План урока Вызначэнне сутнасці паняцця "палітычны крызіс"




Дата канвертавання14.02.2017
Памер72.67 Kb.


8 клас.

Тэма ўрока: Палітычны крызіс Рэчы Паспалітай



Мэты ўрока:

  • Напрыканцы ўрока вучні будуць:

  1. Ведаць паняцці і даты: “дысідэнты”, “Кардынальныя правы”, “Пастаянная Рада”; стварэнне канфедэрацый: 1767 г., 1768 г., ураўненне ў правах з католікамі праваслаўных і пратэстантаў, зацверджанне Кардынальных правоў, 1772 г. – першы падзел Рэчы Паспалітай.

  2. Аналізаваць і даваць высновы наконт палітыкі Расіі і Прусіі ў дачыненні да Рэчы Паспалітай;

  3. Ведаць якія канфэдэрацыі былі ўтвораны ў РП у 1767-1768 гг., і ўмець вызначаць іх рэальныя мэты;

  4. Умець вызначаць рэальныя прычыны падзелу Рэчы Паспалітай і выказваць свае думкі наконт гэтай падзеі;

  5. Паказваць на карце тэрыторыі, падзеленыя ў 1772 г.

  • Выхаваўчай мэтай павінна быць актуалізацыя пытання аб любові да Радзімы, аб неабходнасці актыўнай жыццёвай пазіцыі чалавека-грамадзяніна.

Мэты ўрока мовай вучняў:

  1. Мне неабходна даведацца што такое палітычны крызіс.

  2. Як палітычнаму крызісу паспрыяла стварэнне канфедэрацый?

  3. Як паўплывала на палітычны крызіс барацьба паміж канфедэрацыямі?

  4. Хто і як падзяліў Рэч Паспалітую?

Абсталяванне: на мультымедыйны праектар выведзены малюнкі: “Мары Кацярыны”, карыкатуры на першы падзел Рэчы Паспалітай “Каралеўскі пірог” і інш. і эпізод карціны Я.Матэйкі “Тадэвуш Рэйтан на сейме 1773 г.”


Этапы урока.

  1. Актуалізацыя на аснове ведаў дамашняга задання і ведаў папярэдніх тэм.

  2. Вывучэнне новай тэмы.



План урока

  1. Вызначэнне сутнасці паняцця “палітычны крызіс”.

  2. Выяўленне шляхоў умяшальніцтва суседніх дзяржаў у справы Рэчы Паспалітай.

  3. Дзейнасць Барскай канфедэрацыі і прычыны яе паражэння.

  4. Першы падзел Рэчы паспалітай: дзе была шляхта…

Ход урока:

На пачатку ўрока настаўнік здзяйсняе своеасаблівую актуалізацыю ведаў вучняў, каб з аднаго боку праверыць веды па дамашняму заданню, а з другога – падвесці да вывучэння новай тэмы.

Размова з вучнямі ідзе праз лёсаванне: з кубка з палоскамі імён вучні першай парты (гэта робіцца па чарзе парт на кожным уроку, каб не заўсёды настаўнік быў арганізатарам працэса лёсавання) самі выцягваюць, хто будзе адказваць.



ПРЫ АДКАЗАХ ВУЧНЯЎ НАСТАЎНІК АБАВЯЗКОВА ТРЫМАЕ ПАЎЗУ…. Неабходна даць магчымасць падумаць, асабліва па пытаннях новай тэмы…

Пытанні:



  1. Якая эканамічная задача (пра палітычныя праблемы ўспаміналі на мінулым уроку, таму адказ удакладняецца) стаяла перад уладамі Рэчы Паспалітай у сярэдзіне XVIII стагоддзя і чаму менавіта такая?

  2. Ці справіліся ўлады Рэчы Паспалітай з пастаўленай задачай? Калі справіліся, то дакажыце, і калі не справіліся, абгрунтуйце свой адказ (хоць пытанні на разважанне, але ўлічваючы працу на мінулым уроку, вучні павінны справіцца з імі хутка).

  3. А ці хапіла б вырашэння толькі эканамічных праблем для аздараўлення Рэчы Паспалітай?

  4. Што патрэбна было б зрабіць у першую чаргу? (адказ павінен быць – умацаваць уладу і т.п.).

Так, мы на мінулым уроку закраналі з вамі дадзенае пытанне, калі падводзілі вынікі развіцця РП у 2 палове XVII – XVIII стагоддзяў.



КЛЮЧАВОЕ ПЫТАННЕ: Пачаць разглядаць тэму сённяшняга ўрока я хачу з таго, каб вы паглядзелі на прапанаваныя мной малюнкі:

  • прагляд карыкатур-малюнкаў, і карціны Матэйкі “Т. Рэйтан на сейме 1773 г.” , апошні малюнак – урывак з карціны Матэйкі, які паказвае самаго Т.Рэйтана).

Якія уражанні і думкі выклікалі ў вас карыкатуры і карціна?

Як вы правільна зразумелі, размова сёння пойдзе аб падзелах Рэчы Паспалітай. Таму ключавое пытанне, якое я вам прапаноўваю не толькі на сённяшні ўрок, але і на наступны:



Ці можна было выратаваць Рэч Паспалітую ад падзелаў? А калі гэта можна было зрабіць, то якім чынам?
Аднак тэма ўрока гучыць інакш: палітычны крызіс Рэчы Паспалітай. Якія ж мэты стаяць перад намі на ўроку?
Настаўнік разам з вучнямі вызначае мэты ўрока і запісвае іх на дошцы.

Пасля вызначэнне мэт складаем НаШтоБуЗУ і запісваем у сшытак. Робім гэта вельмі хутка. Чаму хутка? Таму што вучні ўжо пры вызначэнні мэт павінны былі самі некаторыя элементы НаШтоБуЗУ для сябе вызначыць.



НаШтоБуЗУ (праз увесь урок вучні могуць яго ўдакладняць і дапісваць сабе ў сшытак)
1767 г, 1768 г., 1772 г., 1773-1775 гг.

Палітычны крызіс, дысідэнты, канфедэрацыя, Кардынальныя правы, Пастаянная рада.

Як Расія і Прусія ўмешваліся ў справы РП?

Што ўяўлялі сабой Слуцкая, Таруньская, Радамская і Барская канфедэрацыі?

Чаму адбыўся першы падзел РП і як павяла сябе пры гэтым шляхта?

Паказаць па карце падзеленыя тэрыторыі.

ВЫВУЧЭННЕ НОВАГА МАТЭРЫЯЛУ

  1. Палітычны крызіс.

Упэўнена, што большасць (калі не ўсе) вучні не разумеюць сутнасці паняцця “палітычны крызіс”, бо яго і не было яшчэ праз увесь вывучаны матэрыял , была барацьба магнацкіх групіровак, страта РП суверэнітэту, аднак вучні не сутыкаліся менавіта з паняццем “палітычны крызіс”

Таму неабходна выйсці настаўніку з ініцыятывай і запытацца самому, а як вы разумееце гэты выраз?
Праз лёсаванне, просіць узгадаць факты аб крызісе ўлады РП (пра іх гаварылі на мінулым уроку)

  • 1717 г. – першы “нямы сейм” і колькасць уласнага войска ў 24 тыс.;

  • Барацьба магнацкіх груповак;

  • Паводзіны шляхты на павятовых сейміках;

  • Зрывы вальных сеймаў;

  • Наяўнасць расейскіх войск на тэрыторыі РП пры рашэнні пытанняў аб уладзе;

  • Вайна за “польскую спадчыну” 1733-1739 гг.

З прыведзеных фактаў робіцца выснова, што палітычны крызіс гэта слабасць цэнтральнай улады як унутры краіны, так і ў адносінах з іншымі краінамі.

МЕТАД СВЕТЛАФОРА: Хто зразумеў што такое палітычны крызіс? Каму патрэбна дадатковая кансультацыя?
2. Выяўленне шляхоў умяшальніцтва суседніх дзяржаў у справы Рэчы Паспалітай.

Пытанні настаўніка:

  • Ці маглі пачатыя ў 1764 г. эканамічныя рэформы ўмацаваць палітычную уладу? Чаму не маглі? Што трэба было зрабіць яшчэ?

Калі вучні не могуць самі адказаць настаўнік прапаноўвае працу з падручнікам на с. 134.

Давайце яшчэ раз звернемся да карыкатур, якія мы паглядзелі на пачатку ўрока. Прааналізуем, карыстаючыся памяткай працы з карыкатурамі, што бачым на малюнках. І пасля аналізу карыкатур пытанне:


  • Як вы лічыце, ці патрэбна была Расіі і Прусіі моцная каралеўская ўлада Рэчы Паспалітай?

  • А ці можа адна краіна проста так умяшацца ў справы другой?

  • Якую зачэпку, на вашу думку, маглі выкарыстаць Расія і Прусія?

Калі вучні не змогуць адказаць на пытанне, а ў выпадкку, калі адказалі, то каб зразумець ход падзей, настаўнік прапаноўвае папрацаваць з падручнікам на с. 135-136.


Далей ідзе размова аб паводзінах Расіі і Прусіі, стварэнні канфедэрацый і рашэннях сейма 1768 г.

  • Чаму сейм пагадзіўся з патрабаваннямі канфедэратаў? (уведзена Расейскае войска: пагроза сілай)


МЕТАД СВЕТЛАФОРА:

Як вы зразумелі: дысідэнты гэта некатолікі? (зялены колер – так; чырвоны – не);


3. Дзейнасць Барскай канфедэрацыі і прычыны яе паражэння

  • Як вы лічыце, уся шляхта Рэчы Паспалітай была прарасейскай?

Далей ідзе размова пра Барскую канфедэрацыю і яе лёс. Вызначаюцца прычыны паражэння (вучні працуюць у парах і з падручнікам, с. 136-137.) (праз увесь урок выкарыстоўваецца метад лёсавання пры адказах вучняў нават калі яны працавалі ў парах (тады лёсаванне пар) і метад светлафора, каб настаўніку зразумець наколькі эфектыўна ідзе праца ў парах).


Настаўнік прапаноўвае вучням паслухаць дадатковы матэрыял пра асобу М.Каз.Агінскага і параўнаць яго з асобай К.С.Радзівіла (пра Пане Каханку вялі размову на мінулым уроку) (на слайдах прэзентацыі партрэты).

  • Чаму адзін быў патрыёт, а другі так лёгка супрацоўнічаў з расейскімі ўладамі? (недахоп адукацыі, можа і выхавання – думкі вучняў, “вялікія грошы”).

Разгром Барскіх канфедэратаў дазволіў суседзям здейсніць першы падзел Рэчы Паспалітай у 1772 г.

На слайдзе карта Рэчы Паспалітай і настаўнік канстатуе факт пераходу шэрагу зямель Рэчы Паспалітай Расіі, Прусіі і Аўстрыі.



  • Разгледзіўшы пытанне дысідэнтаў і стварэння канфедэрацый, як мы адкажам на пытанне “Дзе была шляхта?...” (праца вучняў у парах у пошуку адказу).

У 1773 г. адбыўся сейм, які падзвердзіў акт першага падзелу. Яшчэ раз паглядзіце на карціну Я.Матэйкі (яна ў вас у падручніку) і на фрагмент з карціны: гэта Тадэвуш Рэйтан, які спрабуе выступіць супраць…

А яшчэ давайце паглядзім на ўрывак з кнігі М.Кастамарава (с. 138).

Дык дзе ж была шляхта?


Калі вучні гатовы адказаць – даюць свае адказы, настаўнік дапамагае зрабіць высновы.

Падвядзенне вынікаў урока.

УРОК БЫЎ НАСЫЧАНЫ, ТАМУ НАПРЫКАНЦЫ ЎРОКА ВЫКАРЫСТОЎВАЕЦЦА ТОЛЬКІ МЕТАД СВЕТЛАФОРА, КАБ УБАЧЫЦЬ, ХТО УВОГУЛЕ ЗРАЗУМЕЎ ТЭМУ, А У КАГО ЎЗНІКЛІ ЦЯЖКАСЦІ

Калі застаўся час (усё залежыць ад магчымасцяў класа), можна папрацаваць з датамі, паняццямі, прагаварыць вызначыныя на ўроку пытанні.

Настаўнік прапаноўвае вучням ацаніць узровень і якасць атрыманых ведаў праз каментарый у сацсетцы ВК, дзе есць закрытая група класа, альбо, калі не хоча вучань публічнага каменту, напісаць паведамленне настаўніку.



Дамашняе заданне: параграф 23 і памятаць пра адказ на ключавое пытанне: як можна выратаваць Рэч Паспалітую ад падзелу.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка