Савет Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь Палата Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь




Дата канвертавання03.03.2018
Памер41.6 Kb.


Савет Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь

Палата Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь

Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь

Міністэрства Юстыцыі Рэспублікі Беларусь

Ад Праваабаронча-асветніцкага грамадскага

аб'яднання «Рух «За Свабоду»

вул. Будзённага, 48А, пакой 408, г. Гродна

Зварот


«ПАГА Рух «За Свабоду» заклікае суб’ектаў заканадаўчай ініцыятывы ініцыяваць прымяненне лепшых міжнародных дэмакратычных практык ў сферы правоў грамадзян на мірныя сходы, а менавіта, прывесці Закон «Аб масавых мерапрыемствах» у адпаведнасць з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, якая гарантуе свабоду сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый і пікетавання, якія не парушаюць правапарадак і правы іншых грамадзян Рэспублікі Беларусі. Мы лічым, што варта ад дазвольнага прынцыпу правядзення масавых мерапрыемстваў перайсці да заяўнага.
1. На дадзены момант для правядзення масавага мерапрыемства неабходна падаваць заяўку з просьбай аб дазволу. А менавіта, у адпаведнасці з арт. 5 Закона «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь» (далей – Закону), заява падаецца не пазней за 15 дзён і, па арт. 6 закона, разглядаецца кіраўніком мясцовага выканаўчага органа, адказ ад якога паступае не пазней чым за пяць дзён да мерапрыемства.
ПАГА Рух «За Свабоду» прапануе ўвесці заяўны прынцып апавяшчэння пра правядзенне масавых мерапрыемстваў. У такім выпадку значна спрасціцца арганізацыя мерапрыемства, сама працэдура наблізіцца да еўрапейскіх стандартаў па правядзенню мірных сходаў. У прыватнасці, у Літве законам не дазволена забараняць ці перашкаджаць грамадзянам збірацца на мірныя сходы, гэта права можна абмяжоўвацца толькі ў выпадку неабходнасці абароны дзяржаўнай ці грамадскай бяспекі, парадку, здароўя людзей.
2. У адпаведнасці з арт. 4 Закона, фізічныя асобы могуць выступаць арганізатарам масавага мерапрыемства з абмежаванай колькасцю ўдзельнікаў толькі да 1000 чалавек. Акрамя таго, органы ўлады вольна трактуюць само паняцце «масавага мерапрыемства», калі пад гэтае азначэнне часам падпадаюць святкаванні сямейных святаў.
ПАГА Рух «За Свабоду» прапануе зняць абмежаванні на колькасць удзельнікаў масавых мерапрыемстваў, а таксама перагледзіць паняцце «масавае мерапрыемства», больш канкрэтна прапісаўшы яго ў Законе.
3. У адпаведнасці з арт. 9 Закона, сёння ў шэрагах месцаў у горадзе правядзенне масавых мерапрыемстваў забароненае. У прыватнасці, забаронена правядзенне мерапрыемстваў «на аб'ектах метрапалітэну, чыгункі, воднага і паветранага транспарту», бліжэй чым 200 метраў да рэзідэнцыі прэзідэнта, Нацыянальнага сходу, Савета міністраў, а таксама падземных пераходаў, станцый метро; бліжэй чым за 50 метраў ад рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, дыпламатычных прадстаўніцтваў, судоў, пракуратуры, арганізацый, што забяспечваюць абараназдольнасць, бяспеку дзяржавы і жыццядзейнасць насельніцтва, бліжэй чым 100 метраў ад арганізацый аховы здароўя, не бліжэй чым за 200 метраў ад будынкаў рэдакцый СМІ і г.д.
ПАГА Рух «За Свабоду» прапануе зняць абмежаванні на месцы правядзення масавых мерапрыемстваў. У выпадку, калі пералік забаронаў застанецца, іх прычыны павінны быць дакладна аргументаваныя.
4. У адпаведнасці з арт. 6 Закона, арганізатары масавага мерапрыемства нясуць адказнасць па аплаце «паслуг па ахове грамадскага парадку, якія аказваюцца органамі ўнутраных спраў», «расходаў, звязаных з медабслугоўваннем, прыборкай тэрыторыі пасля знаходжання на ёй масавага мерапрыемства».
Масавыя мерапрыемствы ў Беларусі арганізуюць падаткаплацельшчыкі, якія ў выніку вымушаныя даплачваць бюджэтным структурам за выкананне ўласцівых ім функцый. Сярод іншага, такое патрабаванне абмяжоўвае магчымасці для арганізацыі масавага мерапрыемства грамадзянамі Беларусі.
ПАГА Рух «За Свабоду» прапануе скасаваць гэтую норму, вярнуцца да парадку, калі дзяржава сама гарантавала і забяспечвала прадстаўленне падобных паслуг.
5. Сёння, у адпаведнасці з арт. 3693 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь, арганізатары масавага мерапрыемства нясуць крымінальную адказнасць і могуць быць пакараныя за парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства пазбаўленнем волі да трох год. У тым ліку пад адказнасць трапляюць публічныя заклікі да арганізацыі або правядзення мерапрыемства з парушэннем вызначанага парадку іх арганізацыі, то бок, напрыклад, нельга рабіць публічныя заклікі да атрымання дазволу на мерапрыемства. Такія заклікі таксама караюцца пазбаўленнем волі да трох год.
ПАГА Рух «За Свабоду» прапануе прыбраць крымінальную адказнасць з арганізатараў масавых мерапрыемстваў.
У адпаведнасці з ратыфікаваным Беларуссю арт. 21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах за кожным чалавекам прызнаецца права на мірныя сходы і падкрэслена: «Карыстанне гэтым правам не павінна быць абмежаванае, акрамя тых выпадкаў, якія накладаюцца па законе і якія неабходныя ў дэмакратычным грамадстве для дзяржаўнай і грамадскай бяспекі, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва ці абароны правоў і свабодаў іншых асобаў». Ніякія з прыведзеных вышэй абмежаванняў, па меркаванню ПАГА Рух «За Свабоду», да такіх абгрунтаванняў не належаць.
ПАГА Рух «За Свабоду» прапануе прызнаць прапанаваныя папраўкі вернымі і распачаць заканадаўчую ініцыятыву па ўнясенні паправак у Закон «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь».

У адпаведнасці з арт. 17 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў» просім адказаць пісьмова ў вызначаны законам тэрмін.

Ю.І. Губарэвіч
Першы намеснік старшыні

ПАГА “Рух „За Свабоду“





База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка