Рэдактарскі аналіз зборніка казак для дзяцей малодшага школьнага ўзросту




Дата канвертавання17.02.2017
Памер124.21 Kb.
РЭДАКТАРСКІ АНАЛІЗ ЗБОРНІКА КАЗАК ДЛЯ ДЗЯЦЕЙ МАЛОДШАГА ШКОЛЬНАГА ЎЗРОСТУ

(На прыкладзе кнігі А. Бутэвіча “Прыгоды вірус@ Шкодзі”)
Рэпертуар кніжных выданняў для дзяцей за апошні час значна змяніўся. З’явіліся новыя тэндэнцыі ў дамінуючых тэмах, праблемах і жанрах твораў, відах выданняў, тыпах літаратуры… І гэта заканамерна. Змест дзіцячай кнігі абумоўлены выхаваўчымі ідэаламі свайго часу і ўзроўнем развіцця літаратуры. Так, першыя крокі станаўлення кнігі для дзяцей звязаны з задачамі рэлігійнага выхавання, таму асноўнае месца ў рэпертуары выданняў займала рэлігійная літаратура. Прадметная вобласць дзіцячай літаратуры залежыць і ад сацыяльнага заказу, ідэалогіі краіны. Увесь нялёгкі працэс нараджэння дзяцячай кнігі ў 20-я гг. мінулага стагоддзя, яе развіццё на працягу ўсяго перыяду існавання сацыялістычнай дзяржавы былі накіраваны на выхаванне савецкага грамадзяніна.

На мяжы XX-XI стагоддзяў пастаўлены новыя дзяржаўныя задачы, змяніліся грамадскія і эканамічныя адносіны, адпаведна і ў дзіцячую літаратуру прыйшлі новыя тэмы, героі, вобразы, якія напоўнілі нават такі традыцыйны жанр, як казка. Для пацверджання сваёй думкі мы звярнуліся да кнігі А. Бутэвіча “Прыгоды вірус@ Шкодзі”. Яна была выпушчана ў 2009 г. выдавецтвам “Мастацкая літаратура” ў рамках серыі “Казкі XXI стагоддзя” і, на наш погляд, зойме дастойнае месца ў рэпертуары дзіцячых выданняў. Мэта артыкула – прааналізаваць рэдактарскую падрыхтоўку названага выдання з пункту гледжання адпаведнасці запатрабаванням сучаснага чытача. Для ее вырашэння мы акрэслілі наступныя задачы:



  • ацаніць задуму аўтара;

  • прааналізаваць выхаваўчы і пазнавальны аспекты твора;

  • вызначыць адпаведнасць кнігі заяўленаму жанру;

  • ацаніць змест і форму твора з ўлікам чытацкага адрасу;

  • прааналізаваць мову і стыль казак;

  • ацаніць апарат выдання.



Задума аўтара. Рэдактарскі аналіз пачынаецца з вызначэння задумы аўтара: яна павінна быць арыгінальнай, актуальнай і цікавай для свайго адрасата, у нашым выпадку гэта чытач малодшага школьнага ўзросту. Задума вызначае канцэпцыю выдання – рэдактар распрацоўвае яго мадэль, імкнучыся з найбольшай паўнатой данесці змест твора, забяспечыць правільнае яго ўспрыняцце і разуменне.

Сваю задуму аўтар Анатоль Бутэвіч азначыў ў сваім уступным слове да чытача (і іх бацькоў): “Хто з нас у маленстве не марыў пра далёкія падарожжы, пра нябачаныя краіны, пра спатканне з самім Кавалём-Вярнідубам? Знайсці ўсё гэта мы маглі толькі ў кніжках, што распавядалі пра гэтыя незвычайныя – чамусьці яны заўсёды ўяўляліся нам заморскімі – далёкія землі. Калісьці не было такой складанай сучаснай тэхнікі, якая дазваляе за адно імгненне абляцець усю зямлю. А таму мы назаўсёды палюбілі чароўны свет кнігі. Палюбілі, каб ніколі не расставацца, нягледзячы нават на з’яўленне сучасных камп’ютэраў”. Актуальнасць аўтарскай задумы відавочна: А. Бутэвіч прывівае ў дзяцей любоў да мастацкай літаратуры, заахвочваючы іх цікавай прыгодніцкай казкай пра чароўную камп’ютэрную краіну – якая так вабіць сённяшніх дзяцей.



Выхаваўчы і пазнавальны аспекты твора. Сама задума аўтара, тое, дзеля чаго ён узяўся за пяро, адпавядае адной з галоўных задач дзіцячай літаратуры: далучаць да кніжнай культуры і культуры чытання. Акрамя таго, можна вызначыць шэраг прыватных выхаваўчых аспектаў, якія рэалізуюцца ў зборніку. Напрыклад, казка “Бунт у каралеўстве” вучыць жыць ў згодзе, цаніць сяброўства: “Не будзе працаваць камп’ютэр, калі залянуецца хоць адзін з нас. Давайце лепш згуртуемся, адновім сяброўства і будзем далей служыць агульнай справе, як дагэтуль служылі. Пакуль мы разам – мы дужыя, як пшанічны сноп. Паасобку ж мы слабыя, як адзінокая саломінка” (с. 24).

Казка “Чароўная мышка” дае ўзор правільных паводзін, калі сябар незнарок дапускае памылку і ўтварае небяспечную сітуацыю: “сваркай бяду не адвядзеш” (с. 30), трэба канструктыўна дзейнічаць і вырашаць праблему. Гэтая ж казка вучыць не свавольнічаць, асабліва ў такой небяспечнай сферы, як сусветнае сеціва: інтэрнет можа нанесці шкоду камп’ютэру.

У аснове казкі “Як Шкодзя хацеў каралём стаць” ляжыць сучасная выхаваўчая ідэя: уважліва чытайце дакументы да самага канца. Аўтар прапануе сітуацыю, якая ледзь не прывяла да бяды ў казачнай краіне. Вірус Шкодзя ад імя караля напісаў загад з патрабаваннем прынесці ўсе камп’ютэры і скласці іх на галоўнай плошчы ля каралеўскага палаца. І толькі адзін “просты камп’ютэрны рамонтнік” заўважыў, што падпісаны гэты загад імем не Віндаўс Вялікі (так завуць караля), а Вірус Вялікі. Шкодзя разлічваў, што ўсе прачытаюць тое, што прывыклі, а не тое, што напісана, і не памыліўся. Чытайце тэксты ўважліва, будзьце пільнымі – папярэджвае аўтар юнага чытача.

Цікавая выхаваўчая сітуацыя ляжыць у аснове казкі “Каму нашкодзіў Вірус Шкодзя”. Вірус вырашыў для разнастайнасці пабыць добрым і адправіў вялікую суму пад відам выйгрышу ў латарэю з рахунка аднаго банка на імя звычайнага беднага юнака. Але той аказаўся сумленным і асцярожным: “не пажадаў незаслужана прысвойваць тое, чаго сам не зарабіў” (с. 52).

А. Бутэвіч звычайна не прапануе дзецям ўласных вывыдаў, маралі, ён давярае гэтую справу свайму чытачу. Дзеці малодшага школьнага ўзросту могуць рабіць самастойныя вывады, ім не заўсёды падабаецца прамое настаўленне. Рэдкія назідальныя звароты да чытача ў А. Бутэвіча выконваюць двайную ролю: павучаюць і ствараюць эфект дыялогу аўтара з чытачом, ілюзію прысутнасці дзіцяці ў творы: “Толькі ты будзь дасведчаным і абачлівым, мой юны сябар, ніколі не забаўляйся з невядомымі пасланнямі, якія прыходзяць на твой камп’ютэр” (с. 53); “Таму ніколі не губляй пільнасці і ўважлівасці, мой юны сябар, калі працуеш на камп’ютэры” (с. 48).

Пазнавальнае значэнне зборніка акрэслена яго тэмай, якую можна вызначыць як “таямніцы сусветнага сеціва”. Чытач, які, напэўна, ведае пра інтэрнет і ў пэўнай ступені ўмее карыстацца камп’ютэрам, зразумее ўзаемасувязь усіх яго элементаў, даведаецца пра канкрэтнае прызначэнне мадэма, прынтара, працэсара, манітора і іншых прыстасаванняў; а таксама навучыцца асноўным прынцыпам бяспечнай работы: не адкрываць незнаёмыя лісты, правяраць файлы антывіруснай праграмай… Гэта неабходныя для сучаснага чалавека звесткі, якія лёгка засвоіць дзіця, прачытаўшы кнігу “Прыгоды вірус@ Шкодзі”.



Адпаведнасць жанру казкі. Жанр свайго твора аўтар вызначыў у падзагалоўку: “Незвычайная казка пра караля Віндаўса Вялікага, Віруса Шкодзю і чароўныя камп’ютэры”. Зборнік складаецца з сямі казак, якія аб’яднаны адзінствам персанажаў, ствараюць закончаны твор, цэльную кнігу і ў той жа час маюць сюжэтную завершанасць, могуць чытацца паасобку. Казку “Маладзільны клён”, напрыклад, аўтар уключаў у іншы зборнік казак – “Як акіян з кропелькай барукаўся” (2003 г.).

Жанр літаратурнай казкі прадугледжвае аўтарскі мастацкі твор, аснованы на фальклорных крыніцах ці арыгінальнай задуме. Чым літаратурная казка адрозніваецца ад народнай? Тым, што яе стварыў адзін аўтар, яна адлюстроўвае яго светапагляд, яго разуменне дабра і зла і іншых маральных катэгорый. Дарэчы, прымаючы да друку літаратурную казку, рэдактар ацэньвае адэкватнасць гэтых катэгорый. Пры гэтым аўтар казкі захоўвае кампазіцыю, мастацкую структуру, паэтыку казкі як жанра. Актыўная барацьба са злом, несправядлівасцю, дабрыня і бескарыслівасць – усе гэты прынцыпы народнай казкі знайшлі адлюстраванне ў творы А. Бутэвіча. Разам з тым аўтар пашырыў магчымасці традыцыйнага жанра: “Прыгоды вірус@ Шкодзі” разварочваюцца ў сучасным свеце, але ў іншай, віртуальнай, рэальнасці. Звычайныя рэчы “ажываюць” пад пяром аўтара.

Аўтар вытрымлівае паэтыку жанра. У зборніку сустракаюцца характэрныя для казкі элементы:


  • стылістычныя формулы: жыла-была; ні ў казцы сказаць, ні пяром апісаць; не далёка і не блізка, не высока і не нізка; жыць-пажываць і дабро нажываць; доўга спаў ці коратка;

  • таўталагічныя выразы: дзівосныя дзівы, чарадзейныя чары, забаўныя забавы;

  • прыёмы сюжэтнага развіцця: наяўнасць трох смярцей Віруса Шкодзі, якія схаваны ў трох дасканалых працэсарах; небяспека прыходзіць, калі кароль у ад’ездзе…

  • прадметы і персанажы: дыван-невідзімка, плашч-невідзімка, зоркалёт, каваль-Вярнідуб, Кашчэй Несмяротны.

Для казкі характэрна незвычайнае тлумачэнне звычайных з’яў, што таленавіта дэманструе ў сваім творы А. Бутэвіч. Напрыклад, чытач даведваецца, што камп’ютэрны вірус нельга зусім знішчыць з сусветнага сеціва, бо ён надзейна вартуе свае тры смерці: адну – на далёкай планеце, а дзве іншыя – схаваў за кодавымі замкамі, коды трымае ў галаве, не давярае нікому. Дзяцел мае чырвоную пляму на галаве ад сораму: не ўвартаваў маладзільнага клёна ад жучкоў-караедаў. Каб загладзіць сваю віну, дзяцел да сённяшняга часу ловіць іх пад карой дрэў, таму і чуваць у лесе яго стук. А лісіца, аказваецца, мае такі выгляд (вялікія вочы, доўгі нос, рудая поўсць) ад стомленасці: дзень і ноч лечыць яна звяроў у лясным шпіталі, правярае іх здароўе на медыцынскім камп’ютэры. Гэтыя звесткі будуць вельмі цікавыя дапытліваму чытачу, які яшчэ верыць ў цуда і ўмее здзіўляцца.

Змест і форма твора. Пазнавальны і выхаваўчы змест зборніка, актуальнасць яго тэмы мы характарызавалі вышэй. Улічваючы ўзрост чытачоў, якім ён адрасаваны, адзначым дакладную аўтарскую пазіцыю: справядлівасць заўсёды перамагае, усе дрэнныя справы выпраўляюцца. Гэта вельмі важна, бо дзіця 6-9 гадоў не заўсёды можа зрабіць правільную ацэнку ўчынкам герояў. І калі дрэнны ўчынак застаецца без увагі аўтара, то можа скласціся ўражанне, што такія паводзіны з’яўляюцца нормай.

Важнае значэнне мае аптымістычная канцоўка. Дзіця можа з цікавасцю чытаць пра катастрофу, але не ацэніць, калі героі загінуць. Кніга павінна вяртаць ў гарманічны свет. Не дапушчальна дамініраванне негатыўных эмоцый, бо дзеці малодшага школьнага ўзросту доўга знаходзяцца пад уражаннем ад прачытанага. Крытэрыю аптымістычнасці зместу зборнік А. Бутэвіча цалкам адпавядае.

Лічым неабходным адзначыць усё ж такі адну недакладнасць у змесце зборніка. Ён заканчваецца казкай пра тое, як Вірус закахаўся: “нічога падобнага ён яшчэ не адчуваў”. Тым не менш, чытач памятае, што ў першай казцы зборніка Вірус ужо перажываў “нешта падобнае”. Ён нават збіраўся ажаніцца з дачкой Віндаўса Вялікага Віндусачкай, якая падманула яго, бо мела намер даведацца, дзе ён хавае свае тры смерці. У выніку таго кахання Шкодзя ледзь не загінуў, а ў апошняй казцы зборніка ён пра гэта ўжо не памятае. Наўрад ці такая нелагічнасць застанецца не заўважанай чытачом.

У цэлым жа кампазіцыя твораў лагічная, без храналагічных адхіленняў ад развіцця дзеяння. Сюжэт казак аналізуемага зборніка таксама арыентаваны на спецыфіку чытацкага ўспрымання – адналінейны, займальны, з хуткай зменай падзей. Унутраным перажыванням герояў надаецца нямнога ўвагі, яны ўключаюцца ў тэкст эпізадычна, абумоўлены развіццём дзеяння і выклікаюць суперажыванне ў чытачоў. Напрыклад, у казцы “Шкодзя закахаўся”, пра якую мы гаварылі крыху вышэй, паказаны перажыванні Віруса, калі ён прачытаў ліст Андрэйкі з прызнаннем у каханні Надзейцы: “Чытаў іх (літары) і расчульваўся ўсё больш. Нават пачаў сам сябе шкадаваць, што такі ён адзінокі і няшчасны. Што ніколі не адчуваў такіх пачуццяў, пра якія Андрэй піша” (с. 58). Такім чынам, аўтар не забывае выклікаць у сваіх чытачоў спачуванне слабаму ці пакрыўджанаму.

Апісанняў ў тэксце мала, затое некаторыя прадметы і рэчы апісваюцца падрабязна, яскрава і дазваляюць дзіцяці добра іх уявіць, нават суаднесці з тымі, што здаюцца звыклымі. Напрыклад, ці не такая ў маленькага чытача камп’ютэрная мыш: “Мела яна доўгі віхлясты хвосцік, якога ні ў адной хатняй мышы не бывае. Носік беленькі, сама металёвым бляскам адлівае, а ўнутры чырвоны агеньчык свеціцца. Зірнеш на такую прыгажуню, і сама рука цягнецца, каб пагладзіць” (с. 26). А адзін з Вірусавых зоркалётаў можна намаляваць: “Выбраў прадаўгаваты і вастраносы, серабрыстага колеру, бо вельмі любіў яго. Найбольш цаніў менавіта за бліскучы – ажно льсніцца колер. Ляціш у сусвеце, а навокал нібыта маланкі блікаюць – сонечныя праменні ад паверхні адбіваюцца. А мог і на іншы сесці – шырокакрылы, растапыраны, як варона ў палёце, невыразнага і някідкага колеру. Ім карыстаўся тады, калі не хацеў, каб заўважалі яго…” (с. 54)

Мова і стыль. Асноўнымі патрабаваннямі да мовы дзіцячай літаратуры прафесар С. Г. Антонава лічыць простасць, выразнасць, зразумеласць для чытача адпаведнага ўзросту, вобразнасць, нагляднасць і канкрэтнасць. Спынімся толькі на найбольш яркіх момантах стылю аналізуемага зборніка.

Мастацкі твор павінен даваць ўзор нармаванай мовы, узбагачаць слоўны запас дзіцяці. Казкі А. Бутэвіча цалкам адпавядаюць гэтаму патрабаванню: яны напісаны прыгожай беларускай мовай, пабудаванай па ўсіх правілах граматыкі. Аўтар да месца можа выкарыстаць прыказку (“сядзем радком ды пагаворым ладком”), простамоўны выраз (“ажно вочы на лоб лезуць”) ці стылізацыю пад старажытны ўказ (“я, вышэйшай міжзорнай сілай падтрыманы ўладар Сусветнага Сеціва, ваш кароль і гаспадар законны, аддаю неаспрэчны загад і безапеляцыйна патрабую…”).

У лексічным складзе адзначым вялікую колькасць слоў камп’ютэрнай тэматыкі, што абумоўлена зместам казак. На сённяшні дзень гэтая лексіка ўваходзіць у актыўны моўны запас і не выклікае цяжкасцей пры ўспрыняцці. Арганічнымі ў тэксце з’яўляюцца імёны персанажаў і назвы краін: Камп Кампавіч, Манітор Дысплеевіч, Мышка, Працэсар, Мадэм, каралеўства Сусветнае Сеціва, кароль Віндаўс Вялікі, краіна Вірусанія, доктар Антывірус, камп’ютэршчык Юзер.

Удала ўводзіцца навуковае слова “фальсіфікат”: аўтар тлумачыць яго тут жа, у тэксце, з дапамогай сінонімаў: “Гэта фальсіфікат, падробка. Падман, адным словам” (с. 47).

Асаблівае значэнне ў тэкстах для чытачоў малодшага школьнага ўзросту маюць дзеясловы, яны не абавязкова дамініруюць над іншымі часцінамі мовы, як гэта характэрна творам для дашкольнікаў, але дзеясловы нясуць асаблівую сэнсавую нагрузку, яны характарызуюць прадмет праз дзеянне і рухаюць сюжэт. Прывядзём некалькі прыкладаў. Прынтар “некалькі разоў смачна крактануў” (с.20), Клавіятура “абурана затуркатала сваімі шматлікімі костачкамі-клавішамі, бліснула зялёнымі вочкамі і важна прамовіла” (с. 22), Манітор Дысплеевіч “весела бліснуў сваім блакітным экранам” (с. 24). Асаблівае значэнне набываюць дзеясловы ў характарыстыцы галоўнага героя Віруса Шкодзі: ён злосць затаіў і выспельвае намер; насаліў сеціўцам, папсаваў ім нервы; вырашыў пабыць добранькім; лазіў-блукаў па камп’ютэрных лабірынтах; стаміўся, ногі падбіў, рукі натрудзіў; ціхенька заскочыў у камп’ютэр; перастараўся, забыўшыся пра абачлівасць. Заканчваецца зборнік казак паведамленнем пра тое, што ён закахаўся.

Словы з памяншальна-ласкальнымі суфіксамі, якія нявопытныя аўтары нярэдка лічаць прыкметамі “дзіцячага” стылю, у тэксце А. Бутэвіча ўжываюцца вельмі рэдка і заўсёды матывавана: вірусяняты, нештачка, агеньчык, роўненькія радочкі.

Нельга не адзначыць і мастацкія вобразныя сродкі. Аўтар не злоўжывае мастацкімі тропамі, яны вельмі адметныя, запамінальныя, дапамагаюць ўявіць прадмет апісання. Асабліва вызначаецца ў гэтым сэнсе казка “Маладзільны клён”:


  • эпітэты: цяністыя пушчы, дужыя карані, кучаравая чупрына, шапатлівая крона, вулканнае сэрца, прагавітыя вірусы;

  • метафары: азёры “з нябеснымі зоркамі пераміргваліся сваімі блакітнымі вачыма”, Клён “дужымі каранямі моцна за зямлю трымаўся, кучаравай чупрынай за воблакі чапляўся, а рукамі-галінамі хмары разганяў”;

  • параўнанні: Мышка круціцца, як вірок; Жучкі-Караеды наваліліся на Клён – “нібы чорная хмара атуліла дрэва”.

Адзначым некаторыя асаблівасці сінтаксічнай будовы тэкстаў зборніка. У цэлым сінтаксіс просты, няўскладнены развітымі зваротамі і канструкцыямі. Чэшскімі даследчыкамі было даказана, што дзеці малодшага школьнага ўзросту найлепш успрымаюць сказы з сямі – пятнаццаці слоў. Па нашых назіраннях, у зборніку вытрымліваюцца гэтыя параметры. Сустракаецца некалькі сказаў з аднароднымі выказнікамі, дзе агульная колькасць слоў – больш за дваццаць. Ёсць сказ складаны для дзіцяці з пункту гледжання і сінтаксісу (устаўная канструкцыя), і пунктуацыі: у ім выкарыстоўваецца тры працяжнікі, два двухкроп’я і коска: “А таму ён патрабуе – Вірус ажно здзівіўся: нічога сабе – бач, які суровы: нават патрабуе – каб гэтыя грошы невядомы адрасат забраў назад” (с. 52).

Аўтар выкарыстоўвае парцэляваныя канструкцыі, што дазваляе разбіць складаны сказ на некалькі кароткіх, наблізіць мову твора да гутарковай, інтанацыйна выдзеліць пэўныя словы і надаць казцы інтанацыйную разнастайнасць. Прывядзём прыклады: “Аднойчы ў чароўным каралеўстве Сусветнае Сеціва адбылося неаерагоднае здарэнне. Проста незвычайнае” (с. 17); “Нават пачаў сам сябе шкадаваць, што такі ён адзінокі і няшчасны. Што ніколі не адчуваў такіх пачуццяў, пра якія Андрэй піша. Што ні разу ні ён не кахаў нікога, ні яго ніхто не кахаў”(с. 58). Аднак, як такія канструкцыі ўплываюць на правільнае разуменне малодшымі школьнікамі сказа як закончанай сінтаксічнай адзінкі?

Удалымі стылістычнымі прыёмамі з’яўляюцца ў тэксце пытальныя сказы. Яны ствараюць эфект дыялогу з чытачом. “А ты гатовы ім дапамагчы?” – гэта непасрэднае пытанне да чытача. Шмат пытальных сказаў у казцы “Як Шкодзя хацеў каралём стаць”, яны перадаюць унутраны маналог, сумненні жыхароў каралеўства наконт мэтазгоднасці выканання каралеўскага загаду. Аўтар быццам запрашае чытача падумаць разам з персанажамі: дзеля чаго, навошта, як, куды?

У казках шырока выкарыстоўваюцца дыялогі, што адпавядае патрабаванням чытача малодшага школьнага ўзросту.



Апарат выдання. Апарат выдання для дзяцей не можа быць складаным, асабліва ў літаратурна-мастацкай кнізе. Мы не будзем гаварыць пра абавязковыя элементы апарата, неабходыя для апрацоўкі ў бібліятэках і інфармацыйных службах. У зборніку няма каментарыяў, падрадковых заўваг. Адзначым удалую задумку рэдактараў кнігі (Алены Масла і Людмілы Рудакоўскай) у стварэнні яе апарату: кніга пачынаецца ўступным словам аўтара Анатоля Бутэвіча і заканчваецца словамі мастака-ілюстратара Наталіі Кійко. Уступнае слова аўтара адрасавана ў першую чаргу дзецям-чытачам, у ім акрэсліваюцца аўтарская задума, прычыны, якія падштурхнулі ўзяцца за пяро, і прапануецца “адкласці на нейкі час чароўную Мышку свайго камп’ютэра і ўзяць у рукі кнігу”.

Жыццёвае крэда Н. Кійко, кароткія звесткі пра яе дапамагаюць чытачу ўявіць працу над выданнем, адчуць ўдзячнасць да тых людзей, што падарылі цікавую кнігу, пільна ўгледзецца ў іх фотаздымкі.



Заключэнне. Беларускі кніжны рынак напаўняюць расійскія і беларускія выданні. Але добрую беларускую кнігу знайсці няпроста. Айчынныя выдавецтвы абмяжоўваюцца тыражамі ў тры тысячы экземпляраў. Гэтым жа абумоўлены і высокі сабекошт выдання і адпаведна высокія цэны (у параўнанні з расійскімі кнігамі). Беларускае дзіцячае кнігавыданне мае пэўныя парадоксы: у нас ёсць цудоўныя аўтары, цікавыя персанажы, займальныя сюжэты, і кнігі, якія не толькі забаўляюць, але і развіваюць, выхоўваюць дзіця, аднак большасць беларусаў не можа назваць ні аўтараў, ні персанажай, ні назвы твораў. І ўсё ж у апошні час назіраюцца станоўчыя тэндэнцыі: у літаратуру прыйшло пакаленне таленавітых аўтараў, пішуцца цікавыя кнігі… У сучаснага дзіцяці-чытача ёсць выбар. Задача рэдактара – прапанаваць для выбару толькі якасныя выданні. Такія, напрыклад, як зборнік А. Бутэвіча “Прыгоды вірус@ Шкодзі”.

Літаратура

1. Беларуская дзіцячая літаратура : вучэб. дапам. / А. М. Макарэвіч і інш. ; пад агул. рэд. А. М. Макарэвіча, М. Б. Яфімавай. – Мінск : Выш. шк., 2008. – 688 с.

2. Какая фишка нужна книжке : чего не хватает национальной детской литературе // Знамя юности. – 2 января (№1). – 2009. – С. 26-27.

3. Карайченцева, С. А. Книговедение : Литературно-художественная и детская книга. Издания по филологии и искусству. – М., 2004. – 424 с.

4. Мжельская, Е. Л. Современный репертуар книг для детей // Проблемы полиграфии и издательского дела. Известия высших учебных заведений. – №2. - 2005. – С. 134-145.

5. Редакторская подготовка изданий : Учебник для вузов / Под ред. С. Г. Антоновой. – М.:МГУП, 2002. – 467 с.



 Бутэвіч, А. І. Прыгоды Віруса Шкодзі. – Мінск: Мастацкая літаратура, 2009. (Тут і далей цытаты даюцца па гэтаму выданню з указаннем старонкі.)


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка