С. Пушкіна, г. Брэст міфасемантыка вобраза вады ў славянскім традыцыйным фальклоры




Дата канвертавання29.12.2016
Памер89.47 Kb.
Васільчук Аляксандр Анатольевіч

Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэі імя А. С. Пушкіна, г. Брэст


МІФАСЕМАНТЫКА ВОБРАЗА ВАДЫ Ў СЛАВЯНСКІМ ТРАДЫЦЫЙНЫМ ФАЛЬКЛОРЫ
Беларускія народныя ўяўленні пра Ваду складаюць вельмі шырокі і разнародны (як у структурных і змястоўных, так і генетычных адносінах) комплекс уяўленняў. Мэта дадзенай працы – спроба сістэматызацыі і асэнсавання наяўнасці эмпірычнага матэрыялу, які адносіцца да 19-пачатку 20 ст. Пры гэтым маецца на ўвазе разгляд акрэсленай праблемы ў агульным плане. Гэта значыць незалежна ад якога-небудзь канкрэтнага фальклорнага жанру ці віду. Мы не імкнемся да вычарпальнага апісання ўсіх выпадкаў згадвання Вады ў вядомых фальклорна-этнаграфічных крыніцах. Але яно па магчымасці ахоплівае большасць характэрных прыкладаў.

Перш за ўсё трэба адзначыць, што вада – адна з асноўных касмічных стыхій (побач з зямлёй, паветрам і агнём). Ва ўяўленнях многіх народаў вада суадносіцца з першапачатковым хаосам, спрадвечнай субстанцыяй, што існуе заўсёды: і да ўзнікнення свету, і пасля таго, як ён загіне: “С самого начала не было ни неба, ни земли, а была только тьма и вода, а Бог летал святым духом по-над водою” [1, с. 386]. У касмаганічных міфах шырока распаўсюджаны матыў падняцця свету з акіянскіх глыбінь: напрыклад, у Бібліі Бог, ствараючы свет, раздзяляе ваду – зямную і нябесную, – так паўстае неба і акіян, з якога пазней падымаецца зямля [2, с. 211]. Лічылася, што ў зямных водах хаваецца чорт. Дождж як нябесная вада пасылаецца Перуном ці Грымотнікам.

У беларускай міфалогіі вада звязваецца з пачаткам стварэння Сусвету, дзе яна сімвалізуе Хаос. Згодна з этыялагічнымі паданнямі, зямля была створана з пяску, узятага на дне першапачатковых водаў. Беларусы лічылі, што “воду Бог даў на патрэбу людзям. Людзі шануюць воду, нічога ў яе не кідаюць нячыстага, не плююць, каб Бог не скараў” [3, с. 46].

Вобраз ракі сімвалізуе мяжу паміж рознымі сферамі светабудовы, чалавечую экзістэнцыю, змены, цячэнне часу, вечнасць і забыццё. Як цякучая вада трактуецца ў якасці дабратворнай, ачышчальнай, а таксама згубнай стыхіі; з’яўляецца аб’ектам ушаноўвання і месцам здзяйснення абрадаў, выконвае медыятыўную функцыю. Са старажытных часоў вядомы рытуал пускання па вадзе розных прадметаў, а таксама абрад “Арання ракі” ў выпадках засухі, калі жанчыны ўпрагаліся ў саху і хадзілі па рацэ. Паводле народных вераванняў, рэкі знаходзяцца над зямлёй разам з іншымі воднымі аб’ектамі і каб гэтая вада “выступіла на зямлю, та б быў бы зноў патоп і ён затапіў бы ўвесь свет” [4, с. 427].

У беларускім фальклоры вельмі распаўсюджаны матывы жывой і мёртвай вады характарызуюць яшчэ адну апазіцыю, закладзеную ў стыхіі вады. “Е такая жывая вада, што яна мажэ ажывіць нават змарлага. Е й такая вада, што яна гоіць усялякія раны, і лечыць усялякія раны, і лечыць усялякія хваробы, толькі жывую воду або тую, што гоіць, няможна дастаць, бо яна дзесь на краю света, а каб туды дайці, то трэ доўга йці тою дарогаю, на якой засела нячыстая сіла, засела дзеля таго, каб не дапусціць чалавека да таго цуду. Е ў крыніцах такая вада, што калі чалавек яе нап’ецца, то будзе вельмі дужы і здаравенны, бы дуб. Е й такая, што і апошнюю сілу адбірае”; “За гарамі, за лясамі, недзе на край свету, то кажуць, е такія крыніцы, што з іх вада бяжыць мацуюшча і слабая. Як чалавек напіўся б мацуюшчай, то проста зрабіўся б, як мядзведзь, дужы, а як слабей, то зваліўся б з ног, як націна. Аб такіх крыніцах то анно ведаюць птушкі і некаторыя звяры” [3, с. 47].

У многіх славянскіх помніках пісьменства сустракаюцца сведчанні пра пакланенне продкаў вадзе, бо яна дае жыццё, – ёй прыносілі ахвяры, каля яе маліліся. Аднак вадзяная бездань сімвалізуе небяспеку і смерць. У вераваннях, былічках вада – месца лакалізацыі русалак, водніка, чорта, сатаны, нячыстага: “Колись бачили – у раке русалок. Русалки купаюца ў раке да сонца. Русалки находятся в реке до тех пор, пока никто их не «окрестит» и не назовет их имени. Тогда они выходят из воды и идут на кладбище” [5, в. Барбараў]; “Нечистая сила на реке. Нечто зовет рыбака по имени, плывет по реке. Когда рыбак прочитал молитву, нечистая сила со словами «о, догадался» исчезает. Рыбаков пугает гром, раздающийся со стороны католического кладбища” [5, в. Бельск Кобрынскі р-н]. Вадзянік лічыцца гаспадаром ракі, ён сцеражэ яе, топіць у ёй людзей, робіць на рацэ віры, уздымае вецер. “Детям запрещалось ходить в реку, так как там живет человек с бородой. Свекровь информантки видела, как он высунулся по пояс из воды и сказал: “Пришла пора, человека нет”. Через некоторое время пришел человек коня поить и утонул. Информантка считает, что это в реке сидела смерть” [5, в. Вялута]. Чорт знаходзіцца ў рацэ з таго часу, як “вэрбу посвятять”. У вадзе лакалізуюцца і начніцы, якія ўначы на беразе спраўляюць свае ігрышчы. Над вадой часта жывуць чараўнікі і чараўніцы. Лічылася таксама, што духі, якія жывуць у вадзе, могуць расказаць пра будучыню, а ўладар вадзянога млына ўспрымаўся ў вёсцы як вядзьмар [2, с. 211].

Вобраз вады шырока выкарыстоўваўся і ў народнай медыцыне. Рачная вада вельмі добра дапамагае пазбавіцца ад начніц. Напрыклад: “Ночныцы – перэйдэ ніч на дэнь. Днём будэ спаты. Ранэнько до схода сонця ідэш, дэ річка тэчэ, берэш тую воду і іскупаеш. Прынэсеш, коб нагрыты до сонца. Іскупаты, воду выліты там, дэ крыжовая дорога” [6, с. 86]. Таксама гэты вобраз ужываецца ў замовах ад каўтуна і вогніка. Да прыкладу: “Як быў вогнік, болькі такія ў дзяцей абсядуць. Вечарам нада. Бярець вугалькі зь печы і глядзіць, каб сьвет быў відзен чэрез речку. Яна гэтым вугальком водзіць і загаваріваець. Глядзіць на агонь і вугалькі тыя шпуляець на агонь” [6, с. 340]; “Коўтун нада год вынаўсить. Если год вынасила, и нада ити ў поле, када зажынають жыта, и нажать первый сноп и пасадить с тыми валасами бабу и ўже можна знимати. Патом нада на речку пустить и казать: «Плыви, мой коўтун, и боле нэ чынэся». Од пугання зделаца коўтун. А если хто незнаюшчи зниме, то аслепне, папортяца глазики” [6, с. 422]; “Колтун отрезают во время всенощной, посадив человека на печь, после чего колтун несут на реку и бросают с моста в воду против течения. Если колтун поплывет и не зацепится ни за что, значит он пропадет” [5, в. Вялута]. Вобраз ракі выкарыстоўваўся і ў тых выпадках, калі патрэбна было вылячыць ад ляку: “Первым разом, Господнім часом, Господу Богу помолюса, Мацер Господней поклонюса. Одна рэка Демида, Другая Соломида, Трэцяя Яна. Блискуха Яна з-под корня выбегала, Улёки з Леночки вынимала, Там дзе спали, там осталис, З пэроду забагайце, ззаду оставайце, Попородние дзеци. От Господа Бога дух большы, От мане – Дух Господни” [5, в. Вялута].

Вада ў свядомасці беларусаў – гэта ачышчальны сродак, без якога проста немагчымы пераход чалавека ў “той” свет (нябожчыка мыюць адразу пасля смерці). Напрыклад: “Побач з агнём нямалай пашанай карыстаецца і вада. З даўніх часоў і па сягоняшні дзень у Беларусі аддаюць пашану азёрам, ручаям і крыніцам. Асабліва шануецца крынічная вада, завецца “жывой” вадой, аздараўляючай і ачышчаючай, як і агонь. Вясной, пасля першага грому, пачынаюць людзі ісці да крыніц памыцца і памаліцца, ідуць у вядомыя дні, здаўна ўстаноўленыя: на Юр’я, на Міколу, на Ушэсце, на Дзявятніка, на Дзясятніка; да «русальнай нядзелі» (першай пасля Тройцы), бяруць ваду толькі да піцця, а пасля русальнай і купаюцца. Пляваць у ваду грэх, а асабліва ў жывую” [3, с. 48].

Абмыванне ў традыцыйнай культуры наогул успрымаецца як адзін з першых крокаў у серыі аперацый, накіраваных на стварэнне чалавека, далучэнне яго да сферы культуры.Абмыванне спалучаецца са спажываннем спецыяльна падрыхтаванай вады. Змыванне вадою – самы відавочны спосаб ачышчэння цела, абумоўлены якасцямі самой вады, але ў лекавальнай практыцы беларусаў прадстаўлены падрабязны шэраг яе магічных уласцівасцяў [6, с. 40].

Для рытуалаў народнай медыцыны скарыстоўваецца вада асвечаная, хаця часцей такая вада станавілася адно асноваю для наступных з ёю маніпуляцый. Прыкладам, у свянцоную ваду дадавалі свянцоную соль, а затым усё роўна абносілі яе вакол ножкі стала. Ускосна тут жа месціцца абмыванне хворага той вадою, у якой мылі царкоўныя званы, альбо вадою з дадаткам попелу ад спаленай малітвы, хаця механізмы сакралізацыі такой вады выходзяць за межы хрысціянскіх правілаў [6, с. 41].

Нярэдка правядзення рытуалаў выкарыстоўваецца вада з дамінавальная семантыкай дзікай, неасвоенай, хаатычнай, што мае дачыненне да вады з іншасвету. Немалаважную ролю адыгрывае тут начная альбо непачатая, якая роўніцца да жывой вады, што бярэ свой пачатак ў іншасвеце; здабытая з ніжняе часткі прасторы, што сімвалічна раўнавалася да тагасветаў, з дна калодзежа – самага відавочнага каналу на шляху ў засветы; з-пад пэўных прадметаў: з-пад вядра, кружкі; з прыроднай адтуліны ў камені альбо костцы: “З каменя вадой, каб у камні вот ямачка, там вада асталася з дожджу, той вадой змахвалі дзічкі. Пры хваробах вачэй вада з каменя прыпадабнялася да самога вока. Ваду бралі з-пад вывернутага дрэва; што прастаяла ноч у куратніку пад сядалам – ёю змывалі вочы пры курынай слепаце; з-пад млына альбо з такога месца, дзе ніхто не чэрпаў яе прыблізна тры гады; упоўнач з ракі альбо супраць цячэння; з роту: “Узяць вады ў рот, а тады ў кружку, і шчытаць ад сябе нада, каб дзевяць разоў было, а тады ўсе суставы змыць” [6, в. Забор’е Лепельскага р-на].

У фальклорных творах рака – месца сустрэч закаханых. Тут гуляюць дзяўчаты, рвуць краскі, пускаюць па рацэ вянкі, варожачы пра лёс, а нявеста пускае кубачкі да свёкра. Напрыклад: “Ой, рано, рано, // Рано на Івана. // Вэночок сплела // На рэчку занэсла. // Ой, рано, рано, // Рано на Івана. // Хто вэнок споймэ, // Той мэнэ возьмэ. // Ой, рано, рано, // Рано на Івана. // Отозваўся хлопэц // Я тэбэ возьму. // Ой, рано, рано, // Рано на Івана. // Я вэнок злоўлю // Дэй тэбэ возьму. // Ой, рано, рано, // Рано на Івана” [5, в. Лобча Лунінецкі р-н]; “Ой у городцы на ярой рутцы, // Плакала дівчына, // Вэночкы в’ючы. // На рэчку пускаючы, // Почуў Іванько до конэй йдучы. // Чого, Надзейко, жалосно плачэш, // Ой як жэ бо мне не плакаты. // В тэбэ роду мнэго, в мэнэ дару мало, // Ой не журыся, моя Надзейко. // Я свойго батэйка сам пэрэпрошу, // Нізкім уклонам, покірным словом. // Роду прыменчаем, дару прыбольшаем” [5, в. Пажэжын Маларыцкі р-н]. У купальскіх песнях Купалачка начуе на беражочку каля ракі, за быстрай ракой прадзе кужалі, выдае дачок замуж; дзяўчаты крадуць штаны ў Купалы і валочаць іх каля ракі. Каля ракі ноччу круціцца і зіхаціць агонь – закляты скарб.

Вобраз вады ў многіх песнях увасабляе маладосць, якая назад не вернецца. Да прыкладу: “Стоіть гора высокая, // А пуд горою гай. // Зылэны гай густэсынькый // Як будто божый рай. // Пуд тым гаем тычэ річка // Як шкло вода блыўыть. // Долыною шырокыю кудысь вона быжыть. // Быжыть вона в край бэрага // Дэ вяжутся лавкы, // Там дві вэрбы сплылыся // Дай жураться воны. // Мынуло тэплэ літычко, // Насталы холода, // Осыплются з нас лысточкы // Дай понысе вода. // А я стою дай думаю, // Шо вырнытся высна. // Но молодость ны вырнытся, // Ны вырнуться года” [5, в. Хомск Драгічынскі р-н].

Маладая жанчына, што выйшла замуж у чужую старану, кідае на ваду галінку, каб тая плыла да бацькоў. У многіх песнях адлюстраваны матыў разрыву сувязяў паміж каханымі. Да прыкладу: “Коло річкі, коло броду // П’ють голубы сывы воду. // Воны пылы, полынулы, // Крылэчкамы стрэпэснылы. // Як мы двое любылыса // Сухі дубы розвэлыса, // Як мы двое пэрэсталы // Той зэлёны повысыхалы, // Як мы двое пэрэсталы // Усі рэкі тыхо сталы” [5, в. Лобча Лунінецкі р-н].

У песнях пераход цераз раку абазначае эратычныя адносіны, заключэнне шлюбу. У легендах і паданнях раку часта праклінаюць за тое, што яна паглынае людзей, у выніку ад ракі застаецца вялікі след ці яна знікае зусім.

Многія песні, у якіх прысутнічае вобраз вады, адлюстроўваюць цяжкі жаночы лёс: “Пойду я до рэчкі по воду // Подывлюсь чы хороша на вроду. // На вроду хороша прекрасна // Только доленька моя нэшчасна. // За п’яніцу я замуж попала // Моя врода хороша пропала. // Пойду я в рэчку втоплюся // За п’яніцою нэ розжывуся. // Ны топысь, ны губы свою душу // Твою волю чыніты я мушу” [5, в. Пажэжын Маларыцкі р-н].

Вада, як вядома, з’яўляецца абавязковым элементам у знахарскай практыцы, носьбітам энергетыкі замовы. Вадзе ў замовах супраць хваробаў і нячыстай сілы надаваліся асабістыя імёны: Ульляна, Кацярына, Марына і інш. Вада для замоў бралася толькі з крыніц, у месцы іх сутокаў і супраць цячэння. Найбольшай сілай валодала “траянка” – вада, узятая з трох студняў апоўначы. Уяўленні пра ваду як сілу дэструкцыі і хаосу адлюстраваныя ў народных перакананнях пра існаванне “мёртвых” крыніц, якія забіраюць у чалавека сілу і здароўе.

Сярод беларусаў асаблівай пашанай карыстаецца вада, набраная з трох, сямі ці нават дзевяці рэчак або калодзежаў, а таксама вада, у якой варыліся велікодныя яйкі, якой мылі хлебную дзяжу, іконы, якую пралілі праз рэшата, адтуліну ад сучка ў смаліне. Гаючыя здольнасці набывае вада, у якую апускалі лекавыя расліны, святаянскія зёлкі, вугалькі са сваёй печы, медныя, срэбныя ці залатыя грошы. Вада наагул у народных уяўленнях выступае як сінонім здароўя. Напрыклад, верылі, што той, хто першы на Каляды прынясе ваду, то будзе здаравейшы за ўсіх цэлы год. Вада, прынесенная на Каляды з укінутай у яе срэбнай манетай мела незвычайныя ачышчальныя і гаючыя ўласцівасці, асабліва для чысціні твару. Пра тое ж сведчаць і калядна-велікодныя зычанні: “Будзь здаровы, як вада!”. Але трэба было пільнавацца, каб пры ўмыванні на дол не ўпала ні кроплі, іначай увесь год у хаце будуць весціся блохі [7, с. 58].

Нягледзячы на тое, што артыкул не можа прэтэндаваць на падрабязны і заглыблены аналіз вобраза вады і яго функцыянавання ва ўсіх яго відах і жанрах беларускага фальклору, а з’яўляецца хутчэй эскізнай замалёўкай, усё ж некаторыя высновы з атрыманага матэрыялу можна зрабіць. Матэрыял паказвае, што семантыка вобраза вады шматаспектная і ў сваёй аснове надзвычай архаічная. У залежнасці ад кантэксту, гэты вобраз выяўляе амбівалентныя значэнні, суадносіцца з сістэмай устойлівых касмічных, прыродных і метафізічных апазіцый.

ЛІТАРАТУРА

1. Виноградова Л. Н. Вода // Славянские древности: в 5-ти т. Т. 1 / под ред. Н. И. Толстого. М., 1995.

2. Зянковіч С. В. Вада // Беларускі фальклор: энцыклапедыя: у 2-х т. Т. 1 / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш]. – Мінск: БелЭн, 2005. – С. 768.

3. Зямля стаіць пасярод свету… Беларускія народныя прыкметы і павер’і / уклад., прадм., пераклад, бібл. У. Васілевіча. – Кніга 1. – Мінск, 2010. – 574 с. : іл.

4. Швед І. А. Рака // Беларускі фальклор: энцыклапедыя: у 2-х т. Т. 2: Л - Я / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш]. Мн.: БелЭн, 2006. – 832 с. : іл.

5. ПА – палескі архіў інстытута славяназнаўства РАН

6. Народная медыцына: рытуальна-магічная практыка / уклад. і паказ. Т. В. Валодзінай. Мінск, 2007.



7. Зайкоўскі Э., Крук І., Лобач У. Вада // Беларуская міфалогія: Энцыклапедычны слоўнік / С. Санько [і інш.]; склад. І. Клімковіч. – 2-ое выд., дап. – Мінск, 2006. – С. 599.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка