П. Шамякіна” Мазыр у ХІХ ст.: змены ў горадабудаўніцтве І сацыяльна-эканамічным развіцці




Дата канвертавання25.02.2017
Памер80.08 Kb.
Барсук А. Я. (УА “Мазырскі дзяржаўны педаггагічны універсітет імя І. П. Шамякіна”)
Мазыр у ХІХ ст.: змены ў горадабудаўніцтве і сацыяльна-эканамічным развіцці
Палітыка расійскіх улад у дачыненні да беларускіх зямель у ХІХ ст. яскрава адлюстравалася на гісторыі і абліччы Мазыра.

Горадабудаўнічая структура горада ў ХІХ ст. складвалася пад уплывам не толькі ландшафтна-прыродных фактараў, але і ўмоў сацыяльна-эканамічнага развіцця і палітычных змен.

Да пачатку ХІХ ст. гэта быў невялікі правінцыяльны горад з пераважна драўлянай забудовай, яго веерна-кальцавая структура сфарміравалася пасля надання яму магдэбургскага права. Планіровачная сістэма вуліц, плошчаў і кварталаў у Мазыры з’явілася ў першай палове ХІХ ст., калі ў Расійскай імперыі праводзілася шырокамаштабная горадабудаўнічая дзейнасць. Аб гэтым сведчаць планы горада 1825 г.,  1839 г., 1856 г., якія прадугледжвалі рэканструкцыю горада.

На гарадскім плане 1825 г. адзначаны “кварталы застроенные” і “незастроенные”, што сведчыла аб існаванні плана забудовы горада новымі кварталамі [1].

Так, на працягу стагоддзя аблічча горада змянялася. Паводле дадзеных “Атласа Минской губернии” за 1800 г. і “Топографического описания Минской губернии” у Мазыры налічвалася 1320 жыхароў, аднак “отменных зданий никаких не имеется за исключением одного бернардинского каменного кляштора и развалившихся двух земляных замков, называемых старым и новым, на коих в старом одна только деревянная церковь, а в новом – ветхий дом для присутственных мест и при нем каменный архив”[2, с. 123].

У 1825 г. у горадзе налічвалася ўжо 2921 жыхароў, існавала 530 драўляных і 3 каменных дамы, 5 цэркваў, 2 кляштары, 1 навучальная ўстанова, 33 лаўкі, 1 тракцір, 20 “питейных заведений” і 3 “богоугодных заведения” [3, с. 151].

Узгаданы план 1825 г. утрымлівае дэтальную разбіўку на кварталы, вызначае дом гараднічага – на супрацьлеглым ад ракі баку Рынкавай плошчы – у самым пачатку Свідоўскай вуліцы, “острог” – у канцы Свідоўскай вуліцы, “амбар с пожарными инструментами” у падножжа Спаскай гары, дзве яўрэйскія школы на набярэжнай Прыпяці, на Рынкавай плошчы – гандлевыя лаўкі і ратуша, якая страціла свае значэнне і выкарыстоўвалася для гандлевых патрэб [1].

Драўляная забудова Мазыра абумоўлівала шматлікія пажары. Так, пажар 1839 г. знішчыў амаль усю цэнтральную частку Мазыра.

План горада 1839 г. вызначае аб’ём страт пасля пажару – сгарэлі ратуша і Міхайлаўская царква на Рынкавай плошчы, пацярпелі цэрквы Спаская і Раства Багародзіцы, фарны касцёл і кляштар бернардынцаў. План цікавы тым, што ён змяшчае адзінае сведчанне існавання кляштара марыявітак – у канцы горада, каля паштовай дарогі на Жытомір (сучасны раён пл. Горкага – вуліцы Калініна) [4].

Чарговы вялікі агонь знішчыў горад 11 мая 1856 г. План Мазыра 1856 г. вызначаў новую лінію забудовы ад ракі Прыпяць [5]. Аднак агульная вулічная структура змянілася нязначна: асобныя магістралі былі пашыраны, гандлёвая плошча набыла выцягнутую прамавугольную форму.

Па сведчанню краязнаўцы 20-х гг. ХХ ст. Крукоўскага, адзін з самых буйных пажараў у Мазыры адбыўся ў жніўні 1892 г. калі згарэлі будынкі па вуліцах: “Розы Люксембург да плошчы Свабоды, доктара Саета, Лекерта, Слуцкая Набярэжная, Ленінская ад плошчы Свабоды да цяперашняга будынку Педтэхнікума, Гара Камунараў, Камсамольская, Карла Лібкнехта да маста праз роў каля Жытомірскай вуліцы” [6, с. 23].

Пасля гэтага пажара было вырашана аднаўляць Мазыр з цэглы, аднак на пачатку ХХ ст. большасць жылых дамоў было пабудавана з двух матэрыялаў: першы паверх быў цагляны, а другі – драўляны. Да сённяшняга часу захавалася толькі чатыры такіх пабудовы.

Усе грамадскія будынкі сталі будавацца толькі з цэглы. Часта фасады будынкаў, якія выходзілі на галоўныя вуліцы, мелі балкончыкі. На дваровых фасадах ці на тарцах амаль што ў кожным двухпавярховым будынку меліся асобныя ўсходы (драўляныя) на другі паверх.

У пачатку ХХ ст. галоўным накірункам забудовы па-ранейшаму застаецца рака Прыпяць і актыўна развіваецца паўднёва-заходні накірунак планіроўкі горада. Веерна-кальцавая сістэма планіроўкі пераўтвараецца ў радавую (вуліцы распалагаюцца ў адным накірунку – перпендыкулярна берагу ракі). Нерэгулярны характар гарадской планіроўкі з крывымі вуліцамі спалучаецца з рэгулярнымі элементамі: галоўнай плошчай і цэнтральнымі вуліцамі.

Другая палова ХІХ ст. – час хуткага капіталістычнага развіцця, складвання новай гарадской культуры і значнага павялічэння колькасці насельніцтва.

Так, у 1858 г. у Мазыры налічвалася 4700 жыхароў,

1866 г. – 5968,

1878 г. – 7834,

1896 г. – 11089 чалавек.

Мазыр сустрэў ХХ ст. у наступным абліччы: жылых пабудоў налічвалася 1160, з іх каменных – 102, драўляных – 1015, іншых – 43 Апошнія былі прадстаўлены будынкамі, характэрнымі для канца ХІХ – пачатку ХХ ст., калі першы паверх быў каменны, а другі-драўляны.

Відавочна, што працэс урбанізацыі ў Расійскай імперыі закрануў і невялікія павятовыя гарады Беларусі, у тым ліку і Мазыр, колькасць гарадскога насельніцтва павялічылася больш чым удвая, і разгарнулася маштабнае будаўніцтва.

Мазыр, як і іншыя беларускія гарады, быў шматнацыяльным са значнай перавагай яўрэйскага насельніцтва, якое адыгрывала вядучую ролю ў эканамічным жыцці горада.

П. М. Шпілеўскі падчас свайго падарожжа па Палесскаму краю ў 1858 г. пры апісанні мазырскіх кірмашоў падкрэсліваў: “главную роль играют евреи, без посредничества которых не может вести оптовой продажи ни один приезжий, особенно новичек” і адзначаў: “евреи и медники, и серебрянники, и золотых дел мастера, и портные, и часовщики, и содержатели трактиров, кофейных, кондитерских и вестовщики и разсыльные, они же тайком занимаются продажею безбандерольнаго табаку и сигар” [7, с.22].

Згодна статыстычным дадзеным, у 1858 г. у Мазыры пражывала “купцов гильдейских – христиан – 3, евреев –24”, рамеснікаў-хрысціян – 65, яўрэяў – 318 [8, с.48]. Энцыклапедычны слоўнік Ф. Бракзаўза і І. Эфрона, выдадзены ў 1896 г. аб Мазыры паведамляў: жыхароў: “православных – 4118, раскольников – 68, римско-католиков – 619, протестантов – 22, евреев – 7276, прочих исповеданий – 148; дворян – 248, духовного сословия – 45, почетных граждан и купцов – 315, мещан – 9886, военного сословия – 140. Церквей православных 3, католическая 1, синагога, еврейских молитвенных домов 10… От существовавших тут крепости и замка остались только следы... Заводы – 1 пивоваренный (на 3000р.) и 2 кирпичных (на 4200 р.); кузнечно-слесарная мастерская; Метеорологическая станция, типография, фотография, 2 книжные лавки, общество вспомоществования учащимся; 2 ярмарки; обороты их незначительны”.

У прыведзенай ніжэй табліцы змешчаны дадзеныя, якія адлюстроўваюць змены ў горадзе на працягу ХІХ ст.




1800 г.

1866 г.

1900 г.

Жылыя дамы мураваныя

1

15

102

Жылыя дамы драўляныя

543

730

1015

Кляштары каталіцкія

5

1



Кляштары праваслаўныя







Храмы праваслаўныя

5

3

3

Храмы каталіцкія

4

1

1

Школы

2

2

3

Сінагогі

2

2

1 + 10 молітоўных дамоў

Гэтыя лічбы дазваляюць вызначыць асноўныя накірункі дзяржаўнай палітыкі ў дачыненні да беларускіх зямель, у тым ліку ў сферы адукацыі і рэлігіі.

Колькасць праваслаўных цэркваў скарацілася пасля вялікіх пажараў у горадзе. Усе яны былі драўлянымі. Агнём у 1809 г. былі знішчаны Міхайлаўская, Мікалаеўская і Спаская цэрквы. Пятніцкі храм і адноўленая ў 20-я гг. ХІХ ст. Міхайлаўская царква згарэлі ў 1839 г. Пасля пажару 1856 г. па сведчанню Шпілеўскага ў Мазыры “православных церквей две – соборная, на высоком крутом кургане, к которому ведет длинная лестница с целой сотней ступеней и приходская – Пятницкая. Обе церкви деревянные; по стилю наружной постройки и внутренних украшений, икон и куполов носят на себе отпечаток старины, если не глубокой старины” [7, с.25].

У другой палове ХІХ ст. мураваныя будынкі бернардзінскага і цыстэрцыянскага касцёлаў былі перададзены праваслаўным вернікам.

Пасля шляхецкага паўстання 1830–1831 гг. з палітычных меркаванняў кляштар бернардзінцаў быў зачынены ў 1832 г. яго будынак прыстасаваны пад гарадскую бальніцу. Падчас пажару 1839 г. будынак касцёла значна пацярпеў і пасля рэканструкцыі ў 1865 г. храм асвяцілі як праваслаўны ў імя архістраціга Міхаіла.

Пасля паўстання 1863–1864 гг. у Мазыры быў скасаваны мужчынскі кляштар цыстэрцыянцаў, у будынку якога ў 1895–1920 гг. працавала Запалкавая фабрыка. У лісце, накіраванаму “Главному начальнику Северо–Западного края графу Э. Т. Таранову”, паведамлялася: “В Мозырском уезде в 1864 г. упразднен Кимборовский римско-католический мужской монастырь и закрыт существовавший при оном костел” [8, с 331].

Жаночы цыстэрцыянскі кляштар праіснаваў да 1888 г. Працэс закрыцця яго доўжыўся з 1883 г. Кляштар быў перададзены праваслаўнаму ведамству, і касцёл пераабсталяваны на царкву Св. Троіцы.

Так, на пачатку ХІХ ст. у горадзе было 5 каталіцкіх кляштароў: бернардзінскі, мужчынскі і жаночы цыстэрцыянскія, марыявітак (заснаваны ў 1750 г. і дзейнічаў да 1856 г., уласнага будынка касцёла не было, і насельніцы хадзілі ў суседні бернардзінскі касцёл), базыльянскі. На пачатку ХХ ст. – ніводнага кляштара, застаўся толькі Фарны касцёл.

Такім чынам, гарадская структура Мазыра ў ХІХ ст. развівалася ў агульнарасійскім накірунку, захаваўшы сваеасаблівасць і гістарычна складзеную інфраструктуру, абумоўленую унікальным ландшафтам, мастацкім густам і зменамі, як сацыяльна-эканамічнымі так і палітычнымі.




  1. План г. Мазыра за 1825 г. /Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Ф. 1477. – Воп.1. – Спр. 1662. – Арк. 1.

  2. Егоров, Ю. Градостроительство в Белоруссии / Ю. Егоров. – М.: Гос. издательство по строительству и архитектуре. – 1954, – 282 с.

  3. (История Беларуси в документах и материалах / Авт-сост. И.Н. Кузнецов, В.Г. Малец – Мінск, 2000.– 672 с.

  4. План г. Мазыра за 1839 г. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Ф. 299 – Воп.5. – Спр. 113. – Арк. 170.

  5. План г. Мазыра за 1856 г. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Ф. 299. – Воп.5. – Спр. 244.

  6. Крукоўскі, А .Я. Горад Мазыр і яго ваколіцы /А. Я. Крукоўскі. //Наш край.–1927.–№ 3.–С. 17-28.

  7. Шпилевский, П. Мозырщина / П. Шпилевский / Архивъ историческихъ и практических свъдъніій, относящихся до России, издаваемый Н. Каласковым. Книга третья (съ приложеніемъ). – С.- Петербургъ. – 1859. – 104 с.

  8. Мазыр: гісторыя і сучаснасць / С.В.Целяпень, Т.А.Нікіціна, А.Р.Бобр і інш. – Гомель: КВПУП “Сож”, 2005. – 352 с.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка