Палёт у бессмяротнасць




Дата канвертавання18.11.2017
Памер34.49 Kb.
Палёт у бессмяротнасць

Мікалай Мінчанкоў хацеў працаваць настаўнікам, але Вялікая Айчынная вайна перайначыла яго мару.

Мікалай Сямёнавіч нарадзіўся ў 1922 годзе ў вёсцы Васількі. Пасля вучобы ў Магілёўскім педтэхнікуме працуе ў Галоўчынскай школе, дзе выкладае юным землякам матэматыку. Малады педагог валодаў не толькі талентам настаўніка, але меў і нядрэнныя арганізатарскія здольнасці. Таму ў 1940 годзе яго прызначаюць загадчыкам Сурдзянскай пачатковай школы. Праўда, папрацаваць доўга на гэтай пасадзе Мікалаю не давялося, бо напрыканцы года яго прызвалі на тэрміновую службу ў Чырвоную Армію. Служыць патрапіў у авіяцыю, а літаральна за некалькі дзён да пачатку Вялікай Айчыннай вайны Мікалай Мінчанкоў скончыў Харкаўскую авіяшколу і быў накіраваны для праходжання далейшай службы ў 284 хуткасны бамбардзіровачны полк, які дыслакаваўся ў горадзе Прылукі.

— У наш полк, — успамінаў старшы авіямеханік, гвардыі капітан у адстаўцы І. М. Блінаў, — прыбыло папаўненне з Харкава ў складзе шасці чалавек. Сяржант Мінчанкоў быў прызначаны стралком-радыстам у экіпаж пікіруючага бамбардзіроўшчыка «ПЕ – 2» лейтэнанта Ф. А. Зелянеева.

...Пачаліся цяжкія баі за Кіеў. Многія лётныя экіпажы гінулі ў схватках з варожымі лётчыкамі. Па загадзе маршала С. М. Будзённага з ліку лётна-тэхнічнага саставу палка былі сфарміраваны два ўзводы, якія трымалі абарону на вызначаным участку берага Дняпра.

Трое сутак авіятары стрымлівалі націск фашыстаў. Калі вораг усё ж такі прарваў яе на другіх участках, быў дадзены загад на адступленне. Па звестках парторга эскадрыліі Л. П. Утробіна, з двух узводаў у жывых засталіся толькі сем чалавек. Сярод іх быў і Мікалай Мінчанкоў.

...Вораг ірваўся да Сталінграда, спрабуючы, што называецца, з ходу захапіць гэты горад. Камандзір дывізіі палкоўнік С. А. Ягораў паставіў перад лётчыкамі задачу: знішчыць нямецкія пераправы праз рэчку Чыр. Экіпаж Ф. Зелянеева нанёс знішчальны ўдар па скапленні войска і танкаў на адной з такіх перапраў.

Вось як аб гэтым баі ўспамінае стралок-радыст Іван Тупікін:

— Мы з Колем Мінчанковым удзельнічалі ў бамбардзіровачным налёце на варожую пераправу праз Чыр. Нас атакавалі «МЕ – 109 ф». Аднаго я падбіў, другі самалёт пасля кулямётнага агня Мінчанкова адляцеў убок. Пасля боя механікі налічылі больш дзясятка прабоін на самалёце Мінчанкова. За баі пад Сталінградам старшы сяржант Мікалай Мінчанкоў быў удастоены медаля “За адвагу”.

У ходзе баёў у складзе розных экіпажаў наш земляк дэманстраваў высокае майстэрства. Неўзабаве ён быў прызначаны начальнікам сувязі эскадрыліі з прысваеннем яму звання малодшага лейтэнанта. Але ён вылецеў у апошні бой, нават не паспеўшы замяніць пагоны на сваёй форме.

На гэта заданне 27 верасня 1943 года Мікалай не павінен быў вылятаць. Але захварэў штатны стралок-радыст экіпажа Давіда Генкіна. Мікалай Мінчанкоў не мог не замяніць таварыша.

Нанёсшы бомбавы ўдар па фашыскім войску каля станіцы Фёдараўка, што пад Мелітопалем, самалёт узяў курс на свой аэрадром. Пры развароце па машыне ўдарылі фашысцкія зеніткі. Самалёт прашыла некалькі снарадаў, адзін з якіх патрапіў у цэнтральны бензабак.

Вось радкі з дзённіка палкоўніка ў адстаўцы І. Вігдорава: «На нашых вачах быў падбіты і загарэўся самалёт камандзіра эскадрыліі Д. З. Генкіна. Пабачыўшы, як пылаючы самалёт Генкіна паляцеў на зямлю, лётчык К. Д. Цюрскі і стралок-радыст Н. Памілуйка крыкнулі мне: «Вігдорыч! Генкін гіне!»

Гінулі Генкін, Райцкі і Мінчанкоў. Я таксама ўсё бачыў, але дапамагчы сваім таварышам мы нічым не маглі. Смерць ужо завалодала сталёвай птушкай і несла яе і летчыкаў у небыццё…».

А вось што піша ў сваіх успамінах стралок-радыст Іван Тупікін. Гэта яго замяніў 27 верасня 1943 года Мікалай Мінчанкоў. «Па загадзе камандавання на тэрыторыю, куды ўпаў самалёт Генкіна, я з’явіўся на другі дзень пасля вызвалення той мясцовасці ад фашыстаў. Рэшткі «ПЕ – 2» з лічбай «13» на борце тырчэлі з зямлі. Целаў лётчыкаў і слядоў крыві ў кабіне не было. Нумары на скалечаных кулямётах былі маімі.

Хутка мяне абкружылі мясцовыя жыхары. Яны расказалі, што лётчыкі прызямліліся на парашутах і пабеглі да лесу. За імі пагналіся паліцаі. Двух параненых лётчыкаў яны затрымалі і перадалі гестапаўцам. Трэцяга – не адшукалі.

Жанчыны падвялі мяне да месца, дзе адбылася расправа з экіпажам. «Вось тут, – паказалі яны, – стаяў высокі, чарнявы. Гестапавец сарваў з яго грудзі два ордэны. У яго на пагонах былі тры зорачкі. Другі быў вельмі малады, па званні – старшы сяржант. Рукі іх былі звязаны».

Гэта былі Давід Генкін і Мікалай Мінчанкоў. Допыт лётчыкаў праводзіў гестапавец, які гаварыў па-руску. Ён хацеў даведацца ў Генкіна, дзе знаходзіцца аэрадром, іншыя ваенныя аб’екты, хто камандзіры. Генкін адказаў яму: «Вы хочаце, каб я здрадзіў Радзіме? Не атрымаецца! Хутка наступіць канец вашаму Гітлеру!» Фашыст накінуўся на лётчыка. Збіўшы Генкіна, ён учыніў допыт Мінчанкову. На прапанову аб супрацоўніцтве Мікалай Сямёнавіч плюнуў гестапаўцу ў твар. Фашыст і паліцаі пачалі збіваць і яго.

Людзі бачылі, як затым паліцаі набіралі бензін з цыстэрны, якая знаходзілася непадалёку. Гестапавец выліў на кожнага лётчыка па два вядры бензіну і падпаліў іх. Яны ўспыхнулі, як факелы… Тут жа іх і пахавалі.

Мы з жыхарамі раскапалі магілу і з дапамогай салдат перавезлі парэшткі лётчыкаў-герояў у сяло Пладароднае, дзе і пахавалі іх у брацкай магіле. На кавалку фанеры я напісаў: «Гвардыі старшы лейтэнант Генкін» і, забыўшыся на новае Колева званне, «сяржант Мінчанкоў».



Васіль ЦЫРКУНОЎ, краязнаўца.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка