Рэкамендацыі па запаўненні уліковых картак музеяў устаноў адукацыі




Дата канвертавання26.05.2018
Памер48.18 Kb.
ВУЧЭБНА-МЕТАДЫЧНАЯ ЎСТАНОВА

“МІНСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ АБЛАСНЫ ВУЧЭБНА-МЕТАДЫЧНЫ КАБІНЕТ”


РЭКАМЕНДАЦЫІ

па запаўненні уліковых картак музеяў устаноў адукацыі
Рэкамендацыі падрыхтаваны як метадычны дапаможнік для правільнага пісьменнага запаўнення бланкаў уліковых картак музеяў устаноў адукацыі і адрасуюцца кіраўнікам музеяў.
НАЗВА МУЗЕЯ.

Назва музея ўстановы адукацыі залежыць ад вызначанай тэматыкі зместу музея. Яна запаўняецца на падставе апошняга загаду кіраўніка ўстановы адукацыі, дзе знаходзіцца музей. Гэты загад можа гучаць наступным чынам: “Аб адкрыцці музея...”, “Аб перапрафіляванні музея...”, “Аб змяненнях у экспазіцыі музея...”, “Аб змяненні назвы музея...” і г.д.

Назва музея павінна быць дастаткова канкрэтнай, каб наведвальнік, яшчэ не пераступіўшы парог музея, мог уявіць сабе, з матэрыяламі якога перыяду гісторыі, геаграфічнага рэгіёна, галіны ведаў яго чакае сустрэча. Калі ва ўстанове адукацыі створаны музей баявой славы, у яго назве пажадана ўказаць, якой дывызіі, арміі, партызанскай брыгадзе ён прысвечаны, напрыклад: “Музей баявой славы 10-й гвардзейскай Кубанскай казачай кавалерыйскай дывізіі”, “Музей баявой славы 48-й гвардзейскай стралковай дывізіі”. Калі музей створаны выключна на мясцовым матэрыяле, гэта таксама трэба адлюстраваць у назве, напрыклад: “Гісторыя горада Валожына”, “Музей этнаграфіі і быту вёскі Турын”, “Літаратурная Салігоршчына”.
ПРОФІЛЬ МУЗЕЯ

Профіль музея, у адрозненні ад назвы музея – паняцце больш абстрактнае. Яго вызначэнне не патрабуе, напрыклад, геаграфічнай прывязкі, храналагічнай канкрэтыкі. Профіль музея вызначаецца педагагічнай мэтазгоднасцю, характарам сабраных калекцый помнікаў гісторыі, культуры, прыроды.

Назва і профіль музея павінны грунтавацца на змесце экспазіцыі. Няправільна, калі музей мае профіль вайсковай славы, а ў ім побач з ваеннымі раздзеламі ёсць этнаграфічны раздзел, ці стэнды, прысвечаныя гісторыі ўстановы адукацыі і г.д. Такі музей больш адпавядае краязнаўчаму профілю.

Профілі музеяў могуць быць наступныя: краязнаўчы, этнаграфічны, вайсковай славы, літаратурны, мемарыяльны, прыродазнаўчы і іншыя (хлеба, ільну...).


ДАТА СТВАРЭННЯ МУЗЕЯ

Стварэнне музея займае пэўны прамежак часу ад узнікнення ідэі і прыняцця рашэння аб яго арганізацыі да правядзення працэдуры адкрыцця. Гэты перыяд можа доўжыцца месяцы і нават гады і залежыць ад мноства фактараў.

Пункт 10 Палажэння аб музеі ўстановы адукацыі (загад Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь № 52 ад 4.12.2002г.) прадугледжвае наступны парадак адкрыцця музея: “Рашэнне аб адкрыцці музея прымае педсавет установы адукацыі. Рашэнне аб адкрыцці музея ўзгадняецца з адпаведнымі аддзеламі (упраўленнямі) адукацыі і культуры і афармляецца загадам дырэктара ўстановы адукацыі”. Таму ў гэтай графе трэба ўказаць № загада аб адкрыцці музея, год, месяц і чысло яго напісання.
ХАРАКТАРЫСТЫКА МУЗЕЙНАГА ПАМЯШКАННЯ

Пункт 12 Палажэння аб музеі ўстановы адукацыі прадугледжвае, што пад музей павінна адводзіцца “асобнае памяшканне і абсталяванне, якія забяспечваюць захаванасць музейных экспанатаў і ўмовы для іх паказу”. Таму экспазіцыі, якія размешчаны ў неізаляваных частках калідораў, рэкрэацый, вучэбных класах (дзе праходзяць заняткі па раскладу) нельга назваць музеямі – яны адпавядаюць назве пакоя ці вугалка.

Пры запаўненні графы трэба ўказаць, дзе (у вучэбным корпусе, інтэрнаце, асобным будынку і г.д.), на якім паверсе, у якім памяшканні (асобны вучэбны клас ці некалькі класаў, ізаляваная частка калідора, рэкрэацыі), на якой плошчы размешчаны музей.

Калі музейная экспазіцыя размешчана не толькі на сценах і прысценных вітрынах, а і на ўнутраных экспазіцыйных перагародах ці гарызантальных вітрынах пасярэдзіне пакоя, то трэба абавязкова гэта адзначыць. Паведамляецца і наяўнасць фондасховішча (асобнага памяшкання для захоўвання фондавых матэрыялаў, якія не выкарыстоўваюцца ў экспазіцыі), яго плошча.



Прыклады характарыстык музейных памяшканняў.

1. Музей размешчаны на 3 паверсе будынка школы ў ізаляванай рэкрэацыі, мае 2 экспазіцыйныя пакоі і фондасховішча S 9 м.кв. У першым пакоі (S 20 м.кв.) маецца насценная экспазіцыя і 3 экспазіцыйныя перагародкі; у другім пакоі (S 25 м.кв.) – насценная экспазіцыя і гарызантальная вітрына пасярэдзіне пакоя.

2. Музей размешчаны на другім паверсе школы ў асобным пакоі (вучэбны клас плошчай 35 м.кв.); мае насценную экспазіцыю і 2 экспазіцыйныя перагародкі.

АСНОЎНЫЯ РАЗДЗЕЛЫ ЭКСПАЗІЦЫІ

Назвы тэматычных раздзелаў прызначаны дапамагаць наведвальніку хутка арыентавацца ў змесце музейнай экспазіцыі.

Назвы раздзелаў пазначайце ў картцы лічбамі і размяшчайце ў адпаведнасці з паслядоўнасцю агляда музейнай экспазіцыі. Пры запаўненні гэтай графы ўліковай карткі выкарыстоўвайце мову, на якой у экспазіцыі музея пададзены загалоўкі раздзелаў.


КОЛЬКАСЦЬ ЭКСПАНАТАЎ АСНОЎНАГА І ДАПАМОЖНАГА ФОНДАЎ

Адна з галоўных задач музея – захаванне арыгінальных помнікаў гісторыі, культуры і прыроды. Гэтаму садзейнічае ўлік і апрацоўка экспанатаў. Асноўны фонд улічваецца ў інвентарнай кнізе, якая павінна быць пранумаравана, прашнуравана і замацавана пячаткай установы. Пад дапаможны фонд лепш завесці асобны сшытак. Трэба ўлічваць, што не заўсёды капійны матэрыял ідзе ў дапаможны фонд. Так, макет будынка школы, зроблены рукамі вучняў, у музеі гісторыі школы будзе ўлічвацца як экспанат асноўнага фонду, як і творы літаратуры і мастацтва, прысвечаныя падзеі ці асобе ў мемарыяльным музеі, рэдкі капійны фотаздымак і г.д. Калі ўзнікаюць цяжкасці пры вырашэнні пытання аб фондавай прыналежнасці прадмета, магчыма звяртацца за дапамогай у мясцовы дзяржаўны музей, ці ў аддзел арганізацыйна-метадычнага забяспячэння турысцка-краязнаўчай і эколага-натуралістычнай работы Вучэбна-метадычнай установы “Мінскі дзяржаўны абласны вучэбна-метадычны кабінет”, тэл. 206 46 17.

У гэтай графе трэба пазначыць колькасць (у адзінках) экспанатаў асноўнага і дапаможнага фондаў, згодна інвентарным кнігам, дзе вядзецца іх улік.

ЗВАННЕ “НАРОДНЫ”

Калі музей мае званне “народны” – то ў графе трэба ўказаць нумар і дату рашэння ўстановы культуры, надаўшага гэта званне, а таксама год пацвярджэння звання.
НАЙБОЛЬШ КАШТОЎНЫЯ ЭКСПАНАТЫ

Крытэрыямі высокай каштоўнасці экспанатаў з’яўляюцца даўнасць, рэдкасць, мастацкія вартасці, дачыненне да асобы славутага чалавека, важнае грамадскае або навукова-гістарычнае значэнне і інш. Каштоўнасць прадмета залежыць таксама ад ступені яго захаванасці. Пры запаўненні графы перш за ўсё трэба пералічыць тыя экспанаты, якія ўзяты на ўлік дзяржаўным музеем, абавязкова ўказаўшы іх парадкавы нумар. Калі такіх экспанатаў няма, то трэба пералічыць тыя, якія з’яўляюцца найбольш каштоўнымі ў калекцыі дадзенага музея.


КІРАЎНІК МУЗЕЯ

Пункт 5 Палажэння канстатуе, што “педагагічнае кіраўніцтва работай актыву музея ажыццяўляе настаўнік, які прызначаецца загадам дырэктара ўстановы адукацыі”, таму ў гэтай графе трэба ўказаць № загада дырэктара ўстановы , год, месяц і чысло яго напісання.



Кантактны тэлефон 206 46 17


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка