё царства і далейшы прагрэс. Усе багі, і Пасейдон таксама, узняліся на Алімп, і пачалася барацьба багоў з гігантамі — гігантамахія.

Жудасны грукат стаяў у паветры. Прарэзвалі неба маланкі Зеўса, кідаў у ворагаў распаленае каменне Гефест, а стрэлы — Апалон, паражаў мячом Арэс, мужна паводзіла сябе багіня-ваіцельніца Афіна... Але, згодна з рокам, багі не маглі знішчыць гігантаў, пакуль не прыйдзе да іх на дапамогу смяротны. Даведалася пра гэта маці гігантаў Гея і кінулася на пошукі чарадзейнай травы, каб выратаваць сыноў ад смерці. Тады Зеўс забараніў свяціць Зары — Эас, Месяцу — Селене і Сонцу — Геліясу, сам зрэзаў тую траву, а Афіна тым часам прывяла Геракла. У саюзе з ім, дужэйшым з усіх смяротных, атрымалі багі перамогу.

Яшчэ больш раззлавалася на алімпійцаў Гея. Злучылася яна са змрочным Тартарам і нарадзіла Тыфона — такую страшэнную пачвару, якой ніколі не было і не будзе на свеце.

ТЫФОН

Супроць багоў паўстаў ён: з сотні пашчаў

Шыпенне чулася і свіст жахлівы,

Быў у вачах агонь Гаргоны страшны.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Цяпер, нямоглы ўжо, ляжыць Тыфон,

Прыціснуты падножжам Этны...

Эсхіл ("Прыкуты Праметэй")

Вялізны Тыфон чапляўся за зоркі, а калі раскідваў рукі, то адна краналася таго месца, дзе ўзыходзіла Сонца, а другая апускалася ў цемру далёкага захаду. Тая частка цела, якая нагадвала чалавечую, парасла пер'ем, а замест ног віліся клубкі змеяў. З вачэй шугала полымя, а з пашчаў драконавых галоў цякла смала. Пусціліся наўцёкі ад гэтага страшыдла багі, ратуючыся ад пра- следавання, ператвараліся ў розных жывёл... Увесь цяжар барацьбы з пачварным Тыфонам узяў на сябе грамавержац Зеўс. Бліскалі маланкі ў яго руках, грукаталі перуны, скаланаліся зямля і нябесны купал... Калі ж Тыфон наблізіўся да Зеўса, той ударыў яго стальным сярпом, тым самым, якім у свой час Кронас скалечыў Урана. Паранены Тыфон праліў столькі крыві, што Фракійская гара стала чырвонай, і з тае пары яе называюць Гемас (грэч.—"крывавая гара"). А калі Тыфон знясілеў, Зеўс прыціснуў яго востравам Сіцылія. І колькі разоў пасля таго той хацеў выбрацца са свайго зняволення, столькі дрыжала сіцылійская зямля, і языкі полымя вырываліся праз кратэр гары Этны.


Тыфон з'явіўся ў элінскай міфалогіі персаніфікацыяй вулканічнай дзейнасці прыроды, спробай яе тлумачэння і разам з тытанамі і гігантамі ўвасобіў прыродныя з'явы, якія страшылі старажытных людзей.

Ёсць меркаванне, згодна з якім міф аб барацьбе багоў з гігантамі з'явіўся паэтычным спараджэннем перамогі алімпійскай рэлігіі над культамі дагрэчаскай эпохі.

Міфалагічныя сюжэты, прысвечаныя тытанамахіі і гігантамахіі, часта выкарыстоўваліся ў мастацтве антычнасці. Славуты старажытнагрэчаскі скульптар V ст. да н. Х. Фідый адлюстраваў момант вайны з гігантамі на шчыце сваёй залатой статуі Афіны, якая знаходзілася ў Парфеноне, храме Акропаля. Гэтая ж тэматыка прысутнічала ў франтоннай акропальскай скульптуры, на фрызах Дэльфійскага храма, упрыгожвала вазавы жывапіс. Сапраўдным цудам мастацтва быў прызнаны помнік II ст. да н. Х.— алтар Зеўса ў Пергаме. Сцэны вайны багоў з гігантамі на яго фрызах уражвалі сваім драматычным пафасам і перадавалі глыбокае філасофскае гучанне міфа: ухваленне багоў і ўвекавечанне іх перамогі як светлых і добрых сіл над цемрай, злом, варварствам, перамогі разумнай арганізаванай сілы над стыхіяй, неўтаймаванасцю. У той час, перыяд элінізму, грэкі атаясамлівалі Тыфона з егіпецкім божышчам смерці і бедстваў Сэтам, які забіў свайго брата Асірыса.

Да вобразаў тытанаў звярталіся ў новы час славутыя жывапісцы (фламандзец П. П. Рубенс у ХVI — XVII ст., немец А. Фейербах у ХIХ ст.); італьянскі кампазітар XIX ст. Дж. Расіні напісаў на гэты сюжэт музычную кантату.


Вялікую перамогу атрымалі багі над сынамі Зямлі, і цяпер ужо не было на свеце тых сіл, якія перашкаджалі б іх уладзе. Усталяваўшы сваё ўладарства, багі пільна сачылі за ўсім, што адбывалася на небе, на зямлі і пад зямлёй, за тым, каб не парушалася суладдзе, якое запанавала ў свеце, каб заўсёды змяняліся дзень і ноч.

Кожную раніцу чацвёрка крылатых коней выносіла калясніцу сонечнага Геліяса, і тады патаналі ў моры зоркі... а на другім баку небасхіла ад'язджала бліскучая Селена... Наперадзе Геліяса заўсёды з'яўлялася зара — Эас.

ГЕЛІЯС

Ужо грукоча брама неба,

Ужо туркочуць колы Феба,

Сонца нам яны вязуць.

Гётэ ("Фаўст".

Пераклад В.Сёмухі)

Геліяс (Гелій) — старажытнае даалімпійскае божышча, сын тытана Гіперыёна і тытаніды Тэі, брат Зары-Эас і Месяца-Селены. Геліяс увайшоў у грэчаскую міфалогію як бог сонца, а ў рымлянаў яму адпавядаў Соль. З V ст. да н. Х. Геліяса пачалі атаясамліваць з Апалонам (Фебам).

Уяўленне старажытных аб Геліясе адлюстравалася ў гамераўскім гімне: прыгожы, магутнага целаскладу, з агнявымі валасамі, у залатым шлеме, з-пад якога глядзелі страшныя вочы, ён увесь зіхацеў бліскучымі промнямі, убраны ў цудоўнае тон- кае адзенне.

Дзень пры дні, на світанку, Геліяс выязджаў са свайго раскошнага палаца, што знаходзіўся на ўсходзе, на залатой калясніцы, у якую была запрэжана чацвёрка агнядышных коней, падымаўся ў нябёсы і аб'язджаў на ёй усю зямлю. Увечары бог сонца апускаўся на захадзе ў Акіян, асвяжаў сябе і коней халодным купаннем, пасля чаго пагружаў іх і калясніцу ў вялізную залачоную чашу і плыў дадому.

Плямёны, якія засялялі паўднёвую мяжу зямлі, называліся эфіопамі. Разам з гіпербарэямі, што жылі на поўначы, яны былі самымі шчаслівымі са смяротных, бо былі мілыя багам. Багі любілі баляваць з эфіопамі ў тым самым месцы, дзе апускаўся Геліяс, каб астынуць і адпачыць. Целы эфіопаў хавалі ў сабе сонечнае цяпло, а край іх патанаў у зялёных палях і пышнай расліннасці.

Геліяс — усёвідушчы: знаходзячыся высока ў небе, ён бачыў учынкі багоў і людзей, і таму да яго часта звярталіся за дапамогай і заклікам у сведкі клятвы.

На востраве Трынакрыя (цяперашняя Сіцылія) пад наглядам дачок Геліяса пасвіліся багатыя статкі яго беласнежных кароў, і не было даравання таму, хто хацеў на іх спакусіцца (па просьбе Геліяса маланка Зеўса ўшчэнт разбіла карабель Адысея, калі яго спадарожнікі парушылі боскую забарону і з'елі некалькі кароў).

Дзеці Геліяса зваліся геліядамі. Ад акіяніды Персеіды ён меў Ээта (калхідскага цара), чараўніцу Кірку, Пасіфаю (жонку крыцкага цара Мінаса). Німфа Рода нарадзіла богу сонца сем дачок, а сястра Персеіды, акіяніда Клімена, — сем дачок і сына Фаэтона.

Фаэтон

Калі сын Феба — Фаэтон

Памчаў адзін на калясніцы,

Калі затым не здолеў ён

Ад небяспекі адрабіцца...

М. Стральцоў ("Фаэтон")

У пошуках бацькі Фаэтон прайшоў землі эфіопаў, прайшоў землі Індыі і спыніўся перад залатым палацам. Увайшоў юнак у вялікую залу, дзе апрануты ў пурпур сядзеў на сваім залатым троне Геліяс у асяроддзі Дзён, Месяцаў, Гадоў і Стагоддзяў. Карона на ім і ўсё навокал так блішчэла і зіхацела, што Фаэтон апусціў вочы, баючыся аслепнуць. І пачаў юнак гаварыць пра сваю пільную справу:

— На зямлі, бацька, з мяне смяюцца, кажуць, што я не сын Сонца. Калі ты мяне любіш, скажы праўду і выканай маё жаданне.

Узрадаваўся Геліяс нечаканай сустрэчы. Ён любіў сына і запэўніў, што ён — яго бацька, а таксама паабяцаў выканаць любое жаданне сына. Тады і папрасіў Фаэтон немажлівага:

— Хоць раз, адзін раз, дазволь, бацька, выехаць на сонечнай калясніцы.

Геліяс ведаў, што для сына гэта пагібель: нават ніводны з багоў не бярэцца кіраваць яго калясніцай, і ён спрабаваў угаварыць юнака:

— Не спяшайся, сын, падумай: мае коні нясуцца як віхар, дый ты не ведаеш дарогі. Варта ад яе адхіліцца, як парушыцца ўсталяваны ў свеце парадак.

Але Фаэтон няўмольны: ён і слухаць не хацеў пра небяспеку, ён даўно марыў пранесціся па небе, хоць на імгненне адчуць, як падпарадкоўваецца яму свет. Адступаць Геліясу позна. Ён даў абяцанне, а багі трымаюць слова.

Бессмяротныя коні адчулі, што імі кіруе не тая рука, няма ў ёй той волі, да якой яны прызвычаіліся, і збочылі з накатанай дарогі. Яны то ўзляталі так высока, што ўспыхвала паветра — боскі Эфір, то апускаліся так нізка, што на зямлі высыхалі рэчкі, дыміліся пакрытыя лясамі горы, і кожная з іх станавілася агнядышным вулканам. Чарнела скура ў эфіопаў, бо кроў жарам прыцягвалася да паверхні іх цел. Зялёныя палі Афрыкі ператвараліся ў пустыню. Перапужаны Ніл уцёк на край зямлі і схаваў галаву... А агорнутая полымем калясніца ўсё ляцела па небе, як шалёная. Застагнала маці-зямля Гея (агнём апякло ёй нутро), звярнулася па дапамогу да Зеўса:

— О, Зеўс! Не дай загінуць усяму жывому! Глядзі, што робіцца ў небе! Яшчэ крыху — і Атлант не ўтрымае нябесны купал на сваіх плячах. Не дай зноў запанаваць Хаосу!

Каб не змярцвела Зямля, каб не парушыўся заведзены багамі парадак, кінуў Зеўс адну са сваіх маланак у сына Сонца. Як зорка, ахопленая полымем, упаў Фаэтон з неба ў рэчку Эрыдан... У глыбокай журбе закрыў свой твар Геліяс і цэлы дзень не з'яўляўся на блакітным небе... Аплаквала загінуўшага юнака яго маці. Доўга былі несуцешнымі яго сёстры Геліяды. Багі ператварылі іх у таполі, і гэта іх слёзы застываюць і становяцца празрыстым бурштынам.
Нашая свядомасць засвоіла міф пра Фаэтона як гімн чалавечай смеласці, чалавечаму імкненню пераадольваць цяжкасці. Такому разуменню паспрыяла паэтычная традыцыя. Але, можа, і няварта забывацца пра непаслушэнства юнака, яго ганарлівасць і нават легкадумнасць, якія ледзь не прывялі да сусветнай трагедыі. "Захоўвай меру", "Нічога залішняга", "Нічога звыш меры", — вучылі элінаў іх філосафы-мудрацы.

Кожны міф як народнае паданне змяшчае ў сабе каштоўную і разнастайную інфармацыю, шматлікія міфы — астральную сімволіку. Магчыма, нейкая буйная з'ява ў прыродзе — незвычайная сонечная актыўнасць альбо падзенне астэроіда — выклікала страшэнны сухмень. Людзі на тым этапе свайго развіцця не маглі рацыянальна растлумачыць падобныя з'явы і прыдумвалі прыгожыя паданні, накшталт міфа аб Фаэтоне, у якіх рэчаіснасць, праўда жыцця злівалася з выдумкай.

Паэтычнасць і трагізм міфа аб Фаэтоне прыцягвалі ўвагу шматлікіх мастакоў. Ён натхняў антычных паэтаў (Эўрыпіда, Авідзія) і скульптараў (захаваліся барэльефы), у новы час — драматургаў Кальдэрона дэ ла Барка і І. В. Гётэ, жывапісцаў, сярод якіх — прадстаўнік італьянскага Адраджэння Я. Тынтарэта і фламандзец П. П. Рубенс, а таксама французскага кампазітара ХIX—ХХ ст. Ш. К. Сен-Санса.

У перыяд позняй антычнасці эліны лічылі Геліяса чужым богам і не ставілі ў яго гонар свяцілішчы. Але было ў Эладзе такое месца, дзе культ гэтага бога заўсёды з'яўляўся галоўным.



Родас. "Калос Радоскі"

Калі багі дзялілі паміж сабой зямлю, нічога не засталося Геліясу: пра яго выпадкова забылі, бо ў той самы час ён аб'язджаў свет на сваёй залатой калясніцы. Тады Геліяс падняў з марскога дна затоплены калісьці востраў Родас, і Зеўс падарыў яму гэтую зямлю. Стаў Геліяс богам, якому радосцы пакланяліся больш за ўсіх іншых багоў, прысвячалі свайму апекуну храмы і алтары.

Узняўся на востраве Родас помнік антычнасці, які ўвайшоў у склад сямі цудаў свету —"Калос Радоскі". Калосамі ў той час называлі статуі, вышыня якіх перасягала чалавечы рост. Радосцы ж захацелі здзівіць увесь антычны свет — і іх скульптару, вучню славутага Лісіпа Харэсу, прыйшлося працаваць над статуяй Геліяса дванаццаць гадоў. Мастак скончыў працу ў 285 г. да н. Х. Гэта была 36-мятровая бронзавая статуя мужчыны, якуя паставілі пры ўваходзе ў гавань на штучным узгорку з белага мармуру. Галаву Геліяса ўпрыгожвала карона з сонечных промняў. Бліскучы бог трымаў у левай руцэ спадаючае пакрывала, а правую прыклаў да ілба, напружана ўглядаючыся ў далечыню.

Статую Геліяса бачылі за шмат кіламетраў да Родаса. Але прастаяла яна менш шасцідзесяці гадоў: Калоса паваліў на зямлю моцны землятрус. Самым слабым яго месцам аказаліся калені, і з'явіўся выраз: "Калос на гліняных нагах". Як пісаў грэчаскі гісторык і географ Страбон, наведаўшы на пачатку новай эры Родас: "Цяпер Калос ляжыць на зямлі... паламаны ў каленях. З-за нейкага прароцтва радосцы больш ужо не паставілі яго". Па іншых звестках, на востраве спрабавалі падняць статую свайго былога апекуна. Нават суседзі хацелі дапамагчы ім у гэтай высакароднай справе, і егіпецкі цар прыслаў некалькі сот талантаў медзі, а таксама майстроў. Але задума гэтая не ажыццявілася: што можна было зрабіць з падобнай аграмадзінай! Рымскага гісторыка і пісьменніка I ст. Плінія Старэйшага асабліва ўразіла тое, што толькі некаторыя людзі маглі абхапіць рукамі вялікі палец паваленай статуі. Цэлае тысячагоддзе праляжаў бронзавы Калос, пакуль у 977 г. арабскі намеснік не прадаў яго нейкаму купцу. Дзевяцьсот вярблюдаў адвозілі рэшткі пятага цуда свету, сляды якога з тае пары згубіліся канчаткова.

Востраў Родас, які знаходзіцца ля паўднёвага ўзбярэжжа Малой Азіі, нараўне з Афінамі і Александрыяй быў адным з цэнтраў элінскай культуры. Там працавалі скульптары Агесандр, Афінадор і Палідор над славутым помнікам антычнасці "Лаакаонам", там натхняліся выдатныя паэты, філосафы, вучоныя, такія, як Апалоній Радоскі і Пасідоній. На Родасе вучыліся рытарычнаму майстэрству знакамітыя рымляне Пампей, Цыцэрон, Цэзар, Лукрэцый.

У старажытнасці распавядалі, што адзін з сыноў Геліяса і Роды заснаваў у Егіпце горад Геліяполь (з грэч. — "сонечны горад"), у якім усе ведалі гісторыю "сонечнай птушкі" — Фенікса.

Птушка Фенікс нагадвала арла. На галаве ў яе быў чырвоны хахалок. Вогненна-чырвонае пер'е пакрывала тулава, а залацістае ўпрыгожвала шыю. Хвост быў белы, а вочы свяціліся, нібы зоркі. Фенікс карміўся сокам бальзамічных раслін і жыў пяцьсот, а то і болей гадоў. Калі ён прадчуваў надыход сваёй смяротнай гадзіны, то будаваў на вяршыні пальмы гняздо з духмянага лісця і траў карыцы, міры, нарда. У гэтым гняздзе і паміраў Фенікс, спальваючы сябе ў полымі сонечных промняў. А з попелу памерлага Фенікса нараджаўся новы. Гэты новы Фенікс забіраў гняздо, якое было адначасова бацькавай магілай і месцам яго нараджэння, і пераносіў яго ў храм Сонца. Распавядалі таксама, што ў вогнішчы адраджаўся той самы Фенікс, які паміраў, адраджаўся маладым і ўзноўленым.

У перыяд Рымскай імперыі Фенікс сімвалізаваў моц Рыма; у хрысціянстве — уваскрэсенне Хрыста. Сучасныя паэты таксама выкарыстоўваюць гэты вобраз як сімвал вечнасці і адраджэння. А ў вершы М. Танка ён — сімвал мастацкага натхнення. Фенікс "гняздзіцца" ў сэрцы паэта, апякае яго агнём. Але, нягледзячы на смяротную небяспеку, паэт кожны раз чакае Фенікса.

„ Бо ён заўсёды

З сабой прыносіць

То водбліск сонца,

То вецер весні,

То бліскавіцу,

Тугу і радасць,

З якіх я потым

Складаю песні.

Культ сонца існаваў у беларусаў, як і ва ўсіх індаеўрапейскіх народаў, але ў параўнанні з элінамі (калі не ўлічваць востраў Родас) з'яўляўся больш значным і ўзвышаным. У Старажытнай Грэцыі маліліся пры ўзыходжанні і захадзе сонца. Беларускія абрады і звычаі сведчаць аб тым, што сакральную сувязь з сонцам беларусы падтрымлівалі ад самага нараджэння чалавека і да яго смерці. Цікава, што ў беларускай і наогул у славянскай міфалогіі, сонечнае божышча асацыіравалася з колам (відаць, з калясніцы, у якую былі запрэжаны коні гэтага божышча).
ЭАС

З цемры паўстала багіня з пярстамі пурпурнымі Эас.

Гамер ("Адысея")

Багіня зары і світанку Эас (у рымскай міфалогіі Аўрора) была сястрой бога сонца Геліяса.

Нашае ўяўленне аб Эас сфармавалася пад уплывам цудоўнага паэтычнага вобраза ў эпасе Гамера. Кожны дзень у яго пачынаўся з таго, што паўставала з цемры Эас — маладая, вельмі прыгожая, з ружовым целам і ў ружовым убранні. Яна з'яўлялася на даляглядзе на сваёй лёгкай калясніцы перш, чым паказвалася залатая калясніца Геліяса, адчыняла для яго браму Дня, усміхалася прывітанню ранішняй зоркі і, успамінаючы пра сваё несуцешнае гора — смерць сына, — пралівала на зямлю слёзы-расінкі.

Як усе багі, Эас кахала і пакутавала. Прыраўнавала яе да прыгожага бога Арэса багіня кахання Афрадыта і, помсцячы, усяліла ў яе няўтольнае жаданне да смяротных. З тае пары Эас пачала спакушаць юнакоў, рабіла гэта ўпотай, бо саромелася сваіх учынкаў. Каханымі багіні сталі Арыён, Кефал, Кліт. А аднойчы ўбачыла Эас з нябеснай вышыні прыгожага сына траянскага цара Лаамедонта — Тытона.



Тытон

Закахалася Эас у царэвіча Тытона так моцна, што пажадала стаць яго жонкай. Яна занесла юнака да сябе на край зямлі і неба і, каб жыць з ім вечна, умаліла Зеўса зрабіць Тытона бессмяротным. Не ведала тады багіня пра сваю ракавую памылку: трэба ж было ёй разам з бессмяротнасцю папрасіць для свайго абранніка вечную маладосць.

З цягам часу прыгажосць Тытона пачала вянуць. Згорбіліся яго плечы, парадзелі валасы, твар пакрыўся маршчынамі, стаў хрыплым і вісклівым калісьці звонкі голас, і ператварыўся муж багіні ў нямоглага неўміручага дзядка. Толькі і заставалася маладой і прыгожай Эас аплакваць свой няўмольны лёс. Калі Тытон зусім высах ад старасці і стаў маленькім, яна клала мужа ў калыску і хавала ад чужых вачэй за фіранкай. У рэшце рэшт, каб паменшыць пакуты добрай багіні (яна ж ужо не магла кахаць свайго мужа, а толькі шкадавала яго), Зеўс ператварыў старэнь-кага Тытона ў цвыркуна.

Мемнон

Няшчасная жонка, Эас не была і шчаслівай маці. У яе і Тытона нарадзіўся сын, якому яна дала прыгожае ўсходняе імя — Мемнон. Стаў Мемнон царом эфіопаў, любіў свой край і рэдка наведваў чужыя землі. Але не мог ён не браць удзел у Траянскай вайне, бо трэба ж было дапамагчы асаджанай Троі, царом якой быў яго родны дзядзька Прыям.

Магутны і мужны юнак перамог многіх ворагаў, але, як і ўсе астатнія героі, не здолеў устаяць перад богароўным Ахілам. Заходзілася сэрца ад болю ў багіні зары, калі сачыла яна за паядынкам сына. Народжаны ад смяротнага бацькі, Мемнон таксама быў смяротным. Калі ён загінуў, паляцела Эас да Зеўса і пачала слёзна прасіць, каб ушанавалі на зямлі памяць аб сыне, тады б яна менш пакутавала. Зеўс даў згоду.
Калі ў I ст. на беразе Ніла, што непадалёк ад Фіваў, ад статуі фараона Аменхатэпа III адляцела каменне, падарожнікі сталі заўважаць цікавую з'яву. Падалі першыя промні ранішняй зары на каменныя грудзі статуі — і чуліся нейкія дзівосныя гукі... Грэкі нічога не ведалі пра егіпецкіх фараонаў, не маглі прачытаць іерогліфы на іх статуях і здагадаліся, што гэта Мемнон адказвае на пацалункі сваёй боскай маці. Тады і назвалі 20-мятровую статую "калосам Мемнона".

СЕЛЕНА


..губляе месяц між цемры косы,

як быццам срэбрам праліцца хоча.

Н. Арсеннева

Селена (ёй адпавядае рымская Дыяна) — багіня месяца і яго ўвасабленне. Грэчаскія міфы змяшчаюць розныя варыянты паходжання Селены. У адных міфах яна дачка тытана Гіперыёна і тытаніды Тэі I, значыць, сястра Геліяса і Эас. У другіх вер- сіях — жонка Геліяса, а Эсхіл называў Селену дачкой Геліяса. Гэтая багіня была носьбіткай таямніцы ад самага свайго нараджэння.

Нягледзячы на існаванне розных версій аб паходжанні Селены, усе міфы звязвалі багіню месяца з Сонцам. Селена ў перакладзе з грэчаскай мовы — "светлая", "бліскучая", "прамя-ністая". Павольна і велічна едзе багіня па небе ў бліскучай сярэбранай калясніцы, запрэжанай парай беласнежных быкоў, ад якой далёка разыходзяцца промні. Селена апранута ў ззяючае адзенне; яе нязменныя атрыбуты — крылы і залаты вянец з сярпом месяца на галаве.
Выдатныя мастакі Я. Тынтырэта, П. П. Рубенс і яго суай-чыннік А. ван Дэйк, французскі жывапісец ХVII ст. Н. Пусэн стварылі вобраз Селены, побач з якой юнак незвычайнай прыга-жосці. Ён спіць вечным сном. Гэта Эндыміён, паляўнічы альбо пастух, а ў іншых міфах царэвіч, якому Зеўс падарыў бессмярот-насць і вечны сон, каб захаваць яго прыгажосць і юнацтва.

Эндыміён

Эндыміён спаў у гроце гары Латмас, нагадваючы цудоўную мармуровую статую, калі аднойчы Селена кінула свой промень ля падножжа гэтай гары і ўбачыла юнака. Багіня была ўражана прыгажосцю Эндыміёна і пакахала яго. З тае пары яна заўсёды спыняла сваю калясніцу, спускалася ў грот і доўга глядзела на спячага юнака, гладзіла яго залатыя валасы, цалавала. У "Фаўсце" Гётэ адлюстраваны гэты момант:

Багіня! Нахілілася... крананне...

А вось і п'е яго дыханне...

Цалуе!.. Шчасце!..

Юнак адчуваў усё, але не меў сілы падняць павекі і адказаць на ласку. Безнадзейнае каханне Селены надало ёй асаблівы смутак. Калі смуткуе Селена — смуткуе разам з багіняй усё жывое на зямлі, куды яна лье сваё журботнае святло.


Старажытныя людзі былі ўпэўнены, што змена аблічча багіні Селены — гэта значыць, змена фазы месяца (убыванне і прыбыванне) — уплывае на прыроду і жыццё людзей. Вялікую ролю адыгрываў месяц у чараўніцтве. Лічылася, што варажба асабліва плённая падчас ззяння Поўні.

Эліны класічнага перыяду ўспрымалі культ месяца, падобна культу сонца, як варварскі і атаясамлівалі Селену з іншымі багінямі — алімпійскай паляўнічай Артэмідай, а таксама з Гекатай і Персефонай, якія былі звязаны з таямнічым падземным светам.



Геката

Геката — дачка тытана Перса і тытаніды Астэрыі. Гесіёд у сваёй паэме "Тэагонія" стварыў вобраз Гекаты —магутнай багіні, уладаркі зямлі, мора і неба. Пасля перамогі багоў над тытанамі Зеўс захаваў яе ўладу, і Геката дапамагала людзям у іх штодзённай працы: апекавала паляўніцтва, пастухоўства, прыносіла перамогу ў спаборніцтвах, у судзе, на народных сходах. Але тая ж самая Геката ў позняй міфалогіі стала начным божышчам, якое з'яўлялася толькі пры святле месяца. Гэта ўжо жахлівая багіня чарадзейства, магіі, уладарка ценяў у Аідзе. З палаючай паходняй у руках і змеямі ў валасах яна блукала па могілках.

Як і Артэміда, Геката — паляўнічая, уладарка звяроў, але яе паляванне са зграяй сабак адбывалася сярод мерцвякоў і прывідаў апраметнай. Як божышча магіі Гекату ператварылі ў дачку Геліяса і зрабілі кроўна блізкай з чарадзейкамі Кіркай і Медэяй, якіх яна апекавала, асабліва Медэю.
Культ Месяца быў вельмі значным у міфалогіі славян, у беларусаў. Нашы продкі-язычнікі надавалі Месяцу вялікую моц, што ўплывае на жыццё людзей: змену надвор'я, рост раслін, стан здароўя і г. д.; як і грэкі, звязвалі яго з чараўніцтвам, чарадзействам. Старажытны культ меў багатае ўвасабленне ў беларускіх народных песнях, у каляндарна-абрадавай паэзіі, выклікаў частае ўжыванне вобраза Месяца ў мастацкай літаратуры.

Паколькі з Месяцам заўсёды звязваецца ўсё таямнічае і загадкавае, яго паэтычны вобраз аказаўся асабліва прывабным для рамантыкаў (напрыклад, цыкл вершаў нямецкага паэта- філосафа Наваліса "Гімны да ночы", карціны яго суайчыннікаў К. Д. Фрыдрыха, Ф. О. Рунге).

Ноччу, калі ўладарыць Селена, да людзей з чуллівай, паэтычнай душой прыходзіць натхненне, з'яўляецца надзея. Яны знікаюць з першымі промнямі Геліяса.

...я не люблю глядзець на сонца

я не разумею Ікара

я люблю глядзець поначы ў Вочы Савы

яны і ў цемры бачаць правідловы шлях

яны не выпраменьваюць святла

і не саграваюць

але толькі паміж імі і Поўняй

вечна трапятацца матыльку маёй надзеі М. Скобла ("Вочы Савы")

ВЯТРЫ


Вы, барэі, ветры нашы...

І ІІІІІІІІ I як зефір лагодненькім павевам

Раз'ясніць неба, хмаркаю абвіта...

В. Дунін-Марцінкевіч

Міфы распавядалі, што ў багіні зары Эас ад тытана Астрэя ("зоркавага неба") было чатыры сыны. Гэта багі вятроў: Барэй, Зефір, Эўр і Нот.

Барэй — паўночны вецер, самы моцны і небяспечны, рэзкі, з бурным, шалёным норавам; яго жытло знаходзілася ў Фракіі. Спадабалася Барэю дачка афінскага цара Эрэхтэя Арыфія, ён выкраў дзяўчыну і ажаніўся з ёй (момант выкрадання стаў сюжэтам карціны П. П. Рубенса). Афіняне сапраўды лічылі Барэя сваім зяцем. І калі падчас вайны з персамі загінула ад буры частка персідскага флоту, яны не сумняваліся ў тым, што гэта Барэй дапамог ім, грэкам, і паставілі богу цудоўны храм на беразе ракі Іліс.

Хоць Зефір — бог заходняга ветру — родны брат Барэю, але зусім не падобны да яго. Ён самы ласкавы з вятроў, лёгкі і вільготны. Бясшумна лятае над зямлёй, быццам цалуе цёплымі вуснамі кветкі і травы, і ўсё расцвітае.

Богам паўднёвага ветру быў у элінаў Нот. Ён прыносіў вільготны туман і дажджы. Эўр — спачатку бог усходняга ветру, а пазней — паўднёва-ўсходняга.

Усе вятры адыгрывалі вялікую ролю ў жыцці старажытных людзей: гэта яны прыносілі земляробам дажджы, мараплаўцам надзімалі ветразі, раздзьмухвалі полымя вогнішчаў і адносілі багам дым ахвяраваных жывёл. Гамер у "Адысеі" расказаў пра скалісты востраў ля берагоў Сіцыліі — Эолію. На ім у палацы, абнесеным высокай сцяной, жыў уладар вятроў — Эол. Багі-алімпійцы лагодна ставіліся да Эола, і Зеўс аддаў пад яго нагляд усе вятры. Але за вятрамі трэба было пільна сачыць, бо яны маглі вырвацца на волю і перавярнуць усё на свеце.

З дапамогай магічных дзеянняў грэкі ўтаймоўвалі су- праціўныя вятры і клікалі спрыяльныя. Мажліва, рэшткі старажытных магічных абрадаў адбіліся ў "Адысеі": герой атрымаў у падарунак ад Эола мех з загнанымі туды вятрамі.
У выяўленчым мастацтве грэчаскія багі вятроў адлюстроўваюцца ў выглядзе мужчын ці юнакоў з вялікімі крыламі. У паэзіі яны сталі ўвасабленнем ветру. Барэй — суровы, халодны, малапрыемны, як у М. Карыцкага, што знішчае прыгажосць кветак:

Толькі, як сіла Барэя красу забірае ад ружаў,

Кветак апалых тады бачыць не хоча пчала.

("Да аднаго паэта")

Часцей за ўсё паэты звяртаюцца да Зефіра: лёгкі і пяшчотны, ён сімвалізуе надыход вясны, абуджэнне прыроды, цеплыню пачуццяў. Для паэта-эмігранта А. Салаўя Зефіры — мастацкае ўвасабленне тых вятроў, якія нясуць подых і голас роднага краю. Толькі яны, няхай крыху, але здольныя суняць неверагодную тугу па радзіме. І кліча паэт-патрыёт уладара Алімпа, каб той спыніў вятры нягодныя і паспрыяў Зефірам.

О мой Зевес!.. Здаецца, у эфіры

мяне пачуў ён—шле сваіх бажкоў:

ляцяць яны, імклівыя Зефіры,

з усходу й захаду—з усіх бакоў.

Лагодны подых шлюць на ўлонне шыры,

даюць жыццю, што мерзне, цёплы схоў.

І гэткі ласкавы, і гэткі шчыры

павеў паўдня вяртаецца ізноў.



("На хуткіх крылах вольнага Пегаса")

Беларуская паэзія ("Энеіда навыварат", творы В. Дуніна-Марцінкевіча) добра ведае іранічную, жартаўлівую інтэрпрэ-тацыю грэчаскіх божышчаў-вятроў. Нярэдка ў сусветным мастацтве сустракаецца паэтычны вобраз "Эолавай арфы", струны якой гучаць ад павеву ветру.

ЗОРКІ

Бог Апалон з галавы зняў карону і кінуў у неба.

Ў светлым паветры яна пралятае; агнямі малымі

Робяцца ў ёй на ляту ўсе каменні каштоўныя...

М. Багдановіч ("Грамада зорак «Карона»". З Авідзія)

Міфалагічнае мысленне элінаў дапамагала ім па-свойму разабрацца ва ўсім, што было бачна ў небе, спрыяла таму, што яны здолелі даць тлумачэнне, зразумела, міфічнае, усім зоркам і сузор'ям, якія ведалі. І калі грэк глядзеў на неба, то бачыў шмат дзіўных рэчаў і згадваў самыя разнастайныя гісторыі пра багоў і герояў. Адны з іх сведчылі аб шчаслівых, іншыя — аб няшчасных лёсах, адны — аб дабрыні, любові, пяшчоце, іншыя — аб жорсткасці і несправядлівасці істот як боскага, так і нябоскага паходжання.

Калісьці, распавядаюць міфы, кожная зорка была богам ці багіняй, але аднаго разу ўзбунтаваліся яны супраць Зеўса; той кінуў у іх свае маланкі, і рассыпаліся гэтыя божышчы бліскучым пылам па небасхілу. А потым пачалі з'яўляцца новыя і новыя зоркі... Людзі ведалі, што гэта багі ператваралі ў зоркі і сузор'і розных герояў, німфаў, жывёл і нават рэчы.

Называлі сузор'і задоўга да таго, як узнікла навуковая астраномія (грэч. astron — зорка). Але александрыйскія вучоныя, якія ў III ст. да н. Х. сістэматызавалі набытыя на той час веды ў гэтай галіне, захавалі старажытныя назвы, нягледзячы на ўмоўнасць многіх з іх. Так засталіся на нябёсах дванаццаць сузор'яў Задыяка. І хоць гэтае грэчаскае слова азначае "звярынае кола", сярод іх ёсць і Панна, і Шалі, і Блізняты, і Вадалей. Большасць знакаў Задыяка прыйшла да нас з Вавілона, але праз Грэцыю.

У Гамера распавядаецца, што Адысей плыў на плыце ў патрэбным яму накірунку, таму што не зводзіў вачэй з Плеядаў, Валапаса, а таксама з Мядзведзіцы, якая рухалася бліз Арыёна. Прыклад даказвае, што абагаўленне зорак было звязана, між іншым, з мараплаўствам. Дарэчы, паглядзім на гэтыя сузор'і вачыма старажытных элінаў.
Вялікая Мядзведзіца... Пры жыцці яна была прыгажуняй-німфай, аб чым сведчыла і яе імя — Калісто ("самая прыгожая"). Жыла яна ў Аркадыі і адважылася сапернічаць з самой Герай — раўнівай жонкай Зеўса. Тая адпомсціла: ператварыла Калісто ў мядзведзіцу. Ратуючы ад паляўнічых, Зеўс перанёс яе на самы край неба. А каб не пагражала Калісто небяспека з боку зоркавых драпежнікаў, памясціў побач іх сына Аркада, назваўшы яго Валапасам.

Гуртам трымаюцца на небе Плеяды. Грэкі дакладна ведалі, што гэтых зорак сем. Сем дачок было ў тытана Атланта. Прыгожыя, вясёлыя дзяўчаты радаваліся жыццю, гулялі па горных сцежках, пакуль не пагнаўся за імі паляўнічы Арыён. Ён быў такі вялізны, што калі ішоў па моры, то яго галава ўзвышалася над хвалямі. Праследаваў Арыён Плеядаў, а яны ўцякалі і апынуліся на краі зямлі — там, дзе стаяў іх бацька і трымаў на плячах купал неба. Як ні хацеў Атлант, ён не меў мажлівасці дапамагчы любімым дочкам. А Арыён ужо блізка, вось-вось дагоніць іх. Уздыхнуў Атлант і падняў дачок на грудзі, тады яны раптам ператварыліся ў галубак і панесліся да зорак. Ім, зразумела, дапамаглі багі. А ўпарты Арыён вечна ляціць за Плеядамі. Зоркі схаваліся за шырокай спіной Цяльца, які ў любы момант гатовы абараніць іх.


З далейшым развіццём міфалогіі грэкі пачынаюць лічыць Плеядаў німфамі, індывідуалізуюць іх, робяць заснавальніцамі славутых родаў. Ператварыўшыся ў зоркі, плеяды ярка мігацяць уначы, зачароўваюць багоў і людзей. Усе — акрамя адной, якая амаль згасла... Дык гэта Меропа: яна адзіная з сясцёр выйшла замуж не за бога, а за смяротнага, таму саромеецца і спрабуе ўвесь час схавацца.

(У пераносным значэнні плеяда — гэта група выдатных людзей, як, напрыклад, александрыйскіх паэтаў у антычнасці альбо паэтаў Францыі, што ў ХVI ст. аб'ядналіся вакол Рансара.)


Ёсць на небе сузор'е Эрыдан. Гэта легендарная рака, у якую зваліўся сын Сонца Фаэтон... Занялі сваё месца сярод зорак Персей з Пегасам, спяшаецца Персей на дапамогу Андрамедзе... Разам са сваімі ворагамі — Львом, Гідрай, Ракам — апынуўся на нябёсах Геракл, сын Зеўса і смяротнай Алкмены. Каб зрабіць сына неўміручым, Зеўс падклаў яго, толькі што народжанага, да грудзей багіні Геры. Але тая абудзілася і ў гневе адкінула дзіця. Разлілося па небе малако — Млечны шлях (па-грэчаску — Галактыка)... Вянец, які сплецены з дзевяці зорак, калісьці ўпрыгожваў галаву крыцкай царэўны Арыядны. Калі Дыяніс браў яе ў жонкі, то зняў яго і павесіў на неба... Крыху далей Панна — гэта Астрэя, якая была багіняй справядлівасці падчас залатога веку: тады панавалі на зямлі мір, любоў і згода. Яе менш сталі бачыць з наступленнем веку сярэбранага, але яшчэ спускалася Астрэя з гор і нагадвала людзям аб дабрадзейнасці і міласэрнасці. А потым прыйшоў жалезны век, людзі сталі злымі і бяздушнымі, і Панна ўзышла на неба, каб ужо ніколі не вяртацца...

Дзве яркія зоркі свецяцца блізка адна ад адной. Гэта Дыяскуры — браты-блізняты Кастар і Палідэўк. Шмат подзвігаў здзейснілі яны разам. І так любілі адзін аднаго, што, калі загінуў Кастар, Зеўс дазволіў ім абодвум жыць папераменна — то ў падземным царстве, то на Алімпе. Дыяскуры ўдзельнічалі ў славутым паходзе арганаўтаў. Карабель "Арго" таксама плыве па нябесных хвалях... Сузор'е Авен з'явілася на небе пасля таго, як быў прынесены ў ахвяру Зеўсу залаты баран: на ім ратаваліся дзеці багіні хмараў Нефелы ад праследаванняў мачыхі...

Часам элін мог паспрачацца з сябрамі. Адзін з іх казаў, што Вознік — гэта Мірціл, былы вознік цара Энамая, другі даказваў, што ў небе — выхаванец Афіны Эрэхтэй, а трэці быў упэўнены, што толькі цнатлівы і шляхетны Іпаліт мог пасля смерці трапіць на нябёсы... Спрэчкі распаляліся і наконт Дэльфіна: ён з міфа пра Дыяніса і тырэнскіх разбойнікаў, а можа, з міфа аб Арыёне?.. Зусім па іншай прычыне трапіў на неба крумкач Апалона і стаў там сузор'ем. Быў крумкач прыгожы, беласнежны, але загубіў яго язык. Ён паверыў у плётку, быццам каханая яго гаспадара, якая чакала дзіця, здраджвае богу з іншым. Пачуўшы гэткае ад крумкача, Апалон адпомсціў каханай сваёй стралой. А калі дазнаўся праўду, узненавідзеў крумкача, і той пачаў чарнець, бо зрабіў чорную справу. Суровы, але справядлівы бог закінуў крумкача як мага далей ад сябе, на неба... Шмат на небе і рэчаў, якія вельмі цанілі багі і героі, напрыклад, ліра, што вырабіў Гермес з панцыра чарапахі... І яшчэ шмат чаго бачыў старажытны грэк, калі глядзеў у зоркавае неба, бо ледзьве не кожны міф меў астральную сімволіку.
Самы "касмічны", самы "зоркавы" беларускі паэт — бадай, М. Багдановіч. Гэта ў яго "Блішчыць у небе зор пасеў"; "У цёмным небе — хараводы // Сіняватых зорак..."; "Зорка Венера ўзышла над зямлёю"; "Глянь, як зорка у цемні ляціць,// Ўсіх чаруючы светлам сваім", "Узор прыгожых пекных зор // Гарыць у цемні небасхіла". Зоркі ў мастацкай тканіне багдановічаўскіх вершаў — гэта прыгажосць роднага краю і ўсяго Сусвету, гэта сум і радасць, таямніца і адкрыццё.

  1   2   3


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка