Памяць жыве Калі глыбей знаёмішся з лёсам чалавека, які перажыў пакуты вайны, на душы становіцца цяжка і ты міжволі адчуваеш, быццам сам апынуўся ў тых страшных абставінах




Дата канвертавання30.04.2017
Памер33.64 Kb.
Памяць жыве
Калі глыбей знаёмішся з лёсам чалавека, які перажыў пакуты вайны, на душы становіцца цяжка і ты міжволі адчуваеш, быццам сам апынуўся ў тых страшных абставінах


Розум Н.С.

Фотаздымак з сямейнага альбома


У гэтым годзе Надзеі Самуілаўне Русаковіч спаўняецца 98 гадоў. Вучні школы часта наведваюць Надзею Самуілаўну. Успаміны былога вязня фашысцкага канцлагера да глыбіні душы хвалююць нас, вучняў. Без слёз жанчына не можа ўспамінаць украдзенае юнацтва. У чарговы раз я наведала Надзею Самуілаўну, каб напісаць пра яе цяжкія ваенныя гады.

Надзея Русаковіч (у дзяцінстве Розум) у час Вялікай Айчыннай вайны больш года цярпела душэўны і фізічны боль разам са сваёй пяцігадовай дачкой Марыяй у фашысцкіх засценках. Жывая памяць аб тым часе і цяпер трывожыць яе сэрца.

- Нарадзілася я пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, - расказвае Надзея Самуілаўна. Ішоў 1919 год. Бацькі мелі даволі трывалую гаспадарку. Працавалі ад цямна да цямна, таму і лічыліся заможнымі. У пачатку 30-х гадоў бацьку майго, Самуіла Мікітавіча, як і многіх іншых у той час, залічылі ў спіс кулакоў і саслалі ва Усурыйскі край. Адтуль ён не вярнуўся.

- Як жа жылі без яго? – пытаюся я.

- Ды проста бедавалі. Гэта было ўжо зусім інакшае жыццё. У 1936 годзе пачалі арганізоўваць калгасы. Першая гаспадарка на гэтай зямлі мела назву “Камуна”, як і сёння памятаю яе першага кіраўніка Рыгора Усеню. Добры быў чалавек! І разумны…

У 19 гадоў Надзея выйшла замуж. Сасваталі ёй мясцовага хлопца Апанаса Русаковіча. Жылі ў згодзе. Першай у маладой сям’і нарадзілася дачка. Марыяй назвалі. А неўзабаве з’явіўся на свет хлопчык Фёдар.


  • Хворы быў сынок. Пакутаваў ён, ды і мы з ім таксама,- праз слёзы ўспамінае Надзея Самуілаўна.

  • У 1941 годзе пачалася вайна, у вёску прыйшлі фашысты. Разгарнуліся цяжкія драматычныя падзеі ў жніўні каля вёсак Пасека, Сінягова і Гасціно, - працягвае ўспаміны жанчына – Усё гарэла, здавалася, што не застанецца нічога жывога. Фашысты зверскі дабівалі параненых чырвонаармейцаў. Шмат загінула і мірных жыхароў. Каб помсціць ворагу, многія мужчыны падаліся ў лес, у партызанскі атрад, якім камандаваў Рыгор Алёшын, потым Ісак Жукавец. Чым маглі, дапамагалі партызанам…

Тым часам сыну Фёдару станавілася ўсё горш і горш. Хлопчык згасаў, як свечка, і неўзабаве памёр. Трэба было пахаваць малога нябожчыка на могілках. Тут, у час пахавання, немцы схапілі нас. Так мы трапілі з дачкой у фашысцкі канцлагер.

  • Раскажыце аб гэтым падрабязней, - прашу я.

  • Прывезлі нас у барак, які быў размешчаны непадалёку ад горада Палібер, побач з буйным нямецкім ваенным аэрадромам. Вось на ім мы працавалі амаль босыя, раздзетыя і выконвалі самыя цяжкія работы. Фашысцкія вырадкі не шкадавалі ні жанчын, ні дзяцей.Час ад часу аэрадром бамбілі, пасля чаго заставаліся руіны. Мы выкопвалі вялікія ямы, куды ссыпалі і зносілі рэшткі пасля такіх налётаў. Дыхалі шкодным паветрам, а потым моцна казытала ў носе, з’яўляўся такі кашаль, што даходзіла да рвоты… Аднак і гэта можна было вытрымаць. Палохала іншае, вельмі баяліся канваіраў, якія нас суправаджалі. Мы заўсёды ішлі наперадзе, а яны са штыкамі ззаду. Баяліся зварухнуцца ні ўлева, ні ўправа. Канваір мог стрэліць. Ішлі асцярожна, а нервы, быццам нацянутыя струны…

  • Чым вас кармілі? – асцярожна пытаюся я.

  • Нейкім зеллем. Яго непадалёку ад барака засялялі цэлымі палеткамі,

вазілі мяхамі… Варылі яго і кармілі ўсіх, нават дзяцей. Я і сёння не ведаю, што гэта было. Лісце падобна на падбел або сонечнік. Адзін бок зялёны, а другі сівы. Хлеба давалі скібачку, а дачушцы і таго менш. Таму пухлі з голаду. У бараку было восем мацярок і 12 дзяцей.

Надзея Самуілаўна паведала мне цікавы гістарычны факт:



  • Непадалёку ад аэрадрома нашы вочы радаваў невялікі прыгожы дом.

Хораша дагледжаны. Вакол яго кветкі, залёная траўка… Мы глядзелі на яго як на Божы прыстанак. І ўдзень, і ўночы будынак моцна ахоўвалі. Сярод нас быў чалавек, які ведаў нямецкую мову. Аднойчы ён адважыўся спытаць канваіра: “Што гэта за будова?” І салдат адказаў: “Гэта турма, у якой трымалі барацьбіта супраць фашызму, камуніста Эрнста Тэльмана”.

Да ўсёй гэтай гісторыі мне застаецца дадаць, што вызвалілі Надзею Самуілаўну Русаковіч з дачкой 2 мая 1945 года войскі Чырвонай Арміі. Вярнуўшыся дамоў, Надзея Самуілаўна яшчэ год чакала з вайны свайго мужа, Апанаса Фёдаравіча. Адваяваўшы, вярнуўся ён хворы, але яшчэ змог пабудаваць хату для сям’і. Працаваў у калгасе “Пасека” вартаўніком. Пасля вайны ў іх яшчэ нарадзілася чацвёра дзяцей – сыны: Мікалай, Міхаіл, Рыгор і дачка Таццяна.

Надзея Самуілаўна 27 год адпрацавала ў калгасе “Пасека” на розных работах: паляводам, даяркай.

Вайну Надзея Самуілаўна ўспамінае з горкімі слязьмі на вачах. Яна шкадуе аб тым, што не змагла выратаваць свайго сына.



Суровыя выпрабаванні ваенных гадоў не зрабілі людзей бязлітаснымі. Наадварот. Жывыя памятаюць імёны загінуўшых, памятаюць Перамогу, здабытую патрыятызмам, крывёю і ратнай працай. І ў памяць аб тых, хто загінуў, мы павінны любой цаной зберагчы мір.

Царанок Вікторыя, вучаніца 8 класа


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка