Плагіят у беларускіх вну: прычыны, наступствы, спосабы рашэння




старонка2/3
Дата канвертавання02.01.2019
Памер401.15 Kb.
1   2   3

3. Фактары плагіяту
3.1. Фактары названыя студэнтамі
Даследаванне BIPI не толькі паказвае, колькі студэнтаў прызналася да здзяйснення плагіяту, але і тое, якім чынам студэнты тлумачаць існаванне гэтай практыкі. Адказваючы на пытанне аб тым, чаму студэнты прыбягаюць да плагіяту, рэспандэнты маглі выбраць некалькі варыянтаў адказу. Адказы размеркаваліся наступным чынам:
54% рэспандэнтаў тлумачаць факт прыбягання да плагіяту «адсутнасцю практычнай вартасці пісьмовых заданняў», а 48% прыкмячаюць, што тэмы, па якіх ім кажуць пісаць працы, «састарэлыя і непатрэбныя».
46% рэспандэнтаў сказалі, што студэнты здзяйсняюць плагіят або іншыя формы падману, паколькі гэта паўсюдная практыка. 37% рэспандэнтаў лічаць плагіят «інтэгральнай часткай шляху студэнцкага жыцця ва ўсе часы, і не варта перабольшваць негатыўныя наступствы такіх практык».
Толькі 29% сказалі, што плагіят спрычынены тым, што навыкі акадэмічнага пісьма, даследчай культуры і метадалагічная пісьменнасць не былі прышчэплены ў працэсе навучання. 22% звярнулі ўвагу на агульную атмасферу цярпімасці да плагіяту сярод студэнтаў і выкладчыкаў. 20% студэнтаў прыкмецілі, што плагіят з'яўляецца наступствам адсутнасці прававых механізмаў па барацьбе з парушэннем прынцыпаў акадэмічнай сумленнасці ў сістэме вышэйшай адукацыі ў Беларусі.
Падагульняючы, фактары ва ўспрыманні студэнтаў могуць быць згрупаваны ў чатыры катэгорыі: а) адчуванне непатрэбнасці (многіх) пісьмовых заданняў; б) успрыманне плагіяту як паўсюдную практыку; в) адсутнасць навыкаў акадэмічнага пісьма; д) адсутнасць прававых механізмаў па барацьбе з плагіятам.
3.2. Фактары названыя выкладчыкамі
У ходзе інтэрв'ю мы прасілі выкладчыкаў, каб адказалі на пытанне аб тым, чаму плагіят шырока распаўсюджаны сярод студэнтаў. Адказы могуць быць падзеленыя на тры катэгорыі: а) тыя, што ўказваюць на фактары, звязаныя са становішчам студэнтаў, б) што ўказваюць на фактары, звязаныя з сітуацыяй выкладчыка; в) што ўказваюць на культурны фон.
3.2.1. Фактары, звязаныя з сітуацыяй студэнтаў
1. Студэнты не маюць неабходных навыкаў па падрыхтоўцы пісьмовых работ. Многія рэспандэнты прыкмячалі, што на працягу ўсяго адукацыйнага цыклу беларускую моладзь не вучаць пісаць тэксты, выражаць свае ўласныя думкі ў пісьмовай форме і працаваць з крыніцамі. Зацытуем некаторыя выказванні рэспандэнтаў:


  • «Прычына – іх не вучаць пісаць сваю працу, разважаць».

  • «Няма курсаў акадэмічнага пісання».

  • «Студэнты не матываваныя да вучобы і праяў творчасці з-за культуры навучання – пераважна лекцыйнай, не арыентаванай на самастойную працу і разважанні, сумесныя абмеркаванні».

  • «Большасць студэнтаў не здольныя ясна і складна выказваць свае думкі – ні пісьмова, ні вусна».

  • «У беларускай сістэме адукацыі фактычна не вітаецца сваё меркаванне, на большасці іспытаў патрабуюць проста пераказваць на памяць канспект лекцый. Дык адкуль у студэнтаў возьмецца навык працаваць з крыніцамі, разважаць і выказваць свае думкі?»

  • «Студэнты не ўмеюць сфармуляваць сваё меркаванне, коснаязыкія»

  • «Навыкі пісаць не сфарміраваны ў школе».

2. Студэнты мяркуюць, што плагіят застанецца нявыкрыты, а нават калі і будзе, то гэта не прывядзе да сур'ёзных наступстваў.




  • «На плагіят заплюшчваюць вочы – маўляў, першы курс, ну што з іх возьмеш? І вось гэтаму досведу яны і навучаюцца».

  • «Студэнты недаацэньваюць здольнасць выкладчыка распазнаць плагіят, у тым ліку яго кампутарную пісьменнасць».

3. Адукацыя не з'яўляецца асноўнай матывацыяй студэнтаў, таму яны не схільныя інвеставаць час і энергію ў навучанне.




  • «Навучаюцца па наказу бацькоў, альбо каб атрымаць адтэрміноўку ад войска, альбо каб знайсці мужа – вось і імкнуцца выдаткоўваць уласна на адукацыю мінімальныя высілкі».

  • «Фармальныя адносіны да вышэйшай адукацы – дзеля дыплома, а не канкрэтнай спецыяльнасці».

  • «Вышэйшую адукацыю ідуць атрымліваць амаль усе, хоць далёка не ўсе да гэтага здольныя і матываваныя да сур’ёзнай працы».

  • «Студэнтаў ніяк не цікавяць іх адзнакі, мала хто гатовы нешта рабіць, каб атрымаць болей за мінімальны станоўчы бал».

4. Беларуская вышэйшая адукацыя слаба звязаная з рэаліямі рынку працы. Студэнты не зацікаўленыя паглыбляцца ў вывучэнне дысцыплін, ад якіх яны не бачаць асаблівай карысці на працоўным месцы.



  • «Студэнты не бачаць у навучанні прафесійных навыкаў».

  • «Большасць прадметаў – незалежна ад іх назвы – слаба звязаныя з будучай спецыяльнасцю, не даюць практычнай карысці».

  • «Калі пасля навучання па прадмеце ў студэнта не фарміруюцца зразумелыя яму кампетэнцыі, запатрабаваныя на працы, то ён не бачыць патрэбы выдаткоўваць на гэта час, вывучаць крыніцы – і тым болей асабіста пісаць пісьмовыя працы».

5. Заганная сістэма адбору ў ВНУ: нізкія прахадныя балы і неадпаведныя формы кантролю. Пасля ўвядзення ЦТ большасць універсітэтаў і спецыяльнасцяў пазбавілася магчымасці наўпрост уплываць на тое, хто стане першакурснікамі. У выніку на навучанне могуць паступаць тыя, хто, па меркаванні выкладчыкаў, няздольны яго скончыць.



  • «Нізкія балы абітурыентаў – вось яны і ня ўмеюць пісаць».

  • «Абітурыентаў навучылі запаўняць тэсты, а выказваць свае думкі яны развучыліся».

  • «Першакурснікі не могуць звязаць двух словаў, не ведаюць элементарных рэчаў са школьных курсаў, ды проста агульнавядомых. Як яны могуць пісаць пра антычную культуру, ды яшчэ і свае думкі, калі не ведаюць нават на ўзроўні імёнаў ніводнага са старажытнагрэцкіх і старажытнарымскіх багоў?»

  • «Я вымушаная губляць палову лекцыі на тлумачэнні, якія мусілі зрабіць школьныя выкладчыкі. Часам у мяне складаецца ўражанне, што я працую не ў ВНУ, а ў сярэдняй школе. Да напісання сваіх тэкстаў на акадэмічным узроўні большасці студэнтаў неабходна прайсці вялікі шлях, які немагчыма кампенсаваць у межах кіраўніцтва курсавой».


3.2.2. Фактары, звязаныя з сітуацыяй выкладчыкаў
1. Адсутнасць часу на асабістую працу са студэнтам. Гадзіны на праверку пісьмовых працаў і кіраванне імі ўспрымаюцца ў беларускай акадэмічнай традыцыі як лёгкая нагрузка. Адпаведна, узнагарода мае сімвалічны памер, значна меншы за рэальны час, які патрэбны на індывідуальнае навучанне акадэмічнаму пісьму. Перапрацоўкі, звязаныя з выяўленым плагіяту і патрэбай перапісаць працу, ніяк не аплочваюцца.

  • «Напісаць са студэнтам добрую працу займае шмат часу, калі грунтоўна падыходзіць – зусім не 3-4 гадзіны».

  • «Здаюць пісьмовыя працы занадта позна, з парушэннем дэдлайнаў, усе разам і ў апошні момант – ну што тут ужо правяраць?»

  • «Зашмат нагрузкі, якая фармальна ў нагрузку не ўваходзіць (напрыклад, адпрацоўкі, пераздачы, даздачы) – выкладчык не хоча перанапружвацца і рабіць тое, што ў нагрузку не ўваходзіць».

2. Нізкія заробкі. Выкладчыкі беларускіх ВНУ атрымліваюць за сваю працу малы заробак, у звязку з чым эканомяць час і выдаткоўваюць яго на падпрацоўкі, а не на дадатковыя праверкі на прадмет плагіяту. Да таго ж нізкія заробкі, якія не адпавядаюць кваліфікацыі, спараджаюць пагарду да такой працы і абыякавае стаўленне да яе вынікаў.



  • «Адсутнічае карэляцыя якасці праверкі плагіяту з заробкам, які да таго ж агулам нізкі».

  • «За гэтыя грошы я гатовы працаваць фармальна, але час і нервы на барацьбу з плагіятам такі заробак і блізка не кампенсуе».

  • «Я працую на паўтары стаўкі ва ўніверсітэце, і яшчэ падпрацоўваю ў іншым. З такой нагрузкай мне проста няма калі займацца яшчэ і ўважлівай праверкай плагіяту. Гэта не добра, але і я бяру столькі нагрузкі не ад добрага жыцця».

  • «Прабачце, але хто мне заплаціць за дадатковы час, калі я буду двойчы і тройчы чытаць працы студэнтаў, не прымаючы плагіят?»

  • «Ведаю, што некаторыя мае калегі самі працуюць у фірмах, якія пішуць дыпломы на замову. Не дзіва, што яны не будуць змагацца з плагіятам – пчолы супраць мёду».

3. Знеахвочанне адсутнасцю матывацыі ў студэнтаў. Выкладчыкі бачаць чыста фармальнае стаўленне студэнтаў да адукацыі, адсутнасць у іх цікаўнасці да прадмета, занізкую кваліфікацыю – і гэта адна з прычын, па якой выкладчыкі не бачаць сэнсу губляць час на тых, хто не хоча і не можа навучацца.



  • «Асабіста для мяне (і, мяркую, шмат для каго) відавочна, якіх студэнтаў магчыма матываваць працаваць самастойна, старанна і на вынік, а якія немагчыма матываваць з-за іх фармальнага стаўлення да адукацыі, негатоўнасці да навучання ў ВНУ».

  • «Няма матывацыі выдаткоўваць высілкі на студэнтаў, ад якіх наўрад ці даможашся добрага выніку».

  • «Калі студэнту не патрэбныя ні веды, ні кваліфікацыя – то чаму яго ўзровень мусіць турбаваць мяне? Нас абодвух задавальняе ніжэйшы прахадны бал, які адлюстроўвае ўзровень ведаў такога студэнта».


3.2.3. Сістэмныя і культурныя фактары
1. Сістэма адукацыі не выкарыстоўвае магчымасцяў антыплагіятных праграмных забеспячэнняў. Падчас як у некаторых універсітэтах праверка на плагіят аўтаматычнай сістэмай (Антыплагіят) робіцца цэнтралізавана для ўсіх пісьмовых прац, то ў іншых гэта адказнасць выкладчыка. Прычым для такой працы не створаныя ўмовы – не набытыя ліцэнзійныя версіі праграмнага абсталявання, якія б дазвалялі правяраць працы хутка і цалкам.

  • «Пісьмовыя працы здаюць у папяровым выглядзе, я ж не буду па адной літары гэта набіраць альбо сканаваць, каб праверыць на плагіят».

  • «На бясплатнай сістэме ў інтэрнэце правяраць нязручна, я губляю на гэта болей часу, чым студэнт – на тое, каб спампаваць гэтую працу і скампіляваць з некалькіх крыніц».

2. Камерцыялізацыя адукацыі. Універсітэты зацікаўленыя выконваць планы па прыбытках, а кожны адлічаны студэнт платнай формы навучання – гэта фактычна згубленыя грошы. Таму адміністрацыя часцяком адмоўна ставіцца да ідэі адлічэнняў, асабліва калі прычына толькі ў сістэмным плагіяце і няздольнасці (нежаданні) рыхтаваць пісьмовую працу самастойна. Асабліва гэта тычыцца замежных грамадзян, якія плацяць за вучобу ў большым памеры і валютай, таму іх адлічэнне амаль немагчымае.



  • «Студэнты цудоўна ведаюць, што рэальна пакараць іх немагчыма, вось і нясуць нахабна гэты плагіят».

  • «Як кітайцы альбо туркмены, якія на рускай мове ня здольныя нават задаць пытанне, могуць напісаць самастойна акадэмічную пісьмовую працу? Але ж адлічыць іх мне ніхто не дазволіць».

  • «Мне наўпрост патлумачылі: прэміі вам плацяць з пазабюджэтных крыніц, і гэтая крыніца – прыбыткі ад замежных студэнтаў. Калі іх адлічыць, дык не будзе з чаго плаціць прэміі».

3. Слабасць акадэмічнай культуры:




  • «Працуюць толькі фармальныя крытэры, няма этычных кодэксаў ва ўніверсітэцкай прасторы».

  • «Трэба стварыць новы маральны імператыў вышэйшай школы».

  • «Нізкі ўзровень карпаратыўнай культуры».

Паколькі некаторыя ўдзельнікі інтэрв’ю з’яўляюцца навукоўцамі-гуманітарыямі, то іх аналіз часам выходзіў за межы беларускай сістэмы адукацыі. Паводле іх меркавання, плагіяту садзейнічаюць глабальныя змены, якія адбываюцца ў сучаснай культуры, камунікацыі і працы з інфармацыяй:




  • «Мы ж жывем у культуры сімулякраў. А плагіят замест пісьмовых працаў – сімулякр адукацыі».

  • «Глабальная інфармацыйная рэвалюцыя – усё цяпер дасяжна, змяніліся спосабы працы з тэкстам. Можна мінімізаваць інтэлектуальныя высілкі».

  • «Дыялектычная супрацьлегласць: інфармацыя дасяжная, але мы страчваем навыкі працы з ёй, навыкі акадэмічнага пісьма».

  • «Змянілася мова камунікацыі, яна не стасуецца з акадэмічным тэкстам: мэмы, смайлы, стыкеры».

  • «Губляецца навык крытычнага мыслення, яму трэба навучаць як азбуцы. Мы спажываем інфармацыю без аналітычнага падыходу».


3.3. Сінапсіс фактараў, названых рэспандэнтамі
Усе фактары, якія былі названы студэнтамі і выкладчыкамі ў ходзе апытанняў і інтэрв'ю, прадстаўлены ніжэй у форме сінапсісу:



Фактары

Ва ўспрыняцці студэнтаў

Ва ўспрыняцці выкладчыкаў


Заўвагі

ФАКТАРЫ, ЗВЯЗАНЫЯ З СІТУАЦЫЯЙ СТУДЭНТАЎ

Студэнты лічаць, што (многія) пісьмовыя заданні не мае ніякай практычнай вартасці

X

X


Выкладчыкі схільны падкрэсліваць недапасаванасць паміж адукацыйным працэсам і рынкам працы

Студэнты ўспрымаюць плагіят як паўсюдную практыку (усе так робяць, чаму я так не павінен рабіць)

X








Перанагружанасць заданнямі

X







Студэнты не маюць навыкаў па акадэмічнай працы

X

X


Выкладчыкі схільны падкрэсліваць праблему адсутнасці навыкаў крытычнага мыслення

Атрыманне ведаў не з'яўляецца асноўным матыватарам для студэнтаў



Х





ФАКТАРЫ, ЗВЯЗАНЫЯ З СІТУАЦЫЯЙ ВЫКЛАДЧЫКАЎ

Недахоп часу для асабістай працы са студэнтам.



X





Нізкія заробкі




X




Знеахвочанне адсутнасцю матывацыі з боку студэнтаў




X




СІСТЭМНЫЯ І КУЛЬТУРНЫЯ ФАКТАРЫ

Атмасфера талерантнасці адносна практыкаў плагіяту

X

Х




Адсутнасць прававых механізмаў па барацьбе з плагіятам

Х








Заганная працэдура адбору кандыдатаў ва ўніверсітэтах




X




Камерцыялізацыя адукацыі.




X




Глабалізацыя інфармацыі




X



Якія высновы можна зрабіць з прадстаўленай вышэй справаздачы аб фактарах ва ўспрыняцці ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу ў Беларусі? Пры ацэнцы інфармацыйнай вартасці гэтых адказаў патрэбна пэўная асцярожнасць, паколькі:

а) Рэспандэнты фармулявалі свае меркаванні спантанна, таму тут мог уздзейнічаць «эфект даступнасці»: першая думка, якая прыходзіла ў галаву, была выкарыстана ў якасці адказу.

б) Фармулюючы свае адказы, рэспандэнты маглі імкнуцца апраўдаць факт свайго ўдзелу ў здзяйсненні або талераванні плагіяту. Спрабуючы знайсці апраўданне для сябе, рэспандэнты маглі перабольшваць некаторыя знешнія фактары.


Тым не менш, выказаныя студэнтамі і выкладчыкамі меркаванні аб фактарах маюць вялікае пазнавальнае значэнне, паколькі можам небеспадстаўна лічыць, што:
в) практычна ўсе рэспандэнты ўспрымаюць прагіят як негатыўную з'яву і прынамсі большасць з іх былі б рады, калі б былі знойдзены адэкватныя меры па пераадоленню гэтай праблемы.
Такім чынам, прыведзеныя меркаванні аб фактарах маюць акрэсленае метадалагічнае значэнне, гэта значыць, іх варта прыняць пад увагу ў ходзе выяснення з'явы плагіяту.
4. Чаму беларусы здзяйсняюць плагіят?
4.1. Спагляд здалёк: што кажуць наконт фактараў іншыя даследнікі
Літаратура наконт фактараў плагіяту даволі багатая і разнастайная, таму немагчыма было б – і непатрэбна – усю яе пераказаць. У гэтай секцыі мы прадставім сінтэтычны погляд наконт фактараў, зыходзячы з меркаванняў чатырох даследнікаў тэмы: Дэйвіда Томаса4, Сяргея Зенкіна5, Віталія Левіна6 і Ірыны Петраковай7. Парадак прэзентацыі фактараў будзе ўзяты ад Томаса.
1. Акадэмічны ціск. Адным з фактараў з'яўляецца акадэмічны ціск. Бацькі, школа і навакольнае асяроддзе кладуць моцны акцэнт на дасягненнях, у выніку чаго многія студэнты шукаюць спосабаў «пераскочыць» некаторыя этапы працэсу навучання, каб спарадзіць нешта, што будзе імітаваць чаканы вынік.
2. Заганнае планаванне. Студэнты знаходзяцца пад уздзеяннем культуры адкладвання: многія схільныя адкладаць свае абавязкі да апошняй хвіліны, у звязку з чым мусяць іх выконваць хутка і не ў стане выканаць сваю працу належным чынам.
3. Кепская падрыхтоўка. «У выпадку некаторых студэнтаў выяўляецца, што яны маюць дрэнны падмурак альбо заплечча для [паспяховага праходжання] цяперашніх акадэмічных праграм, што можа быць звязана з тым, што на ранейшых этапах яны пачалі адставаць»8.
4. Празмерная або бяздумная нагрузка. Бывае так, што студэнтаў падштурхоўвае да плагіяту празмерная колькасць заданняў і недахоп часу, каб рабіць тое, што патрабуецца.
5. Нагода. Лёгкасць выканання плагіятнай працы служыць пастаяннай спакусай.
6. Культурны фон. Томас заўважае, што «студэнты з некаторых частак свету будуць менш праймаюцца неэтычнасцю плагіяту, чым студэнты, напрыклад, з англа-амерыканскай або заходняй еўрапейскай культурна-прававой традыцыі»9.
7. Дрэнныя прыклады. Час ад часу высвятляецца, што знакамітасці і людзі на высокіх пасадах здзейснілі плагіят. Гэта служыць як апраўданне для падобных паводзін з боку «простых людзей».
Як бачым, большасць фактараў, якія называе Дэйвід Томас і іншыя навукоўцы перагукваюцца з тымі, якія былі названы беларускімі студэнтамі і выкладчыкамі, у прыватнасці: акадэмічны ціск, кепская падрыхтоўка, празмерная нагрузка, культурны фон і нагоды. Новым у стасунку да таго, што з'явілася ў выказваннях беларускіх рэспандэнтаў, з'яўляецца фактар дрэнных прыкладаў і культуры адкладвання.
4.2. Вяртаючыся да Беларусі: чатыры ключавыя фактары
Практычна ўсе вышэйпералічаныя фактары маюць дачыненне да праблемы плагіяту ў беларускім вышэйшай адукацыі, і ўсе праліваюць святло пра тое, як шукаць рашэнні. Выкарыстоўваючы нашы веды і досвед працы ў сферах цесна звязаных з беларускай вышэйшай адукацыі, мы паспрабавалі вылучыць чатыры фактары, якія здаюцца асабліва актуальнымі для беларускага кантэксту.
1. Аўтаматычныя сістэмы для выяўлення плагіяту часта адсутнічаюць. Многія беларускія ВНУ нават не набываюць антыплагіятнае праграмнае забеспячэнне, часткова з-за яго высокага кошту. У гэтай сітуацыі выкладчыкі часта вымушаныя выкарыстоўваць наяўныя ў сеціве бясплатныя версіі, якія усё ж маюць шматлікія недахопы і не працуюць у аўтаматычным рэжыме для вялікіх дакументаў.
2. Антыплагіятныя праграмы ёсць, але іх магчымасці пераацэненыя. Гэта тычыцца як універсітэтаў заходняга тыпу, так беларускіх універсітэтаў, якія набылі перадавыя антыплагіятныя праграмы. Вопыт сп. Рудкоўскага паказвае, наколькі зманлівым можа быць празмерны давер да аўтаматычных сістэм па выкрыцці плагіяту. Наяўнасць прасунутых антыплагіятных праграм з'яўляецца неабходнай, але не дастатковай умовай паспяховага змагання з плагіятам.
3. У беларускіх ВНУ няма курсаў па крытычным мысленні. Няма такіх курсаў, якія давалі б студэнтам практычныя навыкі па пошуку і апрацоўцы інфармацыі. Існуючая сістэма патрабуе, каб студэнты пісалі вялікую колькасць пісьмовых працаў, але не дае ім інструментаў для выканання гэтага адпаведным чынам. Студэнты ў звязку з гэтым бываюць «прымушаныя» звяртацца да плагіяту.
4. Акадэмічны этас у цэлым слабы ў Беларусі. Праблема акадэмічнай сумленнасці – гэта не толькі праблема студэнтаў. Гэта значна шырэйшая і глыбейшая праблема, яна сягае карэннямі ў асаблівасці культуры і менталітэту.
Апошні фактар з'яўляецца найбольш важным. Патрэбна стратэгія выпраўлення сітуацыі, накіраваная не толькі на адну катэгорыю ўдзельнікаў працэсу (напрыклад, студэнтаў), але і на ўсе катэгорыі (выкладчыкаў, адміністратараў, палітыкатворцаў). Плагіят – гэта толькі адзін з аспектаў праблем беларускай вышэйшай адукацыі. І гэту праблему трэба вырашаць сукупна з іншымі праблемамі. Важна таксама, каб гэта стратэгія прадугледжвала не адзін тып мераў (напрыклад, пакаранне), а цэлы комплекс мераў, які ўключаў бы ў сябе не толькі формы негатыўнай стымуляцыі, але – што больш важна – пазітыўнай. Карацей кажучы, калі мы хочам падысці да праблемы сур'ёзна, то павінны рабіць гэта цэласна.
Рэкамендацыі
Вучыць студэнтаў крытычнаму мысленню і пісанню акадэмічных працаў. Важна даць студэнтам інструменты, з дапамогай якіх яны могуць выконваць пісьмовыя заданні. Ніякія іншыя захады не будуць працаваць, калі гэты элемент ігнаруецца. Беларускія студэнты, якія чыняць плагіят з'яўляюцца не толькі «вінаваўцамі», але і «ахвярамі»: калі яны не мелі за сабой трэнінгу па акадэмічным пісьму або калі гэты трэнінг быў на нізкім узроўні, то як яны могуць паспяхова пісаць акадэмічныя працы? Як адзін з удзельнікаў інтэрв'ю трапна сказаў: «Варта адрозніваць цынізм ад недахопу ведаў. Трэба ўвесці адукацыйныя курсы для выкладчыкаў – як аналізаваць тэкст і выяўляць плагіят, для студэнтаў – як пісаць акадэмічныя працы».
Ствараць фінансавыя стымулы для барацьбы з плагіятам. Такія стымулы могуць быць як станоўчымі, так і адмоўнымі. Зацытуем аднаго з выкладчыкаў: «Выбарачная рэгулярная сістэма посткантролю: прызначаць і здымаць прэміі выкладчыкам адпаведна таму, хто прапусціў тэкст з плагіятам, а хто – не».
Выкарыстоўваць кампутарныя праграмы па выяўленні плагіяту, пажадана ліцэнзаваныя версіі. Пры гэтым варта памятаць, што гэтыя праграмы не могуць замяніць асабістую заангажаванасць выкладчыка. Антыплагіятныя праграмы не з'яўляюцца панацэяй. Як прыкмеціў адзін з апытваных выкладчыкаў: «Уводзіць антыплагіят[ныя праграмы] трэба, такім чынам можна было б да паловы плагіяту выявіць. Але толькі як дадатковы узровень да чалавечага кантролю».
Перагледзець нагрузку як выкладчыкаў, так студэнтаў. Выкладчыкам неабходна гарантаваць дастатковую колькасць часу і адпаведныя ўмовы для праверкі прац на прадмет плагіяту. У выпадку студэнтаў варта зменшыць аб'ём аўдыторных гадзін, каб даць больш часу для самастойнай працы. Па словах аднаго з выкладчыкаў, «студэнты перагружаныя парамі ў аўдыторыях, у іх няма часу рыхтаваць пісьмовыя працы».
1   2   3


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка