Прыгоды ў замку алфавіт




Дата канвертавання18.03.2017
Памер40.36 Kb.
ПРЫГОДЫ Ў ЗАМКУ АЛФАВІТ
На беразе прыгожага возера стаяў замак Алфавіт. У ім дружнай сям'ёй жылі літары. Кожную раніцу яны выходзілі пагуляць каля замка і спявалі сваю любімую песеньку:
У сонечнай даліне,

У казачнай краіне

Прывольна і шчасліва

Жывецца алфавіту.

У нашым замку дзверы

Расчынены гасцінна

Для добрых і цікаўных,

Дасціпных, працавітых.

Заўсёды побач,

заўсёды разам,

Заўсёды дружна —

ад А да Я!

Нясе, нясе па свеце

Дабро, святло і радасць,

Нясе і сее наша

Руплівая сям'я.

I ведаў таямніцы,

I поспеху крыніцы

Для ўсіх дзяцей адкрыты

Пры дапамозе літар.

I многа знакамітых

Людзей таленавітых

Ад сэрца шчыры дзякуй

Гавораць алфавіту.

Заўсёды побач,

заўсёды разам,

Заўсёды дружна —

ад А да Я!

Нясе, нясе па свеце

Дабро, святло і радасць,

Нясе і сее наша

Руплівая сям'я.


Потым у замак прыходзілі дзеці. Літары вучылі іх добраму, разумнаму, карыснаму і дапамагалі ўсё правільна запісваць у сшыткі.
А дзе сшыткі з літарамі, там і плямы, там і кляксы... Жывуць у замку Алфавіт дзве сяброўкі — Клякса і Гумка-сцірачка. Гумка ходзіць з венікам, шчотачкамі і анучкай і прыбірае за неахайнай Кляксай. Каб Клякса не пэцкала сшыткі, Гумка купіла ёй альбом. Кляксе ён спадабаўся. Яна малюе і любуецца сваёй творчасцю:
Атрымалася тут штосьці

Незвычайнай прыгажосці.

Скажа самы строгі суд:

То не клякса, проста цуд.

Можа, гэта акіян,

Дзе бушуе ураган,

Ці Еўропа з Азіяй,

Ці мая фантазія?

Можа, хваля, можа, хмара,

Можа, дом пасля пажару,

Кракадзіл ці бегемот,

Ці вусаты чорны кот?..


Школа ў замку Алфавіт вельмі не падабалася Змею-Хапуну, які жыў непадалёку. Ён меў сваю школу, вучні якой не былі вялікімі грамацеямі, але добра ўмелі "прыхапіць, ухаіпіць усё, што дрэнна ляжыць", і былі ўпэўнены, што "жыць без кніжак можна сыта і заможна". Змей-Хапун вырашыў украсці літары A і Б, каб дзеці больш не маглі вучыцца. Так пачаліся прыгоды ў замку Алфавіт, пра якія расказваецца ў мюзікле кампазітара Віктара Войціка па матывах твораў пісьменніка Уладзіміра Ліпскага. Спектакль рыхтуецца да пастаноўкі ў дзіцячым музычным тэатры "Казка".
"Казка" нарадзілася ў 1991 годзе. У яе не было (ды і зараз няма) свайго памяшкання, яна паказвае спектаклі на сцэне Тэатра музычнай камедыі. За гэтыя гады дзеці ўбачылі спектаклі "Асцярожна, Баба Яга!" В. Плешака, "Дзіцячы альбом" паводле твораў П. Чайкоўскага, "Алавяны салдацік", "Гісторыя Кая і Герды" С. Баневіча і іншыя.
3 самага пачатку стваральнік і мастацкі кіраўнік тэатра дырыжор Г. Г. Аляксандраў хацеў паставіць беларускі твор, але аказалася, што яго проста няма. Не было дзіцячага музычнага тэатра — не было і стымулу для працы ў кампазітараў і лібрэтыстаў. I тады Глеб Гаўрыілавіч прапанаваў В. Войціку і аўтару гэтых радкоў як драматургу паспрабаваць стварыць дзіцячую оперу.
Мы напісалі, і Аляксандраў адразу ж паставіў яе ў сваім тэатры. Яна называецца "Вясновая песня" і расказвае пра лёс жыхароў адной лясной палянкі — Матылька, Страказы, Коніка, Хрушча, Пчалы, якія сябруюць, дапамагаюць адзін аднаму і разам змагаюцца з каварнымі ворагамі — Павуком і Кажаном. У гэтым спектаклі мы хацелі абудзіць у душах дзяцей любоў да прыроды, да ўсяго, што жыве на зямлі, у тым ліку да маленькіх безабаронных матылькоў, стракозак і іншых кузурак, якія вясной так шчыра радуюцца жыццю:
Хоць песні у нас нямудрыя

I ціхія галасы,

Сумуюць без нашай музыкі

Лугі, палі і лясы.

Хоць нашы уборы сціплыя

Ледзь бачны ў траве лясной,

З'яўляемся мы часцінкаю

Вялікай красы зямной...


Адметнай рысай тэатра "Казка" з'яўляецца тое, што ў яго спектаклях разам з

дарослымі акцёрамі заняты дзеці — вучні мінскай сярэдняй школы № 170.

Настаўніца гэтай школы Алена Рыгораўна Гуляева, верная памочніца Г. Г.

Аляксандрава, гаворыць, што дзеці ўжо не ўяўляюць жыцця без тэатра і вельмі

сумуюць, калі доўга няма спектакля, у якім яны заняты. Акцёры зрабіліся іх

добрымі сябрамі, часта прыходзяць у школу і вядуць заняткі па вакале і



акцёрскім майстэрстве.
Вы разумееце, як цяжка ў наш час стварыць нешта новае, што патрабуе матэрыяльных затрат. Тым больш адкрыць новы тэатр. I ўсё ж дзякуючы энтузіязму і настойлівасці Г. Г. Аляксандрава і яго аднадумцаў тэатр "Казка" жыве, працуе, радуе і выхоўвае маленькіх гледачоў.
У гэтым сезоне Глеб Гаўрыілавіч плануе прэм'еры оперы У. Солтана "Мілавіца" па матывах старадаўніх беларускіх паданняў і мюзікла В. Войціка "Замак Алфавіт".
Святлана КЛІМКОВІЧ


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка