Неарамантычныя матывы ў лірыцы эдны мілей І канстанцыі буйло




старонка1/2
Дата канвертавання30.04.2017
Памер463.64 Kb.
  1   2

БЕЛАРУСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ ЎНІВЕРСІТЭТ

УДК 82.091-1[821.111(73):821.161.3]

КРЫШТОП

ІНЕСА СЯРГЕЕЎНА



НЕАРАМАНТЫЧНЫЯ МАТЫВЫ Ў ЛІРЫЦЫ

ЭДНЫ МІЛЕЙ І КАНСТАНЦЫІ БУЙЛО:

ВОПЫТ ПАРАЎНАЛЬНАГА АНАЛІЗУ

Аўтарэферат дысертацыі на атрыманне вучонай ступені

кандыдата філалагічных навук па спецыяльнасцях

10.01.03 – літаратура народаў краін замежжа (амерыканская),

10.01.01 – беларуская літаратура

Мінск, 2017

Работа выканана ва ўстанове адукацыі

«Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт»





Навуковы кіраўнік


Саверчанка Іван Васільевіч,

доктар філалагічных навук, прафесар,

дырэктар Істытута літаратуразнаўства

імя Янкі Купалы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры

НАН Беларусі


Афіцыйныя апаненты:


Гугнін Аляксандр Аляксандравіч,

доктар філалагічных навук, прафесар,

прафесар кафедры сусветнай літаратуры

і замежных моў УА «Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт»


Бутырчык Ганна Міхайлаўна,

кандыдат філалагічных навук, дацэнт,

загадчык кафедры замежнай літаратуры

Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта









Апаніруючая арганізацыя

УА «Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П. М. Машэрава»

Абарона адбудзецца 30 мая 2017 г. у 13.00 гадзін на пасяджэнні савета па абароне дысертацый Д 02.01.12 пры Беларускім дзяржаўным універсітэце (220030, г. Мінск, вул. К. Маркса, 31, філалагічны факультэт, аўд. 62; тэл. вучонага сакратара: 327-63-78).

З дысертацыяй можна азнаёміцца ў Фундаментальнай бібліятэцы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.



Аўтарэферат разасланы «20» красавіка 2017 г.

Вучоны сакратар

савета па абароне дысертацый М.М. Хмяльніцкі






УВОДЗІНЫ
Параўнальна-тыпалагічнае вывучэнне фактаў беларускай і амерыканскай літаратур, раздзеленых велізарнай прасторай, сацыяльна-эканамічнымі і палітычнымі ўмовамі, адлюстроўвае сучасныя тэндэнцыі развіцця літаратуразнаўства, якія прадугледжваюць пераход ад дыяхронных аспектаў вывучэння літаратурных заканамернасцяў да спасціжэння іх сінхроннай дыялагічнай прыроды. Пры гэтым важна адзначыць вялікі патэнцыял параўнальна-тыпалагічнага даследавання пры аналізе праяў канкрэтнай літарататурнай плыні – напрыклад, неарамантызму. Сістэматызацыя перадумоў яго ўзнікнення, вызначэнне храналагічных рамак, фармальна-змястоўных параметраў і ступені пранікнення ў літаратурны працэс, суаднясенне нацыянальных дасягненняў плыні з іншанацыянальнымі дазваляюць паглыбіць асэнсаванне мяжы XIX–XX стст. не проста як храналагічнага адрэзка, але і дынамічнага цэлага. Разам з тым пры вывучэнні плыняў ці школ, што не сталі строга замкнёнымі сістэмамі, адметны статус набывае творчасць асобных аўтараў, якія імкнуліся да мастацкай цэласнасці на аснове сінтэзу культурных формаў і сэнсаў як папярэднікаў, так і сучаснікаў.

У сувязі са сказаным несумненную навуковую цікавасць уяўляе параўнальнае даследаванне творчасці амерыканскай паэтэсы Эдны Сэнт-Вінсэнт Мілей (Edna St. Vincent Millay, 1892–1950) і беларускай пісьменніцы Канстанцыі Буйло (Канстанцыя Антонаўна Буйло (Калечыц), 1893–1986), якое дае магчымасць больш дакладна акрэсліць светапоглядныя і эстэтычныя пазіцыі аўтараў, вызначыць агульнае і адметнае ў іх мастацкіх сістэмах, лепш зразумець як творы паэтэс, так і эпоху.

Вывучэнне лірыкі Э. Мілей і К. Буйло адпавядае сінхроннаму падыходу параўнальна-тыпалагічнага метаду і такім яго крытэрыям, як рэлевантнасць літаратурна-мастацкаму вопыту розных краін і рэпрэзентацыйнасць у адносінах да кожнай з супастаўляных літаратур. Паэтэсы былі равесніцамі, іх літаратурны талент выявіўся ў раннім узросце (Э. Мілей апублікавала першыя вершы ў 14 гадоў, К. Буйло – у 16), абедзве пачалі творчую дзейнасць (паэтычную і драматургічную) у перыяд актыўнага абнаўлення мастацка-эстэтычных арыенціраў у амерыканскай і беларускай літаратурах. І Э. Мілей, і К. Буйло сталі знакавымі ў гісторыі сваіх нацыянальных літаратур ужо на раннім этапе творчасці: іх вершы шырока цытаваліся і ўключаліся ў нацыянальныя анталогіі. Абодва аўтары паспрыялі развіццю «жаночай паэзіі» і прадэманстравалі новае, «свежае» ўспрыманне рамантычных матываў1.

Актуальнасць дысертацыі абумоўлена наступнымі фактарамі: 1) нягледзячы на неверагодную папулярнасць лірыкі і значнасць персаналій Э. Мілей і К. Буйло, іх творчасць застаецца маладаследаванай; 2) наспела неабходнасць удакладніць месца амерыканскай і беларускай пісьменніц у літаратурным працэсе пачатку XX ст.; 3) аналіз неарамантычных тэндэнцый у творах, блізкіх як па ідэйна-змястоўнай напоўненасці, так і па часе напісання, але адрозных нацыянальнымі нюансамі і аўтарскімі стылямі, дазваляе больш грунтоўна вызначыць рысы неарамантызму, вывучэнне якога прадугледжана вучэбнымі праграмамі філалагічных спецыяльнасцей ВНУ.

АГУЛЬНАЯ ХАРАКТАРЫСТЫКА РАБОТЫ
Сувязь працы з навуковымі праграмамі (праектамі), тэмамі

Дысертацыя выканана ў межах навукова-даследчых тэм «Жанравыя трансфармацыі ў сучаснай беларускай і замежнай літаратурах» (№ дзярж. рэгістрацыі 20111794 ад 30.06.2011) кафедры замежнай літаратуры ўстановы адукацыі «Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт» (2011–2013 гг.), «Тэорыя і практыка іншамоўнай тэкставай дзейнасці ў падрыхтоўцы настаўнікаў замежнай мовы» кафедры прафесійнай іншамоўнай падрыхтоўкі ўстановы адукацыі «Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт» (2009–2014 гг., пратакол № 9 ад 20.01.2009), «Інавацыйныя падыходы і тэхналогіі ў фарміраванні прафесійнай іншамоўнай кампетэнтнасці будучага спецыяліста моўнага і нямоўнага профілю» (загад рэктара № 70/1 ад 10.02.2014) кафедры прафесійнай іншамоўнай падрыхтоўкі ўстановы адукацыі «Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт» (2014–2016 гг.).



Мэта і задачы дысертацыйнага даследавання

Мэта дысертацыйнага даследавання – вызначыць агульныя і нацыянальна-спецыфічныя рысы, а таксама індывідуальна-аўтарскую своеасаблівасць функцыянавання неарамантычных матываў у паэзіі Э. Мілей і К. Буйло 1910–20-х гг.

Задачы даследавання вызначаны ў адпаведнасці з яго мэтай:

1. Абагульніць асноўныя палажэнні пра генезіс неарамантызму, вылучыць яго характарыстыкі і спецыфіку ўкаранення ў еўрапейскі і амерыканскі літаратурныя працэсы.

2. Вызначыць дамінанты мастацкіх карцін свету Э. Мілей і К. Буйло з пункту гледжання тыпалагічнай агульнасці.

3. Прааналізаваць мастацкую семантыку матываў, найбольш значных для рэалізацыі неарамантычных тэндэнцый, выявіць агульнае і асаблівае ў іх актуалізацыі ў творах амерыканскага і беларускага аўтараў.

4. Даследаваць адметнасць аўтарскіх падыходаў у трактоўцы этыка-эстэтычнага ідэалу на раннім этапе творчасці і сфармуляваць асноўныя каштоўнасныя арыенціры паэтэс.



Аб’ектам даследавання з’яўляюцца паэтычныя творы Э. Мілей і К. Буйло 1910–20-х гг., у якіх яны звяртаюцца да сацыяльна-філасофскай і эстэтычнай праблематыкі, карцін прыроды і тэмы кахання.

Прадметам даследавання выступае фармальна-змястоўная структура неарамантычных матываў паэтычных твораў амерыканскага і беларускага аўтараў.

Адбор матэрыялу для аналізу ажыццяўляўся ў адпаведнасці з мэтамі і задачамі дысертацыі: разглядаюцца зборнік «Курганная кветка» (1914) К. Буйло і яе вершы, упершыню выдадзеныя ў газеце «Наша ніва» (1909–1915), Санкт-Пецярбургскім літаратурным альманаху «Маладая Беларусь» і пазней апублікаваныя ў зборніках «Выбраныя творы» (1981), «Коціцца рэха» (1993), «Пялёсткі курганнай кветкі» (2007); паэзія Э. Мілей пададзена зборнікамі «Адраджэнне і іншыя вершы» («Renascence and Other Poems», 1917), «Ягады з кустоў чартапалоху» («A Few Figs from Thistles», 1920), «Другі красавік» («Second April», 1921), «Пляцельшчыца струн арфы і іншыя вершы» («Harp-Weaver and Other Poems», 1923), «Вершы» («Poems» (1923)), а таксама творамі, якія напісаны на пачатку XX ст., але надрукаваны пазней у «Зборніку лірыкі» («Collected Lyrics», 1943). Названыя зборнікі адносяцца да ранняга перыяду творчасці абедзвюх паэтэс. Думаецца, што вылучэнне гэтага этапу ў самастойны аб’ект даследавання цалкам правамерна, бо менавіта ў 1910–1920-х гг. аўтары дасягнулі вяршыні свайго майстэрства, а іх мастацкае бачанне канчаткова сфарміравалася.

Пры вывучэнні лірыкі Э. Мілей і К. Буйло скарыстаны параўнальна-тыпалагічны, біяграфічны, культурна-гістарычны, герменеўтычны метады і матыўны аналіз тэксту.

Навуковая навізна працы абумоўлена выбарам аб’екта і прадмета даследавання. Упершыню праведзены аналіз твораў Э. Мілей з пазіцый неарамантычнай эстэтыкі, што дазволіла вызначыць дамінанты мастацкага свету амерыканскай паэтэсы і ўдакладніць яе месца ў літаратурным працэсе ЗША пачатку XX ст. У даследаванні ўпершыню выяўлена індывідуальна-аўтарская адметнасць функцыянавання неарамантычных матываў у лірыцы беларускага аўтара. На падставе творчасці Э. Мілей і К. Буйло ўпершыню праведзены аналіз неарамантычных тэндэнцый у амерыканскай і беларускай паэзіі пачатку XX ст. у параўнальна-тыпалагічным аспекце.

Палажэнні, якія выносяцца на абарону

1. Ва ўмовах разнастайнасці літаратурна-эстэтычных поглядаў мяжы XIX–XX стст. неарамантызм у амерыканскім і беларускім літаратурных працэсах аформіўся ў самастойную плынь, якая выявілася пазней, чым у заходнееўрапейскіх літаратурах, і ўвасобіла ўнікальны сінтэз пераўтвораных традыцый рамантызму і рэалізму. Ступень пранікнення неарамантычных тэндэнцый у беларускую і амерыканскую літаратуры, іх нацыянальная адметнасць абумоўлены культурна-гістарычнымі ўмовамі краін: у амерыканскай літаратуры неарамантызм адлюстраваў вынікі пераасэнсавання назапашанага еўрапейскай і нацыянальнай мастацкімі культурамі вопыту ў сукупнасці з этыка-эстэтычнымі арыенцірамі, што адпавядалі запытам грамадства ЗША пачатку ХХ ст.; асноватворнай для беларускага неарамантызму стала ідэя нацыянальнага адраджэння, якая ў літаратурных творах з’явілася найперш крыніцай прыродных, патрыятычных, гераічных, фальклорна-міфалагічных вобразаў і матываў.

2. Творчасць Э. Мілей і К. Буйло адлюстравала асноўныя тэндэнцыі развіцця нацыянальных літаратур пачатку XX ст., у якіх адбывалася абнаўленне ідэйна-эстэтычнай парадыгмы і мастацкіх сродкаў, пры гэтым абедзве паэтэсы зыходзілі з прыярытэту зместу над формай. Мастацкі сінтэз, паэтызацыя свабоды, ідэалізацыя духоўна-маральных і эстэтычных каштоўнасцей, перадача крызісных маральна-псіхалагічных станаў, шчырасць і непасрэднасць пачуццяў і эмоцый інтымнай лірыкі, музыкальнасць, страснасць і аптымізм – асноўныя элементы мастацкага свету паэтэс, якія вызначаюць сыходжанні ў іх лірыцы і сведчаць пра аналагічныя тэндэнцыі ў выяўленні неарамантызму ў нацыянальных літаратурах.

3. Творы амерыканскай і беларускай паэтэс будуюцца на сістэме матываў, што адлюстроўваюць ідэю амбівалентнасці быцця і характарызуюць іх лірычных гераінь як нястомных шукальніц спосабаў пазнання навакольнага свету і самапазнання; пры гэтым пераадоленне крызісных станаў гераінь прадугледжвае перш за ўсё трансфармацыю ўласнага светаўспрымання праз уваскрэшанне або абуджэнне. Прыродныя і фальклорна-міфалагічныя вобразы, матывы шляху, сну, смерці і іх варыянты ў паэзіі Э. Мілей і К. Буйло не толькі сцвярджаюць наяўнасць ідэалу ў самой рэчаіснасці і героя ў звычайным чалавеку, прыярытэт творчай фантазіі, духоўнага і маральнага хараства, ідэю актыўнай асобы, гатовай да пошуку ідэальнага ў рэальнай прасторы, але і ствараюць сінкрэтычнае асяроддзе (ідэальна-рэальны свет), што яднае рэчаіснасць і ідэал.

4. Разнастайныя мадыфікацыі і спалучэнні матываў шляху, смерці, сну, творчасці, адзіноты, гераічныя і фальклорна-міфалагічныя вобразы з’яўляюцца канструктыўным сродкам выяўлення каштоўнаснай пазіцыі амерыканскага і беларускага аўтараў. Подзвіг у іх асэнсаванні звязаны не з уцягненасцю герояў у экстраардынарную сітуацыю, празмерным напружаннем волі ці пачуцця, а з імкненнем сцвердзіць свабоду асабістага выбару праз самаахвяраванне і пратэст. У паэзіі Э. Мілей унутранае хараство чалавека, якое выяўляецца праз яго ўзаемадзеянне з навакольным светам, выступае непарушным каштоўнасным арыенцірам, а ў лірыцы К. Буйло эстэтычны ідэал непарыўна спалучаны з ідэямі нацыянальнай свабоды і патрыятызмам.

Асабісты ўклад саіскальніка

Даследаванне выканана дысертантам самастойна без суаўтараў. Усе палажэнні і вынікі маюць арыгінальны характар: аўтарская інтэрпрэтацыя паняцця «неарамантызм» канкрэтызуе дынаміку навуковых даследаванняў па дадзенай тэме; абагульнены ў рабоце матэрыял дазваляе аб’ектыўна вылучыць паралелі ў літаратурным працэсе 1910-х–1920-х гг. у ЗША і Беларусі. Аснову дысертацыі складае алгарытм паралельнага прад’яўлення і даследавання паэтычных твораў Э. Мілей і К. Буйло, заснаваны на асабіста апрацаваным і сістэматызаваным матэрыяле адпаведнай навукова-тэарэтычнай літаратуры. Падрадковы пераклад значнай часткі цытат з паэтычных твораў амерыканскага аўтара выкананы дысертантам самастойна.



Апрабацыя вынікаў дысертацыі

Апрабацыя дысертацыі праходзіла ў форме дакладаў на навукова-метадалагічных семінарах, арганізаваных у Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце (2011–2013 гг.); аспіранцкіх чытаннях, што праводзяцца ў Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце (2013 г.); міжнародных, рэспубліканскіх, міжвузаўскіх навуковых канферэнцыях: Міжнародны навукова-практычны семінар «Навука і культура эпохі Ф. Шапэна» (г. Брэст, БрДУ імя А. С. Пушкіна, 10 снежня 2010 г.); Міжнародны навуковы семінар «Слова – тэкст – кантэкст. Метады, спосабы і прыёмы аналізу мастацкага твора і літаратурнага працэсу» (г. Полацк, ПДУ, 6–7 мая 2011 г.); VII Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя маладых даследчыкаў «Садружнасць навук – 2011» (г. Баранавічы, БарДУ, 19–20 мая 2011 г.); Штогадовыя навуковыя канферэнцыі выкладчыкаў і студэнтаў універсітэта «Дні навукі МДЛУ» (г. Мінск, МДЛУ, 27–28 красавіка 2011 г.; 25–26 красавіка 2012 г.; 27–28 красавіка 2013 г.); 20-я Міжнародная навуковая канферэнцыя «Тэндэнцыі развіцця сучаснай замежнай прозы: праблемы героя, жанру, наратыву» (г. Мінск, МДЛУ, 13–14 мая 2011 г.); Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя выкладчыкаў і студэнтаў «Актуальныя праблемы кампаратывістыкі» (г. Брэст, БрДУ імя А. С. Пушкіна, 6–7 снежня 2011 г.); XVI і XIX Міжнародныя навукова-практычныя канферэнцыі «Актуальныя пытанні германскай філалогіі і методыкі выкладання замежных моў» (г. Брэст, БрДУ імя А. С. Пушкіна, 24 лютага 2012 г.; 27 лютага 2015 г.); Міжнародны навукова-метадычны семінар «Філалагічныя дысцыпліны ва ўніверсітэцкай адукацыі: навука, метадалогія, методыка» (г. Полацк, ПДУ, 4–5 мая 2012 г.); ХIV Міжнародная навуковая канферэнцыя «Узаемадзеянне літаратур у сусветным літаратурным працэсе. Праблемы тэарэтычнай і гістарычнай паэтыкі» (г. Гродна, ГрДУ імя Янкі Купалы, 17–18 верасня 2012 г.); Міжнародная навуковая канферэнцыя «Што рухае сонца і свяцілы»: паэтыка кахання ў мастацкай літаратуры» (г. Бярдзянск, Інстытут філалогіі і сацыяльных камунікацый БДПУ, 20–21 верасня 2012 г.); XXII Міжнародная канферэнцыя «Праблема нацыянальнага вачамі Старога і Новага светаў» (г. Мінск, МДЛУ, 26–28 верасня 2012 г.); Міжнародная канферэнцыя «Фарміраванне і развіццё нацыянальнай самасвядомасці ў адлюстраванні беларускай, рускай і замежных літаратур» (г. Полацк, ПДУ, 15–16 мая 2015 г.), XXV Міжнародная навуковая канферэнцыя «Культура і літаратура Амерыкі і Еўропы: погляд з XXI стагоддзя» (г. Мінск, МДЛУ, 12–14 мая 2016 г.).



Апублікаванасць вынікаў дысертацыі

Асноўныя вынікі дысертацыйнага даследавання прадстаўлены ў 23 публікацыях: 6 артыкулаў у беларускіх і замежных рэцэнзуемых выданнях (2,9 аўт. арк.); 2 – у зборніках навуковых прац (0,75 аўт. арк.); 15 – у зборніках матэрыялаў навуковых канферэнцый (2,9 аўт. арк.). Агульны аб’ём –6,55 аўтарскага аркуша.



Структура і абём дысертацыі

Логіка вырашэння пастаўленых даследчыцкіх задач вызначыла структуру дысертацыі. Яна складаецца з уводзін, трох глаў, заключэння, бібліяграфічнага спіса, які налічвае 289 пазіцый, і дадатка. Асноўны тэкст займае 114 старонак, агульны аб’ём – 149 старонак.



АСНОЎНЫ ЗМЕСТ ДЫСЕРТАЦЫІ
Першая глава «Неарамантызм як літаратурна-мастацкая плынь» складаецца з двух раздзелаў і мае аглядава-аналітычны характар.

У раздзеле 1.1 «Культурна-гістарычныя ўмовы ўзнікнення неарамантызму і яго характарыстыкі» аналізуюцца літаратуразнаўчыя погляды на сутнасць адной з паказальных з’яў мастацка-культурнай прасторы канца XIX – пачатку XX ст. як прадстаўнікоў азначанага перыяду, так і навукоўцаў наступных дзесяцігоддзяў (Г. Бара, І. Багдановіч, А. Белага, І. Васільевай, І. Воран, Л. Дзербянёвай, А. Кармалавай, У. Казбярука, Г. Кружкова, У. Лукава, А. Луцкевіча, Е. Лявонавай, Н. Пахсар’ян, В. Талмачова, Л. Украінкі, М. Урнова, К. Царыка і інш.), вызначаюцца храналагічныя рамкі і фармальна-змястоўныя параметры неарамантызму як літаратурна-мастацкай плыні.

Мазаічнасць карціны літаратурнага жыцця, адкрытасць межаў розных мастацкіх сістэм, пашырэнне літаратурнай «геаграфіі», рэалізм другой паловы ХІХ ст. вызначылі асноўныя рысы неарамантызму, што вылучаюць гэтую плынь не толькі сярод многіх іншых літаратурных з’яў мяжы XIX–XX стст., але і адрозніваюць ад рамантызму пачатку ХІХ ст. Яе прадстаўнікі сцвярджалі адзінства штодзённага і ўзвышанага, мары і рэчаіснасці, гісторыі і легенды, нацыянальнага і агульнакультурнага, прыроды і чалавека; іх праграма пераўтварэння грамадства прадугледжвала змену светаўспрымання кожнай асобы ці падмену глыбокага аналізу супярэчнасцяў рэчаіснасці стварэннем уласнага паэтычнага свету – сінкрэтычнага асяроддзя або экзатычнага хранатопу. Прадстаўнікі плыні ўзвысілі мастацкі тэмперамент, творчую фантазію, суб’ектыўна-пачуццёвы пачатак.

Для неарамантычнага героя і яго сістэмы каштоўнасцей характэрны пратэст супраць духоўнай інерцыі і маральных шаблонаў, патрэбнасць у самастойнасці і самарэалізацыі, не абмежаванай ніякімі побытавымі ўмоўнасцямі. Перад ім звычайна пастаўлены сур’ёзныя анталагічныя і духоўна-эстэтычныя пытанні, якія ўключаюць пошук сапраўднага «я». У адрозненне ад рамантычных героеў неарамантычныя гатовы да кантакту са складанай рэчаіснасцю, а не ўцякаюць ад яе. Яны становяцца ўвасабленнем абавязку і самаахвяравання, дысцыпліны і веры, гарманічнага адзінства сілы духу і фізічнай моцы. Такім чынам, творчасць прадстаўнікоў неарамантычнай плыні як адрадзіла лепшыя рысы класічнага рамантызму, так і ўзбагацілася элементамі рэалізму.

У раздзеле 1.2 «Неарамантычныя тэндэнцыі ў нацыянальных літаратурах» паказана, што неарамантызм не развіваўся ізалявана, а ўступаў у дыялог з іншымі літаратурнымі плынямі і школамі. Ён у большай ступені выявіўся ў тых краінах, дзе рамантызм стаў значнай падзеяй пачатку ХІХ ст.

Істотнымі прыкметамі англійскай мадыфікацыі з’яўляюцца экзатычнасць тэмы свету, што залежыць ад характару светасузірання індывіда (у тым ліку самога аўтара); дэтэктыўнасць сюжэта, які выбудоўваецца як напружаная інтрыга; эстэтычная і эмацыйная крытыка асобных бакоў грамадскага жыцця, якая звычайна трансфармуецца ў крытыку штодзённай, нерамантычнай свядомасці асобнага чалавека. Для нямецкага неарамантызму характэрны матэрыялізацыя мары аж да стварэння свету мары, часам супрацьпастаўленага штодзённай рэчаіснасці ці злітага з ёй; распрацоўка праблемы ідэалу, абстрагаванага ад пэўнага сацыяльнага зместу або супрацьпастаўленага матэрыяльнаму свету; наяўнасць вобраза мастака як увасаблення станоўчага ідэалу неарамантыкаў. Французскі неарамантызм пераважна канцэнтруецца на распрацоўцы праблем гераічнасці і патрыятызму.

У славянскіх літаратурах неарамантызм пад уплывам культурна-гістарычнага вопыту кожнай з краін таксама набываў спецыфічныя рысы і ўзбагачаўся індывідуальна-аўтарскімі канатацыямі. У рускім мастацтве слова неарамантычныя тэндэнцыі злучаліся з містыцызмам, адметнай пачуццёвасцю, імкненнем да надзвычайнага, дыскусіямі пра індывідуальнасць і грунтаваліся на сінтэзе рацыянальнага і ірацыянальнага ўспрымання рэчаіснасці. Даследчыкі польскай літаратуры мяжы ХІХ–ХХ стст. адзначаюць, што розныя кірункі ў ёй выступалі не ў чыстым выглядзе, а ўзаемадзейнічалі адзін з адным, і ўказваюць на іх неарамантычную прыроду, якая адлюстравала пераасэнсаванне традыцый польскага рамантызму прадстаўнікамі мадэрнісцкага руху, што пачаў зараджацца. Неарамантычная творчасць украінскіх пісьменнікаў характарызуецца выключнай увагай да ўнутранага жыцця асобы, якая смуткуе пра жаданае ці шукае ў наваколлі ўзвышанае і прыгожае. На супярэчнасці паміж светам, які герой песціць для сябе ў марах, і цалкам эмпірычнымі абставінамі яго жыцця пераважна і ўзнікае канфлікт у неарамантычных творах украінскіх аўтараў.

Неарамантызм у літаратурных працэсах ЗША і Беларусі выявіўся крыху пазней, чым у заходнееўрапейскіх літаратурах (англійскай, французскай, нямецкай) з прычыны своеасаблівасці культурна-гістарычнага развіцця краін. У якасці найважнейшай тэндэнцыі развіцця амерыканскай літаратуры пачатку XX ст. называюць выкарыстанне формаў і прынцыпаў мастацкага адлюстравання свету, якія грунтаваліся на спалучэнні рамантычнай і рэалістычнай традыцый, дасягненнях заходнееўрапейскай культуры і ўлічвалі ўласна нацыянальныя асаблівасці амерыканскай рэчаіснасці. Неарамантызм у ЗША вылучалі тэма выпрабаванняў, героіка першаадкрывальніцтва, стварэнне вобраза чалавека, што імкнецца да самарэалізацыі, вера ў прыроду і чалавечыя пачуцці, што супрацьстаяць розуму, гонар за свой рэгіён, сцвярджэнне здольнасці мастака пераходзіць ад штодзённасці ў свет таямнічы, непазнаны.

Беларуская літаратура азначанага перыяду актыўна засвойвала прагрэсіўныя традыцыі іншых еўрапейскіх літаратур. Разам з тым яна набывала ўнікальна-нацыянальны – адраджэнска-патрыятычны – пафас, пад уплывам якога былі створаны яе лепшыя неарамантычныя творы. У іх аснове – разлад паміж нацыянальнымі ідэаламі і сацыяльнай рэчаіснасцю, ідэя свабоды і любоў да Радзімы, ідэалізацыя духоўна-маральных і эстэтычных каштоўнасцей свайго народа. Вызначальная для беларускай культуры ідэя нацыянальнага адраджэння ў літаратурных творах неарамантыкаў стала найперш крыніцай патрыятычных, гераічных, фальклорна-міфалагічных вобразаў і матываў.

Другая глава «Прасторава-часавая карціна свету ў лірыцы Э. Мілей і К. Буйло» прысвечана аналізу хранатопа і анталагічных матываў у творчасці амерыканскага і беларускага аўтараў.

У раздзеле 2.1 «Матыў шляху і яго варыяцыі» паказана, што рэалізацыя матыву шляху ў мастацкім свеце паэтэс адпавядае неарамантычнай канцэпцыі, бо ён сцвярджае неабходнасць руху (дзейнасці) у пошуках сапраўднай свабоды і хараства. Лірычныя гераіні Э. Мілей і К. Буйло не толькі нястомна шукаюць спосабы зразумець навакольны свет, але і скіраваны да самапазнання, г. зн. матыў шляху перадае і дзеянне, і стан. Больш таго, прасторава-часавая арганізацыя паэтычных «падарожжаў» у творчасці абодвух аўтараў ілюструе супярэчлівасць станаў іх лірычных гераінь, якія адчуваюць разлад з рэальнасцю, аднак нязменна выказваюць жаданне вярнуцца да яе з мэтай далейшага даследавання і магчымага пераўтварэння.

Сувязь матываў шляху, пошуку і пераадолення крызіснай сітуацыі з’яўляецца адметнай рысай твораў Э. Мілей («Адраджэнне» («Renasсеnce»), «Падарожжа» («Travel»), «Вандроўка» («Journey») і інш.). У лірыцы К. Буйло адным з найцікавейшых варыянтаў матыву шляху, які прадугледжвае асваенне жыццёвай прасторы, з’яўляецца палёт. Ён увасабляецца і развіваецца з дапамогай разнастайных рухаў ветру і гукаў («Каб я мела…», «На крыллі песні», «Ноч позняя», «Не то песня…» і інш.).

У мастацкім свеце Э. Мілей і К. Буйло шлях выконвае функцыю своеасаблівага топаса – пераходнай прасторы або перыяду паміж этапамі жыцця. Ён з’яўляецца і сродкам дасягнення пэўных мэт, прытым індывідуальна-асабовыя мэты дамінуюць у творчасці амерыканскай паэтэсы, а ў лірыцы беларускага аўтара яны дапаўняюцца нацыянальна-грамадскімі. Важна, што і Э. Мілей, і К. Буйло разглядаюць дысгарманічную і разбалансаваную рэчаіснасць у цеснай сувязі з мінулым як асновы для будучыні. Але ўсё ж шлях абедзвюх лірычных гераінь арыентаваны на сучаснасць – прадметна існуючую рэальнасць.

У раздзеле 2.2 «Прыродныя вобразы і матывы» адзначаецца, што амерыканскі і беларускі аўтары звяртаюць увагу на непарыўнае, але не заўсёды гарманічнае адзінства прыроды і чалавека.

Пошук маральнасці, сэнсу жыцця і гармоніі абумовіў зварот Э. Мілей да прыроды як іх асноўнага сховішча. Разам з апісаннямі мясцін, добра вядомых паэтэсе, яна стварае і адцягненыя ад пэўнага геаграфічнага становішча топасы («Божы свет» («God’s World»), «Дразды» («Cat-birds»), «Пастараль» («Pastoral»), «Адраджэнне» («Renasсеnce»), інш.). Прырода ў творах Э. Мілей набывае «дзіўныя» ўласцівасці: яна здольна пераўтвараць чалавека і далучаць яго да анталагічнай гармоніі. Разам з тым, малюючы ідэальныя вясновыя краявіды («Вясна» («Spring»), «Смерць восені» («The Death of Autumn»), інш.), амерыканскі аўтар падвяргае сумневу стэрэатыпныя рамантычныя ўяўленні пра вясну і «па-неарамантычнаму» іранічна разважае аб значэнні яе хараства.

Адметнае месца ў мастацкім свеце К. Буйло займаюць трывала звязаныя ў нацыянальнай культуры з народна-фальклорнай традыцыяй вобразы-сімвалы птушкі, ветру, неба, кветкі, месяца і іншыя. У творах «Каб я мела…», «Да працы», «День сканаў над гарой…», «Ноччу», «Курганная кветка» яны становяцца сімваламі вольнага жыцця, свабоды выбару, душы чалавека, выступаюць медыятарамі паміж зямным светам, слаўным мінулым і марай пра шчаслівую будучыню. Матыў вясновага адраджэння дапамагае К. Буйло сцвярдзіць ідэю «чароўнай»2 будучыні, у якой ёсць месца і шчасцю, і свабодзе, выказаць надзею на станоўчыя змены як у асабістым, так і нацыянальным жыцці.

У творчасці Э. Мілей прырода напаўняецца хараством, робіцца крыніцай натхнення і крытэрыем маральнасці толькі тады, калі чалавек выяўляе здольнасць яе зразумець і асэнсаваць. К. Буйло, наадварот, разглядае прыроднае асяроддзе як неаспрэчны маральна-эстэтычны ідэал, які далучае асобу да анталагічнай гармоніі. У лірыцы абедзвюх паэтэс пейзаж, яго дэталі і вобразы становяцца асабліва значнымі для стварэння сінкрэтычнага асяроддзя, што злучае ідэальнае і рэальнае.

Раздзел 2.3 «Матыў сну: мадыфікацыі і іх функцыі» прысвечаны вывучэнню адметных рыс матыву сну, семантычнае напаўненне якога ўключае прыпадабненне да жыцця, смерці, «несвядомага» існавання чалавека, прыроды.

Адным з дамінантных варыянтаў, што вызначае спецыфіку мастацкага светаўспрымання Э. Мілей, з’яўляецца сон – душэўная бяздзейнасць, нятворчы стан ці смерць. Ён акцэнтуе такія негатыўныя ўласцівасці, як пасіўнасць і нерухомасць («Паўночнае масла» («Midnight Oil»)). Таму людзі, якім сон не патрэбен, у лірычнай гераіні амерыканскай паэтэсы выклікаюць толькі станоўчыя эмоцыі і нават надзяляюцца выключнымі якасцямі («Філосаф» («The Philosopher»)). У адрозненне ад прадстаўніцы літаратуры ЗША К. Буйло развівае матыў сну – ратаўнічай смерці, што адводзіць чалавека ад пакут у свет спакою і шчасця, дзе можна знайсці/спазнаць недасяжнае ці згубленае ў зямным жыцці («Звон», «Ляці, думка»).

Уключэнне абедзвюма паэтэсамі ў свае творы такога элемента гіпнатычнай сферы, як снабачанне, з’яўляецца адным з прыёмаў раскрыцця ўнутранага свету героя са змененым (начным) станам свядомасці. Снабачанні ў лірыцы Э. Мілей, як правіла, набываюць негатыўныя канатацыі і вызначаюцца як сумныя, спусташальныя, поўныя нуды і гаркоты («Сон» («Dream»), «Журботныя сны я памятаю пасля абуджэння…» («Sorrowful Dreams Remembered After Waking»), інш.). У паэзіі К. Буйло снабачанні і сны-мары выступаюць у якасці альтэрнатывы рэальнасці з-за іх магчымасці быць супрацьпастаўленымі і зямному жыццю, і смерці («Мне сніўся сон», «У краіне мар», інш.), а адсутнасць сну рэдка вызначаецца як прадуктыўны стан («Шэрая гадзіна»).

Антынамічнае разуменне з’явы (сон-смерць – сон-жыццё, сон-мара – сон-забыццё) не разбурае цэласнасці мастацкага свету двух аўтараў, а ўтварае парадаксальнае адзінства, што выяўляе такую неарамантычную спецыфіку іх паэтычных твораў, як сцвярджэнне амбівалентнасці ўсяго існага. Сны/снабачанні не толькі ствараюць пэўнае сінкрэтычнае асяроддзе, у якое змяшчаюцца гераіні дзеля больш глыбокага пазнання сябе і навакольнага свету, пошуку ідэальнага ў рэальным, але і сцвярджаюць прыярытэт творчай фантазіі, што, згодна неарамантычнай канцэпцыі, гарманічна яднае ўсе з’явы рэчаіснасці.

У раздзеле 2.4 «Сэнсавая разнастайнасць матыву смерці» ўказваецца, што сэнс танаталагічнага матыву ў лірыцы амерыканскага і беларускага аўтараў паглыбляецца значэннямі шляху, сну, адзіноты, смутку або ўваскрэшання (другіх народзінаў). Смерць паказваецца ў іх творах як асабістае выпрабаванне, частка агульначалавечага вопыту, творчы эксперымент.

Падыход Э. Мілей да памірання кахання выяўляе іранічнасць і несур’ёзнасць («Птушка мёртвая» («Passer Mortuus Est»), «Ты таксама памрэш, мой любы прах» («And You as Well Must Die, Beloved Dust»), «Адліў» («Ebb»)), а беларуская паэтэса, наадварот, дэманструе драматызм ва ўспрыманні дадзенага факта («Не хачу я нічога казаці табе», «Ваал! Я ўсё ужо спаліла на алтары…). Смерць блізкіх людзей у творах абедзвюх паэтэс (Э. Мілей: «Вясна» («Spring»), «Плач» («Lament»), «Малітва да Персефоны» («Prayer to Persephone»), інш.; К. Буйло: «Хаўтурны звон», «Над свежай магілай», «На смерць брата Э. Буйло», інш.) спалучана з горам і сумам. Стаўленне амерыканскага аўтара да ўласнай пагібелі заўсёды выяўляе яе адмаўленне, бо Э. Мілей верыла ў сваю літаратурную неўміручасць («Паэт і яго кніга» («The Poet and His Book»), «Блакітны сцяг у балоце» («The Blue-Flag in the Bog»)). У яе лірыцы завострана дыялектыка зямнога і нябеснага ў светаадчуванні душы: смерць чалавека – гэта канец фізічнага існавання, а не духоўнага быцця («Адраджэнне» («Renasсеnce»)). У творах К. Буйло адыход у іншы свет разглядаецца, перадусім, як вызваленне ад пакут і нават узнагарода за выпрабаванні («На крыллі песні», «Кветкі», «У бяссонную ноч»). Тым не менш абодва аўтары паказваюць, што існаванне чалавека не абмяжоўваецца зямной прасторай – людзі жывуць і пакутуюць дзеля выдатных імгненняў у іншасветах. Гэта трансфармуе ўспрыманне лірычнымі гераінямі субстанцыйных канфліктаў і сведчыць пра магчымасць вырашыць праблему ўзаемаадносін паміж рэчаіснасцю і ідэалам праз уласнае пераўтварэнне, якое, у сваю чаргу, вызначаецца ў якасці адной з ключавых характарыстык неарамантычнай эстэтыкі.

Прадметам разгляду трэцяй главы «Духоўныя і эстэтычныя дамінанты мастацкіх сістэм Э. Мілей і К. Буйло» стаў этыка-эстэтычны ідэал, выяўлены ў творах паэтэс.

У раздзеле 3.1 «Гераічныя матывы ў баладным свеце амерыканскага і беларускага аўтараў» аналізуецца праблема гераічнасці і гераічнай асобы.

У пошуках самабытнага героя амерыканская пісьменніца звярнулася да вопыту антычнай культуры і супрацьпаставіла яго сучаснасці, напоўненай хаосам і трагізмам. Захапляючыся мужнасцю і здольнасцю да самастойнага выбару легендарных асоб (Пенелопы, Уліса, Леды і інш.) у вершах «Мёртвы верабейка» («Passer Mortuus Est»), «Паэту, які памёр маладым» («To a Poet That Died Young»), «Элейн» («Elaine»), «Пагорак» («The Little Hill») і кіруючыся законамі культурнай пераемнасці, Э. Мілей стварае арыгінальныя вобразы, якім уласцівы жыццёвая паўната і яркасць індывідуальнага аблічча, свабода ўчынкаў і пачуццяў, адметнае адчуванне рэальнасці свету.

І ў творчасці К. Буйло гераічныя матывы цесна звязаны з мінулым, але не з дасягненнямі старажытных грэкаў і рымлянаў, а са слаўнай гісторыяй роднай зямлі, сведкамі якой у сучаснасці з’яўляюцца шматлікія курганы, лес, песня і іншыя аб’екты прыроднага і чалавечага светаў. Вершы «Дзень сканаў за гарой», «Курган», «Тварыць і кахаць», «Ляці, душа», «Адказ на “З Богам ідзі!”» і іншыя прасякнуты верай беларускай пісьменніцы ў здольнасць сучаснікаў быць вартымі велічнай гісторыі роднай краіны.

Для актуалізацыі праблемы гераічнага абедзве паэтэсы выкарыстоўваюць традыцыйны паэтычны жанр – балада. Нягледзячы на тое, што ліра-эпічныя творы «Балада пра пляцельшчыцу струн арфы» («The Ballad of the Harp-Weaver») Э. Мілей, «Рута» і «Курган» К. Буйло належаць да розных літаратур і напісаны ў розных грамадска-культурных умовах, у іх паэтыцы назіраюцца падобныя рысы: двухпланавасць; апісанне трагічных падзей, якія маюць завязку, кульмінацыйны момант і завяршэнне; сюжэт сімвалічны і аднаканфліктны; дзеянню ўласцівы сцісласць і дынамізм; шырока выкарыстоўваюцца ўстойлівыя вобразы і сімвалы; сацыяльная праблематыка; зварот да падзей сучаснасці ці нядаўняга мінулага. Больш таго, у ліра-эпічным творы Э. Мілей, які вылучаецца наяўнасцю выразнага казачна-фантастычнага кампаненту, гэтак жа, як і ў К. Буйло, дамінуе этычны пратэст. Баладны свет абедзвюх паэтэс сцвярджае: у жыцці часта адбываецца сутыкненне дабра і зла, аднак заўсёды перамагае высокі маральны пачатак або сапраўднае пачуццё.

Жаночыя вобразы ў баладах амерыканскага і беларускага аўтараў рэпрэзентуюць якасці, уласцівыя неарамантычнаму герою: яны знаходзяцца ў супрацьстаянні з несправядлівай рэчаіснасцю і імкнуцца ўпарадкаваць яе. Пры гэтым іх «гераічныя дзеянні» не абумоўлены валоданнем нейкімі звышнатуральнымі здольнасцямі – найперш выяўляецца рашучасць жанчын супраціўляцца негатыўным тэндэнцыям рэчаіснасці дзеля выратавання жыцця блізкіх людзей і/ці захавання асабістай годнасці.

У раздзеле 3.2 «Канцэпцыя творчасці і мастака ў трактоўцы Э. Мілей і К. Буйло» паказваецца, што скразной у творчасці амерыканскага і беларускага аўтараў з’яўляецца праблема творчай асобы, якая шукае справядлівасць, свабоду і хараство ў негарманічным свеце. Гэтым тлумачыцца актуальнасць агульных для іх лірыкі матываў кнігі і песні.

У вершах Э. Мілей «Паэту, які памёр маладым» («To a Poet That Died Young»), «У залатым збане вялікай песні» («Into the Golden Vessel of Great Song»), «Самагубства» («The Suicide») і К. Буйло «То не песня», «Дзень сканаў за гарой…» праблема мастака выяўлена з пазіцый сутыкнення ідэалу з рэчаіснасцю. Амерыканскі аўтар бачыла мэту творчасці ў служэнні хараству, якое яднае прыроду, чалавека і яго духоўныя набыткі. Яна сцвярджала прыярытэт эстэтычнай функцыі творчасці, не адмаўляючы яе этычнага боку. Ва ўмовах сфарміраванай на пачатку XX ст. сацыяльна-палітычнай і нацыянальнай сітуацыі К. Буйло аддавала перавагу грамадскай пазіцыі пісьменніка, якую арганічна спалучала са сцвярджэннем значнасці прыгожага як неад’емнага складніка быцця і народна-фальклорнага светабачання.

Творчы працэс у мастацкім асэнсаванні беларускай і амерыканскай паэтэс – гэта спосаб асваення свету і спасціжэння сябе ў ім, а паэзія – адлюстраванне рэчаіснасці, важная роля ў якой належыць мастаку. Пры гэтым абодва лірыкі сцвярджалі, што творчасць здольна пераўтвараць свет, а значыць, чалавек мастацтва (паэт, «пясняр») можа не толькі стварыць ідэал, у якім суб’ектыўна-пачуццёвы пачатак карэлюе з грамадскім, але і дасягнуць яго.

Мастацкі вопыт мінулых культурна-гістарычных эпох з’яўляецца важнай часткай духоўна-эстэтычнага ідэалу ў вершах і Э. Мілей, і К. Буйло. Засваенне спадчыны еўрапейскай літаратуры і шчырая цікавасць да сучасных для амерыканскай паэтэсы культурных і сацыяльных працэсаў дазволілі ёй, па-першае, узбагаціць сферу паэтычнай вобразнасці і, па-другое, узняць у сваёй творчасці карэнныя пытанні чалавечага існавання і духу. Пры гэтым Э. Мілей ажыццяўляла арыгінальную інтэрпрэтацыю агульнавядомых матываў і вобразаў еўрапейскай паэзіі («Эўклід адзіны здолеў зірнуць на аголенае хараство» («Euclid Alone Has Looked on Beauty Bare»), «Зняволены» («The Prisoner»), «Сіняя Барада» («Bluebeard»), інш.). У пошуках этыка-эстэтычнага ідэалу К. Буйло аддавала перавагу нацыянальнаму мінуламу і этнакультуры: яе паэзія адлюстроўвае светаўспрыманне, што фарміравалася на грунце нацыянальна-міфалагічных уяўленняў («Рута», «Курган», «Курганная кветка», «Ноччу», «Раніца», «Ноч позняя», «Увосень», «Русалкі»).

У раздзеле 3.3 «Матыўная парадыгма і жаночыя вобразы ў любоўнай лірыцы амерыканскай і беларускай паэтэс» вызначаюцца неарамантычныя рысы ў творах Э. Мілей і К. Буйло, прысвечаных каханню.

У вершах амерыканскай паэтэсы каханне-страсць – гэта не толькі найвышэйшы дарунак, але і супрацьстаянне дзвюх асоб, якое нярэдка прычыняе душэўны боль. Любоўнае пачуццё ў лірыцы прадстаўніцы беларускай літаратуры апісваецца праз матывы ўспаміну ці летуцення, існуе ў арэоле эмоцый, якія ўзнаўляюцца рэтраспектыўна. Прадчуванне кахання, яго чаканне, росквіт, расчараванне ў каханым, боль расстання – усе гэтыя матывы гучаць у творах абедзвюх паэтэс.

На пачатку ХХ ст. лірыка Э. Мілей спрыяла абнаўленню вобраза жанчыны ў літаратуры ЗША дзякуючы звароту да ідэй фемінізму, мастацкаму асэнсаванню духоўных і маральна-этычных каштоўнасцей жанчыны-сучасніцы, іранічнаму погляду на рамантычную трактоўку кахання і жаночага ідэалу. Амерыканская пісьменніца аспрэчвае стэрэатыпныя ўяўленні пра жанчыну, хараство, стасункі паміж мужчынам і жанчынай і іх адносіны да кахання («Дафна» («Daphne»), «Старадаўні жэст» («An Ancient Gesture»), «Санеты з непрышчэпленага дрэва» («Sonnets from an Ungrafted Tree»), «Любоў не сляпая» («Love Is Not Blind»)). Асноўная мастацкая стратэгія актуалізацыі вобраза жанчыны ў яе творах – паэтыка кантрастаў, у той час як паэзіі К. Буйло больш уласцівы традыцыйны падыход да рэпрэзентацыі жаночага вобраза («Не глядзі...», «Адна», «Не магу...»). Палкасць, эмацыйнасць, самадастатковасць, свабодалюбства, жаданне і здольнасць рашуча заяўляць пра сябе і пра свае пачуцці, гатоўнасць да дзеяння суадносяць жаночыя вобразы Э. Мілей і К. Буйло з асноўнымі канцэпцыямі неарамантычнага героя.

  1   2


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка