Родны склон назоўнікаў мужчынскага роду




Дата канвертавання10.03.2018
Памер39.45 Kb.
Родны склон назоўнікаў мужчынскага роду

Адным з самых складаных і спрэчных на сёння ў граматыцы беларускай мовы лічыцца правіла напісання склонавых канчаткаў назоўнікаў мужчынскага роду ў родным склоне. Правіла ўтрымлівае шмат палажэнняў і надзвычай складанае для выкарыстання носьбітам беларускай мовы, асабліва калі гэты носьбіт не лінгвіст. Ды нават і для лінгвіста не ўсё празрыста і ясна. Чаму лесу, але сквера, хоць і там і там гэта сукупнасць дрэваў? Чаму гала-канцэрта, але бенефісу, хоць абодва словы абазначаюць імпрэзы? Такія непаслядоўнасці і недарэчнасці сігналізуюць, што правіла патрабуе найхутчэйшага перадгляду. А на сёння мы вымушаныя карыстацца тым, што ёсць, і ў найбольш складаных выпадках звяртацца да нарматыўных слоўніках, у якіх, на жаль, таксама часам у адным і тым самым слове падаюцца розныя канчаткі. Ну і, канечне, вялікую колькасць неалагізмаў і новых запазычанняў з іншых моваў мы папросту ў слоўніках не знойдзем, таму кожны, хто іх ужывае, імкнецца аднесці іх да той ці іншай групы, падзедзенай у правіле, або папросту карыстаецца сваёй інтуіцыяй.

Дарэчы, у першых граматыках беларускай мовы перавага аддавалася канчатку –у перад канчаткам –а, як больш распаўсюджанаму ў народных гаворках. Так, паводле “Беларускай граматыкі для школ” Браніслава Тарашкевіча, канчатак –а мелі толькі тры групы назоўнікаў: 1. “У прадметах, што абазначаюць жывыя творы, напр., чалавека, Язэпа, брата, ваўка, вала, злодзея, вераб’я і інш.”, то бок, адушаўлёныя назоўнікі; 2. “У прадметах вобразных, што можна бачыць, лічыць, асабліва калі націск прыходзіцца на канчатак: грош - граша́, малаток – малатка́, нож – нажа́, нос – наса́, кош – каша́ і інш.”, то бок, назоўнікі з прадметным значэннем; 3. “у назовах месяцаў: студня, сакавіка, красавіка і г.д. Іншыя прадметнікі (‘назоўнікі’) звычайна маюць канчатак –у (-ю).” Аднак у выніку сумна вядомай правапіснай рэформы 1933 года гэтае правіла значна змянілася і ўскладнілася, а на першае месца па ўжывальнасці пад уплывам рускай мовы выйшаў канчатак -а/-я. Трэба зазначыць, што сёння бачым выразную тэндэнцыю да пашырэння канчатка –у, якая перадусім абумоўленая жаданнем адштурхнуцца ад рускай мовы, дзе ў большасці выпадкаў ужываецца –а.

Што мы мае на сёння? Якія канчаткі ўжываць, каб яны адпавядалі афіцыйнаму правапісу?

Перадусім трэба памятаць, што канчатак у родным склоне залежыць ад значэння слова. Да назоўнікаў, якія маюць канчатак –у/-ю, належаць наступныя групы:


  1. Рэчыўныя назоўнікі: матэрыялы, хімічныя элементы, прадукты харчавання, тканіны, лекі і пад. (металу, ёду, квасу, шоўку, аспірыну, пылу), але хлеба, аўса;

  2. Зборныя назоўнікі (ельніку, сасонніку, посуду, лесу), але калі да назоўніка дадаецца памяншальна-ласкальны суфікс –ок-/-к-, то будзе ўжывацца канчатак –а (ельнічка, сасоннічка, ляска);

  3. Назвы з’яваў прыроды, стыхійных бедстваў (снегу, ветру, галалёду, смерчу);

  4. Назоўнікі, што называюць месца, напрамак у прасторы (боку, нізу, верху, лугу, захаду), але поўдня;

  5. Аддзеяслоўныя назоўнікі, што абазначаюць дзеянні, рух, працэс, стан (бегу, крыку, расповеду, сну, абеду), але полудніка;

  6. Назвы разумовых паняткаў і адчуванняў (розуму, роздуму, гераізму, болю, спакою);

  7. Назоўнікі, што называюць тэорыі, плыні, грамадскія фармацыі (фрэйдызму, пацыфізму, феадалізму);

  8. Назвы захворванняў (рэўматызму, грыпу).

Канчатак –а/-я маюць наступныя групы:

  1. Адушаўлёныя назоўнікі, што называюць жывых істот (чалавека, каня, шчупака, вераб’я);

  2. Назвы частак цела і органаў (вуха, ілба, хваста, капыта, страўніка), але твару;

  3. Назвы канкрэтных прадметаў і іх часткак, якія можна палічыць (дома, аўтамабіля, радыятара, відэльца, яблыка);

  4. Геаграфічныя і астранамічныя паняткі (горада, Менска, ручая, рыфа, Сатурна);

  5. Назвы мераў даўжыні, шырыні, вагі, аб’ёму, часу, грашовыя і іншыя адзінкі (сантыметра, метра, кілаграма, літра, дня, верасня, рубля, даляра, мільярда), але ранку, веку.

  6. Тэрміны (катэта, трохкутніка, працэсара, назоўніка, націска, твора), але тэксту;

  7. Назвы прадпрыместваў, установаў, арганізацый (завода, калгаса, універсітэта, клуба, узвода), але аграпрамысловага комплексу;

  8. Назвы танцаў і гульняў (крыжачка, вальса, балета, футбола, покера).

Аднак ёсць выпадкі, калі той самы назоўнік можа мець як канчатак –у/-ю, так і канчатак –а/-я. Гэта характэрна для назоўнікаў, якія маюць некалькі значэнняў: стаяць каля дуба (канкрэтны прадмет) і мэбля з дубу (рэчыўны назоўнік – матэрыял), каля першага пад’езда (канкрэтны) і няма пад’езду да школы (аддзеяслоўны) і пад.

Правіла, сапраўды, грувасткае і складанае для карыстання, таму існуюць розныя простыя рэкамендацыі і падказкі, як правільна ўжыць канчатак. Напрыклад, дадаць да назоўніка колькасны лічэбнік. Калі прадметы можна палічыць – два чалавекі, тры кілаграмы, пяць дамоў, чатыры заводы – то ў родным склоне мы павінны пісаць –а/-я. Калі лічэбнікі дадаць немагчыма і множнасць незлічоная – пішам –у/-ю. Або іншы варыянт, прапанаваны Кандратам Крапівой: канчаткі –а/-я маюць у родным склоне назоўнікі, якія можна ўжываць з часцінкай паў- у значэнні асобнай адзінкі: паўдома, паўсеанса, паўграма. Усе астатнія будуць мець канчатак –у/-ю. У большасці сваёй гэтыя рэкамендацыі працуюць.



Заданне

Пастаўце назоўнікі ў родным склоне:

Попел – попелу

Звычай – звычаю

Паланез – паланеза

Бор – бору (лес, хімічны элемент) і бора (тэхн. тэрмін – стальны свердзел)

Акіян – акіяна

Сад – саду

Тлум – тлуму

Кааператыў – кааператыва

Рой – рою

Гурт – гурту (зборны – супольнасць людзей) і гурта (музычная група)

Твар – твару

Луг – лугу

Хлеб – хлеба

Абед - абеду

Лясок – ляска

Ранак - ранку

Натоўп – натоўпу

Народ – народа (насельніцтва краіны, нацыя) і народу (натоўп)

Пап-корн – пап-корну

Постар – постара

Прайм-тайм – прайм-тайму

Агратурызм – агратурызму

Ламінат – ламінату

Флэшмоб – флэшмобу

Чызбургер – чызбургера

Фрыланс – фрылансу

Роўмінг – роўмінгу



Заўзятар - заўзятара


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка