Рэкамендацыі для падрыхтоўкі да экзаменацыйнага дыктанта па беларускай мове




Дата канвертавання02.05.2017
Памер17.33 Kb.
Рэкамендацыі для падрыхтоўкі да экзаменацыйнага дыктанта па беларускай мове

Сучасны адукацыйны працэс наладжваецца на аснове арыентаванага на асобу навучання мове. Пры гэтым у цэнтры вучэбнага працэсу – вучань як носьбіт мовы, яе творца, суб’ект, які карыстаецца мовай як інфармацыйным, інтэрактыўным сродкам. Таму пры падборы экзаменацыйных тэкстаў для дыктантаў улічваюцца не толькі моўныя вартасці, але і іх адукацыйнае , пазнавальнае і выхаваўчае значэнне. Якаснае напісанне работы патрабуе даволі высокага развіцця слыхавой і маторнай памяці.

У асноўным у тэкстах вытрымліваецца неабходная колькасць арфаграм і пунктаграм, у дастатковай меры прадстаўлены характэрныя для беларускай мовы асаблівасці арфаграфіі, фанетыкі, марфалогіі і сінтаксісу. У тэкстах захаваны аўтарскія знакі прыпынку, бо яны маюць важнае значэнне для разумення напісанага, для ўспрымання сэнсавых адносін паміж членамі сказа і часткамі складаных сказаў. Аднак гэта не выключае варыятыўнасці пастаноўкі некаторых знакаў, калі ўжыванне той ці іншай пунктаграмы не супярэчыць правілам сучаснай беларускай пунктуацыі.

Захаваны аўтарскія працяжнікі:

а) у няпоўных сказах: У векавой алеі - зацішак і прахалода. (Я. Крамко);

б) паміж дзейнікам і выказнікамі з адмошнай часціцай не: Гісторыкі - не садоўнікі і не батанікі. (Г. Кісялёў);

в) пры адасобленых членах сказа: Мы ведаем, што ў многіх краінах бытуе звычай - прасіць дарагога госця пасадзіць на памяць дрэўца. (К. Кірэенка);

г)у складаназлучаных сказах перад злучнікам і, калі другая частка паказвае вынік, рэзкае супрацьпастаўленне, нечаканае далучэнне: Нахінуў галіну - і вось дзіва: на многіх кветках і пад лісцямі прыстасаваліся начаваць пчолы. (Я.Крамко)

У многіх складаназлучаных сказах пакінута перад злучнікам і аўтарская коска: Нап’ешся новым карцом сцюдзёнай вады, і запахне бярозавым сокам. (І. Грамовіч); Падзьме вецер, і яны (галіны) стукаюцца адна аб адну і меладычна звіняць (з часопіса “Родная прырода”.

У такіх выпадках умовай для пастаноўкі таго ці іншага знака прыпынку можа служыць інтанацыя: павышэнне голасу і працяглая паўза на месцы працяжніка і адсутнасць павышэння голасу, інтанацыя пералічэння пры пастаноўцы коскі паміж часткамі складаназлучанага сказа.

Выклікае пэўныя цяжкасці і пастаноўка коскі паміж аднароднымі азначэннямі, калі яны эпітэты: лёгкаю, цёплаю смугою засцілаліся ціхія далечы. Напрыклад: Гэта добрае, яснае сонейка выклікала травінку да жыцця. (Я.Колас)



Дзеля зручнасці ў карыстанні ў зборніку экзаменацыйных матэрыялаў адной зорачкай пазначаны тэксты для класаў з паглыбленым вывучэннем беларускай мовы і літаратуры, дзвюма - для агульнаадукацыйных і профільных класаў, трыма - для класаў тэхналагічнага профілю.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка