Настаўніцкая газета 22 кастрычніка 2013 года




Дата канвертавання13.01.2018
Памер40.68 Kb.

Настаўніцкая газета

22 кастрычніка 2013 года

№128 (7417)


Відавочна, што сёння сістэма аплаты працы педагогаў патрабуе змен. Разуменне гэтага ёсць сярод як педагагічнай грамадскасці, так і органаў кіравання. Нездарма ж яшчэ ў мінулым годзе ў краіне быў запланаваны, а зараз праводзіцца эксперымент па апрабацыі галіновай сістэмы аплаты працы настаўнікаў. Неабходнасць такіх змен прадыктавана часам, і, між іншым, суседнія краіны ўжо прайшлі гэты этап: у кожнай вызначаны свае падыходы і крытэрыі ацэнкі працы педагогаў. Якія плюсы і мінусы ў кожнай з іх? Што мэтазгодна пераняць у суседзяў, а ад чаго адмовіцца? Гэтыя пытанні — адны з ключавых для спецыялістаў Цэнтральнага камітэта галіновага прафсаюза пры правядзенні сустрэч з калегамі з суседніх краін. Не выключэнне і візіт у Беларусь дэлегацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Латвіі (LIZDA), які прайшоў на мінулым тыдні. Візіт прафсаюзнага актыву педагогаў Латвіі ў Беларусь праходзіў у рамках двухбаковага супрацоўніцтва ў мэтах знаёмства з вопытам развіцця сістэмы адукацыі нашай краіны і сацыяльнага партнёрства паміж дзяржавай і прафсаюзам.

Зарплата — не заўсёды вырашальны фактар


Візіт калег з Латвіі для беларускага боку найперш цікавы і карысны тым, што сістэма адукацыі гэтай краіны ў многім ужо прайшла тыя працэсы і змены, якія ў нас яшчэ толькі абмяркоўваюцца. Памяншэнне дзіцячага насельніцтва, змены ў эканоміцы і, як вынік, аптымізацыя сеткі ўстаноў адукацыі, змяншэнне колькасці педагагічных ставак і, нарэшце, змяненне ўсёй сістэмы аплаты працы педагогаў. І гэты вопыт, безумоўна, цікавы прадстаўнікам Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі, якія непасрэдным чынам удзельнічаюць у выпрацоўцы новых падыходаў да ацэнкі працы настаўнікаў.

— Напэўна, праблемы ў нас агульныя. Але тэмпы змен розныя, адпаведна, і меры, што прымаюцца, розныя, — адзначыў Яніс Красціньш, намеснік старшыні прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Латвіі. — У нас, як і ў Беларусі, змяншаецца колькасць дзяцей. Гэта першае, што адбіваецца не толькі на заработнай плаце настаўнікаў, але і ўвогуле на ўсіх працэсах у адукацыі. У гэтым плане нам неабходна вырашаць аднолькавыя праблемы.

Пяць гадоў назад у Латвіі перайшлі на новую сістэму аплаты працы педагогаў, галоўны прынцып якой — “грошы ідуць услед за дзіцем”: на кожнага вучня з бюджэту выдзяляецца пэўная сума грошай, якія паступаюць у тую навучальную ўстанову, якую выбірае вучань. Адпаведна, чым больш ва ўстанове навучэнцаў, тым большыя даходы яе супрацоўнікаў. І, трэба адзначыць, магчымасць увядзення такой сістэмы абмяркоўвалася і ў нашай краіне. Але, як сведчыць вопыт латвійскіх калег, гэтая сістэма разам з шэрагам пераваг мае і шэраг істотных мінусаў.

— Безумоўны плюс такой сістэмы ў тым, што ўстанова і педагогі за кошт сваёй канкурэнтаздольнасці маюць магчымасць атрымаць больш грошай, — адзначыла Модра Янсоне, эксперт прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Латвіі па пытаннях агульнай адукацыі. — Аднак “за бортам” застаюцца маленькія ўстановы адукацыі, якія па тых ці іншых прычынах не могуць прыцягнуць вялікую колькасць навучэнцаў. Пры пераходзе на новую сістэму аплаты працы мы перажылі закрыццё вельмі многіх устаноў адукацыі, найперш — невялікіх. Разам з тым частымі былі і выпадкі закрыцця гарадскіх школ, якія проста не маглі канкурыраваць па ўзроўні адукацыйных паслуг, што аказваюцца, з суседнімі навучальнымі ўстановамі, і, як вынік, былі вымушаны закрыцца. Аднак парадокс у тым, што канкурэнтаздольныя ўстановы з часам таксама гублялі свае перавагі. Найперш з-за таго, што набіралі вельмі вялікую колькасць вучняў. Былі выпадкі, калі ў пэўных школах у класах стаяла столькі парт, сколькі змяшчалася фізічна. У выніку, настаўнік проста “не даходзіў” да кожнага вучня. Гаварыць аб якасці адукацыі ў такім выпадку не даводзіцца. Таму сёння для нас відавочна, што пры прыняцці такой сістэмы абавязкова неабходна вызначаць той максімум вучняў, які можа быць у класе, ва ўстанове.

— Да таго ж павінны быць гарантыі, што калі ў школе мала дзяцей, то будзе дзейнічаць нейкі каэфіцыент, каб настаўнік у любым выпадку атрымліваў хаця б устаноўлены мінімум, — падзяліўся вопытам Яніс Красціньш. — Асаблівасць сістэмы яшчэ і ў тым, што існуе вельмі істотная розніца ў аплаце працы педагогаў розных устаноў. Заработная плата настаўніка залежыць ад таго, дзе ён працуе: у гімназіях, буйных школах — адны лічбы, у маленькіх школах — зусім іншыя. Так, заработная плата ў вялікіх гарадах даволі высокая, у Рызе, напрыклад, больш за 800 еўра. У невялікіх сельскіх школах — толькі каля 400 еўра.

Варта адзначыць, што ў многім дабрабыт настаўніка пэўнай школы, населенага пункта залежыць і ад таго, якія прэферэнцыі прадугледжаны ў калектыўным дагаворы. Гэтая сістэма, дарэчы, у многім падобна да беларускай, калі заключаюцца калектыўныя дагаворы паміж галіновым прафсаюзам і ўладай пэўнага рэгіёна па атрыманні тых ці іншых пераваг работнікамі галіны.

— Больш за тое, — адзначыла Інара Радчанка, прадстаўнік прафсаюза настаўнікаў Елгавы, — мы пайшлі далей і дамаўляемся з прадстаўнікамі не толькі ўлады, але і бізнесу. Сёння ў нас існуе сістэма, калі прафсаюз работнікаў адукацыі горада заключае дамовы з прадстаўнікамі таго ці іншага бізнесу аб пэўных прэферэнцыях пры набыцці тавараў ці паслуг для членаў прафсаюза. Як паказала практыка, гэта вельмі добры вопыт работы, які дае работнікам рэальныя перавагі ад уступлення ў галіновы прафсаюз.

Адметна, што, нягледзячы на тое, што сярэдні заробак настаўніка прыблізна роўны сярэдняму заробку па краіне, у Латвіі, як і ў Беларусі, існуе праблема прыцягнення маладых супрацоўнікаў у галіну. Каля 40% педагогаў краіны сёння старэйшыя за 50 гадоў. ВНУ рыхтуюць педагогаў, але далёка не ўсе выпускнікі ідуць працаваць у школу.



— Безумоўна, хочацца, каб заработная плата была большай. Але гэта не заўсёды вырашальны фактар матывацыі да прафесіі, — падкрэсліла Расма Мозэрэ, выкладчык Латвійскага ўніверсітэта. — Больш важнае значэнне часта мае асоба педагога, які навучае дзяцей. Часта менавіта гэта — самая вялікая матывацыя для абрання прафесіі педагога.
Алена МАРКЕВІЧ.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка