Паважаная Таіса Іванаўна




Дата канвертавання17.03.2017
Памер61.53 Kb.
У Галоўнае ўпраўленьне адукацыі

Да сп. Данілевіч Т.І.

Бацькоў Янкі Лапіцкага, скончыў 7-ую беларускамоўную клясу

Жодзінскай Гімназыі №1,

Аляксея Лапіцкага, Сьвятланы Лапіцкай,

Вул. 50 год Кстрычніку 8А-30,

Х. т.: 8 01775-34970, маб. 9207655

16.08.2009 №1-ЖГ



Паважаная Таіса Іванаўна

У сувязі з працягам дыскрымінацыйнай палітыкі мясцовага выканкаму ў дачыненьні да беларускамоўных грамадзянаў і іхных дзяцей (вучняў), якая праяўляецца ў чарговай спробе пазбавіць нашага сына магчымасьці працягваць вучобу на роднай мове і атрымаць належную сярэднюю адукацыю ў Гімназыі №1 па месцы жыхарства, у горадзе Жодзіна, перад намі паўсталі сур’ёзныя праблемы й пытаньні, якія мы мае цьвёрды намер вырашыць зыходзячы з уласнага статусу грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, дзе дзяржаўнай моваю (як вядома) яшчэ зьяўляецца нашая родная беларуская мова, а таксама гарантаваных нам Канстытуцыяй Беларусі правоў і свабодаў, пацьверджаных і гарантаваных дзяржаваю й кожным ейным уладным суб’ектам права ў высокіх міжнародных дамовах па правах чалавека, падпісаных да абавязковага выкананьня нашай краінаю (гл. Міжнародны Пакат аб грамадзянскіх і палітычных правах, факультатыўны пратакол да яго, іншыя акты ў тым ліку адносна сацыяльных, эканамічных і культурных правоў грамадзянаў).

Даводзім да вашага ведам, што з вуснага прадстаўленьня дырэктара Жодзінскай гімназыі, Генадзя Коршуна, нам стала вядома пра прыняцьцё Жодзінскім выканкамам Рашэньня аб закрыцьці беларускамоўнай праграмы навучаньня з тым жа тлумачэньнем, што выкарыстоўвалася ў 2004 годзе – нерацыянальнасьць выдаткаваньня бюджэтных сродкаў ...

Нагадаем, што да нас і нашага беларускамоўнага сына ўжо некалькі разоў (за ягонае дзяцінства) ўжываліся ганебныя для краіны дыскрымінацыйныя захады, вынікам якіх сталася пастаянная стрэсавая абстаноўка, зьвязаная з пасьлядоўным супрацьдзеяньнем у рэалізацыі намі нашых элемэнтарных і неад’емных Канстытуцыйных правоў на беларускамоўнае выхаваньне й бясплатную сярэднюю адукацыю па месцу жыхарства ўва ўласнай краіне, Беларусі.

У выніку абсалютна нематываванага разфармаваньня паўнавартаснай беларускамоўнай групы ў д.с. №15 (20 чал., выхавальніца сп. Людміла Крэйніна, загадчыца садку сп. Самойлава) на 2 гады перад школаю пазбавілі права на беларускамоўнае выхаваньне дзіцяці.

А ў 2004 годзе - на 1 год і амаль 2 месяцы (калі Янка быў у 3-яй беларускамоўнай мініклясе Жодзінскай Беларускай Гімназыі (СШ №7) з той жа “нагоды” таксама ж ПРЫМУСОВА пакінулі нашага сына без гарантаванага Асноўным законам краіны сярэдняга навучаньня на роднай мове. Пры гэтым - ліквідавалі й дзейсны на той час беларускі статус адзінае ў Жодзіне падобнае навучальнае ўснатовы.

Такім чынам, відавочна дыскрымінуючымі нас і нашага сына па нацыянальнай і моўнай прыкмеце дзеяньнямі, кіраўніцтвам выканкаму не ўтавараліся, а наадварот, пасьлядоўна й мэтадычна зьнішчаліся паўнавартасныя беларускамоўныя выхаваўча-адукацыйныя асяродкі ў Жодзіне.

Пры гэтым, ані існуючы закон, ані абавязковыя для кожнага суб’екта права ў Беларусі стандарты права, ані прадпісаньні дадатковых мераў Мінадукацыі ў выглядзе палажэньняў адпаведна скіраванай Праграмы “Аб пашырэньні ўжытку беларускай мовы ва ўстановах адукацыі” і вынікаючая зь іх лёгіка разьвіцьця беларускамоўнае адукацыйнае прасторы ў Жодзіне – навогул, проста ня ўлічваліся, не заўважаліся пры прыняцьці падобных дэструктыўных дзеяньняў і дыскрымінацыйных рашэньняў.

Зьдзіўляе і той факт, што ўсе напрацаваныя грамадзкасьцю прапановы й вывучаныя матывацыйныя перадумовы для рэальнага ўтварэньня й пашырэньня беларускамоўных асяродкаў у садках і школах Жодзіна (гл. Вынікі спэцыялізаваных анкетаваньняў і круглых сталоў у 2002 і 2003 гадах) – былі праігнараваныя ўладамі для выкананьня. А выканкам дзейнічаў, быццам зусім наадварот улічваючы вывучаныя й прадстаўленыя яму фактары, улік якіх мог бы (пры наяўнасьці адпаведнай зацікаўленасьці) служыць спрыяльнай базаю для разьвіцьця чакаемых бацькамі прыярытаў, матывацыяў пры фармаваньні й камплектацыі прывабных і стабільных беларускамоўных выхаваўча-адукацыйных асяродкаў.

Але, здавалася, што нехта такім чынам спрабуе наўмысна ўзмацніць існуючую ў лякальнай супольнасьці няўпэўненасьць бацькоў у магчымасьці дзяржавы прадставіць ім рэальныя й дзейсныя канстытуцыйныя гарантыі чакаемай імі стабільнасьці, прыярытэтнасьці й эфэктыўнасьці для навучаньня іхных дзяцей у беларускамоўных групках і клясах.*



Лічым, што цяперашнім (“новым”) кіраўніцтвам Жодзінскага выканкаму недастаткова поўна вывучана дадзеная праблематыка, ня ўлічаны нэгатыўны досьвед мінулага кіраўніцтва, а таксама зробленыя ім заканамерныя высновы. Таму, прыймаемыя зараз захады па ліквідацыі апошняга ў Жодзіне беларускамоўнага гімназычнага асяродку й ЧАРГОВАЯ СПРОБА НЕПРАВАМЕРНАГА ПРЫМУСОВАГА пераводу навучаньня нашага беларускамоўнага сына (які правучыўся ўжо 7 год па беларускамоўнай праграме) у расейскамоўны фармат - вядуць да чарговага ўзроўню дыскрымінацыі нас і яго па нацыянальна-моўнай прыкмеце, да новага вітка канфрантацыі й новых сур’ёзных парушэньняў мясцовымі ўладамі нашых Канстытуцыйных правоў, а таксама адпаведных міжнародных праўных абавязальніцтваў дзяржавы ў дадзенай сфэры.

Па нашым глыбокім перакананьні мяцовыя чыноўнікі няправільна зразумелі заклік кіраўніцтва краіны да эканоміі сродкаў і вырашылі рабіць гэта супрацьпраўнымі й дыскрымінацыйнымі спосабамі. Думаецца, заклікаючы да эканоміі сродкаў, кіраўніцтва краіны заклікала чыноўнікаў зусім не да гэтага. Абсалютна зразумела, што любыя дзеяньні суб’ектаў права ў краіне, тым больш дзяржаўных (тым больш уладных), ня могуць палягаць па-за межамі права, наносіць шкоду правам чалавека й парушаць міжнародныя стандарты, абавязальніцтвы краіны па адпаведных міжнародных праўных дамовах і актах. Нельга эканоміць сродкі за кошт парушэньня Канстытуцыі, ды ёй прадпісаных гарантыяў па забесьпячэньні асноўных і неад’емных правоў грамадзянаў краіны, у так званым, ПАЗЫТЫЎНЫМ (ініцыятыўна стваральным) аспэкце – калі краіна нясе абавязак па стварэньні неабходных ўмоваў для паўнавартаснае рэалізацыі асноўных правоў і свабодаў уласнымі грамадзянамі.



У сувязі звышэй адзначаным, улічваючы нашу катэгарычную нязгоду з прынятым Жодзінскім выканкамам дыскрымінацыйным рашэньнем, натуральны беларускамоўны статус нашага сына (натуральную беларускамоўнасьць, фактычна ад нараджэньня) і жыцьцёвую неабходнасьць у адпаведных беларускамоўных умовах навучаньня, а таксама наяўны стан здароўя Янкі, які патрабуе пастаяннага спэцыяльнага нагляду дарослых у сувязі з наяўнай у яго хранічнай хваробаю й патрэбаю ў пэрыядычных ці тэрміновых шпіталізацыях у выпадку ускладненьняў (за мінулы навучальны год Янка з-за гэтага, зь зьвестак дырэктара Гімназыі №1, прапусьціў каля 20 % навучальнага часу) …,

ПРОСІМ ВАС

  1. прыняць усе неабходныя меры для адмены адзначанага рашэньня па ліквідацыі беларускамоўнай праграмы навучаньня нашага сына, Янкі Лапіцкага, у Гімназыі №1 горада Жодзіна й

  2. забясьпечыць нармальныя ўмовы для далейшага беларускамоўнага навучаньня яго ў 2009 навучальным годзе, а таксама

  3. гарантаваць спакойнае завяршэньне ім дазенай навучальнай установы ў спрыяльных, годных умовах і стабільных абставінах,

  • без чарговых стрэсаў і канфліктаў,

  • без парушэньня гарантаваных Канстытуцыяй правоў і свабодаў,

  • без неабходнасьці зноў і зноў (як патрабавалася дагэтуль) штогод, прыніжаючыся й чакаючы “высокай чыноўніцкай міласэрднасьці”, прасіць выканкам пацьвердзіць дазвол на далейшае навучаньне па-беларуску … … … (!)

Варта асобна зазначыць, што патрабаваньне й неабходнасьць штогадова падаваць заявы й атрымліваць дазвол з выканкаму на працяг беларускамоўнай адукацыі ў школе (наконт чаго мы выказвалі сваю нязгоду й пратэст мясцовым чыноўнікам) ёсьць дэструктыўным і дыскрымінацыйным фактарам, які ўзмацняе нестабільнасьць беларускамоўных асяродкаў, робіць іх скрайне няўстойлівымі, а значыцца й непрыцягальнымі для іншых людзей, якія наадварот шукаюць падтрыманыя дзяржаўным прыярытэтам стабільныя адукацыйныя асяродкі. А існуючая практыка - зусім не спрыяе выкананьню праграмных палажэньняў Мінадукацыі ў моўнай сфэры, бо адпалохвае грамадзянаў і цалкам дыскрымінуе беларускамоўныя адукацыйныя асяродкі – у прыватнасьці ў Жодзіне …

Спадзяемся, што з Вашай дапамогаю, мы:

  • пазбавімся ад чарговага ганебнага зьдзеку над уласнымі натуральнымі для беларусаў правамі й перакананьнямі,

  • аднавім уласнае права на бясплатную сярэднюю адукацыю на роднай дзяржаўнай мове ў Жодзіне,

а таксама

  • пазбегнем магчымых, зьвязаных з апошнім дыскрымінацыйным рашэньнем маральных і фізычных ускладненьняў, пагаршэньня здароўя й пакутаў, а таксама адпаведных стратаў, як матэрыяльна-фізычнага, мэдычнага (?!) …, гэтак і маральна-этычнага, гуманітарнага зьместу.

Дадаткі на 3 аркушах (4 стар.) і спасылкі-ўдакладненьні:

  1. Заява-запыт у Жодзінскі выканкам ад 24.07.2009, на якую на момант напісаньня дадзенае заявы – адказ не атрыманы.

  2. Даведка зь Менскай абласной дзіцячай клінічнай лякарні **

* - Дадзеная матывацыя й пажаданьні бацькоў былі вывучаныя й прадстаўленыя ў Жодзінскі ГАА у 2002 годзе і Галоўнае ўпраўленьне адукацыі і Мінадукацыі Рэспублікі Беларусь на Рэспубліканскім круглым стале 2003 года - у якасьці вынікаў кантралюемага з ГАА анкетаваньня каля 2 тыс. бацькоў, вучняў, выхавацелек-настаўнікаў у 2002 годзе ў Жодзіне.

** – Янка і на летніх вакацыях вымушаны быў знаходзіцца ў лякарні з 03.08 па 14.08.2009 з-за чарговага абвастрэньня хваробы – пасьля выпіскі зараз ён праходзіцьі курс працэдураў (№6) у Жодзінскай паліклініцы, а чарговая шпіталізацыя (у выпадку адсутнасьці новага абвастрэньня) у яго прызначаная празь месяц на 15.09.2009 … (!) - уважліва глядзіце далучаную даведку …



_________________Аляксей Лапіцкі

______________Сьвятлана Лапіцкая


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка