Перамененыя праз перамогу Езуса Хрыста пар. 1 Кар




Дата канвертавання04.01.2017
Памер414.2 Kb.
Тыдзень малітваў за адзінства хрысціянаў

18–25 студзеня 2012 г.

Перамененыя праз перамогу Езуса Хрыста (пар. 1 Кар 15, 51–58)

І. Экуменічнае набажэнства

Перамененыя праз перамогу Езуса Хрыста (пар. 1 Кар 15, 51–58)

Структура набажэнства

A. Уступная літургія

Песня (і працэсія) на ўваход, малітва ўступная і акт пакаяння.



B. Літургія Божага слова

Прапануецца тры чытанні, казанне/гамілія і вызнанне веры.



C. Малітва аб адзінстве і перамене

Мэтай заступніцкіх малітваў з’яўляецца адзінства і змена розных сітуацый. Пасля яе перадаецца знак супакою.



D. Заканчэнне

Уключае благаслаўленне і малітву рассылання народа, у аснове якой тэмы кожнага з васьмі дзён Тыдня.



Ход набажэнства

С. — святар
Н. — народ (усе прысутныя)
Л.
— лектар

A. Уступная літургія

Песня на ўваход

У гэты час духавенства і служба алтара могуць увайсці ў працэсіі. Можна ўнесці Святое Пісанне або іншы адпаведны сімвал.

Прывітальнае слова

С. — Любоў Бога Айца, ласка нашага Пана Езуса Хрыста і еднасць Духа Святога няхай будуць з усімі вамі.

Н. — І з духам тваім.

Уступ

Пасля прывітання ці прадстаўлення прысутных можна коратка ўвесці ў дэвіз дадзенага дня (Тыдня). Вядучы набажэнства можа сказаць:

С. — Дарагія браты і сёстры! «Вось абвяшчаю вам таямніцу: не ўсе памрэм, але ўсе будзем перамененыя».

Н. — «Богу падзяка за тое, што даў нам атрымаць перамогу праз Пана нашага Езуса Хрыста».

С. — Бог у Хрысце з’яўляецца Пераможцам. Перамога патрабуе працы і барацьбы. Па меры таго, як мы молімся і імкнёмся да бачнага адзінства Касцёла, мы і Цэрквы, да якіх належым, будзем перамененыя і сфарміраваныя на падабенства Хрыста. Хочам учыніць гэтае намаганне разам, без трыумфалізму, у пакоры, служачы Богу і бліжнім на ўзор Езуса Хрыста. Аб такой паставе ў імкненні да адзінства хочам разам прасіць Бога.

Чын пакаяння

С. — Усемагутны Божа, насуперак адзінству, якое маем у Хрысце, мы трываем у падзелах. Змілуйся над намі!

Н. Змілуйся над намі! (або спеў: Kyrie eleison)

С. — Мы закрывалі нашыя сэрцы на голас Евангелля. Змілуйся над намі!

Н. Змілуйся над намі!

С. — Мы не служылі Табе, бо адварочваліся ад нашых сясцёр і братоў. Змілуйся над намі!

Н. Змілуйся над намі!

С. — Пане, непаслухмянасць Адама і Евы прынесла нам цярпенне і смерць, стварэнне было зранена і падзелена. Змілуйся над намі!

Н. Змілуйся над намі!

(хвіліна цішыні)

С. — Няхай змілуецца над намі Бог усемагутны і, адпусціўшы нам грахі, давядзе нас да жыцця вечнага.

Н. — Амэн.

Уступная малітва

С. — Молімся!

Усемагутны Божа, праз Езуса Ты сказаў нам:

хто хоча быць першым, няхай стане апошнім і слугою ўсіх.

Стаім у Тваёй прысутнасці,

ведаючы, што Твая перамога прыйшла праз немач крыжа.

Прыходзім маліцца за адзінства хрысціянаў.

Навучы нас з пакорай прымаць,

што гэтае адзінства з’яўляецца дарам Твайго Духа.

Праз гэты дар перамяні нас

і ўчыні больш падобнымі да Твайго Сына,

Езуса Хрыста.

Н. — Амэн.

B. Літургія Божага слова

Чытанні

Гамілія

Хвіліна цішыні. Гучыць музыка.

Вызнанне веры

Апостальскі сімвал веры або Нікейска-Канстанцінопальскі.

Гімн/спеў

C. Малітва аб адзінстве і перамене

С. — З’яднаныя ў Хрысце, які дае нам перамогу, молімся да Бога.

Л. Перамяні нас ласкаю сваёю.



Н. Перамяні нас ласкаю сваёю.

Л. — За Касцёл, Цела Хрыста, каб маглі сапраўды жыць у адзінстве, атрыманым праз Духа Святога. Божа, нашая моц:

Н. Перамяні нас ласкаю сваёю.

Л. — За пастыраў нашых Цэркваў, каб маглі быць вернымі адзінству, да якога пакліканы ўсе хрысціяне. Божа, нашая моц:

Н. Перамяні нас ласкаю сваёю.

Л. — За народы свету, каб маглі жыць у супакоі і ўкараняць справядлівасць для ўсіх. Божа, нашая моц:

Н. Перамяні нас ласкаю сваёю.

Л. — За ўсіх людзей, каб адпаведна карысталіся дабротамі гэтага свету. Божа, нашая моц:

Н. Перамяні нас ласкаю сваёю.

Л. — За нашае грамадства, за нашую Айчыну, каб сталі блізкімі адно да аднаго. Божа, нашая моц:

Н. Перамяні нас ласкаю сваёю.

Л. — За ўсе сужэнствы і сем’і, каб іх намаганні і радасці рэалізоўваліся ў любові. Божа, нашая моц:

Н. Перамяні нас ласкаю сваёю.

Л. — За хворых і церпячых, каб былі перамененыя Тваёю аздараўляльнай ласкай. Божа, нашая моц:

Н. Перамяні нас ласкаю сваёю.

Л. — За паміраючых, каб былі ўзмоцнены Тваёю прысутнасцю. Божа, нашая моц:

Н. Перамяні нас ласкаю сваёю.

С. — Пане, стань сярод нас і адары нас адзінствам і мірам.

Н. Амэн.

Малітва Панская

С. — Калі вучні прасілі Езуса: «Пане, навучы нас маліцца», Ён адказаў:

«Калі моліцеся, кажыце»:



Н. Ойча наш, каторы ёсць у небе, свяціся iмя Тваё, прыйдзi Валадарства Тваё, будзь воля Твая як у небе, так i на зямлi. Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння, і адпусцi нам правіны нашы, як i мы адпускаем вiнаватым нашым, і не ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога. Амэн.

Бо Тваё Валадарства і моц, і хвала навекі.

Амэн.

Знак супакою

С. — Супакой Пана няхай заўсёды будзе з вамі.

Н. — І з духам тваім.

С. — Перадайце бліжняму знак супакою.

Знак супакою перадаецца праз дзяленне аплаткай або іншым чынам.

D. Заканчэнне

Спеў

Малітва

С. — Памятаем, што апостал Павел напісаў у Першым пасланні да Карынцянаў (1 Кар 15, 57–58): «Богу ж падзяка, бо Ён даў нам перамогу праз нашага Пана Езуса Хрыста. Таму, мае ўмілаваныя браты, будзьце моцнымі, непахіснымі, заўсёды будучы цалкам адданымі справе Пана і ведаючы, што не дарэмная праца ваша ў Пану».

Праслаўляем Пана, які вядзе нас да адзінства. Ойча, прысвячаем гэты Тыдзень малітве аб паглыбленні нашага адзінства ў Хрысце. Ён перамог смерць і заклікае нас да новага жыцця ў Духу. Таму просім:



Л. — Накіруй нас, і мы разам пойдзем.

Н. Накіруй нас, і мы разам пойдзем!

Л. — Перамененыя праз Хрыста — Слугу, просім:

Н. Накіруй нас, і мы разам пойдзем!

Л. — Перамененыя праз цярплівае чаканне Пана, просім:

Н. Накіруй нас, і мы разам пойдзем!

Л. — Перамененыя праз церпячага Слугу, просім:

Н. Накіруй нас, і мы разам пойдзем!

Л. — Перамененыя праз перамогу Пана над злом, просім:

Н. Накіруй нас, і мы разам пойдзем!

Л. — Перамененыя праз супакой Уваскрослага Пана, просім:

Н. Накіруй нас, і мы разам пойдзем!

Л. — Перамененыя праз дасканалую любоў Бога, просім:

Н. Накіруй нас, і мы разам пойдзем!

Л. — Перамененыя праз Добрага Пастыра, просім:

Н. Накіруй нас, і мы разам пойдзем!

Л. — З’яднаныя ў Валадарстве Хрыста, просім:

Н. Накіруй нас, і мы разам пойдзем!

Благаслаўленне і рассыланне народа

Благаслаўленне можа быць удзелена некалькімі духоўнымі асобамі ў форме, прадстаўленай ніжэй, або іншай.

С. — Пан з вамі.

Н. — І з духам тваім.

С. — Няхай вас Бог благаславіць і сцеражэ. Няхай Пан асветліць аблічча сваё над вамі і будзе да вас літасцівы.

Няхай Пан зверне свой позірк на вас і дасць вам супакой.



Н. — Амэн.

С. — Няхай благаславіць вас Бог усемагутны, Айцец і Сын, і Дух Святы.

Н. — Амэн.

С. — Ідзіце ў супакоі Хрыста!

Н. — Дзякуем Пану Богу!

Спеў на заканчэнне або postludium

II. Літургія Божага слова на кожны дзень Тыдня

Дзень 1 — 18 студзеня 2011 г.

Тэма дня: Перамененыя праз Хрыста — Слугу.

Сын Чалавечы прыйшоў, каб служыць (пар. Мк 10,45)

Першае чытанне Зах 9, 9-10

Вось кароль твой ідзе да цябе, справядлівы

Чытанне кнігі прарока Захарыі.


Так кажа Пан:

Радуйся моцна, дачка Сіёна,

весяліся, дачка Ерузалема:

вось кароль твой ідзе да цябе,

справядлівы і збаўчы,

пакорны, які едзе на асле,

на асляняці, дзіцяці асліцы.

І знішчу калясніцы з Эфраіма

і коней з Ерузалема,

і зламаны будзе баявы лук;

і Ён абвесціць народам мір.

І валадарства Ягонае будзе ад мора да мора

і ад ракі аж да краёў зямлі.

Гэта слова Божае.


Рэспансарыйны псальм Пс 131 (130), 1. 2-3


Рэфрэн: Сцеражы душу маю ў Тваім спакоі, Пане.

  1. Пане, маё сэрца не ганарыцца, *

i не ўзнімаюцца мае вочы,

я не ганяўся за вялiкiм *

і тым, што недасяжна для мяне.

Рэфрэн:

2. Але суцяшаў і супакойваў маю душу; †

як немаўля, аднятае ад грудзей сваёй мацi,*

душа мая ўва мне, як аднятае немаўля.

3. Няхай Iзраэль спадзяецца на Пана *

адгэтуль i навекi.



Рэфрэн:

Другоае чытанне Рым 12, 3-8

Паводле дадзенай ласкі, маем розныя дары



Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Рымлянаў.


Браты:

Дзякуючы дадзенай мне ласцы, я кажу кожнаму, хто ёсць сярод вас: не думайце пра сябе лепш, чым трэба думаць, але ацэньвайце сябе цвяроза, паводле меры ўздзеленай кожнаму Богам веры. Бо як у адным целе маем шмат частак, і не ўсе часткі выконваюць тыя самыя функцыі, так і мы

Мы, многія, складаем адно Цела ў Хрысце, а паасобку адзін для аднаго — часткі. Так, паводле дадзенай ласкі, маем розныя дары: калі гэта прароцтва, мы павінны прарочыць згодна з вераю; калі служэнне — служыць; калі настаўніцтва — навучаць; калі заахвочванне — падбадзёрваць; калі размеркаванне — раздаваць у прастаце; калі кіраванне — кіраваць старанна; калі міласэрнасць — быць ласкавымі.

Гэта слова Божае.



Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Сын Чалавечы не на тое прыйшоў, каб Яму служылі,

але каб служыць і аддаць жыццё сваё для адкуплення многіх.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Евангелле Мк 10, 42-45

Сын Чалавечы прыйшоў, каб служыць аддаць жыццё сваё

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

У той час:

Езус, паклікаўшы вучняў, сказаў ім: Вы ведаеце, што тыя, хто лічыцца князямі народаў, пануюць над імі, і вяльможы іх уладараць над імі. Але не так няхай будзе між вамі: хто хоча быць найбольшым сярод вас, няхай будзе вам слугою; і хто хоча сярод вас быць першым, няхай будзе нявольнікам усіх.

Бо і Сын Чалавечы не на тое прыйшоў, каб Яму служылі, але каб служыць і аддаць жыццё сваё для адкуплення многіх.

Гэта слова Пана.

Малітва

Усемагутны вечны Божа, ідучы каралеўскім шляхам служэння, Твой Сын вядзе нас ад пыхі нашай непаслухмянасці да пакоры сэрца. З’яднай нас праз Твайго Духа Святога, каб праз служэнне нашым братам і сёстрам магло аб’явіцца Тваё сапраўднае аблічча. Які жывеш і валадарыш на вякі вечныя. Амэн.



Дзень 2 — 19 студзеня 2011 г.

Тэма дня: Перамененыя праз цярплівае чаканне Пана.

Так належыць нам выканаць усё, што справядліва (пар. Мц 3,15)

Першае чытанне 1 Сам 1, 1-20

Давер і чаканне Ганны

Чытанне Першай кнігі Самуэля.

Быў адзін чалавек па імені Элькан з Раматаім-Цафіма, з узгор’я Эфраіма. Ён быў сынам Ерахама, сына Элігу, сына Тоху, сына Цуф Эфрата. Было ў яго дзве жонкі: адна па імені Ганна, а другая — Феніна. У Феніны былі дзеці, а ў Ганны дзяцей не было.

Штогод гэты чалавек хадзіў са свайго горада пакланіцца і прынесці ахвяру Пану Магуццяў у Сілом. Там былі два сыны Элія: Офні і Фінхас, святары Пана.

У той дзень, калі Элькана прыносіў ахвяру, ён даваў Феніне, сваёй жонцы, і ўсім яе сынам і дочкам па частцы. Ганне даваў падвойную частку, бо любіў Ганну, хоць Пан і замкнуў яе ўлонне. Саперніца ж яе засмучала яе моцна, бо дакучала ёй з-за таго, што Пан замкнуў яе ўлонне. І так рабіў ён з году ў год, калі яна ўваходзіла ў дом Пана. А Феніна так насміхалася з яе, што Гана плакала і не ела. Тады сказаў ёй Элькана, муж яе: Ганна, чаму ты плачаш і чаму не ясі? Чаму смуткуе сэрца тваё? Ці ж я не лепшы для цябе, чым дзесяць сыноў?

Устала Ганна пасля таго, як елі і пілі яны ў Сілом, а святар Элія сядзеў у крэсле пры дзвярах святыні Пана. Яна ж у глыбокім суме малілася да Пана і горка плакала. І дала такое абяцанне, кажучы: Пане Магуццяў, калі Ты сапраўды паглядзіш на гора Тваёй слугі і ўспомніш мяне, і не забудзеш слугі Тваёй, і дасі слузе сваёй дзіця мужчынскага полу, я аддам яго Пану на ўсе дні жыцця ягонага і брытва не дакранецца да ягонай галавы.

А калі яна доўга малілася перад абліччам Пана, Элія назіраў за яе вуснамі. Ганна ж казала ў сэрцы сваім; хоць яе вусны варушыліся, голасу яе не было чуваць. Таму Элія думаў, што яна п’яная. І сказаў ёй Элія: Колькі ты будзеш п’янай? Працверазей ад віна.

Ганна сказала ў адказ: Не, спадар мой, я — няшчасная жанчына, і не піла я ні віна, ні хмяльнога напою, але выліла душу сваю перад Панам. Не лічы слугу сваю дачкой Бэліаля, бо ад вялікага болю і смутку майго я казала ўвесь гэты час.

Тады Элія сказаў ёй: Ідзі ў спакоі, і няхай Бог Ізраэля дасць табе тое, аб чым ты Яго прасіла. Яна адказала: Няхай знойдзе слуга твая прыхільнасць у вачах тваіх. І пашла тая жанчына сваёй дарогаю, і ела, і твар яе ўжо не быў такі сумны, як раней.

Усталі яны рана і пакланіліся перад абліччам Пана, вярнуліся і прыйшлі ў дом свой ў Раму. І зблізіўся Элькана да сваёй жонкі Ганны, і Пан успомніў пра яе. І зачала Ганна, і праз пэўны час нарадзіла сына, якому дала імя Самуэль, бо казала: Я выпрасіла яго ў Пана.

Гэта слова Божае.



Рэспансарыйны псальм Пс 40 (39), 2-3, 12, 14, 17-18

Рэфрэн: Пане, паспяшы мне на дапамогу.

2. Я цвёрда спадзяваўся на Пана, *

і Ён схіліўся нада мною, і пачуў мой крык.

3. Падняў мяне з ямы пагібелі, з балоцістай багны, *

паставіў на скале мае ногі, умацаваў крокі мае.

Рэфрэн:

12. Ты, Пане, не стрымлівай міласэрнасці сваёй ад мяне, +

няхай Твая ласка і вернасць *

заўсёды падтрымліваюць мяне.

14. Будзь прыхільны, Пане, уратуй мяне;

Пане, паспяшайся мне на дапамогу.



Рэфрэн:

17. Няхай весяляцца і радуюцца Табою тыя, *

хто шукае Цябе,

і тыя, хто любіць збаўленне Тваё, *

няхай гавораць: Вялікі ёсць Пан.

Рэфрэн:

18. Я няшчасны і ўбогі, *

але Пан пра мяне дбае.

Ты – дапамога мая і мой Збаўца, *

Божа мой, не спазняйся!

Рэфрэн:

Другоае чытанне Гбр 11, 32-34

Вераю перамагалі валадарствы...

Чытанне Паслання да Габрэяў.


Браты:

Што яшчэ сказаць? Бо не хопіць мне часу, каб расказаць пра Гэдэона, Барака, Самсона і Эфтая, пра Давіда, Самуэля і прарокаў, якія вераю перамагалі валадарствы, здзяйснялі справядлівасць, атрымлівалі абяцанні, закрывалі пашчы львам, гасілі моцны агонь, пазбягалі вастрыя мяча, мацаваліся, нягледзячы на слабасць, станавіліся моцнымі на вайне, праганялі войскі чужынцаў.

Гэта слова Божае.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Дазволь нам, Ойча, наследаваць цярплівасць Твайго Сына,

які прыйшоў, каб выканаць усё, што справядліва.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Евангелле Мц 3, 13-17

Дазволь цяпер, бо так належыць нам выканаць усё, што справядліва

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Езус прыйшоў з Галілеі на Ярдан да Яна, каб атрымаць ад яго хрост. Ян жа ўстрымліваў Яго, кажучы: Гэта мне трэба ад Цябе прымаць хрост, а Ты прыходзіш да мяне?

Сказаў яму Езус у адказ: Дазволь цяпер, бо так належыць нам выканаць усё, што справядліва. Тады Ян уступіў Яму.

Калі Езус ахрысціўся, адразу выйшаў з вады, і раскрыліся Яму нябёсы, і ўбачыў Духа Божага, які спускаўся, як голуб, і сыходзіў на Яго. І голас з неба прамовіў: Гэта Сын Мой умілаваны, якога Я ўпадабаў.

Гэта слова Пана.



Малітва

Божа верны, Ты праўдзівы ў сваіх словах у кожную эпоху. Учыні, каб мы, як Езус, былі цярплівымі і давяралі Тваёй вернай любові. Асвяці нас праз свайго Духа Святога, каб сваімі неабдуманымі суджэннямі мы не перашкаджалі поўні Тваёй справядлівасці, але выразна заўважалі ва ўсім Тваю мудрасць і любоў; які жывеш і валадарыш на вякі вечныя. Амэн.



Дзень 3 — 20 студзеня 2011 г.

Тэма дня: Перамененыя праз церпячага Слугу.

Хрыстус цярпеў за вас (пар. 1 П 2, 21)

Першае чытанне Іс 53, 3-11

Муж цярпення, які спазнаў слабасці

Чытанне кнігі прарока Ісаі.


Зняважаны, адрынуты людзьмі, муж цярпення, які спазнаў слабасці, ад якога адварочваюць твар, пагарджаны, таму мы лічылі яго за нішто.

Але ён узяў на сябе цярпенні нашыя і панёс нашы хваробы, а мы думалі, што ён пакараны, пабіты і прыніжаны Богам. Ён зранены быў за беззаконні нашыя, раздаўлены за нашыя правіны. Пакаранне міру нашага на ім, і ў ранах яго мы атрымалі здароўе.

Усе мы блукалі, як авечкі, кожны сышоў на сваю дарогу, а Пан усклаў на яго ўсе нашыя правіны. Цяжка прыгнечаны, ён скарыўся і не адкрыў вуснаў сваіх. Маўчаў, як ягнё, якое вядуць на зарэз, як авечка перад тымі, хто стрыжэ яе. Не адкрыў вуснаў сваіх.

Пасля ўціску і суда яго схапілі. І хто раскажа пра ягоны род? Бо ён вырваны з зямлі жывых, за беззаконні народу майго быў замучаны да смерці. І магілу яму вызначылі разам з бязбожнымі, і пахаванне з багатым, бо не чыніў насілля і не было падману ў вуснах ягоных.

Пан пажадаў раздавіць яго цярпеннем. Калі ж прынясе жыццё сваё ў ахвяру за грахі, убачыць вечнае патомства, і волю Пана здзейсніць ягоная рука. За цярпенні сваёй душы ён убачыць святло і ім насыціцца. Мой справядлівы слуга апраўдае многіх і сам панясе іхнія правіны.

Гэта слова Божае.



Рэспансарыйны псальм Пс 22, 12-14. 17-24

Рэфрэн: Божа, мой Божа, чаму мяне пакінуў?

12.Не будзь далёка ад мяне, †

бо набліжаецца мая нядоля, *

і няма таго, хто мне дапаможа.

13 Абступіла мяне мноства валоў, *

акружылі мяне быкі Башана.

14 Адкрылі на мяне свае пашчы, *

быццам леў, што разрывае і рычыць.



Рэфрэн:

17. Сабакі акружылі мяне, *

зборышча злачынцаў мяне абступіла,

прабілі рукі мае і ногі. *

18. Я магу палічыць усе мае косці.

Яны глядзяць і разглядаюць мяне.



Рэфрэн:

19. Яны дзеляць вопратку маю між сабою *

і жэрабя кідаюць аб адзежы маёй.

20. Але Ты, Пане, не адыходзь ад мяне; *

сіла мая, паспяшайся мне на дапамогу.

21 Уратуй ад мяча маю душу, *

маю адзіную вырві з сабачых лапаў.

22 Уратуй мяне ад пашчы льва, †

ад рагоў буйвалаў, *

пачуй мяне.



Рэфрэн:

23. Буду абвяшчаць імя Тваё братам маім, *

на сходзе буду праслаўляць Цябе.

24. Вы, што баіцеся Пана, праслаўляйце Яго. +

Усё патомства Якуба, усхваляй Яго. *

Няхай баіцца Яго ўсё патомства Ізраэля!



Рэфрэн:

Другоае чытанне 1 П 2, 21-25


Хрыстус цярпеў за вас

Чытанне Першага паслання святога апостала Пятра.


Умілаваныя:

Вы для таго пакліканы; бо і Хрыстус цярпеў за вас, пакідаючы вам прыклад, каб вы ішлі следам за Ім.

Ён не ўчыніў ніякага граху і не было падману ў вуснах Ягоных. Ён, калі Яму зласловілі, не зласловіў у адказ, калі цярпеў, не пагражаў, але давяраў сябе таму, хто судзіць справядліва. Ён сам, у сваім целе ўзнёс грахі нашыя на дрэва, каб мы, пазбыўшыся грахоў, жылі дзеля справядлівасці. Ранамі Яго вы аздароўленыя.

Бо вы былі, як авечкі, што заблукалі, але цяпер вы вярнуліся да Пастыра і Ахоўніка душ вашых.

Гэта слова Божае.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Езус Хрыстус прынізіў сябе ажно да смерці,

таму Бог узвысіў Яго па-над усім.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Евангелле Лк 24, 25-27


Ці ж не трэба было Месіі цярпець

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

Езус сказаў вучням: О, неразумныя і марудныя сэрцам, каб паверыць усяму, што казалі прарокі! Ці ж не трэба было Месіі цярпець усё гэта, каб увайсці ў сваю славу? І пачаўшы ад Майсея і ад усіх прарокаў, растлумачыў ім тое, што ва ўсім Пісанні датычыла Яго.

Гэта слова Пана.

Малітва

Бог суцяшэння, Ты замяніў ганьбу крыжа на знак перамогі. Учыні, каб мы маглі з’яднацца вакол крыжа Твайго Сына, каб праслаўляць Яго за міласэрнасць, аказаную нам праз Яго цярпенне. Няхай Дух Святы адкрые нашыя вочы і сэрцы, каб мы маглі дапамагчы церпячым зведаць Тваю блізкасць; які жывеш і валадарыш на вякі вечныя. Амэн.



Дзень 4 — 21 студзеня 2011 г.

Тэма дня: Перамененыя праз перамогу Пана над злом.

Перамагай зло дабром (Рым 12, 21)



Першае чытанне Зых 23,1-9

Не ідзі за натоўпам, каб чыніць зло

Чытанне кнігі Зыходу.


Не разнось ілжывых чутак і не падавай рукі сваёй злачынцу, каб не стаць сведкам несправядлівасці.

Не ідзі за натоўпам, каб чыніць зло, і на судзе не схіляйся да меркавання большасці, каб сказіць праўду.

Не шкадуй беднага ў судзе ягоным.

Калі натрапіш на вала ворага свайго ці на асла ягонага, вярні яго яму.

Калі ўбачыш, што асёл ненавісніка твайго ляжыць пад цяжарам сваім, не пакідай яго, але застанься з ім.

Не скажай правасуддзя дзеля твайго беднага на судзе ягоным.

Уцякай ад хлусні. Бязвіннага і справядлівага не забівай, бо Я не апраўдаю злачынцы.

Не бяры хабару, бо ён асляпляе мудрых і скажае словы справядлівых.

Не прыгнятай іншаземца; бо ведаеце жыццё чужынца, таму што і самі былі іншаземцамі ў егіпецкай зямлі.

Гэта слова Божае.



Рэспансарыйны псальм Пс 1

Рэфрэн: Шчаслівы чалавек, які спадзяецца на Пана.

1. Шчаслівы чалавек, які не ходзіць за радай бязбожных †

і не ўзыходзіць на шлях грэшных, *

і між насмешнікаў не засядае;



  1. але ў Законе Пана яго асалода, *

над ім разважае ўдзень і ўначы.

Рэфрэн:

  1. Ён будзе як дрэва пасаджанае каля воднага патоку, *

якое плод прыносіць у свой час,

і лісце яго не вяне, *

а ўсё, што ён чыніць, яму ўдаецца.

Рэфрэн:


  1. Не такі лёс бязбожных: *

яны як мякіна, што вецер разносіць.

  1. 5. Таму бязбожныя не выстаяць на судзе, *

а грэшнікі – на сходзе святых.

  1. Бо ведае Пан шлях справядлівых, *

а дарога бязбожных загіне.

Рэфрэн:

Другоае чытанне Рым 12, 17-21

Перамагай зло дабром


Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Рымлянаў.

Браты:


Нікому не адплачвайце злом за зло, але дбайце аб добрым перад ўсімі людзьмі. Са свайго боку, калі магчыма, жывіце ў спакоі з усімі людзьмі. Не помсціце за сябе, умілаваныя, але дайце месца Божаму гневу, бо напісана: Мне помста, Я аддам! — кажа Пан.

Але, калі вораг твой галодны, накармі Яго; калі піць хоча, напаі яго: бо, робячы гэтае, збярэш яму на галаву гарачае вуголле. Не будзь пераможаны злом, але перамагай зло дабром.

Гэта слова Божае.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Не дапусці, Ойча, каб мы паддаліся спакусе.

Дай нам удзел у перамозе Твайго Сына.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Евангелле Мц 4, 1-11


Пану Богу твайму будзеш пакланяцца і Яму аднаму будзеш служыць.

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Дух вывеў Езуса ў пустыню, каб д’ябал выпрабоўваў Яго. І пасціў Ён сорак дзён і сорак начэй, і нарэшце згаладаўся. Тады падышоў да Яго спакушальнік і сказаў Яму: Калі Ты Сын Божы, скажы, каб гэтыя камяні сталі хлебам. А Ён сказаў у адказ: Напісана: не хлебам адным будзе жыць чалавек, але кожным словам, што выходзіць з вуснаў Божых.

Тады ўзяў Яго д’ябал у святы горад, паставіў на версе святыні і сказаў: Калі Ты Сын Божы, кінься ўніз, бо напісана: Анёлам сваім загадае наконт Цябе, і на руках панясуць Цябе, каб Ты часам не спатыкнуўся аб камень нагою сваёй. Езус сказаў Яму: Напісана таксама: не будзеш выпрабоўваць Пана Бога твайго.

Д’ябал зноў узяў Яго на вельмі высокую гару і паказаў Яму ўсе валадарствы свету і славу іх, кажучы: Усё гэта дам Табе, калі ўпадзеш і паклонішся мне. Тады сказаў яму Езус: Адыдзі, сатана, бо напісана: Пану Богу твайму будзеш пакланяцца і Яму аднаму будзеш служыць.

Тады д’ябал пакінуў Яго, і вось Анёлы падышлі і служылі Яму.

Гэта слова Пана.

Малітва

Пане Езу Хрыстэ, дзякуем за Тваю перамогу над злом і падзеламі. Праслаўляем Цябе за Тваю ахвяру і ўваскрасенне, дзякуючы якім была пераможана смерць. Падтрымлівай нас у нашай штодзённай барацьбе з усялякімі супярэчнасцямі. Няхай Дух Святы ўдзеліць нам моцы і мудрасці, каб, наследуючы Цябе, маглі зло перамагаць дабром, а падзелы — паяднаннем. Амэн.



Дзень 5 — 22 студзеня 2011 г.

Тэма дня: Перамененыя праз супакой Уваскрослага Пана.

Езу стаў пасярэдзіне і сказаў ім: Спакой вам! (пар. Ян 20, 19)

Першае чытанне Мал 2, 2-2

Звернуцца сэрцы айцоў да дзяцей, а сэрцы дзяцей да іх айцоў

Чытанне кнігі прарока Малахіі.


Вось Я пашлю вам прарока Іллю, перш чым прыйдзе вялікі і страшны дзень Пана. Тады звернуцца сэрцы айцоў да дзяцей, а сэрцы дзяцей да іх айцоў, каб калі прыйду, не кінуў праклён на зямлю.

Гэта слова Божае.



Рэспансарыйны псальм Пс 133

Рэфрэн: Пан дае спакой свайму народу

1. Як жа добра і прыемна,

калі браты жывуць разам.

2. Гэта як каштоўны алей на галаве,

які сцякае на бараду, на бараду Аарона,

што сцякае да краёў ягоных шатаў.



Рэфрэн:

3. Гэта як раса Гермона,

што спадае на горы Сіёна,

бо там Пан дае благаслаўленне,

жыццё на вечныя вякі.

Рэфрэн:

Другоае чытанне Эф 2, 14-22


Прымірыць адных і другіх з Богам праз крыж, забіўшы на ім варожасць

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Эфесцаў.


Браты:

Хрыстус — мір наш, які ўчыніў адно і другое адзіным і мур варожасці, што падзяляў, зруйнаваў у Целе сваім. А закон запаведзяў знішчыў навучаннем, каб з двух стварыць у сабе аднаго новага чалавека, усталёўваючы мір, і ў адным целе зноў прымірыць адных і другіх з Богам праз крыж, забіўшы на ім варожасць. І, прыйшоўшы, Ён абвясціў мір вам, якія далёка, і мір тым, якія блізка. Бо праз Яго мы, адны і другія, маем доступ у адным Духу да Айца.

Таму вы ўжо не чужыя і не прыхадні, але суграмадзяне святых і дамачадцы Бога, умацаваныя на падмурку апосталаў і прарокаў, дзе сам Езус Хрыстус з’яўляецца вуглавым каменем, на якім кожны складзены разам будынак вырастае як святая ў Пану святыня. У ёй і вы разам будуецеся Духам, каб быць жыллём Бога.

Гэта слова Божае.



Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Езус Хрыстус смерць перамог

і перадаў нам слова паяднання.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Евангелле Ян 20,19-23

Прыйшоў Езу, стаў пасярэдзіне і сказаў ім: Спакой вам!

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

Калі быў вечар таго першага дня тыдня, і дзверы дома, дзе збіраліся вучні, былі замкнёныя ад страху перад юдэямі, прыйшоў Езус і стаў пасярэдзіне, і сказаў ім: Спакой вам! І, сказаўшы гэта, паказаў ім рукі і бок. Узрадаваліся вучні, убачыўшы Пана. Тады Езус зноў сказаў ім: Спакой вам! Як паслаў Мяне Айцец, так і я пасылаю вас. І, сказаўшы гэта, дыхнуў, і сказаў: Прыміце Духа Святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаныя; на кім пакінеце, на тым застануцца.

Гэта слова Пана.

Малітва

Любячы і ласкавы Божа, навучы нас радавацца ўдзелу ў Тваім супакоі. Напоўні нас Духам Святым, каб мы разбурылі падзяляючыя нас муры варожасці. Няхай уваскрослы Хрыстус, які з’яўляецца нашым супакоем, дапаможа нам перамагчы вялікія падзелы і з’яднае нас як членаў супольнасці Яго сям’і. Просім аб гэтым у імя Езуса Хрыста, якому разам з Табой і Духам Святым няхай будзе хвала і пашана навекі. Амэн.



Дзень 6 — 23 студзеня 2011 г.

Тэма дня: Перамененыя праз верную любоў Бога.

Гэтай перамогай, якая перамагла свет, ёсць наша вера (1 Ян 5, 4)



Першае чытанне Абк 3, 17-19

Усемагутны Бог — мая моц

Чытанне кнігі прарока Абакума.


Калі нават смакоўніца не расцвіце

і не будзе на вінаграднай лазе пладоў,

калі дарэмнай будзе праца пры аліўках,

а не ўродзяць нівы,

калі пазнікаюць авечкі з аўчарні

і не будзе скаціны ў загонах,

я буду радавацца ў Пану,

і буду радавацца ў Богу, маім Збаўцы.

Пан Бог — мая моц,

Ён зробіць мае ногі як у лані

і прывядзе на вышыні

Гэта слова Божае.



Рэспансарыйны псальм Пс 136,1-4; 23-26

Рэфрэн: Міласэрнасць Пана трывае навекі.

1. Хваліце Пана, бо Ён добры, †

бо навекі Яго міласэрнасць. *

2. Хваліце Бога багоў, *

бо навекі Яго міласэрнасць.

3. Хваліце Пана паноў,

бо навекі Яго міласэрнасць.

4. Таго, які сам чыніць вялікія цуды, *

бо навекі Яго міласэрнасць.

Рэфрэн:

23. У прыніжэнні нашым Ён узгадаў пра нас,

бо навекі Яго міласэрнасць.

24. вызваліў нас ад нашых ворагаў, *

бо навекі Яго міласэрнасць.

25. Дае хлеб кожнаму целу, *

бо навекі Яго міласэрнасць.

26. Праслаўляйце Бога нябёсаў, *

бо навекі Яго міласэрнасць.

Рэфрэн:

Другое чытанне 1 Ян 5, 1-6

Гэтай перамогай, якая перамагла свет, ёсць наша вера

Чытанне Першага паслання святога апостала Яна.


Умілаваныя:

Кожны, хто верыць, што Езус ёсць Месія, ад Бога народжаны, і кожны, хто любіць таго, хто нарадзіў, любіць і народжанага ад Яго. Па тым пазнаём, што мы любім дзяцей Божых, калі любім Бога і захоўваем запаведзі Яго. Бо любоў да Бога ёсць у тым, каб мы захоўвалі Ягоныя запаведзі, а запаведзі Яго не з’яўляюцца цяжкімі.

Бо ўсё, што народжана ад Бога, перамагае свет. І гэтай перамогай, якая перамагла свет, ёсць наша вера. Хто ж перамагае свет, калі не той, хто верыць, што Езус ёсць Сынам Божым?

Езус Хрыстус прыйшоў праз ваду і кроў, і праз Духа, і не толькі праз ваду, але праз ваду і кроў; і Дух сведчыць пра Яго, бо Дух — гэта праўда.

Гэта слова Божае.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Вось запаведзь Мая, каб вы любілі адзін аднаго,

як Я палюбіў вас.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Евангелле Ян 15, 9-16


Ніхто не мае большай любові за тую,

калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх.

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Як Мяне палюбіў Айцец, так і Я палюбіў вас. Заставайцеся ў Маёй любові. Калі будзеце захоўваць Мае запаведзі, застанецеся ў любові Маёй, як і Я захаваў запаведзі Айца Майго і застаюся ў Ягонай любові.

Гэта Я сказаў вам, каб Мая радасць была ў вас, і каб радасць вашая была поўнай.

Вось запаведзь Мая, каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас. Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх.

Вы сябры Мае, калі робіце тое, што Я наказваю вам. Я ўжо не называю вас слугамі, бо слуга не ведае, што робіць ягоны гаспадар. Я ж назваў сябрамі вас, бо ўсё, што чуў ад Айца Майго, Я сказаў вам.

Не вы Мяне выбралі, але Я выбраў вас і прызначыў, каб вы ішлі і прыносілі плён, і каб плён ваш трываў. Каб Айцец даў вам тое, чаго толькі папросіце ў імя Маё.

Гэта слова Пана.



Малітва

Пане Езу Хрыстэ, Сыне Бога жывога, праз сваё ўваскрасенне Ты затрыумфаваў над смерцю і стаў Панам жыцця. З любові да нас Ты выбраў нас, каб мы сталі Тваімі сябрамі. Няхай Дух Святы повязямі сяброўства звяжа нас з Табою і адно з адным, каб на гэтым свеце мы служылі Табе як сведкі Тваёй вернай любові, бо Ты жывеш і валадарыш разам з Айцом і Духам Святым, Бог адзіны на вякі вечныя. Амэн.



Дзень 7 — 24 студзеня 2011 г.

Тэма дня: Перамененыя праз Добрага Пастыра.

Пасі авечак Маіх (Ян 21, 19)

Першае чытанне 1 Сам 2, 1-10

Не сілаю сваёй перамагае чалавек

Чытанне Першай кнігі Самуэля.

Ганна малілася і казала:

Узрадавалася маё сэрца ў Пану,

узнялася моц мая ў Пану маім,

раскрыліся вусны мае на ворагаў маіх,

бо радуюся я Тваёй дапамозе.

Няма такога святога, як Пан,

няма нікога іншага, апроч Цябе,

і няма такой цвярдыні, як наш Бог.

Не памнажайце ганарыстыя словы,

няхай дзёрзкае слова не выходзіць з вуснаў вашых,

таму што Бог ёсць Панам пазнання

і гэта Ён узважвае ўчынкі.

Лук моцных ламаецца,

а слабыя падпярэзваюцца сілаю.

Сытыя наймаюцца за хлеб, а галодныя адпачываюць;

бясплодная семярых нараджае, а шматдзетная знемагае.

Пан забівае і ажыўляе,

кідае ў адхлань і адтуль выводзіць.

Пан робіць бедным і багатым,

прыніжае і ўзвялічвае.

З пылу падымае беднага,

са смецця ўзнімае ўбогага,

каб пасадзіць яго з вяльможамі,

і даць яму ў спадчыну трон хвалы.

бо Пану належаць падставы зямлі

і на іх Ён паставіў сусвет.

Ён ахоўвае ногі сваіх пабожных,

а грэшнікі знікнуць у цемры,

бо не сілаю сваёй перамагае чалавек.

Пан знішчыць тых, хто спрачаецца з Ім,

супраць іх будзе грымець з нябёсаў.

Пан будзе судзіць межы зямлі,

і дасць моц свайму каралю,

і падыме рог свайго памазаніка.

Гэта слова Божае.



Рэспансарыйны псальм Пс 23

Рэфрэн: Пан — пастыр мой, ні ў чым не буду мець нястачы.

  1. Пан — пастыр мой, ні ў чым не буду мець нястачы, *

  2. Ён дазваляе спачываць мне на зялёных пашах.

Да водаў спакойных вядзе мяне, *

3. Ён душу маю пажыўляе.



Рэфрэн:

Накіроўвае мяне на сцежкі справядлівасці *

дзеля Імя свайго.

4. Калі нават пайду далінай смяротнага ценю, †

не буду баяцца зла, бо Ты са мною. *

Тваё жазло і Твой посах мяне суцяшаюць.



Рэфрэн:

5. Ты стол для мяне накрываеш *

на вачах маіх ворагаў;

намашчаеш галаву маю алеем, *

келіх мой перапоўнены.

Рэфрэн:


  1. Сапраўды, дабрыня і міласэрнасць Твая будуць са мною *

ва ўсе дні жыцця майго,

і пасялюся я ў доме Пана *

на доўгія дні.

Рэфрэн:

Другоае чытанне Эф 6, 10-20


Мацуйцеся ў Пану

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Эфесцаў.


Браты, мацуйцеся ў Пану магутнасцю сілы Ягонай. Апраніцеся ва ўсю зброю Божую, каб вы маглі супрацьстаяць ашуканствам д’ябла. Бо нашая барацьба не супраць крыві і цела, але супраць панаванняў, супраць уладаў, супраць гаспадароў цемры свету гэтага, супраць нябесных духаў злосці.

Дзеля гэтага прыміце ўсю зброю Божую, каб вы маглі супрацьстаяць у дзень ліхі і, усё адолеўшы, выстаяць.

Таму станьце, падперазаўшы сцёгны свае праўдаю, і апрануўшыся ў панцыр справядлівасці, і абуўшы ногі ў гатовасць дабравесціць спакой. А разам з усім вазьміце шчыт веры, якім зможаце пагасіць усе распаленыя стрэлы злога. І шлем збаўлення вазьміце, і меч духоўны, якім ёсць слова Божае.

Ва ўсялякай малітве і просьбе маліцеся ў Духу пры кожнай нагодзе. А дзеля гэтага дбайце з усёй стараннасцю і маліцеся за ўсіх святых і за мяне, каб мне дадзена было слова, і я мог адкрыць вусны свае, і адважна абвяшчаць таямніцу Евангелля, дзеля якога я стаў пасланнікам ў кайданах, каб смела прапаведаваў яго, як і належыць.

Гэта слова Божае.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Я — добры пастыр і ведаю сваіх,

а Мае ведаюць Мяне.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Евангелле Ян 21, 1-19

Пасі авечак Маіх

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

Калі ж яны паснедалі, Езус кажа Сымону Пятру: Сымоне, сын Яна, ці любіш ты Мяне больш, чым яны? Той адказаў Яму: Так, Пане, Ты ведаеш, што я люблю Цябе. Езус кажа яму: Пасі ягнят Маіх.

Зноў сказаў яму другі раз: Сымоне, сын Яна, ці любіш ты Мяне? Ён адказаў: Так, Пане, Ты ведаеш, што я люблю Цябе? Езус кажа яму: Пасі авечак Маіх.

І сказаў яму трэці раз: Сымоне, сын Яна, ці любіш ты Мяне? Пётр засмуціўся, што трэці раз спытаўся ў яго “ці любіш ты Мяне?”, і сказаў: Пане, Ты ўсё ведаеш, Ты ведаеш, што я люблю Цябе.

Езус кажа яму: Пасі авечак Маіх. Сапраўды, сапраўды кажу табе: калі ты быў маладзейшы, то падпяразваўся сам і хадзіў, куды хацеў. Калі ж састарышся, то выцягнеш рукі свае і іншы падпяража і павядзе, куды не хочаш.

А гаварыў так, каб зазначыць, якой смерцю той уславіць Бога. І пасля гэтых слоў, кажа яму: Ідзі за Мной!

Гэта слова Пана.

Малітва

Айцец нас усіх, Ты заклікаеш нас, каб былі адной аўчарняй у Тваім Сыне, Езусе Хрысце. Ён — наш добры Пастыр, які запрашае адпачыць на зялёных пашах, вядзе да водаў спакойных і акрапляе нашыя душы. Каб, ідучы за Ім, мы клапаціліся пра іншых, каб усе бачылі ў нас любоў да адзінага сапраўднага Пастыра, Езуса Хрыста, Пана нашага, які жыве і валадарыць з Табою і Духам Святым, Бог адзіны на вякі вечныя. Амэн.



Дзень 8 — 25 студзеня 2011 г.

Тэма дня: З’яднаныя ў валадаранні Хрыста.

Пераможцу дам сесці са Мною на троне Маім (Aп 3, 21)

Першае чытанне 1 Кр 29,10-13

У Тваёй руцэ і сіла, і моц

Чытанне Першай кнігі Кронікаў.


Давід праслаўляў Пана кажучы:

Будзь праслаўлены, Пане,

Божа нашага айца, Ізраэля,

на векі вечныя.

Твая, Пане, узнёсласць і магутнасць,

слава, прыгажосць і веліч,

бо ўсё, што ў небе і на зямлі, Тваё.

Тваё, Пане, валадарства,

і Ты, як Галава, уздымаешся па-над усім.

Ад Цябе паходзяць

багацце і слава.

Ты над усім пануеш.

У Тваёй руцэ і сіла, і моц.

Твая рука ўзвялічвае

і ўсё ўмацоўвае.

Цяпер, наш Божа, мы дзякуем Табе

і праслаўляем імя Тваёй велічы.

Гэта слова Божае.



Рэспансарыйны псальм Пс 21, 2-7

Рэфрэн: Пане, Тваёй сілай цешыцца кароль.

  1. Пане, Тваёй сілай цешыцца кароль, *

і вельмі радуецца Тваёй дапамозе.

  1. Ты выканаў жаданне ягонага сэрца, *

і просьбы вуснаў яго не адкінуў.

Рэфрэн:

  1. Бо Ты сустрэў яго жаданымі благаслаўленнямі, *

на яго галаву ўсклаў вянок з чыстага золата.

  1. Ён прасіў у Цябе жыцця, *

і Ты даў яму даўгалецце на вечныя вякі.

Рэфрэн:

  1. Вялікая слава яго пры Тваёй дапамозе, *

Ты ўсклаў на яго веліч і гонар.

  1. Благаслаўленне даў яму навекі, *

усцешыў яго радасцю перад Тваім абліччам.

Рэфрэн:

Другоае чытанне Ап 3, 19-22

Пераможцу дам сесці са Мною на троне Маім

Чытанне кнігі Апакаліпсіса святога Яна.


Каго Я люблю, тых дакараю і выхоўваю. Таму будзь руплівы і пакайся.

Вось стаю каля дзвярэй і стукаюся. Калі хто пачуе Мой голас і адчыніць дзверы, увайду да яго і буду вячэраць з ім, а ён са Мною.

Пераможцу дам сесці са Мною на троне Маім, як і Я перамог і сеў з Айцом Маім на троне Яго. Хто мае вуха, няхай слухае, што кажа Дух Касцёлам.

Гэта слова Божае.



Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Ойча, хачу, каб тыя, каго Ты даў Мне, былі са Мною там, дзе Я ёсць,

каб бачылі славу Маю, якую Ты даў Мне перад заснаваннем свету.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Евангелле Ян 12, 23-26

Калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, памрэ, то прынясе багаты плён


Хто Мне служыць, таго ўшануе Айцец Мой

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

Езус сказаў вучням: Настала гадзіна ўславіцца Сыну Чалавечаму. Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, не памрэ, то застанецца адно, а калі памрэ, то прынясе багаты плён. Хто любіць жыццё сваё, загубіць яго; а той, хто ненавідзіць жыццё сваё на гэтым свеце, захавае яго для вечнага жыцця. Калі хто служыць Мне, няхай ідзе Маім шляхам; і дзе Я, там будзе і слуга Мой. І хто Мне служыць, таго ўшануе Айцец Мой.

Гэта слова Пана.

Малітва

Усемагутны Божа, Валадар усяго існага, навучы нас разважаць над таямніцаю Тваёй хвалы. Учыні, каб мы прынялі Твае дары з пакораю і шанавалі годнасць кожнай асобы. Няхай Твой Святы Дух дасць нам сілы для духоўных змаганняў, якія чакаюць нас наперадзе, каб мы, з’яднаныя ў Хрысце, прабывалі з Ім у хвале. Удзялі нам гэта праз Хрыста, які прынізіў сябе і стаў узвышаны, які жыве з Табою і Духам Святым на вякі вечныя. Амэн.



Дапаможныя матэрыялы

1. Малітва вернікаў

С. — святар

Д. — дыякан
Н. — народ (усе прысутныя)
Л.
— лектар

Узор I

С. — Прадставім добраму Айцу нашыя просьбы, у імя Езуса і ў лучнасці з Духам Святым:

(Л. — Пасля кожнага закліку будзем адказваць: Перамяні нас, Пане, і дай нам перамогу)



Л. — Каб усе народы свету пачулі голас Евангелля.

Н.Перамяні нас, Пане, і дай нам перамогу!

Л. — Каб усе вызнаўцы Хрыста з’ядналіся ў адно.

Н.Перамяні нас, Пане, і дай нам перамогу!

Л. — Каб нашая Айчына была домам, поўным супакою.

Н.Перамяні нас, Пане, і дай нам перамогу!

Л. — Каб хворыя духоўна і фізічна зведалі аздараўленне.

Н.Перамяні нас, Пане, і дай нам перамогу!

Л. — Каб тыя, хто нейкім чынам служыць бліжнім, спазналі ўмацаванне.

Н.Перамяні нас, Пане, і дай нам перамогу!

Л. — Каб кожны з нас мог Табе дзякаваць і Цябе праслаўляць.

Н.Перамяні нас, Пане, і дай нам перамогу!

С. — Пане, наш Божа, служыць Табе азначае валадарыць. Умацуй нас у Тваім служэнні, які жывеш і валадарыш на вякі вечныя.

Н. — Амэн.

Узор II

С. — Навучаныя словамі Пісання аб перамозе Хрыста, прадставім Богу нашыя просьбы.

Л.Умілаваныя, заўсёды будзьце самаадданымі дзеля Пана.

Молімся за кіраўнікоў Цэркваў, за прапаведнікаў, каб служылі любові з апостальскай руплівасцю. Цябе просім:



Н.Выслухай нас, Пане!

Л.Будзем усе перамененыя. Молімся за хрысціянаў, каб перамена сэрцаў наблізіла іх да Хрыста і зблізіла паміж сабою. Цябе просім:

Н. — Выслухай нас, Пане!

Л.Смерць была праглынута перамогай. Молімся за народы, церпячыя з-за войнаў, нянавісці і беднасці, каб зведалі любоў і развіваліся ў міры. Цябе просім:

Н. — Выслухай нас, Пане!

Л.Будзьце стойкімі і непахіснымі. Молімся за тых, хто падае духам, за няпэўных і засмучаных, каб моц Хрыстовай перамогі перамяніла іх сэрцы. Цябе просім:

Н. — Выслухай нас, Пане!

Л.Вось абвяшчаю вам таямніцу (…) — споўніцца напісанае. Молімся за нас, каб з вераю прымалі прывітае ў нас слова Божае і ім жылі. Цябе просім:

Н. — Выслухай нас, Пане!

С. — Пане, перамяні нашыя сэрцы ласкаю сваёю, каб мы складалі Табе падзяку за ўсялякую перамогу дабра над злом, цяпер і на вякі вечныя.

Н. — Амэн.

Узор III

С. — Мы былі перамененыя праз перамогу нашага Пана, Езуса Хрыста. Поўныя даверу прадстаўляем Богу нашыя просьбы:

(Л. — Пасля кожнага закліку на знак згоды будзем адказваць: Амэн.)



Л. — Няхай прагнучыя праўды і дабра дасягнуць крыніцаў збаўлення.

Н. — Амэн.

Л. — Няхай хрысціяне адшукаюць паўнату бачнага адзінства.

Н. — Амэн.

Л. — Няхай пастыры служаць сваім супольнасцям моцаю і лагоднасцю Хрыста.

Н. — Амэн.

Л. — Няхай сужэнствы, сем’і і суседствы будуць месцамі любові і прабачэння.

Н. — Амэн.

Л. — Няхай тыя, хто падвяргаецца спакусам, зведаюць перамогу дабра над злом.

Н. — Амэн.

Л. — Няхай паміраючыя пяройдуць у дом Айца з даверам і спакоем.

Н. — Амэн.

Л. — Няхай кожны з нас дзень за днём перамяняецца да большай хвалы Пана.

Н. — Амэн.

С. — Дзякуем Пану Богу за перамогу над грахом і смерцю, якая ў Езусе Хрысце, Пану нашым.

Н. — Амэн.





База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка