Саўко Святлана




Дата канвертавання01.04.2019
Памер145.34 Kb.
Навучальны гурток як спосаб падтрымкі педагогаў, якія выкарыстоўваюць метады актыўнага навучання.

Саўко Святлана


педагог-псіхолаг гімназіі г.Белаазёрска
«Но вновь найти смысл в знании необходимо

как для учеников, так и для учителей,

для которых образование все так же

требовательно. А это позволило бы им самим

конструировать концептуальную проблематику,

которую они будут применять в деле

и смогут затронуть каждого обучающегося».

Одетт Бассис.
Сёння настаўнік мае вялікую колькасць розных крыніцаў інфармацыі для прафесійнага і асабістага росту – гэта літаратура, прадметныя часопісы, курсы падвышэння кваліфікацыі, семінары, трэнінгі. Аднак сярод гэтай разнастайнасці найбольш эфектыўнымі, паводле водгукаў шматлікіх маіх калег, ёсць семінары-трэнінгі па актыўных метадах навучання. Колькасць педагогаў, якія прайшлі праз семінары такога кшталту даволі вялікая, яшчэ больш тых, хто штосьці чуў, чытаў і зацікавіўся гэтымі метадамі.

Але, на мой погляд, калі справа даходзіць да практычнага выкарыстання стратэгіі актыўнага навучання, шмат у каго ўзнікаюць праблемы, з якімі самастойна справіцца даволі цяжка. Пра гэта ідзе гаворка і ў кнізе “Навучаем інакш. Стратэгія актыўнага навучання”. Аўтары сцвярждаюць: “Педагогі, якія выкарыстоўвалі ў сваёй дзейнасці метады актыўнага навучання, з аднаго боку, фіксуюць, што актыўнае навучанне дазваляе змяніць адукацыйны працэс, рухацца да тых мэтаў, якія з’яўляюцца недасягальнымі пры традыцыйным навучанні. З іншага боку, яны падкрэсліваюць шэраг праблемаў, вырашэнне якіх патрабуе арганізацыі рознанакіраванага руху: працяг тэарэтычнай распрацоўкі ідэі актыўнага навучання; стварэнне нейкай “сервіснай” службы, якая дапамагала б, аптымізавала працэс выкарыстання адпаведных метадаў; намаганні па стварэнні супольнасці, якая падтрымлівае педагогаў у іх інавацыйным руху і стварала ўмовы для з’яўлення ў педагогаў асабістых метадычных і тэарэтычных ідэяў” ( 3, с. 154 ).

Акрамя таго, выказваюцца меркаванні, што актыўныя метады патрабуюць надта шмат часу на падрыхтоўку, узнікаюць праблемы з ацэньваннем вучняў, і, самае галоўнае, новая форма працы вымагае асабістых зменаў у свядомасці настаўніка, развіцця навыкаў рэфлексіі і крытычнасці ў стаўленні да сябе - такім чынам, у некаторай ступені можна казаць пра неабходнасць разбурэння стэрэатыпаў, да чаго шмат хто не гатовы.

Таму часта ў педагогаў “апускаюцца рукі”, і ўзнікае спакуса вярнуцца на накатаную сцяжынку традыцыйнага навучання. Аднак трэба падкрэсліць, што “актыўнае навучаннне не можа быць эпізадычным: сёння педагог выкарыстоўвае метады актыўнага навучання, а заўтра зноўку вяртаецца да традыцыйнай сістэмы арганізацый адукацыйнага працэсу. Гэты працэс непарыўны, які паступова змяняе ўсю дзейнасць суб’ектаў навучальнага працэсу.” ( 3, с. 21 )

Такім чынам, сцвярджэнне таго, што настаўніку, які пачаў выкарыстоўваць актыўныя метады, неабходная падтрымка, відавочна. Аналіз выказванняў педагогаў на OPEN SPASE семінара “Актыўнае навучанне: ад досведу да будучынi” дазволіў вылучыць некалькі аспектаў гэтай праблемы. Па-першае, неабходная маральная, псіхалагічная падтрымка адзінадумцаў, калег, адміністрацыі навучальнай установы. Па-другое – інфармацыйна-метадычная, бо літаратуры на гэтую тэматыку ўсё ж не так шмат, акрамя таго неабходныя кансультацыі спецыялістаў, трэнераў. Па-трэцяе, тэхнічная і матэрыяльная дапамога: перш за ўсё тут маецца на ўвазе магчымасць карыстання кампутарам, капіявальнай тэхнікай. Па-чацвёртае – каардынацыйная падтрымка, бо, сапраўды, вельмі цікава даведацца, як атрымліваецца ў іншых, а такая інфармацыя дае глебу для аналізу і параўнання.

Якім чынам ўсё гэта можна ажыццявіць у рамках канкрэтнай адукацыйнай установы? Варыянтаў шмат. Гэта можа быць і метадычнае аб’яднанне прадметнікаў, і творчая група, і настаўніцкі клуб, а таксама навучальны гурток, на якім я хачу спыніцца больш падрабязна.

Навучальны гурток – адзін са спосабаў самаадукацыі дарослых, які вельмі папулярны ў Скандынаўскіх краінах, дзе гісторыя нефармальнай адукацыі налічвае больш за 150 год. Тры чвэрці насельніцтва Швецыі бралі або бяруць удзел у навучальных гуртках, сотні тысячаў маюць досвед іх правядзення, таму можна сказаць, што навучальныя гурткі сталі характэрнай асаблівасцю шведскага ладу жыцця.

"Класічны шведскі навучальны гурток уяўляе сабой невялікую групу людзей, якія сістэматычна сустракаюцца для правядзення сумесных заняткаў па пэўным прадмеце або праблематыцы. У адрозненне ад традыцыйнай, іерархічнай мадэлі, у якой веды распаўсюджваюцца зверху ўніз, навучальны гурток заснаваны на групавой самаадукацыі, на абмене між сябрамі групы асабістым досведам і ведамі. Таму іх называюць не вучнямі, а ўдзельнікамі, адзін з якіх з'яўляецца каардынатарам і адміністратарам. Яго называюць лідэрам гуртка. Пры неабходнасці запрашаецца спецыяліст або госць гуртка". (2, с. 7)

Дзеля эфектыўнай працы гуртка неабходна прытрымлівацца наступных прынцыпаў:


  • дабраахвотнасць удзелу;

  • роўнасць удзельнікаў і адсутнасць традыцыйнай іерархіі “выкладчык – вучні”;

  • нефармальная і дабразычлівая атмасфера;

  • мэта вызначаецца ўдзельнікамі гуртка і мусіць улічваць іх жаданні і патрабаванні;

  • супрацоўніцтва ў дасягненні пастаўленых агульных мэтаў, а таксама адказнасць кожнага ўдзельніка;

  • актыўная пазіцыя ўдзельнікаў, якая спрыяе асабістаму росту кожнага;

  • наяўнасць навучальных матэрыялаў;

  • навучанне ў гуртку арганізаванае і спланаванае з самага пачатку, тэмы заняткаў ухваленыя або складзеныя ўдзельнікамі гуртка.

Колькасць удзельнікаў гуртка ад 7 да 12 чалавек, уключаючы лідэра, што спрыяе актыўнасці кожнага і дазваляе падтрымліваць дабразычлівую атмасферу. Навучанне адбываецца напрацягу 8-10 сустрэчаў з перыядычнасцю 1 раз на тыдзень. Працягласць заняткаў вызначаюць самі ўдзельнікі, але часцей за ўсё гэта 2-3 гадзіны.

Скончваючы экскурс у гісторыю навучальнага гуртка, можна зрабіць выснову, што дзейнасць у ім заснаваная на “трох кітах”: лідэрах, удзельніках і навучальным матэрыялы. Пры чым “гэтыя тры элементы цесна звязаныя паміж сабой, з адукацыйнай атмасферай і групавымі працэсамі”. (4, с. 202)

Ідэя выкарыстання метада навучальнага гуртка падчас працы з настаўнікамі прыйшла не адразу. Трэба зазначыць, што раней ёй папярэднічалі, а цяпер паралельна існуюць і традыцыйныя метадычныя аб’яднанні, і тэарэтычныя семінары, і творчыя групы. Кожная з гэтых формаў мае свае плюсы і мінусы, а таксама з’яўляецца досыць эфектыўнай.

Аднак калі ўзгадаць асноўныя прынцыпы навучальнага гуртка і актыўных метадаў навучання, можна знайсці вельмі шмат падабенства.




Навучальны гурток

Метады актыўнага навучання

  1. роўнасць удзельнікаў і адсутнасць традыцыйнай іерархіі “выкладчык – вучні”;

  2. нефармальная і дабразычлівая атмасфера;

  3. наяўнасць навучальнага матэрыяла, тэмы заняткаў ухваленыя або складзеныя сябрамі гуртка;

  4. супрацоўніцтва ў дасягненні пастаўленых агульных мэтаў, а таксама адказнасць кожнага з удзельнікаў;

  5. актыўная пазіцыя ўдзельнікаў

  1. суб’ект-суб’ектавыя стасункі педагога і вучняў (парытэтнасць);



  1. шматбаковая камунікацыя;




  1. канструяванне ведаў навучэнцамі;


  1. выкарыстанне самаацэнкі і зваротнай сувязі;



  1. актыўнасць навучэнцаў




Зыходзячы з усяго вышэйсказанага, можна зрабіць выснову, што навучальны гурток – гэта менавіта тая форма работы, якая дазваляе падтрымліваць педагогаў. Адбываецца гэта таму, што яна не так фармалізаваная, як метадычныя аб’яднанні і іншыя традыцыйныя формы навучання, больш дэмакратычная і спрыяе праяве актыўнасці і творчасці кожнага ўдзельніка (тым больш гэта важна, калі гаворка ідзе аб вывучэнні актыўных метадаў). Менавіта ў навучальным гуртку "можна прывесці ўдзельнікаў да аднастайнасці ў нейкім пытанні або ўздзейнічаць на іх інтэлектуальна, сумесна знайсці развязанне агульнай праблемы або ўмацаваць іх веру ў сябе і падвысіць іх здольнасць паведамляць і прымаць новую інфармацыю" (4, с. 200)

Статыстычныя даследаванні паказваюць, што 50% удзельнікаў прыходзяць у гурткі па сацыяльных прычынах, гэта значыць, што для іх зносіны, узаемадзеянне, сустрэча з новымі людзьмі з'яўляюцца больш важнымі, чым пазнавальныя матывы. А калі прыпомніць, што, паводле меркавання настаўнікаў, больш за ўсё ім патрэбная маральна-псіхалагічная падтрымка, то атрымліваецца, што гурток цалкам можа "узяць на сябе" гэтую функцыю.

Каб падмацаваць свае словы, я звярнуся да выказванняў удзельнікаў гуртка "Актыўныя метады навучання":

- "Для мяне каштоўныя заняткі і зместам і стасункамі з удзельнікамі. Адчуваю сябе больш упэўненай не толькі ў прафесійным плане, але і ў жыцці".

- "Я адпачыла – раз! Даведалася нешта новае – два! Убачыла калегаў такімі разняволенымі – тры! І гэта выдатна!"

- "Зносіны, адпачынак, разрадка, магчымасць даведацца шмат новага – гэта выдатны вынік. Я задаволеная".

- "Пошукі новага – гэта заўсёды цікава і карысна. Знайшла вырашэнне шматлікіх праблем, даведалася шмат новага".

- "Заняткі дзейсныя, таму добра запамінаюцца, а спрыяе гэтаму зычлівая атмасфера".

- "З нецярплівасцю чакаю наступных заняткаў, сёе-тое ўжо ўжываю на практыцы".

- "Вельмi спадабалася добрая атмасфера ўзаемiнаў. Акрамя гэтага, заняткi прымушаюць "варушыць звiлiнамi".

- "Заняткі праводзяцца цікава, шмат гульнёвых момантаў. Вельмі падабаецца, што раздаецца тэарэтычны матэрыял, а таксама імпануе зычлівая атмасфера".

Большасць удзельнікаў вельмі станоўча ацанілі такі кампанент навучальнага гуртка, як навучальны матэрыял. У заключнай анкеце яны выкарысталі наступныя характарыстыкі: цікавы, якасны, зразумелы. Наогул роля навучальнага матэрыяла ў гуртку вельмі вялікая. Дзякуючы яму настаўнікі папаўняюць сваю "метадычную скарбонку", да якой змогуць звярнуцца ў любы момант. Акрамя таго, навучальны матэрыял спрыяе ўводзінам у новую тэму ў пачатку занятку, стварае ўмовы для дыскусіі, аналізу, дапамагае яскрава, запамінальна скончыць тэму.

Для ілюстрацыі можна прывесці такі факт. Адказваючы на пытанне ў сярэдзіне працы гуртка (прамежкавая зваротная сувязь): "Што б я захаваў\ла ў працы гуртка?", прыкладна 40% адказалі, што раздаткавы матэрыял, нагляднасць, яшчэ 40% выказаліся, што захавалі б усё. Акрамя гэтага, выказваліся пажаданні захаваць зычлівую атмасферу, калектыў і спосаб зносінаў, метады працы, дабразычлівасць лідэра, гульнёвыя моманты, тэмп працы.

На гэтым этапе работы ўдзельнікам быў зададзенае яшчэ адно пытанне: "Што б я змяніў/ла ў працы гуртка?" І вось якія адказы былі атрыманыя (разам у гуртку ўдзельнічала 12 чалавек):

- "Можна паскорыць тэмп", "больш інтэнсіўна можна працаваць", "праца павінна быць больш канкрэтнай і дакладнай" (3 чалавекі);

- "Вызначыць больш цяжкія віды працы" (1);

- "Неабходна змяніць свой удзел" (1);

- "Вынесці адзін занятак у нестандартнае становішча" (1);

- "Нічога змяняць не трэба", "усё пакінуць так як ёсць" (6 чалавек).

Самымі шматлікімі паводле колькасці выказванняў аказаліся першая і апошняя групы, і гэтаму ёсць сваё тлумачэнне. Толькі адна з характарыстык дзейнасці групы – тэмп работы – сталася тым момантам, які адныя хочуць захаваць, а іншыя – змяніць. Усе тры ўдзельнікі гуртка, якія лічаць, што тэмп работы неабходна паскорыць, удзельнічалі ў семінарах-трэнінгах па актыўных метадах, маюць некаторыя веды і досвед іх выкарыстання ў практычнай дзейнасці. А адказ "нічога змяняць не трэба" ў асноўным далі тыя ўдзельнікі, якія ўпершыню пазнаёміліся са стратэгіяй актыўнага навучання. Гэта азначае, што ўзнікае праблема ўзаемадзеяння ўдзельнікаў гуртка з розным досведам:

- тыя, хто нічога не ведае аб актыўных метадах;

- тыя, хто чуў, чытаў аб іх, але на практыцы не ўжывае;

- тыя, хто выкарыстоўвае стратэгію актыўнага навучання.

На першы погляд развязанне гэтай праблемы вельмі простае – неабходна ствараць групу, зыходзячы з досведу ўдзельнікаў. Аднак мне больш падабаецца той варыянт, які атрымаўся на практыцы, бо, нягледзячы на некаторыя мінусы, плюсаў у яго значна больш. Перш за ўсё, у такой групе можна падзяліцца сваім досведам і ведамі з іншымі, - гэта значыць, што ўдзельнікі атрымліваюць інфармацыю не толькі ад лідэра, але і ад іншых удзельнікаў. Настаўнікі, якія маюць досвед працы, могуць дапамагчы ў правядзенні некаторых заняткаў, гульняў, падрыхтоўцы навучальных матэрыялаў. Такім чынам, "агульныя веды групы перавышаюць веды кожнага з удзельнікаў" (4, с. 204), а гэта адна з галоўных умоў эфектыўнай працы.

Яшчэ адзін важны момант, на які варта звярнуць увагу пры фармаванні групы. Тут магчымыя два падыходы: арганізацыя "зборных" групаў, у якіх удзельнічаюць педагогі з розных установаў, або набор удзельнікаў з аднаго калектыву. На мой погляд, другі варыянт пераважае "ў плане ўстойлівасці вынікаў работы, падвышэння эфектыўнасці наступнай сумеснай працы ўдзельнікаў і ўкаранення інавацыйных тэхналогіяў" (1, с. 216). Бо калі ў рабоце ўдзельнічала група педагогаў адной установы, "то яна ўжо можа стаць у сваім калектыве своеасаблівым ядром, якое ініцыюе новаўвядзенні, арыентаваным на працу ў гуманістычнай парадыгме, здольным кардынальна змяніць становішча ў арганізацыі" (1, с. 216).

Даследаванні на радзіме навучальных гурткоў у Швецыі паказваюць, што большасць удзельнікаў вяртаюцца ў новыя навучальныя гурткі. Гэтую тэндэнцыю можна адзначыць з удзельнікамі гуртка "Актыўныя метады навучання". Амаль усе гаварылі аб сваёй ахвоце працягнуць працу, як у гэтым кірунку, так і ў новай тэматыцы. Пачатак пакладзены, і не дарма Лукіян калісьці сказаў: "Пачатак – палова ўсяго".

Літаратура


  1. Вачков И.В. Групповые методы в работе школьного психолога: Учебно-методическое пособие. –М.: «Ось-89», 2002.

  2. Навучальны гурток: ад тэорыi да практыкi. Метадычны дапаможнiк.

  3. Обучаем иначе. Стратегия активного обучения/ Е. Григальчик, Д. Губаревич, И. Губаревич, С. Петрусев. –Мн., 2003.

Дадатак 1
План

працы гуртка "Актыўныя метады навучання"
Мэта: спрыяць асабоваму і прафесійнаму росту настаўнікаў.

Задачы:

  • развіваць сумеснымі высілкамі ўяўленне настаўнікаў аб магчымых формах урока;

  • навучыць педагогаў метадам навучання, якія падвышаюць цікавасць і актыўнасць вучняў на ўроку;

  • развіваць здольнасці да рэфлексіі ўласнага досведу работы ў педагогаў.

  • Перыядычнасць сустрэчаў: 1 раз у тыдзень (сакавік – красавік)



Тэматычнае планаванне




Тэма заняткаў

Кольк. гадз.

1.

2.

3.


4.

5.

6.


7.

8.
9.



Работа над навучальным планам.

Стылі набыцця ведаў.

Формы арганізацыі камунікацыі. Метады стварэння спрыяльнай атмасферы ў групе.

Метады групавой работы і спецыфіка іх выкарыстання.

Кааператыўнае навучанне.

Метад інтэрактыўнай гульні і ўмовы яго эфектыўнага выкарыстання.

Метады актывізацыі навучання ў працэсе лекцыі.

Механізм выбару метадаў актыўнага навучання. Метады атрымання зваротнай сувязі.

Ацэнка працы, абмеркаванне планаў на будучыню. Свята.


2

2

2


4

2

2


2

2
2






Разам:

20 гадз.


Дадатак 2

Планы заняткаў


Занятак 1

Складанне навучальнага плана гуртка
Пачатак – палова ўсяго.

Лукіян


Задачы: вызначыць чаканні ўдзельнікаў, выявіць правілы працы ў групе.

Змест занятка:

1. Метад "Візітоўка".

2. Метад "Мэтаплан". Кожны ўдзельнік адказаў на наступныя пытанні:


  • Назавіце самае важнае, што вы хочаце даведацца пра прадмет навучання.

  • Што вам неабходна зрабіць, каб дапамагчы сабе дасягнуць гэтай мэты?

  • Чаго вы чакаеце ад іншых сяброў групы для дасягнення сваёй мэты?

3. Выпрацоўка групавых нормаў.

3. Гульня "Дакрануцца да ..."




Занятак 2

Стылі набыцця ведаў.

Праўда павінна быць перажытая, а не выкладзеная.

Чжуан-цзы
Задачы: вывучыць стылі набыцця ведаў паводле Колба, вызначыць стыль набыцця ведаў кожнага ўдзельніка групы.

Змест занятка:

1. Метад "Дрэва" (індывідуальна для кожнага ўдзельніка).

2. Апытальнік "Стылі набыцця ведаў".

3. Абмеркаванне вынікаў дыягностыкі.

4. Тэорыя аб цыкле навучання з дапамогай досведу.

5. Гульня "Вецер дзьме на ..."

Занятак 3


Формы арганізацыі камунікацыі.

Метады стварэння зычлівай атмасферы ў групе.
Тысячы шляхоў вядуць да аблуды, да праўды толькі адзін.

Ж.-Ж. Руссо


Задачы: вывучыць арганізацыю працэса камунікацыі з пазіцыі стратэгіі актыўнага навучання, феномены ў дзейнасці групы; пазнаёміцца з айсбрэйкерамі – метадамі стварэння зычлівай атмасферы ў групе.

Змест занятка:

1. Метад "Дрэва" (агульнае для ўсіх).

2. Мадэль шматбаковай камунікацыі.

3. Феномены ў дзейнасці групы.

4. Метад "Адшукай каго-небудзь".

5. Метад "4 куты".

6. Гульня "Сонейка".




Занятак 4


Метады групавой працы і спецыфіка іх выкарыстання.
Чалавек, які жадае перацягнуць гору, пачынае з таго, што пераносіць дробныя камяні.

Кітайская прымаўка


Задачы: пазнаёміцца з правіламі групавой працы; вывучыць метады групавой працы падчас работы з тэкстам.

Змест занятка:

1. Метад "Графік тэмператураў".

2. Інтэрактыўная гульня "Разбітыя квадраты".

3. Метад "Мазаіка". Тэкст "Аб сіндроме прафесійнага выгарання" і тэхніцы бяспекі ў працы педагогаў і іншых спецыялістаў сацыяльнай сферы".

4. Гульня "Піп".

5. Складанне спісу метадаў.

6. Гульня "Пабудавацца па ..."




Занятак 5


Кааператыўнае навучанне.
Скажы мне, я забуду. Пакажы мне, я запомню.

Дазволь мне зрабіць гэта і гэта стане маім назаўсёды.

Кітайская прымаўка
Задачы: пазнаёміцца з асноўнымі прынцыпамі кааператыўнага навучання; вывучыць аспекты эфектыўнага выкарыстання метадаў групавой працы; вызначыць уласную ролю ў групе.

Змест занятка:

1. Метад "Тэрмометр".

2. Прамежкавая зваротная сувязь. Пытанні:

- Ці спраўдзіліся вашыя чаканні ад працы гуртка? У чым гэта выказвалася?

- Што б я захаваў у працы? Чаму?

- Што б я змяніў у працы семінара? Чаму?

3. Метад "1+2+4"

4. Гульня "Заапарк".

5. Тэст "Вызначэнне ролі ў групе".

6. Абмеркаванне вынікаў тэставання.

Занятак 6

Метад інтэрактыўнай гульні і ўмовы яго эфектыўнага выкарыстання.

Хто жадае, а не дзейнічае, той пладзіць чуму.

В. Брэйк
Задачы: вызначыць адрозненне інтэрактыўнай гульні ад іншых актыўных метадаў, вывучыць перавагі, недахопы і пытанні, якія ўзнікаюць з прычыны выкарыстання гэтага метаду.

Змест занятку:

1. Аналіз зваротнай сувязі.

2. Адзнака навучальных матэрыялаў.

3. Інтэрактыўная гульня "14 прадметаў".

4. Гульня "Сям'я Маер".

5. Крыжаваныя групы 3+4/4+3. Неабходна скончыць сказ: "Інтэрактыўная гульня – гэта..."

6. Гульня "Жыхары. Хаткі. Землятрус."


Занятак 7


Метады актывізацыі навучання ў працэсе лекцыі.
Хочаш быць разумным, навучыся разумна пытацца,

уважліва слухаць і перастаць казаць, калі больш няма чаго сказаць.


І. Ляфатэр



Задачы: вывучыць метады, якія падвышаюць выніковасць лекцыі і якія дазваляюць актывізаваць навучэнцаў.

Змест занятка:

1. Піраміда запамінання.

2. Метад лекцыі з даведнікам. Тэма: "Механізмы міжасобаснага ўспрымання".

3. Метад лекцыі з працэдурай паўзаў.

4. Метад лекцыі з візуалізацыяй.

Занятак 8


Механізм выбора методаў актыўнага навучання.

Метады атрымання зваротнай сувязі.
Пакуль мы дыхаем,

мы можам дзейнічаць творча

і змяняць сусвет.

Н. Энкельман


Задачы: прааналізаваць магчымасці выкарыстання актыўных метадаў на розных этапах урока, у розных відах дзейнасці; вывучыць метады, якія дазваляюць вызначыць эфектыўнасць работы.

Змест занятка:

1. Гульня "Іпадром".

2. Пісьмовыя дэбаты "Плюсы і мінусы актыўных метадаў навучання".

3. Метад "Маўклівае галасаванне"

4. Метад "Крок наперад".

5. Метад "Яблыня"

6. Гульня "Тры крэслы".

Занятак 9


Ацэнка працы, абмеркаванне планаў на будучыню.Свята.
Толькі адукаваныя свабодныя.

Сайрус
Задачы: падвесці вынікі працы гуртка.



Змест занятка:

1. Наведванне рэстарацыі.



2. Анкетаванне ўдзельнікаў.

Падвядзенне вынікаў працы. Узнагароджванне.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка