Праект “крыніца мудрасці, ведаў І навукі”




Дата канвертавання11.01.2018
Памер110.45 Kb.
ПРАЕКТ

КРЫНІЦА МУДРАСЦІ, ВЕДАЎ І НАВУКІ”

Мойса Таццяна Іосіфаўна, метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму Дзяржынскага райвыканкама
Любіце кнігу, бо яна – крыніца мудрасці,

ведаў і навукі, лекі для душы.

Францыск Скарына.

АКТУАЛЬНАСЦЬ ПРАЕКТА

“Кнігі ёсць рэкі, якія напояць Сусвет”. Словы летапісца Нестара, трапна сказаныя ў ХІ стагоддзі, актуальныя і сёння, калі спаўняецца 500 гадоў з таго моманту, як Францыск Скарына выдаў першую друкаваную кнігу. Менавіта яны, кнігі, дапамагаюць выхоўваць чалавека, гуманіста, сябра, дарадцу, калегу, сем’яніна.

Аднак сучасныя вучні мала чытаюць, асабліва творы беларускіх аўтараў, беларускую літаратуру. Зніжаецца матывацыя да чытання, тым больш у вольны час, калі не патрэбна рыхтавацца да вучэбных заняткаў па беларускай літаратуры, зарабляць адзнакі. Творы беларускай літаратуры не толькі спрыяюць развіццю маўлення, логікі, але і дапамагаюць лепш асэнсаваць нацыянальныя каштоўнасці, значэнне роднай мовы, культуры, духоўнай спадчыны беларускага народа для будучыні грамадства. Вельмі важна мець добрую начытанасць, каб пасля паспяхова здаць PISA. Як сведчаць вынікі рэспубліканскага маніторынгу чытацкай граматнасці ў 2015/2016 навучальным годзе, сярэдні бал у V класе склаў усяго 4,3, у VІІІ – 6,3 [1].

Аб выхаваўчай ролі чытання ў розныя часы сведчылі: І. Замоцін, І. Самковіч, К. Міцкевіч (Якуб Колас), В. Івашын, М. Лазарук, В. Ляшук, М. Мішчанчук, А. Бельскі і г.д. Сярод тых, хто займаўся вывучэннем школьніка-чытача як метадычнай праблемай, былі: З. Рэз, Н. Малдаўская, У. Маранцман і іншыя [2].

Праект “Крыніца мудрасці, ведаў і навукі” мае на мэце павышэнне матывацыі вучняў да чытання твораў беларускай літаратуры, іх аналізу, стварэння ўласных літаратурных твораў.

Задачы:


  • спрыяць паглыбленню ведаў пра беларускую літаратуру;

  • стварыць умовы для распрацоўкі міні-праектаў пра беларускіх пісьменнікаў;

  • развіваць уменне самастойна знаходзіць інфармацыю;

  • даць магчымасць прэзентаваць уласныя літаратурныя творы.

Тэрмін рэалізацыі праекта– 18 дзён (за аснову ўзята сярэдняя працягласць змены ў летніку). Педагагічны праект прапануецца падчас арганізацыі летніка дзённага ці кругласутачнага прабывання, а таксама ў любы час пасля заняткаў. Ён можа існаваць у рамках любой змены як аўтаномна, так і перасякацца з іншымі, больш сур’ёзнымі праектамі.

Удзельнікі: вучні 11-14 гадоў (V-VІІІ класаў) як пастаяннага, так і часовага калектыву, педагагічныя работнікі, кіраўніцтва, бацькі, супрацоўнікі бібліятэкі, запрошаныя пісьменнікі, прадстаўнікі “Настаўніцкай газеты”, іншых СМІ, рэдакцыйныя супрацоўнікі. Дзякуючы сучасным камп’ютарным тэхналогіям (скайпу, сацыяльным сеткам і г.д.) можна далучыць і прадстаўнікоў іншых рэгіёнаў.

Праект абсалютна не патрабуе ад педагога спецыяльных ведаў па беларускай літаратуры, дадатковага часу на падрыхтоўку і асэнсаванне напісанага, на чытанне тэксту.



АСНОЎНАЯ ІДЭЯ ПРАЕКТА

Удзельнікі ў працэсе рэалізацыі праекта знаёмяцца з кнігамі, выконваюць разнастайныя заданні, праслухоўваюць музычныя кампазіцыі, сустракаюцца з пісьменнікамі, фантазіруюць, наведваюць бібліятэку, ствараюць уласныя тэксты і г.д. Пры падборы твораў аўтар праекта ўлічваў чытанне на перспектыву (да прыкладу, вывучэнне ў наступным класе) [5; 6; 7; 8; 9].

Праект прадугледжвае спаборніцтвы паміж атрадамі (класамі). Вынікі афармляюцца ў выглядзе “Экрана літаратурных дасягненняў”. Штодзённа ставіцца пэўная колькасць балаў і адначасова на кожны атрад адміністрацыяй на рукі дзецям выдаецца тая ж колькасць “залатых лір” у лічбах (малюнак 1) на раздрукаваных лістах (адна на атрад). Можна паставіць: 5, 10, 15, 20 лір.Тром самым актыўным удзельнікам з кожнага атрада (класа) даецца медаль “залатая ліра” штодзённа (малюнак 2), які застаецца ў дзяцей назаўсёды. Атрад-пераможца ў канцы змены атрымлівае пірог, самыя актыўныя ўдзельнікі (з любога атрада ці класа) узнагароджваюцца кнігамі.

Малюнак 1 Малюнак 2
Вядзецца літаратурны дзённік у адвольнай форме. Штодзённа збіраецца клуб літаратараў (у яго ўваходзяць прадстаўнікі ўсіх атрадаў ці класаў, кіраўніцтва, педагогі), дзе падводзяцца вынікі дня, правяраецца правільнасць выканання задання і г.д. На пасяджэнне клуба запрашаюцца бацькі-эксперты. У апошні дзень пяць самых актыўных і сумленных удзельнікаў атрымліваюць галоўны прыз – выяву залатой ліры.

Інфармуюцца ўдзельнікі праекта пры дапамозе анонса. Анонс уяўляе сабой табліцу, дзе прапісана: дата, мерапрыемства, час правядзення, месца правядзення, заданне.

Прапануем педагогам каментарыі да некаторых момантаў праекта.

Да 1-ага дня. Літаратурны дыктант.

1.Героі верша – ... . 2. Ф. Скарына нарадзіўся ў горадзе … . 3. 1-ая кніга “…” выдадзена Ф. Скарынам … жніўня … года ў … 4.Выдавецкі знак асветніка – … . 5. Раман-эсэ пісьменніка … называецца “Францыск Скарына, або Сонца маладзіковае”. 6. За 1517 – 1519 гг. Скарына выдаў … кнігі Бібліі. 7. У Вільні ў 1520-я гг. выдадзены … і … . 8. Ф. Скарына жыў у эпоху … . 9.У гонар Скарыны названы … ўніверсітэт. 10. Дзяржаўныя ўзнагароды ў гонар Ф. Скарыны – … . 11. Навуковая дысцыпліна, якая падрабязна вывучае жыццё і дзейнасць Ф. Скарыны, называецца … . 12. “Там ест наука всякое правды”. Што меў на ўвазе вялікі гуманіст? … .

Адказы: 1. Еўфрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, Францыск Скарына. 2.У Полацку. 3. “Псалтыр”, 6 жніўня 1517 г., у Празе. 4. Сонца з паўмесяцам. 5. А. Лойкі. 6. 23. 7. “Малая падарожная кніжка” і “Апостал”. 8. Адраджэння. 9. Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт. 10. Медаль і ордэн. 11. Скарыназнаўства. 12. Кнігу.

Да 2-га дня. Знайдзіце не менш за 10 пісьменнікаў. Указвайце дату, месяц, колькі гадоў з дня нараджэння спаўняецца.

Адказы. Г. Марчук (01.01; 70 г.); А.Наўроцкі (12.02; 80 г.); М. Стральцоў (14.02; 80 г.); А.Гарун (11.03; 130 г.); А. Жук (01.04; 70 г.); Р. Баравікова (11.05; 70 г.); Я. Купала (07.07; 135 г.); Я. Брыль (04.08; 100 г.); П. Панчанка (23.08; 100 г.); Я. Колас (03.11; 135 г.); А. Разанаў (05.12; 70 г.); М. Танк (12.09; 105 г.).



Да 8-га дня. Запоўніце “белыя плямы”. Неабходна па кожным пункце даць інфармацыю: паэт; твор, пакладзены на музыку; выканаўца песні і кампазітар.

  1. “Жураўлі на Палессе ляцяць…”. 2. Малітва” (“Мы здалёку ўбачылі свабоду…”). 3. “Явар і каліна”. 4. “Мой родны кут…”. 5. В. Вярба; М. Пятрэнка, (музыка), У. Мулявін (аранж.) / “Песняры”. 6. Раманс” (“Зорка Венера…”); С. Рака-Міхайлаўскі / “Песняры”, J:Mopc. 7. М.Багдановіч; І. Палявода/ Г. Шаркунова, В. Алешка, Жанет. 8. Н. Гілевіч; “Вы шуміце, шуміце, нада мною, бярозы…”. 9.“Завушніцы”. 10. “Полька беларуская”; І. Лучанок / “Сябры”. 11. “Бывай” (“Алеся”).

Адказы. 1. А. Ставер, І. Лучанок / “Песняры”, “Сябры”, Р. Аляхно. 2. Г. Бураўкін, Э. Ханок / С. Ханок. 3. Я. Купала, Ю. Семяняка / Д. Качароўскі. 4. Я. Колас, І. Лучанок. 5. “Ручнікі”. 6. М. Багдановіч. 7. “Маёвая песня” (“Па-над белым пухам вішняў…”). 8. Э. Ханок / “Сябры”. 9. М. Танк, У. Мулявін / “Песняры”, Litesound. 10. Л. Дранько-Майсюк. 11. А. Куляшоў, І. Лучанок / “Песняры”, А. Хлястоў.

Да 10-га дня. 1) Як нефармальна герой называе сваю настаўніцу? 2) Які прадмет выкладала настаўніца галоўнага героя? 3) Які прадмет выкладала настаўніца ў восьмым класе мінскай школы? 4) Якое хобі было ў галоўнага героя твора? 5) Кім па прафесіі быў бацька галоўнага героя? 6) Якая газета згадваецца ў творы? Якую назву яна мае цяпер? 7) Чыім сынам быў васьмікласнік, які сфатаграфаваў настаўніцу? 8) Які жанр твора? 9) Як вы ацэньваеце ўчынак падлетка, які засунуў руку ў кішэню курткі аднакласніцы? 10) Ці варта апраўдаць “цяперашняга” васьмікласніка мінскай школы? 11) Што аб’ядноўвае ў творы абодвух васьмікласнікаў? 12) Які жыццёвы ўрок вы ўзялі з кнігі Алеся Бадака “Адзінокі васьмікласнік хоча пазнаёміцца”?

Адказы: 1) Танечка. 2) Біялогію. 3) Беларускую мову і літаратуру. 4) Калекцыяніраваць ручкі. 5) Будаўніком. 6) “Піянер Беларусі”, цяпер – “Раніца”. 7) Настаўніцы біялогіі. 8) Аповесць. 9) Важна выказаць сваю ацэнку. Любы абгрунтаваны адказ прымаецца як правільны. 10) Гл. п. 9. 11) Кахалі маладую настаўніцу, здзейснілі жорсткі ўчынак у адносінах да педагога, дрэнна паводзілі сябе на ўроках. 12) Гл. п.9.



Да 13-га дня. Напішыце апавяданне па прапанаваным пачатку.

Цудоўны сонечны дзень. Здаецца, сама прырода радуецца цёпламу лету. Хоча расказаць пра пару шчаслівага і бесклапотнага дзяцінства…

ПРАГРАМА РЭАЛІЗАЦЫІ ПРАЕКТА
Падрыхтоўчы этап (за два тыдні да работы з дзецьмі). Падбор педагагічных кадраў. Інструктыўна-метадычная нарада. Набыццё кніг для заахвочвання дзяцей. Запраўка картрыджаў. Падбор тэкстаў і музычных кампазіцый. Раздрукоўка матэрыялаў. Падрыхтоўка 5 залатых лір памерам

1м х 1м.


Рэалізацыйны (лагерная змена, іншы прамежак часу, які складае 18 дзён). Работа ў адпаведнасці з каляндарным планам.

Заключны (два тыдні пасля рэалізацыі). Падвядзенне вынікаў праекта. Трансляцыя ў СМІ педагагічнай практыкі і вучнёўскіх работ.
КАЛЯНДАРНЫ ПЛАН РЭАЛІЗАЦЫІ ПРАЕКТА

1-ы дзень. Пачынальнікі. Літаратурны дыктант “Францыск Скарына –першадрукар” [3]. Чытанне любога твора, прысвечанага Кірылу Тураўскаму, Еўфрасінні Полацкай ці Францыску Скарыну.

2-і дзень. Пісьменнікі-юбіляры года. Складанне календара “Пісьменнікі-юбіляры года”. Чытанне кнігі (урыўкаў), твора пісьменніка-юбіляра.

3-і дзень. “Залацінкі” мудрасці. Збор “залацінак” мудрасці – яркіх цытат (абсалютна любыя творы). Максім Багдановіч. Творы на выбар.

4-ы дзень. Рэйтынг пісьменніка. Складанне рэйтынгу пісьменніка. Творы У. Ліпскага ці Р. Баравіковай.

5-ы дзень. Міні-праект “Мой любімы пісьменнік”. Міні-праекты “Мой любімы пісьменнік”. Я. Колас. V-VІІ класы: “Казкі жыцця” (на выбар); VІІІ класы: “Новая зямля” (урыўкі).

6-ы дзень. Рыхтуемся да інсцэніроўкі. Падрыхтоўка да інсцэніроўкі альбо чытання па ролях (батлеечныя спектаклі).

7-ы дзень. Інсцэніроўка. Інсцэніроўка ці чытанне па ролях. Падрыхтоўка да конкурсу выканаўцаў песень на словы беларускіх паэтаў.

8-ы дзень. Жыццё нібы песня. Конкурс выканаўцаў песень на словы беларускіх паэтаў. Чытанне часопіса “Бярозка”.

9-ы дзень. Завочны майстар-клас “Вучымся пісаць актуальна і сучасна”. А. Бадак “Адзінокі васьмікласнік хоча пазнаёміцца” (першая палова тэксту, падрабязна) [4]. Экскурсія ў бібліятэку.

10-ы дзень. Завочны майстар-клас “Вучымся пісаць актуальна і сучасна”. А. Бадак “Адзінокі васьмікласнік хоча пазнаёміцца” (другая палова тэксту, падрабязна). Адказы на прапанаваныя пытанні.

11-ы дзень. Беларусь у нашым сэрцы. Падрыхтоўка да конкурсу чытальнікаў “Беларусь у нашым сэрцы” (паэтычныя і празаічныя творы патрыятычнай скіраванасці).

12-ы дзень. Беларусь у нашым сэрцы. Конкурс чытальнікаў “Беларусь у нашым сэрцы”. Чытанне часопіса “Бярозка”.

13-ы дзень. Апавяданні чытаем з захапленнем. V-VІ класы: апавяданні Я.Маўра; VІІ класы: В. Карамазаў. “Дзяльба кабанчыка”; VІІІ класы: Апавяданні Я.Баршчэўскага. Напісанне працягу апавядання па прапанаваным пачатку.

14-ы дзень. Цікавая сустрэча. Сустрэча з пісьменнікамі: А.Хацкевіч, Р.Рэўтовіч, Л. Круглік і г.д. Складанне ліста-падзякі пісьменнікам.

15-ы дзень. Тэатр. Наведванне тэатра. Напісанне водгуку на спектакль.

16-ы дзень. “Над намі словы ўладараць”. Падрыхтоўка да фестывалю “Залатая ліра”.

17-ы дзень. “Залатая ліра”. Фестываль аўтарскіх твораў “Залатая ліра”.

Чытанне часопіса “Маладосць”. Вуснае і пісьмовае выказванне-разважанне “Якім павінен быць супрацоўнік сучаснага літаратурнага часопіса?”.



18-ы дзень. Падвядзенне вынікаў. Конкурс на лепшы літаратурны дзённік. Узнагароджванне пераможцаў. Рэкамендацыі па дапрацоўцы.

КРЫТЭРЫІ І ПАКАЗЧЫКІ ЭФЕКТЫЎНАСЦІ

Крытэрый

Паказчык эфектыўнасці

Навучанасць

Павышэнне сярэдняга бала па беларускай мове і літаратуры

Уменне працаваць з тэкстам

Высокія вынікі ў РISA

Удзел у творчых конкурсах

Выніковасць

Фестываль-конкурс юных журналістаў “Свежий ветер” у НДЦ “Зубронак”

Фінал ці ўдзел у рэспубліканскім этапе

Алімпіядны рух

Працэнт выканання алімпіядных заданняў на ўсіх узроўнях

Даследчая дзейнасць

Конкурс работ даследчага характару

Экзамен па беларускай мове

Экзаменацыйная адзнака

Прафесійны выбар

Выбар прафесіі філалагічнага ці журналісцкага накірунку

Публікацыі ў дзіцячых СМІ

Наяўнасць публікацый


КАДРАВАЕ ЗАБЕСПЯЧЭННЕ

Па праекце з вучнямі можа працаваць любы настаўнік, неабавязкова філолаг.



МАТЭРЫЯЛЬНА-ТЭХНІЧНАЕ ЗАБЕСПЯЧЭННЕ ПРАЕКТА

Для якаснай рэалізацыі праекта патрэбны: тэксты літаратурных твораў (асабліва – кніга Алеся Бадака “Адзінокі васьмікласнік хоча пазнаёміцца”); ЭСН; абсталяванне, неабходнае для інсцэніровак; ватман для “Экрана літаратурных дасягненняў”; раздрукоўкі з выявамі “залатых лір”, медалі, кнігі для прызоў, сшыткі, шкатулка ці іншая рэч для галасавання (можна – камп’ютарная праграма), дрэва для вырабу залатых лір.



ФІНАНСАВА-ЭКАНАМІЧНАЕ АБГРУНТАВАННЕ ПРАЕКТА

Грашовыя сродкі патрабуюцца на інтэрнэт, экскурсію, кнігі для заахвочвання дзяцей, наведванне тэатра, раздрукоўку, набыццё пірага, дошак ці фанеры.



ЧАКАЕМЫЯ ВЫНІКІ

Праект будзе спрыяць павышэнню матывацыі вучняў да чытання, аблегчыць працу не толькі з літаратурнымі тэкстамі, але і з тэкставымі матэрыяламі на іншых вучэбных прадметах, надасць упэўненасць у літаратурных здольнасцях.



ПРАЕКТНЫЯ ПРАДУКТЫ

Зборнік твораў “З залатой лірай пойдзем у жыццё”, напісаных дзецьмі. У зборнік таксама будуць уключаны: лісты-падзякі пісьменнікам, апавяданні, пісьмовыя варыянты выказванняў-разважанняў на прапанаваную вышэй тэму.



ДАЛЕЙШЫЯ ПЕРСПЕКТЫВЫ

Вопыт работы па праекце распаўсюджваецца праз любыя сродкі масавай інфармацыі. Праект можна рэалізаваць у наступным годзе з іншымі вучнямі. Выдадзены зборнік (некалькі зборнікаў) дарэчы прадэманстраваць на бацькоўскіх сходах, іншых мерапрыемствах. Лепшыя работы варта прапанаваць для друку ў часопісе “Бярозка”, газетах “Зорька”, “Переходный возраст”.



ЛІТАРАТУРА

  1. Рекомендации по совершенствованию читательских умений учащихся

учреждений общего среднего образования // http://www.adu.by/ru/uchitelyu/otsenka-kachestva-obrazovaniya.html.

  1. Методыка выкладання беларускай літаратуры: Вучэбная праграма для вышэйшых навучальных устаноў па спецыяльнасці: 1-21 05 01 Беларуская філалогія. – Мінск: РІВШ,2005 (http://www.philology.bsu.by).

  2. Францыск Скарына // https://be.wikipedia.org/wiki.

  3. Бадак, А. Адзінокі васьмікласнік хоча пазнаёміцца. Аповесць / А. Бадак. – Мінск: БелЭн, 2014.

  4. Вучэбная праграма для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання: Беларуская літаратура.V–XI класы. – Мінск: Нац. ін-т адукацыі, 2012.

  5. Вучэбныя праграмы па вучэбных прадметах для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай мовай навучання і выхавання. V клас// http:// http://www.adu.by .

  6. Сборник «Учебные программы по учебным предметам для учреждений общего среднего образования с русским языком обучения и воспитания. VІ класс // http:// www.adu.by .

  7. Вучэбныя праграмы па вучэбных прадметах для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай мовай навучання і выхавання. 2016 год. VI клас // http://www.adu.by .

  8. Учебные программы по учебным предметам для учреждений общего среднего образования с русским языком обучения и воспитания. 2016 год. VI класс// http://www.adu.by .





База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка