Першадрукар з беларускай зямлі




Дата канвертавання18.11.2017
Памер129.71 Kb.
Сцэнарый

літаратурнага Свята

Першадрукар з беларускай зямлі”

(да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання

і выдавецкай дзейнасці Ф.Скарыны)

2017 год
Вяд.1 У 16 стагоддзі на Еўрапейскім навуковым небасхіле ўзышла зорка першай велічыні. І была яна беларускага паходжання. Першадрукар, асветнік, гуманіст, доктар медыцыны і вольных навук, культурны дзеяч, перакладчык і пісьменнік эпохі Адраджэння – усё гэта Францыск Скарына.
Вяд.2 “Развіццё кнігадрукавання, заснавальнікам якога з’яўляецца Францыск Скарына, стала пачаткам новай эпохі ў культурным жыцці беларускага народа… Прайдуць многія стагоддзі, а ўдзячныя патомкі не перастануць звяртацца да невычарпальнай спадчыны Скарыны. Вывучаючы гэтую спадчыну, яны заўсёды будуць захоўваць у памяці яго слаўнае імя”.

К.Крапіва
Вяд.1 Шаноўныя сябры! Сённяшняе свята прысвячаецца 500-годдзю беларускаму кнігадрукаванню і вялікаму беларусу – Францыску Скарыне, знакамітаму сыну зямлі беларускай, што са слаўнага Полацка родам.
Чыт. Яшчэ ў дні старыя, у век наш лучынны,

Аб горадзе Полацку слава ішла,-

Друкар там выдатны Францішак Скарына,

Што зоры рассыпаў па роднай краіне

Крыштальныя словы навукі-святла;

Нямала народу з крыніц яго піла,

І брала ад мудрасці вечны агонь,

У літарах першых знаходзячы сілу…

Ты слаўна, зямля, што вякам нарадзіла

Такога выдатнага сына свайго!



П.Броўка
/Гучыць музыка/
Вяд.2 Ф. Скарына нарадзіўся ў сям'і полацкага мешчаніна - купца Лукі Скарыны. Дакладная дата гэтай падзеі невядома. Паводле падлікаў навукоўцаў, прынята, што гэта адбылося ў 1490 г. Вядома толькі адно: нарадзіўся ён напярэдадні ці нават у самы год зацьмення сонца, якое ўспрымалася людзьмі, як квнец свету. Бабка - павітуха абмывала дзіця і прыгаворвала:

/у закрыты мікрафон/ /гучаць цымбалы/

А дай, Божа, гэтай дзіцяці

Усякую долю ўзяці:

І хлебавую, і салявую

Трэцяю –здаровейкую.

А спі доўга, расці скора,

Бацьку, маці – на пацеху,

Чужым людзям – на паслугу…
Вяд.1 Абмыўшы дзіця, бабка прылажыла да яго ножкі кавалачак паперы. Барадаты Лука, убачыўшы, толькі заківаў галавою: “Дзе ж гэта раздабыла старая?” ( папера была тут яшчэ ў навіну і дорага каштавала). А бабка, схіліўшыся, тым часам прыгаворвала над папераю:
/у закрыты мікрафон/ /гучаць цымбалы/
Хай будзе вельмі вучоным малайцом,

Хай ён будзе ў бацьку – купцом!
Чыт. З’явіўся наш Скарына кветкай родных межаў,

Вясёлкай з-пад туману,

На мове паспалітай простых пастыроў

Тлумачыў ён прарокаў сказы-свежапісы

Жыў твор яго ў народзе, нібы ў жылах кроў,

Праменіўся над краем сонечнай рысай,

Аздобаю нябёснай.

З.Бядуля
Вяд.2 На жаль, гісторыя амаль не захавала звестак пра бліжэйшых родзічаў Францыска. Сярод іх: брат Іван і ягоны сын Раман, а таксама дзеці самога Францыска – Сімяон і Францішак.

Іван працягваў бацькаву справу, а Францыск пайшоў у свет па навуку. Атрымаўшы пачатковую адукацыю ў родным Полацку, ён накіроўваецца ў Польшчу і паступае ў Кракаўскі ўніверсітэт.


Чыт. Да Кракаўскага ўніверсітэта

Дарог нямала з Полацка вяло,

Здавалася праехалі паўсвету,

А Кракава, як быццам, не было.

Таму Францыск употай бога ўславіў

І ўсіх яго апосталаў, калі

Нарэшце ўбачыў на пагорку Вавель –

Прыгожы Крэмль, дзе жылі каралі.


Вяд.1 Пасля двух гадоў вучобы ў Кракаўскім ўніверсітэце, 10 кастрычніка 1506 года Францыск Скарына атрымаў навуковую ступень бакалаўра. Прафесар Глагоўскі параіў:

…Ідзі вучыцца далей.

Ідзі ў Італію, Падую.

Між акадэмій свету

Яна за ўсіх слаўнейшая, Францішак.
Вяд.2 У 1512годзе Францыск Скарына перасякае Еўрапейскі кантынент з поўначы на поўдзень і апынаецца ў Падуі. Вядомы на ўсю Еўропу Падуанскі ўніверсітэт становіцца месцам, дзе Францыск трымае іспыты на ступень доктара медыцыны.
Чыт. Прыйшоў да нас з аддаленых абацтваў

Вучоны, але бедны чалавек,

Хоць мае званне доктара мастацтваў

Ён зведаў і нішчымніцу, і здзек.

Завуць яго Францішак, сын Скарыны.

…Блішчэлі пазалотаю іконы,

Калі ў святле лампад і ліхтароў

Вітаў пачліва малады вучоны

Паклонам нізкім слынных дактароў.

…Адольваў медыцыну самастойна

Скарына ўсе апошнія гады.
Вяд.1 На пасяджэнні калегіі найслаўнейшых дактароў мастацтва і медыцыны ў царкве Св. Урбана была прынята пастанова дапусціць беднага, але здольнага і адукаванага юнака да “асабістых іспытаў па медыцыне”.
Вяд.2 9 лістапада 1512 года у біскупскім палацы адбылося пасяджэнне экзаменацыйнай камісіі. Яе пастанова сведчыла: “Выдатны русінскі доктар мастацтваў Францыск Скарына…усімі прысутнымі там дактарамі пры поўнай адсутнасці нязгодных быў адобраны і прызнаны да лекарскіх навук і ў звычайным парадку абвешчаны доктарам лекарскіх навук”. Як адзначалася ў дакуменце, адказы Францыска былі ацэнены як выдатныя.
Чыт. Над Падуяй неба такое наўкруг,
як сны мастакоў Адраджэння.
Падуя — горад вялікіх навук, 
славутых падзей і імкненняў.

Заціхлі званы, адбылася імша,


йзноў спевы гучаць на лаціне.
Дыплом уручаюць: ён, сын Лукаша,
палачанін, Францішак Скарына...

З Падуі слаўнай, з чужыны,


вязе Беларусі, народу свайму
жыццё сваё, знанні і імя.

Не князь і не шляхціц, без дворні і слуг,


праз пушчы, мядзведжыя тропы
вяртаецца доктар медычных навук,
першы доктар на ўсходзе Еўропы…

Л.Геніюш
/гучыць музыка/
Вяд.1 Пасля 1512 года звесткі пра Францыска Скарыну зноў згубіліся. У 1517 годзе ён апынуўся ў Празе, дзе заснаваў сваю першую друкарню і выдаў сваю першую кнігу “Псалтыр”.
Вяд.2 Запомніце, калі ласка, гэту дату – 6 жніўня 1517 года – дзень нараджэння беларускага кнігадрукавання.
Вяд.1 З 1517 па 1519 гады Францыск Скарына ў Празе выдаў 23 кнігі Старога запавету. Так, беларусы першымі сярод усходніх славян атрымалі Свяшчэннае пісанне на нацыянальнай мове.
Вяд.2 Для першага выдання Скарына выбраў Псалтыр, які выкарыстоўваўся для богаслужэння, навучання грамаце і хатняга чытання. Менавіта з гэтай найбольш папулярнай у хрысціянскім пісьменстве кнігі пачалося беларускае кнігадрукаванне.

Марыў калісці славуты Скарына

“Ціснучы” кнігі на мове бацькоў

Простаму люду у роднай краіне

Зробіць даступнай ён мудрасць вякоў.

Н.Гілевіч
Вяд.1: Цяжка прыходзілася Францыску, бо злыя людзі казалі: “Навошта беларускім людзям яшчэ і кніга? Няхай будуць цёмнымі і неразумнымі!”. Але Скарына дабіўся свайго. Пасля доўгіх блуканняў друкар у пачатку 1520-х гадоў вырашыў асталявацца ў Вільні. Тут ён выбраў нявесту - сваю суайчынніцу, заснаваў друкарню ў доме старэйшага віленскага бурмістра Якуба Бабіча. У 1522 годзе была надрукавала «Малая подорожная кніжыца». Услед за ёй Скарына надрукаваў «Апостал» (1525г.). Гэта былі кнігі на зразумелай простым людзям беларускай мове таго часу. Біблія у той час была падручнікам для навучання грамаце бедным людзям. У тыя далёкія гады гэта было сапраўдным подзвігам.


Вяд2. Ён першы кнігу даў славянам,

На простай мове ўзорны ліст.

Ён знаў: з -за хмараў валавяных

Праб’ецца сонца на зямлі.



А.Іверс

Мы можам ганарыцца і тым, што ў віленскі перыяд сваёй дзейнасці ён заснаваў першую друкарню на тэрыторыі Беларусі. Як сцвярджалі старажытныя рымляне, «напісанае застаецца». Напісанае Скарынам — дарагая рэліквія, духоўны скарб, нацыянальная святыня.


Вяд.1 Наш славуты зямляк Францыск Скарына адным з першых зразумеў вялікую гістарычную ролю друкаванай кнігі як крыніцы ведаў і асветы і даў магчымасць свайму народу чытаць Біблію на роднай мове.
Вяд.2 “…Няпраўда, што нібыта толькі старажытныя мовы могуць быць моваю кніг. Мовы польская, чэшская, мова маёй радзімы Белай Русі вартыя таго, каб стаць мовамі навукі. Хіба ім не хапае слоў, ці можа, няма ў іх правіл граматычных, як у старажытных класічных мовах? Ёсць. Толькі перакладаючы свяшчэнныя кнігі на жывую мову ўсіх народаў, можна дабіцца таго, каб яны сталі сродкам распаўсюджвання навукі, асветы і культуры ў народзе. Гэта я сцвярджаю і інакш думаць не магу”. (Ф.Скарына).
/гучыць музыка/
Чыт. Душу маю запаланілі кнігі,

Яны і днём і ноччу сняцца мне…

Свяціліся, як пацеркі з брыльянтаў,

Як жэмчуг, прад якім ты трапятаў,

“АЗЫ” і “БУКІ” тоўстых фаліянтаў,

Што я ў сафійскай кніжыцы гартаў.

…Лічу я кнігі скарбамі сваімі,

Хачу, каб непісьменнасці імгла

Святло, што выпраменьваецца імі

Не зацямніла, не перамагла!



У.Скарынкін
Вяд.1 Доктар медыцыны Францыск Скарына быў чалавекам шматграннага таленту. У біблейскіх кнігах ён змясціў арыгінальныя прадмовы, у якіх тлумачыў змест, выказваў свае філасофскія, гістарычныя і асветніцкія погляды.
Вяд.2 Францыск Скарына не знаходзіў жаданых умоў і прытулку на землях родных. У 1526-1527 г. спрабуе наладзіць выданне кніг ў Маскве. Але гэта сустрэла энергічнае супраціўленне кансерватыўнага маскоўскага грамадмтва, і кнігі друкара былі спалены на лобным месцы. Знішчэнне кніг прынесла першадрукару матэрыяльныя страты, але папулярнасці выданняў не пашкодзіла. Аб гэтым красамоўна сведчыць той факт, што вялікая лічба экзэмпляраў Бібліі Францыска Скарыны была знойдзена ў складзе рускіх рукапісных зборнікаў.
Вяд.1 Невыносна цяжкім аказаўся для Скарыны 1529 год: памёр яго брат Іван, затым жонка Маргарыта, пакінуўшы на руках Скарыны малога сына Сымона. Яе родзічы пачалі адсуджваць у Скарыны маёмасць. Патрабавалі ад яго грошы і крэдыторы брата. Францыск Скарына пасаджаны за краты.

І трэба ж так! Ці ж не народу, краю

Аддаў ён і сябе, і кніг тамы

Завошта лёс бязлітасна карае

Пажарамі і холадам турмы..?

А.Лойка
Чыт. Палілі скарб, вязалі рукі.

Ледзь не самога – на касцёр,

“Пачатак добрае навукі”

Усё ж ён вывеў на прастор.

У белы свет рассунуў сцены

З тае спрадвечнае глушы.

Быць меўся лекарам для цела,

А стаўся доктарам душы.



М.Лужанін
Вяд.2 Толькі праз 10 тыдняў пляменніку Раману ўдалося вызваліць з турмы Францыска Скарыну. Ён дабіўся асабістай аўдыенцыі ў Жыгімонта І Старога, і 24 мая 1532 года кароль выдаў ліст, які вызваляў Скарыну ад судовых іскаў і прэтэнзій з боку крэдытораў брата Івана.
Вяд.1 Некалькімі месяцамі пазней Жыгімонт І асабістым прывілеем вызваліў вучонага з-пад юрысдыкцыі ўсіх судовых інстанцый на тэрыторыі Кароны Польскай і Вялікага Княства Літоўскага, за выключэннем каралеўскага суда. У прывілеі было сказана:
Чыт. “Зразумела, надаючы доктару Францыску такую ласку, мы адказваем за яго поўную бяспеку і прымаем пад сваю ахову і заступніцтва з тым, каб з іх дапамогай ва ўсіх местах нашага Каралеўства, раней згаданага Вялікага Княства Літоўскага нашага, і ў іншых валоданнях нашых ён быў абаронены ад усялякага гвалту з боку розных асоб. Ніхто не мусіць затрымліваць ані яго, ані ягоную маёмасць…”.
Вяд.2 Гэта з’явілася своеасаблівым прызнаннем заслуг вялікага вучонага і гуманіста – нашага земляка Францыска Скарыны.
Вяд.1 3 1535 г. Скарына працуе ў батанічным салзе чэшскага караля Фердынанда.. Сам жа Францыск, хутчэй за ўсё, і заснаваў той сад. Пражскія гады жыцця Скарыны прайшлі даволі спакойна. У Празе ён займеў пэўную маёмасць, якая перайшла да яго сына.

Я – каралеўскі батанік і лекар

І знаю, няма таго зелля,

Што хоць на міг ад тугі па Айчыне вылечвае.

Ды ў грудзях маіх, можа на сэрцы – вузельчык

З роднай зямелькаю, цёплай і вечнаю…


Вяд.1 Звесткі пра Францыска Скарыну адсутнічаюць з 1541 года. Памёр асветнік каля 1551 года, аднак дакладная дата смерці і месца пахавання невядомы.
Вяд.2 Многія гісторыкі і літаратуразнаўцы прысвяцілі свае жыцці даследванню творчай спадчыны і вывучэнню біяграфіі Францыска Скарыны. Але і цяпер яшчэ вакол яго асобы шмат неразгаданых таямніц. Адна з іх звязана з гербам асветніка, на якім Сонца выяўлена побач з Месяцам. Існуе ажно тры легенды, якія вытлумачваюць гэту выяву.

Паводле адной: Ф.Скарына на гербе пазначыў дзень свайго нараджэння. Сонца побач з Месяцам быццам бы гаворыць пра сонечнае зацьменне, якое адбылося сярод дня, калі ў Полацку ў доме купца Лукі Скарыны нарадзілася дзіця.


Вяд.1 Паводле другой легенды, выява на гербе Скарыны мае філасофскі сэнс. Ёю асветнік хацеў сказаць, што веды, якія нясуць простым людзям яго кнігі, робяць іх непадуладнымі тым, хто мае зямное багацце і ўладу. Веды ўзносяць чалавека на такую вышыню, з якой глядзяць на зямлю далёкія свяцілы. І над тымі, хто далучаны да высокіх ведаў, ёсць толькі адзін валадар – Бог.
Вяд.2 Трэцяя легендасамая рамантычная. Яна апавядае пра тое, як аднойчы ў Вільні на плошчы перад ратушай сустрэў Скарына светлакосую і яснавокую Маргарыту, замужнюю жанчыну. Яны спыніліся ў нечаканай разгубленасці і зазірнулі ў вочы адзін аднаму. І зразумелі, што створаны Богам, каб быць разам. І забыліся, што на свеце яны не адны, а побач шмат людзей, якія толькі і назіраюць за маладой красуняй, каб потым пасмяяцца і папляткарыць. Але, калі паімкнуліся двое закаханых адзін да аднаго, здарыўся цуд: зацямнілася на хвіліну свяціла, прыхаваўшы іх ад людскіх вачэй. Нібыта на нябёсах Сонца пацалавалася з Месяцам, як на зямлі Францішак і Маргарыта…

Чыт. З глыбокай старажытнасці – спрадвеку:

Каб з плеч сагнутых скінуць гнёту груз,

Каб мову мець, каб звацца Чалавекам,

Цягнуўся да асветы беларус.

Яго ў воз галечы запрагалі

Служыцель боскі, шляхціч – багацей…

Маёнткі будавалі за пергамент.

А просты люд – гібеў у цемнаце.

А бедны люд гарачымі вачамі маліў збавення…

Свет загаманіў, нарэшце, што з’явіўся палачанін,

Першадрукар Скарына, гуманіст…

Успомні час той, Залатая Прага,

Калі ў аздобе срэбраных бяроз

Глядзела на цябе любоўна, прагна

Скарынава Радзіма – Беларусь.

Як ля станка друкарскага карпеў ён,

Нібыта апантаны,-успомні ты…

На мове роднай, велічнай і спеўнай,

Ён здзіўленаму свету даў “Псалтыр”.

Мой сучаснік, продак мой Скарына!

Прымі за тое ад мяне паклон

Што езуітам хіжым не скарыўся,

Што кінуў у твар святым айцам праклён…

Я ўчора кляўся, і кляўся сёння…

Славуты доктар лекарскіх навук!

Твой герб – злучэнне Месяца і Сонца –

Ні перад кім не выраню я з рук.

М.Федзюковіч


/гучаць цымбалы/
Вяд.1 З часу Скарыны прагрэсіўныя сілы эпохі пракладвалі дарогу друкаванай кнізе. Кніга – сапраўды геніяльнае адкрыццё чалавецтва. Яна належыць да тых вынаходстваў, якія не маюць сабе роўных і ніколі не знікнуць з чалавечай цывілізацыі.
Вяд.2 500 гадоў прайшло з выхаду ў свет беларускай Бібліі. Шмат чаго змянілася за гэтыя часы. Беларусь перажывала і ўзлёты, і заняпады, але засталіся нязменнымі вечныя духоўныя ісціны, якія захавала нам Біблія, самая славутая з усіх кніг, створаных чалавецтвам.
Чыт. Шуміць Скарынаўскае свята

Спявае ў сэрцах палачан,

І грае музыка заўзята,

І б’е вясѐлкамі фантан.

Скарына! Кніг яго крылатых

Святло нам ззяе праз вякі.

Ён сеяў мудрасці зярняты,

Каб свет пазналі землякі.

Вучэння залажыў асновы,

Як трэба веды здабываць.

На беларускай роднай мове

Жадаў ѐн з намі размаўляць.

Вучыў: як птушкі ўсе адвеку

Да родных гнѐздаў зноў ляцяць,

Так без Радзімы чалавеку

Няма ні шчасця, ні жыцця.

Табе мы рады пакланіцца,

Скарына, сэрцаў валадар,

За кніжак вечную крыніцу,

За гэты твой цудоўны дар.

Ты шлях праклаў нам да навукі,

Не пахіснуўся ў барацьбе...

Мы верым: прынясуць і ўнукі

Ўсе кветкі верасня табе.



Надзея Ярмак


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка