Рагойша в. П. (Мінск)




Дата канвертавання03.12.2017
Памер100.02 Kb.
РАГОЙША В. П. (Мінск)

На перасячэнні славянскіх традыцый:

Верш Максіма Багдановіча
Набліжаецца 120-я гадавіна з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча. Доўгі час, услед за ўкраінскім пісьменнікам Паўлом Тычынам, самыя выдатныя постаці беларускай паэзіі ХХ стагоддзя мы асацыіравалі з двухвяршынным каўказскім Эльбрусам, першай вяршыняй якога, як вядома, з’яўляецца творчасць Янкі Купалы. Сёння ж становіцца аксіёмай: самая высокая “гара” беларускага паэтычнага горнага хрыбта не двухвяршынная, а трохвяршынная, што нагадвае славацкі Трыглаў. Разам з вяршынямі Янкі Купалы і Якуба Коласа ў наш літаратурны Трыглаў арганічна ўпісваецца і вяршыня Максіма Багдановіча.

Дадзеная асацыяцыя, думаецца, слушная ва ўсіх адносінах. У тым ліку – і ў сэнсе найбольш адчувальнай ідэйна-вобразнай лакалізацыі творчасці Максіма Багданолвіча менавіта ў свеце славянскай геаграфічнай прасторы, у свеце славянскіх літаратур, гісторыі і духоўнасці славян увогуле. Несумненна, аўтар “Вянка” яшчэ з гімназічных і нават больш ранніх гадоў ведаў многія творы заходнееўрапейскай літаратуры, пачынаючы з Антычнасці. У больш сталыя гады перакладаў рымлян Гарацыя і Авідзія, французаў Верлена і Арвера, бельгійца Верхарна, немцаў Гейнэ і Шылера, фіна Рунеберга, напісаў вядомы цыкл “Песні” не толькі ў стылі нацыянальных славянскіх паэтычных твораў (сербскіх, рускіх, украінскіх), але і скандынаўскіх, іспанскіх, японскіх. Але найбольш грунтоўныя веды яго звязаны са славянскім пісьменствам: родным беларускім, а таксама з рускім, украінскім, польскім, чэшскім… Пра гэта сведчаць яго шматлікія друкаваныя працы пра славянскія літаратуры і славян увогуле, пераклады са славянскіх літаратур на беларускую і рускую мовы. Сведчаць пра гэта і вядомыя ўспаміны сучаснікаў, у тым ліку бацькі паэта. “З пісьменнікаў рускай літаратуры найбольш сімпатызаваў Фету і нават сваю паэзію прыпадабняў яго паэзіі, – прыгадваў Адам Ягоравіч Багдановіч пра свайго сына, і дадаваў: – Канешне, любіў Пушкіна, любіў Лермантава, Майкава, Палонскага. Някрасава далёка не столькі высока цаніў, як пакаленне папярэдняе. У палякаў высока цаніў Міцкевіча, асабліва яго санеты і наогул лірыку. Чытаў у арыгінале яго, Красінскага, Славацкага і Сыракомлю, а з навейшых Канапніцкую. Даволі грунтоўна ведаў польскую літаратуру, але яшчэ лепш ведаў украінскую: у гэтай літаратуры ён ведаў не толькі буйных, але і другарадных паэтаў. Валодаў украінскай мовай настолькі, што мог на ёй пісаць і нават, здаецца, спрабаваў пісаць вершы. Увогуле любіў славянскіх паэтаў і амаль з усімі выдатнымі паэтамі чэхаў, харватаў, сербаў і балгар быў знаёмы па “Поэзии славян” Гербеля і адшукваў пераклады ў Берга і ў старых і новых часопісах. Спрабаваў вывучаць славянскія мовы, скарыстоўваючы для гэтага пераклады Евангелля. Чытаў Евангелле на чэшскай і сербскай мовах…” [3, с. 127]. Ды і знаёмства з творчасцю заходнееўрапейскіх класікаў адбывалася ў Багдановіча (асабліва на першым этапе яго творчага шляху), бадай, выключна з дапамогай славянскіх моў, найперш рускай, рускіх перакладаў. Бо ўсе названыя не славянскія аўтары ў той час ужо мелі менш ці больш удалыя перастварэнні сваіх твораў на рускую мову, а некаторыя – і на іншыя славянскія, найперш украінскую. І Багдановіч гэтыя пераклады, відавочна, ведаў, пра што сведчаць, у прыватнасці, яго ўкраіназнаўчыя артыкулы (пра І. Франко, У. Самійленку і інш.).



На перасячэнні менавіта славянскіх традыцый у найбольшай ступені вырастаў і сам верш Максіма Багдановіча, асобныя аспекты якога ў свой час даследавалі М. Грынчык [5], А. Лойка [7], І. Ралько [8, 9], А. Кабаковіч [6] і інш.

У час прыходу Багдановіча ў літаратуру – а гэта быў самы пачатак ХХ ст. – беларуская паэзія прайшла ўжо два перыяды свайго існавання – метрычны (лацінамоўная творчасць Міколы Гусоўскага, Яна Вісліцкага, Андрэя Рымшы і інш.) і сілабічны (Францыск Скарына, Сімяон Полацкі, Ян Баршчэўскі, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч і інш.). Акцэнталагічныя асаблівасці беларускай мовы, як і іншых усходнеславянскіх (нефіксаваная працягласць вымаўлення галосных гукаў, рухомы націск), сцвердзілі ў ёй узнікненне і пашырэнне сілаба-танічнай і танічнай сістэм вершавання. Наследуючы традыцыі беларускай вуснапаэтычнай творчасці, рускай класічнай і новай беларускай паэзіі (Францішак Багушэвіч, Янка Лучына, Янка Купала, Якуб Колас і інш.), Максім Багдановіч пачаў сваю вершаваную творчасць з выкарыстання гэтых сістэм, найперш – сілаба-танічнай. Яго першыя творы былі вытрыманы ў кадэнцыі сілаба-тонікі (“Мае песні”, 1908; “Ноч”, 1908; “Падвей”, 1909; “Возера”, 1910 і інш.). Выключэнне складае адзіны верш таго перыяду “Над магілай” (1908), што імітаваў акцэнтны верш шаўчэнкаўскага тыпу і сведчыў не так пра ўплыў Кабзара, колькі пра ранняе знаёмства беларускага паэта з яго творчасцю. Увогуле, з усіх напісаных паэтам 309 твораў (4275 вершарадоў) абсалютная большасць (81,17% ад агульнай колькасці радкоў) напісана сілаба-тонікай (тут і далей падлікі І. Ралько; гл. 9, с. 71–140). Паэт карыстаўся ўсімі пяццю метрамі сілаба-тонікі: харэічным, ямбічным, дактылічным, амфібрахічным і анапестычным. У агульнай складанасці яны выявіліся ажно ў 78 памерах, у тым ліку ямб – у 26, харэй – у 22, анапест – у 13, дактыль – у 10 і амфібрахій – у 7. Прычым, большасць памераў выкарыстаў Багдановіч толькі аднойчы: чаргаванне ў катрэнах радкоў пяці- і чатырохстопнага харэя (“Не кувай ты, шэрая зязюля…”), чатырох- і трохстопныга ямба (“Дзе вы, лясоў, палёў цвяты?..”), чатырох- і трохстопнага дактыля (“Краю мой родны! Як выкляты богам…”), цэзураваны чатырохстопны анапест (“Цемень”) і інш. Найбольш пашыраныя памеры: гэтак званы “пушкінскі ямб” (вызначэнне самога Багдановіча) – ямб чатырохстопны (616 радкоў), а затым ямб шасцістопны (305), пяцістопны (209); харэй чатырохстопны (226), пяцістопны (156), шасцістопны безцэзурны (148); анапест трохстопны (341); амфібрахій трохстопны (121). Несілаба-танічныя віды верша займаюць у Багдановіча 18, 83%. На іх прыпадае 23 памеры. Сюды адносяцца тактавікі (7 памераў), дольнікі (4), лагаэды (4), а таксама ўсе іншыя вершаваныя формы, якія выкарыстоўваюць па адным памеры (акцэнтны шаўчэнкаўскага тыпу, каламыйкавы, трохскладовік з пераменнай анакрузай, лагаэд і інш.). Сярод іх – першыя спробы імітацыі ў паэзіі на сучаснай беларускай літаратурнай мове некаторых відаў антычнага (метрычнага) верша: гекзаметра (“Тая крыніца, што раньш к акіяну нясла свае хвалі…”, “Грамада зорак “Карона”, “Ікар і Дзедал”), пентаметра (“Рыцар Няшчасце, што скрозь ездзіць пад маскай маўчком…”), элегічнага двуверша (“Да вагітнай”, “Непагодаю маёвай”, “З нізкага берагу дно акіяна вачам недаступна…”). Як вядома, гэтыя віды антычнага верша, упершыню ўведзеныя Багдановічам у беларускую паэзію, доўгі час існавалі ўжо ў рускай паэзіі. Так, гекзаметрам, пентаметрам і элегічным двувершам яшчэ ў першай палове ХІХ ст. часта карыстаўся ў сваіх перакладах В. Жукоўскі, а яшчэ раней – В. Традзіякоўскі. Былі яны вядомыя і ўкраінскаму вершаванню (С. Руданскі, У. Самійленка і інш.). З Максімам Багдановічам звязаны і першыя прыклады выкарыстання ў беларускай паэзіі свабоднага верша (верлібра), які нават у тагачаснай багатай рускай, а таксама заходнееўрапейскай паэзіі толькі-толькі пачынаў ужывацца (“Мая гаспадыня…”, “Больш за ўсё на свеце жадаю я…”, “Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы…”). Магчыма, з верлібрам беларускі паэт упершыню сустрэўся ў паэзіі бельгійца Верхарна, адзін верш якога (“Паўстанне”) ён пераклаў на беларускую мову. Але хутчэй за ўсё і тут прасочваецца “славянскі след”, у прыватнасці ўплыў творчасці паляка Ю. Славацкага, украіца І. Франко і рускага В. Брусава, якія ўжо карысталіся гэтым вершам. Тым больш, што і багдановічаўскі пераклад верша Э. Верхарна “Паўстанне” нельга аднесці да верлібра (як гэта робяць некаторыя вершазнаўцы): у ім ужываюцца рыфмы, адчуваецца дактылічны, а ў канцы – і ямбічны метр. Гэта вольны, а не свабодны верш. У цэлым жа Багдановіч, звярнуўшыся да трох сістэм вершавання (танічнай, сілаба-танічнай і верлібрыстычнай), выкарыстаў 101 вершаваны памер, з іх аднойчы скарыстаных – 65, неаднойчы скарыстаных – 36. Бадай, ні ў аднаго з беларускіх паэтаў, яго сучаснікаў, не знойдзем мы такога метрычнага багацця.

Асабліва ўвага Багдановіча да метра-рытмічнай арганізацыі верша была цалкам свядомай. У артыкуле “Краса и сила: Опыт исследования стиха Т. Г. Шевченко” ён пісаў: “Галоўным фарміруючым пачаткам усякага верша, безумоўна, трэба прызнаць рытм; зацвярдзеўшы ў сваім найбольш правільным, закончаным выглядзе, ён ператвараецца ў метр. Усе астатнія элементы верша іграюць у адносінах да таго і другога ролю другарадную, іншы раз – чыста службовую, дапаможную і ва ўсякім выпадку могуць быць зразуметыя і ацэненыя толькі ў цеснай сувязі з імі абодвума”. І тут жа дадаваў: “Таму менавіта з рытму і метра пачнем мы сваю працу, што зразу ўвядзе нас у тайнікі шаўчэнкаўскага верша і дасць нам магчымасць прашчупаць яго асноўны рухальны нерв” [1, с. 231]. “Рухальны нерв” верша самога Багдановіча найперш выявіўся ў надзвычайным багацці вершаваных памераў, многія з якіх (пераважна аднойчы скарыстаныя) з’яўляюцца прыкладамі “найбольшай адпаведнасці паміж рухам пачуцця і рухам верша” (“Без сіл, уся ў пату, як белы снег, блядна…”, “Зірнуў, як між валос, між хмар калматых цёмных…”, “Вы кажаце мне, што душа у паэта…” і інш.). Ды і творы, напісаныя адным і тым жа памерам, розняцца сваім рытма-інтанацыйным малюнкам – у залежнасці ад увасобленых у іх настрояў, пачуццяў, думак (“Запляла я йстужку сінюю…”, “Па-над белым пухам вішняў…”, “Тым вянкі суворай славы…”, “Донна Клара твар закрыла…” – чатырохстопны харэй; “Вераніка”, “Завіруха”, “Слуцкія ткачыхі” – чатырохстопны ямб; “Беларусь, твой народ дачакаецца…”, “Дождж у полі і холад… Імгла…”, “Пагоня”, “Ўжо пара мне дадому збірацца…” – трохстопны анапест і г. д.). У апошнія гады свайго жыцця Багдановіч з асаблівай увагай ставіўся да суладдзя паміж “рухам думкі і рухам верша”. Гэта выявілася, у прыватнасці, у пошуках ім так званых “вершаў беларускага складу”, арыентаваных на народную вуснапаэтычную творчасць, у намаганні “зрабіць нашу паэзію не толькі мовай, але і духам, і складам твораў шчыра беларускай” [артыкул “Забыты шлях”. – 1, с. 291]. Яскравыя ўзоры такіх намаганняў – поліметрычныя творы “Максім і Магдалена”, “Мушка-зелянушка і камарык – насаты тварык”, “Страцім-лебедзь”, у якіх, як і ў Шаўчэнкі, няцяжка ўбачыць “ужыванне пэўнага памеру для абмалёўкі кожнага з настрояў, што змяняюць адзін аднаго ў рамках дадзенай рэчы” [1, с. 236]. У свой час Багдановіч палічыў, што ў Шаўчэнкавай паэме “Гамалія” метр мяняецца 15 разоў. У яго ж паэмцы “Мушка-зелянушка і камарык – насаты тварык” метра-рытмічны малюнак складаецца з 12 розных памераў, сярод якіх – шасці- і сямістопныя харэі, двух- і трохстопныя дактылі, трохіктныя тактавікі і інш. У “Максіме і Магдалене” – 6 памераў (двух-, трох- і чатырохіктныя тактавікі, трохіктны дольнік, сямістопны цэзураваны харэй і інш.).

Смерць не дала магчымасці Багдановічу завяршыць пошукі “вершаў беларускага складу” з іх яўнай арыентацыяй на народна-сказавыя танічныя прынцыпы рытмічнай арганізацыі вершаванага радка. Вершаў, якія выразна выявілі ўвагу паэта да праблем вершавання, жаданне ўвасобіць “народны дух” не толькі ў змесце, але і ў форме вершаваных твораў, паказаць суладдзе таго і другога. І хоць, як заўважыў А. Лойка, пасля Багдановіча “стылем вершаў “беларускага складу” ніхто спецыяльна не стаў пісаць у беларускай паэзіі” [7, с. 115], гэта было, аднак, не “заблуджэннем”, а імкненнем унесці ў скарбонку сусветнай паэзіі штосьці “сваё”, спецыфічна беларускае, сапраўды народнае. Як пісаў Багдановіч у тым жа артыкуле “Забыты шлях” – тэарэтычным абгрунтаванні “вершаў беларускага складу”, – “было б горш, чым нядбальствам, нічога не ўзяць з таго, што соткі народаў праз тысячы год сабіралі ў скарбніцу светавой культуры. Але занасіць толькі чужое, не развіваючы свайго, – гэта яшчэ горш: гэта знача глуміць народную душу. Да таго ж адны жабракі могуць праз усё жыццё толькі браць. Трэба ж і нам, беручы чужое, калі-нікалі даць нешта сваё” [1, с. 291]. Мы ведаем, што ніхто спецыяльна не стаў пісаць ва ўкраінскай (і ўвогуле ўсходнеславянскай) паэзіі “шаўчэнкаўскім вершам”. Але ніхто сёння не стане адмаўляць уклад Кабзара ва ўкраінскае і ўсё еўрапейскае вершаванне. Бо, як слушна выказаўся на гэты конт знакаміты тэарэтык еўрапейскага верша М. Гаспараў, “культурныя ўплывы, якія вызначаюць развіццё вершавых формаў, ніколі не дзейнічаюць ізалявана, а заўсёды перакрыжавана. Параўнальная сіла гэтых уплываў вызначаецца, па-першае, іерархіяй прэстыжу культурных традыцый […], а, па-другое, ступенню блізкасці культурнага кантакту. Тое ці іншае перасільвае ў залежнасці ад канкрэтных гістарычных абставін” [4, с. 268]. У ХХ ст. і ў беларусаў, і ва ўкраінцаў перасілілі, несумненна, кантакты з рускай культурай, з рускім сілаба-танічным вершам. “Вершы беларускага складу” Багдановіча засталіся яскравай, непаўторнай старонкай у гісторыі славянскага вершавання. Намаганні па іх стварэнні былі толькі эпізодам у яго творчасці, якая прадвызначалася ў першую чаргу “жаданнем прышчапіць да беларускай пісьменнасці здабыткі чужаземнага паэтычнага труда, памагчы атрымаць ёй больш еўрапейскі выгляд […], давесці здатнасць нашай мовы да самых строгіх вымог вяршоўнай формы” [2, 244]. І гэтыя намаганні рэалізаваліся не толькі ў метрыцы і рытміцы, але і ў іншых кампанентах паэтыкі верша, у тым ліку ў строфіцы і рыфміцы.

Пра разнастайнасць і багацце страфічнай арганізацыі верша Багдановіча сведчаць наступныя лічбы: з 309 вершаваных твораў паэта на раўнастрофныя прыпадае 121 твор, на аднастрофныя – 105, на разнастрофныя – 10. Астрафічныя творы займаюць 23,6% (73 творы). Усяго ж у Багдановіча налічваецца 205 тыпаў строф (па спосабу рыфмоўкі, характары клаўзул, па метру і колькасці вершарадоў). Паводле радковага аб’ёму найбольш распаўсюджаныя катрэны: 358 з усіх 578 строф, або 62%. За імі ідуць 6- і 8-радковыя (па 45 строф), 5-радковыя (34). Абсалютная большасць вершаў Багдановіча рыфмаваныя (83,8%). Сярод белых вершаў пераважаюць тыя, што па сваёй прыродзе рыфмаў мець не павінны. Гэта імітацыі антычнага вершавання (гекзаметр, пентаметр, элегічны двуверш), а таксама верлібр. У рыфмаваных творах мужчынскія і жаночыя рыфмы размеркаваны прыблізна аднолькава (адпаведна 45% і 49%). Найчасцей сустракаюцца строфы з перакрыжаванай рыфмоўкай (309 строф), за імі ідуць строфы з сумежнай (90) і апаясной (46). Нямала строф і са змешанай рыфмоўкай (101). Валоданне разнастайнымі магчымасцямі метра-рытмічнай, страфічнай і рыфмічнай арганізацыі верша дазволіла Багдановічу ўзбагаціць беларускую паэзію многімі вершаванымі відамі і жанрамі. Паэт у пачатку ХХ ст., услед за асобнымі рускімі і ўкраінскімі паэтамі, звярнуўся да элегічнага двуверша, александрыйскага верша, трыялета, рандо, рандэля, тэрцынаны, хоку, танка і інш. Па сутнасці, ён дапамагаў беларускаму вершаванню паскорана прайсці многія з тых шляхоў, якія еўрапейская паэзіі тарыла некалькі стагоддзяў. У гэтым Багдановіч салідарызаваўся з Янкам Купалам, які, звяртаючыся да санета, актавы, брахікалана, дбаў не толькі пра тое, што сказаць, але і як сказаць, пра пашырэнне выяўленчых здольнасцей беларускага верша. Па сутнасці, аўтар “Вянка” (1913), у якім былі прадстаўлены многія з невядомых раней беларускай паэзіі форм, рабіў тую ж справу, якую ў рускай паэзіі ў той час рабіў (дакладней – дарабляў) Валерый Брусаў, ствараючы своеасаблівую – паводле метрыкі, рыфмікі і строфікі – хрэстаматыю еўрапейскага верша “Опыты” (1916). Але калі ў Брусава на першым месцы была “чыстая краса”, то Багдановіч імкнуўся гэтую “красу” паставіць на службу Бацькаўшчыне, роднай мове, культуры, роздуму над асабістымі перажываннямі і грамадскімі праблемамі, нацыянальным і агульначалавечым. Адсюль – александрыйскі верш, які як нельга лепш прыдаўся да перадачы асобных рэалій “старой Беларусі” (“Летапісец”, “Перапісчык”), санет “Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі”, што сваёй вышуканай формай выявіў прыгажосць нацыянальна-адраджэнцкіх помыслаў беларусаў, і г. д.

Уклад, які ўнёс Багдановіч у беларускае вершаванне, дзякуючы ў першую чаргу творчай вучобе ў славянскіх паэтаў, немагчыма перацаніць.
Літаратура

1. Багдановіч, М. Поўны збор твораў: у 3 т. / Максім Багдановіч. –Мінск, 1993. – Т. 2: Мастацкая проза. Пераклады. Літаратурныя артыкулы. Рэцэнзіі і нататкі. Чарнавыя накіды.

2. Багдановіч, М. Поўны збор твораў: у 3 т. / Максім Багдановіч. –Мінск, 1993. – Т. 3: Публіцыстыка. Лісты. Летапіс жыцця і творчасці.

3. Богданович, А. Страницы из жизни М. Горького / А. Е. Богданович. – Минск, 1965.

4. Гаспаров, М. Очерки истории европейского стиха / М. Л. Гаспаров. – М., 1989.

5. Грынчык М. Максім Багданорвіч і народная паэзія / М. М. Грынчык. – Мінск, 1963;

6. Кабаковіч, А. Паэзія Максіма Багдановіча / А. К. Кабаковіч. – Мінск, 1978.

7. Лойка, А. Максім Багдановіч / Алег Лойка. – Мінск, 1966.

8. Ралько, І. Д. Беларускі верш: старонкі гісторыі і тэорыі / І. Д. Ралько. – Мінск, 1969.

9. Ралько, І. Д. Метрычны даведнік да вершаў Максіма Багдановіча // Ралько, І. Д. Вершаскладанне: даследаванні і матэрыялы. – Мінск, 1977.







База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка