Распрацоўка ўрока беларускай мовы ў 6 класе па тэме “прыметнік як часціна мовы” Красноўская Вольга Анатольеўна




Дата канвертавання06.01.2017
Памер78.95 Kb.
РАСПРАЦОЎКА ЎРОКА БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ Ў 6 КЛАСЕ

ПА ТЭМЕ “ПРЫМЕТНІК ЯК ЧАСЦІНА МОВЫ”

Красноўская Вольга Анатольеўна

ДУА “Сярэдняя школа №2 г.Сянно”

E-mail для кантактаў: senno2@mail.ru
Тэма: Прыметнік як часціна мовы

Мэта: напрыканцы ўрока вучні будуць ведаць спецыфіку прыметніка як часціны мовы; змогуць вызначаць граматычную ролю прыметнікаў, правільна ўжываць іх ва ўласным вусным і пісьмовым маўленні.

Задачы выхавання і развіцця вучняў:

садзейнічаць выхаванню ў вучняў моўнага чуцця, любові і павагі да роднай мовы, да прыроды роднай старонкі (на дыдактычным матэрыяле).



Абсталяванне: падручнік па мове для VІ класа, раздатачны матэрыял, запісы на дошцы, карцінкі з выявамі птушак.

Тып урока: урок засваення новага матэрыялу
Эпіграф да ўрока:

Я аздабляю нашу мову:

Даю прыметы розным словам.

Наўрад ці зможаш без мяне ты

Прадмет адрозніць ад прадмета.

Ход урока

І. Уступнае слова настаўніка

Да нас сёння прыйшло пісьмо ад птушак. Вось яго змест:

“Гэта пішуць птушкі:

У нас няма кармушкі,

Просім хоць бы трошкі

Зерняў, хлебных крошак.”

Прачытаўшы пісьмо, я вырашыла, што на сённяшнім уроку мы абавязкова пагаворым пра птушак: пералётных і свойскіх, палявых і лясных, балотных і рачных, маленькіх і вялікіх, белых і чорных, хуткіх і павольных, экзатычных і родных, беларускіх…

Якой часцінай мовы з’яўляюцца тыя словы, якія дапамаглі мне расказаць, пра птушак, аб яких сёння пойдзе гаворка? (прыметнікам)

Якімі, на ваш погляд, могуць быць мэты нашага ўрока?


  • Мы будзем умець... (знаходзіць прыметнікі ў сказах, тэксце, вызначаць іх граматычную ролю);

  • Навучымся складаць … (словазлучэнні, у склад якіх уваходзяць прыметнікі),

  • Зможам …. (устанаўліваць сэнсавыя і граматычныя сувязі прыметніка з назоўнікам).

На Беларусі налічваецца каля трохсот відаў розных птушак. Назвы некаторых з іх зараз нам напомніць “Арфаграфічная хвілінка” (слоўнікавы дыктант).

Арол, ластаўка, страус, стрыж, круцігалоўка, дзяцел, голуб, снягір, цецярук, ястраб.

Узаемаправерка выкананай работы.

Ці ведаеце вы, як называецца навука, якая займаецца вывучэннем птушак? (арніталогія).

ІІ. Работа над новым матэрыялам

Апераджальнае заданне (даецца вучню з высокім узроўнем падрыхтаванасці):

Вучань працуе ля дошкі, робіць словаўтваральны разбор слова ПРЫМЕТНІК: прыметнік – прымета (суф.) прымета – прымеціць (нулявая суфіксацыя); падбірае аднакаранёвыя словы да слова “прымеціць” (меціць, метка, паметка, памячаць); выпісвае лексічнае значэнне слова “метка” (метка – апазнавальны знак, кляймо, засечка на чым-небудзь).



Праца з класам

А мы ў гэты час паспрабуем выканаць заданне “Упрыгожваем слова”. Нам патрэбна ўпрыгожыць прыметнікамі назоўнік дзяцел. У гэтым нам дапаможа наглядны матэрыял.

1. Які колер мае пер’е гэтай птушкі? (пер’е птушкі спалучае чорную і белую фарбы, “шапачка” чырвоная).

2. Параўнайце яе памер з памерам страуса, голуба, ластаўкі (у параўнанні са страусам яна малая, у параўнанні з ластаўкай яна вялікая, прыблізна аднолькавая з голубам).http://cs.pikabu.ru/images/previews_comm/2013-03_6/13646267821518.jpghttp://zoohoz.ru/wp-content/uploads/2014/12/sizii-golub.jpghttp://player.myshared.ru/953549/data/images/img24.jpg

3. Якая яна ў паводзінах? (хуткая, вёрткая, лоўкая, працавітая).

Якой часцінай мовы вы карысталіся для таго, каб “упрыгожыць” назоўнік ДЗЯЦЕЛ? (прыметнікам).



Пытанне да вучня, які выконваў апераджальнае заданне: Якую функцыю ў нашым маўленні адыгрывае прыметнік? (прыметнік прымячае словы, ставіць “меткі” і, дае “апазнавальныя знакі”= абазначае прымету).

Зараз я прачытаю 2 тэксты пра адну і тую ж птушку. У адным з іх будуць ужывацца назоўнікі без прыметнікаў, у другім кожны назоўнік будзе прымечаны. Вы паспрабуеце адгадаць, аб якой птушцы ідзе гаворка ў тэкстах.



Тэкст 1

Птушка мае верх, ніз, лоб і горла, крылы, хвост. Яна ўмее лятаць.

Ці можаце вы зараз сказаць, пра якую птушку ідзе гаворка?

Тэкст 2

Птушка мае чорны верх, белы ніз. У яе ржава-карычневыя лоб і горла, вузкія і вострыя крылы, а хвост доўгі і раздвоены. У палёце яна вёрткая і хуткая. (Энцыклапедыя прыроды Беларусі)

Для чаго патрэбны прыметнікі ў тэкстах?

(Для таго, каб мы маглі здагадацца, аб кім ці аб чым ідзе гаворка, каб мова наша стала больш дакладнай і канкрэтнай, каб слухач атрымаў правільнае ўяўленне аб прадмеце)

Давайце вызначым тып другога тэксту.

Аснова кожнага апісання – пералік прыкмет, уласцівых пейзажу, прадмету, асобе, памяшканню, нейкай рэчы, птушцы, жывёле. Таму ў апісаннях вельмі часта карыстаюцца прыметнікамі.

Заданне: давайце запішам тэкст, які дапаможа нам бліжэй пазнаёміцца з гэтай цікавай часцінай мовы.

Птушка мае чорны верх, белы ніз. У яе ржава-карычневыя лоб і горла, вузкія і вострыя крылы, а хвост доўгі і раздвоены. У палёце яна вёрткая і хуткая.

Комплекс пытанняў:

1. Назавіце прыметнікі ў тэксце:…

2. Што гэтыя прыметнікі абазначаюць? (прыметы птушкі).

3. На якія пытанні адказваюць прыметнікі ў тэксце? (які? якая? якое? якія?) А, напрыклад, прыметнік ластаўчына талака? (чыя?)



(Дзеці спрабуюць самастойна сфармуліраваць правіла)

4. Падручнік нам падкажа, якая форма для прыметніка з’яўляецца пачатковай (звяртаемся да с .104) Назавіце прыметнікі, ужытыя ў пачатковай форме? (чорны, белы, доўгі, раздвоены). Якія канчаткі мае прыметнік ў пачатковай форме? (-ы, -і)

“Краіна Марфалогія”

У цудоўнай краіне Марфалогіі жылі-былі два хлопчыкі. Былі яны розныя, але мелі шмат падобнага. Пачне, напрыклад, адзін з іх бегаць па склонах (прабачце, па схілах), і другі гэтак жа робіць. Адзін змяняецца па ліках, і другі тое самае робіць. Род у кожнага з іх быў вялікі: мужчынскі, жаночы і ніякі. І вельмі ж дапытлівымі былі хлопчыкі. Чаму хлопчыкі былі дапытлівыя? (Таму што любілі задаваць пытанні: хто? што?, які? чый?)

Што ж гэта за два хлопчыкі, якія так спрытна бегалі па Марфалогіі? У каго з іх быў свой род, хто бегаў па склонах, ліках першы, а хто набываў граматычныя катэгорыі свайго брата?) (1 – назоўнік, 2 – прыметнік)

Вывад: род, лік, склон прыметніка залежаць ад назоўніка.

Заданне: Да прапанаваных назоўнікаў падбярыце прыметнікі, абазначце

канчаткі.

Грач, зязюля, птаства, буслы.

Звярніце ўвагу на канчаткі наз. м. р. В. скл. Чаму прыметнікі м. роду ў В. скл. маюць канчаткі –ы, -і, або –ога, -ага? Ад чаго залежыць іх выбар? Прывядзіце свае прыклады.

А зараз мы пабегаем па ліках, склонах, родах прыметнікаў і назоўнікаў у тэксце.

Працуем у групах: 1 група вызначае лік, 2 група вызначае род, 3 група вызначае склон назоўнікаў

ІІІ.Фізкультхвілінка

Успомніце, што такое антонімы? Я называю прыметнік, а вы падбіраеце да яго антонім і паказваеце рухамі, жэстамі, мімікай:

Левая рука – правая, левая нага – правая, левае вока – правае;

высокі чалавек – нізкі (2 разы);

вузкія плечы – шырокія (2 разы);

прамы чалавек – крывы (2 разы);

хуткі бег – павольны (2 разы);

вясёлы вучань – сумны (2 разы)

моцная рука – слабая (2 разы);

цёмны свет – свет

ІV. Замацаванне

I. Індывідуальнае творчае заданне (для вучняў з высокім узроўнем падрыхтаванасці):

Мы працавалі з тэкстам-апісаннем ластаўкі ў навуковым стылі, а хто паспрабуе скласці тэкст-апісанне птушкі ў мастацкім стылі па малюнку і апорных словазлучэннях?



http://player.myshared.ru/953549/data/images/img24.jpg

Чорны пінжак, белая кашуля, бліскучая шляпка.

Або…

Вызначце тып тэксту. Папрацуйце алоўкамі, выпраўце памылкі ў канчатках прыметнікаў трэцяга сказа. Вызначце іх род, лік, склон.Зрабіце сінтаксічны разбор чацвёртага сказа.

1. Гэтая працавітая птушка памерам з “рукавічку” часам нагадвае камячок пер’я. 2. Затое яна мае моцны малаточак, якім здабывае ежу. 3. Апранута весялушка ў жоўты сарафан з цёмнае палоскай, на галаве носіць чорную касынку. 4. У паводзінах яна мітуслівая, вясёлая, зграбная.

3-4 балы:

Выпішыце словазлучэнні “прыметнік + назоўнік” у пачатковай форме:

Вечна я ўдзячны жытняму хлебу,

Чыстай вадзе з невялічкай крыніцы,

Лесу зялёнаму, сіняму небу,

Светлай рачулцы, што ў полі бруіцца.
5-7 балаў:

Спішыце, устаўляючы прапушчаныя літары, раскрыйце дужкі, дапасуйце прыметнікі да назоўнікаў:

Тры (высокі) б..розы раслі за акном. На ўзгорк.., між (ліпавы) парку, б..леў двухпавярховы будынак. Зара (вясенні) над пол..м дагарае. Гуляйце, вей..е (снежны) в..тры ад (ранні) да (вячэрні) зары.

8-10 балаў:

Прачытайце сказы, запісаныя парамі. Вызначце, да якой часціны мовы адносяцца выдзеленыя словы. Падкрэсліце іх як члены сказа.

1. Старыя і малыя спяшаюцца на пляж. – Малыя дрэўцы наглуха замяло снегам.

2. Я ціхенька зайшоў у настаўніцкую. – На настаўніцкім стале ляжаў стос кніг.

3. Дзед ужо вельмі стары. – Стары сядзеў на лаўцы.

Першая група: самаправерка па 2, 3 пытаннях

Праверка выканання работы 2 групай разам з настаўнікам

Праверка індывідуальнага задання.

Заданне: запішыце загадкі, адгадайце іх, знайдзіце прыметнікі, вызначце іх род, лік, склон.

Маленькія, жоўценькія,

У палыну ляжаць,

Ціхенька пішчаць.

(кураняты)

Саламянае поле, лубяны плот,

А белае насенне – жывы ўсход.

(квактуха на яйках)

Уначы гуляе,

Удзень спачывае,

Мае круглыя вочы,

Бачыць сярод цёмнай ночы.

(сава)

V. Рэфлексія



А цяпер давайце падвядзем вынік, выкарыстоўваючы прыметнікі. Мы з вамі сёння на ўроку былі ўважлівымі,………………………………

VІ. Д/з. Скласці сінквейн са словам ПРЫМЕТНІК;с.104(правіла),практ.185 або 186.



VІІ.Вынікі ўрока.
Спіс выкарыстаных крыніц

  1. 1. Актыўная ацэнка: метад.дапам. / укл.Н.Ільініч. Мінск, 2011.84с.

  2. Аванесов, В.С. Педагогические задания в тестовой форме // Школьные технологии, 2007, №4.С.156-167

  3. Запрудский, Н.И. Контрольно-оценочная деятельность учителя и учащихся: пособие для учителя / Н.И.Запрудский. - Минск : Сэр-Вит, 2012.



База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка