Пружаны у летапісных дакументах




Дата канвертавання20.01.2017
Памер36.37 Kb.
Пружаны у летапісных дакументах

Пытанне аб першым упамінанні Пружан да канца яшчэ не высветлена. У пісьмовых крыніцах пакуль першае ўпамінанне аб Прушанскай воласці адносяць да 1433 г. Гэтым годам датуецца ліст вялікага князя Жыгімонта Кейстутавіча (1432 – 1440) да караля польскагаУладзіслава ІІ (Ягайлы). Жыгімонт скардзіцца, на свайго суперніка за княжацкую пасаду Свідрыгайлу (1430 – 1432), які развязаў грамадзянскую вайну: “... каля Бярэсця, каля Камянца ўсё пуста ўчынілі, а яшчэ воласці Прушаную, Кобрын, Здзітаў, Вяды і Слонімскае воласці зачынілі”.


Сам горад упершыню называецца Пружанамі пад 1463 г. як паселішча Кобрынскага княства. Гэтаму княству горад належаў да 1519 г. У 1473 г. апошні прадстаўнік князёў кобрынскіх Іван Сямёнавіч (нашчадак вялікага князя літоўскага Гедыміна) і яго жонка Фядора Іванаўна Рагацінская заснавалі ў Пружанах праваслаўную царкву ў гонар Нараджэння Хрыстова (1473 г.) на востраве р. Мухавец. У 1490 г. Іван Кобрынскі памёр і вялікі князь і кароль польскі Казімір IV Ягелончык (1440 – 1492) захаваў яго землі за Фядорай. Казімір праводзіў палітыку ўмацавання ўлады і рабіў усё, каб мець у былых самастойных феадальных княствах верных людзей. З гэтай мэтай у 1491 г. ён выдаў замуж за намесніка кіеўскага Юрыя Паца (? – 1505) княгіню Фядору. У 1501 г. Юрый Пац адыйшоў ад дзяржаўных спраў і заняўся гаспадаркай сваіх уладанняў, у тым ліку і Пружан. Пасля смерці Юрыя Фядора трэці раз выйшла замуж, прыняла каталіцтва і новае імя Соф’я. Яна перажыла і трэцяга мужа (ваяводы віленскага і канцлера літоўскага). Княгіня Фядора-Соф’я памерла ў 1512 г. Прамых нашчадкаў пасля яе не засталося. Яе смерць выклікала барацьбу паміж далёкімі і блізкімі родзічамі за багатую спадчыну.
Вялікі князь Аляксандр (1492 – 1506) вырашыў спрэчку на карысць сястры Івана Кобрынскага Ганны, якой і дасталіся ўсе землі былога Кобрынскага княства. У гэты час Пружанскі ключ з фальваркам і вёскамі (Белавусаўшчына, Лінова, Якавічы, Парасляны і інш.) уваходзіў у склад Кобрынскай эканоміі, так званага сталовага маёнтка, які падначальваўся і належаў каралю.
Лёс князёўны склаўся даволі трагічна. Ганна Сямёнаўна Кобрынская ў 1481 г. выйшла замуж за князя Фёдара Бельскага. Жонкай Бельскага яна пабыла ўсяго адзін дзень. Іх вяселле, на якое быў запрошаны вялікі князь Казімір, вырашылі выкарыстаць прадстаўнікі праваслаўнай шляхты ВКЛ, незадаволныя пракаталіцкай палітыкай кіраўніка дзяржавы, каб забіць манарха пад час святочнага палявання, інсцэніраваўшы няшчасны выпадак. У змове удзельнічалі Міхаіл Алелькавіч Слуцкі, Іван Гальшанскі і сам жаніх Фёдар Бельскі. Аднак змова раскрылася. Каралю данёс слуга, які выпадкова падслухаў змоўшчыкаў. Раз’юшаны Казімір загадаў схапіць няверных васалаў. Фёдару Бельскаму ўдалося ўцячы да маскоўскага князя Івана ІІІ, астатнія змоўшчыкі былі пакараны смерцю. Маладая жонка Фёдара засталася ў Літве. Казімір Ягелончык аставіў Ганну Кобрынскую на радзіме, разлічваючы, што малады вернецца за ёю і тады будзе схоплены і пакараны. За маладых нават заступіўся маскоўскі князь Іван ІІІ, запатрабаваўшы выдаць Ганну яе законнаму мужу, аднак з ВКЛ прыходзіў адзін адказ: “Няхай едзе і забірае”. Зразумела, што паехаць у Літву князь Бельскі не мог – там яго чакала шыбеніца. Нават, калі памёр Казімір, а прастол заняў Аляксандр надзеі на дазвол Ганне выехаць у Маскву не спраўдзіліся. Аляксандр таксама адмовіў даць ёй свабоду. Па настаянню Івана ІІІ Фёдар Бельскі развёўся і ў 1498 г. ажаніўся другі раз на пляменніцы вялікага князя Маскоўскага Ганне Разанскай. Князёўна Кобрынская ў адчаі згадзілася на шлюб у 1502 г. з маршалкам вальнага сойму Вацлавам (Венцлавам) Касцевічам. Гэты шлюб не прынёс ёй шчасця. Весткі аб смерці Фёдара Бельскага зрабілі яе абыякавай да жыцця. Яна памерла ў 1519 г. Фёдар змагаўся за Ганну сямнаццаць год – амаль трэцюю частку свайго жыцця. Палову жыцця, дваццаць адзін год, захоўвала вернасць каханаму Ганна. Інтарэсы дзяржавы аказаліся вышэй за пачуцці людзей.
Пасля смерці Ганны Сямёнаўны Кобрынскай вялікі князь літоўскі Жыгімонт І Стары (1506 – 1548) выдаў 7 чэрвеня 1519 г. прывілей, паводле якога пажыццёвым ўладальнікам былога Кобрынскага княства (было ператворана ў староства) станавіўся Вацлаў Касцевіч. Пружаны заставаліся ў старостве, але падпарадкоўваліся вялікаму князю. Даследчык Ю. Вульф піша:”Вацлаў Касцевіч атрымаў Кобрын (і Пружану) у арэнду,быў першым старостам ды выплаціў арэндную суму 1000 коп пры прыняцці староства. На выпадак смерці Касцевіча прывілей на Кобрын адразу атрымлівала каралева Бона”. Пры новым ўладальніку Пружаны папоўніліся яшчэ адным будынкам – касцёлам Жыгімонта і Вацлава, які быў адчынены для прыхаджан у 1522 г. З 1520 г. Пружаны ўваходзілі ў склад Кобрынскага павета Падляшскага ваяводства.
З 1532 г. землі Кобрынскага староства перайшлі другой жонцы (пасля смерці Барбары Заполіі) Жыгімонта І Боне Сфорцы (дачка міланскага герцага Джавані Галеаца Марыя Сфорца і Ізабэлы Арагонскай). Каралева польская і вялікая княгіня літоўская Бона Сфорца д’Агагона (1494 – 1557) вылучалася не толькі маладосцю, прыгажосцю і адукацыяй, але і хітрасцю, прагай улады і багаццяў. Са сваімі праціўнікамі яна распраўлялася з дапамогай атруты (лічаць, што менавіта яна звяла са свету жонку свайго сына Жыгімонта ІІ Барбару Радзівіл). Яна раіла мужу ўмацоўваць дзяржаўную ўладу, у першую чаргу, падрываючы эканамічную самастойнасць заможных магнатаў. Пры ёй значна ўзрасла колькасць дзяржаўных уладанняў і іх прыбытковасць, асабліва ў Заходняй Беларусі (раней на Захадзе Беларусі дзяржаўных уладанняў амаль не было, а пераважалі яны на Усходзе, так як там вяліся шматлікія войны з Масквой, а шляхта не жадала мець землі, якія пастаянна разараюцца і могуць быць страчаны). Маёнткі да Боны траплялі даволі цікава. Па яе загаду Дзмітрый Сапега правёў своеасаблівы “разбор шляхты” – мясцовыя ўладальнікі павінны былі прадставіць дакументы на права валодання землямі. Калі такіх дакументаў не знаходзілася, маёмасць шляхты адбіралася ў дзяржаўны u1089 скарб. Лепшыя з іх Бона забірала сабе. Такім чынам у руках каралевы аказаліся землі князёў кобрынскіх (у тым ліку амаль уся Пружаншчына), Сялецкія маёнткі, Шарашоўская зямля і многія іншыя.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка