Панятоўскія-крапышы герба «юноша»: радавод старажытнага шляхецкага роду




старонка1/2
Дата канвертавання13.01.2017
Памер351.89 Kb.
  1   2


В.К. Крэсс

ПАНЯТОЎСКІЯ-КРАПЫШЫ ГЕРБА «ЮНОША»:

РАДАВОД СТАРАЖЫТНАГА

ШЛЯХЕЦКАГА РОДУ (XVIXVIII стст.)
Аснову дзяржаўнага кіравання і ваеннай абароны краіны ў часы Вялікага Княства Літоўскага складала шляхта, што ў працэнтных паказчыках вымяраецца лічбамі ў 10–12 % ад агульнай колькасці тагачаснага насельніцтва. Да старажытных беларускіх шляхецкіх радоў адносяцца каля 4 000 прозвішчаў, якія карысталіся прыватнаўласніцкімі гербамі. Польска- беларускі род Панятоўскіх стаў сусветна вядомым дзякуючы каралю польскаму і вялікаму князю літоўскаму Станіславу Аўгусту Панятоўскаму (1732–1798).

Гістарычны маштаб гэтага чалавека абумовіў неабходнасць падрабязнага даследавання генеалогіі роду Панятоўскіх, і па гэтай прычыне ён быў вельмі дэталёва апісаны шматлікімі даследчыкамі польскай гісторыі. З ліку прац нашых айчынных гісторыкаў на гэтую тэму неабходна адзначыць кнігу Леаніда Несцярчука «Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Манарх, асветнік, мецэнат», выдадзеную ў 2011 г., у якой вельмі цікава і падрабязна распавядаецца пра згаданую гістарычную асобу [46]. Натуральна, што генеалогію Станіслава Аўгуста Панятоўскага герба «Цяля» мы пакінем па-за ўвагай, але звернемся да радаводаў яго менш вядомых аднафамільцаў, уласнікаў гербаў «Юноша» і «Шранява», менш вядомых носьбітаў слаўнага прозвішча. Наша даследаванне, па сутнасці, з’яўляецца першым крокам у гэтым напрамку.

Пачатковай мэтай даследавання было стварэнне генеалагічнага роспісу роду Панятоўскіх герба «Юноша», якія пражывалі ў XVIII–XX стст. у ваколіцы Суцін Ігуменскага павета Мінскай губерні (раней – Мінскага ваяводства). Па меры збірання і апрацоўкі архіўнага і гістарычнага матэрыялу мэта працы была пашырана і акрэслена як рэканструкцыя гісторыі і генеалогіі роду Панятоўскіх-Крапышоў герба «Юноша».

Рэканструкцыя гісторыі і генеалогіі роду. Пачатак шляхецкага роду Панятоўскіх герба «Юноша» (Junosza), згодна з гербоўнікам Севярына Урускага, вядзецца з Польшчы, з невялікай вёскі Паняты (Poniaty), якая зараз знаходзіцца ў Вінніцкай парафіі Закрачымскай зямлі Мазавецкага ваяводства [62, s. 230]. Прозвішча Панятоўскі адпаведна паходзіць ад назвы вёскі Паняты. Прадстаўнікі гэтага роду адносіліся да дробнай шляхты. Пасля Крэўскай уніі 1385 г., вынікам якой стала стварэнне дзяржаўнага саюза Вялікага Княства Літоўскага і Кароны Польскай, у дробнай мазавецкай шляхты з’явіліся новыя магчымасці ў набыцці зямельных уладанняў на абшарах Вялікага Княства Літоўскага. У пачатку XV ст. рыцары з закрачымскай вёскі Паняты на хвалі «каланізацыі» Падляшша заснавалі ў Дарагіцкім павеце паселішчы Паняты Загайне, Паняты Крапышы, Паняты Казелкі. Пра факт даўняга існавання такіх вёсак цяпер сведчыць паселішча Паняты, лакалізаванае ў гміне Пярлеева Сямяціцкага павета Падлескага ваяводства [60].

Згодна з ваенным попісам шляхты ВКЛ, які адбыўся ў 1567–1568 гг., каля Краснага Сяла (цяпер в. Краснае Маладзечанскага р-на Мінскай вобл.) па загаду вялікага князя літоўскага Жыгімонта ІІ Аўгуста: «до Молодечна днём и ночью, яко на кгвалт поспешаючыся», сабраліся 27776 коннікаў для працягу вайны з рускім царом Іванам Грозным [5]. З сяла Крапышы Паняты ў харугве Дарагіцкага павета сталі на ваены ўлік: «Юрекъ Юревичъ кляча, кафтанъ, мечъ, рогати. Янъ Станиславовичъ кляча, кафтанъ, мечъ. Вавърынецъ Ваврынцевичъ кляча, мечъ. Станислав з ыменья женънего съ Крепишовъ и з отчизны своее конь, кафтанъ, мечъ. Якубъ, Мартиновъ сынъ, конь, мечъ. Янъ Павловичъ конь, мечъ» [48, с. 912]. На сённяшні дзень гэта першы даступны нам юрыдычны дакумент, дзе згадваюцца прадстаўнікі галіны Панятоўскіх з Панят Крапышоў.

Другі старажытны пісьмовы дакумент у справаводстве Вялікага Княства Літоўскага, з якога пачынаецца непасрэдная генеалогія роду Панятоўскіх з Панят Крапышоў герба «Юноша», гэта акт Менскага гродскага суда 1582 г. [3, c. 146–147, 212–213, 341]. У дакуменце гаворыцца, што зямянін гаспадарскі Мікалая Кішкі Цеханавецкага, ваяводы падляскага, Валенты Панятоўскі з жонкай Галенай Урбанаўнай маюць ва ўладанні ў Менскім павеце маёнткі Дзякшняны і Урбаноўшчына. Верагодна, што Валенты ўзяў сабе жонку з добрым пасагам, бо яе прозвішча супадае з назвай іх сумеснага ўладання.

Далей прадстаўляецца слушным называць гэту галіну роду галіной Валентыя Панятоўскага. Яго імя па бацьку – Марцінавіч – адшукана ў рэестры дакументаў, які змяшчае актавая кніга Менскага гродскага суда 1593 г. [43, № 552]. Аднак варта адзначыць, што ў гістарычных дакументах таго часу, у 1584 г. згадваецца таксама Валенты, сын Леанарда, дзедзіч вёскі Панятова-Крапіцы (Poniatowa-Krzepice). Пра гэта піша С. Урускі, адносячы Валентыя да герба «Цёлак» [62]. Адам Банецкі, абапіраючыся на дакументы Літоўскай Метрыкі, называе Мацея, дзедзіча на Панятах, у 1541 г., і Леанарда, сына Мацея Крапыша з Панят, у 1545 г. [59, s. 256]. Таму ёсць пэўная падстава меркаваць, што пратапласта роду Панятоўскіх з Панят Крапышоў герба «Юноша» зусім не Марцін, а Мацей, бацька Леанарда, ад якога пайшоў Валенты. Далейшы генеалагічны пошук, верагодна, яшчэ ўдакладніць гэтае пытанне, аднак у нашым даследаванні будзем адштурхоўвацца ад першай версіі, сфарміраванай на падставе акта 1593 г.

Пасля Люблінскай уніі 1569 г. Падляшскае ваяводства, у якім знаходзілася вёска Паняты Крапышы, адышло да Каралеўства Польскага. Па ўмовах уніі польская шляхта болей не магла набываць землі на абшарах ВКЛ. Далейшы лёс Панятоўскіх Крапышоў, якія аселі ў іншых землях ВКЛ да гэтага часу, зводзіўся да параднення са шляхецкімі літвінскімі родамі. Таму падобная гісторыя са шлюбнай партыяй Валентыя Панятоўскага адбылася і ў жыцці яго роднага брата Крыштафа. Шлюб з Марфай Якубаўнай Рыбінскай надаў яму зямельныя ўладанні ў Мсціслаўскім ваяводстве, якія заставаліся асноўнай маёмасцю беларускай галіны Панятоўскіх на працягу больш за 200 гадоў. Як сведчыў сярэдневечны польскі генеалог Барташ Папроцкі: «Панятоўскія ў закрачымскім павеце дом старадаўні і пладавіты, з якога некаторыя ў Русь за пачцівымі справамі пайшлі і там ажаніліся» (Poniatowscy w zakroczymskim powiecie dom starodawny і rosrodzony, z kotorych niektorzy w Rusi za poczciwemi sprawami do opotrzenia przyszli i tam sie zozenialі) [57, s. 323].

Бацька братоў Валентыя і Крыштафа Марцін з’яўляецца пратапластай роду Панятоўскіх герба «Юноша». Гэта імя стала вядома дзякуючы скарзе зямяніна Сцяпана Баўтрашэвіча Брушкевіча на Валянціна Марцінавіча Панятоўскага за пабоі, нанесеныя яго дачцэ [43, № 552]. Прыкладная дата нараджэння Валентыя, такім чынам, прыпадае на 1560-я гг. Улічваючы тое, што Валенты і Крыштаф з’явіліся і аселі на землях ВКЛ дзякуючы шлюбам, і землі, якія яны прыдбалі ў якасці жончыных пасагаў, былі асноўнай іх маёмасцю, дапушчальна меркаванне, што іх бацька Марцін меў нейкую маёмасць і стала жыў на Падляшшы, магчыма і ў Панятах, нарадзіўшыся каля першай трэці XVI ст.

Браты Валенты Марцінавіч і Крыштаф Марцінавіч Панятоўскія далі пачатак двум адгалінаванням роду, якія ўмоўна назавем «літоўскай» і «беларускай мсціслаўскай» («рускай»). Як напісаў у 1738 г. іх прапраўнук Нікадэм-Тадэвуш Панятоўскі, чашнік мсціслаўскі, у лісце да ксяндза Рудніцкага, рэктара мсціслаўскай рэзідэнцыі езуітаў, «у Літве Даніэл, на Русі Марцін Панятоўскія былі дваюраднымі братамі» (ze w Litwie Daniel, na Rusi Marcin Poniatowscy byli z soba Stryiczno Rodzoni Braciа) [24, арк. 284]. Даніэл і Марцін з’яўляюцца адпаведна сынамі Валентыя і Крыштафа. Гэты геаграфічны падзел на Літву і Русь зроблены зыходзячы з месцаў знаходжання ўладанняў і пражывання гэтых сем’яў на абшарах ВКЛ.

Даніэл Валентавіч Панятоўскі, суддзя гродскі і падваяводзіч віленскі, спачатку жыў у Вільні, меў ва ўласнасці сёлы Прылепы і Усяж у Менскім павеце. У 1632 г., прадаўшы іх уніяцкаму мітрапаліту Язэпу Руцкаму, ён набывае ў Віленскім ваяводстве ў Януша Кішкі, ваяводы полацкага, маёнтак Солы, куды пераязджае з Вільні, дзе жыве і памірае ў 1649 г. Магчыма, там ён і пахаваны. Марцін Крыштафавіч Панятоўскі валодаў вёскамі Вародзькаў, Забалацце, Шумячы ў Мсціслаўскім ваяводстве, каля самай усходняй мяжы ВКЛ. Таксама меў 20 валок пусташы ў Смаленскім ваяводстве, нададзеных яму каралеўскім прывілеем у 1627 г. Умоўная мяжа паміж Літвой і Руссю ў тыя часы праходзіла па рацэ Усходняя Бярэзіна. Такім чынам, падзел роду Панятоўскіх герба «Юноша» на літоўскую і беларускую мсціслаўскую (рускую) галіны мы абумовілі менавіта гэтым фактам.



Літоўская галіна. Валенты Марцінавіч Панятоўскі да 1582 г., ажаніўшыся з Геленай Урбанаўнай, атрымаў маёнтак Дзякшняны Мінскага ваяводства, які далей перадаваўся па спадчыне нашчадкам. У Валентыя Марцінавіча было тры сыны – Даніэл, Ян (?) і Адам.

Даніэл Валентавіч Панятоўскі будучы суддзёй гродскім і падваяводзічам віленскім з 1628 г., войскім вендэнскім з 1639 г. [63, s. 113], жыў у камяніцы Тышынскай, што знаходзілася каля гасціннага дома за Вострай брамай каля рынку ў Вільні [1, с. 261]. Удзельнічаў у палітычным жыцці ВКЛ, будучы правай рукой Льва Сапегі, ваяводы віленскага, падтрымліваў яго партыю ў час бескаралеўя ў 1628 г. [61, s. 234]. Як ужо згадана, напрыканцы жыцця набыў маёнтак Солы за 60 тыс. польскіх злотых, дзе ўсяляк падтрымліваў касцёл. Памёр беспатомным.

Ян (?) Валентавіч Панятоўскі – намеснік Слонімскага павета жыў да 1632 г. Меў жонку Кацярыну Сулімоўскую. Больш звестак пра яго няма [50, s. 326]. Найменш вядомы з братоў Адам пакінуў трох сыноў Мікалая, Крыштафа Лявона, Стафана і дачок Здзіславу і Крыстыну.

Мікалай Адамавіч, чашнік мазырскі ў 1650 г., жанаты на Эльжбеце Вейс, памёр беспатомным. Крыштаф Лявон Адамавіч, чашнік менскі і зямянін Ашмянскага павета, змагаўся з маскавітамі ў вайне 1654–1667 гг., апынуўся ў палоне і там, верагодна, памёр да 1671 г. Стафан Адамавіч – езуіт у Солах у 1649–1657 гг. Здзіслава ў першым шлюбе – за Жыгімонтам Воўкам, у другім – за Аляксандрам Ракоўскім.

Казімір Вінцэнт Панятоўскі, сын Крыштафа Лявона, пабраўся шлюбам з Іааннай Завішанкай, дачкой Яна і Канстанцыі Тышкевічаў, ваявадзянкай берасцейскай [53]. У 1663 г. Іаанна Завішанка Казімірава Панятоўская згадваецца як удава [54]. Напрыканцы жыцця Мікалай Адамавіч з Панят Крапышоў Панятоўскі прадаў Дзякшняны і Урбаноўшчыну ў Мінскім ваяводстве Адаму і Сафіі з Храпавіцкіх Валадковічам [39, арк. 510]. На гэтым у канцы XVII ст. літоўская галіна Панятоўскіх герба «Юноша» згасае і звестак аб ёй у дакументах пазнейшага перыяду болей не сустракаецца.

Беларуская мсціслаўская галіна. 2-е калена. Радзіна Крыштафа Марцінавіча Панятоўскага. Крыштаф Марцінавіч з’яўляецца пратапластай беларускай галіны роду Панятоўскіх. Як сказана вышэй, дзякуючы шлюбу ён апынуўся на ўсходніх землях ВКЛ, у Мсціслаўскім ваяводстве. Вёскі Вародзькаў, Забалацце, Вярхоўцы, Шумячы, пляцы ў Крычаве былі нададзены цесцю Крыштафа, зямяніну Якубу Рыбінскаму, у 1560 г. каралеўскім прывілеем [9, с. 103]. Не маючы сыноў, ён пакінуў іх сваім тром дочкам: Марфе, жонцы Крыштафа Панятоўскага, Улляне, жонцы Матыса Галімскага, і Фядоры, жонцы Фларыяна Козела, гараднічага ашмянскага [29, арк. 534–538]. З цягам часу ўся гэтая нерухомасць перайшла Панятоўскім. Цэнтрам уладанняў стала вёска Вародзькаў у Крычаўскім павеце, дзе жыў Крыштаф Марцінавіч Панятоўскі.

Крыштаф Марцінавіч пакінуў двух сыноў – Міхала і Марціна. У 1627 г. яны атрымалі каралеўскі прывілей ад Жыгімонта III Вазы на 20 валок пусташы кожнаму ў Смаленскім ваяводстве з загадам бараніць замак Смаленскі падчас небяспекі, што, хутчэй за ўсё, яны і рабілі ў 1632 г., калі маскоўскія войскі на чале з ваяводам Шэіным асадзілі горад [44, арк. 333 адв. – 334 адв.].

Міхал Крыштафавіч Панятоўскі, зямянін Браслаўскага павета, меў жонку з роду Урублеўскіх, дачку гараднічага мсціслаўскага Аляксандра Яна Урублеўскага і Ганны з Заблоцкіх. Міхал пакінуў трох сыноў і дачку.

Старэйшы сын Адам Якім, магчыма, з’яўляўся добра адукаваным у юрыдычных справах, бо згадваецца ў дакументах як паўнамоцны ў вырашэнні судовых спраў. Адам паступае ў ордэн кармелітаў босых, дзе пры пострыгу ў манаства атрымлівае духоўнае імя Аляксей. Менавіта ён разам з братам Аляксандрам Казімірам і сястрой Барбарай фундуе ў першай палове XVII ст. будаўніцтва з дрэва касцёла кармелітаў у Вародзькаве (касцёл праіснаваў да 1943 г., калі быў спалены немцамі разам з вёскай) [6, с. 169]. Трэба сказаць, што ў тыя часы ў шляхецкіх сем’ях было пажадана, каб нехта з родных прысвячаў сваё жыццё Богу і адпаведна з цэлібатам–абетам бясшлюбнасці не пакідаў пасля сябе нашчадкаў. Адам застаўся ў гісторыі ордэна кармелітаў босых дзякуючы свайму лісту да генерала ордэна, дзе апісаў становішча на ўсходніх землях ВКЛ падчас маскоўскай вайны 1654–1667 гг. У 1682 г. жыў у Перамышлі, у кляштары кармелітаў босых, дзе, хутчэй за ўсё, і памёр [7].

Сярэдні сын Міхала Аляксандр Казімір Панятоўскі таксама стаў духоўнай асобай, ён вядомы як ксёндз-канонік і схаластык вендэнскі, камендант Віленскага фарнага касцёла, дэкан і плябан віленскі [2, с. 324–325].

Малодшы сын Міхала Крыштаф Багуслаў, канюшы і мастаўнічы мсціслаўскі, жыў да 1687 г., адзін з першых Панятоўскіх, хто атрымаў ганаровыя пасады ў Мсціслаўскім ваяводстве. Удзельнічаў у вайне 1654–1667 гг. З ім ваявалі ўсе дарослыя Панятоўскія: стрыечныя браты Крыштафа Багуслава Самуэль Міхал і Ян Марцінавічы Панятоўскія, траюрадныя браты Крыштаф Лявон і Мікалай Адамавічы Панятоўскія. Жывучы на памежжы з Маскоўскім княствам, яны першымі прынялі ўдар захопнікаў, сядзелі ў вязніцах, у казанскім палоне. Але гэта тэма асобнага апавядання, да якой мы яшчэ звернемся. Што ж тычыцца Крыштафа Багуслава, то ён, вярнуўшыся з вайны, збіраў сваіх прыгонных сялян, якія разбегліся па суседніх вёсках, у свой маёнтак Беліца. Быў жанаты на Еўфрасінні Ждановіч, брат якой Ігнаці Ждановіч, архімандрыт магілёўскі, дапамагаў ім у 1654 г. падчас вайны захаваць сямейныя каштоўнасці і маёмасныя дакументы ў Магілёўскім брацкім манастыры [2, с. 324–325]. Тэрэза, дачка ад гэтага шлюбу, у 1687 г. стала жонкай Стэфана Александровіча, канюшага мсціслаўскага і лоўчага аршанскага. Пазней канца XVII ст. нашчадкі Міхала Крыштафавіча Панятоўскага ў дакументах болей не згадваюцца – яго лінія згасае.



3-е калена. Радзіна Марціна Крыштафавіча Панятоўскага. Марцін Крыштафавіч Панятоўскі меў трох сыноў Самуэля Міхала Крапыша Панятоўскага, мечнага мсціслаўскага, Яна Крапыша Панятоўскага, Станіслава Панятоўскага, ротмістра каралеўскага і дачку Марыну1.

Самуэль Міхал Крапыш Панятоўскі, паводле інфармацыі А. Рахубы, быў на пасадзе мечніка мсціслаўскага з 1673 г., з’яўляўся дэпутатам Галоўнага Трыбунала ВКЛ у 1679 г. [8, с. 584; 55, арк. 1225–1232]. Удзельнічаў і меў «заслугі свае ў войску Кароны Польскай і ВКЛ. У рэбеліі2 казацкай, а затым у вайне маскоўскай, а таксама шведскай, венгерскай і прускай ваяваў з нямалым коштам і здароўе сваё паклаў» [18, арк. 26]. Гэта азначае, што абарона Айчыны была для яго, як і для большасці літвінскай шляхты ў тыя цяжкія часы, галоўнай справай і доўжылася гэтая вайна для Самуэля з 1649 па 1667 г. Быў жанаты чатыры разы. Першая жонка, з роду Дубінскіх, згарэла з дачкой у Быхаўскім замку ў 1659 г. падчас бамбардзіроўкі маскоўцамі [52, s. 639–642]. Другая – Рэгіна Ждановіч, трэцяя – Кацярына Марцінаўна Война-Ясянецкая, чацвёртая – Ганна Катоўская. Памёр каля 1714 г.

Ян Марцінавіч Крапыш Панятоўскі, зямянін Мсціслаўскага ваяводства, пакінуў ўспаміны, апавядаючы аб сваім жыцці ў часы вайны з маскоўцамі перад палоннай шляхтай у Казані на так званым сойміку казанскім 1662 г. Першая жонка Лукрэцыя Марцінаўна Война-Ясянецкая знаходзілася разам з Янам і дзецьмі ў цяжкай асадзе ў Быхаўскім замку ў 1659 г. Там амаль цэлы год разам з месцічамі гераічна трымала абарону супраць рускіх войскаў навакольная шляхта. Пасля чарговай бамбардзіроўкі маскоўцамі Быхаўскай фартэцыі адна з гранат разбіла пабудову, дзе жылі Панятоўскія. Старэйшы іх сын разам са швагеркай і пляменніцай загінулі, згарэўшы ў агні. Лукрэцыя, моцна напалоханая, захварэла і памерла за дзень да ўзяцця замка рускімі войскамі. Гэта было 12 снежня 1659 г. [52, s. 639–642]. У другім шлюбе Ян Марцінавіч Панятоўскі быў жанаты з Еўфрасінняй Паўлаўнай Свянціцкай. Ён гераічна ўдзельнічаў у вайне 1654–1667 гг. Абараняў замкі ў Крычаве і Быхаве, вадзіў атрады на баявыя дзеянні пад Мсціслаў і Рослаў, біў казацкія атрады пад сваім маёнткам Вародзькаў, ваяваў на Дняпры пад Шкловам у 1654 г. У 1655 г. узяты ў палон рускім ваяводай князем Сямёнам Андрэевічам Урусавым падчас знаходжання ў сваім Здзітаўскім старостве, у двары Сакалова, разам з жонкай і дзецьмі [52, s. 639–642]. Апынуўшыся перад смяротнай пагрозай для сваёй сям’і, ён даў прысягу на вернасць цару Аляксею Міхайлавічу Раманаву і быў вывезены ў Казань як палонны [47].

Станіслаў Марцінавіч Панятоўскі, ротмістр каралеўскай харугвы, удзельнічаў пад кіраўніцтвам Іераміі Вішнявецкага, ваяводы рускага, у бітве войска Рэчы Паспалітай з казацка-татарскім войскам Багдана Хмяльніцкага пад Берастэчкам у 1651 г. Там і паклаў сваё жыццё ў баі з татарскімі харугвамі на вачах усяго войска і караля польскага і вялікага князя літоўскага Яна Казіміра [2, с. 324–325]. Згадваецца ў рамане Генрыка Сянкевіча «Агнём і мячом» [49, с. 242]. Нашчадкаў не пакінуў.

Марына Марцінаўна Панятоўская праз шлюб з Яраславам Падбярэзскім атрымала вёску Прусінава ў Мсціслаўскім ваяводстве [45, арк. 662], якая надалей стала яблыкам разладу паміж Панятоўскімі і Гедройцамі. Гэта адбылося з той нагоды, што ў другім шлюбе Марына выйшла замуж за Самуэля Казіміра Фабіянавіча Гедройца, войскага мсціслаўскага, прыкладна каля 1657 г., аддаўшы яму ў якасці пасагу вёску Прусінава. Паводле тастамента Самуэль Казімір Гедройц быў пахаваны на Вародзькаўскіх могілках у 1687 г. У гэтым шлюбе нарадзіліся Дамінік Міхал Гедройц, стражнік мсціслаўскі, і дачка Алена [15, арк. 420–423а].

4-е калена. Радзіна Самуэля Міхала Марцінавіча Крапыша Панятоўскага. Самуэль Міхал Марцінавіч Крапыш Панятоўскі, мечны мсціслаўскі, меў трох сыноў і дачку.

Марцыян Казімір Самуэлевіч Панятоўскі, пісар гродскі, канюшы мсціслаўскі, чашнік смаленскі, палкоўнік літоўскі, дэпутат Галоўнага Трыбунала ВКЛ у 1692 г. [8, с. 584; 15, арк. 263]. Верагодна, удзельнічаў у бітве з туркамі пад Венай у 1683 г., у бітве пад Алкенікамі 18 лістапада 1700 г., узначальваў паспалітае рушанне Мсціслаўскага ваяводства ў рангу літоўскага палкоўніка. Будучы смяротна параненым, не выпусціў са сваіх рук харугву Мсціслаўскага ваяводства з выявай Пагоні, прамовіўшы баявым сябрам словы, якія ўвайшлі ў гісторыю: «Вазьміце яе з рук маіх пасля маёй смерці, але ні пры жыцці, мужная Літва даверылы мне гэту харугву, і я буду пры ёй да апошняй хвіліны» (Wezmiecie mi ja z rąk moich po mojej smierci, ale nie za życia: dzielna Litwa powierzyła mi tę chorągiew, i będę przy niej do ostatniej chwili!) [58, s. 252–253]. Загінуў у гэтым баі. Быў двойчы жанаты: першым шлюбам з Іаанай Дубінскай, другім – з Сюзанай Коцел. Нашчадкаў не пакінуў. Тастамент датуецца 1701 г. [17, арк. 263].

Тамаш Самуэлевіч Панятоўскі, чашнік мазырскі і смаленскі ў 1738 г. Уладзіслаў Юзаф Самуэлевіч Панятоўскі, пісар гродскі, канюшы, абозны мсціслаўскі. У першым шлюбе жанаты з Іаанай Сухадольскай, пісараўнай земскай мсціслаўскай, у другім – з Петрунелай Барташэвіч, пісараўнай гродскай аршанскай.

Дачка Іаана згадваецца ў 1690 г. як жонка скарбніка мазырскага Францішка Міхала Война-Ясянецкага [16, арк. 40].



4-е калена. Радзіна Яна Марцінавіча Крапыша Панятоўскага. Ян Марцінавіч Крапыш Панятоўскі меў ад першага шлюбу з Лукрэцыяй Марцінаўнай Война-Ясянецкай двух сыноў і дачку. Старэйшы сын, імя якога засталося невядомым, загінуў разам з маці ў асадзе Быхаўскага замка рускімі войскамі ў 1659 г. Другі сын Стэфан Дамінік Панятоўскі, стражнік мсціслаўскі, упамінаецца з 1687 г. Двума гадамі раней ён ажаніўся з Крыстынай Матушэвіч, дачкой мінскага чашніка Яна Матушэвіча, а ў гэтым годзе скасаваў шлюб. Памёр у 1703 г. ва ўласным фальварку Любуж каля Магілёва, які з’яўляўся пасагам яго маці Лукрэцыі Марцінаўны Война-Ясянецкай. Пахаваны на сямейных могілках у Вародзькаве. Яго сястра Ганна Янаўна Панятоўская ў першым шлюбе за Янам Станіславам Свянціцкім, стражнікам мсціслаўскім, памерлым у 1690 г., у другім – за Паўлам Александровічам. Ад першага мужа мела сыноў Уладзіслава, Якуба, Лукаша, Сымона і дачку Рэгіну.

Рэгіна Свянціцкая, уступіўшы ў шлюб з мечным мсціслаўскім Лявонам Лапацінскім, нарадзіла сыноў Яна Дамініка Лапацінскага, каралеўскага капелана польскага караля і вялікага князя літоўскага Станіслава Ляшчынскага падчас яго знаходжання ў Круляўцы ў 1731 г., затым біскупа жмудскага ў 1762 г., Мікалая Тадэвуша Лапацінскага, ваяводу берасцейскага ў 1777 г., вялікага пісара ВКЛ у 1764–1777 гг., мсціслаўскага старасту ў 1757–1767 гг., Ігната Блажэя Станіслава Лапацінскага, скарбовага пісара ВКЛ з 1761 г.

Ад другога шлюбу Яна Марцінавіча Крапыша Панятоўскага з Еўфрасінняй Паўлаўнай Свянціцкай нарадзіліся тры сыны і дачка. Усе тры родныя браты былі на ваеннай службе ў літоўскіх краях, адкуль вярнуліся на малую радзіму ў дзедзічны маёнтак Вародзькаў у 1694 г. [40, арк. 299].

Мяркуючы па судовых дакументах мсціслаўскага гродскага і земскага судоў, браты Панятоўскія былі баявымі і адважнымі, вельмі падобнымі на знакамітых французскіх мушкецёраў з рамана Аляксандра Дзюма са знакамітым дэвізам: «Адзін за ўсіх і ўсе за аднаго!». Пасля іх вяртання з ваеннай службы ўся суседняя з уладаннямі Панятоўскіх мсціслаўская шляхта цяжка ўздыхнула: наезды, рабаванне, межавыя спрэчкі не давалі спакою Мілкевічам, Гедройцам, Дубейкоўскім і іншай мсціслаўскай шляхце.

Тым не менш, Антон Янавіч Панятоўскі займаў пасаду крайчага мсціслаўскага. Мсціслаўскім соймікам 1707 г. абраны разам з Янам Конвідам Жукоўскім камісарам ад Мсціслаўскага ваяводства па зборы падаткаў на правіянт для рускага войска падчас Паўночнай вайны [19, арк. 98–99]. Варта прыгадаць адзін прыклад той працы.

Паводле сведчання Яна Відуна Дубейкоўскага 1 ліпеня 1707 г. камісары Антон Панятоўскі з Янам Жукоўскім у доме Дубейкоўскага пасля добрага застолля адабралі ў небаракі 2 тысячы злотых сярэбранымі капейкамі з запазухі, пры гэтым збілі і аддалі маскоўскім стражнікам гаспадара гасціннай хаты. Даведаўшыся пра здарэнне, стараста жмудскі Рыгор Антон Агінскі, які на той час узначальваў войска ВКЛ у Мсціслаўскім ваяводстве, праз рускага генерала Баўэра аддаў пацярпеўшаму Дубейкоўскаму 1200 злотых і даў дазвол на арышт камісараў. Відаць, па той прычыне, што збор падаткаў праходзіў не заўсёды на законнай падставе, у Антона з’явілася шмат нядобразычліўцаў. Верагодна, у выніку гэтага ён быў забіты стрэламі з пісталета ў галаву ў сваім маёнтку Вародзькаў 8 ліпеня 1708 г. Па сведчанні яго роднага брата Паўла Панятоўскага, які аказаўся параненым падчас нападу, нападзенне ўчыніў іх пляменнік Дамінік Міхал Гедройц, стражнік мсціслаўскі, разам з Аляксандрам Падбярэзскім і Самуэлем Тэадоравічам Кучуком [20, арк. 137–138]. У 1710 г. мсціслаўскі гродскі суд асудзіў на смерць праз меч ката Аляксандра Падбярэзскага і Самуэля Кучука, а вось Дамініку Міхалу Гедройцу ўдалося пазбегнуць пакарання, пераклаўшы ўсю адказнасць за забойства на сваіх таварышаў [21, арк. 181–186]. З гэтага часу пачалася сапраўдная вайна паміж мсціслаўскімі Панятоўскімі і Гедройцамі, аб чым будзе апісана ніжэй.

Другі сын Яна Марцінавіча Крапыша ад шлюба з Еўфрасінняй Паўлаўнай Свянціцкай Павел Панятоўскі, стражнік і ротмістр мсціслаўскі з 1710 г. [21, арк. 288], пасля смерці брата Антона заняў галоўнае месца ў сямейнай іерархіі Панятоўскіх. Гэтаму спрыяў і яго выгодны шлюб з Тэрэзай Камінскай, дачкой Міхала Яна Камінскага, кашталяна мсціслаўскага. Помсцячы за брата Антона сапраўднаму забойцу Дамініку Міхалу Гедройцу, ён у 1713 г. завабіў апошняга ў свой маёнтак Вародзькаў і пад пагрозай смерці забраў у яго аблігі (грашовыя распіскі) магілёўскага кагала на 250 талераў, аблігі Адама Дароўскага на 1500 злотых, права на вёску Дамброва як пасаг памерлай Марыны Панятоўскай Самуэлевай Гедройцавай, цёткі Паўла Панятоўскага і маткі Дамініка Гедройца, а таксама права на вёску Прусін. Усёй сумы набралася 12 000 тысяч злотых. У дадатак забрана ўсё золата і грошы, якія былі ў кішэнях Дамініка. Цікава, што ў якасці пагрозы Павел Панятоўскі абяцаў пасадзіць усю сям’ю Гедройцаву «з днеўнага набажэнства і аж да самай смерці ў вежу незвычайную пры касцёле Вародзькаўскім збудаваную, што не сумяшчальна з правам паспалітым» [22, арк. 110]. Відаць, званіца, пабудаваная побач з Вародзькаўскім касцёлам кармелітаў, выконвала ролю вязніцы для нядобразычліўцаў Панятоўскіх. Пра тое, што вера не надта стрымлівала пачуцці Панятоўскіх, сведчаць падзеі, якія адбыліся ў 1744 г., калі сын Паўла, на той час ужо нябожчыка, Францішак Панятоўскі разам з ксяндзом вародзькаўскім Пяндзевічам, узброеныя шаблямі, напалі прама ў касцёле, падчас святой імшы на Марціяна Падбярэзскага, «акрывавіўшы касцёл» [27, арк. 685–700].

Іншыя судовыя цяжбы з 1724 г. Павел Панятоўскі вёў з Ганнай з Любартаў Сангушкаў, старасцінай крычаўскай, жонкай Караля Станіслава Радзівіла, зноў-такі за грахі нябожчыка брата Антона, які ў 1708 г. у Крычаўскім старостве забраў у Радзівілаў у якасці правіянту лішніх 17 коней [23, арк. 382]. У 1738 г. адбыліся першыя судовыя сутычкі Паўла Панятоўскага з графам Ежы Флемінгам, старастам магілёўскай эканоміі, з нагоды межавых пытанняў і выкраданняў сялян [25, арк. 111]. Спрэчкі з гэтым чалавекам вельмі дорага каштавалі і ў будучым трагічна адбіліся на лёсе дзяцей Паўла. Памёр Павел Панятоўскі да 1743 г.

Трэці сын Яна Марцінавіча Крапыша Панятоўскага ад другога шлюба – Міхал Панятоўскі.

Памёр Ян Марцінавіч Крапыш Панятоўскі да 1685 г.



5-е калена. Радзіна Паўла Янавіча Крапыша Панятоўскага стражнага мсціслаўскага. Павел Панятоўскі, стражны мсціслаўскі, у шлюбе з Тэрэзай Камінскай, кашталяніцай мсціслаўскай, меў пяць сыноў (Антона, Якуба, Францішка, Тадэвуша, Рафала) і трох дачок (Марыянну, Бенедыкту і Ганну). Старэйшы сын Антон Панятоўскі пасля смерці бацькі дадаў да свайго прозвішча радавы прыдомак Крапыш і ўзваліў на свае плечы цяжар бацькоўскіх праблем. Вялікая сям’я Паўла Панятоўскага была такая ж згуртаваная і загартаваная, крымінальная і рашучая, як і братэрскі саюз іх бацькі Паўла Панятоўскага з роднымі братамі Антонам і Міхалам. Гісторыя сям’і пад кіраўніцтвам маці Тэрэзы з Камінскіх Панятоўскай і яе старэйшага сына Антона нагадвае безупынныя ваенныя дзеянні супраць навакольнай мсціслаўскай шляхты. Дэкрэт мсціслаўскага кампрамісарскага суда 1750 г., у якім прадстаўнікі шляхецкіх сем’яў Мількевічаў, Падбярэзскіх, Глінкаў, Каспяровічаў і інш. распавядаюць пра «подзвігі» Панятоўскіх, дае ўяўленне пра тыя падзеі. Так, натоўп у некалькі дзясяткаў сялян, узброеных бердышамі, шаблямі, пісталетамі, пад кіраўніцтвам Антона, Якуба і Францішка Панятоўскіх, збівалі людзей, якія сабраліся на Вародзькаўскіх могілках падчас святкавання дня памяці Святога Юрыя. Падчас рабавання чужых сенажацяў у 1745 г. адбылося забойства Антона Германавіча Каспяровіча, судзіча гродскага мсціслаўскага. Таксама Антон і Францішак Панятоўскія знялі вялікі звон з Вародзькаўскай царквы Святой Параскевы і перацягнулі ў свой касцёл [27, арк. 685–700]. Гэта толькі няпоўны пералік усяго ўчыненага імі крыміналу.

Тым не менш, забойства шляхціча Антона Каспяровіча спісалі на падданага сям’і Панятоўскіх Васку Маскаля, які, прыгавораны на смерць праз меч ката, збег з вародзькаўскай плябані, дзе павінен быў спавядацца перад стратай. Хутчэй за ўсё гэта стала магчымым пры дапамозе саміх Панятоўскіх, якія ўгаварылі яго ўзяць адказнасць на сябе. Кампрамісарскі суд загадаў звольніць баявога ксяндза і плябана вародзькаўскага Пяндзевіча за напады з шабляй на прыхаджан у касцёле, вымусіў Панятоўскіх аддаць захопленыя сенажаці і заплаціць 450 талераў пакрыўджаным суседзям – Дэвіцам, Мількевічам, Падбярэзскім, Суражам, Окалам. Абвінавачаным Антону, Якубу і Францішку Панятоўскім належала прасядзець шэсць тыдняў у вежы мсціслаўскага замка [27, арк. 685–732 адв.].

Але мяккасць прысуду не падзейнічала на зухаватых братоў Панятоўскіх. На пачатку 1750-х гг. падросшы і ўступіўшы ў паўналецце Рафал Панятоўскі стварае банду рабаўнікоў, у якую ўваходзяць каля дзясятка падданых сялян і некалькі сяброў-шляхцічаў. Ад простых нападаў на шляхту і рабавання сена ў суседзяў яны пераходзяць да нападаў на купцоў на дарогах (купцамі ў тыя часы былі ў асноўным габрэі). У мэтах канспірацыі Рафал з паплечнікамі апраналіся ў сялянскія світкі і шапкі, пэцкалі твары сажай і, робячы засады на тарговых шляхах, рабавалі габрэйскіх негацыянтаў. Асабліва багатым на крымінальныя напады банды Рафала Панятоўскага быў 1759 г.: тут і напад з лясной засады на старазаветных дрыбінскіх габрэяў, якія ехалі з таварамі на кірмаш, і кража шасці коней у Антона Закамінскага з пагоняй і стралянінай з пісталетаў, і напад на карчму і млын габрэя- арандатара са збіццём яго і жонкі. Апошняй кропляй стаў напад уначы 26 чэрвеня 1759 г. на мсціслаўскі юбілейны дом, дзе начавалі людзі, якія прыехалі за пакупкай збожжа ў Мсціслаў. Пераапранутыя ў сярмягі і магеркі, з вымазанымі сажай тварамі рабаўнікі ўварваліся і пачалі катаваць агнём і мучыць шляхцічаў, забіраць усё, што толькі можна было згрузіць на раней падрыхтаваныя вазы. Усяго было забрана грошай і тавараў на 60 000 злотых. Пасля жаўнеры пад кіраўніцтвам паручніка каралеўскай гвардыі Аляксандра Шпілоўскага і Тадэвуша Пятроўскага арыштавалі злачынцаў.

Суд над імі атрымаў грамадскі рэзананс – у Мсціславе сабраліся ўсе пакрыўджаныя. Бок габрэяў магілёўскай эканоміі прадстаўляў намеснік магілёўскага староства той самы граф Ежы Флемінг, які ўжо доўгія гады вёў судовыя спрэчкі з сям’ёй Панятоўскіх. Флемінг выкарыстаў слушны момант напоўніцу. Суд вынес максімальны прысуд, абапіраючыся на 11-ы раздзел, 31-ы артыкул, І параграф Статута ВКЛ 1588 г. і канстытуцыю 1609 г., якія прадпісвалі за забойства шляхціча смяротнае пакаранне.

21 ліпеня 1759 г. мсціслаўскі гродскі суд пастанавіў асудзіць на смерць праз расстрэл стражніковіча мсціслаўскага Рафала Панятоўскага, Рыгора Валужыніча Гузіка, Францішка Дабжанскага і Марціна Кашко, праз чвартаванне і ўзбіццё на палі працавітых Данілку Васілёвага і Янку Маргуна Ступака. 23 ліпеня Рафал Панятоўскі быў расстраляны. Прысуд вынес інстыгатар ВКЛ, суддзя гродскі мсціслаўскі Мікалай Тадэвуш Лапацінскі. Будучы дваюрадным дзядзькам Рафала сваім прысудам ён увайшоў у гісторыю юрыспрудэнцыі ВКЛ як справядлівы і непадкупны суддзя.

Трэба дадаць, што гэтая гучная справа не абышлася без рэлігійнага дапаўнення. Саўдзельнік Панятоўскага Себасцьян Галкоўскі быў абвінавачаны ў чарадзействе. Ён у змове з вародзькаўскім млынаром Грышкам Івашкам, які навучыў Галкоўскага д’ябальскім навукам, узяўшы з хаты забалоцкага падданага абраз Найсвяцейшай Панны, насіў яго на некалькі дзён у лес на балота. Верагодна, дадзены факт з’явіўся дадатковай падставай для вынясення вельмі жорсткага прысуду па справе Панятоўскага і яго шайкі. Дарэчы, суд спагнаў з сям’і Рафала 58 500 злотых на пакрыццё страт і 1000 злотых на мсціслаўскі гарнізон [30, арк. 135–168].

Пасля такой жыццёвай драмы Тэрэзу Панятоўскую і яе дзяцей напаткаў яшчэ адзін цяжкі ўдар – 24 сакавіка 1764 г. быў зверскі забіты другі яе сын Якуб Панятоўскі разам з Юзафам Краеўскім і слугамі Грышкам, конюхам, і Кузьмой, пахолкам. Як высветлілася пазней, гэта была помста магілёўскіх габрэяў.

Малодшы сын Тадэвуш Панятоўскі стаў ксяндзом, канонікам жмудскім.



5-е калена. Радзіна Уладзіслава Юзафа Самуэлевіча Панятоўскага. Уладзіслаў Юзаф Самуэлевіч Панятоўскі, пісар гродскі, канюшы, абозны мсціслаўскі пражываў у сваім маёнтку Злочаў у Мсціслаўскім ваяводстве, меў трох сыноў і трох дачок. Ад першага шлюбу з Іаанай Сухадольскай, дачкой Ежы Войцаха Сухадольскага, суддзі гродскага і пісара земскага мсціслаўскага, нарадзіўся Ежы Антоні Панятоўскі, падстолі старадубскі, канюшы і скарбнік мсціслаўскі, харунжы пяцігорскі. Ад другога шлюбу з Пятрунелай Барташэвіч, пісароўнай гродскай аршанскай, нарадзіліся сыны Нікадэм Тадэвуш і Казімір, дочкі Гелена (у 1727 г. упамінаецца як жонка Антона Скоркі, мечніка мазырскага), Уршула (у 1738 г. упамінаецца як жонка Сымона Яранды) і Рэгіна. Нікадэм Тадэвуш Панятоўскі вядомы як пісар гродскі, чашнік мсціслаўскі, паручнік пяцігорскі знака кашталяна кракаўскага Станіслава Цёлка Панятоўскага (бацькі будучага караля), а таксама стараста ўшпольскі, забычанскі і мурынборскі.

Бацька Уладзіслаў Юзаф Панятоўскі даў свайму старэйшаму сыну Ежы Антонію добрае выхаванне і адукацыю. Ён уладкаваў яго пры каралеўскім двары Аўгуста ІІ, даўшы свае рэкамендацыі. Падчас ваеннай службы сына аплаціў яму пошту з трох коней, адзенне, зброю, пахолкаў. Усіх выдаткаваў на выправу, і жыццё сына пры двары бацька налічыў 25 000 польскіх злотых.

Але як відаць, з бацькоўскай скаргі ў мсціслаўскі гродскі суд у 1739 г. Ежы Панятоўскі аказаўся не вельмі ўдзячным сынам, бо ажаніўся без бацькоўскага блаславення з Тэкляй з Глінкаў. Акрамя гэтага, здзейсніў цяжкае злачынства супраць сваёй мачыхі Пятрунелы з Барташэвічаў. У 1723 г. з натоўпам сваіх людзей ён наляцеў на двор Вярхоўцы ў Мсціслаўскім ваяводстве, дзе жыла мачыха, цалкам яго разрабаваўшы. Пакалечаная жанчына ў хуткім часе памерла, пакінуўшы чатырох непаўналетніх дзяцей [26, арк. 1252–1255]. Адносіны з бацькоўскай сям’ёй былі на гэтым скончаны. Але знаходжанне пры каралеўскім двары дало пэўныя знаёмствы з уплывовымі людзьмі таго часу, пра што сведчыць вельмі прыязны ліст Станіслава Цёлка Панятоўскага, падскарбія і пісара земскага ВКЛ, да Ежы Антонія Панятоўскага, двараніна скарбовага ВКЛ, які датуецца 1724 г. [23, арк. 612]. Забягаючы наперад дапоўнім, што пратэкцыя каралеўскага двара адчувалася і ў лёсе яго сына Францішка Панятоўскага, скарбніка мсціслаўскага і суддзі гродскага пінскага ў 1786–1791 гг., які атрымаў тытул скарбніка дзякуючы бацькоўскім заслугам і якога асабіста наведваў кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі падчас свайго падарожжа па Палессі [46, с. 130]. Жонка Ежы Панятоўскага Тэкля з Глінкаў памерла ў 1770 г. і пахавана ў мсціслаўскім касцёле кармелітаў. У сваім тастаменце яна загадала даць 500 злотых на пахаванне і 500 злотых на імшу. Сынам Францішку, скарбніку мсціслаўскаму, Марціну, гараднічаму мсціслаўскаму, і Дзіянізію, паручніку каралеўскай гвардыі, аддала сяло Вялікі Злочаў. Для дачкі Багумілы маці вылучыла 7000 злотых на пасаг [35, арк. 73].

Сын ад другога шлюбу Уладзіслава Юзафа Самуэлевіча Панятоўскага з Пятрунелай Барташэвіч Нікадэм Тадэвуш Панятоўскі, пісар гродскі, чашнік мсціслаўскі, увайшоў у гісторыю Рэчы Паспалітай як душыцель буйнога ўзброенага выступлення сялян у сярэдзіне XVIII ст. у Мазырскім павеце, ва ўладанні віленскага капітула Каменшчына. У 1756 г. па загаду вялікага гетмана ВКЛ Міхала Казіміра Радзівіла Рыбанькі ўзброены атрад у колькасці 400 чалавек (гусары, лёгкая конніца, пяхота і артылерыя) пад кіраўніцтвам Нікадэма Тадэвуша Панятоўскага разбіў пад Славечна атрад паўстанцаў у колькасці некалькіх тысяч сялян, а пасля жорстка расправіўся з кіраўнікамі паўстання – чатырох чалавек пасадзілі на палі, дзесяць прывязалі да гарматаў і адправілі ў Нясвіж на суд да Радзівіла [10, с. 257–258].

За гэтую перамогу Нікадэм Тадэвуш Панятоўскі атрымаў добрыя прэферэнцыі ад князя Радзівіла. Пасля смерці ў 1759 г. яго жонка Францішка са Скоркаў Панятоўская (па першым мужы Макавецкая), паміраючы, у сваім тастаменце прызначыла Міхала Казіміра Радзівіла Рыбаньку, ваяводу віленскага, гетмана ВКЛ, разам з Міхалам Сапегай, падканцлерам ВКЛ, і Мікалаем Лапацінскім, старастай мсціслаўскім, апекуном сваіх дзяцей. Як відаць з далейшага, гэтыя пратэкцыі дапамаглі ім.

Пахаваны Нікадэм Тадэвуш Панятоўскі разам з жонкай Францішкай са Скоркаў Панятоўскай у сваім маёнтку Малятычы ў Мсціслаўскім ваяводстве, у скрыпце малятыцкага касцёла дамініканаў [31, арк. 7].



5-е калена. Радзіна Міхала Янавіча Панятоўскага. Міхал Янавіч Панятоўскі ў шлюбе з Геленай Сухадольскай, дачкой Аляксандра і Антаніны са Скірмунтаў Сухадольскіх, нарадзілі трох сыноў – Станіслава, чашніка люблінскага, дэпутата Галоўнага Трыбунала ВКЛ ад Смаленскага (у 1744 г.) і Мсціслаўскага (у 1753 г.) ваяводстваў [51, s. 201, 237], Пятра, Міхала, ксяндза ордэна Святога Францішка, і трох дачок – Тэрэзу (замужам за Аляксандрам Гурскім, стражнікам троцкім), Кацярыну (на момант 1722 г. замужам за Казімірам Тамковічам, чашнікам віленскім) і Феафілію (замужам за Длускім).

Міхал Панятоўскі, акрамя ўладанняў у Мсціслаўскім ваяводстве, валодаў сялом Матчын, другая назва Панятоўшчына, у Люблінскім ваяводстве. Пасля смерці ў 1740 г. яно перайшло яго сынам. Затым Пётр і ксёндз Міхал Панятоўскія аддалі свае долі брату Станіславу Панятоўскаму, чашніку люблінскаму. У 1754 г. перад смерцю (адбылася да 1756 г.) Станіслаў Панятоўскі прадаў сяло Матчын сваёй сястры і шурыну Аляксандру і Тэрэзе з Панятоўскіх Гурскім за 20 000 злотых. Да шлюбу з Кларай з Вялічкаў Станіслаў Панятоўскі жыў у Кароне Польскай і служыў у войску пад пяцігорскім знакам кашталяна кракаўскага Станіслава Панятоўскага. Пасля шлюбу яны з жонкай стала жылі ў сваім маёнтку Вержба ў Мсціслаўскім ваяводстве [28, арк. 23].



5-е калена. Радзіна Стэфана-Дамініка Янавіча Панятоўскага. Стэфан- Дамінік Панятоўскі, стражнік мсціслаўскі, з 1685 г. быў у шлюбе з Крыстынай Матушэвіч, дачкой Яна Матушэвіча, чашніка менскага. Паводле ўспамінаў Марціна Матушэвіча, пісара гродскага берасцейскага, унука Яна Матушэвіча, гэты шлюб скончыўся разводам, пасля якога Крыстына яшчэ двойчы выходзіла замуж і памерла бяздзетнай. Стэфан Дамінік, паміраючы ў сваім маёнтку Любуж пад Магілёвам у 1703 г., згасаючы літаральна за некалькі дзён, у сваім тастаменце перапісаў фальварак Любуж і 10 000 злотых магілёўскім езуітам у асобе ксяндза ордэна Паўла Радзіевіча, які знаходзіўся пры паміраючым і, відаць, спавядаў яго перад смерцю. Сенажаці над Дняпром дасталіся магілёўскім бернардзінам, чацвёртая частка вёсак Шумячы і Панятоўка ў Мсціслаўскім ваяводстве – мсціслаўскім кармелітам, яшчэ адна чацвёртая частка гэтых вёсак – братам Міхалу, Паўлу і Антону Панятоўскім, юрыдыкі ў Магілёве – пляменнікам і пляменніцам [42, арк. 411–413].

Тэрмінова прыбыўшыя з Вародзькава, браты Павел і Антон забралі цела памерлага Стэфана Дамініка і згодна з яго апошняй воляй завезлі і пахавалі на малой радзіме пры вародзькаўскім касцёле кармелітаў на сямейных могілках. Пасля яны некалькі гадоў вялі барацьбу з магілёўскімі езуітамі за фальварак Любуж, сцвярждаючы, што тастамент напісаны не паміраючым Панятоўскім, а самімі езуітамі [36, арк. 970]. У рэшце рэшт, гэты фальварак застаўся ў руках вародзькаўскіх Панятоўскіх.

Як вынікае з тастамента, Стэфан Дамінік Панятоўскі напрыканцы жыцця апынуўся без сям’і і дзяцей. Аднак праз дваццаць гадоў у гісторыі і генеалогіі мсціслаўскай галіны роду з’яўляецца Базыль Панятоўскі. Сваім бацькам ён называе Стэфана Дамініка, стражніка мсціслаўскага, які ў 1700 г. набыў маёнтак Суцін у Менскім ваяводстве і запісаў яго на Базыля [14, арк. 308–308 адв.].

Адным з галоўных аргументаў, якія прыводзяць нашчадкі Базыля Панятоўскага пры падачы дакументаў на пацвярджэнне шляхецтва ў 1825 г., з’яўляецца тое, што Базыль – хросны сын Тэафілы Чартарыйскай, жонкі князя Рыгора Антона Агінскага. Менавіта яна ў сваім тастаменце ад 15 лістапада 1718 г. перапісвае падараваную свайму хрэсніку Базылю Панятоўскаму ў пажыццёвае валоданне вёску Крывалі ў Менскім ваяводстве з дзесяццю сялянскімі дварамі яго сыну Яну Базылевічу Панятоўскаму. 12 лютага 1747 г. возны Менскага ваяводства Міхал Казарын робіць юрыдычны ўвод новага гаспадара ва ўладанне (інтрамісія. – В.К.). Згаданы дакумент актыкаваны ў судзе Галоўнага Трыбунала ВКЛ 23 лютага 1748 г. [13, арк. 64–64 адв.].

Чаму хросная маці Базыля Панятоўскага – менавіта Тэафіла з Чартарыйскіх Рыгоравая Агінская? Яе муж князь Рыгор Антон Агінскі (1665–17.10.1709), вялікі харужы і гетман польны, узначальваў канфедэрацыю шляхты ВКЛ ва ўзброенай барацьбе супраць Сапегаў у 1697–1702 гг. Пад яго кіраўніцтвам адбылася перамога ў бітве пад Алькенікамі 18 лістапада 1700 г. У гэтай бітве, згодна з гісторыяй князёў Агінскіх, напісанай Леанардам Ходзькам, удзельнічалі Павел і Антон Панятоўскія, іх дваюрадны брат ужо згаданы Марцыян Казімір Панятоўскі, які будучы цяжка параненым да самай смерці не выпускаў з рук харугву Мсціслаўскага ваяводства з выявай Пагоні [58, s. 250]. Хутчэй за ўсё ў паспалітае рушанне ад Мсціслаўскага ваяводства выступілі і іншыя браты Паўла і Антона Панятоўскіх, а менавіта родныя Міхал і стражнік мсціслаўскі Стэфан Дамінік, прафесійныя вайскоўцы таго часу, якія да гэтага ўжо адслужылі ў каралеўскім войску. Вынікае, што князь Рыгор Антон Агінскі як стараста мсціслаўскі добра ведаў гэтую сям’ю.

Сярод дакументаў, прадстаўленых нашчадкамі Базыля Панятоўскага ў 1825 г.: купчая на маёнтак Суцін ад 9 сакавіка 1700 г., актыкаваная ў Галоўным Трыбунале ВКЛ Менскага ваяводства 4 красавіка 1702 г. [14, арк. 307–307 адв.], тастамент Базыля з Суціна Панятоўскага3, складзены 7 студзеня 1768 г. [14, арк. 308–308 адв.].

Першы шлюб Базыля з Суціна Панятоўскага заключаны з Еўфрасінняй Пашкоўскай, другі – з Рэгінай з Барэйшаў. Дарэчы, і Пашкоўскія, і Барэйшы жылі побач з Панятоўскімі ў Мсціслаўскім ваяводстве. Магчыма, з часам будуць адшуканы іншыя дакументы, якія змогуць дадаткова асвятліць ступень роднасці Стэфана Дамініка і Базыля Панятоўскіх, але, тым не менш, з 1700 г. у Менскім ваяводстве ВКЛ вядзе свой адлік галіна зямяніна Базыля з Суціна Панятоўскага герба «Юноша». 6-е калена. Радзіна Ежы Антонія Уладзіслаўлевіча Панятоўскага. Ежы Антоні, сын Уладзіслава, Панятоўскі, скарбнік і канюшы мсціслаўскі, падстолі старадубскі, харужы пяцігорскі, стараста ўшпольскі, дэпутат Галоўнага Трыбунала ВКЛ ад Мсціслаўскага ваяводства ў 1730 г. [51, s. 149], у шлюбе з Тэкляй Глінкай меў дзяцей – Францішка, Марціна, Дзіянізія і Багумілу. Старэйшы сын Францішак, дзякуючы бацькоўскаму аўтарытэту, атрымаў у 1763 г. каралеўскі прывілей ад Аўгуста ІІІ на скарбніцтва мсціслаўскае: «…зважаючы на заслугі Ежы Антонія Панятоўскага, скарбніка Мсціслаўскага ваяводства, на сына яго, Францішка Панятоўскага, перавесці скарбніцтва і каб яго за праўдзівага і актуальнага скарбніка мсціслаўскага ведалі…» [32, арк. 163].

Знаёмства Ежы Антонія Панятоўскага са Станіславам Цёлкам Панятоўскім, як ужо адзначалася, спрыяла кар’ернаму росту яго сыноў. Так, пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай і адыходу Мсціслаўскага ваяводства ў 1772 г. да Расійскай імперыі Францішак Панятоўскі, скарбнік мсціслаўскі, у 1784–1791 гг. знаходзіўся на пасадзе гродскага і земскага суддзі Пінскага павета, з’яўляўся кавалерам ордэна Святога Станіслава. Падчас падарожжа на пінскае Палессе ў верасні 1784 г. кароль польскі і вялікі князь літоўскі Станіслаў Аўгуст Панятоўскі наведаў Францішка Панятоўскага, суддзю гродскага пінскага, у яго маёнтку Альбрэхтава пад Пінскам, дзе апошні паказаў каралю рачное судна, зробленае з дубу, для перавозкі грузаў у разрэзе. Трэба адзначыць, што цікавасць караля да гэтых палескіх караблёў узнікла пасля таго, як у 1784 г. пінскі суддзя Матэвуш Бутрымовіч адправіў па толькі што збудаваным Мухавецкім канале 10 судоў з таварамі мясцовай натуральнай гаспадаркі (мёд, сала, сушаныя грыбы і рыба), якія паспяхова даплылі да самага каралеўскага замка ў Варшаве і вельмі ўразілі Станіслава Аўгуста Панятоўскага, зрабіўшыся і верагоднай прычынай візіту караля ў Пінск [46, с. 126, 130].

Другі сын Марцін Панятоўскі, гараднічы мсціслаўскі, ротмістр, дэпутат Галоўнага Трыбунала ВКЛ у 1766–1767 гг. [51, s. 290]. У 1769 г. ён сапернічае з Янам Непамуцэнам Ціханавецкім за пасаду пісара земскага Мсціслаўскага ваяводства. Галасаванне адбывалася тры разы. У выніку Ян Непамуцэн Ціханавецкі набраў 174 галасы, а Марцін Панятоўскі – 43 [41, арк. 97].

Трэці сын Дзіянізій Панятоўскі дайшоў па службовай лесвіцы ад паручніка каралеўскай гвардыі ў 1770 г. да генерал-маёра коннай гвардыі каронных войск у 1794 г. Пасля апошняга падзелу Рэчы Паспалітай у 1797 г. знаходзіўся ў свіце караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, ганарова сасланага ў Санкт-Пецярбург. Двойчы прымаў прысягу расійскаму трону – Паўлу І і Аляксандру І. Пасля смерці Станіслава Аўгуста Панятоўскага пераехаў у Гродна, дзе і памёр, пакінуўшы пасля сябе трох малалетніх дзяцей: Крыштафа, які пазней падаваў прашэнне на пацвярджэнне шляхецтва ў 1818 г., Дзіянізія і Андрэя. Апекунамі былі прызначаны родны брат суддзя гродскі пінскі Францішак Панятоўскі і рускі граф Ілля Безбародка. З нерухомасці меў вёску Валымеж у Мсціслаўскім ваяводстве, набытую ў 1765 г. [34, арк. 85], частку сяла Вялікі Злочаў Мсціслаўскага ваяводства, спадчыну па маці, і пляц у Гародні, дзе знаходзіліся крама і палова мураванай стайні, купленыя ў 1794 г. [11, арк. 106].



6-е калена. Радзіна Нікадэма Тадэвуша Уладзіслаўлевіча Панятоўскага. Нікадэм Тадэвуш Уладзіслаўлевіч Панятоўскі, пісар гродскі, чашнік мсціслаўскі, паручнік пяцігорскі, знака кашталяна кракаўскага, стараста ўшпольскі, забычанскі, мурынборскі, у шлюбе з Францішкай са Скоркаў меў чатырох сыноў – Аляксандра, Ігнацыя Юзафа, Яна Ксаверыя і другога Юзафа.

Аляксандр, стараста ўшпольскі, суддзя каптуровы мсціслаўскі ў 1764 г., жыў у сваёй дзедзічнай маёмасці Ушполле, у Мсціслаўскім ваяводстве. 7 лістапада 1764 г. на мсціслаўскім сейміку разам з Антонам Ціханавецкім абраны паслом ад Мсціслаўскага ваяводства на каранацыйны сойм у Варшаве, дзе ўдзельнічаў у каранацыі караля польскага і вялікага князя літоўскага Станіслава Аўгуста Панятоўскага [33, арк. 1007–1009]. Пасля інкарпарацыі Мсціслаўскага ваяводства ў Расійскую імперыю ў 1790 г. займаў пасаду пракурора Магілёўскага земскага суда.

Ігнацы Юзаф (1707–1796?), генерал і кавалер ордэна Святога Станіслава. Знаходзячыся напачатку 1764 г. у чыне паручніка аўстрыйскіх войскаў [33, арк. 198], робіць імклівую кар’еру, ужо праз год стаўшы генерал- ад’ютантам войскаў ВКЛ. Пасля перасяляецца на Украіну, дзе хутка набывае значную колькасць вёсак і закладае вельмі заможную ўкраінскую галіну Панятоўскіх, якую С. Урускі адносіць да Панятоўскіх герба «Цёлак». У 1750 г. Ігнацы Юзаф Панятоўскі становіцца чашнікам жытомірскім, у 1787 г. харужым люблінскім. Першая жонка з Маркоўскіх была бяздзетная, другая – Ганна з Яксаў Малахоўская (1748–1836), выходзячы за Ігнацыя замуж у 1761 г., прыўнесла ў скарбонку мужа пасаг у памеры 30 000 злотых [56, s. 426].

6-е калена. Радзіна Базыля з Суціна Стэфанавіча Панятоўскага. Суцінская галіна. Базыль з Суціна Панятоўскі, сын Стэфана, зямянін Менскага ваяводства, знаходзіўся ў шлюбе двойчы. У другім шлюбе з Рэгінай Барэйшай, па першым шлюбе Міхаловай Пашкоўскай, меў трох сыноў – Дамініка, Яна і Міхала.

Дамінік узяў шлюб з Даротай Выганоўскай.

Ян, дваранін каралеўскі, па загаду караля Аўгуста ІІІ у красавіку 1753 г. павінен быў праверыць Свірскае староства па прычыне скаргаў мясцовых сялян аб завышаных падатках, усталяваных тагачасным яго ўладальнікам Антонам Сакульскім, мечнікам ВКЛ. Затым згадваецца як уладальнік часткі дзедзічнай маёмасці Суцін Менскага ваяводства, а з 1747 г. вёскі Крывалі ў Менскім ваяводстве [13, арк. 64–64 адв.]. Паміраючы каля 1767 г., Ян з Суціна Панятоўскі пакінуў пасля сябе жонку Марыяну з Нядведскіх і пяць сыноў: 1) Гераніма (1759–1799); 2) Якуба (1764–1813), арандатара фальварка Астраўкі князя Дамініка Радзівіла, жанаты на Ганне Абрамовіч; 3) Людвіка (1765–1799), стражніка філіі Скарбу ВКЛ у Талачыне; 4) Антона (1767–05.01.1830), жанатага на Петранелі Аляшкевіч; 5) Міхала (пам. 1813), жанатага на Эльжбеце Скіндзер.

Міхал Юзаф з Суціна Панятоўскі (пам. 09.06.1767) упамінаецца ў спісе «патрыётаў» (грамадзян. – В.К.) Менскага ваяводства ў 1765 г., запісаны ў харугву пухавіцкай парафіі [38, арк. 86 адв.], «губернатар» (упраўляючы) горвальскі, журавіцкі, балатнянскі. Пахаваны на каталіцкіх могілках ордэна канонікаў рэгулярных у вёсцы Журавічы. У шлюбе з Канстанцыяй Грудзінскай (заключаны ў 1754 г.), меў сыноў Віктара, Бернарда, Тадэвуша і дачку Караліну [37, арк. 255–256 адв.].

Пасля смерці Базыля і Рэгіны з Барэйшаў Панятоўскіх у 1768 г. іх сыны Дамінік, Ян і Міхал, згодна з бацькоўскім тастаментам [14, арк. 308–308 адв.], падзялілі вёску Суцін на тры часткі і на працягу пэўнага часу даравалі і прадавалі гэтую маёмасць. Так, напрыклад, Дамінік Панятоўскі ў 1769 г. падараваў сваю частку Суціна дачцэ і зяцю, Яну і Крыстыне з Панятоўскіх Гурскім [38, арк. 1191–1193 адв.]. Частку прадаў Юзафу Слізню, смаленскаму мастаўнічаму. У 1824 г. Гіляры Ігнатавіч Панятоўскі, унук Дамініка, прадае частку Суціна палкоўніку былых польскіх войск графу Карлу Завішы [13, арк. 14].

Нашчадкі, унукі Дамініка і Яна Базылевічаў Панятоўскіх, падалі 11 верасня 1825 г. дакументы на вывад шляхецтва роду Панятоўскіх герба «Юноша» ў вывадовую камісію Мінскага ДДС. Дамінуюць дакументы за 1742–1825 гг: шматлікія касцельныя метрыкі хросту і смерці; аплачаныя падымныя квіткі з аколіцы Суцін у Скарб Рэчы Паспалітай і Расійскай Імперыі з 1791 па 1799 г.; акт аб наданні правіянту для рускіх войскаў у 1789 г.; спісы шляхты, якая пражывала на ўласных землях у 1811 і 1816 гг.; дзедаўскі тастамент Базыля за 07.01.1768 г.; купчая на вёску Суцін за 09.03.1700 г., увод вёскі Крывалі ў трыманне новага гаспадара Яна Панятоўскага за 1747 г. і іншыя юрыдычныя паперы [13, арк. 21–112].

11 верасня 1825 г. на дэпутацкай вывадовай сесіі Мінскай губерні пад старшынствам маршалка і камандора ордэна Святога Яна Ерусалімскага Лявона Ашторпа прынята пастанова аб унясенні ў частку першую радаслоўнай кнігі Мінскай губерні патэнта на імя Панятоўскіх з пералікам асоб: «… Гілярыя Ігнатавіча з двума сынамі Ежы Ігнацыем і Аляксандрам Вінцэнтам, што знаходзяцца ў Віцебскім сіроцкім аддзеле, Якуба Янавіча з сынам Томашам, Бенядыкта з сынам Пятром, Патрыцыюша Юзафа, Вінцэнта з сынам Рыгорам Міхалам, і Бярнарда Міхалавічаў, Людвіка Людвікавіча, вознага павета Ігуменскага, з сынам Кіпрыянам, Каэтана і Фабіяна Адама, сыноў Антона Янавіча, у радавітай шляхце польскай прызнаваем і да кнігі шляхецкай мінскай далучаем…» [12, арк. 465–471 адв.]. Пры далейшым разглядзе радаводнай справы суцінскіх Панятоўскіх герба «Юноша» ў Сенаце Расійскай імперыі ў Санкт-Пецярбургу ў 1838 г. вынесены прысуд аб незацвярджэнні роду Панятоўскіх у шляхецтве з нагоды адсутнасці ў пададзеных дакументах звестак аб прыгонных сялянах. У выніку гэтага суцінскія Панятоўскія ў сярэдзіне XIX ст. пераўтварыліся ў мінскіх мяшчан, а некаторыя з іх у звычайных сялян-землеўласнікаў.

7-е калена. Радзіна Ігнацыя Юзафа Нікадэмавіча Панятоўскага. Ігнацы Юзаф Нікадэмавіч Панятоўскі (1707–1796?), генерал, кавалер ордэна Святога Станіслава, у шлюбе з Ганнай з Яксаў Малахоўскай (1748–1836), меў сына Юзафа (1762–1845), палкоўніка польскіх войскаў, у 1789 г. ад’ютанта князя Юзафа Панятоўскага, аднаго з першых, хто атрымаў Залаты Крыж Ордэна «Virtuti Militari». У 1795 г. ён рабіў справаздачу па стане каралеўскага замка ў Гародні. Верагодна, што знаходзіўся на той час у свіце караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Пасля яго смерці вярнуўся на Украіну, дзе набыў у пляменніка караля вялікую зямельную маёмасць з цэнтрам у Таганчы, а таксама шмат зямель у ваколіцах Адэсы. Каля 1800 г. заклаў вялікія мануфактуры па вырабе сукна, дзе побач з ангельцамі працавала каля 1 000 мясцовых жыхароў. Валодаў адзінай для правабярэжнай Украіны сярэдзіны ХІХ ст. цукровай фабрыкай «Трошчын». У шлюбе, заключаным каля 1792 г., з Юліяй Грахольскай меў 16 дзяцей, з якіх васьмёра дажылі да паўналецця. Старэйшы сын Яўгеніюш, 1794 г.н, ажаніўся з унучкай Шчаснага Патоцкага Адэлай Касакоўскай, служыў камер’юнкерам расійскага двара і маршалкам шляхты Багуслаўскага павета. Наступныя за ім: Маўрыцы Ламберт (1796–1878), маршалак шляхты Кіеўскага павета, Аўгуст, палкоўнік расійскіх войскаў і ад’ютант князя Міхаіла Паўлавіча, Цэзарый і Дарыюш. Усе пяць сыноў Юзафа Панятоўскага памерлі бяздзетнымі, і ўкраінская галіна роду згасла разам з імі.

На сённяшні дзень у радаводзе Панятоўскіх герба «Юноша» XVI–XVIII стст. ёсць пэўныя белыя плямы, выкліканыя пытаннямі перасяленняў Панятоўскіх з Падляшша на беларускія землі ў сярэдзіне XVI ст. і з Мсціслаўскага ваяводства ў Менскае напачатку XVIII ст. Аднак далейшыя пошукі, у т.л. у архівах Літвы, Польшчы, Украіны і Расіі, верагодна, прадставяць дадатковыя звесткі да гісторыі і генеалогіі згаданага шляхецкага роду, адзначанага актыўным удзелам у грамадска-палітычным жыцці беларуска-літоўскіх зямель часоў Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай.

  1   2


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка