Падарожжа максіма танка ў кітай (паводле “Дзённікаў” паэта)




Дата канвертавання01.01.2017
Памер66.1 Kb.
ПАДАРОЖЖА МАКСІМА ТАНКА Ў КІТАЙ

(паводле “Дзённікаў” паэта)

В.П. Рагойша (Мінск)

У адным са сваіх “падарожных вершаў” Максім Танк пісаў:



Відаць, я пад сонцам цыганскім радзіўся.

Ці мо’ акрапілі бягучыя воды,

Што ўсе адпачынкі, свабодныя дні ўсе

Я размяняў на вандроўкі, паходы.

У самым канцы верасня 1957 г., а дакладна – 30 верасня, лёс распарадзіўся так, што беларускі паэт у складзе савецкай дэлегацыі ВОКС (Усесаюзнае таварыства культурных сувязей з замежнымі краінамі) упершыню з трапа самалёта ступіў і на кітайскую зямлю. “Вось і Пекін. Кітайскія сябры сустрэлі нас з кветкамі, адвезлі ў сваю новую гасцініцу “Пекін”, а вечарам былі на прыёме ў тав. Чжоу Энь-лая” (старшыні кітайскага ўрада. – В. Р.), – запісаў паэт у сваім дзённіку [4, с. 492].

Той памятны візіт у Кітай доўжыўся роўна месяц. Дзякуючы дзённікавым запісам Максіма Танка мы можам прасачыць літаральна кожны дзень яго насычанай сустрэчамі і падзеямі кітайскай пабыўкі [гл.: 4, с. 491–497; далей у дужках пасля цытат з дзённіка паказваюцца старонкі дадзенага выдання]. Пабыўка тая цікавая сама па сабе, паколькі звязана з жыццём выдатнай асобы. Разам з тым шматлікія сустрэчы з вядомымі кітайскімі грамадскімі і культурнымі дзеячамі, пісьменнікамі, артыстамі, знаёмства з помнікамі гісторыі і мастацтва паслужылі асновай для шматлікіх вершаў танкаўскага так званага кітайскага цыкла, якія друкаваліся ў перыёдыцы, увайшлі ў знакамітую кнігу “Мой хлеб надзённы” [5], уганараванай Дзяржаўнай прэміяй Беларусі імя Янкі Купалы, а пасля – у перакладзе на рускую мову – выйшлі ў Маскве асобным выданнем [1].

На наступны дзень пасля прыезду ў Пекін, 1 кастрычніка, кітайцы святкавалі Дзень утварэння Кітайскай Народнай Рэспублікі. Савецкую дэлегацыю запрасілі на ўрадавую трыбуну на плошчы Цяньаньмынь. Вось што бачыў, што адчуваў Максім Танк, назіраючы ваенны парад і дэманстрацыю працоўных Пекіна: “Гарачыня. Грыміць салют. Уся плошча гарыць вогнішчам рознакалёрных кветак. Парад адкрывае маршал Пын Дэ-хуэй. Салдаты, матросы, лётчыкі, следам – калоны дэманстрантаў… Калоны рабочых, сялян, будыстаў у зялёных халатах. Дзівосныя іерогліфы на ўсіх мовах нацыянальнасцей Кітая… Ідуць карэянкі з веерамі, са збанамі на галовах, з парасонікамі. Ідуць пісьменнікі, мастакі, артысты… Плошчу запаўняюць бясконцыя калоны фізкультурнікаў. І мора сцягоў. Несціханы гром аркестра. Уздоўж урадавай трыбуны праходзіць, развітваючыся з усімі, Мао Цзэ-дун” (с. 492–493).

Усе наступныя дні камандзіроўкі таксама былі дарэшты запоўнены падзеямі, паездкамі па розных гарадах і вёсках Кітая, сустрэчамі са знакамітымі людзьмі і славутасцямі кітайскай культуры. Вось некаторыя з іх, тыя, што найперш знайшлі ўвасабленне ў вершах Максіма Танка:

2.Х. Палац імператара. Кераміка, розныя музычныя інструменты, якім 3–4 тысячы год. Чаны, ванны, золата, серабро, інкрустацыя. Габелены, на якіх вышыты дрэвы, нейкія фантастычныя птушкі. Карціны з часоў сунскай дынастыі. Не пералічыць усіх дзівос. Захавалася нават дрэва, на якім павесіўся імператар, і альтанка “Вечная вясна” (с. 493). “4.Х. Таварыства кітайска-савецкай дружбы. Інстытут нацыянальных культур, у якім вывучаецца 18 моў народнасцей Кітая. У парку – акацыя “Драконавы лапы” (с. 494). “5.Х. Наведалі Храм неба, у якім такая акустыка, што нат на адлегласці 300 метраў можна чуць шэпт… Музей Лу Сіня, домік яго, садзік. У музеі партрэт маткі, рабочы столік” (с. 494). “8.Х. Даліна Іха, Рудыя лесавыя горы, рака Лолэ. Вароты Дракона. “Я паўдня вас чакаў” (2 тысячы год). Пячоры Дын-Хуа” (с. 494). “13.Х. Адкрыццё новага маста праз Янцзы… Праезд праз мост у першым цягніку. Вячэрні салют” (с. 494). “17.Х. Кантон. Сустрэча з пісьменнікамі Юй Дзінам, Хан Баем, са старэйшым членам партыі Ду Госянам, які шмат год правёў у чанкайшысцкіх турмах, паэтам і мэрам горада Хуан-чжоу Чжу Гуанам” (с. 494–495). “19.Х. Ляцім у Ханчжоу над краем рэк і азёр, над лабірынтамі каналаў, горных хрыбтоў, атарамі аблокаў… Кааператыў, дзе вырошчваюць чай. Старшыня кааператыва расказаў, што збор чайных лістоў працягваецца некалькі месяцаў, некалькі раз іх трэба сушыць, праграваць, Страшэнна працаёмкая культура. Чайны плантацыі цягнуцца амаль да самых вяршынь гор” (с. 495). “21.Х. Цягніком прыехалі ў Шанхай. Размясцілі нас у былой французскай гасцініцы. Музей Лу Сіня. Помнік Пушкіну… Лу Сінь толькі раз спазніўся ў школу. “Усё сваё жыццё аддаю радзіме”. Кабінет паэта. Жалезны ложак, на якім шмат папер, крэсла. Каляндар, старонку якога, з датай 19.Х, ужо не змог пералістаць. Тут сустрэлі нас Джан Шэн, Ай Мін-чжы, Шэн Цяо-ін – перакладчык коласаўскай “Дрыгвы”, Кун Ло-сунь” (с. 495). “22.Х. Дом-музей Сун Ят-сена…Сустрэча з Ба Цзінам – старшынёй Шанхайскага аддзялення СП Кітая… На вечары былі Чэ Бао-цюань, Чао Цзін-хуа, Ені Сяо. Артыстка чытала мае вершы. Мітынг у Палацы спорту” (с. 496). “26.Х. Раніцой ляцім у Пекін. Яшчэ адна сустрэча ў Саюзе пісьменнікаў” (с. 496). “30.Х. Вечарам былі ў Маскве. Берлінскім цягніком вяртаюся ў Мінск. У запісной кніжцы некалькі кітайскіх слоў: сесе – дзякую, бывайце – зай цзян, я – во, ты – ні, хопіць – гоу ляо, таварыш – чун чжы, цудоўна – хао, дружба – юхго, люблю – ай, Савецкі Саюз – Су Лен, Кітай – Джун го… За час сваёй камандзіроўкі запомніў пару сот кітайскіх слоў. Малавата. Трэба будзе купіць кітайска-рускі ці руска-кітайскі слоўнік, які можа спатрэбіцца, калі буду працаваць над вершамі, навеянымі гэтым фантастычным падарожжам па Кітаі” (с. 497).

Сапраўды, фантастычным было тое падарожжа. І па колькасці сустрэч (прозвішчаў адных кітайскіх пісьменнікаў, з якімі сустракаўся беларускі паэт, налічваецца амаль тры дзясяткі), і па нечаканасці пачутага і ўбачанага. Уражанні перапаўнялі сэрца паэта. Хацелася як хутчэй гарачую лаву гэтых уражанняў пераліць у вершаваныя радкі. 21.ХІ.1957 г. у сваім дзённіку Максім Танк запісаў: “Працую над цыклам вершаў пра Кітай” (с. 497). А літаральна праз некалькі дзён са шкадаваннем паведаміў: “26.ХІ. Едзем з Любашай у Варшаву. Каб не прэмія, не паехаў бы, а сядзеў бы і пісаў бы свае кітайскія вершы” (с. 497). Максіма Танка за пераклады польскай паэзіі ўзнагародзілі літаратурнай прэміяй Таварыства польска-савецкай дружбы. Трэба было неадкладна ехаць у Польшчу атрымліваць прэмію. Затым былі і іншыя паездкі (у Маскву, па Беларусі), клопаты, звязаныя з выбарамі ў Вярхоўны Савет БССР, сямейныя турботы (вяселле сястры Людмілы і Язэпа Семяжона, хвароба дзядзькі Фадзея і інш.), але праца над “кітайскімі вершамі” зусім не спынялася. Пра што сведчаць і іншыя дзённікавыя запісы, у прыватнасці – за 1958 год: “6.ІІІ. Далей працую над кітайскім цыклам сваіх вершаў” (с. 499): “15.ІІІ. Заўтра выбары ў Вярхоўны Савет СССР. Паслаў пісьмо і некалькі падрадкоўнікаў сваіх вершаў Гэ Бдо-цыаню (правільна – Гэ Бао-цюаню. – В. Р.), які збіраецца іх даць у сваім часопісе “Дружба” (с. 499). Побач з напісаннем вершаў нярэдка згадвалася ўбачанае і пачутае ў Кітаі. Вось паказальны ў гэтым сэнсе дзённікавы запіс ад 28 мая 1958 г.: “Ехаў з Пількаўшчыны. Спыніўся ля партызанскага абеліска, каб паглядзець, як разбушавалася Нарач. Шмат дзе хвалі даходзілі да самай дарогі. Вось як гэта хараство замкнуць у вобраз? Не дарма Канфуцый лічыў – гэта я чуў ад кітайскіх сяброў, што адзін вобраз варты тысячы слоў” (с. 500).

Пасланыя вядомаму кітайскаму перакладчыку і мастаку Гэ Бао-цюаню падрадкоўнікі вершаў неўзабаве набылі кітайскае гучанне і выйшлі асобным выданнем у Пекіне [2]. Што да іх арыгіналаў, то яны былі надрукаваны ў часопісе “Полымя” (1958, №№ 4 і 6), а ў перакладзе на рускую мову Я. Хялемскага – двума цыкламі пад аднолькавай назвай “Восток зарёй пылает” у часопісах “Знамя” (1958, № 10) і “Новый мир” (1959, № 10). Рускія пераклады, як ужо было сказана, пад той самай назвай выйшлі і асобным выданнем у 1959 г. у Маскве.

У цыкле з 26 вершаў створаны поўны захаплення, запамінальны вобраз старажытнага і ні з чым не параўнанага Кітая. Па сутнасці, перад намі паэтычны аповед пра ўсё, што захапіла паэта ў яго падарожжы па Кітаі і што спачатку знайшло адлюстраванне ў яго “Дзённіку”. Зразумела, Максіма Танка, які ў свой час актыўна змагаўся за сацыяльныя і нацыянальныя правы народа былой Заходняй Беларусі, цікавілі факты такога ж змагання кітайцаў, не мог ён не радавацца парасткам новага свабоднага і шчаслівага жыцця (“Міска для рысу”, “За бяседным сталом”, “Засуха ў правінцыі Хэнань”, У будынку былых курсаў сялянскага руху”). Аднак цэнтральнае месца ў кітайскім вершаваным цыкле занялі творы пра гістарычныя і культурныя помнікі Кітая, яго прыроду, пра надзвычай таленавітых людзей, вынікі іх настойлівай працы. Пра гэта красамоўна гавораць ужо самі назвы вершаў, што перагукваюцца з дзённікавымі запісамі: “Сайн-Шанд”, “Ці Бай-шы”, “Лунмынскія пячоры”, Мост Вечнага Спакою”, “ Мост дружбы”, “Янцзы”, “У майстэрні кветак, якія не вянуць!, “Альтанка Чжычуньцін” і інш. Шэраг вершаў прысвечаны прыгажосці кітайскіх жанчын, высакароднаму пачуццю кахання (“Хустка”, “Бронзавае люстэрка”, “Я паўдня вас чакаў…”)…

Відавочна, “фантастычнае падарожжа ў Кітай” стала знакавай падзеяй у жыцці Максіма Танка, паколькі яно неаднойчы адгукалася ў яго творчасці на працягу наступных ледзь не пяці дзесяцігоддзяў. І адгукалася не толькі асобнымі ўспамінамі, выказваннямі (накшталт упамінання Канфуцыя ці некаторых іншых кітайскіх пісьменнікаў і вучоных), а і некаторымі творамі. Скажам, за некалькі год да смерці, у 1990 годзе, уяву паэта наведала дзіўнае падабенства лясных беларускіх мурашоў да… кітайскіх іерогліфаў, прымусіўшы ў верша “Над кітайскімі іерогліфамі” згадаць нават прозвішчы славутых жывапісцаў:



Гляджу, як па сцежках лясных

Мітусяцца-снуюць мурашы.

Яны чамусьці здаюцца мне

Жывымі іерогліфамі

Славутых Су Шы,

Санг Шу-фана,

Ці Сун Бао-лінга,

Ад якіх не магу адарвацца,

Таямніцу якіх

Не магу разгадаць [3, с. 203].

У тым жа годзе кітайскае слова “Ай”, занатаванае калісьці ў “Дзённіку” далёкага 1957 г., “справакавала” яшчэ адзін верш, на гэты раз інтымны, “Ай! – люблю”:



Пры сустрэчах з сябрамі,

Вывучаю іх мову.

Пачынаю са слоў

Неабходных, жыццёвых.

Але дзе ты ўзяла

Ай!” – кітайскае слова,



Не знаеш?

А заўсёды ў абдымках маіх

Паўтараеш [3, с. 213].

Несумненна, кітайскі «ўсход зарой пылаў» у сэрцы беларускага паэта да самай яго смерці.


Спіс выкарыстаных крыніц

  1. Танк, М. Восток зарей пылает / Максим Танк; пер. Я. Хелемский. – М., 1959.

  2. Танк, М. Выбраныя творы / Максім Танк; пер. Гэ Бао-цюань. – Пекін, 1958.

  3. Танк, М. Збор твораў: у 13 т. / Максім Танк. – Мінск: Беларус. навука, 2008. – Т. 6: Вершы (1983–1995).

  4. Танк, М. Збор твораў: у 13 т. / Максім Танк. – Мінск: Беларус. навука, 2008. – Т. 9: Лісткі календара. Дзённікі (1941–1959).

  5. Танк, М. Мой хлеб надзённы: Вершы / Максім Танк. – Мінск: Дзяржвыд БССР, 1962.




База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка