Народныя традыцыі выхавання ў беларускай сям’І




Дата канвертавання08.01.2019
Памер57.02 Kb.
НАРОДНЫЯ ТРАДЫЦЫІ ВЫХАВАННЯ Ў БЕЛАРУСКАЙ СЯМ’І

З даўняга часу сям’я разглядалася як аснова выхавання дзіцяці. Беларускія народныя традыцыі закладваліся ў сялянскай сям’і і перадаваліся з пакалення ў пакаленне.

“Традыцыя – гэта тое, што перайшло ад аднаго пакалення да другога, што засталося ў спадчыну ад папярэдніх пакаленняў (ідэі, погляды, густы, звычаі і г.д.)” [2, с. 1055].

Я зацікавілася народнымі традыцыямі выхавання ў жыхароў г.п.Лельчыц і звярнулася да старэйшай жыхаркі Бех Яўгеніі Іванаўны, 1911 года нараджэння. У 2011 годзе яна адзначыла свой стагадовы юбілей.



Скажыце, колькі дзяцей было ў Вашай сям’і?

Традыцыйна беларускія сем’і былі мнагадзетнымі. У нас было сямёра. Нараджэнне дзяцей у сям’і было радасцю. Мая маці гаварыла: «Многа дзяцей – многа клопату, але і радасці шмат». Мнагадзетная сям’я лічылася ідэальнай, бо дастатак залежыў ад колькасці працаўнікоў. З дзяцінства памятаю радкі песні:

Радзі мне дзевяць сыноў,

А дзясятую дочку…

Сыны будуть поле баранаваць.

А дачка хустачкі ткаць.

Акрамя таго лічылася, што ў вялікай сям’і лягчэй выхоўваць дзяцей. У народзе кажуць: «Адно дзіця – не дзіця, двое дзяцей – палова дзіцяці, трое дзяцей –гэта дзіця».

Ці памятаеце Вы сваіх родзічаў, членаў сям’і?

Усіх цяпер не памятаю. Але мы, дзеці, добра ведалі такія паняцці сваяцтва, як “бацька”, “маці”, “брат”, “сястра”, “бабуля”, “дзядуля”, “дзядзька”, “цётка”.



Якімі былі адносіны паміж Вашымі бацькамі, паміж бацькамі і дзецьмі?

Усе спрэчкі паміж бацькамі вырашаліся без удзелу дзяцей, не на людзях. Сваякі пры дзецях не гаварылі пра дрэнныя паводзіны блізкіх: не выносілі, як кажуць сор з хаты. Як пасталела, сама зразумела, наколькі важны прыклад бацькоў. «Дзе ў сям’і лад, там і дзеці добра гадуюцца». «Якая матка, такое і дзіцятка». «Якое дрэва, такі і клін, які бацька, такі і сын».

Выхаванне дзяцей лічылася святым абавязкам бацькоў. «Умеў дзіця радзіць, умей і вывучыць». «Твае дзеткі – табе і глядзеці». Такое я чула ад суседак.

І пазней, маючы сваю сям’ю, зразумела і такія выразы: «Дзяцей ўзгадаваць не курак пасклікаць». «Што ў маленстве выхаваеш, на тое ў старасці абапрэшся».



Як у Вашай сям’і бацькі ставіліся да дзяцей?

Патрабавальна і строга. Бацькі мелі думку, што дзяцей распускаць нельга. «З пестуна нічога не выйдзе». «Малому не панукай, а што трэба дай». «Да пяці год пястуй дзіця, як яечка, з сямі – пасі як авечку, тады выйдзе на чалавечка». Але не настолькі, каб біць дзяцей. «Не біце вяроўкамі, а навучайце гаворкамі».

Маці вельмі шкадавала нас. Але гэта не тое, што нам усё было дазволена. Яна была ласкавай да нас: слова добрае скажа, па галоўцы пагладзіць, спявала нам песні. Памятаю, калі малыя стукнуцца аб што-небудзь, іх шкадуюць, б’юць тое, аб што ўдарылася дзіця. Б’юць, пакуль малы не перастане плакаць. Дзіця так хутчэй супакойвалася.

У Вас былі якія-небудзь цацкі?

Памятаю толькі тыя цацкі, што ўжо рабілі самі: ляльку скручвала сабе з анучак. Мяне гэтаму бабуля навучыла. І малодшых я так забаўляла.



Хто больш удзяляў увагі дзецям?

Больш увагі ўдзяляла маці. Бацька больш быў заняты па гаспадарцы: нешта рабіў у двары, быў на полі. «Ніхто дзецям так не спагадае, як матка радная».

Галоўным абавязкам маці лічылася выхаванне дзяцей. Яна і ў гародзе паспявала, і ў хаце. Пазней старэйшыя ёй дапамагалі. Дачок маці з малых гадоў прывучала да хатняй працы: гатаваць ежу, прыбіраць у хаце, шыць, вязаць. Яшчэ наша маці ўмела ткаць і прасці. Ад яе і я навучылася вышыўцы.

А як выхоўваў дзяцей бацька?

Ён вучыў братоў выконваць цяжкую мужчынскую работу, бо яны работнікі. Вучыў іх быць самастойнымі. Бацька быў галоўным у нашай сям’і. Маці з ім раілася. Дзеці падпарадкоўваліся. «Бацькоўскае слова дарэмна не гаворыцца». «Свой бацька насварыцца і пашкадуе». Да дзяцей ён быў патрабавальным, але ніколі дарма не крычаў, не біў дзяцей. Мы не чулі ад яго абразлівых слоў. Яго словы не абмяркоўваліся, падпарадкоўвацца трэба было заўсёды.



Каго больш шкадавалі бацькі: хлопцаў ці дачок?

Аднолькава да ўсіх ставіліся. Больш шкадавалі маленькіх. Але так было ва ўсіх сем’ях. Малому ж больш увагі трэба.


Ці жылі з вамі бабуля ці дзядуля?

Да, жыла бабуля з мамінага боку. Да яе слоў прыслухоўваліся. Яна дапамагала даглядаць малых.

Перш за ўсё, старэйшых членаў сям’і паважалі самі бацькі.

Бабулі і дзядулі перадавалі не толькі свой працоўны вопыт, але і вучылі дзяцей маральным запаведзям:

- нельга рабіць тое, што асуджаюць дарослыя;

- нельга не працаваць, калі маці і бацька працуюць;

- нельга патрабаваць тое, чаго не могуць даць бацькі.

Людзі кажуць: «Паважай старэйшых, бо сам стары будзеш», «Пасадзі на печ дзядулю, і цябе ўнукі пасадзяць», «Што кажа стары на глум – бярэ малады на вум».

Да бацькоў, бабуляў і дзядуляў дзеці звярталіся на “вы”. Гэта разглядалася як знак павагі. «Вы матуля», «Вы тата, татка», «Вы бабуля», «Вы дзядуля».

Лічылася, што зварот дзяцей да дарослых на “ты” з’яўляецца праяўленнем непавагі. І мае дзеці да мяне звяртаюцца на “вы”.



Як Вы атрымлівалі адукацыю?

Я была трэцяй у сям’і сярод дзяцей. Для старэйшых бацька запрасіў дарэктара. Суседская дзяўчына вучыла маіх старэйшых брата і сястру, хлопчыкаў з суседскіх сем’яў. Я проста назірала за імі. Але нешта запамінала. Паперы было мала. На ёй пісалі старэйшыя, а я царапала літары на печы. Праз нейкі час бацькі заўважылі нацарапаныя літары, спыталі, хто гэта зрабіў. Калі зразумелі, што гэта я, вырашылі аддаць мяне ў школу.

У школе я вучылася тры зімы. Ведала складанне, адыманне, множанне. Дзяліць не навучылася, не вучылася далей. Цяпер ужо і множання не памятаю, бо яно не патрэбна мне.

Як выхоўвалі старэйшых дзяцей?

Выхаванне ў працы лічылася традыцыйным у сем’ях. Дзяцей рана прывучалі да працы. З пяці гадоў дзяўчаты клапаціліся пра малодшых, хлопцы з сямі гадоў былі пастушкамі.З малых гадоў нас, дзяцей, учылі разумець, як даглядаць жывёлу, вырошчваць гародніну. Спачатку малыя кармілі куранят, ягнят, старэйшыя – цялят, жарабят (калі ў гаспадара былі коні). Амаль у кожным вясковым доме трымалі ката, быў сабака.

У нашых суседзяў дзяўчынку аддавалі на працу да больш багатых людзей. Яна глядзела ў іх малых дзяцей, была за няньку. Ёй не плацілі грошы, а давалі якія-небудзь свае неданошаныя рэчы, часам што-небудзь з харчоў. Маглі даць адрэз тканіны.

Бацькі лічылі дзяцей добрымі памочнікамі?

«Дзетачка спі, а дзела помні». «Праца не паганіць чалавека, а корміць і поіць». «Без працы не будзе дзецям шчасце». Цанілі добрасумленныя адносіны да працы. «Не той харош, кто прыгож, а той харош, хто для дзела гож». Бацькі цанілі дзіцячую працу, цярпліва адносіліся да іх, разумелі, што навучыць не так хутка і лёгка.



А як Вы адносіліся да сваіх бацькоў?

Гэта цяпер задаюць такія пытанні. Раней такое нават не прыходзіла ў галаву. У вёсцы гаварылі: «Няма лепшага друга, як родная маці». «Маміна крыло і ў мароз цеплае». «Бацька памрэ, то палавіна сіраты, а як маці памрэ, то цэлая сірата». «Шануй бацьку з маткаю: другіх не знойдзеш». «Добрае дзіця бацькоў думкі адгадвае». «Няма такіх крамачак, дзе б прадавалі мамачак».

Заўсёды асуджалася няўдзячнасць да бацькоў. «Датуль матка міла, пакуль ножкі мыла». «Хай таму дзіцятку язык адваліцца, калі на людзях бацьку няславіць». «Як бацькі кормяць дзяцей, то дзеці скачуць, а як бацькі на дзіцячым хлебе, то плачуць». «Хто бацьку шануе, той і дзецям добрую долю гатуе».

А яшчэ я памятаю сваіх хросных бацькоў. Хросная часам брала мяне з сабою ў царкву. Я наведвалася да яе ў госці па некаторых святах. Вельмі паважала яе. Хросная, як і мая маці, вучыла паводзінам:



  • Саступаць адно аднаму, калі пасварыліся;

  • Не скардзіцца адно на аднаго;

  • У прысутнасці дарослых размаўляць ціха, не крычаць;

  • Не перашкаджаць размове дарослых;

  • Калі трэба звярнуцца да дарослага, пачакаць канца размовы;

  • Не размаўляць у час яды;

  • Вітацца нават з незнаёмым чалавекам.




База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка