Развіццё маўленчых уменняў вучняў пры працы над анатацыйнымі І этыкетна-віншавальнымі тэкстамі




Дата канвертавання05.12.2018
Памер93.92 Kb.
А. А. Ілюкевіч, Г. М. Мякіннік (Мінск)
РАЗВІЦЦЁ МАЎЛЕНЧЫХ УМЕННЯЎ ВУЧНЯЎ

ПРЫ ПРАЦЫ НАД АНАТАЦЫЙНЫМІ І ЭТЫКЕТНА-ВІНШАВАЛЬНЫМІ ТЭКСТАМІ
Працэс паспяховага камунікатыўнага развіцця навучэнцаў нельга ўявіць сабе без дыферэнцыраванага ўліку асаблівасцей розных відаў тэкстаў, абумоўленых комплекснымі экстралінгвістычнымі фактарамі – абставінамі і задачамі іх стварэння. Недарэмна сярод вядучых прынцыпаў методыкі развіцця маўлення вучняў значную ролю адыгрывае прынцып апоры на тэкст у яго жанрава-стылёвай разнастайнасці [1, с. 88; 2, с. 364]. Сучасная вучэбная праграма і дапаможнікі па беларускай мове адкрываюць магчымасці для звароту да шматлікіх жанраў звязных выказванняў, у прыватнасці, да такіх звычайна сціслых маўленчых твораў, як анатацыя (старшая ступень навучання) і віншаванне (сярэдняе звяно). Спецыяльная ўвага фарміраванню адпаведных маўленчых уменняў можа надавацца пры ўдасканаленні валодання такімі відамі маўленчай дзейнасці, як чытанне і пісьмо (да чаго арганічна далучаецца праца з анатацыямі), а таксама нормамі і формамі маўленчага этыкету (стварэнне віншаванняў). Але ж дадзены артыкул мае на мэце паказаць перспектыўнасць выкарыстання падобнага тэкставага матэрыялу спадарожна замацаванню розных лінгвістычных, у тым ліку функцыянальна-стылістычных, ведаў.

Асобныя вынікі студэнцкіх даследаванняў, прысвечаных гэтай праблематыцы, апрабаваліся ў межах навуковай канферэнцыі студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў БДУ (2010 г.) і былі рэкамендаваны да друку ў зборніку навуковых прац кафедры рыторыкі і методыкі выкладання мовы і літаратуры.



Анатацыя ( ад лац. annotatio – ‘заўвага’) – сціслая характарыстыка кнігі, артыкула, якая ў асноўным перадае іх змест і дае ацэнку іх прызначэння.

Актуальнасць выкарыстання анатацый у якасці змястоўна насычанага маўленчага матэрыялу заключаецца ў тым, што праз анатацыю чалавек знаёміцца з кнігай, без якой і сёння нельга абысціся ў інтэлектуальным пасталенні асобы. Праз кнігу дзеці і падлеткі здольны спазнаваць свет, набываць жыццёвы вопыт. І нягледзячы на хуткія тэмпы развіцця навукі і тэхнікі (імклівае пашырэнне магчымасцей камп’ютэра і Інтэрнэту, сродкаў тэлевізійнай камунікацыі), попыт на кнігу як на крыніцу грунтоўных ведаў, на нашу думку, не павінен змяншацца. Да таго ж, магчыма анатаванне не толькі друкаваных, але і электронных крыніц: анатацыя на электронную інфармацыю таксама размяшчаецца ў сусветнай інфармацыйнай сетцы.

Як можна ў вобразнай форме растлумачыць для вучняў сутнасць разумова-маўленчых задач пры складанні анатацый? Анатацыя, як вядома, – своеасаблівае “люстэрка” кнігі, яе вестка, рупар, часам – “рэкламнае запрашэнне” ў кнігу. Яна быццам лакмусавая паперка, што дае папярэдні аналіз магчымай рэакцыі ўзаемадзеяння чытача і выдання. Менавіта праз кароткую анатацыю чытач шмат у чым выносіць прысуд кнізе: чытаць ці не чытаць?

Анатацыя стаіць на перакрыжаванні пісьма і чытання, быццам вузельчык, што звязвае гэтыя паняцці, гэтыя два віды маўленчай дзейнасці.

Анатацыю варта разглядаць не толькі як самастойны прадмет вывучэння, як від другасных інфармацыйных тэкстаў, але і як аснову для паўтарэння, замацавання і паглыблення ведаў школьнікаў, што мае асаблівую каштоўнасць для старшага звяна навучання.

Выкажам некаторыя назіранні над тым, як з прыцягненнем тэкстаў-анатацый можа быць перспектыўным паўтарыць веды па розных раздзелах мовазнаўства:



  1. Фанетыка.

На аснове анатацыі можна прапанаваць падзяліць тэкст на такія фанетычныя адзінкі, як маўленчыя такты, што будзе спрыяць усведамленню сэнсавай арганізацыі прапанаваных звестак; адпрацоўваць выдзяленне лагічным націскам ключавых для анатацыі слоў і выразаў.

2. Лексікалогія.

Удалымі будуць практыкаванні на вызначэнне мнагазначнасці слоў, а на аснове гэтага пошук метафар, якія ў складзе анатацыі не насычаны вобразнасцю (слоўнік дае чытачу звесткі / падручнік дае веды, адлюстроўвае жыццё фразеалагізмаў у прасторы і часе і да т. п.).

Можна прапанаваць практыкаванні, зарыентаваныя на пошук сінонімаў, якіх бывае багата ў складзе анатацыі (асвятляюцца, разглядаюцца, апісваюцца; змешчаны, пададзены, прадстаўлены і інш.), а таксама на выдзяленне сінанімічнага раду.

У лексічным складзе анатацый на вучэбныя і навукова-папулярныя выданні значнае месца займаюць тэрміны (марфалогія, лексікалогія, фразеалогія, лексікаграфія; парэміялагічны фонд, прасадычныя адзінкі, тапанімія і да т. п.). Таму можна прапанаваць вучням знайсці ў вучэбна-навуковых анатацыях тэрміналагічную лексіку.

Як практыкаванне можна прапанаваць распаўсюдзіць тэрміналагічны рад, напрыклад:



Асвятляюцца ўсе раздзелы курса сучаснай беларускай літаратурнай мовы: ?, ?, ?, ?, ?, ?, ?, ?.

3. Марфалогія.

На матэрыяле анатацыі будзе асабліва дарэчным размясціць практыкаванні на вызначэнне зваротнасці дзеяслова, стану, трывання; правільнасці ўтварэння форм дзеепрыметнікаў залежнага-незалежнага станаў; правільнасці ўтварэння дзеепрыслоўяў закончанага і незакончанага трыванняў.

4. Сінтаксіс і пунктуацыя.

Пры вывучэнні гэтых раздзелаў мовазнаўства на прыкладзе анатацыі мэтазгодна адзначыць асаблівасці ў кіраванні, уласцівыя беларускай мове (у параўнанні з рускай) (параўн. бел.мадэль прызначаецца (каму?) з рус. предназначается (для кого?).

На матэрыяле анатацыі можна прапанаваць дыферынцыраваць сказы паводле іх граматычнай структуры (простыя і складаныя), а таксама вызначыць разнавіднасці простых сказаў паводле наяўнасці галоўных членаў і спосабаў іх выражэння.

Да месца будзе даць школьнікам заданні правільна расставіць знакі прыпынку ў сказах, ускладненых радам аднародных членаў, як са злучнікамі, так і без іх, а таксама ў сказах з абагульняльнымі словамі.

Адзначым, што пры рабоце школьнікаў з анатацыяй развіваюцца псіхічныя здольнасці і логіка мыслення вучняў, а менавіта наступныя якасці асобы:



  • Аператыўная рэакцыя (зварот увагі на рэму, развіццё праглядальнага чытання).

  • Гнуткасць мыслення (разгляд розных сэнсавых бакоў крыніцы).

  • Здольнасць да тыпалагізацыі (аднясення звестак да пэўнай катэгорыі); аналізу, сінтэзу.

  • Параўнанне (дадзенай крыніцы з іншымі).

  • Дакладнасць і выразнасць маўлення.

Складанне анатацыі спрыяе фарміраванню такіх пажаданых універсальных параметраў інтэлектуальна-маўленчай дзейнасці, як карэктнасць, рацыянальнасць, аператыўнасць выканання разумовых дзеянняў, а таксама сінтэзуе валоданне рознымі моўнымі нормамі (лексічнымі, граматычнымі, правапіснымі), развівае рэцэптыўна-аналітычныя здольнасці школьнікаў.

Пры складанні анатацыі ўдасканальваецца цэлы шэраг інтэлектуальна-маўленчых уменняў, у тым ліку ўменні:



  • Ацэньваць змест анатацыйнага тэксту з пункту погляду адлюстравання агульнага ўражання аб крыніцах.

  • Размяжоўваць звесткі асноўныя і другасныя, непажаданыя ў тэксце анатацыі.

  • Дыферынцыраваць інфармацыю аб’ектыўную і суб’ектыўную (у прыватнасці, пры ўсведамленні адрозненняў анатацыі і ацэначных тэкстаў).

  • Абагульняць найбольш значныя звесткі аб аўтары работы і яе важнейшых асаблівасцях, магчымым адрасаце.

Знаёмячыся з маўленчай і графічнай спецыфікай састаўлення анатацыі, школьнікі вучацца:

  • выдзяляць у анатацыях індыкатыўныя для іх словы і звароты;

  • суадносіць лексіку і фразеалогію, якая часта выкарыстоўваецца ў анатацыйных тэкстах, з іх структурна-сэнсавымі кампанентамі;

  • выкарыстоўваць для агульнай характарыстыкі тэксту і яго асноўных палажэнняў тыповыя для гэтага словы і звароты;

  • прымяняць ацэначную лексіку, распаўсюджаную ў розных катэгорыях другасных тэкстаў;

  • папярэджваць аднастайнасць у выкарыстанні характэрных для анатацыі дзеясловаў са значэннем мыслення і маўлення;

  • правільна ўжываць некаторыя складаныя граматычныя мадэлі (адрасаваны [каму, а не для каго?]);

  • выкарыстоўваць моўныя сродкі, якія садзейнічаюць павелічэнню інтарэсу адрасата (асабовыя займеннікі і дзеяслоўныя формы, пытальныя сказы);

  • суадносіць абзацнае чляненне анатацыі і ўнутранае структураванне яе тэксту;

  • забяспечваць строгую логіку выкладу думак і інш.

Падкрэслім: добра вядомым і бясспрэчным з’яўляецца важнае значэнне, якое пры навучанні тэкстаўтварэнню мае ўлік функцыянальнага стылю, у якім ствараецца выказванне. Адметнымі асаблівасцямі любога стылю беларускай мовы з,яўляюцца, перш за ўсё, лексіка-семантычныя. Моўная структура тэксту таго ці іншага стылю характарызуецца падборам слоў пэўнай сэнсавай накіраванасці і эмацыянальна-экспрэсіўнай афарбоўкі. Выбар слова, спосабу спалучэння яго з іншымі словамі пры тэкстаўтварэнні абумоўлены камунікатыўнай мэтазгоднасцю. Гэта значыць, што з сістэмы моўных сродкаў адбіраюцца такія моўныя адзінкі, якія найлепш задавальняюць зносінам людзей у сферы іх дзейнасці і даюць магчымасць ясна, дакладна сфармуляваць думку, рацыянальна ці эмацыянальна ацаніць рэчаіснасць у выказванні.

Што ж тычыцца тых стыляў, якасці якіх спалучаюцца ў тэкстах-віншаваннях, то можна адзначыць, што перш за усё гэта мастацкі і публіцыстычны стылі. Мастацкі стыль выкарыстоўваецца з мэтай эстэтычнага ўздзеяння на людзей, задавальнення духоўных патрэб грамадства. Гэты стыль вызначаецца вобразнасцю, эмацыянальнасцю, здольнасцю выклікаць розныя пачуцці. Эстэтычная функцыя мастацкага стылю накладваецца на камунікатыўную, зліваецца з ёю. Таму ў мастацкіх творах аднолькава шырока выкарыстоўваюцца словы з канкрэтнымі прамымі значэннямі, а таксама эмацыянальна-экспрэсіўныя, паэтычна-ўзнёслыя; сінонімы, фразеалагізмы, параўнанні, эпітэты і г. д. Акрамя таго, эмацыянальнасць і экспрэсіўнасць мастацкай мовы перадаецца словамі і выразамі, якія паказваюць адносіны апавядальніка да прадмета апісання, клічнымі і пытальна-рытарычнымі сказамі.

Публіцыстычны стыль таксама з,яўляецца разнавіднасцю літаратурнай мовы, якая выкарыстоўваецца ў грамадска-палітычнай літаратуры, перыядычным друку, публічных выступленнях. Для гэтага стылю асабліва характэрны эмацыянальнасць, вобразнасць ацэнак, пабуджальнасць дзеяння. Шырокае ўжыванне, як і ў мастацкім маўленні, маюць словы з пераноснай і ацэначнай семантыкай, экспрэсіўныя сінтаксічныя канструкцыі і інш.

З улікам вызначальных якасцей названых літаратурных стыляў, на падставе віншавальных тэкстаў можна сканструяваць шэраг творчых практыкаванняў для навучэнцаў:


  • Заданне: Знайдзіце і падкрэсліце ў тэксце віншавання апорныя (ключавыя) словы ці выразы. (У тэксце адзначаецца прыклад выканання.)

Ад усяго сэрца хочацца павіншаваць вас з гэтым светлым, вясновым святам – 8 Сакавіка!

З днём, у які жанчына набывае асаблівую прыгажосць і жаноцкасць. Нездарма, магчыма, менавіта гэты дзень абралі як дзень жанчын, таму што лік 8 адзначае сабой бясконцасць. Бясконцасць цяпла, святла, пяшчоты, дабрыні і ўсмешак, якія нам дораць жанчыны, нашы любыя матулі. Няхай у гэты дзень вас акрыляе пачуццё любові і ўвагі з боку вашых родных і блізкіх. Хай вясновыя кветкі і сонечнае цяпло саграваюць вас і прыносяць задавальненне! Няхай кожны наступны дзень будзе для вас, непаўторныя матулі, такім ж святочным, светлым і непаўторным.



Самастойна падбярыце ключавыя словы і выразы для стварэння ўласнага віншавання. Прыдумайце прыклад мэтанакіраванага, выразнага ўжывання паўтору ў віншаванні.

  • Заданне: Бурымэ: стварыце віншавальны тэкст па прапанаваных рыфмах, напрыклад, такіх нескладаных: кветак – дзетак, паболей – ніколі, усміхацца – купацца:

Жадаю мільён кветак,

Паслухмяных дзетак,

Грошай паболей,

Не сумаваць ніколі,

Заўжды ўсміхацца,

У каханні купацца!

Якія вобразы выкарыстоўваюцца ў прыведзеным прыкладзе віншавання? Як у ім ужываюцца перабольшванні?


  • Заданне: 1. Прачытайце “віншаванне-загадку” – віншаванне, у якім не будзе прама называцца нагода, якой прысвечаны віншавальны тэкст. Здагадайцеся, якая менавіта падзея маецца на ўвазе.

Дарагія вучні! Вы зараз накіроўваецеся ў цікавую казачную краіну, якая адкрывае вам новыя гарызонты ў школьным жыцці, прынясе шмат новых ведаў і незвычайных адкрыццяў, пазнаёміць з новымі падзеямі і героямі-персанажамі. Няхай кожнаму з вас (спрыяюць, спадарожнічаюць) поспех, сонечны настрой, вясёлыя сяброўскія ўсмешкі. У добры шлях! (Гэта віншаванне адрасуецца вучням на пачатку вучэбнага года.)

2. Які найважнейны вобраз пакладзены ў аснову гэтага тэксту? Якое слова з прыведзеных у дужках вы параілі б ужыць і чаму?

Якое слова і чаму паўтараецца ў дадзеным тэксце? Ці з’яўляецца гэта недахопам?

3. Стварыце сваё ўласнае “віншаванне-загадку” і загадайце яго аднакласнікам.

  • Заданне: Стварыце ўласны віншавальны тэкст, пабудаваны на скразным вобразе, і аформіце адпаведным чынам. Можна, напрыклад, працягнуць наступнае чатырохрадкоўе:

Жадаю шчасця і кахання,

Каб спраўдзіліся пажаданні –

І каб у маразы і сцюжы

Для Вас заўжды квітнелі ружы….


Як бачым з прыведзеных прыкладаў, навучальная праца з тэкстамі-віншаваннямі дазваляе ўдасканальваць, у прыватнасці, такія маўленчыя ўменні, як уменне выкарыстоўваць кампазіцыйны прыём рэтардацыі для больш арыгінальнай пабудовы выказвання; падбіраць, разгортваць і цікава абыгрываць у тэксце выяўленча-выразныя моўныя сродкі; ужываць функцыянальна апраўданыя паўторы ключавых слоў і выразаў і г. д., а таксама развівае творчыя здольнасці вучняў.

Літаратура


  1. Протчанка, В. У. Актуальныя праблемы тэорыі і практыкі навучання беларускай мове / В. У. Протчанка. – Мінск: НІА, 2001.

  2. Методыка выкладання беларускай мовы: вучэб. дапам. для студэнтаў філалагіч. спецыяльнасцей, якія забяспечваюць атрыманне выш.адукацыі / М. Г. Яленскі, Г. М. Валочка, Л. С. Васюковіч, , І. М. Саматыя [і інш.]; пад рэд. М. Г. Яленскага. – Мінск: Адукацыя і выхаванне, 2007.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка