Навасёлкаўскі навучальна-педагагічны комплекс дзіцячы сад сярэдняя школа Нясвіжскага раёна




Дата канвертавання18.05.2017
Памер241.2 Kb.


Аддзел адукацыі, спорту і турызму Нясвіжскага раённага выканаўчага камітэта

Дзяржаўная ўстанова адукацыі “Навасёлкаўскі навучальна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – сярэдняя школа Нясвіжскага раёна”


АПІСАННЕ ВОПЫТУ ПЕДАГАГІЧНАЙ ДЗЕЙНАСЦІ «АРГАНІЗАЦЫЯ ГРАМАДЗЯНСКА-ПАТРЫЯТЫЧНАГА ВЫХАВАННЯ ДЗЯЦЕЙ ДАШКОЛЬНАГА ЎЗРОСТУ ПРАЗ РОЗНЫЯ ВІДЫ ДЗІЦЯЧАЙ ДЗЕЙНАСЦІ»

Пабока Алена Вікенцьеўна,

выхавацель дашкольнай адукацыі,

8(029) 555-35-71


е–mail: novosel@nesvizh.ed.by



Назва вопыту: “Арганізацыя грамадзянска-патрыятычнага выхавання дзяцей дашкольнага ўзросту праз розныя віды дзіцячай дзейнасці”

Актуальнасць вопыту

Патрыятычнае выхаванне дзяцей з'яўляецца адной з асноўных задач дашкольнай адукацыі. Пачуццё патрыятызму шматгранна па ўспрыманні: любоў да родных месцаў, гонар за свой народ, адчуванне сваёй непарыўнасці з навакольным светам, жаданне захоўваць і памнажаць багацце сваёй краіны. Таму маімі задачамі, як педагога, з'яўляюцца: выхаванне ў дзяцей любові і прыхільнасці да сваёй сям'і, хаты, дзіцячага сада, вуліцы, вёскі; фарміраванне абярэжнага стаўлення да прыроды і ўсяго жывога; выхаванне павагі да працы; развіццё цікавасці да традыцый свайго народа; знаёмства дзяцей з сімволікай дзяржавы (герб, флаг, гімн); развіццё пачуцця адказнасці і гонару за дасягненні краіны.

Актуальнасць праблемы заключаецца ў тым, што сучасныя дзеці мала ведаюць пра родны край, асаблівасці народных традыцый, часта абыякавыя да блізкіх людзей, у тым ліку да таварышаў па групе, рэдка спагадаюць чужому гору. У сваёй групе на аснове назіранняў і індывідуальных гутарак з дзецьмі, я зрабіла выснову, што мае выхаванцы мелі даволі павярхоўныя веды пра родны край, пра Радзіму ў цэлым. Акрамя гэтага, аналіз анкетавання бацькоў па дадзеным накірунку паказаў, што яны ўсведамляюць важнасць выхавання патрыятызму ў дзяцей, аднак дома надаюць гэтаму мала ўвагі, так як лічаць, што вядучая роля ў гэтай рабоце належыць дзіцячаму саду і школе.

Таму і ўзнікла неабходнасць сістэматызаванай мэтанакіраванай работы ў дадзеным накірунку.



Мэта вопыту: стварэнне комплексу арганізацыйных і праграмна-метадычных умоў, якія будуць спрыяць грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню дашкольнікаў.

Для дасягнення дадзенай мэты неабходна рэалізаваць наступныя задачы:

1. Прааналізаваць навуковую і метадычную літаратуру, практычныя матэрыялы па патрыятычным выхаванні дзяцей дашкольнага ўзросту.

2. Стварыць адаптыўнае развіваючае асяроддзе, якое будзе садзейнічаць грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню дашкольнікаў.

3. Распрацаваць перспектыўнае планаванне, канспекты заняткаў па дадзеным накірунку.

4. Укараніць у практыку эфектыўныя формы і метады работы для фарміравання ў дзяцей пачуцця гонару за сваю Радзіму, народ, любові і павагі да сваёй сям’і.

5. Распрацаваць цыкл рэкамендацый і кансультацый для бацькоў па грамадзянска-патрыятычным выхаванні дзяцей дашкольнага ўзросту.

Тэрміны работы над вопытам: верасень 2012 года – жнівень 2015 года

Этапы работы: пачатковы (верасень 2012 – студзень 2013); арганізацыйны (студзень 2013 – жнівень 2013); рэалізацыйны (верасень 2013 – май 2015); заключны (чэрвень 2015-жнівень 2015).

Вядучая ідэя вопыту

Толькі пры комплекснай мэтанакіраванай рабоце праз усе віды дзіцячай дзейнасці і цеснае супрацоўніцтва з сям’ёй можна выхаваць грамадзяніна-патрыёта, павысіць ступень нацыянальнай самасвядомасці як дзяцей дашкольнага ўзросту, так і іх бацькоў.



Апісанне сутнасці вопыту

Сваю работу я пачынала з вывучэння і аналізу нарматыўнай прававой дакументацыі, знаёмства з метадычнай літаратурай, якая сёння дазваляе падыйсці з розных бакоў да пытанняў патрыятычнага выхавання, падабраць формы і метады работы, найбольш адпаведныя канкрэтным умовам работы ў нашым дзіцячым садзе, апіраючыся на асноўныя раздзелы і задачы праграмы дашкольнай адукацыі.

Даследаванні расійскіх і беларускіх вучоных, практыкаў (Н.В. Алешына, Н.Ф. Вінаградава, Л.В. Варанецкая, А.Д. Жарыкаў, Р.І. Жукоўская, С.А. Казлова, Е.М. Карнеева, Л.Е. Ніканава, Э.Г. Суслава, Л.В. Філатава, Н.Ю. Ясева і інш.) указваюць на актуальнасць і неабходнасць работы па патрыятычным выхаванні дзяцей ва ўстановах дашкольнай адукацыі.

Дадзеныя даследаванні дазваляюць зрабіць вывад, што патрыятызм як маральная якасць асобы, якая фарміруецца ў дашкольным узросце, уключае:

• змястоўны кампанент – валоданне дзецьмі даступным іх ўзросту аб’емам уяўленняў і паняццяў аб навакольным асяроддзі: сацыяльным складзе грамадства, жыцці народа, гісторыі, выпрацоўку правільных поглядаў на факты грамадскага жыцця краіны;

• эмацыянальна-пабуджальны кампанент – перажыванне асобай станоўчых эмацыянальных адносін да засвоеных ведаў, навакольнага свету, любові да роднага горада (вёскі), краю, гордасці за працоўныя і баявыя поспехі народа, павага да гістарычнага мінулага роднай краіны, захаплення народнай творчасцю, любові да роднай мовы, прыроды роднага краю, праяўленне інтарэсу да звестак аб краіне, імкненне ўдзельнічаць у грамадска карыснай працы;

• дзейнасны кампанент – рэалізацыя эмацыянальна прачулых і асэнсаваных ведаў у дзейнасці (аказанне дапамогі дарослым, праяўленне клопату аб іх, гатоўнасць выканаць заданне дарослага, беражлівыя адносіны да прыроды, рэчаў, грамадскай маёмасці, уменне адлюстроўваць атрыманыя веды ў творчай дзейнасці). [2, с.36]

Вызначыўшы на базе аналізу дадзеных даследаванняў навуковыя аспекты і методыкі грамадзянска-патрыятычнага выхавання дашкольнікаў, вывучыўшы вопыт педагогаў-практыкаў па праблеме, я выпрацавала стратэгію дзейнасці, якая, на мой погляд, з’яўляецца найбольш аптымальнай і эфектыўнай.

На арганізацыйным этапе дзейнасць была накіравана на стварэнне прадметнага развіваючага асяроддзя. Практыка паказала, што выкарыстанне варыятыўных мадэляў развіваючага асяроддзя дазваляе спалучаць работу па грамадзянска-патрыятычным выхаванні дашкольнікаў з усімі відамі дзіцячай дзейнасці.

Работа па папаўненні прадметнага развіваючага асяроддзя праводзілася на аснове сістэматычнага аналізу і планавання, якія прадугледжвалі абнаўленне матэрыялаў ў цэнтрах дзейнасці. Перш, чым пачаць работу з дзецьмі, я зрабіла наступнае: падабрала і папоўніла асабістую бібліятэку пра вёску і Беларусь; стварыла картатэку беларускіх прымавак і прыказак, народных гульняў і свят; вырабіла дыдактычныя гульні па патрыятычным выхаванні: "Поле цудаў", "Мінск – сталіца Беларусі", "Святы роднай краіны", "Мая Беларусь"; аформіла ў групе беларускі куток, у змест экспазіцыі якога ўваходзяць саматканыя сурвэткі, рушнікі, вырабы з саломкі, льну, лялькі ў нацыянальным адзенні “Лявон і Лявоніха”. Там дзеці знаёмяцца з вырабамі з саломкі i ільну - беларускай народнай лялькай; абуткам, які называецца лапці. Нашы дзеці з вялікім задавальненнем прыходзяць у “беларускі куток”.

Мною быў сабраны разнастайны матэрыял па тэмах: “Фальклор – душа народа”, “Мы пачнём гульню шпарчэй!”, “Цікавыя і невядомыя рэчы ў сялянскай хаце”, “Вялікія людзі зямлі Беларускай”, “Вялікая Перамога”, “Мой родны горад”, “Мая Радзіма – Беларусь”, “Наша спадчына”, “Беларуская хатка”, “Брэсцкая крэпасць-герой” і інш. Значную ўвагу надаю знаёмству з нашым раённым цэнтрам, які з’яўляецца гістарычнай і культурнай каштоўнасцю, таму аформіла фотаальбом аб Нясвіжы “Мой родны горад”, сабраланы матэрыял па тэмах: “Вядомыя людзі Нясвіжа“, “Люблю свой край, старонку гэту”. Многа ўвагі ўдзяляю сучаснаму нашай дзяржавы - гэта сімволіка Беларусі: флаг, герб. Сабрала матэрыял па тэмах: “Беларусь на сучасным этапе”, “Багацце нашай краіны” (фабрыкі і заводы), “Запаветныя мясціны, помнікі архітэктуры”, “Чырвоная кніга Беларусі”.

Усе сабраныя матэрыялы дапамаглі наладзіць разнастайную работу па грамадзянска-патрыятычным выхаванні дашкольнікаў.

У сілу ўзросту, вялікае значэнне мае арганізацыя гульнёвай дзейнасці дзяцей. У гульні дашкольнік атрымлівае і найбольш востра перажывае знешнія ўражанні, праяўляе сябе як дзеяч і будаўнік. Вось чаму пры азнаямленні дзяцей з роднай бацькаўшчынай неабходна, каб гульні дзяцей былі асэнсаванымі, займальнымі, самадзейнымі і творчымі. Гэта падштурхнула да стварэння нацыянальнай гульнятэкі з уключэннем усіх відаў гульні. Шырокае месца ў ёй займаюць народныя, тэатральныя, рэжысёрскія, сюжэтна-ролевыя, даследчыя, дыдактычныя, развіваючыя гульні (Дадатак 1). Я лічу, што пры выкарыстанні гульняў важна рацыянальна іх размеркаваць у адукацыйным працэсе, таму дапамагаю кожнаму выхаванцу з вялікай радасцю пастаянна ўключацца ў гульню, мэтанакіравана назапашваю гульнявы вопыт і фармірую гульнявую культуру маіх выхаванцаў. [1, с.72]

Адукацыйны працэс з дзецьмі пачаўся на рэалізацыйным этапе. Работа будавалася па вызначанай сістэме, пры захаванні ўмоў паслядоўнасці і сітэматычнасці. У рабоце з дзецьмі імкнулася выкарыстоўваць такія формы і метады работы, якія ім падабаліся і былі найбольш эфектыўнымі. Выхаванне нацыянальнай самасвядомасці дзяцей старалася ажыццяўляць кожную хвіліну: у спецыяльна арганізаванай дзейнасці, у гульнях, у розных відах дзіцячай дзейнасці, формах актыўнага адпачынку.

Асаблівую ўвагу надаю планаванню дадзенай работы. Мой вопыт паказвае, што планаванне работы па грамадзянска-патрыятычным выхаванні дашкольнікаў найбольш эфектыўна будаваць па наступных накірунках: “Мая сям’я”, “Мая вёска”, “Мой дзіцячы сад”, “Малая Радзіма”, “Вялікая Перамога”, “Прырода роднага краю”. Усе прапанаваныя тэмы лагічна звязаны паміж сабой i разам складаюць цэласнае ўяўленне аб краіне, сям’і, сваім народзе, яго гісторыі і традыцыях.

Пры арганізацыі адукацыйнага працэсу па грамадзянска-патрыятычным выхаванні дзяцей я выкарыстоўваю разнастайныя формы работы: музычныя святы і забавы, завочныя падарожжы, гульні, назіранні (напрыклад, працоўнага жыцця людзей, змену аблічча вёскі і г.д.), гутаркі пра родную вёску, край, развучванне песень і вершаў пра Радзіму, сям’ю, матулю, прыказак, прымавак, чытанне казак, праслухоўванне музычных твораў, азнаямленне з творамі народнай творчасці, выставы дзіцячай творчасці.

Адной з асноўных форм работы па патрыятычным выхаванні дашкольнікаў з’яўляюцца заняткі ў межах спецыяльна арганізаванай дзейнасці. Гэта могуць быць спецыяльныя тэматычныя заняткі, а таксама вырашэнне задач грамадзянска-патрыятычнага выхавання на занятках адукацыйных вобласцей “Развіццё маўлення і культуры маўленчых зносін”, “Дзіця і грамадства”, “Дзіця і прырода”, “Мастацтва” (Дадатак 2).

Улік узроставых асаблівасцей дзяцей патрабуе шырокага прымянення гульнявых прыёмаў, якія неабходны як для павышэння пазнавальнай актыўнасці дзяцей, так і для стварэння эмацыянальнай атмасферы заняткаў. Мой вопыт паказаў, што вялікую цікавасць у дзяцей выклікаюць гульні-падарожжы (у Белавежскую пушчу, мінулае сваёй вёскі, Нясвіжскі замак і г.д.).

Любы край, вобласць, нават невялікая вёска, такая як наша, непаўторныя. Таму, перш чым знаёміць дзяцей са звычаямі сваёй мясцовасці, я сама дасканала вывучаю гэтыя традыцыі, шукаю мясцовых жыхароў, якія могуць наглядна паказаць народныя песні, гульні, абрады. Музычныя забавы з запрашэннем мясцовых умельцаў заўсёды выклікаюць жывую цікавасць у дзяцей і іх бацькоў.

Наогул, народная музыка мае вялізны выхаваўчы патэнцыял. Народныя музычныя творы ў вясёлай, лёгкай форме знаёмяць дзяцей з традыцыямі і бытам народа, яго працай, паказваюць абярэжнае стаўленне да роднай прыроды, выхоўваюць пачуццё гумару. Менавіта таму на музычных занятках мы часта звяртаемся да народнай музыкі, а таксама стараюся, каб дзеці чулі такую музыку штодзённа. Для гэтага стварыла картатэку музычнага фальклору беларусаў. Пры планаванні ўсіх відаў дзіцячай дзейнасці, стараюся выкарыстоўваць гэтыя матэрыялы. Галоўная ўмова – задачы дзейнасці павінны супадаць з тэматыкай музыкі. Вельмі часта я ўключаю народную музыку ў заняткі па выяўленчай дзейнасці, калі дзеці ствараюць дэкаратыўныя кампазіцыі па матывах народных промыслаў.

Разам з дзецьмі мы знаёміліся з найбольш значнымі аб’ектамі сваёй вёскі (школа, бібліятэка, магазін, дом культуры і г.д.), назіралі за прыроднымі асаблівасцямі нашай мясцовасці, вучылі, як і чаму называецца наша вёска, вуліца, знаёміліся са знакамітымі людзьмі. Вынікам такой работы стала абагульняючая гутарка на тэму “Мая вёска”. Перад правядзеннем гутаркі я папрасіла дзяцей падумаць, што ім найбольш падабаецца ў сваёй вёсцы, адказаць, чаму менавіта гэты аб’ект прыцягнуў іх увагу. Так як дзецям дашкольнага ўзросту даволі складана самастойна справіцца з такой работай, я звярнулася за дапамогай да бацькоў. У выніку дзеці не толькі расказалі пра сваю вёску, але і намалявалі яе ці прынеслі цікавыя фотаздымкі.

Дапамагаючы дзецям убачыць прыгажосць сваёй вёскі, яе прыроды, я імкнуся выхоўваць у іх пачуццё павагі да чалавека працы, тлумачу, што ўся гэтая прыгажосць не ўзнікае сама па сабе, а створана і падтрымліваецца штодзённай працай многіх людзей. Тым самым дзеці вучацца паважаць працу, шанаваць тое, што стваралася для іх.

У грамадзянска-патрыятычным выхаванні вялікае значэнне мае прыклад людзей, якія сваімі справамі праславілі Радзіму, свой горад, вёску. А калі гэта яшчэ і блізкія табе людзі – бабулі, дзядулі, бацькі – такі прыклад не забудзецца ніколі. Таму традыцыйнымі для маіх дзяцей сталі так званыя “сямейныя сустрэчы”. На прыкладзе сваіх родных дзеці засвоілі такія складаныя для іх паняцці, як “абавязак”, любоў да Айчыны”, “працоўны подзвіг”.

Гаворачы пра сваю Радзіму, немагчыма застацца збоку ад тэмы Вялікай Перамогі. На шчасце, у нашай мясцовасці пражываюць два ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, і мы маем магчымасць запрасіць іх да сябе, пагутарыць, павіншаваць са святамі.

Патрыятычнае выхаванне дзіцяці-дашкольніка – гэта, у першую чаргу, выхаванне павагі да членаў сваёй сям’і - бацькі, маці, бабулі, дзядулі. Таму я вялікую ўвагу надаю працы над паняццем "сям'я", праводжу этычныя гутаркі пра сям'ю, пра блізкіх сваякоў; дзеці складаюць невялікія апавяданні пра бацькоў, пра тое, як яны разам адпачываюць; малюем на тэмы "Мая мама", "Хата маёй бабулі", "Як мы адпачывалі", “Мая сям’я” і інш.

Усе дзеці любяць сваіх мам, але не ўсе разумеюць, што патрэбна кожны дзень дапамагаць, не пярэчыць, паважаць матулю. Мая практыка паказвае, што найбольшую цікавасць у дзяцей выклікаюць песні аб маме. Для таго, каб песні надзейна ўвайшлі ў рэпертуар дзіцяці, я выкарыстоўваю іх у розных сітуацыях: падчас ранішніх гутарак аб маме, на занятках, пры разглядванні рэпрадукцый з адлюстраваннем маці і дзяцей.

Вялікае значэнне ў выхаванні патрыятызму мае знаёмства з беларускай народнай творчасцю, з гісторыяй беларускага народа, традыцыямі, культурай, звычаямі, побытам, прыкладным мастацтвам і фальклорам Беларусі. Я паставіла задачу – паказаць дзецям прыгажосць беларускай мовы праз вусную народную творчасць (песні, прыпеўкі, калядкі); фарміраваць цікавасць да фальклору і, як следства, узбагачаць слоўнікавы запас дзяцей. Шляхі падачы інфармацыі для дзяцей разнастайныя: гутаркі, заняткі, удзел у абрадах, гульнях, карагодах, праслухоўванне народнай музыкі. Дзеці з задавальненнем развучваюць беларускія народныя гульні (“Гусі”, “Фарбы” ), знаёмяцца з беларускімі народнымі казкамі, прыказкамі, прымаўкамі. [5, с.80]. Усе забавы і святы стараюся праводзіць на роднай мове.

Пачуццё любові да роднай прыроды – яшчэ адно са складаючых патрыятызму. Таму значную ўвагу надаю назіранням за сезоннымі з’явамі ў прыродзе, знаёмству з лекавымі і рэдкімі раслінамі сваёй мясцовасці, прадстаўнікамі мясцовай флоры і фауны. Штодзень чытаю дзецям мастацкія творы пра прыроду, знаёмімся с творамі жывапіснага мастацтва. Вельмі любяць дзеці маляваць аб’екты прыроды, назіраць. Вялікае значэнне мае работа на экалагічнай сцяжынцы. Стараюся ўвесь матэрыял сістэматызаваць згодна сезонным асаблівасцям. Кожны сезонны цыкл заканчваем тэматычным святам ці забавай. У нашай установе стала добрай традыцыяй праводзіць такія святы на прыродзе.

У рабоце з сям'ёй я абапіралася на бацькоў як на раўнапраўных удзельнікаў фарміравання дзіцячай асобы. Дакрананне да гісторыі сваёй сям'і выклікае ў дзіцяці моцныя эмоцыі: прымушае суперажываць, уважліва ставіцца да памяці мінулага, да сваіх гістарычных каранёў. Гэта добра было відаць, калі дзеці разам з бацькамі афармлялі генеалагічнае дрэва сваёй сям’і. Традыцыйна мы выпускаем сямейныя газеты, дзе адлюстроўваюцца сямейныя святы і традыцыі.

Сумесна з бацькамі мы афармляем у группе патрыятычны куток, дзе сабралі вершы, казкі, аповеды пра гарады Беларусі, пра Нясвіж, матэрыялы пра гісторыю сваёй вёскі. З удзелам бацькоў мы складаем з дзецьмі фотаальбом “Мая родная вёска”. Наяўнасць дастатковай колькасці фотаздымкаў з відамі сваёй i іншых мясцовасцей дае магчымасць праводзіць дыдактычную гульню “Мая старонка”. Бацькі з’яўляюцца пастаяннымі ўдзельнікамі свят і забаў, а таксама могуць выступаць у ролі іх арганізатараў.

Стала традыцыйным правядзенне для бацькоў дзён адкрытых дзвярэй з нацыянальнай тэматыкай: "Мой родны кут, як ты мне мілы", "Люблю мой край, старонку гэту", "Гучы, родная мова", "Не пусцім мову на звод – бо мы беларускі народ", "З чаго пачынаецца Радзіма?", "Мая Беларусь сінявокая", "Наша спадчына" і г.д.

На мой погляд, вялікае значэнне ў адукацыі бацькоў маюць групавыя кансультацыі па грамадзянска-патрыятычным выхаванні. Таму мной распрацаваны цыкл памятак і кансультацый для бацькоў па пытаннях грамадзянска-патрыятычнага выхавання дзяцей (Дадатак 3).



Выніковасць і рэзультатыўнасць вопыту

На заключным этапе былі абагульнены вынікі работы ў адпаведнасці з патрабаваннямі вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі. Назіранні паказалі, што ў выніку мэтанакіраванай работы дзеці:



ведаюць народныя песні, пацешкі, казкі; пазнаюць народныя мелодыі; ведаюць назву сваёй вёскі, вуліцы; называюць жывёлы і расліны, якія занесены ў Чырвоную Кнігу РБ; ведаюць назву нашай краіны і яе сталіцу, дзяржаўныя сімвалы;

умеюць гуляць у народныя гульні; сябраваць з усімі дзецьмі; даглядаць расліны, жывёл і птушак;

ведаюць і разумеюць, што ў Беларусі ёсць краіны-суседкі, называюць некаторыя з іх; што такое краіны, у чым іх падабенства і адрозненне; што трэба берагчы і памнажаць багацці прыроды роднага краю;

устанаўліваюць і тлумачаць наступныя прычынныя сувязі: чаму трэба абярэжна ставіцца да прадстаўнікоў жывёльнага і расліннага свету; чаму важна валодаць сваёй мовай і для чаго вывучаць іншыя мовы; чаму чалавек любіць сваю Радзіму.

Акрамя гэтага, створана метадычная база па пытаннях грамадзянска-патрыятычнага выхавання дашкольнікаў. Распрацаваны канспекты заняткаў, музычных забаў і свят па дадзеным накірунку. Сабрана картатэка гульняў, назапашана многа раздатачнага і метадычнага матэрыялу.

Хоць мая работа па грамадзянска-патрыятычным выхаванні дашкольнікаў дала станоўчыя вынікі, яна паказала, што існуе яшчэ шмат нявырашаных пытанняў. Гэта падштырхнула калектыў нашай установы адукацыі на стварэнне педагагічнага праекта “Гульнявая дзейнасць як спосаб фарміравання ў дзяцей дашкольнага ўзросту каштоўнаснага стаўлення да беларускай нацыянальнай спадчыны”, сааўтарам якога я з’яўляюся. Мэта дадзенага педагагічнага праекта - павышэнне ўзроўню нацыянальнай самасвядомасці і маральна-патрыятычнага патэнцыялу дзяцей дашкольнага ўзросту праз выкарыстанне творчага і выхаваўчага патэнцыялу беларускай народнай гульні.

Вывады

Дзякуючы выкарыстанню розных формаў і метадаў работы падчас азнаямлення дашкольнікаў з родным краем, рэспублікай, з яе народам, побытам і традыцыямі, у дзяцей фарміруюцца такія маральныя якасці, як любоў да Радзімы, сваёй Айчыны, да роднай прыроды, да людзей, якія насяляюць гэту зямлю. Сістэматычная і планамерная работа па выхаванні ў дзяцей патрыятычных пачуццяў спрыяла ўзбагачэнню ведаў дашкольнікаў. Дзеці пазналі шмат новага пра наш народ, пра яго самабытнасць, пра іх звычаі і традыцыі. Папаўненне актыўнага і пасіўнага слоўніка дзяцей спрыяла фарміраванню наглядна-вобразнага мыслення ў дзяцей. У гульні і працы паміж дзецьмі палепшыліся сяброўскія ўзаемаадносіны, сталі паважлівей і памяркоўней ставіцца да аднагодкаў. Спадзяюся, што атрыманыя ў дзіцячым садзе веды спатрэбяцца дзецям у іх далейшым жыцці.



Спіс выкарыстаных крыніц

  1. Вількін, Я.Р. Беларускія народныя гульні: дапаможнік для педагогаў дашкольных устаноў / Я.Р. Вількін. - Мінск: Беларусь, 1996

  2. Дубінін, Дз.У. Мая родная старонка: дапаможнік для педагогаў дашкольных устаноў/ Дз.У. Дубінін, Дз.М. Дубініна. - Мінск: Полымя, 2000

  3. Дуброва, В.П. Адраджэнне нацыянальных традыцый у дзіцячым садзе: дапаможнік для педагогаў дашкольных устаноў / В.П. Дуброва, А.П. Мілашэвіч, Л.Ф. Саўчанка. – Віцебск, 1994

  4. Ермакова ,З.І. Беларускія гульні ў дзіцячым садзе: дапаможнік для педагогаў дашкольных устаноў / З.І Ермакова, В.М. Шабека. - Мінск : Народная асвета, 1995

  5. Казловіч, Ж.М. Вывучаем родную мову разам з бульбашыкам: дапаможнік для педагогаў дашкольных устаноў / Ж.М. Казловіч. - Мазыр: Садзеянне, 2009

  6. Красюк, В.С. Праменьчыкі выхавання патрыятызму (у 2 частках): дапаможнік для педагогаў дашкольных устаноў / В.С. Красюк, М.М. Сцепчанка, К.В. Шавяленка. - Мазыр: Белы вецер, 2010

  7. Шылько, Т.М. З роднай мовай дзень за днём: дапаможнік для педагогаў дашкольных устаноў / Т.М. Шылько. - Мінск: Народная асвета, 1999

  8. Вучэбная праграма дашкольнай адукацыі. - Мінск: Нацыянальны інстытут адукацыі, 2012

Дадатак 1



Картатэка беларускіх народных гульняў

Гульні-карагоды


Гульні вялікай рухомасці

Гульні сярэдняй і малай рухомасці

Восеньскія:

Млын


Пячэнне хлеба

Яблынька


Лянок

Гусі


Зімовыя :

Каляда


Каза

Казёл


Мядзведзь

Вясновыя:

Пляцень


Грушка

Вузельчык

А мы проса сеялі

Агароднік

Макі-макавачкі

Летнія:

Сонца і месяц

Курнаціна

Маўчанка


Адгадай, чый галасок

Заінька


Іванка

Бярозка


Малодшы ўзрост:

Заінька ў садочку

Лясь-лясь, уцякай

Вожык і мышы

Замарожаныя

Спрытны Верабей



Сярэдні ўзрост:

Блін гарыць

Змяя

Фарбы


Гаспадыня і Кот

Гарачае месца

Пераскоч гару

Каза


Старэйшы ўзрост:

Гарлачык


Шэры кот

Два агні


Вартаўнік

Свабоднае месца

Паляўнічы

Каноплі


Гуж

Шчупак


Паспей адбіць

Кошка і мышка



Малодшы ўзрост:

Прэла-гарэла

Клубок

Адгадай, чый галасок



Палатно

Жмуркі


Сярэдні ўзрост:

Вяроўка-змейка

Круг-кола

Церамок


У млын

Сляпы музыкант

Што робіш?

Нос, нос, нос, лоб



Старэйшы ўзрост:

Схавай рукі

Шавец

Лавіць куры



У сяло

Кашка


Пацяг

Пабелка


Вугольчык

Пошта


Гусі-лебедзі і воўк


Гульні-карагоды

«Лянок». (Узрост: «Фантазёры»)

Задачы: практыкаваць ва ўменні ўзгадняць рухі са словамі песні; выхоўваць пачуццё калектывізму

Абсталяванне: хустка для бабулі.

Апісанне гульні

3 ліку ўдзельнікаў гульні выбіраецца бабуля. Астатнія дзеці становяцца ў круг і пытаюцца:

Што ты, бабуля, нам прасці дасі?

Бабуля: Старым бабулькам — воўны пасмачку,

А прыгожым маладзічкам — белы лянок!

Пасля гэтага дзеці разам з бабуляй пачынаюць спяваць, паказваючы рухамі дзеянні, пра якія гаворыцца ў песні:

А мы сеялі, сеялі лянок,

Белы, слаўны кужалёк!

Урадзіся, наш лянок!

Урадзіся, кужалёк!

Мы лянок ірвалі, выбіралі,

У снапочкі збіралі,

Малацілі, абівалі,

У полі слалі,

Урадзіўся лянок,

Белы, слаўны кужалёк! 



Беларускія народныя гульні

«Мядзведзь». (Узрост: «Фантазёры»)

Задачы: развіваць фізічныя здольнасці, кемлівасць, знаходлівасць; выхоўваць пачуццё калектывізму

Абсталяванне: шапка і вяроўка для мядзведзя, шапка важака, бубен.

Апісанне гульні

Выбіраецца мядзведзь (мішка), важак, музыка. Узяўшыся за рукі, дзеці ўтвараюць паўмесячык. Важак прыводзіць мядзведзя. Побач стаіць музыка з бубнам. Важак прамаўляе:

—Мішка, павесялі народ! Пакажы нам, як жанчыны хлеб месяць.

(Мішка паказвае. Дзеці паўтараюць усе яго рухі.)

—Пакажы, як яны ідуць на поле працаваць?

(Мішка ледзь ідзе, спыняецца, слухае, углядаецца ў неба, нюхае.)

—Ну-ка, мішка, пакажы, як яны ідуць з поля дадому.

(Мішка ідзе хутка, нават подбегам.)

—Пакажы, як мужык дровы коле. Як касу нясе. Як косіць і г.д.

Важак прамаўляе:

—Дзякуй, мішка, павесяліў народ. Пайшлі.

(Хоча вывесці мядзведзя, але той не ідзе, упіраецца.)

—Дзеці, мішка вельмі любіць вясёлыя народныя гульні.

Мядзведзь і важак становяцца ў круг, вызначыўшы новага важака і мядзведзя. Кожны важак і мядзведзь уносяць новыя элементы ў гульню. Для таго каб дзеці развівалі творчую фантазію, можна прапанаваць ім загадзя размеркавацца па парах і падрыхтаваць новыя дзеянні.



Тэатралізаваная пастаноўка “Прадай мне, бабанька, бычка”

Бабка (уваходзіць у зал, вітаецца):

Добры дзень, дзеці, не бачылі вы бычка?

Дзеці: Не, не бачылі.

Бабка: (выходзіць за дзверы, вяртаецца з бычком, за ёю ідзе дзед)

Дзед: Куды збіраешся, бабуля?

Баба: На кірмаш. Бычка прадаваць.

Дзед: Прадай, бабанька, мне бычка.

Бабка: Бычок у мяне буры-буры,

Заганяе свіней, курай. Не, не прадам.

Дзед: Прадай мне, бабанька, бычка.

Бабка: Бычок у мяне лысы-лысы,

Мые лыжкі, мые місы. Не, не прадам.

Дзед: Прадай, бабанька мне, бычка.

Бабка: Бычок у мяне рабы-рабы.

Кожны дзень дапамагае-

Тэлевізар мне ўключае. Не, не прадам.

Дзед: Прадай, бабанька мне, бычка 

Бабка: А колькі дасі?

Дзед: Бяры торбу грошай і мяне ў прыдачу

Бабка: Вось і старгаваліся.

І торба грошай, і бычок у мяне,

І дзед у прыдачу.

Развіваючыя гульні

Наладжваем вытворчасць” (старэйшы ўзрост)



Задачы: пашыраць прадстаўленні дзяцей аб прадпрыемствах раёна; садзейнічаць развіццю цікавасці да прадметаў рукатворнага свету; фарміраваць навык сумеснай дзейнасці з аднагодкамі

Матэрыял: фотаздымкі прадпрыемстваў раёна і іх прадукцыі

Апісанне гульні

Дарослы прапануе дзецям разгледзець фотаздымкі, успомніць, якія прадпрыемствы ёсць у раёне, назваць іх. Затым прапануе гульцам наладзіць вытворчасць прадукцыі на сваім прадпрыемстве: да фотаздымка прадпрыемства падабраць фотаздымкі з выявамі прадукцыі гэтага прадпрыемства. Дзеці называюць прадукцыю, для чаго яна выкарыстоўваецца, яе важнасць для чалавека.



Рэжысёрская гульня “На бабульчыным падворку” (малодшы узрост)

Мэта: спрыяць узбагачэнню ведаў аб жыцці ў вёсцы; практыкаваць ва ўтварэнні назваў дзіцянят жывёл; выхоўваць жаданне даглядаць за імі, дапамагаць дарослым

Матэрыял: фігуркі свойскіх жывёл, людзей, харчы для жывёл, сялянскі падворак

Апісанне гульні

Пад крык пеўня выходзіць бабуля. Расказвае, што сонейка ўстала, настаў новы дзень. Перш за ўсіх бабуля адчыняе дзверцы курам. Затым нясе ім зерне, дзеці дапамагаюць: сыплюць зерне. Бабуля выкарыстоўвае мастацкае слова:

Ко-ко-ко, мае чубаткі,

Сыплю, сыплю вам зярняткі,

Каб траўку дзяўблі, каб яечкі няслі.

Паміж бабуляй і дзецьмі заводзіцца гаворка аб тым, чым харчуюцца куры, як называюцца іх дзіцяняты, якую карысць мае чалавек ад курэй. (Выкарыстоўваецца мастацкае слова: “Кукарэку, певунок”, рухомая гульня “Наседка і кураняты” і інш.)

Праводзіцца аналагічная работа па знаёмству з кожнай жывёлай.

Літаратура:



  1. Пралыгіна, Н.В. Далучэнне дашкольнікаў да беларускай нацыянальнай культуры сродкамі народных гульняў: дапаможнік для педагогаў устаноў, якія забяспечваюць атрыманне дашкольнай адукацыі / Н.В. Пралыгіна. - Мазыр: Белы вецер, 2006

  2. Гракова, К.Г. Твая сталіца: заводы і фабрыкі Мінска: вучэбны дапаможнік для педагогаў устаноў дашкольнай адукацыі / К.Г. Гракова. – Мінск: Народная асвета, 2011

Дадатак 2



Комплексны занятак па развіццю мовы і культуры маўленчых зносін

на тэму: “Падарожжа па беларускіх народных казках”

Праграмны змест: выявіць веды дзяцей аб беларускіх народных казках; вучыць ацэньваць учынкі герояў; прывіваць любоў да роднай мовы; развіваць дыялагічнае маўленне, моўнае дыханне; заахвочваць да ўдзелу ў беларускіх народных гульнях; выхоўваць сяброўскія адносіны паміж дзецьмі, жаданне прыйсці на дапамогу іншым

Абсталяванне: жаночы беларускі касцюм; клубок нітак; макет печы, яблыні, хаткі; шырма; казачныя героі: кот, ліса, заяц, воўк, дзік; тэатр на стаканчыках да казкі “Пшанічны каласок”; запіс беларускай народнай мелодыі

Ход занятку

Гучыць беларуская народная мелодыя, уваходзіць Казачніца (выхавацель) з клубочкам у руках.



Казачніца. Добрай раніцы, дзяўчынкі-весялінкі

І хлопчыкі-малайчынкі.

Шчыра ўсіх я вас вітаю

І здароўя ўсім жадаю!

Я – Казачніца і вельмі люблю беларускія народныя казкі. А ці любіце вы казкі?

--Сення я хацела вам расказаць новую казку, але вось бяда: згубіла сваю торбачку з кніжкай. Дапамажыце мне яе знайсці. У мяне ёсць чароўны клубок, які можа паказаць нам дарогу (кідаем клубок і ідзём за ім пад бел. нар. мелодыю).

Клубочак чароўны, каціся, каціся,

Вядзі нас у казку, не заблудзіся.

(Клубок прыкаціўся да казачнай Печы).

Заданне ад Печы.


  1. Як маці клікала Піліпку?

  2. Як каза-манюка адказвала дзеду?

  3. Што крычаў пеўнік, калі яго несла ліса?

Казачніца. З заданнямі Печы мы справіліся, можам ісці далей.

Клубочак чароўны, каціся, каціся,

Вядзі нас у казку, не заблудзіся. (На шляху з’ўляецца хатка: у акенцы -- зайчык)

--Чыя гэта хатка?

--У якую пару года героі казкі пабудавалі сабе хаткі?

--Зайка таксама падрыхтаваў для нас заданне.



Гульня “Падкажы слоўца”

--Белы, бліскучы, пушысты – гэта сняжынка ці снег?

--Белыя, маленькія, серабрыстыя – гэта сняжынка ці сняжынкі?

--Марознае, халоднае – гэта дзень ці надвор’е?

--Снежная, лютая – гэта мароз ці зіма?

Фізмінутка “Закружыліся сняжынкі”

Закружыліся сняжынкі

Нізка-нізка над зямлёй,

Ціха лётаюць пушынкі

Незлічонай чарадой.

(Дзеці кружацца, бегаюць.)

Наляцела завіруха, падняла ўсе сняжынкі з зямлі (дзеці моцна дзьмуць на далонькі).

Казачніца. З заданнямі зайчыка мы справіліся, можам ісці далей.

Клубочак чароўны, каціся, каціся,

Вядзі нас у казку, не заблудзіся. (На шляху з’ўляецца шырма з казачнымі героямі).

--З якой казкі гэтыя героі? (“Як кот звяроў напалохаў”)

--Давайце пакажам урывак з казкі: звяры вырашаюць, што панясуць лісіцынаму гаспадару.

Казачніца. Клубочак чароўны, каціся, каціся,

Вядзі нас у казку, не заблудзіся.

(Пад музыку дзеці ідуць далей. На стале тэатр на стаканчыках “Пшанічны каласок”).

--Ці здагадаліся з якой казкі гэтыя героі?

--Дайце адзнаку ўчынкам герояў.

--Якія героі станоўчыя, якія адмоўныя?

--Якім героям мы можам паспачуваць, дапамагчы?

--Якіх яшчэ герояў беларускіх народных казак вы ведаеце?



Казачніца. Клубочак чароўны, каціся, каціся,

Вядзі нас у казку, не заблудзіся.

(Дзеці апынуліся ля яблынькі. Побач стаіць торбачка з кніжкай)

--А вось і мая торбачка пад яблынькай. Давайце пагуляем з яблынькай у беларускую народную гульню “Яблынька”, а потым пачытаем новыя казкі.



Беларуская народная гульня “Яблынька”

Літаратура:



  1. Шаблоўская, Т.А. Наш край беларускі: дапаможнік для выхавацеляў дзіцячага сада / Т.А. Шаблоўская. – Мазыр: Белы вецер, 2002

Дадатак 3

Рэкамендацыі для бацькоў

«Выхаванне грамадзяніна і патрыёта»

Калі ў дзяцінстве дзіця адчула пачуццё суперажывання да другога чалавека, радасць ад добрага ўчынку, гонар за сваіх бацькоў, усхваляванне ад сутыкнення з добрым учынкам, ён прыдбаў эмацыянальны вопыт. Тым самым будуць пабудаваны шляхі для асацыяцый эмацыянальнага характара, а гэта з’яўляецца асновай, фундаментам больш глыбокіх пачуццяў, умовай паўнацэннага развіцця чалавека.

Выхаванне маленькага патрыёта пачынаецца з самага блізкага для яго -- роднага дома, вуліцы, дзе ён жыве, дзіцячага сада.

Звяртайце ўвагу дзіцяці на прыгажосць роднага города, вёскі.



  • У час прагулкі раскажыце, што знаходзіцца на вашай вуліцы, пагаварыце аб значэнні кожнага аб’екта.

  • Дайце прадстаўленні аб рабоце грамадскіх устаноў: пошты, магазіна, бібліятэкі і г.д. Поназірайце за работай супрацоўнікаў гэтых устаноў, адзначце каштоўнасць іх працы.

  • Разам з дзіцем прымайце ўдзел у працы па добраўпарадкаванні і азеляненні свайго двара.

  • Пашырайце асабісты кругазор: наведванне музееў, выстаў, экскурсіі да памятных месцаў свайго края, прагляд тэлеперадач аб гісторыі нашай краіны.

  • Вучыце дзіця правільна ацэньваць свае ўчынкі і ўчынкі іншых людзей.

  • Чытайце яму кнігі аб радзіме, яе героях, аб традыцыях, культуры свайго народа; арганізоўвайце сумесныя сямейныя паездкі, экскурсіі.

  • Хваліце дзіця за жаданне падтрымліваць парадак, прыкладныя паводзіны ў грамадскіх месцах.

Літаратура:



  1. Красюк, В.С. Праменьчыкі выхавання патрыятызму (у 2 частках): дапаможнік для педагогаў дашкольных устаноў / В.С. Красюк, М.М. Сцепчанка, К.В. Шавяленка. - Мазыр: Белы вецер, 2010





База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка