Сарока-белабока, дзеткам кашу варыла




Дата канвертавання11.12.2017
Памер59.53 Kb.
Дзе дзеліся сарокі?
“Сарока-белабока, дзеткам кашу варыла”. Гэтую пацешку слухаюць дзеткі з самага маленства. І ўжо ў годзік, паўтара, калі маці свайму дзіцятку пяе гэтую пацешку, паказваючы пальцам, каму гэтую кашку даць; дзіцятка і само, яшчэ не навучыўшыся размаўляць, пачынае сваімі пальчыкамі паўтараць паказы сваёй маці ці бабулі.

З самай даўніны птушка сарока была ў казках, на малюнках дзіцячых кніжак.

Маё дзяцінства і сталыя годы да самай пенсіі, праходзілі на самым поўдні Беларусі, ў міжрэччы Дняпра і Прыпяці.

Да асушэння балот наша Палессе было цудоўным краем з багатым раслінным і жывёльным светам. Калыбанскі (назва нашай вёскі) масіў балот, па якім да самай Прыпяці прабіралася рака Брагінка, у веснавы час запаўняўся балотнымі птушкамі, і ўсё тады наваколле напаўнялася птушыным гамам. Акрамя балотных птушак было і шмат сарок, якія любілі разараць птушыныя гнёзды, забіралі з гнёздаў яйкі і малых птушанят.

Сарокі выбіралі для сваіх гнёздаў густыя лазовыя зараснікі, у гушчары якіх на тонкіх галінах рабілі свае гнёзды. Верх гнёздаў закрывалі сухімі галінкамі з бакавой атулінай, а дно залеплівалі глінай. У сарочынае гняздо немагчыма было прабрацца другому звярку ці драпежнай птушцы. Рабілі гнёзды і на верхавінах высокіх дрэў, да якіх цяжка было дабрацца і нам, дзецям-верхалазам.

У 60-я гады, пасля асушэння балот і паўсямеснага карчавання хмызнякоў, месцаў для гнездавання гэтай хітрай птушкі амаль не засталося. Але яны не зніклі з нашай мясцовасці, хаця іх і стала менш. Гнёзды свае сарокі сталі майстраваць на дзікіх грушах, якія засталіся каля вёсак, ці дзе-небудзь на ўзмежках палёў і на лугах.

На зіму сарокі перабіраліся бліжэй да вёсак, дзе для іх было больш пажывы. Асабліва багата сарок можна было назіраць у перадзімовую пору, калі сяляне калолі кабаноў, рэзалі авечак і другую жывёлу.

Смаліш кабана кулявой саломай (цяпер ужо смаляць газавай гарэлкай ці паяльнай лампай, і шкурка робіцца непрыгоднай для ежы), а сарокі ўжо зляцеліся да твайго двара, сядзяць на дрэвах, чакаюць пажывы.

Паедзеш у лес па дровы і абавязкова пачуеш стракатанне сарокі. Яна апавяшчае лясных жыхароў, што ў лесе паявілася небяспека.

Не ведаю, ці па ўсёй Беларусі так багата вадзіліся сарокі, як на нашым Палессі.

Знікла гэтая птушка з нашых мясцін пасля пабудовы Чарнобыльскай АЭС. Асабліва гэта стала заметна пасля 1972-га года, калі пачаў працаваць першы блок ЧАЭС.

Напасля мы даведаліся, што з яго адбыўся выхлап радыяктыўных рэчываў. У тым годзе каля вёскі Капачы, у 8 км ад ЧАЭС, ноччу ваенныя скасілі некалькі гектараў жыта, кудысьці яго звезлі і закапалі, а поле перааралі глыбокімі балотнымі плугамі. Старшыні калгаса сказалі, каб ён растлумачыў калгаснікам, што, маўляў, гэтую зямлю забралі пад будаўніцтва высокавольтнай лініі, але высокавольтная прайшла па другому месцу.

Пасля гэтага ў нашых садах не стала вішань. Вясной дрэўцы квітнеюць, вачэй не адвесці ад такой прыгажосці. Радуемся. Вось будзе ў нас і вішнёвая наліўка, і вішнёвае варэнне.

Але адцвітуць нашыя вішанькі, пакрыюць бялюткімі пялёсткамі зямлю быццам бы снегам, а завязі няма. Чаму? Ніхто не ведаў. Замаразку ў час квітнення не было і маланкі таксама, якой вельмі баяцца гэтыя дрэўцы, а плады не завязаліся.

Я думаў, што сарокі зніклі толькі з нашай мясцовасці, аля пасля Чарнобыльскай катастрофы мне прыйшлося 15 гадоў жыць у Кастрычніцкім раёне Гомельскай вобласці. Гэта лясны і балотны раён. Але і там мне за ўсе гэтыя гады не давялося бачыць сарок.

Вось ужо 8 гадоў жыву ў Гродненскім р-не, таксама ў лясной мясцовасці, паміж вялікімі сёламі Азерамі і Парэччам, і тут, ні ў лясах, ні каля вёсак, ні ў горадзе птушку сароку ніразу не бачыў.

Недзе я прачытаў аб тым, што пасля выпрабавання тэрмаядэрнай бомбы ў 1954 годзе ў Казахстане з гэтай краіны зніклі сарокі. Казахстан па тэрыторыі вялізарная краіна, а сарок нідзе няма. Хоць ты завозь іх, як кітайцы завозілі вераб’ёў.

Некаторыя арнітолагі пішуць, што птушка сарока вельмі адчувальная да радыяцыйнага забруджвання мясцовасці. Могуць адчуваць самыя малыя дозы радыяктыўнасці, якія нават не паказваюць дасканалыя дазіметры.

А ў вадзе такой уласцівасцю валодаюць ракі. Невыпадкова, калі стварылі штучнае водасховішча каля Чарнобыльскай АЭС, то па расказах рыбакоў, туды запусцілі ракаў. І калі рыбакі заўважалі, што ракі масава выпаўзаюць на берагі водасховішча – пераставалі лавіць рыбу з гэтага водасховішча. Яны ведалі, што вада забруджана радыяцыяй.

З сваіх назіранняў я зрабіў вывад: наша Беларусь да сіх пор забруджана радыяцыяй, і сарокі пакідаюць яе. А там, дзе яшчэ сарокі жывуць, няхай людзі радуюцца.

Гледзячы на карту радыяцыйнай абстаноўкі на тэрыторыі Беларусі па становішчу 2001 г. даведаўся: па цэзію-137 тэрыторыя Гомельскай вобласці не ачысціцца да 2046 года, не гаворачы аб другіх доўгажывучых радыяцыйных элементах.

Хочацца спытаць беларускіх вучоных-атамшчыкаў і самога Прэзідэнта Беларусі, чаму ім так хочацца пабудаваць АЭС у Астравецкім раёне Гродненскай вобласці. Галоўная іх аргументацыя ў тым, што АЭС ізбавіць Беларусь ад энергетычнай залежнасці, што, маўляў, у свеце працуюць болей 400 АЭС і ніякай небяспекі для жыхароў гэтых краін няма, што гэта электраэнергія АЭС самая танная і г.д.

Людзі, не верце гэтым заклікам. Так гаварылі і нам, калі будавалі Чарнобыльскую АЭС. Мы радаваліся, што ажыве наш край, палепшыцца наш дабрабыт, што нашы дзеці атрымлівалі добры заробак на будоўлі ЧАЭС і горада Прыпяць, што атрымалі ў хуткім часе ў ім кватэры, але наша радасць ператварылася ў вялікае гора. Чарнобыль сагнаў нас з родных мясцін, адабраў навек нашы сёлы і вёскі, якія ўжо ніколі не адродзяцца і знікнуць назаўсёды, як знікла Хатынь і сотні вёсак у часы ВАВ, і назвы гэтых вёсак толькі і засталіся на плітах гэтага мемарыялу. Я думаю, што патрэбна будаваць падобны мемарыял і знікшым чарнобыльскім вёскам. А іх таксама сотні, калі не тысячы. Больш малодшыя чарнобыльцы, якія працавалі на забруджаных тэрыторыях, даўно ўжо памерлі ад прамянёвых захворванняў, а мы, 80-гадовыя, яшчэ трымаемся на сваіх кастылях, і сняцца нам сны аб сваіх хатах, садах, палях, рачулках, сцежках, па якіх хадзілі, і ў марах нашых жаданне, як бы пабыць у родных мясцінах і навек пакоіцца там, на сваіх могілках, дзе ляжаць нашыя продкі, блізкія, знаёмыя аднавяскоўцы.

А на конт таннай электраэнергіі, якую дасць АЭС, і Беларусь стане ад яе незалежнай, таксама не верце.

Вялікія грошы патрэбяцца толькі на будоўлю, каля 10 мільярдаў долараў. І зноў, для эксплуатацыі патрэбен абагашчоны уран, а ў нас яго няма, патрэбна будзе купляць у Расіі, як мы цяпер купляем у яе нафту і газ. Для эксплуатацыі двух рэактараў патрэбна не менш 2000 чалавек кваліфікаваных аператараў-атамшчыкаў. А у нас такіх кадраў няма, і рыхтаваць іх у Беларусі некаму. Пасля развалу Саюза такія вучоныя з’ехалі ў другія краіны. Патрэбна такіх спецыялістаў нанімаць і заманіваць на працу з Расіі ці з Украіны. Ніхто з іх не захоча працаваць за 1000 ці 2000 долараў.

Каб не атрымалася так, як на Чарнобыльскай АЭС, дзе дырэктар ЧАЭС Бруханаў і галоўны інжэнер Фамін прыйшлі на гэтыя пасады з ТЭЦ, а цеплавы кацёл – гэта не атамны. Вось яны і далі згоду правесці на Чарнобыльскай АЭС эксперымент, які і прывёў да катастрофы.

А куды дзеваць атамныя адыходы? Самім будаваць дорагакаштуючыя магільнікі ці вазіць у Расію. На гэта таксама патрэбны вялікія выдаткі. Вось і лічыце, якая гэта будзе танная электраэнергія. На закрыццё АЭС таксама патрэбны будуць вялікія сродкі. А АЭС можна эксплуатаваць не больш 20-30 гадоў.

У часы фінансавага крызісу нашы кіраўнікі і так напазычылі мільярдных крэдытаў. Іх патрэбна будзе нашаму народу адпрацаваць. Усё гэта ляжа цяжарам на плечы працоўнага люду і іх дабрабыт не ўздыме.

З пабудовай АЭС Беларусь становіцца ядэрнай дзяржавай. А гэта ўжо палітычныя пытанні, якія могуць пагоршыць адносіны з суседнімі краінамі, асабліва з Літвой, Польшай.

А на конт безапаснасці АЭС, сам Бог перасцярог чалавецтва Чарнобыльскай катастрофай. “Мірны атам” можа пагубіць чалавецтва, як і тэрмаядэрны. І вучоныя многіх краін пачалі працаваць над пошукамі другіх відаў энергіі, больш безапасных для экалогіі і чалавека.

Не лепш бы за тыя сродкі, якія спатрэбяцца для будаўніцтва АЭС, пачаць будаваць ГЭС, ветравыя, скарыстоўваць сонечную энергію, цеплавыя, скарыстоўваючы для іх свае прыродныя рэсурсы: дрэўныя адыходы, газ, выпрацаваны з адыходаў і расліннасці, і г.д.

Вельмі добра, што кіраўніцтва Гродненскай вобласці ўжо знайшло магчымасць для будаўніцтва ГЭС на р. Неман. Яно ўжо пачалося. Такія ГЭС можна пабудаваць і на Дняпры, Прыпяці і на іншых малых рэках. Памятаю, як у 50-я гады ў сельскай мясцовасці працавалі такія малыя ГЭС, забяспечваючы электраэнергіяй калгасы і саўгасы.

Але ж каму-та з нашых кіраўнікоў вельмі хочацца праславіць сваё імя будаўніцтвам АЭС ў Беларусі. Баюся, каб такое праслаўленне не абярнулася для Беларусі другім, ужо Астравецкім, Чарнобылем…

Якім Старахатні, г. Гродна.

9 сакавіка 2009г.

Дарагая рэдакцыя “Народнай волі”, хочацца, каб мае развагі аб будаўніцтве АЭС у Беларусі дайшлі да чытача, выклікалі ў іх праціўленне аванцюрнай ідэе Лукашэнкі пабудаваць АЭС. Людзі, не іспытаўшыя чарнобыльскай эвакуацыі і яе наступстваў, ― абыякавыя да будаўніцтва АЭС, але ж ім пагражае такая ж небяспека, якую прыйшлось перажыць чарнобыльцам… і наогул будучыне нашых унукаў.



З павагай да Вас, за Вашу газету, якая даносіць да нас, простых людзей, праўду аб тым, што адбываецца ў нашай краіне…


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка