Распрацоўка факультатыўных заняткаў у 7 класе “слова ў тэксце” па тэме “спецыфіка дзеепрыслоўя як дзеяслоўнай формы”




Дата канвертавання01.05.2017
Памер53.7 Kb.

РАСПРАЦОЎКА ФАКУЛЬТАТЫЎНЫХ ЗАНЯТКАЎ У 7 КЛАСЕ “СЛОВА Ў ТЭКСЦЕ” ПА ТЭМЕ “СПЕЦЫФІКА ДЗЕЕПРЫСЛОЎЯ ЯК ДЗЕЯСЛОЎНАЙ ФОРМЫ”

Мацкевіч Марына Леанідаўна

ДУА “Сярэдняя школа №2 г.Сянно”

E-mail для кантактаў: senno2@mail.ru
Тэма: Спецыфіка дзеепрыслоўя як дзеяслоўнай формы.

Мэта: стварыць умовы для замацавання адметнасці лексічнага і граматычнага значэння дзеепрыслоўя ў параўнанні з іншымі словамі;

садзейнічаць выпрацоўцы ўмення размяжоўваць дзеяслоў і яго формы, выдзяляць дзеепрыслоўныя звароты на пісьме, утвараць дзеепрыслоўі закончанага і незакончанага трывання;

стварыць атмасферу таварыскасці, добразычлівасці; выхоўваць у вучняў пачуццё сяброўства ў адносінах адзін да аднаго.

Форма заняткаў: індывідуальная, работа ў парах.

Ход заняткаў


  1. Арганізацыйны момант

  1. Псіхалагічны настрой.

Настаўнік. Добры дзень, юныя мовазнаўцы! Я рада нашай новай сустрэчы. Хочацца пажадаць вам добрага настрою, поспеху ў нашай сумеснай працы.

  1. Паведамленне тэмы заняткаў, сумесная пастаноўка задач.

Напрыканцы заняткаў мы будзем ведаць:

  • што такое дзеепрыслоўе;

  • размяжоўваць дзеяслоў і яго формы;

  • выдзяляць дзеепрыслоўныя звароты на пісьме;

  • утвараць дзеепрыслоўі закончанага і незакончанага трывання.




  1. Актуалізацыя раней вывучанага


Паведамленне на лінгвістычную тэму

  1. Прачытайце табліцу. Падрыхтуйце вуснае выказванне, выкарыстаўшы матэрыял табліцы.



1)не змяняецца (не спрагаецца і не скланяецца)

2)з’яўляецца ў сказеакалічнасцю



1) мае закончанае ці незакончанае трыванне;

2) можа быць зваротным ці незваротным;

3) захоўвае кіраванне залежнымі словамі;

4) мае агульнае лексічнае значэнне з дзеясловамі



Дзеепрыслоўе

абазначае дадатковае дзеянне і паясняе дзеяслоў-выказнік



Прыслоўе

абазначае прымету дзеяння,прымету іншай прыметы або прымету прадмета



Дзеяслоў

абазначае дзеянне

прадмета



  1. Замацаванне ведаў

  1. Работа ў парах. Дайце характарыстыку выдзеленым словам (I. Алульнае значэнне. II. Марфалагічныя прыметы. III. Сінтаксічная роля.

Бярэзнік пад Кур’янаўскімі Садамі доўга не хацеў жаўцець; пажаўцеўшы, доўга стаяў жоўты і гарэў на сонцы такім агнём, што дух займала – ідзеш і заміраеш. (І. Пташнікаў).

  1. Прачытайце тэкст. Выпішыце дзеясловы ў адзін слупок, дзеепрыслоўі – у другі, дзеепрыметнікі – у трэці.

У нядзельку раненька, на ўсходзе сонца, настаўнік са сваімі вучнямі, правёўшы ноч на станцыі, садзіўся ў вагон. Прабілі тры званкі, гучна і адрывіста азваўся паравоз, абуджаючы спакой бясконцых балот, і поезд зрушыў з месца. З шумным шыпеннем выпускаючы пару, усё хутчэй і хутчэй бег паравоз, і ў нейкую своеасаблівую музыку злівалася тухканне цяжкіх ног поезда.

Лабановіч стаяў каля расчыненага акна. Рассыпаючы сноп залатых стрэл, велічна выплывала сонца над прасторамі зялёнага палескага мора.

Лабановіч стаяў і не адводзіў вачэй ад самавітых, простых малюнкаў Палесся, поўных нявыказанага хараства і жыцця… (Паводле Я. Коласа).

Фізкультхвілінка



  1. Работа ў парах. Падбярыце з матэрыялу для даведак неабходныя дзеепрыслоўныя звароты. Запішыце тэкст, устаўляючы прапушчаныя літары і ставячы неабходныя знакі прыпынку.

Дождж пачынаў сціхаць, затое ўзняўся моцны вецер. Калі яны … выйшлі на адхон, то убачылі даволі жудаснае відовішча.

Рака шалела. Парывы ветру ра..калыхалі в..лікія, у рост чалавека, хвалі. Яны кац..ліся супраць плыні … . Рака таўкалася ў берагі … . Пра.. пляму св..тла на вадзе слізганула яблыня, вымытая з карэ..ем. Дзіўна было бачыць на яе галінках, якія круціліся … два ці тры з..л..наватыя яблыкі (У. Караткевіч).

Для даведак: хочучы вырвацца з іх; то знікаючы пад вадой, то зноў выплываючы; шоргаючы белымі грабянцамі; ледзьве перамагаючы яго парывы.


  • Знайдзіце дзеепрыметнікавы зварот і падкрэсліце яго як член сказа. Выдзеліце назоўнік, які паясняецца гэтым зваротам.

  1. Выкарыстайце прыведзены ніжэй матэрыял для вуснага паведамлення пра ўтварэнне і ўжыванне дзеепрыслоўяў незакончанага і закончанага трывання ў беларускай мове.

Што робіць? – Што робячы? Што зрабіць? – Што зрабіўшы?

Пісаць – пішучы напісаць – напісаўшы

Думаць – думаючы падумаць – падумаўшы

Бачыць – бачачы убачыць – убачыўшы

Несці – носячы прынесці – прынёсшы


  • Калі ўжываюцца суфіксы -учы, -ючы, а калі - -ачы, -ячы?

  • Калі ўжываецца суфікс – ўшы, а калі –шы?

  1. Утварыце ад дзеясловаў, што ў дужках, дзеепрыслоўі патрэбнага трывання.

1.Тугія струменьчыкі адзін за адным выбіваліся з нетраў зямлі, кіпелі маленькімі фантанчыкамі , (варушыць) пясчынкі і жвір (Я. Сіпакоў). 2. (Прабіцца) з зямлі, (адчуць) волю, вада супакойвалася, ды не спыняла свайго разгону: некалькі метраў бегла вузкім раўчуком і ўлівалася ў безыменную рэчку (Я. Сіпакоў). 3. З неба, аж з-пад самых хмар, падалі на зямлю нечыя крыкі, ні то (заклікаць) чалавека паляцець за сабою, ні то (прасіць) у яго дапамогі (І. Шамякін). 4. Птушкі то (гойдацца), пырхаюць з дрэва на дрэва, то вылятаюць у поле, (падняцца) у неба, сваім танюткім і несканчоным звонам заліваюцца жаўранкі (Я. Скрыган). 5. Як бы (чакаць) падтрымкі, жанчына нейкі час стаяла нерухома, (азірацца) па баках (І. Мележ).

6. Хвінінка творчасці.



Складзіце 2 сказы з дзеепрыслоўямі закончанага і незакончанага трывання.

  1. Падвядзенне вынікаў. Рэфлексія.

Настаўнік: Цяпер прааналізуйце змест сённяшніх заняткаў і свой удзел у працы.

  • Ці атрымалі вы тыя веды і ўменні, якія былі вызначаны ў мэтах заняткаў?

  • Якія памылкі вы зрабілі? Чаму? Якіх ведаў не хапае?

  • Што далі вам сённяшнія заняткі? Чым была карыснай праца для кожнага з вас?

  • Дзе вам спатрэбяцца набытыя на факультатыўных занятках веды і ўменні?

  1. Змястоўная ацэнка работы вучняў на занятках настаўнікам.

Спіс выкарыстаных крыніц

  1. Актыўная ацэнка: метад.дапам. / укл.Н.Ільініч. Мінск, 2011.84с.

  2. Аванесов, В.С. Педагогические задания в тестовой форме // Школьные технологии, 2007, №4.С.156-167

  3. Аванесов, В.С. Основы теории педагогических заданий // Школьные технологии, 2007. №1. С.146-167

  4. Запрудский, Н.И. Контрольно-оценочная деятельность учителя и учащихся: пособие для учителя / Н.И.Запрудский. - Минск : Сэр-Вит, 2012.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка