Пераклады казак карнея чукоўскага на беларускую мову: адпаведнасць І запатрабаванасць




Дата канвертавання16.03.2017
Памер107.2 Kb.
Вера Жыбуль

ПЕРАКЛАДЫ КАЗАК КАРНЕЯ ЧУКОЎСКАГА НА БЕЛАРУСКУЮ МОВУ: АДПАВЕДНАСЦЬ І ЗАПАТРАБАВАНАСЦЬ

Беларускія пераклады дзіцячых казак Чукоўскага маюць ужо даволі працяглую гісторыю. Першым з'явіўся вольны пераклад казкі "Мойдодыр" ("Мыйдадзірак. Кінематограф для дзяцей", Мн., 1928), зроблены А. Зіміёнкам. У 1953 годзе выйшаў пераклад той жа казкі, выкананы А. Якімовічам, а ў 1959 годзе - кніга К. Чукоўскага "Казкі", куды, апрача гэтага перакладу, увайшлі "Айбаліць" (А. Зарыцкі), "Тэлефон" (К. Кірэенка), "Хвядорына гора" (А. Якімовіч), "Муха- цакатуха" (Ул. Шахавец). У 1982 годзе ў перыядычных выданнях з'явіліся паасобныя матэрыялы, прысвечаныя стагоддзю пісьменніка, і пераклады яго казкі "Блытаніна" (В. Лукша) і вершаў "Сланіха чытае", "Чарапаха", "Фядотка" (К. Камейша).

Такім чынам, "беларускамоўная спадчына" К Чукоўскага даволі значная, але ў наш час яна практычна не запатрабаваная. Падрабязная ацэнка якасці наяўных перакладаў, наколькі мне вядома, не рабілася. Т. Кабржыцкая ў артыкуле "Казачнік жыве ў Беларусі", прысвечаным стагоддзю Чукоўскага, дала іх беглы агляд і зрабіла некалькі заўвагаў, датычных перакладчыцкай стратэгіі. На жаль, больш пільнай увагі да "беларускамоўнага" Чукоўскага гэта не абудзіла. Тым не менш, яны яе вартыя.

Паводле якасці гэтыя пераклады неаднастайныя.

Сам Чукоўскі быў вядомым практыкам і тэарэтыкам перакладу. У кнізе "Высокае мастацтва", прысвечанай гэтай праблеме, пісьменнік акцэнтуе ўвагу на захаванні аўтарскага стылю (як сукупнасці індывідуальных прыкмет тэксту на розных яго ўзроўнях), мелодыкі, а галоўнае - паэтычнасці, без якой тэкст, перанесены на глебу іншай мовы, "памірае". Чукоўскі выступае за "недакладную дакладнасць" перакладаў і заўважае, што эквілінеарнасць, эквірытмічнасць і эквіметрычнасць - патрабаванні важныя, але не абсалютныя. Мала таго, "чым дакладней часам перадасі кожнае слова арыгіналу, тым далей ад яго будзе твой пераклад. А калі ты парушыш літаральную дакладнасць і паспрабуеш перадаць галоўным чынам рытміку, сэнс і стыль дадзенага паэтычнага твора, твой пераклад пры захаванні некаторых іншых умоваў можа апынуцца верным аднаўленнем арыгіналу" [2, с. 287 - 288].

Перакладчыкі казак Чукоўскага, безумоўна, мусілі памятаць, што іх творы будуць чытаць дзеці малодшага ўзросту. Свае патрабаванні да такіх вершаў Чукоўскі выклаў у выглядзе 13 "запаведзяў", сярод якіх - "графічнасць" дзіцячых вершаў, хуткая змена вобразаў, лірычнасць, рухомасць рытму, павышаная музычнасць мовы, пераважна сумежныя рыфмы, адпаведнасць разбіўкі на радкі сінтаксічнаму чляненню тэкста, павелічэнне колькасці дзеясловаў за кошт зніжэння колькасці прыметнікаў, харэй як аснова рытмікі, гульнёвы характар твораў [3, с. 341 - 356]. Вершы самога Чукоўскага дакладна адпавядаюць гэтым патрабаванням, і гэта робіць іх пераклад няпростай задачай, на што звярнула ўвагу і Т. Кабржыцкая. Усе згаданыя прыкметы важныя, усе іх перакладчыкі мусілі захаваць разам з натуральнасцю і таленавітасцю арыгінальных твораў.

"Мыйдадзір" апынуўся найбольш папулярным з усіх казак: ён быў перакладзены першым па часе, і да яго перакладчыкі звярталіся двойчы. Пераклад А. Зіміёнкі (А. Дзеркача), надрукаваны ў 1928 годзе, пазначаны як вольны. Гэта нават не асобны твор, а "кінематограф", тэкст для мультыплікацыйнага фільма (варта зазначыць, што такія экранізацыі ў той час ужо былі: першая з іх адносіцца да 1927 года). Сапраўды, перакладчык дапускае часам значныя адхіленні ад арыгінальнага тэксту. Асабліва гэта тычыцца фіналу, у якім замест "вечнай славы вадзе" стаіць лозунг: "Ў чыстаце здароўе й сіла!" [8, с. 24]. Перакладчык трохі спрашчае нешматлікія "экзатызмы" арыгіналу: кракадзільчыкі "Тотоша і Кокоша" ператвараюцца ў "Андрушу і Алёшу", алея - у садок. Радкі, дзе фігуруе ленінградская топіка (Сянная, Садовая, Таўрычаскі сад), перакладчык проста выключае з тэксту. Аднак гэты пераклад дынамічны, тут пераважна захаваны зыходны рытм, мова нязмушаная і дасціпная. Пазнейшы пераклад А. Якімовіча, безумоўна, таленавіты, але няроўны па якасці: у ім ёсць і выдатныя знаходкі, і слабыя месцы. Таму, на нашу думку, ён прайграе побач з "кінематографам" А. Зіміёнкі. Варта параўнаць арыгінал і пачаткі абодвух перакладаў: "Одеяло / Убежало, / Улетела простыня, / И подушка, / Как лягушка, / Ускакала от меня" [5, с. 30].

Пераклад А. Зіміёнкі адрозніваецца ад арыгіналу граматычна, зменены прадмет параўнання (не "лягушка", а "птушка"), стыль ссунуты ў бок гутарковасці, але верш цалкам эквірытмічны: "Коўдра - дзёру / З ложка ўгору, / Прасьцірадла як махне! /1 падушка, / Нібы птушка, / Паляцела ад мяне" [8, с. 3].

У А. Якімовіча бліскуча перададзены першыя тры радкі: тут удалося нават захаваць паўторы гукаспалучэння КА, якое, на думку самога Чукоўскага, паказвае "адрывісты рух прадмета" [4, с. 375], праўда, без захавання паўтораў "экспрэсіўнага" Т. Затое чацвёрты і пяты радкі расцягнутыя (яны падаўжаюцца ўдвая), і гэта запавольвае імклівы рух, які мусіць перадаваць тэкст: "Коўдра з ложка, / Як на ножках, / Паскакала да дзвярэй. /1 падушка з прасцінёю / Без аглядкі ўслед за ёю / Паімчаліся хутчэй" [7, с. 3].

Падобныя парушэнні рытму мы знаходзім і далей: у пераліку рэчаў, што ўцякаюць ад мурзілы, Чукоўскі не здраджвае чатырохстопнаму харэю, якім і пачаў верш: "Утюги за сапогами, / Сапоги за пирогами, / Пироги за утюгами, /Кочерга за кушаком..." [5, с. 31 - 32].

А. Якімовіч раптоўна (цягам трох радкоў) пераходзіць на дактыль: "Міскі за лыжкамі, / Лыжкі за кніжкамі, / Кніжкі за міскамі, / Качарга за пірагом..." [7, с. 4].

А.Зіміёнка ў гэтым фрагменце далёка адыходзіць ад арыгіналу, павялічвае аб'ём тэксту, але захоўвае яго дынаміку і ўжывае прыёмы, якімі ў іншых выпадках карыстаўся і сам Чукоўскі: дасціпныя рыфмы і элементы фальклорнай паэтыкі. Адзіная хіба тут - ногі, якія аднекуль з'яўляюцца ў пірага: "За алоўкам дзве панчошкі / Паскакалі, быццам блошкі! / Бот за лялькаю бяжыць - / Аж пад ім зямля дрыжыць! / Лялька ўскок за піражком, /Каб злавіць яго цішком! / За талеркаю пірог /З чатырох нясецца ног! / <... > /Хто шпарчэй, -- другога пхне, /Каб ня дацца ўрукі мне!" [8, с. 7].

У перакладзе А. Якімовіча часам трапляюцца халастыя радкі, якіх не было і не магло быць у гэтым творы Чукоўскага і якіх няма ў А. Зіміёнкі: "'Ах ты, брыдкі, ах ты, брудны, / Не хлапчук, а - парася! / Ты чарней за камінара, /Падзівіся на сябе...'" [7, с. 4].

Некаторыя рыфмы разнесены занадта далёка, так, што малы чытач іх не заўважыць, - і гэта парушае адну з "запаведзяў" Чукоўскага: аддаваць перавагу рыфмам сумежным, у скрайнім выпадку - пастаўленым праз радок. А ў перакладзе 1953 года мы сустракаем рыфмы, паміж якімі стаяць чатыры радкі (у маналогу Мыйдадзіра). І гэта пры тым, што ў іншых выпадках перакладчык рыфмуе віртуозна: "'Мыем, мыем мы мурзілу, / Мыем, мыем камінара: / Ваксу, сажу і чарніла / Адмываем чыста з твару! /Будзе, будзе камінар /Аж блішчэць, як самавар!'" [7, с. 5].

Абодва гэтыя пераклады маюць права на існаванне і на перавыданне (нездарма абодва і былі перавыдадзены: "Мыйдадзір" А. Зіміёнкі - у 1935 г., а А. Якімовіча - у зборніку "Казкі" 1959 г.), магчыма, з пэўнай рэдактурай. Але, надзіва, апошняе з перавыданняў адбылося амаль паўстагоддзя таму.

А. Якімовіч зрабіў пераклад яшчэ адной казкі Чукоўскага - "Хвядорына гора". Гэты тэкст нечым падобны да папярэдняга, бо таксама паказвае ўцёкі рэчаў, што патрабуе выключнай дынамікі. Але яго паэтыка больш складаная: Чукоўскі тут актыўна выкарыстоўвае гукапіс, гукаперайманні, да таго ж, ён свядома надае кожнай рэчы свой "рытм" бегу: для цяжкага чайніка - шасцістопны харэй, для стала - пяцістопны, для відэльцаў і іншай кухоннай дробязі - трохстопны, для ўсяго астатняга - чатырохстопны. Нярэдкія тут і алітэрацыі: так, у радках "...И кастрюля на бегу / Закричала утюгу: / 'Я бегу, бегу, бегу, / Удержаться не могу!' " [5, с. 69] - паўтор склада ГУ "закліканы перадаць фанетычна імклівасць і лёгкасць палёту" [4, с. 387]. Перад перакладчыкам стаяла задача, якую цяжка было вырашыць без стратаў. Так, у перакладзе прыведзеных радкоў нават зменены рытм:каструля, нібы куля, ляціць, / На ўвесь голас апалоніку крычыць: / 'Я бягу, бягу, бягу, / Утрымацца не магу!' " [7, с. 28]. Аднак тут, відавочна, захавана імклівасць дзякуючы ўвядзенню дадатковага дзеяння, а зварот каструлі да адвечнага сябра апалоніка выглядае нават больш кур'ёзна, чым, як у арыгінале, да праса.

Уражанне бязладнага руху і адначасова гукапіс у "Хвядорыным горы" Чукоўскага ствараюць і шматлікія паўторы: помчалися по улице ножи: / 'Эй, держи, держи, держи, держи, держи!' " [5, с. 69]. Тут слова, якое паўтараецца, дакладна імітуе гук заточкі нажоў. Па- беларуску гукапіс страчваецца, затое дадаецца эмацыйны фанетычны паўтор "ай-ай-ай-ай-ай": памчаліся нажы ў зялёны гай: / 'Гэй, трымай, трымай, трамый, трымай, трымай!' " [7, с. 28].

Пераклад "Хвядорынага гора" ўдалы, бо ён гучыць дынамічна і вельмі нязмушана, натуральна, нягледзячы на тое, што А. Якімовіч не заўсёды літаральна трымаецца арыгінала: "Сварила бы баба щи, / Да кастрюлю поди поищи! / И чашки ушли, и стаканы, / Остались одни тараканы. / Ой, горе Федоре! Горе!" [5, с. 73]. "За стол бы Хвядоры сесці, / Смачнай капусты паесці, /Ды ні стала, ні каструлі, - /Пуста ў хаце ў бабулі!.. /1 кубкі сышлі, і збанкі, / Засталіся адны прусакі. / Ой, гора Хвядоры, / Гора!" [7, с. 31].

"Абеларушванне" арыгіналу (мадыфікаваныя імя гераіні, стравы, набор посуду і г.д.) тут таксама выглядае апраўдана: аўтар і перакладчык арыентуюцца на фальклор блізкароднасных народаў.

Своеасаблівы падыход вызначае пераклад казкі "Айбаліць", зроблены А. Зарыцкім. Да "кананічнага" тэксту перакладчык дадаў тое, што аўтар з яго калісьці выдаліў, каб не запавольваць сюжэтны рух да "гераічнай тэмы" [4, с. 378]: сцэна лячэння матылька была перанесена Чукоўскім у перапрацоўку казкі Г. Лофтынга пра доктара Дулітла, а выратаванне вераб'я і іншых жывёлін - у вершаваную казку "Адолеем Бармалея". У беларускім "Айбаліцю" дзве часткі: першая цалкам прысвечана вераб'ю, а ў другую ўключаны ўрывак пра матылька. Узровень, на якім выкананы пераклад, высокі. Магчыма, толькі слова "бубніць", якое пастаянна паўтараецца ў тэксце ("І сеў на арла Айбаліць / І адно толькі слова бубніць..." [7, с. 16]), не зусім адпавядае рускаму "твердит". Аднак ці не парушае перакладчык аўтарскую волю, змяніўшы кампазіцыю твора?

Застаецца невырашаным і пытанне пра пераклад такіх імёнаў, як "Айболит", "Мойдодыр". Т. Кабржыцкая прапануе не этымалагізаваць іх, а прыстасоўваць да беларускай фанетыкі, бо "двухмоўны чытач, які яшчэ з дзяцінства ведае большасць твораў Чукоўскага ў іх рускім гучанні, <...> тут жа супастаўляе перакладныя радкі з арыгінальнымі" [1, с. 11], якія для яго больш звыклыя. Нам цяжка пагадзіцца з гэтым. Па-першае, этымалагізацыя хутчэй за ўсё прадугледжана аўтарам, бо гэтыя імёны - частка яго гульнёвай паэтыкі. Па-другое, нельга выключаць магчымасць таго, што бацькі захочуць пазнаёміць дзіця найперш з "беларускім" Чукоўскім, а ў такім выпадку пра звычку да таго ці іншага гучання казаць не мае сэнсу. Таму, на наш погляд, варта прыняць пераклады, якія ўжо зроблены, або пашукаць больш удалых варыянтаў, але ў тым жа напрамку.

Пераклад К. Кірэенкам казкі "Тэлефон" яўна падначалены імкненню захаваць аўтарскую лексіку. У выніку лаканічнасць арыгінальнага твора саступае месца шматслоўю і не заўсёды дарэчнаму "дадумванню" сітуацый. Так, у арыгінале пачатак заснаваны на імклівым перагуканні зрыфмаваных пытанняў і адказаў: меня зазвонил телефон. / - Кто говорит? /- Слон. /- Откуда? /- От верблюда. /- Что вам надо? /- Шоколада" [5, с. 83]. Відавочна, што "слон" - таму што "телефон", "от верблюда" - таму што "откуда" і г.д. У перакладзе засталося ўсё, акрамя слоўнай гульні: мяне зазваніў тэлефон. / - Алё! Хто гаворыць? / - Слон. / - Хто? Галасней! Не чую! / - Слон! Ад вярблюда званю я. / - А што вам трэба? Парада? / - Не! Я прашу шакалада" [7, с. 21]. Падаўжаюцца радкі, змяняецца рытм, знікае аўтарская лёгкасць і жартаўлівасць. Няўклюдна гучыць і наступны эпізод, дзе нават цяжка ўлавіць рытм: "- О, ратуйце маржа! - ад мядзведзя ізноў званок. - / Ён вожыка марскога / Праглынуў незнарокГ [7, с. 23] (у арыгінале:снова медведь: / - О, спасите моржа! / Вчера проглотил он / Морского ежа!" [5, с. 85]). Да таго ж, герой-апавядальнік у перакладзе чамусьці ўвесь час называецца "доктарам", хоць у арыгінале пра гэта нічога не сказана.

Таленавіты і дасціпны ў цэлым пераклад казкі "Муха-Цакатуха". Ва Ул. Шахаўца ёсць выдатныя знаходкі, напрыклад: "Стракозачка, мілая, / Варэння пакаштуйце! / Можа, не ўгадзіла я, / Дык вы не крыўдуйце" [7, с. 36] (арыгінал: "Бабочка, красавица, / Кушайте варенье! / Или вам не нравится / Наше угощенье?" [5, с. 17]). Перакладчык захоўвае і нават робіць больш дакладнай унутраную рыфму: "Ды жукі-чарвякі / Напужаліся, / Хто куды ад бяды / Пахаваліся" [7, с. 36] (арыгінал: "Но жуки-червяки / Испугалися, / По углам, по щелям / Разбежалися" [5, с. 19]). Вельмі ўдала перададзены і танец Мухіных гасцей, дзе, згодна з задумай аўтара, для кожнага персанажа захаваны свой рытм і гукавое аздабленне. Трохі бянтэжыць хіба што занадта ўладны зварот Камара да Мухі: "Загубіў я ліхадзея, / Ўратаваў жыццё табе я, / А цяпер, душа-дзяўчына, / Ты мне жонкай стаць павінна!" [7, с. 38]. У Чукоўскага Камар казаў толькі пра сваё жаданне пабрацца з Мухай, а не пра яе павіннасць.

Пераклад "Блытаніны" неаднастайны па якасці, і ў ім перш за ўсё заўважныя фармальныя хібы, якія вельмі псуюць аблічча вершаванага твора. Тут нярэдкія недакладныя рыфмы ("А прыбег мядзведзь /1 раве, раве", "Мора полымем гарыць, / Выбягае з мора кіт" і нават "Узрадаваліся звяры! / Смех пачуўся. заспявалі" [6, с. 24]) на месцы дакладных у арыгінале, уключэнне лішніх слоўцаў для выроўнівання рытму ("Рыбы ў полі ўсё гуляюць", "Сушанымі нат грыбамі" [6, с. 24]). Дзеля рыфмы ўводзіцца слова, якое псіхалагічна не адпавядае адрасацыі казкі (кацяняты кажуць: "Мяўкаць годзе адзінока" [6, с. 24], хоць відавочна, што для малога чытача адзінота - паняцце чужое). І адначасова ў "Блытаніне" ёсць вельмі ўдалыя радкі. Напрыклад, заклік "Гэй пажарныя, бяжыце, / Нам хутчэй дапамажыце!" гучыць амаль гэтак жа моцна, як і арыгінальны, з паўторам: "Эй, пожарные, бегите, / Помогите, помогите!" [5, с. 90]. І "Люлечкі-люлі!" замест "Баюшкі- баю!" таксама ўжыта абгрунтавана: у арыгінале дзіця "баюкают", а ў перакладзе "люляюць". Такога кшталту пераклады патрабуюць дапрацоўкі, але адкідваць іх зусім не варта.

Заўважна, што найбольш удалымі атрымаліся пераклады, аўтары якіх дазваляюць сабе адысці ад арыгінальнага тэксту, але захоўваюць гульнёвыя прыёмы, уласцівыя творам Чукоўскага. Гэта цалкам адпавядае перакладчыцкай устаноўцы самога пісьменніка. Беларуская літаратура ўжо мае некалькі выдатных перакладаў казак Чукоўскага, якія могуць выкарыстоўвацца бацькамі, выхавацелямі дзіцячых садкоў, але даўно не перавыдаваліся. Тое, што яны будуць запатрабаванымі, пацвярджае вопыт Украіны, дзе пераклады казак Чукоўскага ўвайшлі ў залаты фонд дзіцячага чытання нароўні з арыгіналамі, рэгулярна перавыдаюцца, прадаюцца ў кнігарнях. Казкі Чукоўскага наогул папулярныя і ў бацькоў, і ў дзетак. Іх пераклады здольныя ўзбагаціць беларускую славеснасць, а, магчыма, і спрыяць пашырэнню беларускай культуры.



ЛІТАРАТУРА:

  1. Кабржыцкая Т. Казачнік жыве ў Беларусі // Літаратура і мастацтва. - 9 красавіка 1982 г. - С. 10 - 11.

  2. Чуковский К. Высокое искусство // Чуковский К. Собр. соч.: В 15 т. - М.: ТЕРРА - Книжный клуб, 2001. - Т. 3. - С. 3 - 370.

  3. Чуковский К. От двух до пяти // Чуковский К. Собр. соч.: В 15 т. - М.: ТЕРРА - Книжный клуб, 2001. - Т. 2. - С. 5 - 363.

  4. Чуковский К. Признания старого сказочника // Чуковский К. Собр. соч.: В 15 т. - М.: ТЕРРА - Книжный клуб, 2001. - Т. 2. - С. 364 - 389.

  5. Чуковский К. Собр. Соч.: В 15 т. - М.: ТЕРРА - Книжный клуб, 2001. - Т. 1: Произведения для детей. - 600 с.

6.Чукоўскі К. Блытаніна // Работніца і сялянка. - 1982. - № 3. - С. 24.

    1. Чукоўскі К. Казкі. - Мн.: Дзяржаўнае выдавецтва БССР, 1959. - 42 с.

    2. Чукоўскі К. Мыйдадзірак. - Мн.: БДВ, 1928. - 24 с.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка