С. І. Даніленка (Магілёў) Спецыфіка сацыяльнай міфатворчасці ў постсавецкай беларускай літаратуры ў




Дата канвертавання24.02.2017
Памер56.37 Kb.
С. І. Даніленка (Магілёў)
Спецыфіка сацыяльнай міфатворчасці ў постсавецкай беларускай літаратуры ў

кантэксце яе інфернальнай вобразнасці
Адным з пунктаў зацятага супрацьстаяння паміж капіталізмам і сацыялізмам, што знайшоў адлюстраванне ў беларускай савецкай паэзіі ХХ ст., быў канфлікт паміж пурытанскай этыкай і этыкай камуністычнага хіліязма. Пурытанская этыка, што ўвасобіла “Дух капіталізму”, грунтавалася на індывідуальным уратаванні чалавека, якое з’яўлялася ўнутрана абумоўленым і рацыянальна спасцігальным вынікам яго знешняй дзейнасці. Насуперак гэтаму, хіліязм зыходзіў з ідэі цудоўнага калектыўнага ўратавання, якое прыйдзе звонку. З гэтай прычыны ідэалогія камунізму, аднаго з хіліястычных апакаліптычных ідэйна-палітычных рухаў Новага часу, скіравала свае намаганні на барацьбу з духам капіталізму, што ўвасабляў стары “грэшны” і несправядлівы свет, у спадзяванні на Новы Свет, які яна спрабавала пабудаваць, зняверыўшыся ў рэальнасці Другога Прышэсця. Драматычная гісторыя ХХ ст. паказала, што капіталізм аказаўся не безнадзейным сродкам супраць Канца Свету. Між тым праціўнікі Духу капіталізму скарыстоўвалі вобразы Апакаліпсісу ў якасці ідэалагічнай зброі. Адным з такіх вобразаў з’яўляецца і вобраз д’ябла, што ў ідэалагічным арсенале савецкай беларускай паэзіі пачынае ўвасабляць асноўныя прынцыпы, варожыя ідэі “цудоўнага” калектыўнага камуністычнага “ўратавання”, заснаванага на кульце харызматычнага правадыра: д’ябал суадносіцца з рацыяналізмам, культам працоўнага накапляльніцтва, дэмакратыяй.

Мастацкае адлюстраванне прыкмет ідэалагічнага крызісу ў савецкай дзяржаве для беларускай савецкай паэзіі ў сілу шэрагу прычын было амаль немагчымым. Не спрыяла гэтаму, па-першае, яшчэ адносна шчырая перакананасць беларускіх паэтаў у жыццястойкасці камуністычнай ідэалогіі, ад “жрацоў” якой напрамую залежаў іх уласны чалавечы лёс, а, па-другое, дастаткова жорсткім быў прэс савецкай цэнзуры, якая імкнулася не дапускаць ідэалагічных “вольнасцей”, выпрацаваўшы ў савецкіх творцаў яшчэ больш жорсткую “самацэнзуру”. І ў гэтых варунках з 1920-х па 1980-я гг. вылучыліся такія творцы, як У. Караткевіч, якія ў беларускай савецкай літаратуры пры дапамозе “эзопавых”, няхай часта і досыць размытых метафар, акрэслівалі выразныя праявы крызісу савецкай ідэалогіі.

26 красавіка 1986 г., адбылася аварыя на Чарнобыльскай АЭС, якая адразу ператварыла частку Беларусі ў “Мёртвыя Землі”. Прынцыпова невымерны для чалавечага розуму маштаб гэтай катастрофы, якая пагражае самому фізічнаму існаванню ўсяго беларускага этнаса, якая самым непасрэдным чынам кранае асабісты лёс кожнага чалавека, спарадзіў унікальны вопыт мастацкага асэнсавання беларускай літаратурай трагедыі свайго народа ў першае “чарнобыльскае” дзесяцігоддзе 1986 – 1996 гг., гранічна шчыры і невымерна пранізлівы, бо ў дадзеных абставінах пазіцыя старонняга назіральніка немагчымая па вызначэнні.

Пры гэтым, беларуская паэзія нярэдка фарміруе сваю адметную ацэнку наступстваў тэхнагеннай катастрофы як вынік містычнага нябёснага пакарання грамадзян Савецкай Беларусі за адступленне ад кананічнай хрысціянскай рэлігійнасці. І гэта далёка не выпадкова, бо ў страшную хвіліну выпрабаванняў масавая свядомасць савецкіх людзей, якая дагэтуль вызначалася матэрыялізмам (хоць вельмі часта толькі вонкавым), пачынае набываць надзвычай акрэсленыя рысы апакаліптызму і містыцызму. Падобныя настроі вельмі часта пачынаюць панаваць у грамадстве на драматычным пераломе вялікіх эпох, і савецкая сітуацыя 1986 – 1991 гг. не з’яўляецца ў гэтых адносінах чымсьці выключным. Агонія вялізнай імперыі, якая для многіх пакаленняў яе насельнікаў увасабляла стабільнасць і адносную прагназуемасць жыцця, выклікала ў савецкіх людзей разгубленасць і страх, бо паступовая гібель дзяржавы, у якой яны нарадзіліся і выраслі, была для іх прадвеснікам эсхаталагічнай пагібелі свету. Прычым для беларусаў гэтая мяркуемая пагібель была амаль медыцынскім дыягназам. Аднак выключную вастрыню імклівай эсхаталагізацыі масавай свядомасці савецкіх беларусаў надалі біблейскія алюзіі, якія набылі ў паўсядзённым жыцці жахлівую актуалізацыю. Самым непасрэдным чынам адлюстравала гэта тагачасная беларуская паэзія (Э. Акулін, М. Башлакоў, У. Паўлаў, А. Пісьмянкоў, Г. Чарказян, А. Зэкаў, С. Панізнік, Я. Сіпакоў, П. Шруб, А. Грачанікаў, У. Марук, Я. Хвалей, М. Мятліцкі, С. Законнікаў, К. Жук, А. Канапелька, В. Стрыжак, і іншыя).

Такім чынам крызіс і заняпад савецкай дзяржаўна-палітычнай сістэмы, што супаў у часе з Чарнобыльскай катастрофай, спарадзіў у беларускім грамадстве новую хвалю апакаліптычных настрояў, якія ў поўнай меры адлюстраваліся ў беларускай паэзіі. Радыяцыйнае забруджанне тэрыторыі Беларусі, што нясло смяротную небяспеку яе насельніцтву, у дадзеным гістарычным кантэксце асэнсоўвалася як непасрэднае Божае пакаранне за адступленне ад хрысціянскіх асноў жыцця на карысць камуністычнай “д’ябальшчыне”.

Далейшы крызіс савецкай сістэмы не мог не спарадзіць іншых якасна новых з’яў у беларускай літаратуры, паўстанне якіх было заканамерным і непазбежным. Найбольш яскравай праявай гэтых новых культурных працэсаў становіцца свядомая карнавалізацыя найбольш знакавых праяў савецкай і постсавецкай рэчаіснасці, што грунтаваліся на асноўных элементах камуністычнага сакрума. Пад карнавалізацыяй у дадзеным выпадку разумеецца перавод абрадава-сімвалічнай мовы карнавальнага светаадчування на мову мастацкіх вобразаў, індывідуалізаванай фантазіі аўтара-творцы.

Менавіта вобразамі падобнага кшталту з’яўляюцца пераасэнсаваныя на золку савецкай ўлады К. Крапівой у паэме “Біблія” ў традыцыях народнай смехавой культуры старазапаветныя персанажы і іншыя вобразы падобнага кшталту. Такім чынам, персаніфікацыі карнавальнай гіперсексуальнасці і сексуальных перверсій як сродкаў асмяяння этычных і эстэтычных канонаў старой культурнай традыцыі стаялі ля вытокаў нараджэння адпаведнага тыпу вобразнасці і стылю ў беларускай савецкай літаратуры.

Узорамі іранічнай дэманізацыі і маргінальнай карнавалізацыі савецкай рэчаіснасці, што нарадзіла яшчэ беларуская савецкая літаратура, сталі аповесць У. Караткевіча “Легенда аб бедным д’ябле і аб адвакатах Сатаны” і паэма Ведзьмака Лысагорскага “Сказ пра Лысую гару”. Гэтыя творы ні ў якім разе не былі ні “антысавецкімі”, ні “антыкамуністычнымі” паводле сваёй скіраванасці, хоць уяўлялі сабой узор дасціпнай сатыры на савецкі ідэалагічны апарат, неад’емнай часткай якога з’яўляліся беларускія савецкія пісьменнікі разам са сваім пісьменніцкім Саюзам. Творы выкрываюць тыя заганы, з якімі ў свой час, як правіла, змагалася і партыя.

Афіцыйны пафас савецкай ідэалогіі страчваў сваю дзейснасць, небяспека смеху была відавочнай, бо высмейванне крызісных праяў савецкай палітычнай сістэмы павінна было непазбежна прывесці да канчатковага асмяяння яе самой. І гэта было толькі справай часу. Ужо з сярэдзіны 80-х гг. ХХ ст. у спісах пачалі бытаваць творы, падпісаныя Ведзьмаком Лысагорскім-меншым: “Сказ пра Саўку Паўлава і групу хуткага адпору”, “Сказ пра Яфрэма Сакалова і тайную вячэру”. Саступаючы свайму папярэдніку і натхніцелю ў паэтычным майстэрстве, Вядзьмак Лысагорскі-меншы пайшоў значна далей за яго ў сатырычным выкрыцці няшчырасці і няздатнасці да рэальнай справы савецкага ідэалагічнага апарату.

Ужо ў постсавецкі перыяд на Беларусі з’явіўся шэраг твораў, аўтары якіх з розных ідэйных і эстэтычных пазіцый імкнуліся сродкамі інфернальнай вобразнасці пераасэнсаваць знакавыя з’явы савецкай рэчаіснасці і яе спадчыны. Так, Г. Марчук у п’есе “Блудны муж і Варвара” на падмурках карнавальнай эстэтыкі імкнецца рэабілітаваць маральныя і ідэйныя каштоўнасці сацыялістычнай эпохі, іранічна дэманізуючы “д’ябальскія” праявы новага жыцця. У сваю чаргу, у п’есах Г. Багданавай “Рамантычнае падарожжа на той свет”, С. Кавалёва “Стомлены д’ябал” і Ю. Станкевіча “Армагедон – 1895” падобнай дэманізацыі ў большай ці меншай ступені падлягае зусім недалёкая савецкая мінуўшчына, якая, на думку аўтараў, і спарадзіла негатыўныя праявы сучаснага ім жыцця. Разам з тым, найбольш паслядоўнай, мэтанакіраванай спробай мастацкай дыскрэдытацыі савецкай і камуністычнай ідэйнай спадчыны сродкамі смеху ў традыцыях карнавальнай культуры стала кніга “Здані і пачвары Беларусі”(1995), падпісаная імёнамі Францішка Хлуса і Марціна Юра.



Такім чынам, у шэрагу твораў беларускай літаратуры 70 – 90-х гг. ХХ ст. сацыяльны міф савецкага грамадства, пабудаванага на падмурках камуністычнай дактрыны, быў асмяяны і развянчаны паводле класічных канонаў карнавальнай эстэтыкі і народнай смехавой культуры. У першую чаргу асмяянню падверглася камічная неадпаведнасць высокіх ідэалаў, што прамаўляліся савецкім кіраўніцтвам і яго ідэалагічным апаратам, паўсядзённым рэаліям жыцця простага савецкага чалавека з яго надзённымі патрэбамі і памкненнямі. Разам з тым, іранічная дэманізацыя сацыяльных з’яў навакольнага жыцця з’явілася таксама дзейсным сродкам ідэйнай палемікі розных кірункаў грамадскай думкі на Беларусі ў апошнія дзесяцігоддзяі ХХ стагоддзя.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка