Палявая русалачка вясновая фантазія




Дата канвертавання21.02.2017
Памер123.16 Kb.
ПАЛЯВАЯ РУСАЛАЧКА
Вясновая фантазія
Аднойчы ў сакавіцкую ноч разгулялася завіруха. Вецер не толькі гнуў да зямлі вялікія дрэвы ў пушчы, але і вырываў іх з карэннем. Што ўжо казаць пра старую вярбу, якая адзінока стаяла над крынічкай у чыстым полі? Яе ствол пераламаўся якраз пасярэдзіне, у тым месцы, дзе ўтварылася вялікае дупло.
Гэта была, мусіць, апошняя завіруха зімы. Кікімара вельмі любіла такое надвор'е: калі сустрэнеш падарожніка, можна ўдосталь пасмяяцца з яго, водзячы да раніцы па заснежаных сцяжынках. Падскокваючы і прыпяваючы, ішла Кікімара міма старой вярбы, з цікаўнасці зазірнула ў дупло — і спынілася, нібы слуп. У дупле ляжала маладзенькая палявая Русалачка. Яна збіралася, напэўна, перазімаваць у дупле, але завіруха зблытала яе планы. Цяпер яна, непрытомная, ляжала ў дупле замярзаючы.
— Што рабіць? Што рабіць? — залямантавала Кікімара, бегаючы вакол камля.
Але хутка яна зразумела, што пытацца няма ў каго, а пакінуць Русалачку замярзаць — нельга. Кікімара ўзяла Русалачку на рукі, дачакалася моцнага парыву ветру, узляцела і ў адно імгненне апынулася ў двары чалавечага жытла. Тут яна заенчыла, заскавытала, завохкала, і, калі б у доме жылі людзі, яны, напэўна, падумалі б, што вые мяцеліца. Але людзі тут не жылі, а ў Дамавіка быў чуйны слых, Ён выйшаў на ганак у чырвоных ботах і калматай шапцы і прарыпеў, як старыя дзверы:
— Заходзьце, дарагія госці!
Кікімара ўскочыла ў хату, паклала Русалачку на ляжанку каля цёпла напаленай печы.
— Я пакіну тут Русалачку, кум, хай адагрэецца, — прасакатала яна. — Глядзі схавай яе ад людзей. А я пабегла. У мяне спраў — во! — правяла Кікімара рукой па шыі, выбегла на двор, падхопленая ветрам, хутка панеслася ў бок лесу.

— Дзе я? Хто ты? — спытала ледзь чутна Русалачка, разглядаючы драўляны пакой, заліты месячным святлом, і маленькага дзядка ў калматай шапцы, што прытуліўся каля печы.

— Ты ў паляўнічым доміку князя Астравецкага, а я тут — Дамавік, — адказаў стары рыпучым голасам.

— А дзе князь?

— Ён заутра прыязджае сюды са сваімі паляўнічымі. Таму дом так чыста прыбраны і так горача напалена печ.

— Ой, тут будуць жыць людзі? Схавай мяне ад іх, дзядуля, — папрасіла Русалачка.

— Я пра гэта якраз і думаў, — прарыпеў Дамавік, — вы, палявыя і лясныя русалкі, зусім не такія, як, напрыклад, мы з Кікімарай. Вы падобныя да людзей. I схаваць цябе лепш за ўсё сярод людзей. Тут, за печкай, ёсць пакойчык, пра які ўсе забыліся. Я сцягнуў ад яго ключ і часам там адпачываю. У тым пакойчыку стаяць старыя куфры. Паглядзі, можа, што знойдзеш апрануць, а гэтую сукенку з галінак вярбы здымі.
Дамавік працягнуў Русалачцы ключ, паказаў ёй пакойчык, а сам вярнуўся да печы падрамаць. Разбудзіў яго дробны стук абцасікаў. У пакой уляцела Русалачка. Яна была ў зграбных чаравічках на шнуроўцы, і яе ножкі самі прытанцоўвалі. У цемры вочы Дамавіка бачылі выдатна. Ён паглядзеў на яе яркую спадніцу, чырвоны гарсэцік, вышытую кашулю, распушчаныя валасы. Вельмі яна яму спадабалася, і стары Дамавік прайшоўся каля яе ўпрысядку.
— Усё, світае, — сказаў Дамавік, спыніўшыся. — Зараз прыйдуць дзяўчаты з вёскі гатаваць абед пану Астравецкаму. Запляці косы, завяжы хустку на галаву па самыя вочы, надзень вялікі фартух. I ні за што не згаджайся падаваць гасцям на стол. Можа, і абыдзецца.
I Дамавік нырнуў у дзірку пад печкай, нібы яго тут ніколі і не было.
Калі зайшлі вясковыя дзяўчаты, Русалачка ўжо мыла падлогу, і ніхто не пацікавіўся, адкуль яна ўзялася. Мые і мые — ніхто на такую работу не квапіўся. Нарэшце прыехаў князь з іншымі паляўнічымі — гасцямі і слугамі, узнялася мітусня. Самыя прыгожыя дзяўчаты падавалі на стол. Доўга цягнуўся абед, які паступова перайшоў у вячэру.

Русалачка стамілася, часта выцірала пот з твару, але радавалася, што нікога з гасцей не бачыла і яе ніхто не прыкмеціў. Дзяўчаты скончылі работу і пабеглі дадому. Русалачка зайшла ў сваю каморку і села адпачыць. Яна зняла фартух і хустку і пачала часаць залатыя валасы, любуючыся сваім адбіткам у люстэрку. I раптам...


Чароўныя гукі жалейкі, жаласныя і кранальныя, паліліся з кухні. Жалейка нібы гаварыла:
Ой ты, верба-вярба кучаравая,

Ой, і дзе ж ты расла, дзе ты вырасла?


Забыўшыся на ўсё, яна адчыніла дзверы і выбегла ў кухню. Там сядзеў ля дагараючай печы малады хлопец з доўгімі русымі валасамі, схопленымі абручыкам.

— Скажы, хлопча, дзе ты ўзяў сваю жалейку? Ці не праўда, яна выразана з галінкі вярбы, што расла над крынічкай у чыстым полі?

— Чаму "расла"?

— Дык ты не ведаеш яшчэ, якая бяда там здарылася? Вецер зламаў вярбу, застаўся толькі камель. Прашу цябе, сыграй што-небудзь, каб я магла паплакаць над лесам маёй вярбы.


Уражаны хлопец баяўся і слова сказаць, каб не спалохаць гэтае дзіўнае стварэнне. Ён асцярожна паднёс жалейку да вуснаў і пачаў іграць. Русалачка слухала яго затаіўшы дыханне, і буйныя слёзы, як празрыстыя каштоўныя камяні, стаялі ў яе сініх вачах. Раптам пад печкай нешта варухнулася і ці то закашляла, ці то зарыпела.
— Што гэта? — спытаўся хлопец. — Ох, я забыўся зачыніць комін, а за гэтым мяне сюды і пасылалі. Я чакаў, пакуль дагарыць вуголле.
Хлопец узяў качаргу, каб разбіць недагарэлае палена, а калі азірнуўся, сінявокай дзяўчыны ўжо не было. Ён уздыхнуў, зачыніў комін і пайшоў на палавіну князя.
Наступны дзень прайшоў таксама, як і мінулы. Як толькі скончылася вячэра, хлопец узяў жалейку і пайшоу на кухню. Ён зайграў, і дзяўчына, нібы толькі гэтага і чакала, з'явілася ў дзвярах.
— Добры вечар, — узрадаваўся хлопец. — Мяне завуць Ян Завадскі, я сакольнічы князя Астравецкага.

— Ну, а я тут... прыслуга. Падлогу мыю, посуд.

— О, калі такая прыслуга, якая ж павінна быць княгіня!

— А князь жанаты?

— Не, удавец. Ды я проста так пра княгіню сказаў. Ты прыгажэйшая за ўсякую княгіню.
Дзяўчына доўга маўчала, нібы абдумваючы сказанае Янам. Потым зірнула яму проста ў вочы, ад чаго ў хлопца закружылася галава.
— Ян, сыграй зноў пра вярбу, — папрасіла яна. Ян іграў, а яна сядзела блізка-блізка, і ў яго вачах чамусьці стаяла спелае поле і васількі ў жыце. Нарэшце дзяўчына заспявала голасам такім срэбным і чыстым, нібы светлая крынічка:

Ой, і дзе ж ты расла, дзе ты вырасла?

На Дунай, на раку пахілілася.
I раптам да голасу Русалачкі далучыўся прыгожы нізкі мужчынскі голас:
На Дунай, на раку пахілілася
Маладая дзяўчыначка зажурылася.
— Хто гэта? — кінуўшы іграць, спалохана сказаў Ян.

— Гэта я, князь Астравецкі, — раздаўся з цёмнага кута голас. — Слухаў вас, слухаў і не хацеў — заспяваў.


Князь выйшаў на сярэдзіну пакоя. Яго вусны ўсміхаліся пад чорнымі дагледжанымі вусамі. Багаты камзол абцягваў высокую статную постаць. Ян адразу ўскочыў.
— Ваша міласць...

— Сядзі, сядзі, — паклаў яму руку на плячо князь. — А я думаў: чаго гэта мой сакольнічы панадзіўся хадзіць комін зачыняць? А тут вось што... Як цябе завуць, прыгажуня?

Ян заве мяне княгіняй, — адказала Русалачка.

— О! — жартаўліва пакланіўся ёй Астравецкі. — Добра, добра, не буду вам перашкаджаць. Дазвольце калі-небудзь завітаць да вас на агеньчык.

— Калі ласка, — ветліва адказала Русалачка. Князь пайшоў. Ян стаяў як скамянелы.

— Ну што ты? — спытала яго Русалачка.

— Князь сам наведаўся да нас. Дзіва-дзіўнае!

— А можа, яму сапраўды было цікава: хто гэта тут спявае?

— Зразумей, ён — князь. За ім род, слава, багацце. Чаго ён хоча?

— А ты спытай у яго.

— Што ты! Нельга так размаўляць з князем.

— А што такое род, слава, багацце? Навошта яны патрэбныя?

— Ты як дзіця. Людзі сварацца, б'юцца, войны пачынаюць за славу ці багацце.

— Я не разумею. Ды і нашто нам пра гэта ведаць? Нам так добра было, пакуль ён не прыходзіў. Сыграй што-небудзь вясёлае.


Ян зайграў, і яна закружылася, як мяцеліца-завіруха. Калі, паварушыўшы вуголле, ён павярнуўся, яе ўжо не было.
Так яны сустракаліся кожны дзень, і гэта былі шчаслівыя хвіліны. Князь Астравецкі заходзіў некалькі разоў, яны да гэтага прывыклі. Неяк ён зайшоў і сказаў:

— Заўтра мы ад'язджаем. Але роўна праз два тыдні мы паедзем з замка ў горад і спынімся ў паляўнічым доміку, паставім дзяўчатам пачастунак. Хай запросяць музыкаў. Будзем танцаваць.


Князь і Ян выйшлі разам. Русалачцы не ўдалося развітацца з хлопцам. Але што такое два тыдні? Яны яшчэ паспеюць пагаварыць.
На вуліцы сышоў снег. Пад вясновым сонцам расцвілі пралескі, затым ландышы, якія інакш называюцца "русалчыны слёзы". Пара, ой пара было Русалачцы ісці ў лес, вадзіць карагоды пры месячным святле са сваімі ляснымі сёстрамі і чакаць, пакуль забуяе жыта.
Але яна не ішла, усё адкладвала. Дамавік цяпер, калі паехалі людзі, часта з'яўляўся на кухні.
— Ідзі ў лес, дзеўка. Далей ад бяды.

— Холадна яшчэ, дзядуля.

— Не холадна, а Яна ты чакаеш.
I Дамавік кашляў і рыпеў, выказваючы гэтым сваю нязгоду з Русалачкай.
А Русалачка то грэлася на сонцы, як котка, то спявала, як жаваранак, прыбіраючы залу для балю. У вольны час яна перабірала старыя куфэркі, шукаючы сабе ўбор. Знайшла сіні гарсэцік, кашулю з вышытымі на рукавах васількамі, шаўковую блакітную хусцінку, каралі пад колер вачэй.
Нарэшце абяцаны дзень настаў. Дзяўчаты паўсталі абапал дарогі. Вось удалечыні заклубіўся пыл, усё бліжэй і бліжэй князь з паляўнічымі. Дзяўчаты пакланіліся ім, князь спыніў кавалькаду, і тут ўсе ўпершыню ўбачылі Русалачку без вялікага фартуха, без хусткі, што амаль закрывала твар, а ў прыгожым шаўковым уборы, з сінімі вачыма, якія гарэлі ярчэй за каралі. Князь і Ян не адводзілі ад яе позірку, а дзяўчаты падцялі вусны.
Але князь хутка авалодаў сабою, весела і ласкава звярнуўся да ўсіх дзяўчат, падзякаваў ім за добрую работу і запрасіў у дом. На сталах ужо былі расстаўлены салодкае віно, мёд, арэхі, цукеркі. Князь загадаў наліць музыкам па чарцы, і яны ўдарылі ў бубны, а скрыпкі зайгралі гарэзлівую мелодыю. Ян падняў Русалачку і закружыў яе, яны памчаліся ў імклівым танцы, нічога не заўважаючы вакол сябе. Князь даў усім паскакаць, а потым, пакуль танцоры адпачывалі, пра нешта пагаварыў з музыкамі. Пачуліся ўрачыстыя гукі паланеза.
— Хто рызыкне? — спытаў князь у дзяўчат. — Можа, ты, княгіня?
Русалачка спакойна выйшла на сярэдзіну хаты і падняла вочы на князя. Ён узяў яе за руку і ўладна павёў за сабою. Яна хутка засвоіла крок паланеза і або ўгадвала фігуры танца, або прыдумвала не горшыя. Князь стаў перад ёй на калена, яна пакланілася з грацыяй каралевы. Потым ішлі танцы па кругу — па чарзе з усімі ўдзельнікамі свята.

— Апошні танец. Дзяўчаты самі выбіраюць кавалера. Раздаліся гукі "Каханачкі".


Князь быў такі просты і мілы, што пяцёра дзяўчат асмеліліся падысці да яго і працягнуць руку запрашаючы. Русалачкі сярод іх не было.
— Ого, які букет красунь! — сказаў князь. — Музыкі, іграйце, пакуль я вас не спыню. Я павінен патанцаваць з кожнай.
I, абняўшы першую дзяўчыну, выйшаў з ёю на сярэдзіну хаты.
Русалачка плыла ў абдымках з Янам, і пяшчотнае пачуццё туманіла яе вочы, яна амаль не датыкалася да зямлі, так моцна трымаў яе Ян. I хоць танец цягнуўся ў пяць разоў даўжэй, чым звычайна, — князь танцаваў з пяццю дзяўчатамі — для Яна і Русалачкі ён мінуў як адно імгненне.
— Апошні танец закончаны, — сказаў князь. — Усе сядаем за сталы, дапіваем, даядаем, што на іх ёсць. А я пакуль скажу вам адну навіну. Ян, хадзі сюды!
Ян падышоў.
— Перад паездкай сюды я меў размову са сваёй стрыечнай сястрой. Яна мне ва ўсім прызналася. Гэта значыць у тым, што Ян заляцаўся да яе, але баяўся, што я адмоўлю — усё ж такі радзіна не тая. Я доўга думаў і вырашыў, што Ян добры хлопец і заслугоўвае таго, кайб трапіць у нашу сям'ю. Я даў згоду. Павіншуем усе Яна з будучым вяселлем!
Усе паднялі келіхі, і Русалачка ў тым ліку. Яна глядзела на збялелага Яна і разумела, што ўсё было не так. Што не ён заляцаўся да немаладой ужо паненкі, а яна да яго. I што ў той жа час па нейкіх чалавечых меркаваннях Ян не можа адмовіць князю, не можа выкрыць яго ману, абняславіць паненку. Русалачка зірнула ў вочы Яна — колькі было ў іх тугі!
"Бывай, Ян", — сказалі вочы Русалачкі, калі яна паднесла свой келіх да келіха Яна.
— Ты што, нечым незадаволены? — спытаў Яна князь у гэтае ж імгненне. — Не чую ўдзячнасці.

Дзякую за ласку, — прагаварыў ледзь чутна Ян.

— Ну, за тваё здароўе!
Усе стукнутся келіхамі і пачалі разыходзіцца.
— Княгіня, застанься! — загадаў князь Русалачцы. — Ну што, ты бачыла, як легка ён адмовіўся ад цябе? Ём мой раб, выканае любое маё жаданне. Я табе знарок хацеў паказаць, чаго ён варты... Але ты не прагадаеш, — з хваляваннем загаварыў князь. — Я паспрабаваў высветліць тваё паходжанне, яго ніхто не ведае. Але маёй радавітасці хопіць на абодвух. Хто ўспомніць пра тваю беднасць, калі ўбачыць цябе ў шоўку і аксаміце, у дыяментах і жэмчугу? Калі ўбачыць твае танцы ці пачуе твае спевы? Ян будзе ў цябе на пабягушках. Ты згодна?

— 3 чым? — спытала Русалачка.

— Ты згодна прыняць маю руку і сэрца?

— Дзякую, князь, але мне не патрэбна ні твая рука, ні тваё сэрца.


Твар князя пацямнеў, бровы нахмурыліся, у вачах бліснулі маланкі. Так з ім ніхто ніколі не размаўляў.
Неразумнае дзіця, — сказаў ён. — 3 кім ты надумала спрачацца? Даю табе гадзіну для роздуму. Кім ты хочаш быць: княгіняй ці рабыняй? А каб ты не нарабіла глупства, пасылаю з табой чатырох вартавых. Яны стануць ля дзвярэй тваёй каморкі.
Русалачка ўвайшла ў свой пакойчык і схілілася да печы.
— Дзядуля, выпусці мяне ў двор. Ля кухні стаяць вартавыя.
Дамавік тут жа паказаўся з падполля і махнуў ёй рукой. Русалачка ў цемры доўга прабіралася за ім.
— Ідзі ў лес, Русалачка. Няма чаго табе з людзьмі рабіць.

— Бывай, дзядуля! — і Русалачка знікла ў начной цемры.


Праз гадзіну князь са змрочным выразам твару падышоў да дзвярэй каморкі.
— Ну што? — спытаў ён вартавых.

— У сё ціха.

— Я зайду. Заставайцеся тут.
Князь зазірнуў у каморку і тут жа з лютасцю павярнуўся да бліжэйшага

вартавога:


— Ты не выпускаў яе?

— Не, ваша міласць.

— Бяжыце да Завадскага! Яна з ім!
Вартавы, які кінуўся да пакоя Завадскага, хутка вярнуўся.
— Ян на месцы. Яе няма.

— Усе на коней! За ёй следам!


Ян адчуў, што над Русалачкай навісла смяротная небяспека. Ён апрануўся і выйшаў на двор якраз у той момант, калі князь з вартавымі ад'язджалі з двара. Ён вывеў каня, хутка асядпаў яго і паскакаў следам.
I вось удалечыні паказалася адзінокая постаць, якая ішла па сцяжынцы, што вяла да вярбы. Пачуўшы ззаду конскі тупат, яна пабегла.

— Дагнаць і схапіць! — загадаў князь. Русалачка пабегла яшчэ хутчэй, але коннікі дагналі яе. Яна ўскочыла ў камель вярбы. Коннікі спыніліся.


— Апошні раз прапаную табе падумаць, — сказаў князь. — Што ты хочаш мець — долю княгіні ці долю рабыні?

— Я не буду княгіняй, я не буду рабыняй, — звонка прагучаў голас Русалачкі. — Я буду свабоднай.

— Узяць яе!

— Назад! — у голасе Русалачкі прагучалі злавесныя ноткі.


Русалачка падняла рукі ўгору, і з неба ля камля ўпалі чатыры маланкі. Коні спудзіліся і адскочылі. Князь зноў паехаў проста на Русалачку, і прастора вакол камля асвяцілася такімі ж сінімі маланкамі. Праз гэта павуцінне бачна было, як узмахнула блакітнай хусцінкай Русалачка. Спачатку забруіліся, заструменіліся, пацяклі яе рукі, потым валасы, сукенка. Калі маланкі ўспыхнулі апошні раз і пагаслі, усе ўбачылі, што ў камлі бурліць і выцякае ў адтуліну белапенная вада. Князь кінуўся да камля, але не змог затрымаць ручаінку.
— Спыні яе, Ян, — крычаў ён Завадскаму, які скакаў наперарэз вадзе. — Прымусь чараўніцу вярнуць сваё аблічча.
Ян стаў перад вадой. Ручаінка кінулася ўправа, улева, потым абегла Яна з двух бакоў і зноў злілася ў адзін струмень. Ён звінеў, шалясцеў, плюскатаў, нібы гаварыў Яну: "Мяне нельга прымусіць. Я была і заўжды буду свабоднай".
Святлана КЛІМКОВІЧ


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка