Першыя крокі адукацыі




Дата канвертавання17.04.2017
Памер189.07 Kb.

  1. Першыя крокі адукацыі

Першае ўпамінанне пра школу адносіцца да 1855 года. У кнізе запісаў расходаў за люты месяц ёсць запіс, што за 10 буквароў заплачана 62 капейкі, маюцца звесткі пра навучанне свяшчэнніцкіх дзяцей дома і ў навучальных установах. Пры перапісі насельніцтва за 1872 год пры служэнні А.Г.Тарановіча ўспамінаецца пра сіротствуючых Анастасію Восіпаўну Чарняўскую і Фёдара Восіпавіча Чарняўскага. Яны адносіліся да духоўнага саслоўя і пражывалі ў доме свяшчэннаслужыцеля. Маладыя былі роднымі для жонкі А.Тарановіча Юліі Восіпаўны. З’яўляючыся дзецьмі свяшчэнніка, яны атрымалі адукацыю, і ў дакументах 1874 года запісана, што Анастасія Восіпаўна Чарняўская з’яўляецца настаўніцай Махроўскага прыходскага вучылішча. Упамінаецца і яе брат.

Па дадзеных за 1882 год у Махроўскім прыходскім вучылішчы навучалася 10 хлопчыкаў і 2 дзяўчынкі. У 1886 годзе настаўнікам працаваў Фёдар Міхайлавіч Андрус, у 1886 годзе – Антон Семянчук. Яго змяніў у 1888 годзе Васіль Аляксеевіч Оргіч, які працаваў да 1898 года. У 1898 годзе працаваў Уладзімір Уладзіміравіч Дэвент, у 1899 годзе да яго далучыліся Яўгенія Уладзіміраўна Дэвент, яго сястра, і Канстанцін Іванавіч Дыдышка.




Махроўская Петра – Паўлаўская царква,

пабудавана ў 1742 годзе


  1. Школа ў польскі час

Пасля Рыжскага мірнага дагавору вёска Махро ўвайшла ў Бродніцкую гміну Пінскага павета. У буйных гарадах адразу сталі стварацца школы. Брэсцкі дзяржаўны архіў захоўвае частковыя звесткі пра нашу школу. Вядома, што ў 1926 годзе дзейнічала Publiczna szkola powszechna (публічная школа паўшэшная (пачатковая) (Фонд 59, опісь 8, д.137). У паўднёвай частцы павета працавала 17 настаўнікаў. Сярэдняя заработная плата складала ў 1937 і 1938 гадах 200 злотых. Зарплата дырэктара Махроўскай школы Рэкоша Владзіслава складала ў красавіку 1938 года 190 злотых. Дакумент з архіва за 1926 год сцвяржае, што на Мохренскую школу патрачана на рамонт дабротнага драўлянага пабеленага будынка 500 злотых, на ацяпленне – 156 злотых, пісьмовыя прылады – 50 злотых, усяго 1091 злотых (Фонд 2303, опісь1, дело 20).



Вядома пра настаўніка Саса Яна. У архіве маецца яго асабістая справа. Нарадзіўся ён 19 студзеня 1911 года у мястэчку Цтбонун, гміна Павловіце, павет Ільца. Бацьку звалі Барталамей, маці – Марыяна. У 1927 годзе Ян паступае ў настаўніцкую семінарыю у горадзе Солцу над Віслай, якая рыхтавала настаўнікаў для паўшэшных школ. У 1933 годзе скончыў яе і на аснове экзаменаў атрымаў наступныя адзнакі: па матэматыцы, навыкам рэлігіі, малюнку, практыцы педагагічнай – добра, па астатнім прадметам дастаткова (Ф.52, опісь 5, дело 6976).

Накіраваны на работу ў Бродніцкую гміну, працуе ў розных школах і ў верасні 1936 года накіраваны ў Мохренскую школу, дзе працаваў да 1939 года. Разам з ім накіравана на работу і Скульская Марыя, якая стала пазней жонкай Яна. У школе трэба было вучыцца 5 гадоў. Катовіч Вольга успамінае: “У нашай хаце жыў настаўнік Сас. Я да 1939 года паспела скончыць 2 класы польскай школы, а потым 2 класы савецкай школы. Памятаю яшчэ настаўніка Ногаля, у якога была дачка Ванда. Заўсёды перад пачаткам заняткаў чыталі малітву на польскай мове, каб Бог дапамог у вучобе. Кожную суботу да нас прыходзіў бацюшка – Рубановіч Павел Адамавіч. Строгі быў. Мы ўсе яго паважалі. Вывучалі Закон Божы. За дрэнную вучобу нас каралі. Нават на лёдзе катацца дазвалялі тым, хто добра вучыўся”. П.А.Рубановіч з жонкай, 1927 год



  1. Школа ў 1939 – 1941 гады

17 верасня 1939 года ўранку злучэнні Чырвонай арміі пачалі наступленне на Заходнюю Беларусь. У першы дзень былі вызвалены Баранавічы, 18 верасня – Навагрудак, Ліда, Слонім, 19 верасня – Вільня, Пружаны, 20 верасня – Гродна, 21 – Пінск, 22 верасня – Беласток і Брэст.

Пасля ўстанаўлення Савецкай улады ў заходнія вобласці БССР пераважна з усходніх абласцей прыбыло каля 31 тысячы партыйных, камсамольскіх, савецкіх работнікаў, спецыялістаў гаспадаркі і культуры. Яны адыгралі вялікую ролю ў арганізацыі сацыяльна-культурных і эканамічных пераўтварэнняў, наладжванні работы нацыяналізаваных прадпрыемстваў, транспарту.

Значныя змены адбыліся і ў народнай асвеце. Яна ўключалася ў савецкую адукацыйную сістэму. У большасці школ навучанне было пераведзена на беларускую і рускую мовы. Пачалася барацьба з непісьменнасцю. У пачатку 1941 года ў Беларусі 169,5 тысяч чалавек займаліся ў школах для непісьменных і малапісьменных. Некаторыя спецыялісты засталіся працаваць, але іх было мала. Палякі пакідалі нашу мясцовасць. З усходніх абласцей была прыслана вялікая колькасць савецкіх спецыялістаў, але кадраў не хапала. Успамінае Ігнатавец Мікалай Аляксеевіч: “Я скончыў 4 класы польскай школы, і ў 1939 годзе нас залічылі ў савецкую школу, толькі класам ніжэй. Я стаў хадзіць у 3 клас. Нашу настаўніцу звалі Алена Іосіфаўна, прозвішча я не памятаю. Вучняў 1 і 2 класаў вучыў Дзядкоў Міхаіл Раманавіч. Я яго добра запомніў, бо прыходзілася некаторы час жыць у адной вёсцы і сустракацца пасля вайны. Усе настаўнікі былі “васточныя” (так іх называлі ў вёсцы). Пачыналася навучанне ва ўсіх класах з вывучэння рускага алфавіта. Нас па новаму вучылі чытаць і пісаць. Скончыць школу не ўдалося, бо пачалася вайна.”

Дырэктарам школы ў 1939-1940 гады быў Бандарэнка Георгій Сысоевіч, які быў рэпрэсіраваны 08 ліпеня 1940 года. Яго змяніў Дон Лейбавіч, які пасля пачатку сусветнай вайны ўцякаў ад праследаванняў фашыстаў. У Польшы ён быў адвакатам, а ў беларускай весцы Махро стаў дырэктарам школы. Растраляны фашыстамі ў 1942 годзе.

Яшчэ пры Польшчы прыехаў працаваць настаўнікам у Махроўскую школу Уладзіслаў Курган, які з 1944 па 1946 год быў дырэктарам школы.

У 1939 -1940 гады прыехалі працаваць настаўнікі Гарохаў Пётр Сямёнавіч, Багатавы Елізавета і Аляксандр, Сяргушка Лідзія Пятроўна.


Дзядкоў Міхаіл Раманавіч
Нарадзіўся гэты выдатны чалавек 20 красавіка 1922 года ў вёсцы Данілавічы Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці. Скончыў Гомельскі педагагічны тэхнікум і ў 1939 годзе накіраваны ў вёску Махро працаваць настаўнікам. Напэўна, трэба было мець вялікую смеласць, каб паехаць працаваць у далёкія мясціны, дзе існавала другая краіна, былі свае парадкі. Але малады семнаццацігадовы Міхаіл не спужаўся цяжкасцей. Тут у нашай вёсцы сустрэў прыгажуню Валянціну і ажаніўся. Нарадзіўся сын Уладзімір. Дакументы сведчаць, што папрацаваў вельмі мала. Агульны стаж работы склаў 10 месяцаў і 2 дні, і тут пачалася Вялікая Айчынная вайна. Пачынаецца партызанская барацьба. Міхаіл Раманавіч са сваёй сям’ёй жыве ў вёсцы Махро. Новы фашысцкі парадак ледзь не каштаваў яму жыцця. Фашысты знішчалі спецыялістаў, камуністаў.

Цесная дружба звязала ў той час Дзядкова і свяшчэнаслужыцеля Калініна Серафіма Якаўлевіча. Па ўспамінах блізкіх, Калініну ўдалося выратаваць Міхаіла Раманавіча ад смерці. Як толькі ў лясах з’явіліся партызаны, былы настаўнік бярэ зброю і пачынае біць фашыстаў. З 7 сакавіка 1943 года па 34 лютага 1944 года з’яўляецца партызанам атрада імя Кутузава Молатаўскай партызанскай брыгады, аб чым маецца пасведчанне.

Пасля вызвалення нашай мясцовасці ад фашыстаў, Дзядкоў уліваецца разам з другімі партызанамі ў рэгулярную армію і ідзе вызваляць Еўропу ад фашыстаў. Удзельнічаў у вызваленні Варшавы і ўзяцці Берліна. Атрымаў шматлікія ўзнагароды, аб чым сведчаць дакументы. У 1947 годзе вяртаецца ў стаўшую яму роднай вёску. Але лёс распарадзіўся па-іншаму. М.Р.Дзядкоў, 1943 год Па сямейных абставінах прыйшлося разам з сынам пераехаць на сваю гістарычную радзіму. Працуе настаўнікам пачатковых класаў, дырэктарам Калінскай сямігадовай школы Уваравічскага раёна Гомельскай вобласці.

У 1955 годзе выбіраецца старшынёй калгаса “Чангарская дывізія” таго ж раёна, пасля ўзбуйнення гаспадарак старшынёй аб’яднага калгаса “Чырвоная плошча”. З 1966 года аж да выхаду на пенсію ў 1986 годзе загадвае аддзелам кадраў Касцюкоўскага РМА СХТ.





  1. Школа ў пасляваенны час

У верасні 1944 года была адкрыта Махроўская сямігодка. Першымі кваліфікаванымі настаўнікамі былі Гонтарава М.Д. і Гулік А.Ф.

Гонтарава (Ражкавец) Марыя Данілаўна (27.10.1926 – 04.05.2008) нарадзілася ў вёсцы Малінаўка Журовічскага (цяпер Рагачоўскага) раёна Гомельскай вобласці. Скончыла 9 класаў Журовічскай школы, потым Ганцавічскае педагагічнае вучылішча. У 1948 годзе накіравана ў Махроўскую школу настаўнікам пачатковых класаў. У 1988 годзе пайшла на заслужаны адпачынак.

Гулік (Паўлюкавец) Алена Фёдараўна нарадзілася ў Гомелі. Закончыла Рэчыцкае педагагічнае вучылішча. У 1948 годзе накіравана ў нашу школу, у 1950 годзе выходзіць замуж за настаўніка фізічнай культуры Паўлюкаўца Уладзіміра Якаўлевіча. У 70-х гадах з сям’ёй пераязджае у г. Гомель.

Да канца 1950 года школа была ўкамплектавана настаўнікамі. У 1945 год пад школу прыстасавалі пакінуты дом, у ім размясцілася два класы, у 1949 годзе метадам народнага будаўніцтва перабудаваны з пакінутага дома класнае памяшканне на два класы.

З дапамогай калгаса ў 1952 годзе пабудаваны школьны будынак на 4 класы.



У 1954 -1959 гадах (дырэктары Гурыновіч В.Н. і Крышко В.Н.) да гэтых будынкаў зроблена дабудова, і школа выведзена з наёмных памяшканняў. Заняткі сталі праводзіцца ў адну змену. Да 1955 года ніхто з мясцовых жыхароў не меў сярэдняй адукацыі.







1964 год



1967 год

1 верасня 1976 года, калі дырэктарам школы працаваў Хіліманюк Здзіслаў Мартынавіч, здадзены ў эксплуатацыю трохпавярховы будынак Махроўскай сярэдняй школы на 640 месцаў.






  1. Сучасны выгляд школы





Махроўская сярэдняя школа, 1996 год

ДУА “Махроўская сярэдняя агульнаадукацыйная школа”, 2014 год




  1. Дырэктары школы

1. Бандарэнка Геогій Сысоевіч (1939 – 1940) (рэпрэсіраваны 08.07.1940)

2. Дон Маісей Лейбавіч ( 1940- 1941) (растраляны фашыстамі)

3. Курган Уладзіслаў (1944 – 1946)

4. Багатаў Аляксандр Іванавіч ( 1946 – 1948)

5. Калашук Пётр Мікітавіч ( 1948 – 1950)

6. Шупленкоў Фёдар Міхайлавіч (1950 – 1953)

7. Гаспадароў Аляксандр Сцяпанавіч (1953 - 1954)

8. Гурыновіч Васіль Несцеравіч (1954 - 1958)

9. Крышко Васіль Мікалаевіч (1958 – 1960)

10. Казачэнка Арсеній Фёдаравіч ( 1960 – 1963)

11. Мартыновіч Міхаіл ( 1963 – 1964)



12. Хіліманюк Здзіслаў Мартынавіч (1964 - 1978)



13. Хіліманюк Надзея Сідараўна (1978 - 1997)




14. Грынчук Віктар Георгіевіч (1997 – 1998)



15. Грынь Вольга Міхайлаўна (1998 – 2001)


16. Макарэвіч Лявонцій Яўгеньевіч (2001 - 2004)

17. Гарбунова Інна Мікалаеўна (2004 – 2006)

18. Федарук Алена Васільеўна

(2006 - 2010)




19. Кунахавец Святлана Мікалаеўна (2010 -2011)

20. Катовіч Вольга Міхайлаўна


  1. Калектыў работнікаў Махроўскай сярэдняй школы



2004 год



2006 год



2009 год



  1. Медалісты Махроўскай сярэдняй школы

1. Цямчык Андрэй Пятровіч сяр. 1965 г.

2. Карповіч Уладзімір Макаравіч сяр. 1965 г.

3.Ігнатавец Тамара Анатольеўна сяр. 1986 г.

4. Ігнатавец Алена Сцяпанаўна сяр. 1987 г.

5. Дуль Зоя Васільеўна сяр. 1988 г

6. Чашун Наталья Аляксандраўна сяр. 1988 г.

7. Дзенісюк Алег Анатольевіч сяр. 1989 г.

8. Трапачка Людміла Іванаўна сяр. 1989 г.

9. Калодзіч Таццяна Міхайлаўна сяр. 1990 г.

10. Масляк Алена Леанідаўна залаты 1990 г.

11. Грынчук Аляксандр Віктаравіч залаты 1990 г.

12. Грынчук Віктар Віктаравіч залаты 1991 г.

13. Кузняк Віктар Іванавіч залаты 1991 г.

14. Карповіч Ірына Іванаўна сяр. 1991 г.

15. Ігнатавец Ірына Уладзіміраўна сяр. 1991 г.

16. Жушма Валянціна Андрэеўна залаты 1992 г.

17. Кунахавец Вольга Мікалаеўна залаты 1992 г.

18. Дуль Мікалаў Васільевіч залаты 1993 г.

19. Ігнатавец Вольга Сцяпанаўна залаты 1995 г.

20. Ігнатавец Наталля Васільеўна залаты 1995 г.

21. Ражкавец Таццяна Аляксандраўна залаты 1995 г.

22. Кананчук Ларыса Анатольеўна залаты 1995 г.

23. Кузьміч Алла Аляксееўна сяр. 1995 г

24. Аліферчык Дзмітрый Георгіевіч залаты 1996 г.

25. Гліннік Жанна Анатольеўна залаты 1996 г.

26. Паўлюкавец Міхаіл Вітальевіч сяр. 1996 г.

27. Нічыпорчык Сяргей Сцяпанавіч залаты 1999 г.

28.Паўлюкавец Юрый Іванавіч залаты 1999 г.

29. Гарбачоў Аляксандр Валер’евіч сяр. 2000 г.

30. Гарбачова Тамара Валер’еўна сяр. 2001 г.


  1. Вядомыя настаўнікі Махроўскай школы


Анатоль Паўлавіч Рубановіч

(1908-1970)


Працаваў настаўнікам малявання ў Махроўскай школе з 1960 па 1970 год.

Анатоль Паўлавіч атрымаў добрую адукацыю. Здольнасць да малявання праявілася рана. Першай ступенькай была Варшава і мастацкае вучылішча. Талент заўседы пракладзе сабе дарогу і удасканальваць свае майстэрства малады Анатоль едзе ў Вену і Парыж. Адтуль ен вяртаецца сапраўдным майстрам. Вярнуўшыся ў стаўшую яму роднай веску ён удасканальвае свае майстэрства. У 1938 годзе пры дапамозе стрыечнай сястры Ксеніі мае выставу ў г.Вільні. Яго работы пабачыла грамадскасць Польшы і Літвы. У 1940 годзе пасля смерці бацькі становіцца псаломшчыкам ў Махроўскай Петра-Паўлаўскай царкве.

У 1944 годзе Анатоль Паўлавіч уступае ў шлюб з Паўлюкавец Анастасіяй Андрэеўнай, якая была маладзей за яго на 6 гадоў.

Вялікая Айчынная вайна стала страшным выпрабаваннем для ўсяго народа. Прынесла яна “новы парадак” і ў нашу веску. Як самага адукаванага чалавека ў весцы Анатолія Паўлавіча немцы прызначылі старшынёй Махроўскай воласці.

Жыхары нашай вёскі сцвярджаюць, што калі б не мудрасць і чалавекалюбства гэтага чалавека магчыма нашай вёскі не было б на карце і жыхароў таксама. Ён умеў памірыць пасварыўшыхся аднасельчан і не адна скарга не дайшла да фашыстаў. 25 лютага 1944 года каля 100 жыхароў вёскі стаяла пад прыцэлам фашысцкіх кулямётаў, але ўмяшанне Анатолія Паўлавіча, які валодаў польскай і нямецкай мовай, прывяло да выратавання. 2 сакавіка таго ж года нашы землякі зноў адчулі подых смерці, але і на гэты раз Рубановіч выратаваў землякоў.

У ліпені 1944 года фашысты адступаючы выгналі вельмі многіх жыхароў у Германію. Сярод іх былі і Анатоль Паўлавіч з жонкай і маці. Вызвалялі іх амерыканцы. У чалавека адукаванага была магчымасць пакінуць Радзіму, але А.П. Рубановіч не адчуваў за сабой віны і вярнуўся ў родную веску. Але ўлады палічылі па-другому, і 23 жніўня 1947 года Анатоль Паўлавіч рашэннем ваеннага трыбунала прызнаны вінаватым у сувязях з фашыстамі і мерай пакарання назначана пазбаўленне волі на 10 гадоў. Жыхары вескі збіралі подпісы ў абарону, але нічога не дапамагло. Дачушцы Волечцы было усяго 9 месяцаў.

Тры гады правеў Анатолій Паўлавіч у Мінскай турме, чатыры – у далекай Архангельскай вобласці. Там ен стварае свае выдатныя вершы, піша карціны. Магчыма і зараз у прыватных калекцыях на тэрыторыі былога Савецкага Саюза маюцца яго работы.

29 ліпеня 1954 года, праз доўгія 7 гадоў, увесь сівы, з падарваным здароўем вяртаецца А. П.Рубановіч у родную веску, да сваей сям’і. Складана было ўладкавацца на працу высокаадукаванаму чалавеку з ярлыком “вораг народа”. Але работа знайшлася. Аж да самай смерці працуе настаўнікам выяўленчага мастацтва ў школе, загадчыкам клуба, кіруе калгасным хорам, піша вершы. Сшытак вершаў датуецца 1953-1970 годам. Піша шмат пейзажаў, партрэтаў землякоў, з’яўляецца ўдзельнікам многіх выставак.

Будучы чалавекам высокай культуры, інтэлігентным, выхоўваў і акружаючых яго людзей. Ён ніколі не павышаў голас і моладзь яго ўважліва слухала. На ўроках выяўленчага мастацтва ён адносіўся з павагай да любой вучнеўскай работы, кожнаму выказваў захапленне працай.

Словы “ужо лепш”, “выдатна”, “у гэтым нешта есць”, “ты робіш поспехі” заўседы суправаджалі аналіз дзіцячых малюнкаў і дзеці цягнуліся да яго. Тое, што з нашай школы выйшла шмат мастакоў, заслуга Рубановіча Анатолія Паўлавіча.




  1. Нашы знакамітыя выпускнікі



Аляксей Васільевіч Кузьміч -

член Саюза мастакоў рэспублікі, ганаровы акадэмік Акадэміі мастацтваў.

“Калі на свеце есць жамчужына, дык гэта Беларусь, а на Беларусі Палессе, а на Палессі - Махро”. Гэтыя словы належаць нашаму знакамітаму земляку Кузьмічу Аляксею Васільевічу, які лічыць, што ўсе у ім ад Анатолія Паўлавіча Рубановіча.

Нарадзіўся Аляксей Васільевіч 1 чэрвеня 1945 года у вялікай сям’і. Пяць сясцер і мама акружалі яго з дзяцінства. Бацька вярнуўся з фронту цяжка паранены і хутка памер. Жанчыны яго сям’і акружылі яго ласкай і дабрыней і, напэўна, і такія ласкавыя і прыгожыя глядзяць на нас яго шматлікія мадонны. Заканчвае Мінскі тэатральна-мастацкі інстытут, факультэт жывапісу.

З 1975 года ўдзельнічае ў мастацкіх выставах, у 1981 годзе прыняты ў Саюз мастакоў рэспублікі. 15 гадоў яго работы не выстаўляліся. Вялікую дапамогу яму аказалі мастакі Міхаіл Савіцкі і Валерый Пячэннікаў. Да сенняшняга дня ен вельмі ўдзячны гэтым людзям. Яго работы выстаўляліся ў Расіі, Англіі, Італіі, Швецыі, ЗША. Многім беларусам вядомы яго шматлікія мадонны, партрэты знакамітых людзей. У нашай зале прадстаўлены яго раннія работы. Мастак знаходзіцца ў пошуку. Колеравае рашэнне кожнай яго ранняй работы падпарадкавана галоўнаму патрабаванню: выразнаму раскрыццю вобраза. Работы маюць у нечым сімвалічны характар. Тут няма ні складанай кампазіцыйнай пабудовы, ні складанага псіхалагізма.

Галоўны персанаж яго работ – колер. Мастак, як і імпрэсіяністы, не змешвае фарбы, а мазкамі, пад час грубымі, перадае пабачанае ім імгненне, перадае яго ў руху. Пэнзаль мастака толькі пазначае сілуэты. Дакладны, прыцэльны мазок і мы бачым белага каня, стары дом, вясковую вуліцу і незвычайнае па сваей яркасці неба ў разгар лета. Цеплыя і халодныя колеры на адлегласці зліваюцца і перад гледачом паўстае карціна сельскага жыцця.



Сцяпан Рыгоравіч Кузьміч
Самадзейны мастак, фотааматар, бліжайшы сябра і вучань Рубановіча Анатолія Паўлавіча. Нарадзіўся у 1928 годзе. Што аб’ядноўвала розных па паходжанню, па ўзросту людзей? Напэўна адно - любоў да прыроды і да малявання. Сцяпан вучыўся ў Рубановіча, у многім паўтараючы яго. Талент Сцяпана праявіўся рана. За яго талент яго хацелі забраць вучыцца ў Маскву, але маці не адпусціла. Трэба было працаваць па гаспадарцы. Старэйшы брат загінуў на вайне, а бацька быў рэпрэсіраваны ў 1939 годзе. З 1946 па 1954 год працуе на шахтах Данбаса і пра вучобу ўжо не ішла размова. Усе астатнія гады жыцця звязаны з калгасам і фарбамі.

Назіраў за прыродай, любіў і ведаў яе, нават на Новы год забараняў вырубваць ялінку, лічачы, што прырода зменіць сваю прыгажосць. Амаль на ўсіх яго работах, якія засталіся нашчадкам, мы бачым залатую восень з яе непаўторнай прыгажосцю і сумам. Мастак з дапамогай залаціста-жоўтай фарбы, размяшчэння асноўных элементаў карціны, перадае стан асенняй прыроды, услаўляе восень у залатую яе пару. Неба не відаць, затое на пярэднім плане ласіная сям’я. Сумныя вочы маці-ласіхі, выраслі за лета яе дзеці. Сум, хаця настрой работы вельмі лірычны.





Віталій Арсенцьевіч Кузьміч - мастак-афарміцель.

Любімым і, напэўна, адным з самых таленавітых вучняў у Рубановіча А.П. быў Віталій Арсенцьевіч Кузьміч, пра якога ўспамінаецца ў фільме 1963 г. Анатоль Паўлавіч разгледзіў гэты талент і ўсяляк дапамагаў хлопчыку, які нарадзіўся ў 1950 г. у в. Махро.

В.А. Кузьміч закончыў вучылішча ў Мінску, якое рыхтавала мастакоў-афарміцеляў. Працаваў мастаком у Іране, Мінску. Пісаў многа, але яго работы нідзе не выстаўляліся. Выпадкова іх убачыў аднафамілец і зямляк Кузьміч Аляксей Васільевіч і дапамог арганізаваць выставу, дапамог палатном і фарбамі. І краявіды Палесся сталі яшчэ больш выразнымі. Кузьміч В.А. любіў прыроду да ўзвышанага пакланення ёй. Свае захапленне перад сонечным святлом удалося адлюстраваць у многіх работах. Чым больш углядваешся ў карцінуы тым больш і больш захапляешся прыгажосцю роднай прыроды. Яны вызначаюцца прадуманай кампазіцыяй, цэльнасцю колера, выразнай і праўдзівай перадачай рэчаіснасці. Мастак вельмі любіў адценні фіялетавага колеру, у многіх яго работах, якія ен пакінуў, мы бачым яго.

Просты малюнак, на якім паказаны куточак дзяцінства, не існуе сам па сабе, ен цесна звязаны з жыццем чалавека. Радасны настрой ад яркай зімовай раніцы. Прырода спачывае. Простымі каляровымі алоўкамі мастак дакладна перадае і снег, які мае розныя адценні, пераліваецца, і блакітна-шэрае неба, якое бывае зімой. І нават дым мае свае значэнне для перадачы настрою мастака. Памер мастак у 1997 г.



Іван Іванавіч Клімовіч

мастак-афарміцель, пейзажыст

Адзін з маладзейшых Махроўскіх мастакоў нарадзіўся ў 1962 г. Роднае Палессе, азёры, бары, старыя хутары, дарогі, нацюрморты глядзяць на нас з яго карцін. Большасць работ напісаны з натуры. З ранняга дзяцінства назіраў за работай Рубановіча і Кузьміча Сцяпана, карціны якога спрабаваў капіраваць. Карціна “ Ля Акуніна” напісана з натуры. Кожны жыхар нашай вёскі, які пабываў там, пазнае гэтае месца. Магутныя дубы, якія сталі сімвалам гэтых месцаў захавалі памяць пра партызанскую славу, пра подзвіг народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Карціна перадае настрой летняга дня. Мастак выкарыстоўвае вяселыя легкія колеры. Яны ствараюць адчуванне блізкага, добра знаемага.



Віталь Уладзіміравіч Ігнатавец –

мастак, рэзчык па дрэву.

Нарадзіўся 24 студзеня 1960 года. У 1975 годзе закончыў 8 класаў Махроўскай сярэдняй школы.

Вучыўся ў Мінскім архітэктурным тэхнікуме. Пасля яго заканчэння служыў у арміі. У 1981 годзе паступіў ва універсітэт Патрыса Лумумбы г. Масквы. Праз два гады перавёўся на завочнае аддзяленне юрыдычнага факультэта БДУ г.Мінска. З 1982 па 1983 год працаваў мастаком на Фабрыцы сувеніраў г.Брэста. Зараз працуе мастаком ў ААА “Белавежскі”.



Майстры спорту


Цямчык Уладзімір Васільевіч –

майстар спорту міжнароднага класу па лёгкай атлетыцы







На вечары сустрэчы выпускікоў,

люты,2010 год

Божка Ала Віктараўна - майстар спорту міжнароднага класу па лёгкай атлетыцы



Кузняк Марына Іванаўна – майстар спорту міжнароднага класу па спартыўнай хадзьбе




База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка