Першы модуль – першы крок да Актыўнай Ацэнкі




Дата канвертавання02.05.2017
Памер73.23 Kb.
Першы модуль – першы крок да Актыўнай Ацэнкі

Мікалай Запрудскі
Алена Радзевіч

Ведаеце, як актыўную ацэнку назвала Алена Ананчыкава? Асяроддзе. Адукацыйнае асяроддзе. На наш погляд, гэта вельмі ўдалая назва. Асабліва гэта заўважна на нашых форумах наконт справаздач.

Каго ўцягвае рыбалка, каго гарэлка, каго наркотыкі, а нас дыстанцыйнае навучанне. Цягне да камп’ютара, хочацца хутчэй уключыць і чытаць-чытаць справаздачы, думаць, пагаджацца, спрачацца, крыўдаваць іншы раз на сябе, што сам не дадумаўся да чагосці. Карацей, вучыцца. Сапраўды, мы вучымся. І ментары, і студэнты. Дзякуючы нашым стасункам у кожнага выкрышталізоўвецца свая актыўная ацэнка, бо мы розныя. Але ёсць пэўныя правілы АА, якія выпрацаваны ў вопыце тых, хто раней да яе далучыўся: і за межамі Беларусі, і ў нас. І гэтыя правілы ёсць рэгулятывы дзейнасці, якіх пажадана прытрымлівацца.

Дык вось, аналіз справаздач і водгукаў, водгукаў на водгукі дазволілі ўбачыць, што большасць удзельнікаў нашага праекта больш-менш падзяляе правілы АА. Гэта добра.

Цяпер мы выкажам свае меркаванні, прапановы наконт хады і вынікаў першага модуля.

Першае.

Усе мы хацелі б больш эфектыўна працаваць на якасць адукацыі, разумеем, што АА дазваляе паспяхова ў гэтым кірунку рухацца. Разумеем што, чым больш настаўнікаў займаецца АА, тым лепш. Таму мы жадаем, каб усе студэнты, якія пачалі з намі гэты курс паспяхова яго скончылі, атрымалі сертыфікаты, маглі стаць мультыплікатармі – распаўсюджваць АА ў адукацыйным асяроддзі.

Для гэтага, калегі, на наш погляд, патрэбна наступнае:

Ментарам:

у сваіх водгуках абавязкова ставіць пытанні да аўтараў справаздач, бо гэта будзе стымуляваць дыскусіі;

не быць катэгарычнымі, а даваць альтэрнатывы;

абгрунтоўваць свае прапановы;

крытычна ставіцца да тых месцаў у справаздачах, у якіх студэнты дзеля жадання наблізіцца, як яны думаюць, да АА, пішуць рэчы, якія рэальна немагчыма рэалізаваць на уроку;

не выкарыстоўваць тэрміналогію, якая адносіцца да наступных модуляў (зваротная сувязь, ключавыя пытанні і інш.), бо гэтыя тэрміны могуць быць невядомыя студэнтам;

не ўскладняць відавочна простыя рэчы;

выказвать свае меркаванні і наконт справаздач не “сваіх” студэнтаў.

Трэба заўважыць, што ментары ў большасці кіраваліся пералічанымі правіламі. Замацуем добрае, што ў нас ёсць.

Студэнтам.

Паважаныя студэнты, добра, што вы знаходзіце час, паглыбляецеся ў АА, пішаце справаздачы. Робіце гэта адказна і ўмела.

Ёсць некалькі магчымасцей, каб павысіць прадуктыўнасць Вашай працы:

абавязкова рэагуйце на водгукі ментараў: не забывайцеся дзякаваць, пагаджайцеся, канструктыўна спрачайцеся, стаўце пытанні;

цікаўцеся водгукамі іншых студэнтаў (і не толькі па свайму прадмету);

удзельнічайце ў форумах па абмеркаванню справаздач іншых студэнтаў.

Заўважым, што многія студэнты якраз кіруюцца гэтымі правіламі.

Другое.

Як далучалі студэнты вучняў да АА, інфармавалі іх аб гэтым? А асноўным гэта выглядала так, як зрабіў Андрэй Лянчэўскі: “Про использование активной оценки я сообщил ученикам в начале учебного года. … Учащиеся восприняли моё сообщение благосклонно. Они всегда поддерживают мои новые начинания. Я их заверил, что элементы технологии мы всегда использовали (я работю с учащимися второй год), а сейчас приведём в систему свои навыки работы. С другой стороны, я понимал, что необходимо последовательное использование всех элементов технологии, а не каких-то её частей”.

Адна невялікая заўвага: не варта гаварыць вучням, калегам, бацькам, што АА – гэта “эксперымент”. Вызначальная роля пры эксперыменце належыць навуковай гіпотэзе, якая можа пацвердзіцца, альбо не. Перш, чым прыйсці да нас, стратэгія АА прайшла доўгі шлях, у тым ліку і эксперыментальны. У 1998 годзе прафесары Пол Блэк і Дылан Уільям правялі даследаванні, прысвечаныя працэсу навучання і ацэньвання, эксперыменнтальна пацведзіўшы ўплыў АА на эфектыўнасць працэсу навучання. На абывацельскім узроўні слова “эксперымент” можа несці негатыўны характар, таму лепш карыстацца тэрмінам актыўная ацэнка - новая стратэгія навучання, а вучням, бацькам пажадана казаць так: “Мы вучымся па-новаму, прытрымліваемся іншых правілаў (называюцца), выкарыстоўваем іншыя спосабы кантролю …”



Трэцяе.

Як фармуліравалі мэты да ўрокаў? 

Мэты - ключавы момант АА. Прыемна, што большасць студэнтаў разумее, што:

мэта павінна адпавядаць патрабаванням вучэбнай праграмы, грунтавацца на тых ведах і ўменнях, якімі вучні ўжо валодаюць, -- вызначацца ў зоне іх бліжэйшага развіцця;

мэта павінна вызначацца дыягнастычна – патрэбна ўказваць плануемы вынік урока, тыя веды і ўменні, спосабы дзеяння, якімі, плануецца, авалодаюць вучні. Толькі тады настаўнік і вучні могуць адсочваць, як яны на працягу ўрока набліжаюцца да мэты;

калі мэта вызначана дэкларатыўна (гэта, па сутнасці, не мэта), то настаўнік здымае з сябе адказнасць за вынік урока;

вучні могуць прыняць мэту настаўніка або самавызначыцца на свой асабісты вынік дзейнасці на ўроку;

мэта павінна быць бачнай для вучняў на працягу ўрока, што дае магчымасць для параўнання вучнямі з ёй таго, што яны дасягнулі на пэўным этапе ўрока ці да яго завяршэння.

Усе разумеюць, што вучні павінны мець мэту і разумець, чаму менавіта такая мэта ставіцца на дадазены ўрок. На форуме была палеміка пра тое, ці аднолькавымі павінны быць навучальныя мэты на ўрок настаўніка і вучняў. Былі меркаванні, што мэты могуць быць рознымі. Выходзіць, што дзеці цягнуць у адзін бок (у іх такая мэта), а настаўнік іх прымушае рухацца ў другім напрамку (у яго іншая мэта). 

Збольшага яны, на наш погляд, павінны супадаць! Пры гэтым мэта вучня можа быць больш канкрэтнай. Напрыклад, калі настаўнік плануе, што вучні будуць умець рашаць задачы тыпу (указваюцца задачы рознай складанасці – на 6, 8, 10 балаў). То вучань можа ў сваей мэце абмежавацца толькі трэцім узроўнем.

У актыўнай ацэнцы ўсё настолькі прадумана, што на этап мэтавызначэння не варта траціць многа часу і ўскладняць яго, шукаючы шляхі да прыняцця мэтаў вучнямі. Ёсць мэты мовай вучня і гэта адзін з момантаў, які адрознівае АА ад іншых методык і педагагічных стратэгій. Аналізуючы некаторыя справаздачы, прыходзіш да высновы, што этап фармуліроўкі мэтаў можа зацягнуцца амаль на палову ўрока! Важна помніць: настаўніцкія мэты – мэты для ўнутранага карыстання, сфармуляваны дыягнастычна і на сваім “педагагічным слэнгу”. Таму і патрэбны мэты мовай вучня, каб кожны вучань, з рознымі здольнасцямі, мог іх зразумець.

Ёсць шмат спосабаў давядзення да вучняў мэты іх мове, прыняцця або вырошчвання яе вучнямі. Прывядзем некаторыя з іх:

• настаўнік звяртае ўвагу на запісаную на дошцы тэму і просіць вучняў індывідуальна, а затым у парах вызначыць для сябе мэты на дадзены ўрок. Прапановы запісваюцца на дошцы, а затым настаўнік абагульняе сказанае вучнямі і такім чынам вызначаецца мэта вучняў, як плануемы вынік іх дзейнасці

• на пачатку ўрока настаўнік звяртае ўвагу вучняў на запіс мэты ўрока на дошцы і прапануе сказаць, як яны напрыканцы ўрока даведаюцца, што тэму засвоілі. Іх прапановы (яны называюць пэўныя аспекты тэмы) па сутнасці становяцца мэтай дзейнасці на ўроку;

• педагог загадзя запісвае на дошцы тэму, а таксама мэту і прапануе вучням унесці якія-небудзь карэктывы (як правіла вучні пагаджаюцца з мэтай, якую сфармуліраваў настаўнік);

• настаўнік прапануе некалькі варыянтаў мэты, якія адрозніваюцца ўзроўнямі засваення: на “6”, на “8” або на “10” балаў) і прапануе кожнаму з вучняў выбраць свой узровень;

• вучням дэманструецца тэст, які яны будуць выконваць на заканчэнні ўрока; ім прапануецца зрабіць прагноз паспяховасці выканання заданняў тэста;

• вучні адзначаюць у таблічцы, што яны ўжо ведаюць па новай тэме, а што пакуль не, а потым на гэтай аснове фармуліруюць сваю мэту на ўрок;

• вельмі моцны варыянт: настаўнік стварае праблемную сітуацыю, арганізуе фармуліроўку ключавога пытання (аб гэтым, шаноўныя студэнты, пазней). Вучні прыходзяць да высновы, што для вырашэння сітуацыі, для адказу на ключавое пытанне, неабходна нешта ведаць…і ўмець… Гэтае “нешта” называюць самі вучні. Такім чынам яны вызначылі мэту.

Псіхалагічна чалавек цягнецца да больш простых рэчаў, якія з меньшымі выдаткамі даюць лепшы вынік. Да рашэння матэматычнай задачы можна прыйсці доўгім шляхам, а можна аптымізаваць рашэнне і знайсці самы кароткі шлях. Актыўная ацэнка дае аптымальны кароткі шлях да эфектыўнага навучання!

Яшчэ адно цікавае пытанне. На якой хвіліне ўрока патрэбна праводзіць этап мэтавызначэння? Калі спачатку было апытванне вучняў (прыкладна 15 мінут) па дамашняму заданню, а перад пачаткам вывучэння новай тэмы настаўнік аб’яўляе і тэму, і мэту на мове вучняў, то выходзіць, што трэцюю частку ўрока вучні не мелі мэты, нешта, магчыма, рабілі, не разумеючы навошта яны гэта робяць. Калі ж мэта вызначаецца на пачатку ўрока, то вучням пажадана тлумачыць, навошта паўтараецца матэрыял, чаму гэта важна з пункту гледжання дасягнення мэты. Вучні разумеюць, што настаўнік правярае дамашняе заданне не для таго, каб паставіць адзнакі, а для таго, каб новую тэму паспяхова вывучыць. 

Чацвертае.

Многія студэнты напрыканцы сваіх урокаў прымянялі прыём незакончаных сказаў: я навучыўся…, цяпер я ўмею…, я змагу… і г.д. Гэта добра, бо павышае адказнасць вучняў, звяртае ўвагу вучняў на іх асабістую дзейнасць і вынікі, матывуе і г.д. Але ёсць пытанні:

1) ці можа вучань адназначна і аб’ектыўна ацаніць, ці навучыўся ён, у якой ступені навучыўся, ці зможа...

2) ці маюць пры гэтым вучні інфармацыю ад настаўніка аб тым, наколькі яны добра засвоілі матэрыял? Яму – вучню – здаецца, што добра засвоіў, а крытэрыяў ацэнкі ён не мае.

3) ці ведае пры гэтым сам настаўнік, у якой ступені вучні авалодалі матэрыялам урока?

Думаем, што Вы, калегі, адчуваеце пэўную нявызначанасць: і настаўнік, і вучні не вельмі дасведчаны аб тым, наколькі добра спрацавалі на ўроку, з чым дзеці выходзяць з урока, у чым паспяховыя, дзе есць прабелы.



Як жа быць? Другі модуль якраз зверне нашу ўвагу на сродак, які дазволіць адказаць на тры пытанні словам “Так! Маюць і ведаюць”. Гэты сродак – “наштобузу”. 

Дзякуй, калегі, за навуку. Поспехаў Вам.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка