Праект міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Нацыянальны інстытут адукацыі вучэбная праграма




Дата канвертавання08.03.2017
Памер184.9 Kb.
ПРАЕКТ

Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь

Нацыянальны інстытут адукацыі

ВУЧЭБНАЯ ПРАГРАМА

для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі

з беларускай і рускай мовамі навучання і выхавання
БЕЛАРУСКАЯ ЛІТАРАТУРА

ІХ КЛАС

Мінск
Тлумачальная запіска
Вучэбная праграма па беларускай літаратуры для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі распрацавана ў адпаведнасці з канцэпцыяй вучэбнага прадмета «Беларуская літаратура». Галоўная мэта навучання прадмету — далучэнне вучняў да мастацтва слова ў кантэксце духоўнага і сацыяльна-гістарычнага жыцця народа і фарміраванне на гэтай аснове мастацкага мыслення, эстэтычных пачуццяў, чытацкай і маўленчай культуры, выхаванне чалавека з глыбокім гуманістычным і дэмакратычным светапоглядам, з развітым пачуццём нацыянальнай і асабістай самапавагі, патрыёта, адданага агульначалавечым ідэалам, асобы з выразна выяўленымі творчымі схільнасцямі, здольнай успрыманне прыгожага выкарыстаць для выпрацоўкі стымулу маральнага, інтэлектуальнага і духоўнага развіцця.

Аснову зместу беларускай літаратуры як вучэбнага прадмета складаюць чытанне і тэкстуальнае вывучэнне высокамастацкіх твораў нацыянальнай класікі і вядомых майстроў слова. Гэтыя творы вызначаюцца багатым пазнавальным і выхаваўчым патэнцыялам, з’яўляюцца даступнымі для вучняў пэўнага ўзросту. Цэласнае ўспрыманне і разуменне літаратурных твораў, фарміраванне ўменняў аналізаваць і інтэрпрэтаваць мастацкі тэкст магчыма толькі пры адпаведнай эмацыянальна-эстэтычнай рэакцыі чытача.

Вучэбная праграма заснавана на ідэях кампетэнтнаснага падыходу, паводле якога засваенне зместу навучання накіравана на фарміраванне асобасных, метапрадметных і прадметных кампетэнцый вучняў. Рэалізацыя такога падыходу прадугледжвае ўзмацненне дзейнасна-практычнага кампанента літаратурнай адукацыі. У сувязі з чым у праграме акрэсліваюцца асноўныя віды вучэбнай дзейнасці вучняў і патрабаванні да яе вынікаў.

Курс IX класа ў сістэме літаратурнай адукацыі займае асобнае і адрознае (у параўнанні з папярэднімі класамі) месца як пераходны этап ад сярэдніх да старэйшых класаў і адносна завяршае агульную сярэднюю адукацыю. Яго мэта – сфарміраваць у вучняў цэласнае ўяўленне пра беларускую літаратуру ад старажытнасці да сучаснасці, дапамагчы асэнсаваць ідэйна-мастацкі змест лепшых твораў беларускага мастацкага слова. Увага вучняў на гэтым этапе навучання канцэнтруецца на мастацкім творы, але з падключэннем інфармацыі пра эпоху, адметнасці часу, якія паўплывалі на асаблівасці твора, асноўных звестак з жыцця і творчасці пісьменніка. З’явы гісторыі літаратуры раскрываюцца пераважна на прыкладзе канкрэтнага мастацкага твора або некалькіх асобных твораў пісьменніка. Пры гэтым мэтазгодна абапірацца на веды пра асаблівасці развіцця розных відаў мастацтва, атрыманыя вучнямі на ўроках па вучэбным прадмеце «Мастацтва (айчынная і сусветная мастацкая культура)».

У працэсе навучання ў ІХ класе паглябляюцца веды вучняў пра структуру мастацкага твора, літаратурныя роды і жанры ў гістарычным аспекце, даецца першаснае ўяўленне пра асаблівасці творчай манеры, стылю пісьменніка. Асэнсаванне тэарэтычных паняццяў паспрыяе больш глыбокаму ўспрыманню літаратуры як мастацтва. У працэсе вывучэння манаграфічных тэм прадугледжана атрыманне старэйшымі падлеткамі крытыка-біяграфічных ведаў пра жыццё і творчасць пісьменнікаў. Прапанаваная праграмай фармулёўка «Слова пра пісьменніка» мае на ўвазе зварот да асноўных фактаў творчай біяграфіі майстра слова, якія непасрэдным чынам тычацца акрэсленых твораў, найбольш ярка прадстаўляюць асобу аўтара і добра ілюструюць спецыфіку часу.

У літаратурнай адукацыі IX клас – клас «спецыяльна дыялагічны», вучні якога арганізуюць паслядоўны дыялог паміж рознымі тыпамі культуры. Навучанне будуецца на аснове найбольш вядомых, «ключавых» тэкстаў, засваенне якіх можа служыць ключом да разумення важных асаблівасцей культуры народа. Дыялог культур дазваляе падвесці вучняў да глыбейшага разумення заканамернасцей у развіцці мастацтва, замацаваць тэарэтычныя паняцці і дае магчымасць адчуць непаўторнасць індывідуальнасці кожнага пісьменніка, нацыянальнай асаблівасці і арыгінальнасці літаратуры, не павялічваючы колькасці ўрокаў і не абцяжарваючы вучняў дадатковай інфармацыяй. Навучанне беларускай літаратуры ў дыялогу культур сарыентавана на фарміраванне чалавека ў культуры і чалавека культуры, здольнага ўмела карыстацца ведамі, усведамляць іх, разважаць, па-рознаму мысліць, асэнсоўваць і параўноўваць набыткі розных культур.

Дзеля развіцця пазнавальных інтарэсаў, выхавання мастацка-эстэтычнага густу і фарміравання цэласнага светапогляду вучняў пры навучанні беларускай літаратуры мэтазгодна прадугледжваць рэалізацыю міжпрадметных сувязей перш за ўсё з такімі вучэбнымі прадметамі, як «Беларуская мова», «Руская літаратура», «Мастацтва (айчынная і сусветная мастацкая культура)», «Гісторыя Беларусі». Міжпрадметныя сувязі актуалізуюцца на ўсіх этапах навучання, іх рэалізацыя ў адукацыйным працэсе ўзбагачае дыялог літаратуры з іншымі відамі мастацтва (жывапіс, музыка, фотамастацтва, кіно, тэатр і інш.), эфектыўна ўздзейнічае на маральна-этычнае, інтэлектуальнае, эмацыянальнае, эстэтычнае развіццё асобы.

Структура ўрокаў беларускай літаратуры і іх форма абумоўліваюцца мэтавымі ўстаноўкамі, узростам вучняў, мастацкай своеасаблівасцю твора, этапамі яго вывучэння. Гутарка і лекцыя, чытанне і абагульненне, аналіз і сачыненне, абарона праектаў і завочная экскурсія, «паэтычная хвілінка» і работа з падручнікам – усе гэтыя формы навучання маюць сваю спецыфіку, якая праяўляецца ва ўнутранай логіцы разгортвання ўрока, і забяспечваюць такія яго якасці, як цэласнасць, навучальная, выхаваўчая і развіццёвая накіраванасць, праблемнасць, дзейнасны характар, дыялагічнасць.

У адукацыйнай практыцы могуць выкарыстоўвацца як традыцыйныя, так і электронныя сродкі навучання, якія павінны быць скіраваны на дасягненне мэт і задач літаратурнай адукацыі.

Сучасны электронны вучэбна-метадычны комплекс па беларускай літаратуры складаецца з даведачна-інфармацыйнага, кантрольна-дыягнастычнага і інтэрактыўнага модуляў (adu.by), якія аб’яднаны ў адзінае цэлае на аснове патрабаванняў вучэбнай праграмы і могуць быць выкарыстаны пры арганізацыі навучальнага працэсу (непасрэдна на ўроку, пры падрыхтоўцы дамашняга задання, выкананні самастойнай працы), а таксама для правядзення тэматычных пазакласных мерапрыемстваў, факультатыўных заняткаў і г.д.

На вывучэнне літаратуры ў ІХ класе адводзіцца 53 гадзіны (з іх 49 гадзін – на вывучэнне і абмеркаванне твораў, 4 гадзіны – на творчыя работы). Праграмай не прадугледжаны гадзіны на ўрокі па творах для дадатковага чытання, але настаўнік рэгулярна цікавіцца самастойным чытаннем вучняў і можа, па-свойму пераразмеркаваўшы вучэбную нагрузку, правесці на працягу навучальнага года некалькі ўрокаў па абраных творах.

Са спіса твораў, прапанаваных для дадатковага чытання, настаўнік выбірае тыя, выкарыстанне якіх ён лічыць больш дарэчным у пэўным класным калектыве, улічваючы індывідуальныя магчымасці вучняў і наяўнасць тэкстаў у бібліятэчным фондзе.



Гадзіны, адведзеныя на творчыя работы, настаўнік размяркоўвае ў адпаведнасці з уласным каляндарна-тэматычным планам.

змест праграмы

(53 гадзіны)
УВОДЗІНЫ (1 гадзіна)
Вытокі беларускага мастацкага слова. Міфалогія. Фальклор. Літаратура. Літаратура як частка сусветнай культуры. Нацыянальнае і агульначалавечае ў мастацтве слова.
З ЛІТАРАТУРЫ СЯРЭДНЯВЕЧЧА (2 гадзіны)
«Жыціе Еўфрасінні Полацкай»

Слова пра старажытную беларускую літаратуру.

Адлюстраванне жыцця і дзейнасці беларускай асветніцы. Духоўны подзвіг Еўфрасінні Полацкай. Рэальныя і гістарычныя факты ў творы. Сувязь твора з хрысціянскім веравучэннем. Адметнасць кампазіцыі «Жыція...».

Тэорыя літаратуры. Паняцце пра жыціе як жанр старажытнай літаратуры.

Мастацтва. Ж ы в а п і с: М. А. Кашкурэвіч. «Еўфрасіння Полацкая — асветніца».
З ЛІТАРАТУРЫ ЭПОХІ РЭНЕСАНСУ (3 гадзіны)
Ф р а н ц ы с к С к а р ы н а. Прадмовы да кніг «Псалтыр», «Юдзіф» (2 гадзіны).

Слова пра першадрукара і асветніка.

Агульначалавечы змест прадмоў. Сцвярджэнне ідэй патрыятызму, вернасці грамадзянскаму абавязку, духоўнай моцы і трываласці.

Мастацтва. Ж ы в а п і с. І. Ахрэмчык. «Францыск Скарына Г. Вашчанка. «Роднае слова. Францыск Скарына»; Я. Драздовіч. «Друкарня Ф.  Скарыны ў Вільні»; П. Сергіевіч. «Скарына ў рабочым кабінеце»; Л. Шчамялёў. «Францыск Скарына. Вяртанне».

М і к о л а Г у с о ў с к і. «Выдумка гэта карэннем сваім пранікае ў княжанне Вітаўта… » (урывак з паэмы «Песня пра зубра») (1 гадзіна).

Мікола Гусоўскі – паэт-гуманіст. Сімвалічнае значэнне вобраза зубра. Увасабленне рэнесансавых ідэй у вобразе князя Вітаўта. Высокая аўтарская ацэнка дзейнасці князя.



Тэорыя літаратуры. Гуманізм у літаратуры.

Мастацтва. Ж ы в а п і с. М. Басалыга. «Мікола Гусоўскі» А. Кашкурэвіч. Ілюстрацыі да «Песні пра зубра»; Я. Кулік. Ілюстрацыі да кнігі «Песня пра зубра».
З ЛІТАРАТУРЫ ХІХ СТАГОДДЗЯ (8 гадзін)
Я н Б а р ш ч э ў с к і. Апавяданні «Шляхціц Завальня», «Белая Сарока» (са зборніка «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях») (2 гадзіны).

Слова пра пісьменніка.

Галоўны літаратурны твор пісьменніка «Шляхціц Завальня» — зборнік фантастычных апавяданняў. Цесная сувязь кнігі з беларускай міфалогіяй і фальклорам. Роля вобраза Завальні ў творы. Рамантычныя сюжэты і вобразнасць. Сімволіка вобразаў.

Тэорыя літаратуры. Паняцце пра рамантызм.

Мастацтва. К і н а м а с т а ц т в а. «Шляхціц Завальня» (рэж. В. Тураў). Т э а т р. «Беларусь у фантастычных апавяданнях» (Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, рэж.  У. Савіцкі).

А д а м М і ц к е в і ч. Балада «Свіцязянка» (1 гадзіна).

Слова пра пісьменніка.

Беларускія вытокі польскамоўнай творчасці А.Міцкевіча. Паэтычнае асэнсаванне беларускага фальклору і міфалогіі ў баладзе. Рамантычнае вырашэнне тэмы кахання ў творы.

Тэорыя літаратуры. Літаратура і фальклор.

Мастацтва. Ж ы в а п і с: В. Ваньковіч. «Партрэт Адама Міцкевіча». С к у л ь п т у р а: А. Заспіцкі. Помнік Адаму Міцкевічу (Мінск); В. Янушкевіч. Помнік Адаму Міцкевічу (Навагрудак).

К а н ст а н ц і н В е р а н і ц ы н. Паэма «Тарас на Парнасе» (1 гадзіна).

Слова пра пісьменніка.

Сатырычны і гумарыстычны пафас твора. Сцвярджэнне ідэй народнасці ў літаратуры. Роля міфалагічных персанажаў у раскрыцці тэмы і ідэі твора. Тарас як тыповы народны герой, рысы яго характару: кемлівасць, абачлівасць, дасціпнасць. Гумарыстычныя элементы ў творы. Выяўленчае майстэрства аўтара ў абмалёўцы персанажаў. Гісторыка-літаратурнае значэнне паэмы.

Тэорыя літаратуры. Пачатковае паняцце пра народнасць літаратуры. Пародыя і бурлеск у літаратуры.

Мастацтва. Т э а т р а л ь н а е м а с т а ц т в а. Спектакль «Тарас на Парнасе» (Беларускі рэспубліканскі тэатр юнага гледача, рэж. Н. Башава).

В і н ц э н т Д у н і н-М а р ц і н к е в і ч. Фарс-вадэвіль «Пінская шляхта» (2 гадзіны).

Слова пра пісьменніка.

Жанравае вызначэнне, сатырычны і гумарыстычны пафас твора. Выкрыццё царскага чыноўніцтва. Вобраз Кручкова, яго тыповасць. Духоўная абмежаванасць засцянковай шляхты. Праблема бацькоў і дзяцей. Вобраз Куторгі. Майстэрства драматурга ў разгортванні інтрыгі, сюжэта, у стварэнні камічнага эфекту. Гратэск і шарж як прыёмы фарса-вадэвіля.

Тэорыя літаратуры. Фарс і вадэвіль як камедыйныя жанры.

Мастацтва. Ж ы в а п і с: Я. Ціхановіч. «Партрэт Вінцука Дуніна-Марцінкевіча». Т э а т р а л ь н а е м а с т а ц т в а. Спектакль «Пінская шляхта» (Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, рэж. М. Пінігін).

Ф р а н ц і ш а к Б а г у ш э в і ч. Прадмова да зборніка «Дудка беларуская», вершы «Мая дудка», «Хмаркі» (2 гадзіны).

Ф.Багушэвіч як пачынальнік беларускага нацыянальнага адраджэння. Пафас «Прадмовы» да зборніка «Дудка беларуская». Пошукі асноў духоўнага і гістарычнага адраджэння народа, сцвярджэнне маральнага кодэкса беларуса. Аўтарскі погляд на ролю паэта і паэзіі ў вершы «Мая дудка». Паэтычнае асэнсаванне ўласнага лёсу ў алегарычным вершы «Хмаркі».


З ЛІТАРАТУРЫ ХХ СТАГОДДЗЯ (29 гадзін)
Я н к а К у п а л а. Вершы «Мая малітва» («Я буду маліцца і сэрцам, і думамі...»), «Жняя», «Явар і каліна», «У вырай!» («Гэй, вольныя птахі, саколія дзеці!..»); паэма «Бандароўна» (3 гадзіны).

Слова пра пісьменніка.



Лірыка. Адраджэнскі пафас вершаў. Ідэя вечнасці жыцця, кахання, гармонія чалавека і прыроды. Жанравае, вобразнае, інтанацыйнае багацце лірыкі.

«Бандароўна». Фальклорная першакрыніца паэмы. Сутнасць канфлікту. Вобразы-антыподы. Драматызм дзеяння. Маральнае хараство Бандароўны. Рамантычная аснова твора.

Тэорыя літаратуры. Жанры лірыкі (паглыбленне паняцця).

Мастацтва. М у з ы к а: Ю. Семяняка. «Явар і каліна». А. Молчан. «Малітва».

Я к у б К о л а с. Вершы «Беларусам», «Родныя вобразы», «Першы гром»; паэма «Новая зямля» (4 гадзіны).

Слова пра пісьменніка.



Лірыка. Элегічнае і аптымістычнае ў паэзіі Якуба Коласа Паэтызацыя роднай прыроды Рытміка-інтанацыйны лад вершаў Якуба Коласа.

«Новая зямля» — мастацкая энцыклапедыя народнага жыцця. Аўтабіяграфічнасць паэмы, яе творчая гісторыя. Жанравыя асаблівасці твора. Народны побыт і прырода ў паэме. Вобразы ў паэме: мудрасць і душэўная прыгажосць Антося, Ганны; вобразы дзяцей. Трагедыя лёсу Міхала. Філасофская ідэя зямлі і волі. Сімвалічны сэнс назвы твора. Паэтычнае майстэрства Якуба Коласа.

Тэорыя літаратуры. Паэма як ліра-эпічны жанр (паглыбленне паняцця).

Мастацтва. Т э а т р а л ь н а е м а с т а ц т в а. Спектакль «Міхалава зямля» (Беларускі рэспубліканскі тэатр юнага гледача, рэж. У. Савіцкі).

М а к с і м Б а г д а н о в і ч. Вершы «Санет» («Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі...»), «Кніга», «Маладыя гады», «Жывеш не вечна, чалавек…», «Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы...» (2 гадзіны) .

Слова пра паэта.

Багацце духоўнага свету лірычнага героя. Пошукі гармоніі, услаўленне красы жыцця і мастацтва. Скіраванасць да агульначалавечай праблематыкі . Рытмічнае багацце і мілагучнасць верша.

Тэорыя літаратуры. Верлібр.

Мастацтва. Ж ы в а п і с: Г. Вашчанка. «М. Багдановіч»; В. Волкаў. «М. Багдановіч». . С к у л ь п т у р а: С. Вакар. Помнік М. Багдановічу; Л. Гумілёўскі. «Максім Багдановіч».

М а к с ім Г а р э ц к і. Апавяданне «Літоўскі хутарок» (2 гадзіны).

Слова пра пісьменніка.

Суровая праўда пра Першую сусветную вайну, выкрыццё яе антынароднай, антычалавечай сутнасці. Аўтабіяграфічнасць апавядання. Рэалістычная праўдзівасць адлюстравання трагедыйнасці народнага жыцця. Гуманістычная канцэпцыя пісьменніка. Вобраз Яна Шымкунаса — бескарыслівага, высакароднага, гуманнага чалавека.

Мастацтва. С к у л ь п т у р а: Э. Астаф’еў. Рэльефны партрэт М. Гарэцкага для мемарыяльнай дошкі.

К а н д р а т К р а п і в а. Байкі «Дыпламаваны Баран», «Махальнік Іваноў», «Саманадзейны конь» (1 гадзіна).

Слова пра пісьменніка.

Выкрыццё бескультур’я, амаральнасці, некампетэнтнасці, бяздушнага стаўлення да сумленных працаўнікоў, высмейванне самаўпэўненасці, нахабства, тупасці, падхалімства і іншых чалавечых заган.

Тэорыя літаратуры. Байка (паглыбленне паняцця).

К у з ь м а Ч о р н ы. Апавяданне «Вечар» (2 гадзіны).

Слова пра пісьменніка.

Адлюстраванне шматфарбнасці жыцця. Жыццёвая філасофія герояў. Вобраз Віктара Зеніча як увасабленне новага пакалення беларусаў. Майстэрства пісьменніка ў раскрыцці ўнутранага свету галоўнага героя.

Тэорыя літаратуры. Мастацкая дэталь у эпічным творы (паглыбленне паняцця).

Мастацтва. Ж ы в а п і с: І. Ахрэмчык. «Партрэт К. Чорнага».

А р к а д зь К у л я ш о ў. Вершы «Мая Бесядзь», «Спакойнага шчасця не зычу нікому...», «Нябёсы – акіян, я знаў даўно… », «На паўмільярдным кіламетры» (2 гадзіны).

Слова пра паэта.

Грамадзянкая, маральна-этычная і філасофская тэматыка вершаў. Раскрыццё агульначалавечага праз глыбока асабістае. Паэтычнае майстэрства А.Куляшова.

Тэорыя літаратуры. Лірычны герой (паглыбленне паняцця).

Мастацтва. М у з ы к а: Э. Наско. Вакальная музыка «Рамансы на вершы А. Куляшова».

І в а н Ш а м я к і н. Аповесць «Непаўторная вясна» (1-я кніга пенталогіі «Трывожнае шчасце») (3 гадзіны).

Слова пра пісьменніка.

Адлюстраванне даваеннага жыцця моладзі ў аповесці «Непаўторная вясна». Духоўны свет Пятра і Сашы, іх узаемаадносіны. Паэзія кахання і прыгожых чалавечых пачуццяў. Эмацыянальна-псіхалагічная змястоўнасць твора. Лірычны характар аўтарскага пісьма.

Мастацтва. . Ж ы в а п і с: М.  Будавей. «Партрэт Івана Шамякіна»; Н. Шчасная. «Снежныя зімы (партрэт пісьменніка Шамякіна)».

П і м е н П а н ч а н к а. «Герой», «Родная мова», «Толькі лісцем рабін шалахні...», «Той дзень прапаў і страчаны навекі...» (2 гадзіны).

Слова пра паэта.

Спавядальны характар твораў, адкрытасць, шчырасць лірычнага пачуцця. Бескампраміснасць паэтычнага слова. Публіцыстычная завостранасць верша, разнастайнасць рытміка-інтанацыйнага малюнка, багацце сродкаў мастацкага выяўлення.

Мастацтва. Ж ы в а п і с. М. Будавей. «Партрэт Пімена Панчанкі».

В а с і л ь Б ы к а ў. Аповесць «Альпійская балада» (3 гадзіны).

Слова пра пісьменніка.

Мастацкае вырашэнне ў аповесці тэма вайны і кахання. Гуманістычны пафас твора. Вобразы галоўных герояў як ўвасабленне духоўнай моцы чалавека ў экстрэмальнай сітуацыі. Асаблівасці быкаўскай аповесці.

Тэрыя літаратуры. Жанравыя разнавіднасці аповесці.

Мастацтва. Ж ы в а п і с: М. Будавей. «Партрэт В. Быкава». К і н а м а с т а ц т в а. «Альпійская балада» (рэж.Б. Сцяпанаў). М у з ы к а. Я. Глебаў. Балет «Альпійская балада». Я. Глебаў. Сюіта з балета «Альпійская балада».

М а к с і м Т а н к. Вершы «Мой хлеб надзённы», «Завушніцы», «Ты яшчэ намёк на чалавека…», «Не знаю, ці ёсць жыццё…» (2 гадзіны).

Слова пра паэта.

Тэмы і вобразы паэзіі М. Танка. Філасофскі роздум пра чалавека, яго жыццёвае прызначэнне. Увага да духоўнага свету чалавека, агульначалавечых каштоўнасцей. Шматграннасць паэтыкі.

Тэорыя літаратуры. Рытма-інтанацыйны лад верша (паглыбленне паняцця).

Мастацтва. . Ж ы в а п і с. С. Герус. «Партрэт М. Танка»; Я. Зайцаў. «Партрэт М. Танка»; Н. Шчасная. «Партрэт М. Танка». М у з ы к а Ю. Талеснік. Раманс «Завушніцы»; Э. Тырманд. Раманс «Мой хлеб надзённы».

У л а д з і м і р К а р а т к е в і ч. Аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха» (3 гадзіны).

Слова пра пісьменніка.

Канкрэтна-гістарычная аснова твора. Каларыт, атмасфера мінулай эпохі (80-я гады XIX ст.). Роздум аб прызначэнні чалавека на зямлі, аб лёсе беларускага народа, узаемасувязі розных гістарычных эпох. Праблемы дабра і зла, кахання, мужнасці і гераізму. Вобразы Андрэя Беларэцкага, Андрэя Свеціловіча і Надзеі Яноўскай. Асаблівасці кампазіцыі твора.

Мастацтва. Ж ы в а п і с. У. Зінкевіч. «Партрэт У. Караткевіча»; М. Будавей. «Партрэт У. Караткевіча». М у з ы к а. У. Солтан. Опера «Дзікае паляванне караля Стаха». К і н а м а с т а ц т в а. «Дзікае паляванне караля Стаха» (рэж. В. Рубінчык).
З СУЧАСНАЙ ЛІТАРАТУРЫ (К. ХХ – П. ХХІ СТ.СТ.) (5 гадзін)
М і х а с ь Б а ш л а к о ў. Вершы «Паэзія», «З лістападамі…», «Сафійскі сабор», «Тры лікі любові» (2 гадзіны).

Слова пра паэта.

Свет Радзімы-Беларусі ў творчасці паэта, выяўлення пачуцця любові да зямлі бацькоў. Знітаванасць з родным краем як духоўная аснова ўнутранага свету лірычнага героя. Задушэўнасць інтанацыі, меладычнасць, тонкі лірызм вершаў.

Тэорыя літаратуры. Мастацкія тропы (паглыбленне паняцця).

Л ю д м і л а Р у б л е ў с к а я. Аповесць «Сэрца мармуровага анёла» (3 гадзіны).

Слова пра пісьменніцу.

Адраджэнскі і рамантычны пафас аповесці. Адметнасць сюжэтна-кампазіцыйнай будовы твора. Вобразы галоўных герояў. Творчае выкарыстанне аўтарам традыцый беларускай літаратуры.
ПАЎТАРЭННЕ І АБАГУЛЬНЕННЕ ВЫВУЧАНАГА ЗА ГОД (1 гадзіна)
У с я г о: на вывучэнне твораў — 49 гадзін;

на творчыя работы — 4 гадзіны.


Рэкамендацыйны спіс твораў для завучвання на памяць і мастацкага расказвання
Францыск Скарына. Урывак з прадмовы да кнігі «Юдзіф».

Янка Купала. «Явар і каліна».

Якуб Колас. «Родныя вобразы».

Максім Багдановіч. «Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы...».

Міхась Башлакоў. «З лістападамі…».
Прыкладны спіс твораў для дадатковага чытання

Зб. «Карона Вітаўта Вялікага».



Я. Баршчэўскі. «Ваўкалак», «Плачка».

М. Башлакоў.Зб. «Нетры».

В. Быкаў. «Абеліск».

У. Гніламёдаў. «Уліс з Прускі».

У. Караткевіч. «Чазенія».

М. Кацюбінскі. «Цені забытых продкаў».

А. Куляшоў. Зб. «Хуткасць».

А. Мальдзіс. «Як жылі нашы продкі ў XVIII ст.».

М. Маляўка. Зб. «Старая зямля».

Б. Мікуліч. «Развітанне».

А. Міцкевіч. «Свіцязь».

А. Наварыч. «Літоўскі воўк».

А. Наўроцкі. «Валун».

П. Панчанка. Зб. «Прылучэнне».

Ф. Пятрарка. «Санеты для Лаўры».

Л. Рублеўская. «Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега».

В. Скот. «Айвенга».

М. Танк. Зб. «Збор калосся».

К. Тарасаў. «Тры жыцці княгіні Рагнеды».

М. дэ Сервантэс. «Хітры гідальга Дон Кіхот Ламанчскі».

А. Статкевіч-Чабаганаў. «Лёс роду – лёс радзімы».

М. Стральцоў. «Загадка Багдановіча».

М. Шабовіч. Зб. «Мая надзея».

В. Шніп. Зб. «Балада камянёў».
Асноўныя віды ВУЧЭБНАЙ ДЗЕЙНАСЦІ па літаратуры

Ў IX класе
Выразнае чытанне мастацкіх твораў розных жанраў.

Вусны і пісьмовы пераказ празаічных тэкстаў, ускладнены элементамі разважання.

Аргументаванне ўласных ацэнак герояў і падзей.

Сачыненне-апісанне малюнкаў прыроды, выгляду герояў (на падставе вывучаных твораў).

Параўнальная характарыстыка літаратурных герояў аднаго твора і розных твораў (сачыненне-разважанне).

Вусны і пісьмовы водгук на самастойна прачытаную кнігу, прагледжаныя спектакль, кінафільм, тэлеперадачу.

Супастаўленне літаратурных твораў з ілюстрацыямі да іх.

Даклад або рэферат на літаратурную тэму (па вывучаных творах).

Канспект прачытаных літаратурна-крытычных прац.

Вопыты мастацка-творчага характару: мастацкія замалёўкі, апавяданні, нарысы, вершы.


Асноўныя патрабаванні да ВЫНІКАЎ ВУЧЭБНАЙ ДЗЕЙНАСЦІ вучняў XІ класа
Вучні павінны ведаць:

асноўныя этапы і заканамернасці развіцця беларускай літаратуры;

змест асноўных тэарэтыка- і гісторыка-літаратурных паняццяў, патрэбных для аналізу і ацэнкі мастацкіх твораў;

найбольш важныя звесткі пра жыццё і творчасць пісьменнікаў;

сюжэт і сістэму вобразаў вывучаных твораў, іх праблематыку;

тэксты, рэкамендаваныя праграмай для завучвання на памяць.

Вучні павінны ўмець:

удумліва і творча чытаць літаратурныя творы, успрымаць іх на эмацыянальна-вобразным узроўні ў адзінстве ідэйнага зместу і мастацкай формы, самастойна іх асэнсоўваць;

вызначаць прыналежнасць твора да пэўнага літаратурнага мастацкага напрамку, роду і жанру;

вызначаць асноўную праблему твора;

характарызаваць літаратурнага героя;

суадносіць ідэі і характары з уласным жыццёвым вопытам, аргументаваць сваю ацэнку герояў і падзей;

супастаўляць герояў розных твораў і вылучаць у іх характарах і паводзінах агульнае і адрознае;

вызначаць сувязь паміж героямі твора і эпохай;

вызначаць узаемасувязь і ўзаемазалежнасць састаўных частак твора (сюжэт, кампазіцыя, тэма, ідэя, мастацкія сродкі);

даваць вусны або пісьмовы разгорнуты адказ на праблемнае пытанне па вывучаным творы;

пісаць сачыненні на літаратурную тэму;

рыхтаваць вусны і пісьмовы водгук на прачытаную кнігу, прагледжаныя кінафільм, спектакль, тэлеперадачу;

рыхтаваць даклад (рэферат) з выкарыстаннем літаратуразнаўчых крыніц;

карыстацца даведачна-інфармацыйнай літаратурай (літаратурна-крытычныя артыкулы, слоўнікі, даведнікі, энцыклапедыі, інтэрнэт-рэсурсы і інш.);

выкарыстоўваць метапрадметныя веды пры аналізе і ацэнцы твораў розных відаў мастацтва;

супастаўляць, ацэньваць, абагульняць інфармацыю, атрыманую з розных крыніц, пераапрацоўваць яе ў “творчыя веды”, засвоеныя на асобасным узроўні.

Вучні могуць выкарыстоўваць сфарміраваныя веды і ўменні для:

асобаснага ўспрымання, засваення і асэнсавання мастацкіх тэкстаў, фарміравання чытацкай культуры, літаратурных і эстэтычных густаў (літаратурная кампетэнцыя);

засваення сістэмы каштоўнасных адносін да рэчаіснасці, да людзей, да сябе, зафіксаванай у творах беларускай літаратуры (каштоўнасна-светапоглядная кампетэнцыя);

авалодання асноўнымі відамі маўленчай дзейнасці (вуснай, пісьмовай, сітуацыйнай і г.д) (маўленчая кампетэнцыя);



набыцця вопыту камунікатыўнай дзейнасці праз ажыццяўленне дыялогу з тэкстам мастацкага твора, яго аўтарам, іншымі чытачамі, адзінкавым тэкстам і мноствам кантэкстаў (камунікатыўная кампетэнцыя);

набыцця вопыту культуратворчай дзейнасці: авалоданне сістэмай цэласных аперацыйных комплексаў розных відаў творчай дзейнасці (культуратворчая кампетэнцыя).


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка