Паміж адзінотай чалавека І незразумелым светам: лёс І творчасць майстра чэшскай псіхалагічнай прозы ХХ стагоддзя эгана гостаўскага




Дата канвертавання23.02.2017
Памер88.36 Kb.
А.У.Вострыкава

Мінск

ПАМІЖ АДЗІНОТАЙ ЧАЛАВЕКА І НЕЗРАЗУМЕЛЫМ СВЕТАМ:

ЛЁС І ТВОРЧАСЦЬ МАЙСТРА ЧЭШСКАЙ ПСІХАЛАГІЧНАЙ ПРОЗЫ ХХ СТАГОДДЗЯ ЭГАНА ГОСТАЎСКАГА
В статье в тесной связи с биографией рассматривается творчество чешского писателя ХХ века, мастера психологической прозы Эгона Гостовского. Анализируются основные темы, мотивы, временная и пространственная символика, философские и литературные влияния.

In the article in tight connection with the biography the work of the Czech writer of the 20th century, the muster of psychological prose Egon Gostovsky is considered. The main themes, motifs, time and space symbols, philosophical and literary influence are analyzed.


Празаік Эган Гостаўскі нарадзіўся ў Гронаве 23 красавіка 1908 г. у сям’і Ёзэфа і Бедржышкі і быў апошнім з васьмі дзяцей. Бацьку было тады 47, маці 38 гадоў. Бацька быў яўрэям па паходжанню, валодаў разам з братам тэкстыльнай фабрыкай. Пазней Эган пісаў пра жыццё іх сямей у гады першай сусветнай вайны ў кнізе “Літаратурныя прыгоды чэшскага пісьменніка на чужыне” (“Literarní dobrodružství českého spisovatele v cizině”). Першая сусветная вайна прынесла матэрыяльную нястачу ў сем’і Гостаўскіх і смерць ад сухот Марты і Макса, сястры і брата Эгана. У 1919 г. Э.Г. стаў вучнем рэальнай гімназіі ў Нахадзе. Не вылучаўся ў матэматыцы, але паспяхова займаўся гуманітарнымі прадметамі. Быў “белай варонай” сярод аднакашнікаў. На гэта значна паўплывала захапленне творчасцю Дастаеўскага. Такая літаратурная арыентацыя праявілася ўжо ў першым творы “Зачыненыя дзверы” (“Zavřené dveře“), які з’явіўся яшчэ ў гады вучэння ў 1926 г. Крыху раней Гостаўскі надрукаваў некалькі апавяданняўу студэнцкімм часопісе ў выдавецтве Баравога. У 1923 г. выйшла апавяданне “Чалавечнасць” (“Lidskost”) пад псеўданімам H.Noge. Годам пазней былі надрукаваны творы “З лядовай імперыі” (“Z ledové řiše“) a „На поўначы“ („Na severu“). Апошні быў ужо апублікаваны пад уласным імем. Э.Г. друкаваўся на Мараве, у 1927 г. выдаў раман „Сцежка ўздоўж дарогі“ (Stezka podel cesty”), “Астраўскі дзённік” друкаваў раман з працягам “На выгане” (“Ve výhnu”). Такая незвычайная прадуктыўнасць і плённасць яшчэ пад час сярэдняшкольнага навучання выклікала ўвагу крытыкаў (А.М.Пішы, В.Чэрнага) і сведчыла пра інтэнсіўнасць літаратурных інтарэсаў маладога аўтара.

З 1927 г. Гостаўскі вучыцца на філасофскім факультэце Карлава Універстіэта, у 1929 г. некаторы час правёў у Вене. 1928 г. азнаменаваны з’яўленнем рамана “Гетта ў іх” (“Ghetto v nich”), 1930 г. -- рамана “Данайскі дар” (“Danajský dar”).

У 1932 г. Гостаўскі ажаніўся і да 1939 г. жыў з жонкай у Празе. У 1936 г. нарадзілася дачка Вольга. Амаль кожны год Гостаўскі выдаваў па кнізе, акрамя таго пісаў для часопісаў “Гост”, “Ліст”, “Кварт” і інш. Вельмі сябраваў з Іванам Ольбрахтам, праз яго пазнаёміўся і пасябраваў з Я.Сэйфертам, Ф.Галасам, Ё.Горай, Я.Заграднічакам, В.Чэрным, які стаў першым крытыкам пісьменніка. Цікава тое, што ўсе сябры Гостаўскага былі розных жыццёвых і ідэйных поглядаў: іудаіст ІюЛангер, камуніст Ф.Галас, католік Я. Чэп.

Адносіны Эгана Гостаўскага да яўрэйскага пытання і сама тэматыка многіх твораў сведчыць пра тое, што ён лічыў яўрэйскую традыцыю крыніцай свайго існавання. Ён разумеў і адлюстроўваў паралель паміж лёсам яўрэйства і лёсам чалавека ў сучасным свеце [2, s.785 ].

У 1937 г. Гостаўскі паступіў на службу ў МЗС. 25 студзеня 1939 г. паехаў у Бельгію, дзе выйшаў у перакладзе яго раман “Падпальшчык” (“Žhář”), а пасля акупацыі Чэхаславакіі па парадах сяброў і сям’і вырашыў застацца за мяжой. Па ўзаемнаму пагаджэнню жонка папрасіла пра развод, каб захаваць сябе і дачку ад пераследвання. Адчужэнне ад сям’і пісьменнік пераносіў вельмі цяжка. Пра гэта сведчыць і яго кніга “Лісты з выгнання” (“Listy z vyhnanství”) і нават фатаздымкі таго часу. Праз Францыю Гостаўскі апынуўся ў Партугаліі. Там атрымаў амерыканскую візу. У 1941 г. ён ужо зноў працаваў, на гэты раз у амбасадзе Чэхаславакіі ў Нью-Йорку. У 1945 г. Э.Г. змог усталяваць кантакты са сваёй жонкай і даведацца пра трагічны лёс сям’і: бацька памёр, тры яго сястры разам са сваімі сем’ямі былі забітыя ў канцэнтрацыйных лагерах.

У 1946 г. Гостаўскі прыехаў па пісьменніцкай лініі на радзіму і прабыў там тры тыдні. Ён хацей застацца ў Чэхаславакіі і зноў вярнуўся туды ў 1947 г. са саёй другой жонкай і двухгадовай дачкой Ярмілай. А тым часам у выдавецтве Мелантрых выходзілі яго замежныя раманы і новы раман “Чужынец шукае кватэру” (“Cizinec hledá byt”). Цікава тое, што на тыя часы Гостаўскі быў адзін з нямногіх чэшскіх перадваенных празаікаў, які быў вядомы за мяжой.

Паступова на пісьменніка пачынае давіць атмасфера Прагі тых часоў, пра гэта, дарэчы, успамінае і Грэм Грын, які сустракаўся з Гостаўскім у 1948 г. Э.Г. едзе ў Нарвегію, зноў вяртаецца ў Чэхаславакію. Урэшце рэшт эмігруе ў ЗША. Там жыве шмат яго сяброў, там ён трэці раз ажаніўся. Двое яго дзяцей ад трэцяга шлюбу размаўлялі толькі па-англійску. Але як мастак Гостаўскі ніколі не змог падабрацца да амерыканскай тэматыкі. Ён назаўсёды застаўся чэхам-выгнаннікам з пачуццём самоты. Свае раманы пісаў выключна па-чэшску. Толькі потым іх перакладалі на англійскую мову. Не зблізіўся ён ні з якімі эмігранцкімі коламі. Не стаў ні пад адзін прапар. Быў увесь час адасобленым і самотным. Сваю тугу па Еўропе спрабаваў пераадолець праз двухгадовы побыт у Даніі (1964-1966). Але яго амерыканская сям’я не адчувала сябе добра, і ён быў вымушаны вярнуцца ў ЗША. Перыяд другой эміграцыі Гостаўскага цягнуўся 16 гадоў і пачаўся раманам “Прапаўшы без звестак” (“Nezvěstný”), які выйшаў у 1950 г. у перакладзе на дацкую мову. Скончыўся перыяд раманам “ Тры ночы” (“Tři noci”) (1964). Акалічнасці ўзнікнення гэтых кніг сам пісьменнік дае ў главе “Мая неамерыканская трагедыя” з “кнігі успамінаў” “Літаратурныя прыгоды чэшскага пісьменніка за мяжой” [6, s.118 ].

У раманах Гостаўскі бесперапынна шукае нейкі ўніверсальны код, знаходка якога выправіць дэфармаваныя адносіны паміж чалавекам і светам. У аўтарскім жыцці праблемы камунікацыі адыгрывалі вельмі значную ролю, паколькі Гостаўскі быў чэшскім пісьменнікам у Амерыцы, жыў у чужой моўнай прасторы без прамых кантактаў з роднай мовай і культурай. У творах сваёй другой эміграцыі ўвага Гостаўскага засяроджваецца выключна на лёсе эмігранта [5, s. 57 ]. Іх жыццё бачыцца пісьменнікам як трагічная ізаляцыя. Ніколі Э.Г. не стварае міф пра эміграцыю як пачатак новага жыцця, надзею. У мастацкім свеце пісьменніка эмігрант заўсёды перажыве крызіс ідэнтычнасці. Дарэчы, такая ідэйная пазіцыя спрыяла ізаляцыі самога аўтара ў эмігранцкіх колах. Э.Г. імкнуўся быць як мага далей ад палітыкі і працаваў доўгі час на радыё Свабодная Еўропа.

У 1968 г. СП Чэхаславакіі запрасіў Гостаўскага прыехаць. Былі набытыя білеты, але зварот на адбыўся. Гостаўскі перапісваўся з Грубіным, Сэйфертам, дачкой Вольгай. Будучы цяжка хворым, планаваў наведаць Еўропу ў 1973 г., але хвороба і смерць 7 красавіка 1973 г. не дазволілі зрабіць гэта. Вось такім быў лёс аднаго з лепшых чэшскіх пісьменнікаў ХХ стагоддзя.

Сам Гостаўскі называў сябе перш за ўсё апавядальнікам, а ні філосафам альбо сацыёлагам [10, s.231 ]. Літаратуразнаўцы называюуь яго адным з лепшых майстроў сучаснай чэшскай псіхалагічнай прозы. Гостаўскі лічыцца інтэлектуальным пісьменнікам, і яго творчасць адносяць да плыні чэшскай інтэлектуальнай прозы. Сам пісьменнік быў у многіх землях, перажыў шмат падзей, пазнаёміўся з многімі лёсамі, тройчы быў жанаты, большую частку жыцця правёў у эміграцыі, там жа і памёр. Моцны ўплыў на яго зрабіў позні сімвалізм і ранні экспрэсіянізм. На інтэлектуальнае развіццё пісьменніка найбольш паўздзейнічала сястра Ірма, якая сама ў 18 гадоў вывучыла англійскую мову, навучылася іграць на фартэп’яна і была вельмі моцнай асобай. Яна выконвала Эгану творы Бетховена, Моцарта, Дворжака. Менавіта пад яе ўплывам ён прачытаў Лондана, Сцівенсана, Пшэбышэўскага, Дастаеўскага, Тургенева, Сенкевіча. У гады вайны сястра пісьменніка разам з дзецьмі і мужам загінула ў канцлагеры. Аднак яна паспела прывіць Гостаўскаму схільнасць і звычку да самаадукацыі. За сваё жыццё чэшскі творца апублікаваў 24 кнігі. Усё, акрамя 2-х публіцыстычных, -- беллетрыстыка. У кнігах Гостаўскага згадваецца каля 130 імёнаў розных пісьменнікаў. Аднак мацней за астатніх на яго паўздзейнічаў Дастаеўскі. Увогуле, літаратура была другім жыццём для Эгана Гостаўскага. Акрамя эпітэтаў псіхалагічная і інтэлектуальная, да яго прозы можна скарыстаць эпітэт філасофская. У філасофскім сэнсе на яго паўплывалі ўжо названы Ф.Дастаеўскі, Ф.Кафка, К.Чапэк, Г.Грын, псіхааналіз З.Фрэйда, Талмуд, Біблія, а таксама чэшскі яўрэйскі філосаф Індржых Когн [13, s.432 ]. Вяршыня творчасці Гостаўскага – раман “Усеагульная змова” (“Všeobecné spiknutí”) (1960).

Творчасць Гостаўскага таксама можна паставіць у залежнасць ад філасофіі экзістэнцыялізма. Асноўным творчым прынцыпам для чэшскага пісьменніка заўсёды з’яўлялася паліфанічная структура, паліфанічная кампазіцыя яго раманаў. Напрыклад, раман Сцежка ўздоўж дарогі ствараецца як пэўная аналогія “Преступления и наказания” Дастаеўскага (на ўзроўні героеў). У раманах Гостаўскага вельмі часта сустракаецца і матыў двайніка (асабліва паказальны апошні раман Тры ночы 1964). Нярэдка ў творах экзістэнцыяльная праблематыка перарастае ў праблемы сацыяльныя і палітычныя. Аднак ніколі сацыяльная праблематыка не адасобліваецца ад праблем асобы. Для творчасці Гостаўскага характэрны тэмы жаху, дабра і зла, хлусні і праўды. Экзістэнцыяльныя сітуацыі творца любіць даводіць да абсурда. Для яго цікавай з’яўляецца і праблема разбурэння камунікацыі і чалавечых стасункаў у сучасным свеце, неразуменне чалавека чалавекам, паколькі яны размаўляюць на розных мовах (“Паўночны пацыент” /“Půlnoční pacient“/, „Дабрачынны вечар“ /„Dobročinný večírek“/, „Прапаўшы без звестак“ /„Nezvěstný“/).

Сапраўднымі і вартаснымі жыццёвымі каштоўнасцямі для Гостаўскага і яго герояў з‘яўляюцца сапраўднае каханне і вялікае сяброўства. Значная роля ў творах адводзіцца сэксуальным, эратычным матывам (“Усеагульная змова”, “Паўночны пацыент“, “Тры ночы”). Для Гостаўскага гэта частка маральнай антрапалогіі, пошук шляхоў да разумення і кантакту з “не-я”. У рамане “Чужынец шукае кватэру” выступае на першы план “хворая эротыка”. Раман “Тры ночы” увогуле называюць баладай пра каханне і смерць. Тэма смерці займае даволі значнае месца ў кнігах Гостаўскага (простае паміранне, ваеннае знішчэнне, забойства і самазабойства і г. д.). У яго вельмі адчувальны настрой дэкаданса з ўласцівым яму ценем смерці. Дарэчы, у чэшскага пісьменніка нават у назвах прыкметная гэта “хвароба”, “хваравітасць”. Так, першая кніга Зачыненыя дзверы мела падзагаловак “Хворыя прозы” (“Nemocné prozy”) і змяшчала сем навялікіх апавяданняў. Чэшскі даследчык А.М.Піша адзначае схільнасць Гостаўскага да псіхалагічнай тіпізацыі, таму што ў кнізе свет персанажаў герметычна зачынены асабістымі псіхалагічнымі праграмамі. Многія раманы абнаружваюць схільнасць да псіхааналіза.

Мастацкі свет Эгана Гостаўскага – гэта імкненне пераадолець бездань паміж адзінотай індывіда і незразумелым светам. Для Гостаўскага вельмі значнае пытанне віны, якое ён разумее як адбітак дзеяння чалавека ў касмічных структурах. Апавядальнік Гостаўскага, як і ў Кафкі, Джойса, пазбаўлены ўсіх традыцыйных каштоўнасцей. Ён праз парабалы шукае новыя адносіны паміж індывідам і космасам. Менавіта таму ў Гостаўскага вельмі значную ролю адыгрываюць шматзначныя аналогіі і аніякай ролі не адводзіцца дыдактыцы. А феномен віны становіцца адным з найзначнейшых структурных і тэматычных прынцыпаў творчасці [14, s.73 ].

Тэксты твораў Гостаўскага поўняцца шматлікімі сімвалічнымі матывамі, да якіх мы можам аднесці



  • Прасторавую сімволіку (радзіма, дом, інтэр’ер): гэта сімвалічныя матывы, якія характарызуюць становішча чалавека ў прасторы, яго арыентацыю ў ёй. Адносіны герояў да прасторы ў творах пісьменніка можна пазначыць як амбівалентныя – гэта адкрытасць-закрытасць. Закрытасць часта сімвалізуецца гетта, зачыненымі дзвярамі, зачыненай комнатай (“Усеагульная змова”, “Паўночны пацыент“). Закрытасць – гэта недахоп прасторы, цемра, абмежаванасць рухаў, беднасць адносін, адзінота. Адкрытасць – гэта свабода, усведамленне парадку і ўладкаванасці. У Гостаўскага адкрытасць часта сімвалізуецца ветрам. Дарэчы, увогуле вецер і сімволіка колеру (блакітнага, жоўтага, залатога) – самыя частотныя сімвалы („Страчаны цень“ /„Ztracený stín”/ 1931).

  • Тэмпаральныя (часавыя) сімвалы, якія адлюстроўваюць часавую свядомасць герояў. Тут можна разважаць пра абмежаванасць-неабмежаванасць. Неабмежаванасць часу звязваецца з адкрытасцю, абмежаванасць з закрытасцю. Звычайна падзеі ўспрымаюцца героямі Гостаўскага з унутранай перспектывы. Час для пісьменніка – незалежны феномен. Вертыкаль метафізічнай віны і быцця чалавека Гостаўскі супрацьпастаўляе бясконцаму гарызонту ракі часу.

  • Міфічныя сімвалы – сімвалічныя матывы, якія ўказваюць на нейкую культурную традыцыю (рэлігійныя, філасофскія, гістарычныя, літаратурныя і інш. матывы).

Можна казаць і пра пэўны тып героя раманаў чэшскага пісьменніка. Звычайна гэта чалавек, які ўсведамляе няпэўнасць свайго асабістага быцця, шмат рэфлексуе. Адзінота, ізаляцыя, абсалютны скепсіс, песімізм вылучаюць большасць яго персанажаў. Як правіла, гэта асоба па-за ідэалогіяй і рэлігіяй. Героі Гостаўскага адрозніваюцца імем, узростам, сацыяльным становішчам, але гэта амаль заўсёды адзін і той жа чалавечы тып. “Чалавек у абмежаванай прасторы” – так можна вызначыць экзістэнцыяльныя сітуацыі яго герояў [8, s. 16 ]. Адсюль вельмі частотны сімвал дома і радзімы ў творах пісьменніка.

Першыя творы Гостаўскага вылучаліся ўплывам эстэтыкі экспрэсіянізма [8, s.9 ].Ён уступіў у літаратуру як экспрэсіяніст, быў адным з прадвеснікаў чэшскага экспрэсіянізма. Трэба заўважыць, што ў выглядзе спецыфічнай сімволікі ўсю яго творчасць прасякала і яўрэйская традыцыя.



Літаратура:

  1. Burianek, F. Česká literatura 20 století / F. Burianek.-- Praha, 2000. – 178 s.

  2. Česká literatura od počatků k dnešku. Praha, 1998. – 1127 s.

  3. Česká a slovenská literatura dnes. Praha, 1997. – 114 s.

  4. Česky Parnas: Literatura 1970-1990. Interpretace vybraných děl 60 autoru. Praha, 1993. – 248 s.

  5. Česká a slovenská literatura v exilu a samizdatu. Olomouc, 1991. – 97 s.

  6. Čeští spisovatelé 20 století. Praha,1994. –196 s.

  7. Hrzalová, A. O české literatuře dneška / A. Hrzalová. -- Praha, 1986.—287 s.

  8. Kautman, Fr. Polarita našeho věku v díle Egona Hostovského / Fr. Kautman. -- Praha, 1993. –183 s.

  9. Kratochvil, J. Obnovení chaosu v české literatuře / J. Kratochvil. -- Praha, 1992. – 163 s.

  10. Lederer, J. České rozhovory (Vaculik, Havel, Kohout, Klima, Kolař, Kanturková, Topol atd.). / J. Lederer .-- Praha, 1991. – 437 s.

  11. Lexikon české literatury: Osobnosti, díla, instituce. Praha, 1985, t.1 – 984 s.; 1993, t.2. – 1156 s.

  12. Machala, L. Průvodce po nových jmenéch české poezie a prozy, 1990-1995 / L. Machala. -- Olomouc, 1996. – 216 s.

  13. Panorama české literatury. Olomouc, 1994. – 547 s.

  14. Papoušek, Vl. Egon Hostovský: člověk v uzavřenem prostoru. / Vl. Papoušek. -- Praha, 1996. – 245 s.

  15. Pistorius, Vl. Starnoucí literatura: česká literatura 1969-1989 / Vl. Pistorius. -- Praha, 1991. – 265 s.

  16. Slovník českých spisovatelů od r.1945. Praha, 1995. – 458 s.

  17. Slovník českých spisovatelů. Praha, 2000. – 876 s.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка