Пакуль увесь свет атрымліваў асалоду ад твораў кінарэжысёра Інгмара Бергмана ды спрачаўся наконт іх, мы адкрывалі яго творчасць паводле рэдкіх даступных для нас стужак тэатральныя спектаклі былі для нас недаступнымі




Дата канвертавання16.04.2017
Памер44.09 Kb.
Пакуль увесь свет атрымліваў асалоду ад твораў кінарэжысёра Інгмара Бергмана ды спрачаўся наконт іх, мы адкрывалі яго творчасць паводле рэдкіх даступных для нас стужак — тэатральныя спектаклі былі для нас недаступнымі. Між іншым, шведскі майстар стварыў цэлую галерэю жаночых вобразаў, якія можна лічыць своеасаблівым эталонам. Акцёры ўсяго свету імкнуліся сыграць што-небудзь у Бергмана, які прызнаваўся, што менавіта тэатр ён лічыць сваім жыццём і асабліва добра вывучыў характары і паводзіны акцёраў. Ён любіў іх і казаў пра іх так: “Яны стаяць там, на сцэне, выстаўляюць сябе на паказ — яны вельмі ўразлівыя. Яны — там, іх да мяжы аголеныя целы выстаўленыя на агляд. І неабходна быць вельмі асцярожным, прыслухоўвацца да іх, клапаціцца пра іх, паважаць іх”.

    Усё гэта згадваеш тады, калі прыходзіш на спектакль Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі “Жанчыны Бергмана”. У самой назве п’есы драматурга Мікалая Рудкоўскага закладзеныя адносіны вялікага рэжысёра да акцёрскай прафесіі. З дапамогай інтуіцыі ён беспамылкова вызначаў, што адбываецца ў душы жанчыны ўвогуле і актрысы ў прыватнасці. Ён нават прыдумаў прынцып “чароўнай кропкі”, у нейкім сэнсе магнетычнай кропкі — месца, адкуль акцёры змогуць максімальна ўздзейнічаць на публіку. Калі акцёры апынаюцца ў такой сцэнічнай прасторы, яны пачынаюць адчуваць упэўненасць у сваёй сцэнічнай моцы і падносяць сябе публіцы найлепшым чынам.

    Вось і беларускі драматург Рудкоўскі перанёс сваё ўспрыманне лёсу жанчыны, прафесія якой — актрыса. Гэты асаблівы свет творцаў тэатра неаднаразова прыцягваў і будзе прыцягваць драматургаў. Аднак тут здзейснена першая на беларускай сцэне спроба спалучыць лёс актрысы з лёсамі жанчын Бергмана, якіх мы ўбачылі.

    П’еса — своеасаблівы парафраз бергманаўскага фільма “Персона”, але адначасова і момант дзёрзкага саперніцства са знакамітым шведскім майстрам. Гэта і сага ў лепшых традыцыях старажытнаскандынаўскага сказання, і адначасова нетаропкае псіхалагічнае апавяданне пра людзей са скалечаным лёсам, якія імкнуцца здабыць хоць крышку шчасця і цеплыні. Дзеянне адбываецца недзе там, у адзінокім свеце, дзе ў цішыні сціплага пансіяната дажывае свой век немаладая оперная спявачка, якая страціла голас.

    Яна не толькі не можа спяваць, яна ўвогуле не вымаўляе ніводнага слова. Чалавек страціў прафесію, любімую справу і магчымасць паўнавартаснага жыцця.

    У празаічным літаратурным творы апісанню такой сітуацыі і пачуццяў жанчыны можна адвесці мноства старонак. Але ж як перадаць эмацыйны стан гераіні на сцэне, дзе ёй прапанавана ўвесь час маўчаць?

    Валерый Анісенка надумаў рэдкасны эксперымент. Па-першае, даў пуцёўку ў жыццё маладому драматургу. Па-другое, прызначыў на галоўную ролю актрысу Таццяну Мархель. Ён вырашыў зрабіць неверагоднае з актрысай, якую цяжка пабачыць у ролі опернай дзівы сусветнага ўзроўню. Ён вырашае зрабіць спектакль з Таццянай Мархель, чыя творчасць назаўсёды звязаная з беларускім фальклорам, беларускім характарам і беларускай песняй. Яна сыграла столькі добрых, трапных, пявучых сельскіх жанчын на сцэне і ў кіно, што даць ёй ролю знакамітай замежнай спявачкі было вельмі смелым. Дакладней сказаць: трэба было ламаць яе акцёрскую прыроду, і Анісенка на гэта пайшоў. Што было зыходным пунктам?

    Жанчына-актрыса са шведскім імем Інгрыд і зразумелым на любой мове, у любым кутку планеты, лёсам. Бо каму ж невядома горыч адзіноты, душэўнага болю, непаразумення з навакольным светам? Маладзенькая медсястра Ліў спрабуе па-свойму яе лекаваць і вяртаць да жыцця. У замкнёнай прасторы пакоя з завешанымі вокнамі (зрэшты, так толькі здаецца) спявачка і медсястра. Асоба немаладая і юная. Капрызлівая і паслухмяная. Яны сапернічаюць, злуюцца, здзекуюцца, шкадуюць, цягнуцца адна да адной і адштурхоўваюць адна другую. Хворая і сядзелка. Маці і дачка. Усё ў іх сплецена з любові і нянавісці. Дзве чужыя душы сустрэліся, каб, урэшце, аказацца неабходнымі адна адной.

    Анісенка як рэжысёр вельмі добра ведае цану рэжысёрскага дыктату ў спектаклі. Ён праявіў дэспатызм, каб зрабіць акцёра аўтарам сваёй ролі. У 2001 годзе, калі спектакль “Жанчыны Бергмана” пабачыў свет, у працы сустрэліся  майстра Таццяна Мархель і актрыса-пачатковец Людміла Сідаркевіч. Сваім дыктатам рэжысёр пачаў узгадоўваць у абедзвюх актрыс асабісты парастак у ролі. Перш за ўсё ён змусіў Таццяну Мархель, як цяпер кажуць, змяніць імідж: пастрыгчы бялюткія кучэры пад хлапечы чуб, пахудзець і падцягнуцца. Таццяна Рыгораўна ў працы чалавек паслухмяны, нават калі і не падзяляе ў душы некаторыя парады.

    Адна з парад Валерыя Анісенкі гучала так: “Таня, ты вельмі спанатраная актрыса, і табе нічога не варта падмануць. У тым ліку і мяне. Але ты сыграеш ролю настолькі, наколькі ты будзеш сумленная сама з сабой. Я цябе не буду правяраць. Усе словы ў Ліў, гераіні Люсі Сідаркевіч. Дык вось у цябе павінна быць напісаная роля з няменшай колькасцю маналогаў.” Рэжысёр патрабаваў ад актрысы матывацыі і канкрэтных словаў на яе бясконцае маўчанне.

    Спачатку абедзве актрысы ішлі ў спектаклі рознымі шляхамі. Адна ў бясконцых акцёрскіх паўзах гаварыла. Другая ў доўгіх маналогах шукала магчымасць маўчаць. Потым унутраныя і знешнія задачы сталі адзінствам. Чамусьці адчуваецца, што Інгрыд гаворыць, а Ліў, наадварот, маўчыць. Але гэта не так. Ідзе рух ад выгляду да існасці, да спасціжэння праўды ўнутры сябе. Першапачаткова закладзеная жыццёвай сітуацыяй страта асобы паварочваецца яе здабываннем.

    Дзіўным чынам знайшлася ў спектаклі і “чароўная кропка”. У дадзеным выпадку гэта месца ля ложка Інгрыд. Гэта яе лежыва, яе сцэна, месца адпачынку і болю. Тут кавалачак яе тэатра і абрыдла-салодкія запісы голасу часоў акцёрскага трыумфу. Праз мноства рэчаў, што тут сабраныя, акцёры размаўляюць з гледачом.

    Танцоўшчыкі прызвычаіліся паглядаць на сябе ў люстэрка. Музыкі — пазіраць на свой магнітафон і апаратуру. Для акцёра вельмі важны партнёр, той, хто заўжды побач з ім. А калі перад намі двое, дык ідзе пастаяннае суперажывальнае назіранне, у нейкім сэнсе саперніцтва, калі нельга ўпасці тварам у бруд. Так іграецца гэты спектакль, хаця ў ім ёсць і іншыя персанажы, чыя задача — сысці ў цень і не перашкаджаць разгортванню бязлітаснай трагедыі, якая, зрэшты, у фінале дорыць нам надзею.

    Пошук кантакту з іншымі людзьмі, мэта якога — заемапаразуменне, не звязанае з асаблівасцямі нацыянальнага характару. Проста гэта прырода зносін у сучасным грамадстве, і мы, маладыя краіны, што сталі на шлях капіталістычных адносін, добра гэта адчуваем. Узаемапаразуменне — гэта, урэшце, і ўзаемная адказнасць. Шчыльна перапляліся шляхі шведаў і беларусаў, каб ад маналога перайсці да дыялога. А мэта — здабыванне чалавечай асобы.



    Спектакль “Жанчыны Бергмана” як, зрэшты, і ўсялякую псіхалагічную гульню, можна неаднаразова глядзець і знаходзіць новыя думкі і зведваць новыя пачуцці. У такіх творах не бывае назаўсёды завучанага. Гэта гульня — імправізацыя з магутнай энергетыкай. І вылучэнне спектакля на атрыманне Дзяржаўнай прэміі — вельмі слушнае рашэнне.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка