Сацыяльна-эканамічнае развіццё гарадоў І мястэчак беларусі ў другой палове XVIII – першай палове XIX ст




Дата канвертавання14.01.2017
Памер169.75 Kb.



САЦЫЯЛЬНА-ЭКАНАМІЧНАЕ РАЗВІЦЦЁ

ГАРАДОЎ І МЯСТЭЧАК БЕЛАРУСІ

Ў ДРУГОЙ ПАЛОВЕ XVIII – ПЕРШАЙ ПАЛОВЕ XIX СТ.
Лютая, А. Э. Сацыяльнаг-эканамічнае развіццё гарадоў і мястэчак Беларусі ў другой палове XVIII – першай палове ХIХ ст. / А. Э. Лютая // Весці БДПУ. Сер. 2. Гісторыя. Філасофія. Паліталогія. Сацыялогія. Эканоміка. Культуралогія. – 2012.  № 2. – С. 37.

Ключевые слова: сацыяльна-эканамічныя працэсы, грамадскія адносіны, сацыяльныя групы, капіталістычнае грамадства.

Даследаванне сацыяльна-эканамічных працэсаў, якія адбываліся ў гарадах у перыяд разлажэння і крызісу феадалізму, мае важнае значэнне для вывучэння праблемы генезісу капіталізму, бо менавіта ў гарадах найбольш выразна прасочваецца паступовае зараджэнне і фарміраванне новых грамадскіх адносін. У другой палове XVIII – першай палове XIX ст. у сацыяльна-эканамічным жыцці гарадскіх паселішчаў Беларусі развіваюцца з’явы, што абумовілі ў далейшым пераўтварэнне феадальнага горада ў капіталістычны. Таму важна адзначыць, дзякуючы чаму была зададзена новая сувязь элементаў грамадства, чаму самі гэтыя элементы, да таго часу адносна стабільныя, пачынаюць радыкальна змяняцца і станавіцца “іншымі”, чаму і адкуль узнікае новая арганічная сістэма як сукупнае цэлае і як ідзе яе далейшае развіццё ў напрамку цэласнасці, што заключаецца ў тым, каб падпарадкаваць сабе ўсе элементы грамадства ці стварыць з яго яшчэ недастатковыя органы [1].

Рост колькасці насельніцтва гарадоў, складванне сацыяльных груп, якія з’явіліся асновай фарміравання класаў узнікаючага капіталістычнага грамадства, сведчылі, на думку некаторых даследчыкаў, аб з’яўленні тэндэнцыі развіцця новых, буржуазных адносін [2].

Развіццё гарадоў у другой палове XVIII ст. у Беларусі тармазілася распаўсюджваннем фальваркова-паншчыннай гаспадаркі, эканамічнымі прывілеямі шляхты і палітычным ладам Рэчы Паспалітай. Знаходзячыся ў стане глыбокага эканамічнага і палітычнага крызісу, Рэч Паспалітая “цвёрда захоўвала непарушны феадальны лад грамадства”, у той час як усе яе суседзі прагрэсіравалі, фарміравалі буржуазію, развівалі гандаль, прамысловасць і стваралі вялікія гарады [3].

Развіццю беларускіх гарадоў перашкаджала і наяўнасць у іх зямельнай уласнасці феадалаў, асабліва ўладанняў, якія насілі характар юрыдык. Павелічэнне ўласнасці феадалаў у гарадах паслабляла эканоміку гарадоў, перашкаджала развіццю гандлю і прамысловасці. Моцна пацярпелі беларускія гарады ў першай палове XVIII ст. у перыяд Паўночнай вайны, эпідэмій і голаду. Большасць гарадоў Беларусі да сярэдзіны XVIII ст. заставаліся ў глыбокім крызісе: зменшылася колькасць насельніцтва, аб’ём рамеснай вытворчасці і гандлю, узрасло значэнне сельскагаспадарчых заняткаў. Многія гарады і былыя каралеўскія мястэчкі перайшлі ў рукі магнатаў [4, с. 343]. К сярэдзіне XVIII ст., па падліках А.П. Грыцкевіча, з 42 беларускіх гарадоў 17 было прыватнаўласніцкімі, г. зн. каля 40% [5, с. 38]. З. Капыскі лічыць, што ў сярэдзіне XVIII ст. у Беларусі налічвалася 39 гарадоў [6, с. 32–33], такую ж колькасць гарадоў называе А.М. Карпачоў у 70–90-х гг. XVIII ст. [7, с. 22–23]. Той жа А.П. Грыцкевіч сцвярджае, што ў XVIII ст. на тэрыторыі сучаснай Беларусі налічвалася 25 прыватнаўласніцкіх гарадоў (49% агульнай іх колькасці), а ўсяго налічваўся 51 горад [5, с. 39].

Такая істотная розніца ў вызначэнні колькасці гарадоў сведчыць аб тым, што ў сучаснай гістарычнай літаратуры няма азначэння “горад”, “мястэчка”, “пасяленне гарадскога тыпу”.

Да пасяленняў гарадскога тыпу большасць гісторыкаў адносяць гарады і ўсе мястэчкі. А.М. Карпачоў, зыходзячы з колькасці насельніцтва, улічвае пры гэтым сацыяльны склад насельніцтва (наяўнасць купцоў, мяшчан-рамеснікаў), адносіць да ліку гарадскіх паселішчаў у Беларусі ў канцы XVIII ст. 39 гарадоў і 350 мястэчак [4, с. 374]. П.Г. Рындзюнсі, на падставе таго факта, што большасць мястэчак Беларусі знаходзілася ў прыватнай уласнасці памешчыкаў, уладу якіх замянялі гарадскія ўстановы, не адносіць мястэчкі да гарадскіх пасяленняў, ён называе гарадамі толькі 39 беларускіх паселішчаў [8, с. 293]. В.К. Яцунскі адзначае, што паняцце “горад” у эпоху феадалізму не было ў Расіі адным і тым жа ні ў часе, ні ў прасторы, г. зн. яго сутнасць змянялася ў розныя перыяды і была рознай у розных рэгіёнах [9, с. 88].

Пры вывучэнні пытання аб колькасці гарадоў у Беларусі ў другой палове XVIII – першай палове XIX ст. намі ўлічваліся перш за ўсё адміністрацыйная прыналежнасць пасялення (цэнтр павета, губерня і г. д.) і сацыяльна-эканамічная характарыстыка (ці было гэта пасяленне гандлёва-рамесным цэнтрам). Мястэчкі разглядаліся ў якасці асобага тыпу пасяленняў, частку з якіх таксама можна было аднесці да паняцця “пасяленне гарадскога тыпу”. Да гэтай катэгорыі намі аднесены мястэчкі, якія з’яўляюцца не толькі цэнтрамі гандлю, але і цэнтрамі развіцця рамяства і мануфактурнай вытворчасці, бо існавалі і такія “мястэчкі”, дзе “сярод некалькіх халуп, карчмы, пры якіх у пэўныя дні рашоты, венікі і гаршкі, прадаюцца” [10]. Неабходна адзначыць, што частыя адміністрацыйна-тэрытарыяльныя змены ў Беларусі ў другой палове XVIII – пачатку XIX ст. ускладняюць дакладнае вызначэнне катэгорыі многіх пасяленняў. Акрамя таго, на працягу стагоддзя змянялася і эканамічнае становішча многіх гарадоў і мястэчак: адны з іх развіваліся больш хуткімі тэмпамі, а іншыя чахлі і пераўтвараліся часам у заняпалыя вёскі. У цэлым жа, як у другой палове XVIII, так і ў першай палове XIX ст. у Беларусі налічвалася ў сярэднім каля 40 гарадоў і больш за 300 мястэчак.

Сацыяльна-эканамічнае развіццё гарадоў Беларусі ў другой палове XVIII ст. стрымлівалася ўздзеяннем фальваркова-паншчыннай сістэмы не толькі на прыватнаўласніцкія, але і на каралеўскія гарады. Прыватнаўласніцкія гарады самі з’яўляліся фактарам умацавання фальваркова-паншчыннай сістэмы гаспадаркі, а развіццё каралеўскіх гарадоў запавольвалася тым, што амаль усе мястэчкі, якія маглі служыць сацыяльна-эканамічнай базай, таксама належалі буйным і сярэднім феадалам Беларусі. Гэта акалічнасць вызначыла і тое, што колькасць гарадоў у Беларусі за гэты перыяд не павялічылася. Па адміністрацыйным падзеле канца XVIII і ў пачатку 50-х гг. XIX ст. колькасць гарадоў у Беларусі засталася нязменнай (41 горад) [11]. Аднак на працягу гэтага часу колькасць гарадоў змянялася, што тлумачыцца рэарганізацыяй і ўзбуйненнем паветаў, змяненнем колькасці пазаштатных гарадоў і пераводам некаторых мястэчак у разрад гарадоў.

Па указе сената ад 23 кастрычніка 1772 г. пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай усходняя частка Беларусі ўвайшла ў склад Пскоўскай і Магілёўскай губерняў. У Пскоўскую губерню ўваходзілі Полацкая і Віцебская правінцыі, у Магілёўскую – Магілёўская, Аршанская, Мсціслаўская і Рагачоўская [12, с. 251]. У 1776 г. беларускія паветы былі выдзелены з Пскоўскай губерні і з іх створана Полацкая губерня (губернскі горад Полацк), якая ў 1778 г. была перайменавана ў Полацкае намесніцтва. Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай было створана Мінскае намесніцтва з цэнтрам у Мінску. На тэрыторыі Беларусі пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у снежні 1795 г. створана Слонімская губерня (8 паветаў). Браслаўскі і Ашмянскі паветы былі ўключаны ў склад Віленскай губерні [4, с. 447]. Па адміністрацыйнай рэформе 1796 г. намесніцтвы перайменаваны ў губерні, аднак іх тэрыторыі поўнасцю супадалі. Полацкая і Магілёўская губерні былі аб’яднаны ў Беларускую губерню (губернскі горад Віцебск). Да Мінскай губерні ад Чарнігаўскай адышоў Рэчыцкі павет. Слонімская і Віленская губерні былі аб’яднаны ў Літоўскую (губернскі горад Вільня). Вельмі вялікія памеры тэрыторыі губерняў выклікалі ў 1801 г. правядзенне новага губернскага дзялення. Тэрыторыя сучаснай Беларусі поўнасцю або часткова ўвайшла ў склад пяці губерняў – Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай, Гродзенскай і Віленскай [13].

Менавіта ў гэты перыяд шэраг мястэчак атрымоўваюць статус гарадоў, а праз некалькі год яго страчваюць і зноў трапляюць у лік мястэчак. Так, Стваловічы былі цэнтрам павета толькі на працягу 1793–1795 гг., Халопенічы – 1775–1793 гг., Чашнікі – 1791–1793 гг., Лепель – 1773–1776 гг. [5, с. 39].

Выкуплялася частка прыватнаўласніцкіх гарадоў і мястэчак, якія пераўтвараліся ў павятовыя цэнтры, або пазаштатныя гарады. Указам сената ад 2 ліпеня 1808 г. мястэчка Радашковічы было ўключана ў склад пазаштатных гарадоў [14], а 24 кастрычніка 1817 г. выкуплена ў яго ўладальнікаў памешчыцы Ферзен і сенатара Бакуніна [15]. У той жа час некаторыя павятовыя і пазаштатныя гарады (Слуцк, Сянно, Ст. Быхаў, Ашмяны, Докшыцы, Паставы, Нясвіж, Давыд-Гарадок) заставаліся ўласніцкімі [16].

Па даных пятай рэвізіі (1796 г.), на тэрыторыі сучаснай Беларусі да гарадоў адносіліся наступныя паселішчы: у Магілёўскай губерні – 12 гарадоў (Магілёў – губернскі цэнтр; Бабінавічы, Беліца, Клімавічы, Капысь, Мсціслаў, Орша, Рагачоў, Сянно, Ст. Быхаў, Чавусы, Чэрыкаў – павятовыя гарады); у Мінскай – 13 гарадоў (Мінск – губернскі і Бабруйск, Барысаў, Вілейка, Давыд-Гарадок, Докшыцы, Дзісна, Ігумен, Мазыр, Нясвіж, Пінск, Паставы, Слуцк – павятовыя гарады); у Слонімскай – 8 гарадоў (Слонім – губернскі цэнтр; Брэст, Ваўкавыск, Гродна, Кобрын, Ліда, Навагрудак, Пружаны – павятовыя гарады); у Полацкай (на тэрыторыі, якая адносіцца зараз да тэрыторыі Беларусі) – 6 гарадоў (Полацк – губернскі і Віцебск, Гарадок, Дрыса, Лепель, Сураж – павятовыя гарады); у Віленскай (на тэрыторыі сучаснай Беларусі) – 2 павятовыя гарады (Браслаў і Ашмяны) [17, с. 14–19, 98–100, 105–107]. Такім чынам, на тэрыторыі Беларусі ў 1796 г. налічвалася 4 губернскіх і 37 павятовых гарадоў.

Колькасць гарадоў унутры губерняў у канцы XVIII – пачатку XIX ст. змянілася: у 1800 г. у Мінскай губерні налічвалася 10 гарадоў (з гарады – Давыд-Гарадок, Докшыцы і Паставы – пасля ліквідацыі паветаў былі аднесены да разраду мястэчак) [18]. У адпаведнасці з новым губернскім дзяленнем у 1801 г. змянілася і адміністрацыйнае становішча гарадоў. У Беларусі было 40 гарадоў (з іх 4 губернскія, 34 павятовыя і 2 пазаштатныя). Па губернях яны размеркаваліся наступным чынам: у Магілёўскай і Мінскай губернях налічвалася па 12 гарадоў, у Гродзенскай – 8, у Віцебскай (толькі па беларускіх паветах) – 6, у склад Віленскай губерні ўваходзілі 2 гарады і 2 паветы, якія знаходзяцца зараз на тэрыторыі Беларусі [4, с. 448; 19, с. 161]. Некаторыя населеныя пункты перайшлі ў разрад пазаштатных гарадоў (Нясвіж, Докшыцы, Паставы, Давыд-Гарадок) [20]. Разам з тым некаторыя былыя мястэчкі сталі павятовымі цэнтрамі (Гарадок, Ігумен, Клімавічы, Лепель, Ст.Быхаў, Чэрыкаў) [4, с. 449; 21]. У гэтым выпадку павятовыя цэнтры вызначаліся, відаць, не толькі эканамічным узроўнем і колькасцю жыхароў у паселішчах, але і геаграфічным размяшчэннем у цэнтры адміністрацыйнай тэрыторыі, хаця такія мястэчкі, як Чэрыкаў, Ст. Быхаў і іншыя ў эканамічным плане нічым не адрозніваліся ад большасці павятовых цэнтраў Беларусі пачатку XIX ст.

Па даных шостай (1808 г.), сёмай (1814–1817 гг.) і восьмай (1834–1836 гг) рэвізій, колькасць гарадоў па губернях Беларусі заставалася пастаяннай – 38 гарадоў, у тым ліку 4 губернскія і 34 павятовыя: у Мінскай губерні – 10 гарадоў (Бабруйск, Барысаў, Вілейка, Дзісна, Ігумен, Мінск, Мазыр, Пінск, Рэчыца, Слуцк), у Магілёўскай – 12, Гродзенскай – 8, Віцебскай – 6 і ў Віленскай – 2 гарады [22]. У канцы 30-х гг. XIX ст. у Беларусі налічвалася 43 гарады (з іх 4 губернскія, 34 павятовыя і 5 пазаштатных); павелічэнне колькасці гарадоў адбылося за кошт Радашковічаў і Рэчыцы.

У канцы 50-х гг. XIX ст. на тэрыторыі сучаснай Беларусі налічваліся 42 гарады (4 губернскія, 32 павятовыя і 8 пазаштатных). З іх 6 беларускіх гарадоў уваходзілі ў склад Віленскай губерні: Вілейка, Дзісна, Ашмяны і Ліда – павятовыя, Друя, Радашковічы – пазаштатныя; у Гродзенскай губерні было 6 гарадоў: Гродна – губернскі, Брэст, Ваўкавыск, Кобрын, Пружаны, Слонім – павятовыя; 13 гарадоў уваходзілі ў склад Магілёўскай губерні: Магілёў – губернскі, Быхаў, Гомель, Клімавічы, Копысь, Мсціслаў, Орша, Рагачоў, Сянно, Чэрыкаў, Чавусы – павятовыя, Бабінавічы, Горкі – пазаштатныя; 11 гарадоў знаходзіліся на тэрыторыі Мінскай губерні: Мінск – губернскі, Бабруйск, Барысаў, Ігумен, Мазыр, Навагрудак, Пінск, Рэчыца, Слуцк – павятовыя, Докшыцы, Нясвіж – пазаштатныя і 6 гарадоў – на тэрыторыі Віцебскай губерні: Віцебск – губернскі, Гарадок, Дрыса, Лепель, Полацк, Сураж – павятовыя [23].

К канцу 30-х гг. XIX ст. яшчэ каля 12% усёй колькасці гарадоў Беларусі (5 з 43 гарадоў) былі прыватнаўласніцкімі – Докшыцы, Нясвіж, Ашмяны, Сянно, Слуцк [24]. Павятовы гарадок Магілёўскай губерні Ст. Быхаў да 1831 г. быў прыватнаўласніцкім (належаў князям Сапегам, у якіх быў секвестраваны за ўдзел у паўстанні 1830–1831 гг. і стаў належаць казне). Гэты горад знаходзіўся ў распараджэнні Міністэрства дзяржаўнай маёмасці, г. зн. у адміністрацыйных адносінах знаходзіўся ў становішчы дзяржаўнай вёскі [8, с. 310]. Зямля, якая займалася прыватнаўласніцкімі гарадамі, належала ўладальнікам, а частка жыхароў адносілася да катэгорыі прыгонных сялян. Царскія чыноўнікі, што даследавалі ў 1831 г. гаспадарчае становішча Ашмян – горада, які належаў генерал-маёру Канчалаву, вымушаны былі прызнаць, што “ўладальніцкае кіраванне пазбаўляла яго ўсіх сродкаў да пакрыцця гарадскіх выдаткаў і абмяжоўвала ў гандлі і прамысловасці” [25, с. 166]. Мінскі губернатар у данясменні віленскаму ваеннаму губернатару ў 1838 г. пісаў: “Жыхары ў гэтых (прыватнаўласніцкіх – А.Л.) гарадах і мястэчках свабодных саслоўяў знаходзяцца на чыншах з правам весці дробны гандаль, утрымліваць шынкі, практыкавацца ў розных рамёствах і карыстацца зямлёю. Але правы гэтыя па мясцовых звычаях у краі, па волі былога польскага ўрада, не маюць ніякіх пэўных падстаў” [26, с. 519]. На аснове прывілеяў, якія атрыманы яшчэ ад польскіх каралёў і захаваны рускім урадам, уладальнікі гарадоў і мястэчак маглі іх прадаць, залажыць і завяшчаць [27].

Рускі ўрад рабіў захады да пераводу астатніх прыватнаўласніцкіх гарадоў у становішча дзяржаўных паселішчаў. У 1843 г. былі выкуплены Ашмяны, у 1846 г. – Слуцк. У 50-х гг. XIX ст. былі выкуплены ва ўладальнікаў Друя, Сянно, Докшыцы і Нясвіж [28]. Аднак усе мястэчкі і значная частка гарадоў беларускіх губерняў знаходзіліся на зямлі, якая належала памешчыкам [29]. Памешчыцкае землеўладанне перашкаджала росту тэрыторыі гарадоў. Прыналежнасць прыватным уладальнікам затрымлівала працэс перарастання мястэчак у гарады.

Здаралася, калі асобныя гарады ў сваю чаргу валодалі вёскамі і мястэчкамі. Так, г. Беліца Магілёўскай губерні валодаў дзвюма вёскамі [30]. Чавусы – слабадой Дроніха [31]. Гораду Дрысе Віцебскай губерні належалі 8 невялікіх мястэчак (Асвея, Кахановічы, Прыдруйск, Росіца, Валынцы, Нікалаева, Юсцінава, Юхновічы) [32], а Пінску Мінскай губерні – мястэчка Нобель [33]. У Гродзенскай губерні населенымі маёнткамі валодалі гарады Брэст і Гродна: першаму належалі фальварак Казловічы з вёскай Дамброўская, а другому – вёскі Лапенкі, Капліца, Малахавічы, Вялікая і Малая Альшанкі, Цвіклічы, Гібулічы і Палатнова [34]. Аднак гэта былі хутчэй выключэнні з агульных правілаў.

У разглядаемы перыяд у Беларусі налічвалася значная колькасць мястэчак. Беднасць архіўных даных перашкаджае дакладна вызначыць колькасць мястэчак у другой палове XVIII ст. У канцы XVIII – пачатку XIX ст. у Беларусі налічвалася каля 290 мястэчак. Іх колькасць не была пастаяннай: у звестках за розныя гады значацца розныя даныя. Справа у тым, што часам у разрад мястэчак уносілі буйныя сёлы і, наадварот, некаторыя мястэчкі адносіліся да сёл. Кожны дваранін меў права заснаваць у сваіх уладаннях таргі і кірмашы, тады сяло пераводзілася у разрад мястэчак [35]. Указ сената ад 26 кастрычніка 1810 г. дазваляў памешчыкам пераводзіць свае сёлы і вёскі ў разрад мястэчак з мэтай продажу ў іх віна, які быў забаронены ў вёсках; для гэтага неабходны быў толькі дазвол губернатара [36]. У канцы 50-х гг. XIX ст. у Беларусі налічвалася ўжо каля 400 мястэчак [37].

Апублікаваныя статыстычныя матэрыялы і архіўныя даныя дазваляюць паказаць змяненне колькасці мястэчак у беларускіх губернях з канца XVIII ст. да 50-х гг. XIX ст. (табліца).

Колькасць мястэчак у беларускіх губернях1



Губерня

Канец XVIII – пачатак XIX ст.

30-я гг. XIX ст.

50-я гг. XIX ст.

Віцебская

21

29

29

Віленская

50

52

70

Гродзенская

53

80

81

Магілёўская

46

86

92

Мінская

117

127

111

Усяго

287

374

383

У табліцы прыводзяцца даныя аб колькасці мястэчак па асобных губернях не па гадах (паколькі яны адсутнічаюць у справаздачах), а па дзесяцігоддзях. Для зручнасці падліку колькасці мястэчак губерні ўзяты па адміністрацыйным падзеле 30-х гг. XIX ст.: Віцебская губерня – 6 паветаў (зараз яны ўваходзяць у Рэспубліку Беларусь), Гродзенская – 6 паветаў, Віленская – 4 паветы, Мінская – 9 паветаў, Магілёўская – 11 паветаў.

З 90-х гг. XVIII ст. да сярэдзіны XIX ст. колькасць мястэчак у Беларусі павялічылася з 287 да 383. Больш высокімі тэмпамі росту колькасці мястэчак выдзяляліся Магілёўская (на 100%) і Гродзенская (на 52%) губерні. Амаль 1/3 усіх мястэчак знаходзілася на тэрыторыі Мінскай губерні і менш за ўсё налічвалася мястэчак у Віцебскай губерні (у 50-х гг. XIX ст. – 29). За гэты перыяд колькасць мястэчак у губерні павялічылася на 37,6%.

Большасцю мястэчак беларускіх губерняў валодалі памешчыкі. Так, па звестках Казённай палаты, у 1835 г. у Мінскай губерні налічвалася 110 мястэчак, у тым ліку 92 памешчыцкіх і 18 казённых. У пяці беларускіх губернях к канцу 30-х гг. XIX ст. толькі 15,5% мястэчак былі казённымі, астатнія належалі прыватным уладальнікам. Зямельным магнатам Беларусі належалі буйныя мястэчкі: Храптовічу – Вішнева і Бешанковічі; Вітгенштэйну – Налібокі, Глыбокае, Крэва; Сапегам – Прапойск, Быхаў, Дашкоўка, Гайшын; Тышкевічам – Валожын, Лагойск; Тызенгаўзу – Паставы, Дуброўна, Межаў, Баева і інш.; Салагубу – Горкі; Паскевічу – Гомель; Радзівілу – Урэчча. У прыватным уладанні знаходзіліся і такія мястэчкі, як Зэльва, Свіслач, Шклоў, Мір, Шэрэшава, Смаргонь, Петрыкаў, Любавічы, Парычы, Жлобін, Косава і інш.

Па развіцці гандлю і рамяства некаторыя мястэчкі не адрозніваліся ад гарадоў, а часам пераўзыходзілі іх. У шэрагу мястэчак існавалі буйныя прамысловыя пардпрыемствы. Некаторыя мястэчкі адрозніваліся развіццём гандлю, у іх збіраліся буйныя кірмашы (Зэльва, Бешанковічы, Свіслач, Свяцілавічы і інш.). Аднак большасць мястэчак адносілася да невялікіх паселішчаў, асноўную частку насельніцтва якіх складалі сяляне. Некаторыя жыхары мястэчак (у асноўным яўрэйскай нацыянальнасці) вялі дробны гандаль, займаліся рамяством і рознымі промысламі. Часам уладальнікі мястэчак пераводзілі на грашовую рэнту прыгонных рамеснікаў [38]. Развіццё гандлю ў мястэчках, існаванне прамысловых прадпрыемстваў абумовілі перавод шэрага мястэчак у разрад пазаштатных гарадоў.

Арганізацыя кіравання гарадоў у беларускіх губернях некалькі адрознівалася ад кіравання ў гарадах цэнтральных губерняў Расіі. На гарады цэнтральных губерняў Расіі распаўсюджваліся палажэнні “Граматы на правы і выгады гарадам Расійскай імперыі” ад 21 красавіка 1785 г. [39]. Грамата вызначала агульную арганізацыю гарадоў і права складаць гарадское грамадства “з шасці разрадаў гарадскіх жыхароў, г. зн. уладальнікаў нерухомай уласнасці, гільдзейскага купецтва, цэхавых рамеснікаў, гарадскіх і замежных гасцей, знакамітых гараджан і пасадскіх”. Жыхары ўсіх шасці разрадаў выбіралі дэпутатаў у гарадскі сход, які выбіраў агульную гарадскую думу, што займалася пытаннямі гарадскога добраўпарадкавання, абароны саслоўных праў гараджан, забеспячэння парадку і г. д. Збіралася агульная гарадская дума адзін раз у тры гады, яна з’яўлялася распарадчым органам самакіравання ў гарадах. Выконваючым органам была шасцігалосная дума, якая выбіралася членамі агульнац гарадской думы ў колькасці шасці чалавек (па адным галосным ад кожнага гарадскога разрада). Збіралася шасцігалосная дума кожны тыдзень. Старшынёй той або іншай думы быў гарадскі галава. Ён выбіраўся ўсімі жыхарамі горада тэрмінам на тры гады.

У некаторых беларускіх гарадах працягвалі дзейнічаць магістраты, якія існавалі з часу прадстаўлення гэтым гарадам магдэбургскага права. Магістраты складаліся з двух калегій: “лавы”, якая распараджалася судом па крымінальных справах, і “рады” (савета), якая распараджалася грамадзянскім судом, паліцыяй, наглядам за гандлем, зборам налогаў з нерухомай маёмасці, наглядам за адбыццём рэкруцкай павіннасці і кантролем за дзейнасцю цэхаў [40]. Гарадавыя магістраты складаліся з 2 бургамістраў, 4 ратманаў і 2 чалавек, якія выбіраліся ў саслоўныя суды, а таксама кагальных і старасты [41]. Дадзеныя службовыя асобы выбіраліся гарадскім купецтвам і мяшчанствам на тры гады. Гэта былі саслоўныя судовыя ўстановы, юрысдыкцыя якіх распаўсюджвалася на купцоў і мяшчан. Саслоўнасць гэтай установы ярка пацвярджаецца парадкам выбараў у магістраты. Усе ўдзельнікі выбараў павінны былі займаць толькі свае месцы: наперадзе за сталом сядзеў гарадскі галава, перад ім у першым радзе – старасты і дэпутаты для стварэння радаслоўнай кнігі, за імі – бургамістры і ратманы. Затым размяшчаліся гарадскія жыхары, першыя месцы сярод якіх былі адведзены знакамітым грамадзянам, за імі сядзелі гільдзейскія купцы першай гільдыі, затым – другой і трэцяй. Апошнімі садзіліся пасадскія ў залежнасці ад роду заняткаў і памераў капіталу [42].

У судаводстве прымянялася заканадаўства Расіі і Статут Вялікага княства Літоўскага. Указ сената ад 8 мая 1773 г. дазваляў разглядаць крымінальныя справы на рускай мове, а грамадзянскія – на польскай [43]. Гарадскія магістраты падпарадкоўваліся да 1795 г. губернскім магістратам, а з 1797 г. – палатам крымінальнага і грамадзянскага судоў. “Грамата на правы і выгады гарадам” 1785 г. перадавала кіраванне гарадамі купецтву і мяшчанству, галоўным чынам заможнаму. Дваране дапускаліся ў склад першага класа “сапраўдных гарадскіх жыхароў” разам з усімі ўладальнікамі нерухомай уласнасці. Становішча іх у гарадскім грамадстве вызначалася не саслоўнай прыналежнасцю, а наяўнасцю пэўнага капіталу ці нерухомай уласнасці. Гэты факт сведчыць аб пранікненні буржуазных адносін у грамадскі лад гарадоў беларускіх губерняў.

Яўрэйскае насельніцтва гарадоў і мястэчак Беларусі да 1844 г. падпарадкоўвалася кагалу, які займаўся ўсімі гаспадарчымі і адміністрацыйнымі пытаннямі. Аднак паступова кагал губляў сваю значнасць і трапляў пад уплыў гарадскога магістрата, які рэгламентаваў яго дзейнасць [44]. Гарадскія органы кіравання і паліцыя сканцэнтроўвалі ў сваіх руках усю паўнату ўлады ў горадзе ў адносінах да яўрэйскай часткі насельніцтва.

Такім чынам, у другой палове XVIII – першай палове XIX ст. у Беларусі назіраўся не толькі рост гарадскіх пасяленняў, але і рост колькасці гарадскога насельніцтва. Гарады і некаторыя буйныя мястэчкі з’яўляліся не толькі цэнтрамі рамяства, гандлю, але і адміністрацыйнымі цэнтрамі асобных тэрыторый. У першай палове XIX ст. вызначаюцца асобныя рысы эвалюцыім феадальнага горада ў паселішча буржуазнага тыпу.

Літаратура і крыніцы

1. Маркс, К. Сочинения: в 30 т. / К. Маркс, Ф. Энгельс. – 2-е изд. – М.: Политиздат, 1961. – Т. 46. – Ч. 1. – С. 229.

2. Маркс, К. Сочинения: в 30 т. / К. Маркс, Ф. Энгельс. – 2-е изд. – М.: Политиздат, 1959. – Т. 23. – С. 365; Ленин, В.И. Полное собрание сочинений: в 50 т. / В.И. Ленин. – 5-е изд. – М.: Политиздат, 1979–1983. – Т. 1: 1893–1894. – С. 325; Т.2: 1895–1897. – С. 24–25, 600.

3. Маркс, К. Сочинения: в 30 т. / К. Маркс, Ф. Энгельс. – 2-е изд. – М.: Политиздат, 1960. – Т. 16. – С. 164.

4. Гісторыя Беларускай ССР: у 5 т. / рэдкал.: І.М. Ігнаценка (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Навука і тэхніка, 1972–1975. – Т. 1: Першабытны лад на тэрыторыі Беларусі. Эпоха феадалізму / К.І. Шабуня [і інш.]. – 1972. – 632 с.

5. Грицкевич, А.П. Частновладельческие города Белоруссии в XVI–XVIII вв. / А.П. Грицкевич. – Минск: Наука и техника, 1975. – 248 с.

6. Копысский, З.Ю. Экономическое развитие городов Белоруссии в XVI – первой половине XVII в. / З.Ю. Копысский. – Минск: Наука и техника, 1966. – 228 с.

7. Карпачев, А.М. Социально-экономическое развитие городов Белоруссии во второй половине XVII – XVIII вв.: автореф. дис. … д-ра ист. наук / А.М. Карпачев. – Минск, 1970.

8. Рындзюнский, П.Г. Городское гражданство дореформенной России / П.Г. Рындзюнский. – М., 1968.

9. Города феодальной России. – М., 1966.

10. Korson, T. Wewnetrzne dzieje Polski za Stanislawa Augusta (1764–1794) / T. Korson. – Krakоw, 1882. – Т. I.

11. Переписи населения России. – М., 1972. – Вып. 6–10.

12. История БССР. – Минск, 1961. – Т. 1.

13. У складзе Віленскай губерні заставаліся Браслаўскі і Ашмянскі паветы.

14. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (НГАБ). – Фонд 295. – Воп. 1. – Спр. 94. – Л. 443.

15. НГАБ. – Фонд 295. – Воп. 1. – Спр. 130. – Л. 204.

16. Полный сборник законов Российской империи (ПСЗ). – Т. 23. – С. 694.

17. Переписи населения России. – М., 1972. – Вып. 6.

18. Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў у Санкт-Пецярбурзе (РДГА). – Фонд 1350. – Воп. 312. – Спр. 90. – Л. 12.

19. Чепко, В.В. Население городов и местечек Белоруссии в первой половине XIX в. / В.В. Чепко // Проблемы социально-экономического развития Белоруссии. – Минск, 1976.

20. НГАБ. – Фонд 295. – Воп. 1. – Спр. 94. – Л. 1011.

21. Цэнтральны дзяржаўны гістарычны архіў Украіны ў Кіеве (ЦДГА Украіны). – Фонд 442. – Воп. 787. – Спр. 255. – Л. 3.

22. Переписи населения России. – М., 1972. – Вып. 7–10.

23. Экономическое состояние городских поселений Европейской России в 1861–1862 гг. – СПб., 1863. – Ч. 1.

24. Семенов, П.П. Полное географическое описание нашего отечества: настольная и дорожная книга для русских людей / П.П. Семенов. – СПб.: А.Ф. Девриен, 1905. – Т. 9. – С. 487; Семенов В.П. Живописная Россия / В.П. Семенов. – СПб., 1883. – Т. 3. – С. 310.

25. Городское население в Российской империи. – СПб., 1860. – Т. 1.

26. Белоруссия в эпоху феодализма: сб. документов и материалов: в 3 т. – Минск: Изд-во Акад. наук БССР, 1961. – Т. 3 – 625 с.

27. Дзяржаўны гістарычны архіў Літвы (ДГАЛ). – Фонд 378. – Воп. 48. – Спр. 196. – Л. 15.

28. Семенов, П.П. Указ. тв. – С. 487; Рындзюнский, П.Г. Указ. тв. – С. 311; Грицкевич, А.П. Слуцк. Ист.-экон. очерк / А.П. Грицкевич. – Минск: Беларусь, 1970. – С. 21; Семенов, В.П. Указ. тв. – С. 366; РДГА. – Фонд 1263. – Воп. 1. – Спр. 159. – Л. 17.

29. НГАБ. – Фонд 1288. – Воп. 10. – Спр. 25. – Ч. 1. – Л. 2–14; Спр. 3288. – Л. 95–101.

30. НГАБ. – Фонд 2001. – Воп. 1. – Спр. 159. – Л. 17.

31. НГАБ. – Фонд 2001. – Воп. 1. – Спр. 159. – Л. 25.

32. НГАБ. – Фонд 1430. – Воп. 1. – Спр. 3288. – Л. 501 адв.

33. НГАБ. – Фонд 149. – Воп. 3. – Спр. 18. – Л. 1, 7–8.

34. ДГАЛ. – Фонд 378. – Воп. 48. – Спр. 196. – Л. 21–22.

35. ДГАЛ. – Фонд 378. – Воп. 48. – Спр. 196. – Л. 17.

36. НГАБ. – Фонд 295. – Воп. 1. – Спр. 94. – Л. 133.

37. Корева, А. Материалы для географии и статистики России: Виленская губерния. / А. Корева. – СПб.: Типография Иосафата Огризко, 1861. – 817 с.; Бобровский, П. Материалы для географии и статистики России: Гродненская губерния / П. Бобровский. – СПб.: В типографии генерального штаба, 1863. – 268 с.; Зеленский, И. Материалы для географии и статистики России: Минская губерния / И. Зеленский – СПб.: Военная типография, 1864. – 673 с.

38. НГАБ. – Фонд 142. – Воп. 1. – Спр. 659. – Л. 2.

39. ПСЗ. – Т. 22. – Ст. 358.

40. ПСЗ. – Т. 2. – Ст. 43183; Т. 24. – Ст. 17788.

41. НГАБ. – Фонд 2780. – Воп. 1. – Спр. 1. – Л. 4.

42. НГАБ. – Фонд 2780. – Воп. 1. – Спр. 1. – Л. 6.

43. НГАБ. – Фонд 2780. – Воп. 1. – Спр. 1. – Л. 1.



44. НГАБ. – Фонд 149. – Воп. 2. – Спр. 71. – Л. 11.



1 Бобровский, П. Указ. тв. – Т. 2. – С. 1819; Зеленский, И. Указ тв. – Т. 1. – С. 591; Корева, А. Указ. тв. – С. 731; Белоруссия в эпоху феодализма: сб. документов и материалов: в 3 т. – Минск: Изд-во Акад. наук БССР, 1961. – Т. 3. – С. 521–546; Рындзюнский, П. Указ. ТВ. – С. 307; РДГА. – Фонд 1281. – Воп. 6. – Спр. 44. – Л. 70–71; Фонд 1286. – Воп. 4. – Спр. 28. – Л. 161; Фонд 1350. – Воп. 312. – Спр. 51. – Л. 2, 55, 60, 384–385; Спр. 89. – Л. 1–81, 126–532; Спр. 90. – Л. 12–157; Спр. 95. – Л. 193–273; Спр. 96. – Л. 320–349; Спр. 97. – Л. 375; Фонд 1409. – Воп. 2. – Спр. 6155. – Л. 1, 1 адв.; Спр. 6152. – Л. 3; НГАБ. – Фонд 295. – Воп. 1. – Спр. 5. – Л. 3; Спр. 74. – Л. 26–44; Фонд 1430. – Воп. 1. – Спр. 561. – Л. 5; Спр. 422. – Л. 134; Спр. 826. – Л. 13 адв., 38 адв.; Спр. 1320. – Л. 13–14, 206; Спр. 1445. – Л. 172–173; Спр. 1684. – Л. 214; Спр. 3965. – Л. 4 адв.; Спр. 4119. – Л. 6–51, 74, 309 адв.; Спр. 6756. – Л. 1792, 1864, 1996, 2069; Спр. 7023. – Л. 77; Спр. 7895. – Л. 34–36; Спр. 7966. – Л. 1; Спр. 9452. – Л. 59.



База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка