Працяжнік паміж дзейнікам І выказнікам




Дата канвертавання27.12.2017
Памер82.23 Kb.

Апорны канспект па тэме

ПРАЦЯЖНІК ПАМІЖ ДЗЕЙНІКАМ І ВЫКАЗНІКАМ”






СТАВІЦЦА

НЕ СТАВІЦЦА

1. Дзейнік і выказнік выражаны назоўнікамі ў назоўным склоне.

Узор. Юравічы – паселішча вельмі старажытнае.

1.Дзейнік выражаны асабовым ці пытальным займеннікам.

Узор. Я шафёр. Хто гэтыя людзі?

2. Дзейнік і выказнік выражаны колькаснымі лічэбнікамі ў Н. с. ці адзін з іх выражаны назоўнікам, а другі – лічэбнікам у Н. с.

Узор. Тры і пяць – восем. Плошча поля – два гектары.

Заўвага! Лічэбнік павінен быць колькасным

Калі парадкавы – працяжнік не ставіцца.

Наша хата дзесятая ад сельсавета.


2. Калі паміж дзейнікам і выказнікам, выражаным назоўнікам, ёсць адмоўная часціца НЕ.

Узор. Кот мышы не таварыш.
Заўвага! Калі ж выказнік выражаны інфінітывам з НЕ, то працяжнік ставіцца:

Араць – не ў дуду іграць.

3. Калі перад выказнікам ёсць словы гэта, вось, значыць, гэта значыць.

Узор. Пушчы звонкія, пералескі – гэта наша радзіма, наш дом.

3. Калі паміж дзейнікам і выказнікам стаіць недапасаваны да выказніка даданы член сказа або часціца, злучнік, пабочнае слова.

Узор. Дзяўчаты ў нас красуні. Хлопцы, відаць, добрыя рыбакі.

4. Калі абодва галоўныя члены ці адзін з іх выражаны інфінітывам (неазначальнай

формай дзеяслова).



Узор. Жыць – Радзіме служыць. Вучыцца

ў народа – задача кожнага чалавека.



4. Калі ў склад выказніка ўваходзяць параўнальныя злучнікі як, нібы, быццам,

што і інш.

Узор. Госць як госць, а валакіты дасць.

Чабарок што тыя зоркі ў шумнай сенажаці...

5. Калі выказнік выражаны ўстойлівым спалучэннем слоў (фразеалагізмам).

Узор. Нівы – вокам не абняць.

5. Калі выказнік, выражаны назоўнікам,

стаіць перад дзейнікам-назоўнікам

(адваротны парадак слоў).

Узор. Страшэнны штукар і свавольнік гэты Нёман.



Ход разважання

  1. Знайдзі дзейнік і выказнік у сказе.

  2. Вызначы, чым яны выражаны.

  3. У якой форме стаяць у сказе.


Узор разважання

Заданне. Адзначце сказы, у якіх паміж дзейнікам і выказнікам ставіцца працяжнік.

  1. Век зжыць ... не мех сшыць.

  2. Чытаць гэты твор ... асалода і праца.

  3. Жаданне ... маляваць у дзяўчынкі ўзнікла яшчэ ў дзяцінстве.

  4. Яна ... старанная вучаніца.

  5. Потым людзі навучыліся ... будаваць жыллё, шыць вопратку.

Ход разважання

Аналізуем сказы па парадку. У першым сказе (прыказцы) Век зжыць – не мех сшыць дзейнік і выказнік выражаны інфінітывамі (зжыць – сшыць), пагэтаму паміж імі працяжнік ставіцца абавязкова (гл. 4-ы пункт правіла). У другім сказе дзейнік чытаць выражаны інфінітывам, а два аднародныя выказнікі асалода і праца выражаны назоўнікамі ў назоўным склоне, пагэтаму працяжнік ставіцца (4-ы пункт правіла). У трэцім сказе граматычная аснова жаданне ўзнікла, а інфінітыў маляваць з’яўляецца азначэннем (жаданне якое? маляваць), таму перад ім працяжнік не ставіцца. У чацвёртым сказе дзейнік яна выражаны асабовым займеннікам, а выказнік вучаніца – назоўнікам у Н. с., пагэтаму працяжнік не ставіцца (пункт 1 правіла). У пятым сказе працяжнік непатрэбны, бо выказнік навучыліся будаваць, шыць выражаны формай прошлага часу.

Заданні па тэме “Працяжнік паміж дзейнікам і выказнікам”

Заданне 1. Карыстаючыся табліцай (правіла), растлумач пастаноўку працяжніка паміж дзейнікам і выказнікам.

Адам Міцкевіч – адзін з найгеніяльнейшых славянскіх паэтаў. “Калі ласка!” – нашай мовы шчырыя і ветлівыя словы. Ігнараваць мову – гэта значыць ігнараваць народ, нацыю. Любоў і праўда – вечныя святыні. Вялікая справа – умець данесці да народа праўду. Гурбы – не ўзабрацца. Сем і восем – пятнаццаць. Дарога – хоць шаром пакаці.


Заданне 2. Растлумач, чаму працяжнік паміж дзейнікам і выказнікам не ставіцца.

Ты, Пятрусь, як малое дзіця. Пасівелы мой лес, я твой вечны даўжнік. Данік усё-такі мужчына. Важны работнік дзядзька Язэп. Мой дзядзька не рамантык. Воля сонейку раўня.


Заданне 3. Спішыце, пастаўце прапушчаныя знакі прыпынку (працяжнік паміж дзейнікам і выказнікам). Падкрэсліце галоўныя члены сказа і вызначце спосаб іх выражэння.

Песня гэта крыніца, яна будзе вечна сачыцца, покуль сэрца жыве. Праспект найпрыгажэйшая магістраль беларускай сталіцы. Любоў і праўда вечныя святыні. Плошча Нарачы восемдзесят квадратных кіламетраў. Пароль неўміручасці родная мова. Чужына не родная матка, хлеба не дасць. Тры ў квадраце дзевяць. Возера рукою падасць. Беларусь мая калыска, маці белая мая.


Заданне 4. Выпішыце нумары сказаў, у якіх на месцы пропуску ставіцца працяжнік. Вусна растлумачце ўсе пунктаграмы.

1. Зорнае неба ранняй вясной__вельмі цёмнае і загадкавае.

2. Айсбергі__гэта алмазы палярнага ззяння.

3. Расліны ў вучонага-батаніка__ жывыя, з душою і сэрцам.

4. Праца__аснова нашага жыцця, самы надзейны ген сапраўднага даўгалецця.

5. Хі­трая штука__ўмоўны рэфлекс.

6. Не­ба__блакітнае, у залацістых водсветах, падобнае да паветра ў лясных кветках.

7. Вялікая ўсё ж гэта радасць__праз доўгія гады трапіць у куток маленства.

8. Ён жа ім__не раўня.

9. Дарога__хоць шаром каці.

10. Бездухоўнасць__ страшная рэч, яна параджала варвараў, вандалаў, фашыстаў.

11. Самыя разумныя і прыгожыя__свае дзеці.

12. Розум__не кулеш, у галаву не ўвальеш.

13. Цудоўная рэч__жыццё.

14. Меркурый__самая малая пасля Плутона планета Сонечнай сістэмы.

15. Людское сэрца__быццам мора, у ім бывае шторм і штыль.

16. Вучыцца ў прыроды__галоўнае для чалавека.

17. Быць чалавекам, любіць людзей__дэвіз жыцця і творчасці П.Панчанкі.

18. Я__сын зямлі, нашчадак хлебаробаў.

19. Мя­сцінка__як мясцінка.

20. Зямля на Случчыне__багатая, урадлівая.

Комплекс трэніровачных тэставых заданняў па тэме

“Працяжнік паміж дзейнікам і выказнікам”

А1. Адзначце сказы, у якіх на месцы пропуску ставіцца працяжнік.



  1. Любіць свой край __ значыць ведаць яго.

  2. Уявіць нашу будучыню __ не так і цяжка.

  3. Лічыцца сапраўдным сябрам такога знакамітага чалавека __ радасць.

  4. Ніколі не збочваць з дарогі __ зайздросная доля.

А2. Адзначце сказы, у якіх на месцы пропуску ставіцца працяжнік.

1) Сем і восем __ пятнаццаць.

2) Чэрвеньскія ночы __ цёплыя, нават душныя.

3) Зайздрасць __ нядобрае пачуццё.

4) Сярожавы рукі __ хоць рэпу сей.


А3. Адзначце сказы, у якіх на месцы пропуску ставіцца працяжнік.

1) Шчасце __ гэта адсутнасць няшчасця.

2) Ён __ бацька клапатлівы і надзейны сябар.

3) Мурашкі __ быццам мудрыя будаўнікі, узводзяць сваё жытло.

4) Вада ў гэтым празрыстым азярцы __ празрыстая, сцюдзёная.
А4. Адзначце сказы, у якіх на месцы пропуску ставіцца працяжнік.

1) Слова __ гэта не толькі ўмоўны знак для выражэння думкі, а і мастацкі вобраз.

2) Выхаванне сапраўднага грамадзяніна __ немагчыма без выхавання ў чалавеку высокай гістарычнай свядомасці.

3) Абагульненне прыватных з’яў __ метад мыслення чалавека.

4) Лісце на дрэвах __ зялёнае, жывое.
А5. Адзначце сказы, у якіх на месцы пропуску ставіцца працяжнік.

1) Кожная матка __ не вораг свайго дзіцятка.

2) Сэрца я прынёс табе, валодаць ім __ тваё сягоння права!

3) Цудоўнае возера Нарач! Ты __ сімвал любае навек зямлі.

4. Красавіцкі вечар __ ціхі, спакойны.
А6. Адзначце сказы, у якіх на месцы пропуску ставіцца працяжнік.

1) Студзеньская раніца __ марозная, калючая.

2) Радасны смех __ добрая разрадка.

3) Чысцюткі снег __ зімовая прыгажосць нашай зямлі.

4) Ніколі ў жыцці не чуў я ў жураўлінымі крыку столькі сілы __ столькі ўпэўненай магутнасці.
А7. Адзначце сказы, у якіх на месцы пропуску ставіцца працяжнік.

1) Восень __ роздуму пара.

2) Каліна __ як полымя, чырвоная.

3) Камень __ не куст і не дрэва, не вырасце і не зменіцца.

4) Бацькаў узрост __ трыццаць шэсць гадоў .
А8. Адзначце сказы, у якіх на месцы пропуску ставіцца працяжнік.

1) Пінск __ адзін з найстаражытнейшых беларускіх гарадоў.

2) Велізарны белы манастыр і манастырскі будынак, дзе цяпер __ духоўнае вучылішча, узнімаюцца над роўняддзю балот.

3) З крутой звіліны каля сяла Высокага __ добра відаць паўднёвая частка Пінска.

4) Манастыр __ непадкупны вартаўнік аджылых традыцый старасветчыны.

А9. Адзначце сказы, у якіх на месцы пропуску ставіцца працяжнік.

1) Раніца __ мастачка слынная. Любіць прыгажосць дарыць.

2) Толькі рот ды жывот __ вось які ён жываглот!

3) Грошы __ не грыбы, не назбіраеш у лесе, каб заплаціць за вучобу.

4) Як бы там ні было, а ён усё ж умеў чытаць. А ўмець чытаць __ вялікая справа!

5) Нездарма пра гэта і прымаўка складзена: умець __ за плячыма не насіць!
А10. Адзначце сказы, у якіх на месцы пропуску ставіцца працяжнік.

1) Жыцця народ __ сам гаспадар.

2) Цемра __ хоць вока выкалі.

3) Вялікая справа __ са звычайнай гліны зрабіць цудоўную вазу.

4) Чуваць __ меладычныя гукі капяжу.
А11. Адзначце сказы, у якіх на месцы пропуску абавязкова ставіцца працяжнік.

1) Мой мілы салоўка, ты __ майстар на спевы.

2) Не сейце, людзі, зла, бо зло __ нібы асот, які ўчэпіста ўпіваецца ў душу і ўсё найлепшае ў ёй глушыць.

3) Ноч __ не дзень, нават калі яна белая.

4) Дыць працаваць з чалавекам сумленным __ шчасце.

5) Пасталенне __ тое ж прыцягненне да сяброў, да справы, да зямлі.


А12. Адзначце сказы, у якіх на месцы пропуску абавязкова ставіцца працяжнік.

1) Лес __ жывая вопратка зямлі, яе музыка.

2) Лён __ як мора.

3) Добрае здароўе __ вось што галоўнае для чалавека.

4) Чужое ўзяць __ сваё згубіць.

5) Наша хата __ дзесятая з краю.


А13. Адзначце сказы, у якіх на месцы пропуску абавязкова ставіцца працяжнік.

1) Не вельмі добры лятун __ гэты таямнічы бугай.

2) А слава __ хмельны флірт з часоваю ўдачай.

3) Ведаць __ гэта адзінае вартае на зямлі.

4) Лес __ ціхі бадзёры.

5) Стракозы __ быццам верталёцікі.


А14. Адзначце сказы, у якіх на месцы пропуску абавязкова ставіцца працяжнік.

1) І ўсё ж ток-выган ля ветрака __ самае вабнае, люднае і пацешнае месца пасля кірмашу.

2) Левы бок Нёмана __ узгоркавы і добра абжыты.

3) Іншым годам у пушчы __ прастора для грыбоў.

4) Працоўны чалавек заўсёды ў пашане.

5) Любімы Вольчын занятак __ вышываць па канве.


А15. Адзначце сказы, у якіх на месцы пропуску абавязкова ставіцца працяжнік.

1) Залессе __ адна з самых паэтычных мясцін нашай радзімы.

2) І ён сапраўды __ гаспадар гэтага лесу.

3) ягад у нас __ хоць граблямі касі.

4) Ганна, калі праўду сказаць, __ дзяўчына з характарам.

5) Ноч __ ціхая, цёплая.


А16. Адзначце сказы, у якіх паміж дзейнікам і выказнікам неабходна паставіць працяжнік.

1) Вясна малады, бурлівы вір жыцця, неспакойны рух у неакрэсленыя прасторы.

2) Вада такая цёплая, празрыстая.

3) Сінія вочкі што васілёчкі.

4) Любіць значыць змагацца за лепшае заўтра.

5) Экзамены не свята, гэта ўпартая і адказная праца.



Адказы да тэставых заданняў па тэме “Працяжнік паміж дзейнікам і выказнікам”


  1. 1, 3, 4.

  2. 1, 3, 4.

  3. 1.

  4. 1, 3.

  5. 2.

  6. 2, 3.

  7. 1, 4.

  8. 1, 4.

  9. 1, 2, 4, 5.

  10. 1, 2, 3.

  11. 4, 5

  12. 1, 3, 4

  13. 2, 3

  14. 1, 5

  15. 1, 3

  16. 1, 4


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка