Развіццё мясцовага самакіравання ў вялікім княстве літоўскім




Дата канвертавання24.11.2017
Памер50.48 Kb.
РАЗВІЦЦЁ МЯСЦОВАГА САМАКІРАВАННЯ Ў ВЯЛІКІМ КНЯСТВЕ ЛІТОЎСКІМ
Мясцовае самакіраванне ў Вялікім княстве Літоўскім (далей - ВКЛ) можна умоўна падазяліць на тры ўзроўні: сялянскае, гарадское і шляхецкае. Кожны з гэтых узроўняў меў свае асаблівасці.

Сялянскае самакіраванне ажыцяўлялася праз сялянскія сходы і копныя суды. Сялянскія сходы з’яўляліся калегіяльнымі органамі мясцовага сялянскага самакіравання, на іх размяркоўвалася даніна, разбіраліся спрэчныя справы паміж сялянамі, адбываліся выбары старца. У паўнамоцтвы старца ўваходзіў нагляд за выкананнем грамадскіх работ па будаўніцтву і рамонту замкаў, мастоў і дарог, збор і адвоз даніны ў вызначанае ўладамі месца і г.д.

Копныя суды узніклі як народныя суды і да з'яўлення пісанага права былі заснаваны на традыцыі. Да канца 16 стагоддзя гэтыя суды існавалі толькі на беларускіх землях ВКЛ. Копныя суды ў першую чаргу вырашалі пытанні, звязаныя з праблемамі простых жыхароў воласці, але ў шэрагу выпадкаў у якасці суб'ектаў судовага працэсу маглі выступаць і шляхціцы, калі гэта тычылася іх непасрэдных інтарэсаў. У гэтых судах маглі разглядаць любыя справы аб злачынствах, здзейсненых на падсуднай ім тэрыторыі ў радыусе прыблізна 2 – 3 мілі (15 – 20 км). Трэба адзначыць, што сялянскае самакіраванне існавала, толькі ў той мясцовасці, дзе жылі дзяржаўныя сяляне і не было замкаў ці дзяржаўных маёнткаў. Адсюль можна зрабіць выснову, што самакіраванне ў сялян насіла доваволі абмежаваный характар.

Гарадское самакіраванне ажыцяўлялася на аснове магдэбургскага права. Яно афармляла горад як самастойную адміністрацыйную адзінку са сваімі атрыбутамі – тэрыторыяй, грамадзянствам, інстытутамі ўлады і суда, гербам, падатковай сістэмай і г.д. 3 увядзеннем магдэбургскага права мяшчане вызваляліся з-пад улады ваявод, стараст, дзяржаўцаў, уся ўлада ў горадзе пераходзіла да органаў гарадскога самакіравання. У даход горада перадаваліся прыбыткі ад крам, ятак, васкабойняў, гасціных двароў, лазняў, важняў і інш. Мяшчане гарадоў з магдэбургскім правам атрымлівалі эканамічныя льготы, вызваляліся ў межах свайго горада ад платы шэрагу падаткаў.

На чале сістэмы магдэбургскага самакіравання стаяў войт, а ў час яго адсутнасці ў горадзе, яго намеснік – лантвойт. Непасрэднае кіраванне гарадскімі справамі знаходзілася ў руках бурмістраў, радцаў і лаўнікаў, якія складалі магістрат. Магістрат складаўся з гарадской рады і лавы. Лава, якую ўзначальваў войт, выконвала функцыі суда па крымінальных справах гараджан. Рада займалася справамі гарадскога кіравання і суда па маёмасных і цывільных справах мяшчан. Бурмістры па чарзе вялі пасяджэнне рады, радцы выказваліся па розных пытаннях і разам з бурмістрамі прымалі рашэнні. На пасяджэннях магістрата і асабліва рады, якія праходзілі ў ратушы, маглі прысутнічаць цэхмістры.

У межах горада з магдэбургскім правам маглі знаходзіцца дзярж.аўныя, прыватныя і царкоўныя землі, якія не падпадалі пад гарадскую уладу – юрыдыкі. Гарады вялі пастаянную барацьбу за ўключэнне пад сваю юрысдыкцыю тэрыторый і жыхароў юрыдык.

У ВКЛ магдэбургскага права надавалася гарадскому паселішчу прывілеем Вялікага князя літоўскага (пасля 1569 года – караля польскага і вялікага князя літоўскага), у прыватных гарадах – прывілеем уладальніка ці па яго хадайніцтве Вялікім князем. Атрыманне магдэбургскага права было своеасаблівай узнагародай гораду і ягоным жыхарам за іх заслугі і адначасова гэта быў стымул для лепшага развіцця горада.

Найбольш развітую сістэму самакіравання ў ВКЛ, на той час, мела шляхта. Гэта тлумачыцца тым, што гэтае саслоўе імкнулася да незалежнасці ад улады вялікага князя і ў органах самакіравання шляхта бачыла непасрэднае прадстаўніцтва сваіх інтарэсаў, таму імкнулася пашырыць сферу іх дзейнасуі і кампетэнцыю. Сістэму шляхецкага самакіравання складалі соймікі і сходы шляхты.

У ВКЛ існавала шэсць відаў соймікаў: перадсоймавыя, рэляцыйныя, каптуровыя, дэпутатскія, элекцыйныя і гаспадарчыя.

Першымі былі створаны перадсоймавыя соймікі. Віленскі прывілей 1565 года ўстанавіў павятовыя перадсоймавыя соймікі ў ВКЛ як курыю для абрання паслоў на сойм (па 2 паслы ад павета). Статут ВКЛ 1566 года вызначыў час перадсоймавых соймікаў – не пазней як за 4 тыдні да сойма, паводле Статута ВКЛ 1588 года – 6 тыдняў. На перадсоймавых сойміках павятовая шляхта павінна была заслухаць легата вялікага князя аб скліканні сойма і пытаннях, якія выносіліся на яго абмеркаванне, выбраць 2 паслоў і скласці для іх інструкцыю. Пасяджэннямі сойміка кіраваў найвышэйшы па пасадзе ўраднік або павятовы маршалак.

Рэляцыйныя соймікі, згодна Статуту 1588 года, збіраліся пасля сойму, але не пазней як праз 4 тыдні. Гэтыя соймікі прымалі ўхвалы па рэалізацыі соймавых канстытуцый, а таксама па справах, якія на соймах перадаваліся на вырашэнне «панов-брати» (пра згоду на падатковыя соймавыя ўхвалы, пра выбранне павятовых паборцаў і памеры падатку).

Каптуровыя соймікі, якія збіраліся ў часы міжкаралеўя па ўласным жаданні шляхты, былі арганізаваны на прынцыпах канфедэрацыі, менавіта ім фактычна і юрыдычна належала ўлада да выбрання новага манарха. Суды, якія ажыццяўлялі правасуддзе імем караля, спынялі сваю дзейнасць, іх функцыі пачынаў выконваць часовы каптуровы суд, рашэнні якога захоўвалі юрыдычную сілу і пасля аднаўлення дзейнасці іншых судоў. Такія соймікі маглі скончыцца прыняццем ухвал пра публічныя справы, час-та ў форме процістаяння дзеянням улады. Соймавыя канстытуцыі 1659 і 1717 гадоў забаранілі склікаць каптуровыя соймікі без універсала манарха.

Дэпутацкія (трыбунальскія, грамнічныя) соймікі прадугледжваліся законам 1581 для выбрання суддзяў у склад Трыбунала Вялікага княства Літоўскага. Яны збіраліся самастойна штогод 2 лютага на свята Маці Божай Грамнічнай. Дэпутацкі соймік мог супадаць з перадсоймавым або элекцыйным, пазней з гаспадарчым соймікам.

На элекцыйных сойміках шляхта выбірала кандыдатаў на пасады суддзі, падсудка і пісара земскага павятовага суда (з 1564 года), падкаморыя, харужага (з 1588 года). У другой палове 17 стагоддзя павятовая шляхта атрымала права прадстаўляць манарху кандыдатаў і на вышэйшую пасаду ў павеце – павятовага маршалка. Вялікі князь павінен быў прызначыць аднаго з прапанаваных шляхтай кандыдатаў на атпаведныя ўрады. Таксама на элекцыйных сойміках шляхта выбірала павятовых возных, якіх зацвярджаў ваявода і возных-генералаў, якіх прызначаў на ўрад вялікі князь. Вядома, што ў асобных землях на соймікавых пасяджэннях выбіраліся ваяводы (Полацк і Віцебск) і старасты (Жамойць). Можна зрабіць выснову, што шляхта часткова кантралявала прызначэнні на шэраг кіруючых пасад у павеце і такім чынам магла ўплываць на свае становішча ў паветах.



У пачатку 17 стагоддзя аформіўся гаспадарчы соймік. Гаспадарчы соймік прымаў ухвалы па справах павета, размеркаванні падаткаў, ухваленых соймам, выбіраў падатковых паборцаў і кантраляваў іх дзейнасць, ухваляў ваяводскія падаткі, прымаў рашэнні пра выдаткі з ваяводства скарбу, ухваляў вярбоўку павятовых жаўнераў і вызначаў іх начальнікаў, з сярэдзіны 17 стагоддзя выбіраў камісараў у Скарбовы трыбунал ВКЛ. Зыходзячы з гэтага, можна адзначыць, што праз гаспадарчы соймік шляхта кантралявала гаспадарчую дзейнасць і сбор падаткаў у павеце.

Такім чынам можна зрабіць агульную выснову, што мясцовае самакіраванне ў ВКЛ было даволі добра развіта. Асаблівасці якія мела самакіраванне, на кожным з трох узроўней тлумачыцца розніцай у сацыяльным становішчы паміж сялянамі, мяшчанамі і шляхтай. Адной з асноўных прычын такога росквіту самакіравання можна назваць дэцэнтралізацыю ўлады ў ВКЛ. Да таго ж трэба адзначыць, што кожны ўзровень самакіравання меў свае ўласныя судовыя органы, якія былі адзелены ад адміністрацыі, таму можна сказаць, што менавіта дзякуючы развітаму самакіраванню, ў ВКЛ пачала фарміравацца самастойная судовая галіна ўлады.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка