Сцэнарый свята Юр'я Гучыць свісцёлка




Дата канвертавання17.02.2017
Памер28.94 Kb.
Сцэнарый свята Юр'я

Гучыць свісцёлка.

Знахарка: Сябры, мы сёння сабраліся на свята Юр'я. То можа скажаце, што гэта за свята такое?

1. Гэта свята першага выгану кароў у поле.

2. А святы Юр'я - гэта бог, што сёння ў белым адзенні на белым кані праязджае па нівах - і ўсё пачынае расці-зелянець.

3. Юр'я адмыкае зямлю пасля зімняй спячкі, выпускае расу, якая вельмі карысная для глебы і травы.

На кані пад'язджае Юр'я.

Знахарка ўсім: А вось і наш Юр'я пад'ехаў!

Святы Юр'я, дзе ж ты бываў?

Юр'я: Па палях хадзіў, жыта радзіў,

Жыта-пшаніцу, усякую пашніцу.

Знахарка: Давайце прывітаем нашага Юр'ю песняй.



Песня "Юр'я, устань рана"

Знахарка: А што рабіць трэба на Юр'ю?

4. У гэты дзень гаспадыні першы раз пасля доўгай зімы выганяюць кароў у поле. Пры гэтым яны выконваюць магічны абрад.

Знахарка: Так.

5. На выгане моладзь паліць вогнішча, на якім пякуць абрадавую страву - яечню.

6. У полі трэба прынесці ахвяру зямлі, а яшчэ спяваць юраўскія і вясновыя песні, гуляць у любоўныя гульні, карагоды вадзіць.

Знахарка: Усё вы ведаеце! А зараз мы спяваючы накіроўваемся да выгану. А па дарозе паглядзім, як выганяюць карову.

У двары

Гаспадыня выганяе карову ў поле, пры гэтым выконвае магічны абрад. Яна качае па спіне каровы свянцоным велікодным яйкам і гаворыць:

Выганяю я сваю кароўку

На шырокую вуліцу,

На шаўковую травіцу,

У глыбокую крыніцу,

Па светлу вадзіцу.

Шаўковай травіцы наядайся,

У глыбокай крыніцы напівайся,

Карысці набірайся,

Сурокаў не пужайся,

Ведзьме не паддавайся.

Пасля гэтага гаспадыня выганяе карову, пасцёбваючы асвечанымі на Вербніцу галінкамі вярбы.

На выгане

Абрад ахвяравання зямлі.

Усе становяцца ў кола. Адна з дзяўчат трымае каравай. Другая закопвае рэшткі ежы з велікоднага стала ў зямлю - каб быў добры ўраджай і не расло пустазелле - , потым чытаюць малітву "Ойча наш".



Песня "Вол бушуе"

Пасля гэтага каравай ставяць у рунь. Калі ён схаваецца ў жыце - значыць хлеб у гэтым годзе добра ўродзіць. Асвячоную вербачку ўторкваюць у зямлю - каб абараніць ніву ад граду.



Песні:

"Падай Юр'ю да(й) ключы з неба", "У чыстым полі пад яваром".



Карагоды:

"Мядуніца", "Харашо вясной".

Удзельнікі абрада частуюцца яечняй, якую спяклі на вогнішчы.

Знахарка: У мяне тут цукеркі ёсць, але ўсім не хопіць. Можа хто ведае якія прыкметы, звязаныя з Юр'ем?

1. Трэба, каб да Юр'я было сена і ў дурня.

2. На Юр'я наесца вол травіцы.

3. Юр'я без снегу і дажджу - будзе неўрадлівы год.

4. Як на Юр'я раса - хопіць коням аўса.

5. На Юр'я дождж - скаціне лёгкі год, а на грэчку недарод.

6. Калі на Юр'я мароз - то будуць добрыя проса і авёс.

7. Ад Юр'я пачынае куваць зязюля.

Пасля пачастунку працягваюцца песні, карагоды, гульні, танцы..



Песні:

"Даўно, даўно тое было"ці Балада пра Юр'я","Чырвоная вішня", "Ой сівы конь бяжыць".



Карагоды:

"Ой у полі, у полі пава летала", "Ой у полі, у полі дый на раздоллі", "За рэчкаю за ракой".


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка